12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксандр Лукашук

_____________________
Зкімбы – зымбы. Заўчасныя ўспаміны


У перакладзе з адной паважанай мовы “зкімбы” азначае “чаму б не напісаць пра сяброў”. Бо што толку чакаць радасную ці сумную нагоду, да таго ж невядома, хто будзе пісаць першым. Прынцып такі: з кім бы, калі што якое, хацеў апынуцца на выспе. Ці ў турме. Ці ў Парыжы.
Аказалася, з некаторымі па ўсіх гэтых адрасах – “зымбы”. У перакладзе – як дома.

Саша Б.

– Малады чалавек, я бываў шмат дзе і шмат з кім за сталом, але скажу – з такім прафесіяналізмам і годнасцю даўно не сустракаўся.
Мой сябар Аляксандр Б. атрымаў гэты камплімент у сярэдзіне 70-х у Мінскім матэлі, дзе, пасля заканчэння ін’язу, працаваў метрдатэлем у рэстаране. За сталом сядзела група замежнікаў, узнікла нейкая праблема, і Саша яе вырашыў. Звычайная сітуацыя – незвычайны быў чалавек, які даў яму такую ацэнку. Гэта быў перакладчык, як і Саша – але перакладчыкам ён быў у Сталіна, удзельнічаў у перамовах Рыбентропа з Молатавым, перакладаў савецкаму паслу Дэканозаву на сустрэчах з Гітлерам, шмат дзесяцігоддзяў працаваў у Міністэрстве замежных справаў СССР.
Валянцін Беражкоў, а так звалі дыпламата, бачыў Сашу некалькі хвілінаў – але вось сказаў тое, што сказаў, і падарыў сваю кнігу.
Мы пазнаёміліся ў канцы 70-х у гатэлі “Юность” на Мінскім моры, дзе я, таксама пасля ін’язу, працаваў экскурсаводам, а Саша – адміністратарам. Ён і яго жонка былі самымі незвычайнымі людзьмі, якіх я дагэтуль сустракаў. Размовы з імі дзейнічалі як наркотык. Мы гаварылі пра старажытных філосафаў, Біблію і Пікасо, пра савецкую ўладу і Дастаеўскага, фільмы Таркоўскага і таямніцы фатаграфіі.
Выключна сціплы і ненавязлівы, ён быў непахісны ў сваіх перакананнях і паводзінах. Выглядаў як баксёр лёгкага весу, яшчэ ў школе яго запрасілі гуляць у моладзевы састаў футбольнага клуба “Дынама”, але спартовая кар’ера не зацікавіла. У войску на яго спачатку, як на ўсіх навабранцаў, былі наехалі, але пасля першага футбольнага матчу ён стаў непахісным аўтарытэтам.
Саша быў класічным дысідэнтам па духу – выбіраў працу, каб як найменей сустракацца з калектыўнымі абавязкамі, сходамі, палітнінфармацыямі, грамадскімі нагрузкамі. Ён працаў 24 гадзіны за стойкай адміністратара, каб трое наступных сутак быць дома. Займаўся фатаграфіяй, і я спрабаваў пісаць тэксты да яго здымкаў, а ён рабіць здымкі да маіх тэкстаў.
Мяне вабіла журналістыка, падабаліся імпрэсіі паэтычнага кшталту, а Саша здымаў. Некаторыя мае тэксты з ягонымі фоткамі, напрыклад, пра школу-інтэрнат для адораных дзяцей імя Ахрэмчыка, перадрукоўвалі нават у Аўстраліі. Але бальшыня нашых паходаў у рэдакцыі сканчалася іначай.
У “Физкультурнику Белоруссии” нам замовілі нататку пра водны спорт. Хадзілі ў Інстытут фізкультуры, я размаўляў з плаўчыхамі, трэнерамі, фізіёлагамі, а Саша здымаў. У выніку тэкст нагадваў “Лаліту” Набокава, а ў газеце з’яўлялася фота з пашыраным подпісам.
У часопісе “Беларусь” нам вярнулі слайды і нарыс пра экзістэнцыйны стан госця сталіцы (назіранні за садомам і гаморай, у якія ператвараўся гатэль “Юность” пад час заезду камсамольскіх актывістаў) з парадай перадаць усё гэта ў міліцыю.
У “Вячэрнім Мінску” прапанавалі напісаць пра перадавіка. Я тады ўжо працаваў на электратэхнічным заводзе і прыняў параду ўсур’ёз. Нарыс пачынаўся так: “Я не ведаю ворагаў майстра трансфарматарнага ўчастка № 2. Спадзяюся, гэта вартыя ворагі”. Ну і гэтак далей. Фотаздымкі і тэкст нам са страхам вярнулі, непераканаўча патлумачыўшы, што для газеты гэта занадта добра.
Я мяняў працы, але працягваў ездзіць да Сашы, глядзець новыя здымкі, слухаць, спрачацца. Але сустрэчы рабіліся больш рэдкімі – агульныя знаёмыя з’язджалі ў эміграцыю, мяняліся адрасы і час.
Апошні раз я бачыў Сашу ў самым канцы 80-х. Ён зайшоў у рэдакцыю газеты, ветліва, з прыемнай усмешкай, слухаў мае захопленыя аповеды пра галоснасць, адкрыццё сталінскіх злачынстваў, пра інтэрв’ю “Свабодзе” і, як мне здалося, занадта стрымана спытаўся – нават не спытаўся, а неяк даў зразумець, што аптымізмам маім цешыцца, але не зусім падзяляе.
Саша з жонкай, такой самай інтэлектуальнай самотніцай і фатографам як і ён, купілі хату ў вёсцы і зусім абмежавалі свае кантакты са светам.
Больш я яго ніколі не бачыў. Дзве рэчы ў яго былі абсалютныя – сціпласць і годнасць.

Сяргей С.

