12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксандр Лукашук

_____________________
"Лісты цяпер для мяне манна нябесная..."
Перапіска Васіля Быкава з дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода

Мой адрас на канвертах Быкаў пісаў на чатырох мовах адразу. Назву сталіцы Чэхіі – па-ангельску, “Prague”, назву вуліцы – па-нямецку, “Winogradska“, назву ўстановы – лацінкай, “Radio Liberti”, маё прозьвішча – па-чэску, “Lukaљuk”. Старанна выпісаныя разборлівыя літары меліся палегчыць працу еўрапейскіх паштароў і, са­праўды, ягоныя лісты, ня­гледзячы на полілінгвізм, заўсёды знаходзілі адрасата.
Нашая перапіска пачалася летам 1998 году пасьля ад’езду Васіля Уладзіміравіча і Ірыны Міхайлаўны ў Фінляндыю. Ужо пяць гадоў перад тым я жыў за мяжой, спачатку ў Мюнхене, пасьля ў Празе, і рэгулярна пасылаў В.У. і І.М. калядныя віншаваньні, паштоўкі да дня нара­джэньня, мы гаварылі па тэлефоне, запісвалі інтэрв’ю. Калі я бываў у Менску, заўсёды заходзіў у іх гасьцінную хату, пару разоў адведваў Быкава, які пакутаваў на астму, і ў бальніцы. Калі пад час аднаго прыезду я сам патрапіў у шпіталь, Быкаў з Рыгорам Барадуліным таксама прыйшлі ў адведкі. В.У. бываў у Празе і частата, і рэгулярнасьць гэтых кантактаў вы­ключала неабходнасьць ліставаньня.
Пасьля пераезду ў Швецыю, а затым у Фінляндыю паходы на пошту для Быкавых сталі часткай жыцьця. Быкаў не карыстаўся E-Mail, ягонае знаёмства з Інтэрнэтам было яшчэ наперадзе, лісты сталі асноўным спосабам падтрыманьня сувязі з сябрамі, часопісамі, выдавецтвамі, калегамі ў Пэн-цэнтры, лідэрамі народнага фронту, і нават формай літаратурнай працы, — кніга Рыгора Барадуліна так і называецца “Лісты ў Фінляндыю зь Менску і з Вушачы”.
У чэрвені 1998 я пазваніў у Хельсінкі і зрабіў інтэрв’ю з нагоды дня нара­джэньня В.У., а таксама прасіў прысылаць новыя творы.
У той час мы шукалі сваё аблічча для перадачы “Чытальная заля” – чытаньне літаратурных твораў ёсьць класікай жанру для кароткахвалёвага радыё. Але што, чаму, калі, як чытаць – на гэтыя пытаньні пры ўсёй іх прастаце нялёгка знайсьці адказ. Урэшце, пасьля некалькіх спробаў і дыскусіяў мы па­станавілі спыніцца на арыгінальных творах дакументальнага (мемуарнага) жанру, — фактычна, замаўляць будучым аўтарам пісаць свае ўспаміны. Мастацкія творы збольшага мелі шанец дайсьці да чытача і бяз нас, праз дзяржаўныя і незалежныя часопісы і выдавецтвы, а бесцэнзурная дакументаліс­тыка, апроч таго, наўпрост адпавядала статутным задачам вяшчаньня – свабоднаму распаўсюду інфармацыі і ідэяў.
Але Быкаў быў выключэньнем.
Ня толькі з прычыны таго, што яго не друкавалі ў Беларусі. Перадусім — з прычыны ягонага пісьменьніцкага і чалавечага маштабу. Да 2003 году беларусы мелі тое, што ня меў ужо хіба ніводзін з еўрапейскіх народаў – бясспрэчны маральны аўтарытэт нацыі.
Я думаў тады і думаю цяпер, што ўшанаваньне Быкава Нобелеўскай прэміяй паспрыяла б аўтарытэту Шведскай акадэміі навук, якая, на жаль, апошнія дзеся­цігоддзі распыляе значэньне лаўрэацтва (як гэта здарылася з цэлай серыяй імёнаў, што канулі ў забыцьцё ня толькі ў сьвеце, але і ў сваіх краінах).
У жніўні 1998 пошта прынесла бандэроль з рукапісам, да якога быў далучаны ліст.

13 жніўня 1998.
Саша, дарагі дружа,
Пасылаю новую аповесьць, якую толькі што скончыў. Ня ведаю, што атрымалася – тое заўжды даведваесься толькі пасьля. Зноў жа надрукаваў на машынцы і на наркомаўскай граматыцы, бо ўсё ж галоўная надзея на друкаваньне – Менск. Хаця можа так стацца, што марная надзея. Але марнасьці цяпер хапае ўсюды, так што гэтая – ня самая вялікая.
Паглядзіце, што там можна зрабіць зь яе на “Свабодзе”.
Казку, пра якую я гаварыў па тэлефоне, дашлю крышку пазьней.
Я тут жыву добра, спакойна, (нават аж залішне спакойна), слухаю “Свабоду” – галоўную крыніцу маёй інфармацыі пра радзіму. Выдатна выступае Сяргей1 зь Ню Ёрку, — правільна, глыбока, разумна...
З прывітаньнем
Васіль.
P.S. Калі што – тэлефануйце. Мой тэл. 341-23-12.
Прыкладна палова лістоў ад В.У., якія я захоўваю, — роўныя аркушы, бяз зьгібаў на тры ці чатыры разы, як звычайна робяць, каб укласьці ў канверт. Гэта лісты, якія прыходзілі разам з новым рукапісам у вялікай бандэролі памерам А4. Амаль усе свае творы пасьля ад’езду з Беларусі Быкаў дасылаў на нашыя просьбы ў Прагу.

16 верасьня 1998.
Добры дзень, Саша!
Тут я дапоўніў аповесьць новым разьдзелам – 8 старонак, — якія дасылаю. Вельмі прашу, калі няпозна:
— Выняць з кампутарнага тэксту маю 19 старонку.
— Замест яе ўставіць 8 старонак.
— І гэта — ўсё.
Ня ведаю, як быць з “НН”. Калі кампутарны мой тэкст ужо ў Менску, дык пры­дзецца мне дадатак слаць туды. Але калі яшчэ не, — тады я папрашу, каб і ў той тэкст укласьці гэтыя 8 старонак.
Чытаньне слухаю. Усё добра. Дзякуй чытачам – разам з маім прывітаньнем.
Удачы Вам.
Ваш В. Быкаў.

Аповесьць, пра якую піша Быкаў, “Ваўчыная яма”, была першай, напісанай на тарашкевіцы. І першым з быкаўскіх твораў, цалкам набраных на кампутары. У 75 гадоў В.У. узяўся асвойваць таямніцы аперацыйных сістэмаў лэптопа і праграмы Word, і гэта ашаламляла. Рэдактар “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец яшчэ больш быў уражаны быкаўскай тарашкевіцай. “НН” надрукавала аповесьць з устаўкамі. Мы ў Празе чыталі аповесьць у эфіры, звычайна на некалькі галасоў. Часьцей за ўсё агучвалі аўтарскі тэкст Алена Ціхановіч і Сяржук Сокалаў-Воюш, В.У. любіў іх галасы, заўсёды перадаваў ім свае падзякі1 .
Якраз тады заканчвалася праца над маёй кніжкай дакументальнай прозы, якая мелася выйсьці ў Вільні ў заснаванай Сяргем Дубаўцом серыі “Вострая Брама”. Я вагаўся наконт назвы, і пытаўся ў Быкава парады. У ліст у Хельсінкі таксама па­клаў паперы на ангельскай мове аб заключэньні аўтарскай дамовы.

Кастрычнік 1998.
Дарагі Саша,
паперы падпісаў і высылаю, хаця мала што зь іх зразумеў. Але – давяраю Вам. Што ж да кніжкі, дык даўно пара, хаця зноў жа, – пара для таго – ня самая лепшая. Здаецца, літаратура ўвогуле дажывае апошнія гады і не пяройдзе рубеж стагоддзяў. Пяройдуць іншыя мастацтвы, што ўвальюцца ў магутны, мутны і сьмярдзючы паток маскульту. Ну, але гэта – у якасьці NB.
Назва – даволі складаная праблема, якая паўстае перад кожным аўтарам. Здаецца, яна ў адваротнай залежнасьці ад якасьці твора. Чаму так? – ня ведаю. Але дужа распаўсюджаная такая сытуацыя, калі ў добрых твораў – кепская назва. І наадварот. Што ж да мяне, дык я аддаю перавагу клясычнай форме: найлепшая назва тая, якая ўвасабляецца ў адным-двух словах. Але тое цяпер састарэла. У модзе — мадэрновыя назвы, сэнс якіх так зышыфраваны, што ніхто, апроч аўтара, не зразумее. Або надта прэтэнцыёзныя, што сьведчаць ужо не пра твор, а пра характар аўтара.
Жадаю, Вам, Саша, удачы ў сямейных клопатах. Як кажуць: Дай Божа!
Прывітаньне мілым чытачам “Ямы”.
З прывітаньнем
В.Быкаў.

