12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ніна Мацяш

_____________________
Сьвятло загадкі.
Вершы



Ліхтар

Ён не ўкладаецца ў рыфму,
бо шчыльна ўлучаны ў алітэрацыі
нетравых порухаў у варунках і рэчах.

Як дзіцёнак, заўсёды цікаўны
да кожнай праявы наўкольнага сьвету.

Як мудрэц, заўжды засяроджаны,
каб супадаць з напружаным рытмам
Бязьмежжа.

Няма ў ім упёртасьці –
ёсьць упартасьць.

Няма чульлівасьці –
ёсьць годная чуласьць.

Паглядны аскет, заўзіраны ў нябачнае,
ён і вабіць людзей,
і трымае на водстані.

Як сьвядомая дзелька Адзіннасьці,
не прымае раздробу.

Упоцемках, з ліхтаром,
утрапёна шукае,
прыадчыняе патаемныя сэнсы быцьця,
і нават не заўважае,
як стаецца
ліхтаром у дарозе.


Ён ведае

Прамень зіхоткі ў густалесьсі слоў,
натхнёны чмель з лугоў духмяных мовы,
вялетны колас на палетку ўспадчаным,
у зернетах якога патуліліся
раса і сонца, туманы й маланкі, –
ён ведае, чаго прыйшоў сюды –
нязбройны рыцар з тарчай псальмасьпеву,
не рыгарыст і не гардун –
свой дзядзька
і гораду, і вёсцы, і нябёсам,
з запазухаю досьціпаў і жартаў,
з заплеччам смуткаў, непадымных жаляў
пад палыновай зоркаю крывіцкай, –

ён ведае, чаго прыйшоў сюды.

(Спытайцеся ў Рыгора Барадуліна).


Раскажы мне

Ліст да В. К.
Раскажы мне пра свой прытулак,
дзе званочкамі сонца і твайго неспакою
таўчэцца малеча;

дзе ў любую пару
і гарод, і садок
ласкі рук тваіх просяць;

дзе ўгрызаецца ў палец аса,
каб выбавіць з болю
душу;

дзе з нейкай шчылінкі цеснай
між тым сьветам і гэтым
драбнюткай макулінкай вылятае
і зьяўляецца перад табой, нібы цуд,
ва ўсёй поўні зямной янатая,
што так верыла ў цуд неадлёту
заўчаснага ўласнага
з васямнаццатай толькі вясны...

Раскажы пра дамок той,
дзе настулькам няцяжка ўзьбягаць
аж на ганачак;

дзе ў рушніку, як абраз,
партрэт дачкі на сьцяне,
на стале хлеб ды кветкі ў гладышцы,
а на ўскрайку маўчыць, сьцяўшы сківіцы,
раўніва цікуе ноўтбук у чаканьні,
калі ж ты, нарэшце,
накорміш яго, згаладалага,
тваімі думкамі,
праўдай голасу й руху
больш не трыманага ў цяжкай няволі
натхненьня...


Зьмены ў пашпарце

Пільны час удакладняе нас:
нават метрыкі твае праверыў –
з лістападу перавёў у верасень,

на жуковіне з сузор’я Дзевы
сьцёр чужыя меткі Скарпіёна,
каб ня джаліў нават выпадкова,

каб праменіўся сутвом сваім:
рыцарскай прыстойнасьцю і сьціпласьцю,
здольнасьцю зьдзівіцца па-дзяцінаму
і заплакаць ад бяды чужой.

А табе хацелася быць крэменем?

Заставайся ў ЖЫЦЕ – васільком!


Расьці, Ганька...

Цёмнаскурае,
што ліловая вінаградзінка, дзеўчанятка
зьвярком спалоханым
пакорна горнецца ў паўабдымак
галасьлівае цёткі ў сьлязах:
вунь пад саванам
маці гэтай дзяўчынкі,
а ў мяне ж і самой во галота-басота,
і куча ўласных дзяцей!..

... з віскам, скрыгатам, грукатам
лятуць жалезныя пострахі,
засяваюць паселішча
велізорнымі макамі чорна-барвовымі,
а людзі, быццам кузуркі, у жаху
разьбягаюцца ўпрочкі,
бо хто ўпадзе ў гэтых кветках –
засынае навекі;

але вунь пад платанам скалечаным
нейкае ў фрэнчыку шэрым дзяўчо
усё натуе й натуе
у нейкім грасбуху імёны
абавязку ці змусу
нюхаць тое злавеснае,
сьмяртлівае зельле...

...праца, крама, кухня, мыйня,
хваробы дзяцей, пусты кашалёк,
верад творчасьці, адзінота, –
аб васьмі канцах крыж,
і хіба толькі старасьць
нейк выбавіць з самарасьпятасьці
гэтую годную інтэлігентку
з “гусінымі лапкамі” непералётнае стомы
і журботнай цярплівасьцю ўсьмешкі...

Хоць не ўключай тэлевізар,
бо ўжо ня ты на чужое,
а на цябе тэлевокам цыклопавым
глядзіць пераможна
жыцьцё тваё ўласнае...


Выкапень

Разумны цяжкавагавік,
схільны да ляманту,
быццам за ногі ўхоплены гусак.

Паўночны слон
раскопу беларускага,
адметны памяцьцю выдатнаю,
папомснай.

Магут загрозны
напраломнае натуры,
на адваротным полюсе якой –
дасьціпны Богавы аўтограф:
хай слон баіцца мышкі!