У “Пастцы” Агаты Крысці, якая шла на сцэне магілёўскага драмтэатра, Сярожа іграў...
Не памятаю.
Бо пасля спекталя п’янка, на якой мы пазнаёміліся, працякала так бурна, што на наступны дзень я прачнуўся апоўдні ў незнаёмым месцы з даволі няпэўным уяўленнем пра тое, што адбывалася напярэдадні. Памятаю толькі, што чыталі вершы, спрачаліся пра магілёўскага “Гамлета”, а я чамусьці абзываў Леаніда Ільіча Брэжнева словамі, якія ніяк не пасавалі да звання “генеральны сакратар”. Гэта быў канец 70-х, багема была фрондай, і я, верагодна, не хацеў адстаць.
Потым Сярожа напісаў мне ліст, я адказаў – і наша сяброўства толькі ўмацавалася, калі група актораў разам з бліскучым рэжысёрам Юрыем Міроненкам пераехала ў Мінск у Тэатр юнага гледача. Фантастычная прэм’ера “Бэмбі”, якая ўзарвала тэатральны свет, сядзенне ў рэстаранчыку Дома актора, знакамітым “мутным воку” аж да прасвятлення чакры і адкрыцця трэцяга і наступных вокаў, начныя паходы па сябрах – аднойчы раніцай у сваёй аднапакаёвай кватэры я прачнуўся і пабачыў, што на падлозе, крэслах, пад сталом спіць ледзь не палова трупы...
Потым Міроненку забілі, Сярожа з’ехаў у Адэсу, адтуль у Маскву і пачаў працаваць разам з феерычным рэжысёрам Раманам Вікцюком, ставіць свае спектаклі на розных сцэнах. Я прыязджаў на яго прэм’еры, знаёміўся з новым колам яго актораў, драматургаў, мастакоў, паэтаў, мы ездзілі да яго знаёмых у госці, і яны рабіліся маімі сябрамі.
Аднойчы, на пачатку знаёмства, я паказаў яму п’есу, якую пісаў пра свае прыгоды ў інстытуце, што ледзь не скончыліся выключэннем. Пачатак яму спадабаўся, я натхнёна пачаў расказваць, як яе можна паставіць, вось такі ход...
– Ход?!! – Сярожу аж перакасіла ад прымітыўнага, чужога ягонай эстэтыцы, вульгарнага панятку – і як часта бывае, менавіта гэтая эмацыйная дробязь раптам прасвятліла мазгі і дапамагла ўсвядоміць каштоўнасць зусім іншага светаўспрыняцця.
У разгар галоснасці я прыехаў у Маскву, каб узяць інтэрв’ю ў былога проста сакратара ЦК КПСС Міхаіла Зімяніна. Спыніўся ў Сярожы, ён меў тады пакой у камуналцы на Кутузаўскім праспекце, насупраць дома, дзе была кватэра Брэжнева. Адтуль мяне і забрала спецыяльная “Волга”, якая вазіла гасцей на дачы крамлёўскай наменклатуры. Пасля інтэрв’ю, у якім гаспадар расказваў пра свае размовы з камуністам Берыя і крытыкаваў беспартыйнага спевака Высоцкага, яго жонка ўручыла мне невялікі падарунак. У пакоі ў Сярожы разгарнулі – у сярэдзіне было тры кавалкі туалетнага мыла. Якраз тады буяў мыльны крызіс, гэта быў страшэнны дэфіцыт.
– Усё,– рэзюмаваў мой сябра. – Раз ужо мыла дораць – усё, капец.
І праўда. Неўзабаве ляснула партыя, потым СССР, нас закруціла так, што я апынуўся ў Мюнхене, потым у Празе, а ён стаў галоўным рэжысёрам недзе пад Масквой, потым у Навасібірску, потым зноў вярнуўся ў Маскву...
Мы не бачыліся гадоў дзесяць. Я яго вельмі любіў і люблю.
Хоць адзін кавалак мыла ён у мяне тады забраў.

Аляксандр У.

Аднойчы раніцай, пасля беспакойнага сну, я прачнуўся і пабачыў, што ператварыўся з чалавека ў журналіста. Метамарфоза здзейснілася дзякую­чы Аляксандру У.
Пра рэпартажы я марыў яшчэ ў школе, але гэтая прафесія падавалася такой завоблачнай, што паступаць на журфак не наважыўся. Праўда, пад час вучобы ў ін’язе схадзіў ва ўніверсітэт, спісаў назвы падручнікаў, паводле якіх вучылі будучых майстроў пяра і мікрафона, узяў у бібліятэцы і тайна заканспектаваў.
Трохі друкаваўся, пачаўшы ў знакамітым літаратурным клубе “Пятница” у “Знамени юности”, рабіў перадачы для радыё, мяняў працы, і аднойчы знаёмая журналістка сказала, што ў “Звяздзе” яе знаёмыя шукаюць карэспандэнта.
Сустрэліся. Саша паслухаў, паглядзеў газетныя выразкі і даў першае заданне – напісаць пра чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі. Я паехаў дадому ў Брэст, знайшоў сітуацыю і чалавека, напісаў тэкст, які Саша скараціў удвая ці ўтрая і надрукаваў. Пасля яшчэ пары публікацыяў вырашыў, што можна паказаць мяне галоўнаму рэдактару.

Я надзеў польскі вельветавы касцюм-тройку канарэечнага колеру, югаслаўскую шоўкавую кашулю з балгарскім вязаным гальштукам, гэдээраўскія шкарпэткі з лайкрай, бліскучыя жоўтыя чаравікі, зробленыя ў Чэхаславакіі, і з’явіўся ў Дом друку.
Саша адразу зарыентаваўся і сказаў, што рэдактар прыняць у той дзень не зможа. І што наступны раз лепш, відаць, прыйсці не ў касцюме.
Як яму ўдалося пераканаць начальства ўзяць у штат чалавека без спецыяльнай адукацыі, без мінскай прапіскі, без партбілета, без вопыту працы ў друку, без блату, які да таго ж апранаецца як фарцоўшчык – я дагэтуль не разумею. Можа таму, што для Анатоля Апанасавіча Тоўсціка Саша, на той час самы малады і самы таленавіты супрацоўнік, ужо тады быў аўтарытэтам – што шмат гаворыць і пра рэдактара.
Без касцюма я прапрацаваў у газеце восем гадоў, і дагэтуль, калі рэдагую тэксты, успамінаю Сашавы ўрокі скарачэнняў, расстаноўкі абзацаў, выбару загалоўкаў, таямніцы вёрсткі. А таксама – яго ўнікальны дар вынаходзіць рубрыкі і думаць цыкламі, за ідэяй бачыць серыю ці нават кнігу. Нічога больш істотнага ў гэтай справе з таго часу я не ўведаў.
Ужо ў 1991-м, калі я працаваў у выдавецтве “Беларусь”, мы дамовіліся, што ён зробіць кнігу інтэрв’ю “Іншадумцы” – з тымі, хто тады ў Беларусі спрыяў пераменам. Кніга выйшла з прадмовай Васіля Быкава, выдавецтва вылучыла яе на Дзяржаўную прэмію, і Саша стаў лаўрэатам.
А адкрывала цыкл самае першае інтэрв’ю, якое Саша зрабіў са мной – у 80-я я ўдзельнічаў у розных нефармальных аб’яднаннях і акцыях, і мая галава прыцягнула дастаткова громаў і маланак, каб лічыць, што яна “думае іначай”.
Але, магчыма, зашмат іначай: галоўны рэдактар выдавецтва палічыў, што сярод сур’ёзных загалоўкаў тыпу “Перамога дэмакратыі непазбежная як смерць” не выпадае адкрываць кнігу гутаркай, якая называлася “І абавязкова – прыгожыя жанчыны!..” І дыктатарскай рукой, нягледзячы на супраціў аўтара і пярэчанні прынцыповых рэдактараў, бязлітасна выкінуў шчыраванні з гатовага макету.
“Абідна, панімаеш”, як казаў адзін герой папулярнага фільма, тым больш што галоўным рэдактарам быў я сам.
Але без касцюма сапраўды лепш. І не толькі прачынацца раніцай.

Сяргей Н.