“Ваўчыная яма”, у цэнтры якой самотныя лёсы людзей, закінутых у Чарнобыльскую зону, зацікавіла таксама Расейскую службу Радыё Свабода. Вядучы літаратурнай праграмы “Экслибрис” Сяргей Юр’енен быў даўнім прыхільнікам Быкава. У 1965 годзе ён, тады дзесяцікласьнік 2-й сярэдняй школы Менску, з дапамогай дырэктара сваёй школы паэта Ляпёшкіна патрапіў на зьезд пісьменьнікаў і пачуў выступ Быкава, які потым распаўсюджваўся ў самвыдаце. У школе тады выкладалі курс стэнаграфіі і малады чалавек шмат што сабе запісаў. Калі Юр’енен эміграваў у канцы 70-х, з-пад яго пяра выйшла шмат артыкулаў і цёплых згадак пра Быкава ў эміграцыйных літаратурных часопісах. Сяргей прачытаў аповесьць, прыйшоў да мяне ў кабінет і сказаў, што ёй будзе аддадзена гадзіна эфіру ў “Экслибрисе”.
Ён зьдзівіў мяне сваім вызначэньнем галоўнага героя “Ямы” – на думку Юр’енена, ім была беларуская прырода. Жывапіс Тургенева ў аповесьцях Быкава спалучаўся з псіхалагізмам прыроды Хэмінгуэя часоў “Старога і мора” – беларускі лес, зіма, мокрыя галіны фізічна адчувальныя і жывыя, чалавек толькі частка гэтай таямнічай сілы.
Я пазваніў у Хельсінкі, Быкаў ня быў супраць, неўзабаве фрагменты “Ваўчынай ямы” ў аўтарскім перакладзе прагучалі па-расейску.
Ірына Міхайлаўна, разьбіраючы быкаўскі паштовы архіў, сярод сотняў адрасаваных В.У. лістоў знайшла стос маіх. Некаторыя ў скароце зьмяшчаюцца тут, каб лепш зразумець ягоныя ўласныя допісы.

11 лістапада 1998.
Прывітаньне, Ірына Міхайлаўна, Васіль Уладзіміравіч.
Спадзяюся, у вас усё ў парадку, як і належыць быць у Фінляндыі. Хаця ўсякае бывае.
Беларускія навіны вы, калі чуваць радыё, ведаеце; у нас у карпункце пабывалі “госьці” ў пагонах, пачынаецца нейкае сьледства. Будуць перашкаджаць, ну ды чаго іншага трэба было спадзявацца. Мы да гэтага арганізацыйна гатовыя, наколькі гэта магчыма.
Думаем над пераменамі ў праграме, дамагаемся, каб нас рэтрансьлявалі зь Літвы, Польшчы, Украіны, але там ня надта хочуць. І сварыцца з Лукашэнкам ня хочуць, бо ўсім патрэбныя памежныя пагадненьні – так ён трымае Кучму, без такога пагадненьня ня можна ўступаць у Эўразьвяз. Ну, і з ахвотай, як Адамкус літоўскі, яны выступаюць у ролі пасярэднікаў, зарабляючы ачкі на Захадзе. Ды і фон такі ім выгадны.
Тут у Празе скандал з прычыны таго, што мы пачалі вяшчаньне на Іран і Ірак – Тэгеран адклікаў пасла, газэты пішуць пра тэрарыстаў, на радыё ўзмацнілі ахову. Што яшчэ – пасылаю Вам часопіс “Transition” (Пераходны пэрыяд), з артыкулам пра “Сьцяну” і Вас. Ян Максімюк1 казаў, што зараз “Сьцяну” перакладаюць на польскую; таксама, здаецца, праявілі цікавасьць у Амэрыцы.
Прачытаў нейкія дзіўнаватыя нататкі старога Адамчыка пра Твардоўскага: намякае, што той быў гомасэксуаліст і папракае Салжаніцына ў “зласьлівым слове”. Дарэчы, гэты нумар прыкладаю. У Салжаніцына выйшла новая кніга, “Россия в обвале”, тыраж 5000.
Спадзяюся, Сяргей Дубавец ужо пераслаў Вам “НН”2 , як абяцаў мне. Тым часам перадаю Вам найлепшыя пажаданьні і прывітаньні ад Беларускай службы.”

Зборнік “Сьцяна” выпускаў рэдактар “Нашай нівы” Сяргей Дубавец, гэта была першая кніга Быкава пасьля паўзы ў некалькі гадоў – дзяржаўныя выдавецтвы спынілі друкаваньне яго твораў. Была абвешчаная падпіска на будучую кнігу народнага пісьменьніка, якую выдавец хацеў зрабіць “народнай кнігай” – выдаць на сабраныя грамадой грошы.
У Празе, напрыклад, адзін з самых прыгожых будынкаў, тэатр оперы і балету на беразе Влтавы, называецца “Narodni divadlo” – нацыянальны тэатр, бо грошы на яго зьбірала ўся нацыя. Праз “Нашу ніву” ў Беларусі ўдалося сабраць сродкаў на паўтары тысячы асобнікаў. Выданьне атрымала розгалас, і мяне папрасілі напісаць пра кнігу і аўтара ў часопіс “Transition”. Калі часопіс выйшаў, паслаў у Хельсінкі пару экземпляраў, а таксама выразку з “ЛІМа” з публікацыяй беларускага празаіка Вячаслава Адамчыка. Быкаў адразу сеў пісаць адказ.

18 лістапада 1998.
Дарагі Аляксандр Міхайлавіч,
Атрымаў ваш ліст ад 11 лістапада, вялікі дзякуй за ўвагу і навіны. Лісты цяпер для мяне – манна нябесная, чакаю кожнага дня і радуюся, атрымаўшы. Відаць, тут мае месца банальная хвароба – настальгія, якой рэдка каму на чужыне ўдавалася пазьбегнуць. А зрэшты, нашто і пазьбягаць? Трэба перажываць усё, што наканавана лёсам. Ужо хоць бы таму, што тое не ад цябе залежыць.
Дзякуй за часопіс таксама. Ня надта разабраў, што там Вы пра мяне напісалі, але, спадзяюся, зрабілі тое няблага. Ня так як Адамчык пра АТТ1 , а яшчэ раней і куды больш зьедліва – пра Бажка і Брыля. Бажку так і трэба, чалавек гэты паскудны ва ўсіх адносінах, а вось Брылю будзе дужа пакутна. Хоць у тым яго жыцьцёвым эпізодзе, на мой пагляд, ніякай крамолы, ды ўсё ж... Зь ягоным самалюбствам гэта будзе амаль катастрофа.
Ну і Чэсь! Таленавіты пісьменьнік, але з пароды тых, якія, паводле расейскага выслоўя “ради красного словца не пожалеют и отца”. Што ж датычыць АТТ, дык гэта ўжо ня толькі не этычна. Гэта палітычна падсьлепавата, бо Чэсь ня ведаў АТТ, не знаёмы з той атмасфэрай, у якой жыў гэты чалавек. Але ж ён не надрукваў Чэсеў раман, і мабыць, таго факта раманіст ня мог дараваць яму. Хаця наконт А.С.2 Чэсь мае рацыю. Усё ж ня трэба было А.С. пляваць яшчэ ў сьвежую магілу АТТ.
Я ведаю, той надта перажываў за лёс будучага нобэліста, іншая справа, што ня мог усё для яго зрабіць. Зрэшты, пра іхныя адносіны ёсьць шмат сьведчаньняў Кандратовіча, Лакшына ды іншых, якім можна болей верыць, чым наскокам аднаго менчука, які, калі і бачыў АТТ, дык толькі ў прэзыдыюмах пісьменьніцкіх пленумаў. А піша пра калідоры ЦК і яго з дрыготкай цыгарэткай. Здаецца, у той час Адамчык быў яшчэ беспартыйны, выключаны з БДУ. Гэта пасьля ён стаў парторгам СП БССР.
Наконт удасканаленьня трансьляцыі Беларускай службы Радыё Свабода даўно і надта трэба паклапаціцца, бо не чуваць. Не чуваць было ў Беларусі, кепска чутно і тут, у фінах. Затое і там і тут выдатна чуваць украінская служба – у чым справа? Ці ў вас і ва ўкраінцаў на “Свабодзе” розныя тэхнічныя ўмовы? Тое я шмат год не магу зразумець. А цяпер дык на хвалі 41 мэтар у 18:30 накладваецца нейкая гарластая арабская станцыя і ўсё. Не чутно нічога. А тут яшчэ мілыя, але слабенькія дзяўчачыя галасы вашых дыктарак. Адно ратуе становішча Г.Айзенштадт, гэтую заўсёды добра чутно – праб’ецца празь любыя глушылкі. І гэта добра.
Званіў зь Ню Ёрку Сяргей Н.1 , казаў, што хутка будзе ў Празе. Дай Бог! Я люблю Сярожу і вельмі жадаю, каб справы яго на замежжы неяк наладзіліся. Відаць, у гэтым сэнсе Прага – найлепшы з магчымых варыянтаў. І для справы таксама. Сардэчнае вітаньне ўсім вашым беларусам!
Ваш Васіль Быкаў.
І.М. і я таксама шлем найлепшыя пажаданьні Вашым дзяўчаткам – дома. Дай Бог ім удачы. В.

