12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Вершы для Алены Сідаравай.


1
У кожнага артыста мара ёсьць,
І тая мара, нібы сад забыты,
Паэзіі і музыцы адкрыты –
Ён там, дзе засталася маладосьць.

Як не вярнуць былых праўдзівых дзён,
Як не дазнацца ў адзіноты: «Хто ты?» –
Так аніяк не зразумець пісьмён
Той мары, той лагоды, той пяшчоты.
3 верасьня 2007

2
Дзяцінства дні – сьвяточныя агні
У золаце і пыле закулісься.
Сьвяціліся заўсёды тыя дні,
Як зоры і як восеньскае лісьце,
І набліжалі самы яркі лёс...
Ды лёсу гэткага ніколі не бывае,
Ёсьць беларускі лёс і боль да сьлёз,
І сцэна – кветка-папараць жывая!
24 верасьня 2007

3
Каб зразумець незразумелае,
Каб неадчутае адчуць:
Патрэбна мрою – мрою белую –
Чырвонай ружай ахінуць.

Тады гучаньне беларускае
Па-беларуску загучыць,
І будзе той адзінай музыкай,
З якою нам да скону жыць.
26 верасьня 2007

4
Давайце сьмяяцца
На ўвесь родны край:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!

Нам рана зьбірацца
У пекла ці ў рай:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!

Цукерку мастацтва
Смакчы і глытай:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!

Ня варта баяцца
І айкаць – ай-яй:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!

Лагодным цыркацтвам
Сябе суцяшай:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!

Вясёлым жабрацтвам
Свой лёс атуляй:
Ня грошы, а працу
Артысту давай!
27 верасьня 2007

5
Ты – электрычны сон, ты – каляровы сад,
Ты – чорна-белая прастора...
Кіно іконнае, твой п’ю шалёны яд,
Настоены на палыне і зорах.

Кіно ўсяіснае, глыбокі твой блакіт
Гаркотай поўніцца невераемнай...
Ты славай поіш, дорыш краявід
З балотам родным і сьцяной турэмнай!
3 кастрычніка 2007

6
Яны былі і, дзякуй Богу, ёсьць
Майстры вялікія, гаспадары гасподы,
Імя якой – любоў і прыгажосьць,
Сьвятло якой – Купалы боль і одум.

Яны высокія высокаю красой
І мудрасьцю глыбокаю багаты.
І ты жывы, калі яны з табой!..
Не патрабуй у шчасьця большай платы.
4 кастрычніка 2007