Калі на Беларусь нападуць рускія, яны, як некалі немцы крычалі “Іван, здавайся!”, будуць крычаць “Сяргей, здавайся!”.
На іх месцы, як кажа адзін мой знаёмы святар, я не надта б на гэта разлічваў.
(Гэтак знаёмыя журналісткі прыехалі ў Прагу і іх пасялілі разам у шыкоўных апартаментах са шклянымі сценамі, але без фіранак. Яны занепакоіліся – ой, мы будзем пераапранацца, а ўсе будуць глядзець. Святар іх супакоіў: “На вашым месцы я б не надта на гэта разлічваў”).
Сяргеяў, якія не здаюцца, на момант, калі я пішу гэтыя радкі, у рэдакцыі працуе чацвёра: Сяргей А., Сяргей Д., Сяргей Ш. І, канечне, Сяргей Н.
Дэпутат незалежнасці, апошняга Вярхоўнага Савета БССР і першага парламента Рэспублікі Беларусь, каардынатар легендарнай апазіцыі БНФ, чалавек, які даў выспятка (літаральна) расейскаму палітычнаму клоўну Жырыноўскаму, адзін з кіраўнікоў Рады БНР, бліскучы журналіст...
Мы пазнаёміліся ў канцы 80-х, я паспрабаваў узяць яго на працу ў газету, але яго бацька, тады ўплывовы сакратар абкама, адмовіўся замовіць за яго слова начальству і дапамагчы з мінскай прапіскай, і нічога з маіх намаганняў не выйшла.
Сяргей неяк уладкаваўся ў “Вожык”, тут абвесцілі выбары – і яго вылучылі кандыдатам у дэпутаты ў Віцебску, дзе добра ведалі пра яго паспяховае змаганне супраць будаўніцтва АЭС. У Мінску таксама праходзілі сходы, і ў Доме друку супрацоўнікі тузіну рэдакцыяў вылучылі кандыдатам мяне. Сяргей старшынстваваў, але хоць ён і кажа цяпер, што ўсе пратаколы аформілі правільна, таварышы з райкама і райвыканкама, а потым пракуратуры патлумачылі акруговай камісіі, што гэта не так. У выніку ён стаў выступаць і галасаваць у Вярхоўным Савеце, а ў мяне ўтварылася шмат вольнага часу, і я стаў здымаць пра яго кіно.
І тут я проста надрукую фрагмент са сцэнарнай заяўкі на фільм “Дэпутаты”, напісанай два дзесяцігоддзі таму, у перадапошні год Савецкага Саюза:
“...Улада разбэшчвае. Новая ўлада разбэшчвае па-новаму? Упершыню за многія дзесяцігоддзі ненаменклатурнае пакаленне ў палітыцы: Віктар Ганчар, Сяргей Навумчык, Іван Герасюк, Валеры Курдзюкоў...
...Пакуль ніхто не ведае, як складуцца іх лёсы заўтра. Але яны ўжо ёсць, адбыліся, іх не выкрасліць з гісторыі перабудовы. Пачаўшы амаль аднолькава, з апазіцыі, крытычнага, часам яраснага адмаўлення сістэмы, павёўшы сваім прыкладам іншых, яны непазбежна працягнуць рух па розных траекторыях, аддаляючыся адзін ад аднаго, далёка адыходзячы ад заяўленых шляхоў і мэтаў, і нават, магчыма, у перспектыве – здрадзіўшы ім і сабе.
...Для Сяргея палітыка – адзіна магчымы шанец стаць свабодным у свабоднай краіне. У сярэднявечным ідэалагічным канцлагеры, якім адчуваецца яму навакольны свет, сказаць слова праўды публічна – ужо бунт, ужо паўстанне, ужо палітыка. Яго парламенцкую дзейнасць лепш за ўсе характарызуюць словы Васіля Быкава: “Сяргей з тых, для каго думка начальства нічога ў параўнанні з інтарэсамі народа, якія ён адстойвае, нярэдка ідучы на злом галавы, напралом...”
...Па абледзянелым у ілжы снезе крутых палітычных вяршыняў і бяздонных цяснін ён нясецца без гарналыжных галсаў, не скідваючы, а безразважна нарошчваючы хуткасць і сілу найкарацейшага руху да мэты. Яго шчырасць апякае як вадкі азот, ён можа не мець рацыі, але яго маналогі, пытанні, рэплікі, эмацыйныя выбухі ля мікрафона – не гульня, не імітацыя, а само жыццё, якое згарае, і іншага – няма.
...Кальцо адзінададзенага жыцця свайго кідаюць яны адважна ў грамападобны кіпень царскай водкі – палітыкі, і не загіне толькі золата”.
Мэту золатаздабычы тлумачыў апошні сказ сцэнарнай заяўкі: “Наша задача – заўважыць і захаваць яго, прыдасца на будучае пахмелле”.
Не ўпэўнены, што прадыктавала такую прадбачлівасць – глыбокае вывучэнне трох крыніцаў і трох састаўных частак марксізму ці непасрэдны досвед той раніцы, калі трэба было здаваць заяўку.
У кінастужку, якую мы з рэжысёрам Юрам Гарулёвым пачалі здымаць летам 1991-га, патрапіў і не прадугледжаны сцэнаром путч, і супраціў яму, які ўзначаліла парламенцкая апазіцыя, і ўздым “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга на Дом ураду.
У выніку фільм выйшаў пра пакаленне беларускіх палітыкаў, якое аказалася не толькі новым, але і адзіным.
А ад пахмелля лепш за ўсё дапамагаюць аповеды Сяргея пра 1991 і іншыя гады. Царская водка.

Сяргей Д.