Толькі апошнія два сказы дапісаныя ад рукі – гэта, здаецца, першы ліст з Хельсінкі, які аўтар акуратна адолеў на кампутары.
У сьнежні спаўнялася 80 гадоў Аляксандру Салжаніцыну. Я пазваніў у Хельсінкі, і В.У. падрыхтаваў кароткае слова з нагоды юбілею, якое прагучала ў эфіры ў дзень нараджэньня аўтара “Архіпелагу”. У сьнежні Быкаў прыслаў новую прыпавесьць, у студзені яшчэ адну.

10 студзеня 1999.
Шаноўны Алесь Міхайлавіч,
Дасылаю Вам свой новы невялічкі твор. Можа, спатрэбіцца. А калі не, дык вельмі папрашу пераслаць у “НН”. Спадзяюся, у Вас усё добра? Прывітаньне ўсёй Вашай цеснай беларускай сямейцы.
Сардэчна
В.Быкаў.
Мой тэл: 3412312. Хельсінкі.

Я пазваніў у Хельсінкі, падзякаваў, прыпавесьць прагучала ў эфіры. Наступнае ліставаньне адбылося напрыканцы месяца, калі я нарэшце сабраўся падрабязьней напісаць пра нашыя пражскія навіны.

25 студзеня 1999.
Шаноўны Васіль Уладзіміравіч,
Даўно не пісаў Вам, быў надта заняты ў гэты час, калі не было дырэктара2 , адсутнічала шмат людзей на Каляды, мелі нашу гадавую справаздачу ды пачыналі перамены ў праграмах і рабілі Інтэрнэтную старонку.
Спадзяюся, што атрымалі навагодняе віншаваньне. Вялікі дзякуй за прыпавесьць, мы адразу прачыталі цалкам у эфіры. Як Вы і даручалі, я пераслаў у “Нашу ніву” – яны ўжо надрукавалі ў апошнім нумары. Дубавец пачынае выдавецкі праект, бібліятэку “Вострая брама”, і прасіў пацікавіцца, ці не пагадзіліся б Вы выдаць новыя, пасьля “Сьцяны” творы ў гэтай серыі. Сярод першых там, здаецца, Славамір Адамовіч, Уладзя Арлоў і я.
Доўга змагаўся за назву – мая была “Перад свабодай. Нататкі перабежчыка”, але прайграў. Дубавец выносіць на вокладку назву асобнай навэлкі, якая стаіць у канцы кніжкі цалкам асобна і нічога ня мае агульнага з асноўным тэкстам: “У фіялетавай ночы вугал крыла”. Супольнае хіба ў тым, што гэта метафара ўсяго папярэдняга. Аргументы Дубаўца – мой варыянт сьведчыць пра публіцыстыку-журналі­тыку, ягоны – пра літаратуру. Я разгубіўся, бо ў мяне ўсё ж інстынкты больш моцныя на журналістыку, і мусіў даверыцца крытыку. Навэлкі пра журналісцкае жыцьцё ў 80-я ў кніжцы перамяжаюцца цытатнікам – фразамі са “Звязды” 1982 году. Яны нуднаватыя, разрубаюць аповед, але і не прызначаюцца для чытаньня адразу – гэта як ілюстрацыі, карцінкі ў форме словаў. Захочацца – можна будзе ўгледзецца больш пільна (так я памылкова думаю).
У нас навіна – нарэшце прыязджае Сяргей Навумчык. Яшчэ адна навіна – ад 1 студзеня я зацьверджаны на пасадзе дырэктара Беларускай службы. У нас увогуле толькі добрыя навіны тут у Празе, і на працы, і дома.
Мы атрымліваем падборкі расейскай прэсы на тэмы культуры – там часта ёсьць цікавыя публікацыі. Для прыкладу пасылаю Вам адну такую падборку, калі зацікавіць, магу пасылаць рэгулярна.”

Быкаў шмат чытаў, прычым вельмі хутка і добра запамінаў прачытанае. На часопісным століку ў ягоным працоўным кабінеце ў Менску адна гара часопісаў, кніг, газетаў пастаянна зьмянялася іншай. У Хельсінках інфармацыйны асяродак быў разрэджаны, апроч слуханьня радыё і лістоў амаль нічога не было, і В.У. і І.М. радаваліся ўсяму, што прысылалі пачытаць. На “Свабодзе” нават у да-Інтэрнэтны час мы мелі надзвычай шырокі доступ да расейскамоўнай прэсы, і маглі раздрукоў­ваць сабе любыя артыкулы.
Здаецца, якраз на свой дзень нараджэньня на пачатку лютага я атрымаў новы ліст з Хельсінкі.

1 лютага 1999.
Дарагі Саша!
Найперш – маё Вам віншаваньне з высокай і вельмі важнай пасадай, якая па цяперашнім часе робіцца ўсё болей важнай.
Добра, што і Сяргей урэшце дабрыў да “Свабоды”, яшчэ б туды (хоць бы ў Прагу) мілую Галю – і беларуская сямейка экзыльных была б разам. Гэта было б выдатна, бо, як пагляджу здаля, сапраўды – то магутная кучка, роля якой у беларускай гісторыі вельмі проста можа апынуцца большай, чым тыя, што мітусяцца на радзіме. Во і Сяржук вырастае такім разумным і артыстычным, што я заўжды слухаю яго з большым задавальненьнем, чым якога сучаснага барда1 . А і разумныя яго адказы (як у праграме С. Дубаўца) на пытаньне: што аб’яднае беларусаў? Самы лепшы, самы трапны адказ Сяржука. Дай Бог яму ўдачы. І яго дзеткам таксама.
Наконт бібліятэкі “Вострая брама” – вельмі магчыма2 . Я ж тут не дарма ем фінскі хлеб (дарэчы, нясмачны), напісаў за восень і зіму 12 апавяданьняў і прытчаў + аповесьць. Так што зьбярэцца на невялікі зборнік.
Наконт назвы, Саша, я магу толькі сказаць, што назва мае другараднае значэньне; раней гэта было прадметна, цяпер болей метафарычна (такая мода), але адзіна важны зьмест. Хаця цяпер і зьмест страчвае зьмест і сэнс і называецца – тэкст. Пісьменьнікі Расеі пішуць не аповесьці або раманы, а тэксты. Ня ведаю, як на Заха­дзе, але думаю – гэтак жа. Бо Ўсход пераймае Захад. Ну, а мы ўсё яшчэ старамодныя – раман, аповесьць, апавяданьне... Хаця... Усё вырашае густ аўтара. Чытач жа сучасны, здаецца, даўно ўжо страціў які-небудзь густ. Ён упёрся ў тэлевізар або кампутар.
А мне тут пераслалі зь Менску маю новую кніжку артыкулаў і выступленьняў, якая выдавалася 2 гады і, канечне, састарэла, бо апошнія артыкулы па­значаныя 1996 г1 . Але аформлена добра, па-сучаснаму, што, вядома, найперш грэе аўтарскае самалюбства.
Ну, а ў астатнім усё звычайнае. Чытаю расейскія часопісы (ёсьць у адной бібліятэцы. Зь беларускіх там толькі “Нёман” і “Мастацтва”.) Сёньня першы за зіму вельмі лагодны сонечны дзень, хадзілі зь І.М у зімовы лес. Гэта блізка да хаты. Хораша ўжо тым, што неяк нагадалася ўласнае дзяцінства і зімовую (штодзень) дарогу (сьцежку) празь лес у школу.
Ну, а ў 18:00, як заўжды – транзістар да вуха і – навіны з Прагі пра Беларусь. Тэлевізіі ў мяне, дзякаваць Богу, няма.
Дык шчасьцейка Вам, дарагі Саша, на новай пасадзе. Удачы Сяргею і Сяржуку і ўсім вашым дзяўчаткам.
Ірына Міхайлаўна таксама кланяецца ўсім.
Абдымаю,
Васіль Б.

Яшчэ не атрымаўшы адказ з Фінляндыі, я сеў за новы ліст, пра перамены й планы ў рэдакцыі: імкнемся да лаканічнасьці, аператыўнасьці, мяняем перадачы, шукаем новых аўтараў. У тым лісьце я прасіў парады і задаваў Быкаву некалькі літаратурных пытаньняў.

“Сёньня гаварыў з Барадуліным, ён прапанаваў свае варыяцыі на псалмы Даві­да, а таксама пагадзіўся паўдзельнічаць у перадачы “Слоўнік “Свабоды”. Пачаў я сам нешта пісаць для сябе, але ў пераходны дырэктарскі перыяд закінуў – думаю вярнуцца, калі ўдасца. Цікава, з Вашай практыкі, — як у Вас зь перапынкам, як удаецца аднаўляць дыханьне, рытм, ці Вы не прыпыняецеся? І яшчэ – што Вы чытаеце пад час актыўнага пісаньня – у сэнсе, як уплывае на Вас у такі пэрыяд напісанае іншымі?”

Пакуль ішла пошта, В.У. падрыхтаваў да адпраўкі ў Прагу новую бандэроль з рукапісам.

