12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
У Вільні і больш нідзе. (Працяг)


Браніслаў Тарашкевіч у Тчэве 5 лютага 1931 г.

Душу выкручваюць, нібыта рукі.
Пыл дэфензіўны наплывае зноў.
Агонь філалагічнае навукі
Заместа радасці сагрэе кроў.

Столь патыхае глыбінёй астрожнай.
Дрыгва жалезная ляжыць вакол,
І следчы просіць падпісаць пад кожнай
Старонкай прачытаны пратакол, –

На твары цень усмешкі вінаватай;
Пылінку з канцылярскага нажа
Садзьмуўшы, паліцэйскаю гарбатай
Частуе шчыра – добрая душа!

Гарбата – воцат. Як такой напіцца?!
І цукар… Не, не паляпшае смак.
Ад смаку горкага ўжо адхрысціцца
Не атрымаецца, відаць, ніяк!

Далей дарога будзе на Варшаву…
І самы час пашкадаваць аб тым,
Што зноў займеў турэмны стол і лаву,
Паверыўшы дарадчыкам чужым.

У чалавечым неабсяжным полі
Заўжды цана ідзе за паўцаны:
Чужым не трэба верыць, але болей
Не вер сваім, бо людзі ж і яны!

А вера ёсць! І хоць яе нямала
У братняй разляцелася кляцьбе, –
Ды трэба верыць, як вучыў Купала,
Ў народ і край, і ў самаго сябе!

Звяжы пачуцці ў неразвязны вузел
І дурню словы лішнія аддай,
І цыркулем прастору Беларусі
Акрэслі – печнікоў свабодных край!

Калі чытаць не хочацца кантычку,
Жартоўнаю таемнасцю жыві,
Былым братам вярнуўшы, як пазычку,
Адамаў чэрап з кропелькай крыві.

Ад іхняй ложы і ад іхняй сцэны
І пры жыцці магчыма адвярнуць –
Хай шпагамі пагрукваюць у сцены
І малаткамі ж у падлогу б’юць!

Адно свае расказвалі тэатры,
Маной кармілі, дзеці удавы,
Па-камінтэрнаўску з іх кожны здатны
Варшаўскі дым данесці да Масквы!..

Ні тых, ні гэтых… Ты адзін застаўся!
Цябе такое шчасце не міне –
Сачыць за часам і сачыць за танцам
Сняжынак у закрачаным акне.

Адна вага на захадзе і ўсходзе,
І толькі ў творчасці надзеі шмат, –
І слова роднае няхай зыходзіць
У сад Гамераў і ў Адамаў сад.
4 красавіка 2011. Панядзелак. Менск.

3 кастрычніка 2010. Нядзеля. Падаў дождж, а дождж мяне заўсёды супакойвае, і ў думках я ўсклікнуў: а каб жа людзі былі такімі, як дождж!
Аднак вакол ні душы; ноч амаль мінула, ранак яшчэ не надышоў – дарога на вакзал бязлюдна цямнела…
Я йшоў і думаў пра матчыныя лісты, бо ўчора збольшага перачытаў іх.
За розныя гады іх сабралася даволі.
У адным яна пісала пра нашых суседзяў, якія, дзелячы спадчыну “...ніяк ні могуць добіцца скутку…”; у другім жалілася: у гародзе пагнілі памідоры; у трэцім цешылася: на Пакровы стаяла добрае надвор’е і можна было два дні палоць трускалкі, якія надта ж зараслі травой, а па гэтым палонні можна ўжо й грады капаць на зіму…
На праспекце Незалежнасці, ля галоўнай пошты, шум дажджу аціх, і набегла на памяць страфа Тодара Кляшторнага:

Сумна ў гэтай кватэры…
Колісь за гэтай сцяной
Два маладых афіцэры
Трацілі час і спакой…

А тады яшчэ адна страфа прыйшла:

Цяпер снягі…
Вячэрняю зарою
З пунсовай шклянкі белая зіма
Частуе Менск наліўкай ледзяною…
…Цябе ж няма…