Усе Сяргеі, якіх я ведаю, непадобныя адзін да аднаго, але некаторыя непадобныя больш за іншых.
Усё змяшалася ў разбоўтанай імперыі зла, і мне нечакана прапанавалі працу адразу ў трох цэнтральных выданнях: у часопісе “Огонёк”, “Комсомольской правде” і “Известиях”, уласным карэспандэнтам па Беларусі. Пасада – лепш не бывае. Прачнуўся, тапкі надзеў – і на працы, як казаў адзін калега. Сваё начальства далёка, мясцовае баіцца, рабі што хочаш – казка.
І тут Сяргей Д. пачынае выдаваць газету “Свабода” і просіць што-небудзь напісаць у першы нумар. Вясна 1990-га, у Беларусі Вандэя, баль цемрашальства, сталінскае крыло кампартыі і КГБ сцягваюць сілы для будучага путчу і складаюць спісы інтэрніраваных. А Сяргей у гэты момант запускае газету з назвай “Свабода” і шукае аўтараў.
А ад мяне чакаюць артыкула ў маскоўскай рэдакцыі. Але прапанова Сяргея падаецца больш цікавай, я прапускаю ўсе тэрміны, не адказваю на званкі з Масквы, і пішу нататку ў жанры дыялога з самім сабой, якую надрукуе “Свабода”.
Загаловак быў з сэксапаталогіі – “Прыапізм”, падзагаловак крыху швейны: “Абрэжам гузікі на галіфэ”.
Скарыстаюся момантам і надрукую цяпер другі раз.
“Сон: падыходзіць Берыя і пытаецца: што тут у вас адбываецца? Лаўрэнцій Паўлавіч, мы толькі цяпер даведаліся, што пяцьдзясят гадоў назад адбывалася. А што цяпер — гадоў праз пяцьдзясят уведаем...
– Са Сталіна сталі смяяцца. Чалавецтва са смехам развітваецца са сваім мінулым.
– Маркс спрошчвае. Мы рэдка развітваемся з мінулым са смехам. Не часцей, чым з болем, крыўдай, агідай. Самая частая эмоцыя — адсутнасць эмоцый. Абыякавасць — такі ж самы рухаючы фактар гісторыі, як інтарэс і секс.
– Але ці здольнае чалавецтва ўвогуле развітацца са сваім мінулым?
– Хіба манкурты — чалавекі? Мы не развіталіся яшчэ з племянным ладам. У пік развітога сацыялізму вучоны-этнограф па волі савецкага правасуддзя трапіў у лагер і вёў там назіранні. Сістэма ўзаемаадносінаў, іерархія каштоўнасцяў, табу, забабоны ўчарашніх будаўнікоў камунізму адпавядалі першабытнаабшчынным.
– Мінулае пры сацыялізме не мінае?
– Яно не мінае ніколі. Гэтую ісціну кожны зведвае на ўласнай скуры адразу пасля з’яўлення на свет, калі сталёвая іголка прапорвае эпітэлій і нам упырскваюць бацылы воспы, палачкі Коха і што там яшчэ. Так праяўляецца памяць чалавецтва пра пандэміі, якія спусташалі царствы і каралеўствы.
– Імунітэт альбо смерць — вызначае доза і якасць вакцыны. Якая патрабуецца сёння, каб засцерагчыся ад захворвання на сталінізм?
– Абстрактнае пытанне. Прышчэпкі робяць здаровым, а наша кроў перанасычаная прынцыпамі, якімі нельга паступіцца, мэтамі, якія апраўдваюць любыя сродкі, імунадэфіцытам дабрыні, культуры, маральнасці...
– Чакаць абнаўлення крыві?Але ў 1960-я ўжо чакалі: прыйдзе новае пакаленне, не рабы, і тады... Прыйшлі 70-я — і сталінізм пачаў адраджацца.
– У 1970-я якраз не прыйшло да ўлады новае пакаленне. Мы ператварыліся ў смярдзючы пролежань пад азадкамі верных ленінцаў першароднага сталінскага гарту: кар’еры Брэжнева і Суслава стартавалі якраз у 1937 годзе. А вядома, што, чаму і як усплывала наверх у 1937-м.
– Зараз тых няма, а маладых сталінцаў вунь колькі плавае наверсе.
– Гэта нармальна. У арганізме ўвесь час жывуць вірусы ўсякай халеры, і Сталін з намі, бо ён у нас. Мы робім іншым тое, што не хацелі, каб рабілі нам, і па замкнёным коле зло вяртаецца ўзросшым і магутным. Усе нашыя ворагі — смяротныя, барацьба непрымірымая, а дзеля перамогі за цаной не пастаім. Каб спыніць разгон зла і разамкнуць кола, ёсць толькі адзін сродак — “палюбіць ворагаў сваіх”.
– Гэта маральны падыход — і таму безнадзейны. Колькі існуе чалавецтва, чалавек лепшы не становіцца.
– А чалавецтва?
– Праблема сталінізму — перш за ўсё палітычная, і вырашаць яе трэба палітычнымі сродкамі.
– Аддзяляць палітыку ад маральнасці — гэта і ёсць сталінізм.
– Пакуль мы спрачаемся, яны...
– Зноў: мы — яны, вораг — сябар!.. Мы – гэта яны. Гэта дыктуе спосабы любві. Яна павінна быць цывілізаваная хаця б настолькі, наколькі гэта даступна партнеру. Таму для пачатку ёсць прапанова расшпіліць ці, каб было ім больш зразумела, абрэзаць гузікі на сталінскім галіфэ, каб семя яго змагло аб’яднацца ў партыю і афіцыйна зарэгістраваць яе, пладзіць свае газеты, часопісы, кнігі, праводзіць мітынгі, дэманстрацыі, паказальныя суды...
– Усё гэта яны маюць і робяць цяпер, толькі ў зашпіленых штанах пад выглядам сакратароў абкамаў, ветэранаў, афганцаў, інтэррухаў і ўсякіх іншых жансаветаў.
– Дапаможам ім агаліцца, і такі стрыптыз не пахісне грамадскую мараль, бо ўсе іх органы зататуіраваныя партрэтамі генералісімуса, а гэты сэкс наўрад ужо зацікавіць многіх. Свабоднае адзенне — самая антысталінская форма. У дэмакратычных грамадствах гэта даўно зразумелі. У ФРГ дзейнічаюць неанацысты, у ЗША — камуністы.
– І што?
– Прыапізм. Так у медыцынскай энцыклапедыі называецца працяглая паталагічная эрэкцыя пры адсутнасці сэксуальнай цягі, палавы акт пры гэтым адбываецца без аргазму і эякуляцыі. Апісаны выпадкі прыапізму псіхічнага паходжання адначасова ў групы асоб.
– Дзіўна, чаму гэты тэрмін дагэтуль не ўключаны ў гістарычныя энцыклапедыі. Без яго ўвогуле немагчыма растлумачыць шэраг айчынных паняццяў, з’яваў і асобаў.
– Дапаможам прыапістам!”

У выніку пасільнага аказання гэтай дапамогі я патрапіў не ў Маскву, а на “Свабоду”, праўда, у Мюнхене.
Потым Сяргей рэдагаваў некалькіх маіх кніжак, але адносіны аўтара і рэдактара – рэч інтымная, і я не збіраюся тут выцягваць на свет залітыя чарніламі, абгарэлыя як пасля ўдара маланкі, перасыпаныя радыёактыўным попелам, раздзёртыя на ашмёткі прасціны, на якіх нараджаецца кніга. Скажу толькі адно: калі б ён рэдагаваў гэты тэкст, дык нават я б зразумеў, дзе ў сказе пра проста непадобных Сяргеяў і Сяргеяў непадобных больш за іншых сканчаецца Талстой і пачынаецца Оруэл.
Яго рэдактарскі ўплыў часам сягае далёка за межы тэкста. І гэта не пустая гіпербала. Мянялі пашпарты, і па-ангельску я сваё імя мог запісаць “Alexander”, але ўспомніў Сяргея і вырашыў даць максімальна беларускі варыянт, які б ухваліў рэдактар: “Aliaksandar”. Так у мяне цяпер ва ўсіх дакументах і запісана, і гэтая версія ставіць у тупік не толькі Google .
Я працаваў дырэктарам Радыё Свабодны Афганістан, прылятаю ў Кабул, праходжу павольны, як вярблюжы караван, кантроль, памежнік глядзіць на мяне, потым у пашпарт, потым зноў на мяне і ў пашпарт, кліча начальніка, той таксама глядзіць і раптам расплываецца ва ўсмешцы:
– Алі! Прахадзіце, Алі-джан!
А ў аэрапорце ў Вашынгтоне тое самае, толькі з дакладнасцю наадварот:
– Алі?.. Прайдзіце з намі...
І я пачынаю расказваць пра Сяргеяў, якія ўсе непадобныя адзін да аднаго, але некаторыя, далібог, непадобныя больш за іншых.

Валянцін Ж.