9 лютага 1999.
Дарагі Аляксандар Міхайлавіч,
Пасылаю яшчэ адну прыпавесьць, можа скарыстаеце яе, як і папярэднюю. Калі не надакучыў Вам гэты мой жанр, дык празь месяц магу прыслаць новую, а затым і яшчэ. Прывітаньне абодвум Сяржукам і вашым дзяўчатам. Ваш Васіль Быкаў.
P.S. Напісаў, але яшчэ не адправіў гэты ліст, як атрымаў Ваш ад 3 лютага. Таму дзякую. Зразумела акцыя Сяргея – што зробіш2 .
Стараюся слухаць беларускую службу штодня. Амаль заўжды тое ўдаецца – або ў 18 г. або ў 22. Самая цікавая (для мяне, прынамсі), канешне, першая палова перадачы – навіны, падзеі і г.д. Пасьля трохі горш. Мне здаецца, вашыя хлопцы (і дзяўчаткі) трохі злоўжываюць часам – усім хочацца гаварыць даўжэй. Але не заўжды зьмест вымагае таго. Часам даволі кароткай інфармацыі, але не даўгога тлумачэньня вядомага.
Канешне, лепш пісаць рэгулярна, не прыпыняючыся (як Шамякін), хаця тое не заўжды на карысьць творам. Я працую нерэгулярна, калі ўжо нахлыне. Але з гадамі тое нахланьнё ўсё радзей. Таму асабліва тут, у Хельсінках, стараюся пісаць штодня – пісаць ці перакладаць. Перакладаць – асабліва нялюбая праца. Але трэба.
Чытаць у час працы (у якасьці адпачынку) трэба. Не абавязкова што блізкае, роднаснае. Як я цяпер дык аддаю перавагу дакументалістыцы. Але добра і белетрыстыку (чытаю апавяданьні Д. Сэлінджэра). Стымулюе, у сэнсе – падганяе. І дае зразумець, наколькі ты малы ў параўнаньні... Або як асалода.
А наконт папулярнасьці перадачаў – зрабіце рэгулярны агляд пісьмаў слухачоў зь Беларусі (як у Стрэлянага), будуць слухаць і пісаць. Перадачы ж Дубаўца – самі сабой разумныя і вартыя, але для вузкага кола. Хаця, канешне, трэба і такія. Я хоць не маю Інтэрнэта, але заўжды зь цікавасьцю слухаю Сяргея Н. – тое таксама вельмі патрэбна. Дарэчы, прывітаньне яму і дай Бог удачы.
І.М. Дзякуе за выпуск “Культуры”. Ужо чытае, пасьля я...
Бывайце – В.Б.

На пачатку красавіка пошта прынесла новую бандэроль.

29 сакавіка 1999.
Шаноўны Аляксандр Міхайлавіч,
пасылаю новы сатырычны твор. Можа, скарыстаеце? А калі не, дык перашліце, калі ласка, у “НН”.
Слухаю бел. “Свабоду” на дадатковых хвалях. Стала куды лепш чуваць. У Беларусі, кажуць, таксама. Дай Бог вам!
З прывітаньнем
В. Быкаў.

Хвалі “Свабоды” мяняюцца двойчы на год – напрыканцы сакавіка і напрыканцы кастрычніка, адначасна са зьменай часу. Гэта зьвязана з распаўсюджваньнем сігналу на кароткіх хвалях, які залежыць ад сонца, ад працы іншых станцыяў па суседстве, ад наяўнасьці рэтрансьлятараў. Частоты разьмяркоўвае Міжнародны зьвяз электрасувязі, і двойчы на год радыёстанцыі розных краінаў вядуць барацьбу за больш магутныя перадатчыкі, стабільныя ўмовы, лепшыя хвалі. Удзельнічаем у гэтым змаганьні з пераменным посьпехам і мы.
На пачатку красавіка мы чыталі фрагменты новых прыпавесьцяў Быкава, цалкам тэксты я пераслаў у “Нашу ніву”, Сяргей Дубавец надрукаваў. Чарговы ліст у Хельсинкі я адаслаў 12 красавіка.

“Пішу Вам зь вялікімі паўзамі – цяжкая навука бюракратыі даецца марудна. Ваюю за хвалі, за бюджэт, за абсталяваньне і г.д. Ня дужа цікава, ды патрэбна. Зьбіраюся праз тыдзень у Бостан. Гарвардзкі ўнівэрсітэт праводзіць канфэрэнцыю пра Беларусь, першую такога маштабу, будуць дасьледчыкі й палітыкі з ЗША, Канады, Францыі, Нямеччыны, дык сяджу, рыхтую даклад пра магчымасьці перамены рэжыму палітычнымі элітамі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Так мне акрэсьлілі тэму. А магчымасьці гэтыя самі ведаеце якія – як у элітаў Паўночнай Карэі і грамадзкіх арганізацыяў Кубы.
Сёлета бяз Вас адбылося ўручэньне Пэн-цэнтраўскіх прэміяў – ды хіба Карлас1 Вам усё напісаў. Сяргей Навумчык Вам, мабыць, распавёў пра асаблівасьці цяперашняй выбарчай кампаніі і пазыцыю Зянона. Быццам слушна, ды толькі нагадвае сытуацыю ў Расеі ў 1916-м ці ў Нямеччыне пачатку 30-х, калі тагачасныя “дэмакраты” паміж сабой бескампрамісна ваявалі за прынцыпы. Калі цуда ня будзе, дык будучыня ва ўсіх сумная.
Дарэчы, ці чыталі Вы “Узлы” Салжаніцына? Цікава было б пачуць Вашую ацэнку. А тым часам пасылаю свой “вузельчык”1 , які толькі сёньня атрымаў сам. Тэкст напісаны так даўно, што не выклікае ніякіх эмоцыяў у форме кнігі. Пачаў мінулай восеньню пісаць зусім іншае, ды пакуль завісла.”
Я зьвярнуў увагу, што ў некалькіх лістах напачатку году В.У. зьмяніў зварот да мяне – замест звычайнага “Саша” зьявілася “Аляксандар Міхайлавіч”. Я быў падумаў, што гэта зьвязана з далікатнасьцю В.У., які такім чынам надае ўвагу маёй новай пасадзе. Ня ведаю, ці ў гэтым прычына – Быкаў ня раз казаў, што мы поўныя цёзкі з ягоным сябрам Алесем Адамовічам, якога ён часта называў Сашам. Але якраз выйшла мая кніжка, пра якую я згадваў раней, я паслаў яе ў Хельсінкі і напісаў пра сваё зьдзіўленьне зьменай звароту. Быкаў адказаў па-быкаўску.

24 траўня 1999.
Мілы Саша, шаноўны Аляксандар Міхайлавіч,
Даўно прачытаў Вашае “Крыло” (даруйце, але, як я ўжо і казаў Вам, поўная назва здаецца мне занадта прэтэнцыёзнай і малавыразнай), кніжка ўвогуле харошая – ва ўсіх адносінах. Яно і вядома: у тым часе, дзе палягаюць аўтарскія зацікаўленьні, безьліч матэрыялу менавіта такога кшталту – гумару, сатыры, сарказму. Вы гэта адчулі ўласным талентам і добра зрэалізавалі задуму.
Гэта яшчэ ў тыя часы сумленныя пісьменьнікі казалі што найлепшы стыль для іх – стыль прозы Салтыкова-Шчадрына. Але тады тое было маладаступна. Цяпер – увакурат. Выдатна таксама, што ў тэкст урэзаны вытрымкі з тагачаснага друку – гэта лепей за ўсе малюнкі ілюструе сутнасьць і характар тагачаснай журналістыкі. Чытаецца ўсё гэта нават зь цікавасьцю, — тут, вядома, спрацоўвае настальгічнае ўспрыманьне (гэта калі ў старэйшых чытачоў), а маладзейшых падкупляе добры, дасьціпны гумар, якога шмат рассыпана па старонках кніжкі.
Апошняе апавяданьне ў іншым стылі, тут у мяне няма пэўнай думкі. Але то спроба постмадэрновага стылю, я так разумею , — стылю, які, як вядома, захапіў нямалую частку сучаснай літаратуры. Але тут патрэбныя нейкія іншыя крытэрыі, якімі я не валодаю, таму баюся даваць ацэнку. Чытаецца. Аднак, добра, ідэя ж, само сабой – беззаганная. Дай Божа, Вам, мілы аўтар.
А я, трохі папрацаваўшы ўвосень і ўзімку, відаць, прытаміўся на вясну і цяпер болей чытаю. Зноў жа некаторая няпэўнасьць майго тут пражываньня трохі гняце. Павінны ўжо быў паехаць дадому, ды тут прапанавалі яшчэ пабыць. Канешне, тая прапанова дужа спакушае, тым болей, што дома ў нас Вы ведаеце што і як. А тут яшчэ гэтыя дэмакраты (ды і БНФ таксама) наблыталі так, што немагчыма даўмецца2.
Ці то такая глыбокадумная, хітрая палітыка, ці элемэнтарная шызафрэнія – не магу зразумець адсюль з майго скандынаўскага далёка. Часам думаю: а можа, і ня варта, марна спрабаваць тое? Але тады таксама не лягчэй. – адчуваеш сябе блазнам. Асабліва пачытаўшы Сеўруковы3 опусы ў менскіх газэтах . Ледзьве ўстрымаўся, каб на прыклад Матукоўскага4 не пачаць гарачыцца-апраўдвацца. Здаецца, правільна стрымаўся, але ж поўнай задаволенасьці ад таго ня маю. Дый то зразумела.
У пачатку траўня быў у Берліне на літаратурных сустрэчах. Былі таксама хлопцы-дзяўчаты зь Беларусі, выступалі прад нейкай аўдыторыяй чалавек з 30. Нікога цяпер літаратура не цікавіць, шкада толькі высілкаў арганізатараў гэткіх шоў. Ну, але Берлін – горад выдатны, асабліва яго заходняя частка, Курфюрстэндам, Кудам, якую я ведаю даўно і люблю. Да таго ж там была вясна ў разгары. А тут – толькі на самым пачатку. Усё ж Фінляндыя – сьцюдзёная краіна, нават у параўнаньні з нашай Беларусьсю.
Вашую “Свабоду”, вядома ж, слухаю штодзень, і адчуваю, у якое вы трапілі становішча з гэтымі “пацешнымі” выбарамі. Але што зробіш...
Удачы Вам, Саша, і посьпеху! Прывітаньне Сяргею.
Ваш В. Быкаў.