Не, ледзяной наліўкі, якую прыдумаў паэт Кляшторны, не хацелася – хацелася гарбаты з характэрным чыгуначным прысмакам.
І ў плацкартным вагоне я займеў яе і, п’ючы, слухаў арабскую мову – час ад часу яна прабівалася праз вагонную адгародку, там ехалі чужыя студэнты, і з іхняй гаворкі мне зразумелы былі толькі паўзы…
Сённяшні мой прыезд у Вільню меў акрэсленую мэту: два дні пагартаць у архіве дакументы з фонду 127, убачыць Сігітаса, зноў сустрэцца з Аленай Глагоўскай (гэтымі днямі яна таксама збіралася ў Вільню), а яшчэ марыў пабыць у кавярні Францішка Аляхновіча (меў ружовае спадзяванне: а раптам добрыя душы адваявалі яе ў банка!)…
Над местам “Нашай Нівы” плыў вялізны блакітны шар, зрэдку чуліся кароткія выхлапы газу, пасажыры і непасажыры па-дзіцячы прагна сачылі за гэтым святочным палётам.
Сігітас адразу ж на пероне прапанаваў начлег у сваёй кватэры.
Падзякаваўшы, я сказаў, што варта зазірнуць у нашу гасцінічку на Латочку; ухіліўся ад сябравай ласкі, бо ведаў: яго Апалінарыя Лаўраўна хварэе, яна перанесла цяжкую аперацыю – словам, гаспадыні патрэбна ў спакоі быць, а не пасцель рассцілаць перад нечаканым госцем…
Па дарозе на Латочак завярнулі на Конскую, каб убачыць мемарыяль­ную дошку, адкрытую ў гонар Францішка Багушэвіча – яе ўсталявалі ў прасторы майго любімага трохкутніка, непадалёку помніка Лаздзіне Пяледзе.
Гарэльефны воблік паэта адразу пазнаецца, і гэта галоўнае, як і тое, што скульптар Гумілеўскі выканаў свой твор у выглядзе іконы, аздобленай беларускім ручніком.
На дошцы надпіс па-беларуску і па-літоўску:
“На гэтым месцы стаяў дом, у якім жыў у 2-ой пал. XIX ст. выдатны беларускі паэт, асветнік і дзеяч культуры Францішак Багушэвіч”.
Кінуліся ў вочы скарачэнні – “пал.” і “ст.”
Калі “ст.” (стагоддзе) – скарачэнне звыклае, то “пал.” (палова ці палавіна) – не, таму й глядзіцца яно крыху дзіўнавата.
Чамусьці няма й даты нараджэння песняра і даты ягонай смерці…
Зрэшты, дошка неблагая; яна прымацавана да белай глухой сцяны, за якой знаходзіцца ўніверсітэт кіравання і эканомікі…
На Латочку таннага ложка не знайшлося, усё было занята пад нейкі семінар, і Сігітас узрадаваўся, што я застануся ў яго.
Аднак жа ў мяне ўзнік свой план – так, на Закрэтавую завітаю, перадам спадарыні Апалінарыі беларускія цукеркі, пажадаю хутчэйшай папраўкі, а далей пайду ў “Цэнтрум” (гэта блізка ад Закрэтавай) – у гатэль на вуліцы Віценя (да 1940 г. вуліца Арханёльская); у “Цэнтруме” жыў у траўні і адтуль будзе зручна на 10-ым тралейбусе даехаць у архіў.
Размаўляючы, ішлі па Дамініканскай; калі яна скончылася, справа ўбачыўся касцёл Святой Кацярыны, і Сігітас паведаміў: М. Суслаў (а ён з 1944 г. быў старшынёй Бюро ЦК партыі па Літоўскай ССР) планаваў зруйнаваць гэты касцёл, а саму Вільню пераназваць у Чарняхоўск…
Ступілі на Троцкую, дасягнулі Завальнай, і я кіўнуў на палац Тышкевічаў – месца адвакацтва Францішка Багушэвіча.