Прыйшоў у госці Валік і загаварыў па-руску. Я здзівіўся, а ён кажа:
– Баюся забыцца.
Праблемы з памяццю ў маладых людзей у Мінску ў канцы 80-х калі былі, дык цалкам дыяметральныя.
За некалькі гадоў сумеснай газетнай працы ў адным кабінеце я не чуў, каб з наведнікамі ці па тэлефоне ён размаўляў па-руску. Ён не быў палітычным ці прафесійным беларусам – не ўваходзіў у суполкі, партыі, рухі, не пісаў вершы ці раманы, сябраваў пераважна з суседзямі ў інтэрнаце для будаўнікоў, куды яго дзеля сталічнай прапіскі ўладкавала рэдакцыя.
У адрозненне ад мяне, ён быў сапраўдны журналіст: з чырвоным дыпломам скончыў універсітэт і яго адразу ўзялі на працу ў Дом друку.
Я нядаўна прачытаў кніжку аднаго псіхолага, дзе ён расказвае пра надзвычай цяжкі пералёт: самалёт кідала, трэсла, пасажыры маліліся, плакалі, ванітавалі, толькі яго сусед, зусім малады хлопец, сядзеў абсалютна спакойны і з цікавасцю глядзеў па баках. Калі селі, псіхолаг з павагай кажа – ну і палёцік, праўда? А той крыху сарамліва пытаецца: скажыце, а гэта ўвесь час так у самалётах? Я першы раз ляцеў, дык не ведаю...
Здавалася, што Валік Ж. быў адзіны чалавек у краіне, які не ведаў, што бывае іначай. Друкавацца ён пачаў яшчэ ў школе, у якую са сваёй гарадзенскай вёскі штодня выходжваў шэсць кіламетраў у адзін бок і потым назад. У школе матэматыку, біялогію, астраномію выкладалі так, як усе гаварылі навокал. Яго друкавалі ў раённай газеце, у абласной, рэспубліканскай, а ўсесаюзная “Пионерская правда” ўзнагародзіла яго пуцёўкай у Артэк. Аднак у Крым паехаў сын сакратара райкама партыі.
Неяк у школе яго дачцэ далі заданне напісаць сачыненне на тэму “Чаму я хачу ўступіць у піянеры”. Яна напісала, чаму ніколі не ўступіць:
– бо ведае пра Катынь і прадзеда, які загінуў у форме польскага войска,
– бо бабуля расказвала, як уступалі ў калгас,
– бо замест бацькі ў Артэк паехаў піянер – сын сакратара райкама.
Самае цікавае, што сачыненне атрымала дзясятку, найвышэйшую адзнаку. Праўда – яна і ў піянераў праўда.
У 90-я Валік стаў адным з самых паважаных беларускіх журналістаў, затым перайшоў з дзяржаўнай прэсы ў прыватную, працаваў намеснікам рэдактара ўплывовага дзелавога штотыднёвіка, які выходзіў па-руску. Мы працягвалі сустракацца, калі я прыязджаў у Мінск, ён запрасіў мяне ў хросныя да сваёй першай дачкі, якая потым не ўступіць у піянеры, а я праспаў – яны грукалі-грукалі ў дзверы, і паехалі ў касцёл без мяне. Я не чуў і дагэтуль мне сорамна, і не толькі за гэта.
На пачатку новага стагоддзя я прапанаваў яму ізноў працаваць разам – узначаліць карпункт радыё. Валік падзякваў і адмовіўся. Я званіў, угаворваў, мяне вельмі прыцягваў яго прафесіяналізм, надзейнасць, уменне працаваць з людзьмі. Умовы былі добрыя, мова беларуская, нашы асабістыя адносіны – лепш не бывае. Але ён казаў, што не можа кінуць газету, бо абяцаў там працаваць, і хоць не супраць, але мае свае абавязацельствы, шкадуе, але не можа. Я нічога не разумеў.
Мяне мучыла гэтая загадка, я перабіраў усе варыянты, нічога не знаходзіў, зноў званіў, ён зноў адмаўляўся – пакуль аднойчы ўначы я не прачнуўся ад ашаламляльнай здагадкі:
Валік – агент КДБ. Яго нейкім чынам, прымусам ці як, завербавалі, і цяпер ён свядома адмаўляецца ад прапановы працаваць разам, каб не даносіць на мяне.
І я заплакаў. Ад нечаканасці, ад роспачы, ад бяссілля, ад злосці, ад нянавісці да тых, хто вырабіў такое над маім сябрам. (Вось і цяпер – пішу, і слёзы выступілі. Сентыментальныя нататкі).
Поўная ступень майго ідыятызму высветлілася, на шчасце, даволі хутка: рэдакцыя той газеты дапамагла яму купіць кватэру, і за гэта ён сапраўды мусіў адпрацаваць пэўную колькасць гадоў.
Ён проста казаў праўду, як тады з рускай мовай.
Проста праўду.
Проста.

Генадзь М.

Пасля віскі галава не баліць.
Кожны раз гэтае філасофскае назіранне Генадзь М. робіць з інтанацыяй: неверагодна, але магчыма і, значыць, неабходна. Гэта мінімум на адзін ўзровень вышэй за Гегеля, які лічыў рэчаіснасцю проста адзінства існасці і існавання, якое стала непасрэдным.
Непасрэдна мы пазнаёміліся ў выдавецтве “Беларусь”, куды дырэктар, Валеры Дубоўскі, запрасіў мяне на пасаду галоўнага рэдактара (пасля звальнення з газеты я быў беспрацоўным). Дубоўскі быў смелы і энергічны менеджар, любіў рызыкаваць, заключаў неверагодныя кантракты з нечаканымі партнёрамі, ваяваў з начальствам, рабіў рэформы, спрыяў моладзі, і Гена быў галоўным мастаком.
Але паколькі гучна гаварыць ён не ўмее, дык я даволі доўга думаў, што галоўныя ў мастацкім аддзеле зусім іншыя людзі. З Генавай існасцю разабраўся толькі пад час путчу ў жніўні 1991-га, калі ён дапамог зрабіць спачатку ўлёткі, а потым адразу паставіў свой подпіс пад патрабаваннем прыбраць партарганізацыю з выдавецтва.
Пазней я ўведаў, што Гена быў ад пачатку ў легендарнай “Майстроўні”, усё жыццё гаворыць па-беларуску і займаецца самым бесперспектыўным відам мастацтва – каліграфіяй. Што гэты від самы бесперпектыўны, я думаў да таго часу, пакуль яго працамі не сталі адкрываць міжнародныя выставы і здымаць на тэлебачанні.
Ён аформіў сотні кніг, альбомаў, атрымаў кучу ўзнагародаў, і віртуоз беларускай мовы Рыгор Барадулін прысвяціў яму верш, які назваў на ўсякі выпадак па-лацінску: “Mater atrium necessitas”.

Маці ўсіх мастацтваў – неабходнасць.
Неабходна рупіцца,
Каб жыць.
Неабходнасць змусіць верагоднасць
Да задумы плён прываражыць.