Гэты ліст быў аддрукаваны на кампутарным прынтэры, але Быкаў па звычцы яшчэ ўносіў папраўкі ручкай – ставіў двукосьсі, коскі, дадаваў працяжнікі, мяняў словы месцамі, упісваў новыя — адным словам, працаваў так, як ён прывык працаваць з тэкстам. Хаця, канешне, лісты ў гэтым сэнсе не параўнаць з ягонымі творамі ці перакладамі ўласнай прозы. Неяк В.У. паказаў мне першую старонку свайго “Кар’ера” – там пачатковая версія расейскага аддрукаванага тэксту была проста нечытэльная з-за шматлікіх аўтарскіх паправак.
Праз пяць дзён В.У. адправіў яшчэ адзін ліст на адрас “Свабоды”.

29 траўня 1999.
Дарагі Саша,
пасылаю два невялічкія творы на тэму інтэграцыі. Можа, спатрэбяцца – для радыё ці публікацыі.
Я – пакуль што на старым месцы ў Хельсінках. Можа, застануся тут да лета. Але ня пэўна. Калі не – дык вярнуся (хутка) у Менск. А пакуль што – гляджу ў вакно і чакаю лістоў. Надворье халаднаватае, і гэта таксама не суцяшае.
З найлепшымі пажаданьнямі
В. Быкаў.

У 1999 працягваліся нашыя тэлефонныя гутаркі. 19 чэрвеня Васілю Уладзі­міравічу споўнілася 75 гадоў. Я падрыхтаваў пытаньні і запісаў працяглую, хвілінаў на 40, гутарку. Менш чым праз месяц быў яшчэ адзін літаратурны юбілей — 100 гадоў Хэмінгуэю, я рыхтаваў перадачу і папрасіў Быкава паўдзельнічаць. Паводле практыкі, якая замацавалася гадамі, звычайна мы званілі В.У., абмяркоўвалі тэму і дамаўляліся на час запісу. Калі Быкаў быў дома і нічога не за­мінала, можна было пазваніць праз паўгадзіны, ён за гэты час ужо накідваў тэкст, і мы рабілі запіс. Інтэрв’ю, натуральна, запісваліся ў свабоднай гутарцы, без падрыхтоўкі.

7 верасьня 1999.
Дарагі Саша,
Калі я яшчэ не надакучыў “Свабодзе”, дык пасылаю новую прыпавесьць. Можа прачытаеце ў эфіры і дашлеце ў “НН”.
З шанаваньнем
В.Быкаў.

Прыпавесьць прагучала ў эфіры, я пераслаў яе таксама ў “НН”, дзе яна была надрукаваная. Тым часам сканчаўся тэрмін знаходжаньня ў Хельсінкі, ішлі, як заўсёды ў такіх справах, даўгія і ня надта пэўныя перамовы пра працяг побыту ці пераезд у Нямеччыну. Новая бандэроль з Фінляндыі прыйшла праз два месяцы.
3 лістапада 1999.
Шаноўны Аляксандар Міхайлавіч,
Пасылаю 2 апошнія прыпавесьці, болей ня буду, бо, мусіць, я ўжо надакучыў імі і “Свабодзе” і “НН”. Трэба ведаць і меру.
Дажываю апошнія тыдні ў Хельсінкі, а затым прыдзецца вяртацца дамоў. Не надта прыемная перспэктыва, але і неабходная. Што будзе пасьля – невядома.
Але што ўжо мне разьлічваць на якое пасьля...
Усяго Вам здатнага, з прывітаньнем
В. Быкаў.

Віншаваньні з новым 2000 годам я пасылаў на менскі адрас Быкавых – на непрацяглы час яны вярнуліся ў Беларусь. В.У. езьдзіў у Маскву, дзе атрымаў прэмію “Трыумф”, выступаў па тэлебачаньні, затым вярнуўся ў Менск. Напрыканцы сту­дзеня мы запісалі інтэрв’ю пра Джорджа Орвэла. Праз некалькі дзён, пасьля кампаніі цкаваньня ў афіцыйных СМІ, Быкавы пакінулі Беларусь.

12 лютага 2000.
Дарагі Саша,
Ужо тыдзень, як мы зь І.М. у Нямеччыне. Жывем у нямецкім доме творчасьці між Берлінам і Лейпцыгам, у старым маёнтку графоў фон Арнімаў. Увогуле тут добра: сельская ідылія, стары парк, цішыня, сьвежае паветра. А галоўнае – надвор’е, якое ў нас не заўжды бывае ў красавіку. Ну ды і ў Вас такое ж...
Беларуская “Свабода” гучыць тут выдатна, чаго нельга сказаць пра расейскую. Ня ведаю, чаму так.
Працаваць яшчэ ня браўся (у сэнсе літаратурным), рабіў малюнкі для кніжкі паэзіі Р. Барадуліна “Лісты ў Фінляндыю зь Менску і з Вушачы”. Колькі разоў тэлефанаваў Вам, але Ваш тэлефон маўчыць. Мой тэлефон тутэйшы: 0049-33-746-699-31. Вельмі прашу, Саша, паведаміць яго сп. Элене Корці, да якой я таксама чамусь не магу дазваніцца. Мы тут да 1 мая.
Сардэчнае вітаньне Сяргею Навумчыку, без пакетаў якога мне тут сумнавата...
Са шчырасьцю і вітаньнем да ўсіх,
В. Быкаў.