– А цяпер тут архітэктурны факультэт, – бліснуў вачыма Сігітас, – і тут вучыцца мая ўнучка Індрэ!
– А чаму яна пайшла ў архітэктары?
– Аднаго разу я паказаў ёй разгортку прастакутнага паралелепіпеда і разгортку трохвугольнай і шасцівугольнай прызмы… Мая лекцыя, відаць, спадабалася, калі яна захацела паступіць сюды! – на вузкім ходніку Сігітас прапусціў мяне наперад. – Калі ўсё будзе добра, то праз чатыры гады Індрэ стане бакалаўрам…
Думаючы пра ўнучку, успомніў і сябе малога, загаварыў пра вайну, пра той дзень, калі ў Шаўляі ўбачыў першых немцаў і прывітаў іх літоўскім флагам.
Быў навучаны: раз ідуць салдаты, значыць, іх трэба сустрэць са сцягам у руках!
Маленькаму хлопчыку не паспелі падказаць, што гэта не літоўскія салдаты.
Нямецкаму афіцэру не па нутру прыйшлося такое прывітанне, ён, пэўна, чакаў палотнішча са свастыкай, таму насварыўся на бацьку Сігітаса, і, дзякуй Богу, што ўсё абышлося толькі сваркай.
А што было б, каб малы памахаў немцам чырвоным камуністычным штандарам?!
Вядома што было б…
А яшчэ са свайго дзяцінства Сігітас прыгадаў, як бацька вучыў яго польскай мове і не хацеў, каб сын размаўляў па-літоўску…
Шчырасць клапатлівага мужа чулася ў голасе майго сябра, калі ён расказваў, што адбылося ў яго доме з месяц таму: прыступ страшэннага болю пачаўся ў жонкі позна ўвечары ў суботу; у Вільні аперацыю рабіць не сталі; ведаючы, што ў Коўне Сігітасаў сын Жыльвінас працуе хірургам, віленскія лекары параілі ехаць туды.
Параіць параілі, але карэту хуткай дапамогі не далі!
Добра, што ў тую злашчасную суботу сваяк быў блізка, ён і завёз іх на сваёй машыне ў ковенскую бальніцу…
Гады тры таму ў такой жа сітуацыі ў Давыд-Гарадку апынулася й мая настаўніца Надзея Васільева.
Яе на дзяржаўным транспарце тут жа адправілі ў Брэст, а калі ў Брэсце пабаяліся рабіць аперацыю – даставілі ў Менск; з Менска ж, па аперацыі, адвезлі ў Аксакаўшчыну – адтуль праз месяц зноў жа на бальнічнай машыне дадому, у Давыд-Гарадок.
І ўсё за так, без грошай…
Аднак мы прыйшлі, і спадарыня Апалінарыя падзякавала за цукеркі, стрымана паведала пра свае нядаўнія страхі, і пахваліла мяне, што часта званіў Сігітасу.
У выкананні Кшыстафа Краўчыка мы слухалі рамансы на вершы Ясеніна – “Никогда я не был на Босфоре…” і “До свиданья, друг мой, до свиданья…”; Сігітас апавядаў пра паэта Паўлюса Шырвіса (літоўскага Ясеніна!) і падараваў мне сваю кніжку “Ад старых канонаў да крыніц стандартызацыі ў Літве”.
Я даведаўся: у Літоўскай Рэспубліцы да 1940 г. існавала 37 стандартаў, сярод якіх – і кніжныя фарматы, і норма крухмалу ў бульбе, а таксама ж стандарты апрацоўкі шкур, мыла, лёну, цэглы, дрэнажных труб і г. д.
Упарадкоўваць дзяржаўныя стандарты дапамагаў сваім літоўскім сябрам наш Дуж-Душэўскі; ён жа дапамог распрацаваць на літоўскай мове інжынерную тэрміналогію, і гэта адзначана ў працы Сігітаса.