Atrium насамрэч не мастацтва, а вынаходства, але як трапна адзначае народны паэт, змусіць верагоднасць, калі неабходна, Гена сапраўды можа.
Шматразовы лаўрэат і сябра розных сумнеўных арганізацый не толькі паэт, але яшчэ і празаік Уладзімір Арлоў зайшоў яшчэ далей: на адкрыцці персанальнай выставы каліграфіі заявіў, што толькі Генадзь ведае, якая літара беларускага альфабэта – самая эратычная. Дык Гена інтэрв’ю дагэтуль дае.
Ёсць яшчэ адна галіна, дзе ён мае аўтарытэт ад Улан-Батара да некаторых запаветных мясцінаў лідскага Панямоння ўключна. І гэта не каліграфія.
Паплылі мы з Генам неяк па Нёмане на лодцы. Як людзі разумовай працы, плылі ўніз па цячэнні, дзе кіламетраў праз дзесяць, на спецыяльна абсталяванай для культурнага адпачынку пляцоўцы пад дубам на беразе нас мусіў чакаць гаспадар лодкі з ужо гатовай юшкай.
Гаспадара звалі Юрам, і напярэдадні ўвечары, калі мы адзначалі пачатак адпачынку ў яго сядзібе пляшкай віскі, ён расказаў пра экзістэнцыйны выпадак са свайго жыцця. Паляцеў зімой на адпачынак у Егіпет, у Хургаду, і тур быў – “усё ўключана”. Юра вярнуўся як прыстукнуты:
– Не магу зразумець іх бізнэс. Я там на адным віскі ўсю паездку адбіў. У чым сэнс?..
Гена спытаўся, ці закусваў ён. Дык усё ж уключана, сказаў Юра.
– Віскі не закусваюць, – сказаў Гена.
Ад такога ўдару па здаровым сэнсе Юра крыху ачомаўся, толькі калі ўведаў, што Гена – мастак і ў Егіпце ніколі не быў. Але ачомаўся не надоўга – бо высветлілася, што Гена быў у Манголіі. Там выпіў мангольскага віскі ў бары ў гатэлі і пайшоў у нумар, а потым узгадаў, што шапку забыўся. Вяртаецца – усё разгромлена, мэбля паламаная, люстэрка разбітае, і галаўнога ўбору няма. Не ўпэўнены, праўда, ці ў такой паслядоўнасці ўсё адбывалася. Але змусіў верагоднасць – і неабходнае знайшлося.
У выніку Юра Гену моцна запаважаў і далей размовы пра верагоднае вёў выключна з ім. А са мной гаварыў толькі пры неабходнасці, напрыклад, калі не было рэшты са ста тысяч: вазьмі яйкамі. Навошта мне яек на 95 тысяч – але аказалася, што столькі каштуе адно яйка, праўда, страўсінае.
Дык каб скончыць пра юшку, якая пачалася з прабачэнняў: меліся сядзець пад дубам, а давялося пад сасной. Якраз перад намі тапельца вылавілі, прыехала міліцыя, цела паклалі на стол для культурнага адпачынку.
– Я падумаў – там няёмка будзе, ты ж, Генадзь, мастак, – казаў Юра. І тлумачыў: – Ён яшчэ зімой патапіўся, ніякага віду.
Гена не пярэчыў. Тым больш, што шапку не вылавілі.
А яйка гэтае потым у Мінску чатыры чалавекі электрадрэллю свідравалі, і яечню тыдзень даесці не маглі.
Тут ужо нават Гена не здолеў верагоднасць змусіць. Не закуска гэта для віскі. Існасць не тая.

Уладзя А.

– Слухай, Алесь, – кажа Ўладзя.
І далей трэба не слухаць, а запісваць, бо заставацца адзіным слухачом было б дзеяннем антылітаратурным, хоць і прадугледжаным некаторымі артыкуламі крымінальнага кодэксу.
Словамі, канечне, усё не перадаць, як справядліва гаворыцца ў адной рэкламе інтымных паслугаў.
Вырашылі мы неяк з Уладзем А. і Генадзем М. праінспектаваць беларус­кія этнічныя землі, а канкрэтна Смаленск. Гаварылі ўсюды па-беларуску, але, як высветлілася, там справа не ў гэтым.
На ўваходзе ў Свята-Успенскі сабор са знакамітым абразам “Адыгітрыя” стаіць чорная “Волга” з не менш знакамітым нумарам “00-07” – аказалася, належыць мясцоваму епіскапу.
– І якое ў яго званне, генерал? – цікавіцца Ўладзя ў служкі, і мы хутка апынаемся на ганку.
Пайшлі ў мастацкі музей – аказваецца, гэта не музей, а ізноў культавы будынак, проста вывеску не паспелі зняць. Ідзе рамонт, за якім даглядае маладая манашка з мабільным тэлефонам у руках. Расказвае пра цяжкасці паслушэнства ў недабудаваным манастыры, які суседнічае з цагляным шматпавярховым домам з пустымі ваканіцамі.
– Называецца той дом “Смерць камунізму” – тлумачыць яна. – За саветамі хацелі пабудаваць, каб быў вышэйшы за царкву, але ніяк не маглі скончыць. Бог не даў. Збіраюцца там алкашы ды наркаманы. Наколюцца, а потым падаюць з даху. Раніцай выйдзеш на ганак – труп ляжыць. Нядобрапрыстойна.
Тут Уладзя кажа: можна пытанне задаць? І задае:
– А можна вас пацалаваць?
Адказ мы чуем яшчэ на ганку.
Мастацкая галерэя на цэнтральнай смаленскай вуліцы ўжо закрываецца, але ўважліва агледзеўшы трох візіцёраў, гаспадыня, дама ў скураных штанах, срэбных бранзалетках і бурштынавых пацерках адчыняе дзверы. Праз паўгадзіны мы ўжо адкаркоўваем віно ў яе кабінеце, потым з’яўляюцца яшчэ дзве сяброўкі, дама чытае вершы, сяброўкі вось-вось заспяваюць і надыходзіць час выбару – альбо ўцякаць альбо далей праводзіць этнічную інспекцыю. Выбіраем першае, але аказваецца, што дзверы ўжо замкнёныя.
І тут на Ўладзю находзіць натхненне і ён чытае свой верш пра Заратустру і дзеўчыну, якую ціскаў за новаполацкай школай № 2, і якая потым ці то ўтапілася, ці то замуж выйшла. Верш сканчаецца наступнай высновай:

Можа вось гэта: адны паміраюць зарана,
Ну, а другія запозна... адкрыецца рана
У памяці соннай знячэўку: філосаф засраны!
Як яе клікалі? Аня, Ганулечка, Ганна!

– Дзеля рыфмы чалавека не пашкадуе,– тлумачыць полацкае ніцшэанства Гена. І мы ўжо на ганку.
У цягніку па дарозе назад у вагоне-рэстаране, пасля таго як спустошаны ўвесь чыгуначны запас чылійскага, аўстралійскага і паўднёва-афрыканскага віна (гэта толькі гучыць рамантычна, было ў іх усяго тры бутэлькі), адкрываюцца дзверы і заходзяць беларускія спецназаўцы ці амапаўцы – чатыры байцы ў чорнай форме, кожны пад сто кіло, і сядаюць за суседні столік. Гэта іх аўтастоп – ад Оршы да Мінска.
Уладзя паведамляе ім навіну:
– Жыве Беларусь!
– Жыве,– пасля паўзы пацвярджаюць двое з квартэту.
І мы ізноў на ганку. Чырвонае ўсё адно скончылася.

Вячаслаў Р.