У канцы сакавіка Быкаў прыехаў у Прагу на сьвяткаваньне Дня волі 25 сакавіка. Прыездам апекавалася вядомая праваабарончая арганізацыя “Людзі ў бядзе” – яе супрацоўнік нават паехаў у Франкфурт, узяў пашпарт В.У., завёз яго ў чэшскую амбасаду ў Боне і разам з Быкавым прыехаў у Прагу. Тыдзень Быкава быў надзвычай насычаным: сустрэчы ў чэшскім парламенце, са студэнтамі, з грамадскасьцю, з удзельнікамі сьвяткаваньня ўгодкаў БНР, якія прыехалі з дзясятку краінаў сьвету. У Беларусі сьвяткаваньне было жорстка разагнанае, Быкаў выказаў сваё стаўленьне да падзеяў у эфіры. В.У. разам са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай і сенатарам Уладзімірам Румлам пасадзілі “Дрэва дэмакратыі” на адным з астравоў на Влтаве.
У В.У. была сустрэча з кіраўніцтвам чэшскага Пэн-цэнтру, на якую мы пайшлі разам. Размова была вельмі падобная да тых, што адбываюцца і ў Менску: цяжка друкавацца, страчваецца цікавасьць да літаратуры, маскульт перамагае. Гэта пацьвярджала адчуваньні самога В.У., які ахвотна ўдзельнічаў у гутарцы. Калі мы вярталіся на радыё па Вацлаўскай плошчы, я прапанаваў Быкаву зазірнуць у кніжную краму: багацьце айчыннай і перакладной літаратуры ашаламляла і неяк не вязалася да скаргаў былых дысідэнтаў. Правільна кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнаньні, падсумаваў В.У., але ягоны погляд на культурны працэс заставаўся нязьменным.
У гэты прыезд мы ў рэдакцыі папрасілі В.У. выбраць і запісаць для нашага архіву ўрыўкі з ягоных аповесьцяў. Ён сам адабраў і запісаў чатыры фрагменты з “Альпійскай балады”, “Мёртвым не баліць”, “Сотнікава”, “Знака бяды”1 .
У гэты ж прыезд мы з В.У. хадзілі ў госьці да перакладчыцы яго твораў на італьянскую мову Элены Корці, жонкі тагачаснага дырэктара Рускай службы Свабоды Марыё Корці. Гаспадыня прыгатавала сапраўдную “пасту”, гаспадар адкаркаваў нейкае сьпецыяльнае віно, і ўвесь вечар гаворка пра літаратуру перамяжалася кулінарнымі адступленьнямі. Быкаў, які ўвогуле быў непатрабавальны ў ежы, любіў італьянскую кухню, хваліў і гаспадыню, і віно. Той самай вясной, калі ягоная кніга выйдзе, В.У. разам з жонкай паедзе ў Рым, пасьля Мілан, будуць інтэрв’ю ў друку і сустрэчы з чытачамі.
Пошта прыносіла новыя бандэролі з Нямеччыны, і ў эфіры гучалі новыя тэксты Быкава: “Труп”, “На балотнай сьцяжыне”, “Кароткая песьня”, “Велікоднае яйка”. Нягледзячы на тое, што я званіў і прасіў прысылаць новыя творы, ён кожны раз рабіў далікатную прыпіску, што калі не зацікавіць, тады не чытайце.
Памятаю, мяне моцна ўразіла аповесьць “Маладая і прыгожая” – у ёй рамантычны Быкаў часоў “Жураўлінага крыку” спалучаўся з класічнай трагедыйнасьцю “Сотнікава”, і ўсё гэта нагадвала лепшыя прыпавесьці. Уражаны, я пазваніў яму адразу па атрыманьні. Быкаў, як любы аўтар, чакаў рэакцыю на свае творы, хаця і ніколі не выказваўся з гэтай нагоды. Мне падалося, што аўтар крыху “перапісаў” аповесьць – яна сканчалася на паўтары старонкі раней, і я сказаў пра гэта таксама. Быкаў выслухаў, быццам пагадзіўся, пасьля перапісаў і прыслаў іншы варыянт – але свой.
Летам 2000 Быкаў узяў удзел у нашай штодзённай гадавой перадачы “Галасы стагоддзя” – ягоны ўспамін пра пачатак вайны прагучаў 22 чэрвеня. Тады ж я па­прасіў яго напісаць прадмову да яшчэ адной нашай “вялікай” перадачы – “Слоўніка “Свабоды”. Быкаў яе добра ведаў, эсэ на тэму знакавых для мінулага стагоддзя словаў штодня выходзілі ў эфір ў 1999 годзе. Часопіс “Архэ” рыхтаваў выдаць перадачу асобным выпускам. Я сабраў і паслаў у Франкфурт пакет з інфармацыяй пра гісторыю радыё, пра ўмовы і расклад вяшчаньня, ацэнкі слухачоў. Прадмова Быкава была ягоным першым вялікім тэкстам, прысьвечаным Радыё Свабода – і заканчвалася нечакана:

“Свабода”, “Свабодная Эўропа” даўно сталі надзейнымі апірышчамі сучаснай эўрапейскай дэмакратыі. Вядома, як высока ацаніў іх прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры, вылучыўшы на Нобэлеўскую прэмію. Беларусы горача падтрымліваюць яго ініцыятыву і будуць шчыра віншаваць нашую “Свабоду”, калі тая ініцыятыва спраўдзіцца. “Свабода” таго заслугоўвае.

Наступны ліст прыйшоў з Франкфурта-на-Майне.

17 ліпеня 2001.
Шаноўны Аляксандр Міхайлавіч,
Пасылаю абяцаны твор – вялікае (адносна, вядома) апавяданьне. Можа, гэта і ня тое, што трэба, але такое атрымалася. Чытайце, рашайце. Заўтра еду ў Кёльн, на “Нямецкую Хвалю”, дзе штосьці прыдзецца вяшчаць. Да таго ж – на расейскай мове, такія ўмовы-дамовы. Прывітаньне свабодным хлопцам, і дзяўчаткам – таксама.
З прывітаньнем
В. Быкаў.

У верасьні Быкаў быў у Празе. На другую палову дня 11 верасьня была прызначаная сустрэча з прэзідэнтам Гавэлам. Раніцай ад удараў тэрарыстаў загінулі тысячы людзей у Амерыцы. Я запісаў кароткую гутарку з В.У. з гэтай нагоды, пасьля ён пайшоў на сустрэчу ў прэзідэнцкі палац, і ў наступныя дні, да вяртаньня ў Франкфурт, мы запісалі яшчэ некалькі перадачаў. У наступным лісьце В.У. пазначыў дату адметным чынам:

2 лістапада. Дзяды.
Шаноўны Аляксандар Міхайлавіч,
Пасылаю абяцаны твор. Але адначасна абяцаю новы, цікавейшы. А яшчэ хацеў бы парэкамэндаваць аповяды Бырыса Кіта, якія я канчаю апрацоўваць. Там сапраўды шмат цікавага. Са згоды Б.Ул. тыя можна было б Вам выслаць напрыканцы года. Патэлефануйце яму. Т. 49.......
Усяго найлепшага. З прывітаньнем да ўсіх
В.Быкаў.

Мяне ўразіў сам факт быкаўскай працы над чужымі ўспамінамі. Мы настойліва працягвалі агітаваць В.У. пісаць свае ўспаміны. Ён уважліва слухаў перадачы нашай новай рубрыкі “Сучасныя мэмуары”, часам каментаваў пачутае. У нашай просьбе быццам і не адмаўляў, але нічога пэўнага і не абяцаў.
На пачатку новага 2002 году я рабіў інтэрв’ю пра мемуарную літаратуру і Быкаў, сярод іншага, расказваў, як яшчэ ў Горадні ён запісваў успаміны аднаго знаёмага франтавіка-артылерыста – тысячу старонак перарабіў нанова. У выпадку з В.У. гэта падавалася недаравальнай растратай уласнага літаратурнага часу, але на маё пытаньне на гэты конт ён адказаў, што іначай усё прапала б. Тады ж, напрыканцы гутаркі, я ў эфіры, пад запіс, спытаўся, ці працуе В.У. над сваімі ўспамінамі. І Быкаў раптам пацьвердзіў:

“Я мушу прадоўжыць, наколькі мне гэта будзе дадзена. Я хачу напісаць. Можа быць, не пра ўсё стагодзьдзе, не пра ўсё жыцьцё, а хоць бы пра ўласны вопыт пры канцы ХХ стагодзьдзя”.

На гэты момант кніга, верагодна, была амаль закончаная. Пасьля некалькіх тэлефонных размоваў пошта прынесла невялічкі пакунак.

19 сакавіка 2002.
Шаноўны Аляксандр Міхайлавіч,
Як і дамаўляліся, пасылаю дыскету з успамінамі. Але я дужа няўпэўнены, што перапісалася. Можа, Вы там праверыце. Калі ж не, тады буду друкаваць на прынтэры. Гэта каля 300 стар.
Патэлефануйце к.л.
З прывітаньнем
В. Быкаў.

Тэлефанаваць давялося з ня надта прыемнай навіной – дыскета пустая, нічога не запісалася. Пасьля некалькіх спробаў В.У. зрабіў як заўсёды: аддрукаваў увесь тэкст, запакаваў, пайшоў на пошту, і праз некалькі дзён аб’ёмісты рукапіс пад загалоўкам “Мае ўспаміны” прыйшоў у рэдакцыю.
Я быў першым чытачом (пасьля І.М., зразумела) і адразу стала ясна, што трэба пераконваць аўтара начытаць ўспаміны самому. Усе мастацкія творы Быкава ў эфіры гучалі ў выкананьні журналістаў “Свабоды”, сам ён быў неахвочы да дыктарскай працы. Ды й па тэлефоне такія запісы ня робяцца, патрабуецца студыйная якасьць гуку. Толькі аднойчы, здаецца, у перадачы паводле інтэрв’ю Алеся Адамовіча з В.У. ён пагадзіўся начытаць кароткія фрагменты свайго тэксту, якія былі ўмантаваныя ў запіс.
Сьпярша В.У. спрабаваў прапанаваць, каб і ўспаміны начытаў хто-небудзь, але пазьней пагадзіўся з нашай просьбай. Тым часам сам працягваў працаваць з тэкстам, шукаў іншую назву, дасылаў нейкія ўстаўкі, папраўкі.

17 красавіка 2002.
Дарагі Саша,
Я нічога болей у рукапісу перарабляць ня буду, апроч старонкі 208, якую дасылаю ў новай рэдакцыі. Вельмі прашу замяніць яе на гэтую, а старую выкінуць.
Наконт дакумантаў на Прагу:
— замовіў даведку ў паліцыі, якую дашлюць пад канец месяца;
— замовіў даведку з банку, якую таксама чакаю;
— зрабіў ксэракс пашпартоў.
Як усё зьбяру, дашлю. Толькі куды1 ?
З прывітаньнем
В. Быкаў.