Як той казаў, і тут маем кім ганарыцца!
Сігітас мімаходзь заўважыў: літоўцы вучыліся на інжынераў у Пецярбурзе, Кіеве, Юр’еве і ўсе пасля 1917 г. вярнуліся на радзіму, – і горка дадаў:
– А сённяшнія інжынеры Літву пакідаюць…
Аднак жа, здаецца, не ўсе знаўцы і майстры пакідаюць краіну; той жа Сігітасаў Жыльвінас…
Ён выдатнейшы доктар, прафесар; ён ратуе людзей тут, а за мяжой толькі адпачывае – ловіць у Нарвегіі рыбу…
Цікавая для мяне была й такая даведка: даваенная Літва рабіла цэглу не на вываз, а для сябе, а за кардон вязла мяса, малако, смятану, льнасемя, лес, жывёлу; з прамысловых жа тавараў вывозіла толькі паперу…
Як не пакідаў мяне Сігітас нанач, але я ўтрымаўся, не згадзіўся, і ў “Цэнт­руме” гатэльная дзяўчынка Юста за 219 літаў пусціла мяне ў 216 нумар.
Пакуль усталёўваўся, прыкінуў, што мала маю літоўскай валюты: раптам не хопіць заўтра, калі буду плаціць у архіве за ксеракопіі?!
Юста сказала, а на вуліцы тое ж пацвердзілі й паліцэйскія, што ў нядзе­лю грошы мяняюць толькі на чыгуначным вакзале – у Парэкс банку.
А раз так, то, скурыўшы ў нумары тонкую ментолавую цыгарэтку і згадаўшы віленскія гатэльныя радкі Алеся Гаруна: “…праз дым цыгарэткі за шыбамі вочы ўвесь дзень на папасе: ў тумане там ловяць касьцёлаў сыльвэткі…” – , пайшоў у Парэкс банк, чуючы, як над местам пачасціліся газавыя выхлапы, балёнаў паболела – да блакітнага далучыліся ружовы і белы; усе яны добра глядзеліся на яркім небе ранняга кастрычніка.
Пад іхняй лёгкай і высокай аховай спыніўся каля беларускага пасольст­ва; тут 27 чэрвеня 2000 г. пасол Гаркун гасцінна сустракаў пасажыраў літаратурнага экспрэса “Еўропа – 2000” Вольгу Іпатаву, Людмілу Гарбачову, Андрэя Федарэнку і мяне.
Тады ў газетах пісалі: літэкспрэс – вялікасная культуралагічная акцыя; пачалася яна 2 чэрвеня 2000-га ў Партугаліі; праз чатыры дні, 6 чэрвеня, з лісабонскага вакзала Сант-Апалонія рушыў поезд па маршруце паўноч­на-паўднёвага экспрэса.
Быў такі, у 1914 годзе ён адзін раз даставіў сваіх пасажыраў з Лісабона ў Санкт-Пецярбург – толькі адзін раз, бо неўзабаве пачалася вялікая вайна.
Здаецца, у годзе 1996-ым у Берліне стварыўся арганізацыйны камітэт “Літаратурнага экспрэса” пад кідкім дэвізам: “Пісьменнікі Еўропы сустракаюць новае тысячагоддзе!”
Разважлівыя нямецкія галовы задумалі сабраць з усіх еўрапейскіх краін 120 літаратараў і правезці іх па маршруце: Лісабон – Мадрыд – Бардо – Парыж – Ліль – Брусель – Дортмунд – Гановер – Мальборк – Калінінград – Вільня – Рыга – Талін – Санкт-Пецярбург – Масква – Менск – Брэст – Варшава – Берлін…
У кожным горадзе цягнік спыняўся на тры-чатыры дні, і пачыналіся прыёмы, выступленні, чытанні, знаёмствы, прэс-канферэнцыі і, вядома ж, фуршэты.