Слава Р. – чалавек-шампанскае. Хоць, калі ўзяць у яго аналіз крыві ў любой еўрапейскай сталіцы, дык гэты будзе аналіз піва.
У Празе яго ведаюць усе бармэны на Вінаградах, дыск-жакеі на дыскатэках, гардэробшчыцы ў саўнах. Адзінае, што ён, бліскучы тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўца, былы сябра рэпертуарнай калегіі мінкульта і супрацоўнік акадэміі навук, ніколі не робіць у Празе – не ходзіць у тэатр.
Верагодна, таму, што спекталі, якія граюцца ў барах начной Прагі, даюць магчымасць праявіцца яго першай прафесіі – актора, якім ён пачынаў у тэатры юнага гледача.
Не ведаю, ці граў ён катоў у ботах альбо без, але дар трагіка, безумоўна, прысутнічае ў яго драматычных сутыкненнях з былымі савецкімі грамадзянамі. І горш за ўсіх дастаецца пэўныму тыпу, якога ён называе “рюскі”.
Слава выбухае як батарэя шампанскага, эмоцыі б’юць у столь, аргументы рыкашэцяць аб сцены, келіхі зносіць са сталоў, пена валіць праз форткі на вуліцы, і ўсе прыгінаюцца, каб не зачапіла асколкамі.
Аднойчы ў яго зазваніў мабільны тэлефон – кватэру затапіла, спрацавала сігналізацыя, і мінская міліцыя, якая прыехала па трывозе, зрабіла кантрольны званок перад тым, як ламаць дзверы. Пэўная нязручнасць палягала ў тым, што Слава ў гэты момант стаяў на беразе Адрыятычнага мора ў плаўках і збіраўся даць нырца. (Так расказвае Гена, які быў побач, і хоць я ніколі не бачыў, каб у моры плавалі з тэлефонам, у гэтым выпадку веру).
Кошт роўмінга ў Італіі, пакуль ён вёў перамовы з аховай, перавысіў кошт новых дзвярэй. Але асноўны ўдар на сябе прыняў у той дзень бюджэт невялікага гатэля, дзе віно да вячэры падавалася па прынцыпе “ўсё ўключана”. Больш туды нікога з Беларусі не селяць.
Ён быў у складзе першай рады Фонда Сораса ў Беларусі, у ліку першага набору выкладчыкаў коласаўскага ліцэя ў Мінску, першым з аўтараў “Свабоды” выдаў тры кнігі сваіх перадачаў, потым стаў здымаць кіно, пасля чаго яго занесла аж у Галівуд. Што ён зробіць наступнае, не ведаю – можа, прыедзе ў Прагу і сходзіць на спектакль.
Слава, тут у тэатральных буфетах ёсць разліўное піва. Праздрой.
Двакрат!

Ян Б. і Стэфан Б.