Гэта апошні ліст В.У., які ў мяне захаваўся. У новай рэдакцыі падаваўся эпізод з лістом супраць Салжаніцына, пад якім бяз згоды аўтара быў пастаўлены быкаўскі подпіс. Зьмены насамрэч былі нязначныя, але, верагодна, В.У. хацелася быць як мага больш дакладным у гэтым эпізодзе. Напачатку чэрвеня нам удалося запрасіць Быкава з жонкай на тыдзень у Прагу на запіс успамінаў. Мы вырашылі ўзяць для эфіру пасьляваенны перыяд, прыкладна палову кнігі. В.У. на нашу просьбу крыху скараціў тэкст, разьбіў яго на 40 частак, і пачаўся запіс. На працягу трох месяцаў тройчы на тыдзень у эфіры гучала назва “Доўгая дарога дадому”, і частка за часткай ажывала быкаўскае ХХ стагодзьдзе.
Напрыканцы году Быкавы пераехалі ў Прагу і патрэба ў перапісцы адпала. Праўда, у мяне ёсьць яшчэ адзін ліст за подпісам В.У., датаваны студзенем 2003, але пра яго і некаторыя іншыя рэчы — ў чатырох невялікіх дадатках да гісторыі нашай перапіскі.

1. Гарвардскі дыплом.

...Пад’езд дому на Танкавай, я знаходжу ў паўцемры паштовую скрынку і апускаю рукапіс. Па-мойму, другі экземпляр, першы – у рэдакцыі. Канец 80-х, кніжку рыхтуе часопіс “Маладосць”, першапачатковая назва “Сталін цэліцца ў нас”, здаецца, ужо замененая на “Зьдзек”. Але рэдакцыя баіцца, што без аўтарытэтнай прадмовы надрукаваць ня ўдасца. Праз два дні Васіль Уладзіміравіч тэлефануе забраць тэкст з класічным “быкаўскім” загалоўкам “Кроў і праклён”. Вось тады я ўпершыню хіба і пабачыў яго зблізку.
Я працаваў у той час ў газеце “Звязда” і шмат пісаў пра сталінскія рэпрэсіі. Зьбіраць матэрыялы на гэтую тэму я пачаў даўно, сустракаўся з вязьнямі ГУЛАГу, дзецьмі рэпрэсаваных, запісваў іх успаміны. Абвешчаная галоснасьць дала магчымасьць пачаць друкаваць гэтыя аповеды, праводзіць круглыя сталы, а афіцыйны статус журналіста прачыніў дзьверы ў архівы. Тое, што не ўдавалася апублікаваць у сваёй газеце (Алесь Адамовіч трапна прыпячатаў той час тэрмінам “Вандэя”), я друкаваў у тыднёвіку “Літаратура і Мастацтва”, у літаратурных часопісах. Быкаў быў надзвычай уважлівым чытачом і гэтым, верагодна, тлумачыцца хуткасьць напісаньня прадмовы.
Разам з прадмовай ён падараваў мне свой новы раман “Кар’ер”, які толькі выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, з вельмі патрабавальным надпісам:
“Аляксандру Лукашуку з сардэчнай удзячнасьцю за ягоную прыхільнасьць да Праўды. Васіль Быкаў. 16.03.88.”
Гадоў праз пятнаццаць, на Дзень Перамогі, 8 траўня 2003 году, у Празе мы гулялі па Градчанах, у парку ля прэзідэнцкага палацу, дзе некалі хадзіў у садоўніках беларускі першадрукар. Калі колькі гадоў перад тым адкрывалі помнік Скарыну, прыехала афіцыйная беларуская дэлегацыя, маршыраваў прэзідэнцкі аркестр, выступаў мэр. Разам з намі стаялі старыя чэшскія дысідэнты з “Хартыі-77”, якія трымалі плакаты і час ад часу голасна патрабавалі вызваліць беларускіх палітвязьняў. Потым адзін з іх нахіліўся да мяне і спытаў, якое яшчэ патрабаваньне было б дарэчы. Я сказаў пра свабоду прэсы. Дысідэнты набралі паветра і дружна выгукнулі:
— Свабоду ціску ў Беларусі!
Чаго-чаго, а ціску беларускі друк (па-чэшску – tisk) зьведаў больш чым дастаткова... Быкаў слухаў аповед, усьміхаўся, быў цудоўны цёплы дзень, па алеях гуляла шмат людзей, квітнеў бэз, духмяны водар ішоў ад нейкіх жоўтых кветак. Некалі, гадоў ужо дзесяць таму, я спытаўся, што яго больш за ўсё радуе.
— Прырода.
Здаецца, прырода – адзінае, што не расчароўвала яго ніколі. Калі Быкавы пераехалі ў Прагу і з дапамогай чэшскай арганізацыі “Людзі ў бядзе” шукалі сталую кватэру, дык выглядала, што канчатковы выбар ня надта зручнага памяшканьня, які зрабіў В.У., быў абумоўлены перш за ўсё невялікім паркам па суседству, у дзьвюх хвілінах хады. Быкавы любілі гуляць у гэтым парку і часта ўзгадвалі яго.
Мы загаварылі пра літаратуру, і я спытаўся пра жанр прадмовы і яго адметнасьці.
— Пісаў, а як жа, – усьміхнуўся Быкаў. – Вось некалі напісаў аднаму журналісту для кніжкі “Зьдзек”...
— Ну, а аднаму генералу? Здаецца, міліцэйскі дэтэктыў – зусім ня Ваш жанр...
— Шмат пісаў, прасілі, – лаканічна адказаў Васіль Уладзіміравіч.
Быкаў выказаўся аб прадмове як аб характарыстыцы – часьцей за ўсё фармальная, але часам патрэбная, каб дапамагчы аўтару. Калі рыхтаваўся да друку апошні прыжыцьцёвы збор твораў (1992–1994), ён перагледзеў і ўключыў у 6-ты том толькі чатыры прадмовы. Уступнае слова да артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”, што зрабіла магчымым саму публікацыю, прадмову да кнігі Пазьняка “Сапраўднае аблічча”, уступ да кнігі Аляксандра Уліцёнка “Іншадумцы”, які я як тагачасны галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” папрасіў яго напісаць, і прадмову да майго “Зьдзеку”.
Відаць, апошняе ўступнае слова напісанае ім для кнігі афарызмаў журналіста радыё “Свабода” Сяргея Абламейкі ў сакавіку 2003 году. А за два месяцы да таго Васіль Уладзіміравіч паставіў подпіс пад адной прадмовай, калі можна так расьцягнуць паняцьце жанру, для аўтара гэтых радкоў. Я падаваў дакументы на стажыроўку ў Гарвардскі універсітэт – патрэбная была рэкамендацыя. Пасьля пералічэньня традыцыйных у такіх паперах заслугаў у тэксьце згадваліся і словы з той самай першай прадмовы, з якой некалі пачалося нашае знаёмства. Ад тых словаў захоплівае дух – мне падавалася і падаецца, што Быкаў быў занадта шчодры ў сваіх ацэнках, прынамсі да мяне.
У Гарвард я не паехаў, засталася копія ліста на бланку Беларускага ПЭН-цэнтру за подпісам Васіля Быкава. Даражэйшая за любы універсітэцкі дыплом у сьвеце.

2. Правільная гарэлка.

Дома ў Быкавых гасьцей заўсёды сустракалі гасьцінна. Калі я прыязджаў у Менск з Мюнхену, а пасьля з Прагі, абавязкова заходзіў у знаёмы чырвоны цагляны дом, падымаўся на дзявяты паверх, і заўсёды гасьцінныя гаспадары частавалі, і мы з Васілём Уладзіміравічам выпівалі па кілішку. Часам каньяк, часьцей гарэлку. На гатунак я не зьвяртаў увагі, захоплены магчымасьцю пагаварыць з гаспадаром, задаць яму пытаньні – пераважна пра літаратуру. Аднойчы, у сярэдзіне 90-х, Быкаў прыехаў у Прагу, мы стаялі побач на нейкім прыёме з налітымі кілішкамі, я зьдзівіў Васіля Уладзіміравіча пытаньнем, а што такое меніск?
Рэч у тым, што фантастычны расейскі пісьменьнік Венядзікт Ерафееў, аўтар паэмы “Москва-Петушки”, у адным інтэрв’ю расставіў сучасных пісьменьнікаў паводле прынцыпу “каму колькі наліў бы, калі б тыя зайшлі ў госьці”. Бялову ні кроплі, Астаф’еву 15 грамаў, Распуціну –100.
“Васілю Быкаву – цэлую шклянку з меніскам. А тым больш Адамовічу. А больш і няма каму,” – сказаў Ерафееў. Цікава, што ў першай публікацыі ў “Литературной газете” ў студзені 1990 году замест гэтага абзацу засталася толькі адна фраза: “А з сучасьнікаў адчуваю духоўную блізкасьць з магутным беларусам Васілём Быкавым”.
Праз пару гадоў быў надрукаваны поўны тэкст інтэрв’ю, які мяне і зьбянтэжыў. Я заўсёды думаў, што меніск – гэта нешта, што выскоквае ў футбалістаў у калене. Пры чым тут гарэлка? Быкаў засьмяяўся і кажа:
– Меніск – гэта выпукласьць лінзы, гэта я яшчэ з артылерыйскай вучэльні памятаю, калі прыцэлы вывучалі. А яшчэ гэта паверхневае нацяжэньне вадкасьці, наліць з меніскам – значыць наліць з горкай.
З таго часу я стаў пільна сачыць, якому гатунку аддае перавагу Быкаў: “Smirnoff”, “Absolut“, “Finlandia“... Логіка мая тут такая: Ерафееў, безумоўны аўтарытэт што да алкаголю, найвышэйшымі аўтарытэтамі для сябе лічыць Быкава і Алеся Адамовіча. Адамовіч, як вядома, ня піў, а Быкаў наліў мне, напрыклад, “Smirnoff”, значыць, якая найлепшая гарэлка?
Правільна. Тая, якую налівае Быкаў.

