12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Жыцень.
Паэма

«З надыходам восені
галоўным міфічным уяўленьнем,
і пры тым выключна беларускім,
зьяўляецца Жыцень».
«Живописная Россия»,
т. 3, с. 268, 1882 г.

Бог восені Жыцень
У лапленай сьвіце,
Рабы, крываносы
І проставалосы;
У поршнях дзіравых,
Анучах каравых,
З кійком сукаватым,
Маленькі, гарбаты,
Худы і стары
Абыходзіць двары,
Палі, агароды,
Хаціны, гасподы
І шчыра спрыяе,
Каб зёлка любая
Расла, палавела
І ўрэшце пасьпела...
У роднай прасторы
Ня ведае зморы,
Спакою ня знае,
Да ўсіх падступае;
Гаворыць, гамоніць,
Гугніць, балабоніць
І хваліць, і просіць,
І ганіць, і грозіць...
Рухавы, гарачы,
Ўсё чуе, а бачыць,
Ня круцячы голаў,
Адразу наўкола!
Патыліца з вокам
(Маланкавым скокам!) –
У гэтага бога,
Сівога і злога.
Пад лобам, пад самым,
Па воку таксама,
А разам іх трое –
Бывае й такое!
Тры вокі, тры зрокі,
Тры быстрыя воўкі:
Два шэрых спараду
І шэры адзаду...

Патрэбны тры вокі,
Бо клопат вялікі
Глядзець, каб старанна
Было ўсё прыбрана:
І жыта з пшаніцай,
І лён, і кастрыца,
І боб, і фасоля –
Да бубкі на доле!
І рэдзька, і рэпа –
Ня хочаш, а трэба!
І грэчка, і проса,
І рэшта ж укосаў;
Ячмень за гарою,
Гарох за ракою,
Авёс ля балота,
Каноплі ля плота,
Капуста на градах
І сад, і за садам,
Дзе шнур з буракамі
І шнур з кіяхамі,
І бульба з цыбуляй –
Адсюль і датуля!..

Калі ж засталося
У полі калосьсе –
У сноп яго зьвяжа
І голасна скажа:
«Агата, Агата,
Дабро недажата,
Загон занядбала,
Нядбала пажала.
Шчэ сонца ня села –
Пайшла на паселю
Кахацца з Ігнатам,
Агата, Агата...
Плён гэты забыты,
Табой не спавіты
Аддам беражліва
За дбайнае жніва
Маруце руплівай,
І ейная ніва
Багата ж уродзе
У будучым годзе...
Твая ж, як балота,
Заглухне чаротам,
І з тога чароту
Ня будзе ўмалоту.
Табе ж, мая жнейка,
Прыбытку капейка,
З бліжэйшага году
Чакай недароду!
Каб ведала-знала,
Ігнату сказала:
За кепскае жаньне
Табе пакараньне!»

З прысуду такога
Заплача нябога.
Што плачаш, Агата?
Сама вінавата!
Ня кідай ніколі
Калосьсе у полі;
Пад самы пад корань
Зжынай дзе каторы...
Ня плач, супакойся,
Прысуду ня бойся,
Рабі ўсё ад сэрца
І хлеб не зьвядзецца...
Паслухай, Агася,
Сяўба пачалася,
Твой строгі крыўдзіцель
Бог восені Жыцень
Ідзе (асьцярожны!)
За сейбітам кожным
І сеяньня хібы
Хавае пад скібы,
Каб збожжа зімою
Было пад зямлёю;
Ідзе за Ігнатам,
Што сее заўзята,
Што зоры-насеньне
Умеючы сее!
Ігнатава поле
Мінае паволі,
Хаду не спыняе
І за небакраем...
Ідзе, маларослы,
Ад вёскі да вёскі,
Ад места да места:
Ад Гомля да Брэста,
Ад Шклова да Снова
І да Шарашова,
І ад Шарашова
І да Магілёва;
Ад Пінска да Мінска
І да Верхнядзьвінска,
І ад Верхнядзьвінска
І зноў жа да Мінска.
Ад Слуцка да Вільні –
Раз’яраны вельмі,
І ўсім пагражае
Пустым ураджаем,
Пра голад гаворыць,
Што ўсіх ён заморыць,
Што добрае счэзьне
І дрэннае счэзьне
І ўжо не ўваскрэсьне,
А хоць сабе трэсьні!
А каб жа ня счэзла,
А каб уваскрэсла,
То рупіцца трэба
Аб хлебе да неба.
6 чэрвеня 2006 г