“Прысвячаецца чалавеку, які навучыў мяне, як жыць у СССР”, –
так падпісаў мне сваю першую кнігу мой бельгійскі сябар Стэфан.
Я нават не паспеў паслаць гэты надпіс у які-небудзь камітэт, дзе за розныя заслугі даюць, напрыклад, права на бясплатны праезд, як СССР ляснуў і ўся мая навука пайшла кату пад хвост. (Я маю на ўвазе, канечне, не той камітэт, які забяспечваў бясплатным праездам аж на крайнюю поўнач. Там, верагодна, і так ведалі). Цяпер ужо, баюся, не ацэняць мае заслугі кантралёры нават у тым адзіным месцы, дзе правільна прачыталі б маё прозвішча як надрукавана ў кнізе: Sasja Loekasjoek.
Калі ёсць у Еўропе краіна больш загадкавая і недарэчная за Бела­русь, дык гэта Бельгія. Там мала што дзве дзяржаўныя мовы, дык яшчэ й ніводная з іх не бельгійская, мала што насельніцтва як у Беларусі, але бельгійцам па нацынальнасці можа лічыцца толькі адзін чалавек, дый той – кароль, мала што ў Бруселі паставілі еўрапейскі рэкорд жыцця без начальства (больш за год не маглі абраць урад), але пры гэтым першым прэзідэнтам Еўразвяза стаў грамадзянін Бельгіі.
Такім чынам, нічога дзіўнага , што ў сярэдзіне 80-х Ян і Стэфан з Антверпена паехалі ў Мінск вывучаць рускую мову і спадарожную навуку піць усё, што еўрапейцу смерць, а журналістам здорава.
У выніку абодва сталі тэлезоркамі і свяцілі з Масквы, Вашынгтона і Пекіна, Мінска, Белграда і Кабула, з усіх куткоў СССР ад пачатку галоснасці да сённяшніх дыктатураў. Я дапамагаў ім са здымкамі на розных дэманстрацыях, мітынгах, блакадах і іншых палігонах дэмакратыі, а таксама ў згаданай вышэй спадарожнай навуцы.
Усё гэта адбывалася да Інтэрнэта, калі працягласць жыцця журналісцкага слова ў эфіры можна было адэкватна апісаць лексікай яшчэ старажытнага Рыма – verba volant.
А scripta, адпаведна, manent – і намовіць Стэфана пісаць кнігу было не так і цяжка, тым больш, што застольнае кола супадала з прафесійным.
У загаловак была вынесеная магічная формула, якая вырашала ўсе нашыя праблемы ў чыгуначных касах, аэрапортах, рэстаранах, тэатрах, гатэлях і іншых месцах, дзе чалавек сустракаўся з савецкай уладай: “Нельга але можна”.
Загаловак сам быў сваёй ілюстрацыяй: ад адсутнасці коскі розум за розум заходзіў не толькі ў карэктараў і не толькі ў Беларусі. Фламандская мова, на якой пісаў аўтар, таксама супраціўлялася як магла, але аказалася бяссільнай перад праўдай жыцця – кніга там выйшла пад назвай “Niets is mogelijk alles kan”.
Замест далейшых лінгвістычных даведак я дам тут сваю прадмову менскага выдання, якую з уласцівым мне лаканізмам назваў “Калі нельга”:
“Ззаду рознакаляровае рознагалоссе Брусельскага аэрапорту, вый турбінаў, ледзяное сонца ў ілюмінатары, і ашалелыя шасі ўжо рэжуць бетон якой-небудзь новай сталіцы і пачынаецца праца – горкі прысмак, калі цэнтральная рэдакцыя спачатку не верыць твайму прадчуванню, што ў Пекіне вось-вось нешта адбудзецца, і ты адлятаеш з Кітая за некалькі гадзінаў да пабоішча на Цянь-ан-мыне, потым пралом у Берлінскай сцяне, аксамітная рэвалюцыя ў Празе, растрэл Чаўшэску, сарваны голас аператара ў разгромленай Віленскай тэлевежы, лёгкі халадок ля сэрца, калі танкі ідуць па маскоўскай маставой на цябе і Яна, ці калі сербская артылерыя б’е па Сараеве, адкуль ты вядзеш чарговы рэпартаж пра чарговае перамір’е, і зноў Масква, Ерэван, Талін, ашалелая шкала дазіметра на радыёактыўным полі пад Магілёвам, гонкі са знятым матэрыялам у студыю, ліхаманкавы, да секунды дакладны мантаж, а потым вясёлая шчодрасць, і шаблі, і шампанскае, і піва, і лікер д’Антверп, і канечне, водка – з усяго гэтага зроблена твая кніга, але не толькі з гэтага, бо ты журналіст, і гэтая прафесія не проста частка твайго жыцця, а ўсё жыццё.
Твая Бельгія – найлепшае ў свеце каралеўства, і з каралём мы сябруем, прынамсі, кожны трэці ці пяты тост п’ем за яго здароўе, і гэта ўжо немалая лічба, і Ягоная Вялікасць, калі ўведае, чым-небудзь нас узнагародзіць, хоць мы п’ем зусім не дзеля манаршай ласкі, а таму, што чаму не, калі сустрэліся.
Першая сустрэча адбылася ў Маскве, у гатэлі “Расія” (які тады яшчэ стаяў на Краснай плошчы), ты і Мікі прывезлі мне запросіны ў Антверпен ад Яна, гэта было пасля землятруса ў Арменіі, які гэта быў год – канечне, 1988, і я расказваў пра свае два тыдні ў Ленінакане, прасякнутыя салодкім трупным смуродам, які расцякаўся з-пад руінаў панэльных дамоў, і высветлілася, што ты таксама там быў, і мы ізноў узялі гарэлкі ў буфеце для інтурыстаў, а потым яшчэ раз, і яшчэ, і па шляху на вакзал перад Крамлём, дакладна насупраць цэнтральнай літары “Н” у імені на багровым маўзалеі я спыніўся, не ў сіле трываць, і апаганіў памяць правадыра сусветнага пралетарыяту, прыгаворваючы з палёгкай “Вось вам за Ленінакан, за Сталінакан, за Брэжнеўакан”; партыя ў той час была яшчэ ў сіле і вяла бурную барацьбу за цвярозасць – норму жыцця, і калі б міліцыя апынулася паблізу, справа не скончылася б, як для Матыюса Руста, вызваленнем “з меркаванняў гуманізму”, але ўначы неяк мярзотна пахаладала і сяржанты, верагодна, таксама недзе грэліся чым-небудзь вадкім.
Трагедыя журналістыкі ў тым, што яна нараджаецца, каб памерці, яе творы жывуць адзін дзень, адну гадзіну і менш, бо каму трэба ўчарашнія навіны, пытаўся я гасцей у рэстаране “Максім Горкі” ў цэнтры Антверпена на прэзентацыі тваёй кнігі, і гэтыя развагі ветліва слухалі хлопцы з выдавецтва “Крытак”, якія выпусцілі кнігу як маланку, за два месяцы, дзясяткі журналістаў, дыпламаты, і твая маці, і ваш старэйшы сябар Гіда, гаспадар дома, дзе вы з Янам жылі, і наша знаёмая афіцыянтка Таня, бельгійка з расейскай арыстакратычнай сям’і, якая працавала ў гэтым дзіўным месцы “а-ля рюс”, і адзін нелегал з Мінска, які мыў там посуд, толькі Яна, нашага найлепшага сябра, не было з намі, бо ў Маскве ішоў чарговы з’езд і трэба было рабіць рэпартажы пра лёс дэмакратыі, але Мікі і твой першы сын Ганэс былі, а кніга для мужчыны тое самае, што дзіця для жанчыны, пераконваў я Мікі, але яна моўчкі ўсміхалася і слухала сябе, дакладней, Мілана, які спазніўся на прэзентацыю і нарадзіўся, калі дадрукоўвалі трэці ці чацвёрты наклад гэтай кнігі, але пакуль шум у літаратурнай рэстарацыі, падобнай да булгакаўскага “Грыбаедава”, нарастаў, нейкі кавалер навязліва цікавіўся, ці не выдадуць у Белай Русі яго белагвардзейскія мемуары, Таня падносіла гарэлку ў запацелых шкаліках і піла з намі, і белагвардзеец піў, і ўсе пілі, і раптам з балалайкай у руках чортам выскачыў русафіл-гаспадар “Максіма Горкага”, ірвануў струны і на поўныя грудзі закаціў: “Оч-чи черные, очен к-красные!..”, і мы ледзь не памерлі на месцы ад смеху.
У Мінску адзін ідыёт, загадчык аддзела ЦК, заявіў, што я ездзіў у Бельгію “па інструкцыі”, і з таго часу любую высакародную вадкасць мы называлі інструкцыяй; пра інструктаж ніколі не забываліся, але больш за ўсё я запомніў першы прыезд у ваш з Янам і Гіда дом, дзе на ўсіх трох паверхах, на сталах, паліцах, падваконні стаялі пустыя бутэлькі, кардонныя ўпакоўкі з-пад віскі, а пад лесвіцай ляжала піўная бочачка, і мая жонка ціха пыталася, куды мы патрапілі, а проста ў доме напярэдадні была традыцыйная жнівеньская вечарынка, на якую прыйшло пад сотню гасцей, і на наступны год была такая ж вечарына, і зноў прыйшла сотня гасцей, я ізноў на ёй быў, але не было ўжо цябе, бо ты вёў рэпартажы з Вільні, і мы падключылі тэлефон да дынаміка, каб ты мог чокнуцца адразу з усімі, але, здаецца, у цябе не было тады настрою чокацца, а потым ён з’явіўся праз паўгода апоўначы, калі ты пазваніў у Мінск і сказаў, што кніга, якую мы так доўга абмяркоўвалі, закончаная, я схадзіў на кухню, дастаў з лядоўні шампанскае, і мы выпілі ў Антверпене і Мінску адначасна – і вось яна ў вас у руках, кніга майго сябра Стэфана Бломарта, журналіста, якога дома нават дзеці пазнаюць на вуліцах, і хоць у Рэспубліцы Беларусь яна выйшла ў шэсць разоў марудней, чым у Каралеўстве Бельгія, я ўпэўнены, што кніга не састарэла, бо напісана чалавекам, які любіць што піша і, спадзяюся, аўтар стане і вашым сябрам таксама і, пры нагодзе, праінструктуйцеся за яго здароўе, каб і надалей яму шанцавала пры ўзлё­тах, пасадках, артабстрэлах, путчах, рэвалюцыях – адным словам, там, дзе быць нельга, але трэба і, значыць – можна.”
Так я скончыў прадмову з пяці сказаў да той першай кнігі Стэфана, якая тычыцца і Яна.
Потым яны казалі, што такіх даўгіх сказаў ніколі ў жыцці не бачылі – пакуль дачытаеш, вочы робяцца “очен красныя”.
А свае кніжкі я падпісваю ім так: бельгійскім сябрам, якія навучылі мяне, як жыць у Еўропе.
Зрэшты, прыкладна так можна падпісваць усім, каго тут згадваў.
Нават карацей, толькі трэба дзеяслоў незакончанага трывання – якія вучаць, як жыць.
І трываць, канечне.

Зымбы

Усё тут напісанае – праўда. У той ступені, у якой напісанае можа быць праўдай.
Верагодна, таму замест поўных прозвішчаў – Уладзімір Арлоў, Аляксандр Байдак, Ян Бальяў, Стэфан Бломарт, Валянцін Жданко, Сяргей Дубавец, Генадзь Мацур, Сяргей Навумчык, Вячаслаў Ракіцкі, Сяргей Сцяблюк, Аляксандр Уліцёнак – у загалоўках толькі літары.
Не партрэты, а толькі траекторыя, толькі след палёта, які працягваецца.Непрадказальнага нават задняй датай, як палёт анёлаў, ці менш містычна – як палёт матылька, чые крыльцы, як сцвярджаюць, могуць выклікаць ураган і змяніць жыцці, лёсы, гісторыю.
З гэтым ураганам аўтару аказалася па дарозе. Пашанцавала з траекторыяй.