Памятка

Чарнявенькі, бы цыганчук,
ня дужа ўпэўнены, нясьмелы,
наіўнаваты, як хлапчук,
хоць густа-густа па чупрыне –
рашучай крэйдаю па чорным –
час памятку нацьвёрда піша:

“Рост невысокі не загана, –
да нізасьці б не апусьціцца.

І не загана баязьлівасьць, –
адно б ня ўпасьці ў маладушша.

Як не загана і саступлівасьць, –
пакуль яна не бесхрыбетнасьць.”

Жыцьцё – ступаньне па канаце
пад зьменлівым скляпеньнем неба:
скульнешся ўправа, а ці ўлева –
і так, і гэтак разаб’ешся...

Дзяцюк ступае, як ступаецца:
вымацваецца раўнавага
з ухваткаю цыганаватай, –
уласнай выгады ня ўпусьціць,
сам і прызнаецца ў тым шчыра.

Ня дзіва спатыкнуцца ў руху, –
ня грымнуцца б з вышыняў духу...


Чалавечая гліна

Да гэтай мажнасьці б –
ды мужнасьці,
да моцы цела –
моцы б духу, –

і хто б тады засумняваўся
у ветласьці, якой ты поўны,
у шчырасьці, якой адметны,
у пасьлядоўнасьці тваёй?

Ах, каб жа гліна чалавечая
ды не ўміналася ад ціскаў, –
як бы запаважаў сябе ты,
як бы звысакароднеў сьвет!..


Як ты

Цяпельца ў полі
на цябе падобнае:
неразважаньнем, колькі і каму
спагаднай цеплыні сваёй аддаць, –
як ты,
празяблага сагрэе.

Крыніца ў гаі
на цябе падобная:
невымяркоўваньнем, хто варты,
хто ня варты
хіліцца да яе жывільнай плыні, –
як ты,
сасьмяглага напоіць.

Купалка ў лузе
на цябе падобная:
няпыхай
пры вышэйшасьці над іншымі,
павагай
да вышэйшасьці шматыншай.

Каму з нас ажно так утульна ў сьвеце,
каб не цягнула да цяпельца?

І гэтак беспакутна,
каб не шукаць глытка жывой вады?

Так беспраблемна,
каб не вучыцца мудрасьці ў травы?

Спакой і ціша
на цябе падобныя:
мацуюць шмат каго, але,
як ты,
прамоўчваюць пра ўласную патрэбу,
каб шанавалі, даражылі імі...


Чарнавочка

Чужая натоўпу,
хоць штодня
мусіш ладзіць стасункі з гурмой;

свая адзіноце,
аднак тая
бывае занадта бязьлітаснай;

калі бачыш
патрэбу ў падтрымцы –
ляціш і ратуеш,
але ўпарта ўхіляешся
ад укруту староньніх
у непамыснасьці ўласныя;

зажурана ведаеш:
калі душа прагне песьні –
непапраўныя страты
дадуць ёй малітву.

Можа, праз тое
з табой, чарнавочка чарнявая,
як з запаленай сьвечачкай,
няцёмна, прытульна,
Мар’я.


Бо й нашто

Мова сьпеўная, ўрасьцяжку, –
гэтак ты баян чапаеш;

роўнай, лёгкаю гамонкай,
жартамі перасыпанай,
шмат каго зьбіваеш з тропу:
дзе ўсур’ёз ты, дзе гарэзіш?..

Толькі ў песьні, толькі ў вершы
не баішся быць сабою,
але й там ня кожны бачыць
твой праўдзівы сьвет датклівы.

Бо й нашто, каб кожны бачыў,
каб усякі – датыкаўся.


Сьвятло загадкі

Калі кветка – знак мастацтва,
калі птушка – тон жыцьця,
як нязраненай застацца
у жыцьці нявыбіраным?

Голаў памяці прыхіліш
на нязьмеркны цень дзяцінства,
на ў сьлядах ягоных высьверк
урачыстае латыні –

і, ажылыя, засьведчаць
постаці і сілуэты,
рытмы, водары і фарбы,
скуль яно, сьвятло загадкі
далікатна-ўпартай кроны
вытанчанасьці тваёй.

Ціхі смутак. Настальгія.
Плынь вады жывой і мёртвай.
Незаплямленасьць ступаньня
вузкай лесьвіцай спляванай.


Абдуванчык

Наўкружна-прыдольная гарызанталь
сакавітых лістоў,
павыкройваных філігранна,
і строма сьцябліны,
увянчаная горача-жоўтаю кветкай…

З укарэненасьці разлогай –
у яркую ўкаранаванасьць,
каб у высьпелы момант
цэлы плён свайго росту
лёгка ссыпаць у прыгаршчы ветру:

абдуванчык,
дзьмухавец,
малачаінка сонцагаловая...


Травінка

У цесным натоўпе
радні па крыві
зялёнай
адмоўлена мець ёй
нават цень
уласны.

Жыве –
нічога ня ведае
ні пра касу,
ні пра лёд.

З конам
цёмным
сам-насам,
ня ўмее ані ўцячы,
ні схавацца.

Калі кудысь і
памкнёная,
дык угору.

Калі чымсь і
занятая,
дык сабою, –

з адвечным стараньнем
трымаць нябёсы
над долам:

нада мной,
над табою,
над усёй юдольлю
зямною.