3. Любімая піца.

Мы сядзім у пражскай кватэры Быкавых, і Васіль Уладзіміравіч расказвае пра інтэрв’ю нямецкай газеце “Більд”, якое ён даваў, калі жыў у Франкфурце. Карэспандэнт доўга распытваў пра сітуацыю ў Беларусі, стан мовы, літаратурны працэс, гаварылі пра новую Еўропу і экзістэнцыялізм, давалі палітычныя прагнозы. Пры канцы размовы журналіст пацікавіўся, што пісьменьніку падабаецца з нямецкай кухні, як увогуле ён тут харчуецца.
– Я яму кажу: “Люблю піцу. Вось амаль штодня і гатую”.
– А якую? – загарэўся той.
– Піца-пэпэроні.
– А якой фірмы?
– “Доктар Откер”, іншыя.
– А як гатуеце?
— Купляю замарожаную, потым у мікрахвалёўку. Праз 15 хвілінаў гатовая.
Пасьля тузіну падобных пытаньняў і ўдакладненьняў госьць разьвітаўся. Праз колькі дзён выходзіць газета. На першай старонцы вялікі каляровы здымак: стаіць і ўсьміхаецца Быкаў з піцай у руках. Побач інтэрв’ю, у якім ні слова пра экзістэнцыялізм, сацрэалізм і білінгвізм, затое ўсе кулінарныя падрабязнасьці прыгатаваньня піцы ў хатніх умовах. (Так, пад сьмех слухачоў, расказваў гэтую гісторыю сам Васіль Уладзіміравіч – у газеце на здымку ён трымае свае дзьве выдадзеныя ў Нямеччыне кнігі, і ў тэксьце гаворка ня толькі пра італьянскую кухню).
Напрыканцы траўня пасьля працы я ехаў да Быкавых у адведкі і згадаў гэтую гісторыю. Спыніўся па дарозе ля італьянскага рэстарану і замовіў піцу-пэпэроні на вынас. Праз дваццаць хвілінаў кардонка з гарачай піцай стаяла на стале. Васіль Уладзіміравіч шчыра ўзрадаваўся і адразу сеў за стол. Ірына Міхайлаўна адмовілася ад сваёй долі і з цёплай усьмешкай глядзела, як Васіль Уладзіміравіч каштаваў свой, паводле “Більду”, улюбёны прадукт.
Гэта быў апошні раз, калі я бачыў Быкава, – праз два дні ён з жонкай адляцеў з Прагі ў Менск.

4. Дзьве ўсьмешкі.

Праз некалькі дзён пасьля пахаваньня Быкава я зноў быў у ягонай кватэры, і мілая Ірына Міхайлаўна, абяскроўленая непапраўным горам, але вонкава спакойная і прыязная, як заўсёды, разьбірала пісьмовы стол і прапанавала нешта на памяць. Гальштук, які Быкаў купіў у Нямеччыне, ягоная лінза, з якой добра было разьбіраць дробны шрыфт на леках, фотаздымкі ў двух экземплярах. У канверце ляжаў здымак: малады Быкаў і малады Салжаніцын. Зьлева Быкаў у цёмнай кашулі, побач сядзіць Салжаніцын у белай, абодва аўтары “Новага міру” бяз гальштукаў радасна глядзяць адзін на аднаго і, здаецца, зараз голасна расьсьмяюцца. Рэдкая абаяльнасьцю быкаўская ўсьмешка, на рэдкасьць вясёлы выраз твару ягонага калегі.
У той жа шуфлядзе – пажоўклая выразка з “Правды” з асуджэньнем Сахарава і Салжаніцына, сярод подпісаў – “В. Быкаў”. Некаторыя імёны падкрэсьленыя.
У 60-я і на пачатку 70-х Быкаў слаў Салжаніцыну віншаваньні з днём нараджэньня, атрымліваў ад яго запросіны на ўручэньне Нобелеўскай прэміі, якое мела адбыцца ў Маскве, Быкаў і Адамовіч былі адзінымі беларускімі літаратарамі, што паставілі свае подпісы пад салжаніцынскім лістом да зьезду пісьменьнікаў.
За апошнія дзесяць гадоў я зрабіў з Быкавым дзясяткі інтэрв’ю. Пераважна па тэлефоне, часам у студыі ці ў яго дома. Яны ўключаныя ў кнігу “Быкаў на “Свабодзе”. Але гутарка пра подпіс у кнігу ня трапіла, бо не гучала ў эфіры. Мы сядзелі ў тым самым ягоным кабінеце за нізкім столікам, напалову заваленым кнігамі, альбомамі, новымі часопісамі, і я спытаўся пра подпіс. Запісу на стужку я ня вёў і таму прыводжу адказ па памяці.
...Быкаў некалькі дзён быў у паездках, удзельнічаў у сустрэчах са слухачамі па лініі бюро прапаганды Саюзу пісьменьнікаў. Падчас чарговай сустрэчы на заводзе ў Магілёве раптам падышоў чалавек і перадаў, што Быкава тэрмінова просяць у абкам партыі да “вяртушкі” – так называлі начальніцкія тэлефоны сьпецсувязі. Званілі з ЦК КПБ – пільны клопат, яго ўжо другі дзень шукаюць, рыхтуецца важная публікацыя, і патрэбны ягоны подпіс. Быкаў сказаў, што не чытаў, падпісаць таго ня зможа і паклаў трубку. Праз паўгадзіны пачалася галоўная савецкая тэлепраграма “Время” – у паведамленьні пра ліст у сьпісе падпісантаў было прачытанае прозьвішча Быкава.
Быкаў пазваніў у Маскву даўняму знаёмаму пісьменьніку Сяргею Залыгіну, чыё імя таксама стаяла пад лістом. Той запрасіў Быкава тэрмінова прыехаць. Доўга думалі, што рабіць, каму скардзіцца. Знайшлі тэлефон дачы Мсьціслава Растраповіча, дзе быццам жыў Салжаніцын, але нумар не адказваў, маўчаў тэлефон ягонай будучай жонкі. Магчыма, трэба было пайсьці да замежных карэспандэнтаў, але Залыгін як больш спрактыкаваны масквіч гэтай ідэі не падтрымаў. Быкаў напісаў ліст у ЦК КПСС, сам занёс яго на прахадную і аддаў. Ніякага адказу ён ніколі не атрымаў і ніколі ня меў больш магчымасьці пагаварыць з Салжаніцыным, якога неўзабаве выслалі.
– Майго подпісу пад гэтым лістом няма, – сказаў мне тады Быкаў.
Я напісаў ліст Сяргею Залыгіну, які ў той час быў ужо рэдактарам “Новага міру”. Праз пару тыдняў прыйшоў адказ на афіцыйным бланку часопісу.
“Калі б Вы пабачылі арыгінал таго дакументу, дык уведалі б, што майго подпісу там няма”, – пісаў Залыгін.
Гэтую гісторыю я коратка пераказаў у газеце “Літаратура і мастацтва” ў сваёй прадмове да публікацыі працы вядомага гісторыка Роя Мядзьведзева пра “Архіпелаг ГУЛаг” у 1989 годзе. У тым самым годзе на сесіі Вярхоўнага Савету СССР Быкаў расказаў гісторыю свайго подпісу Андрэю Сахараву – пасьпеў расказаць, бо той самай ночы Сахараў памёр.
Быкаў вярнуўся да гісторыі з подпісам падрабязна, ува ўсіх дэталях у сваёй апошняй кнізе “Доўгая дарога дадому”. Там прыводзіцца парада сяброў, якія раілі не апраўдвацца, – каму трэба, усё зразумеюць. Такую параду Быкаў ужо аднойчы атрымліваў – пасьля публікацыі “Мёртвым не баліць”. Нядаўна сярод папераў Ірына Міхайлаўна знайшла тэлеграму з “Нового мира”. 8 кастрычніка 1969 году ў 17:10 тэлеграма адпраўлена з Масквы, у 19:11 атрымана ў Горадні. Я папрасіў дазволу перапісаць тэкст:
“Дорогой Василий Владимирович надеемся что вы не смущены новой попыткой обрушить на вас волну несправедливых упреков тчк будьте тверды тчк все минется правда останется обнимаем вас Твардовский Кондратович Хитров”.
Адносіны Быкава і Салжаніцына, напачатку вельмі прыязныя, ужо не аднаві­ліся, і ня толькі з прычыны сфальшаванага подпісу.
Але гэта было пазьней. Я аддаў чорна-белы фотаздымак, знойдзены ў стале Быкава, на павелічэньне.
Ён цяпер вісіць у маім кабінеце на сьцяне – радасныя, маладыя, прыгожыя твары з незабыўнай усьмешкай, – напэўна, так тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, усьміхалася сама Свабода.