А што да філасофскай задумы гэтай неверагоднай дзеі, то ўсё тыя ж газеты пісалі, што яна ўкладваецца ў чатыры пытанні: што мы будуем – агульны дом еўрапейскіх культур ці новую вавілонскую вежу?.. ці давядзецца нам у XXI стагоддзі чытаць друкаваныя кнігі?.. як літаратура разумее выклік медыяльнай глабалізацыі?.. няўжо ў самай блізкай будучыні пісьменнік страціць сваю кампетэнцыю асветніка?..
Дзякуй Богу, пасол Гаркун не стаў абмяркоўваць з намі гэтыя пытанні, напаіў нас удосталь чырвоным віном, і, п’янеючы, я тады падумаў, што Вільня пасля толькі што ўбачаных сталіц (Лісабона, Мадрыда, Парыжа, Бруселя…) – сталіца роднай крыві.
Успамін гэты разлагодзіў мяне, таму на вакзале, калі наткнуўся на юнака-жабрака, даволі балбатлівага і настырнага (пачуўшы маю гаворку, ён тут жа назваўся беларускім палякам з Ашмян), я, каб ён хутчэй адчапіўся, даў яму ажно 7 літаў.
Узяўшы ў Парэксе за 300 даляраў 744 літы і 40 сантымаў, выйшаў на Вастрабрамскую і заняў столік пад цыратовым дашкам кавярні “Іда басар”.
Побач, насупраць філармоніі, расклаўся-раскінуўся цывілізацыйны сметнік – стаянка машын, а некалі ж на гэтым месцы была кнігарня Станіслава Станкевіча; беларускія гімназісты бегалі сюды купляць календары, алоўкі і сшыткі, а Максім Танк прыносіў на продаж свае кніжкі.
Так, некалі й тут была беларуская мясцінка, а зараз нейкая мерседэсная паскудзіна ўтыкаецца проста ў маю талерку.
За 25 літаў і 50 сантымаў афіцыянтка Віда прынесла смажанага марс­кога акуня, гарбату і 100 грамаў, і (пакуль я разлічваўся) зноў наваліўся жабрак, гэтым разам стары, папрасіў есці, і я завярнуў яму ў паперу гарачага акуня, капнуўшы алеем на бліскучы бампер мерседэса.
Наплывала змярканне, і па дарозе на Росы ўбачыў, як на Піўной маладая манашка рвала з куста нейкія прадаўгаватыя чырвоныя ягады.
– Гэта што? – спытаў.
– Дзіка ружа! – манашка адказала па-польску.
– Шыпшына?
– Не вем…
Каб захапіць на пагосце рэшту дня, прыспешыў хаду і, думаючы, што ўбачу Артура, сапраўды, сустрэў яго – махаючы венікам, ён змятаў жоўтае лісце з магілы маці Пілсудскага.
Артур зноў мяне пазнаў і, разгавораны мной, прызнаўся, што яго сям’я маленькая – ён і маці краўчыха, што жыць ім цяжка, што яму дваццаць гадоў, вучыцца на лагіста, а зарабляе з таго, што падаюць турысты.
– Але я не прашу іх! – на адвітанне ўсклікнуў з гонарам. – Самі даюць!
І напраўду ж, не просіць – ведаю пэўна.
Маё знаёмства з ім складвалася паэтапна – спачатку, безыменны, ён паказаў мне магілу Казіміра Сваяка; пасля, назваўшыся Артурам, прачытаў на памяць радкі Ядвігіна Ш.; сёння ж я даведаўся, што прозвішча яго – Лішэўскі…
Не, гэты могілкавы дазорац не такі ўжо й просты, як можна спачатку было падумаць.
Ягоная праўда хаваецца ў ягонай юначай хітрасці, а відавочнае жаданне спадабацца надзейна атулена акцёрствам, аднак жа гэта не адштурхоўвае ад яго – наадварот, робіць Артура яшчэ больш прывабным…
На магіле Ядвігіна Ш., Сыракомлі і Казіміра Сваяка гарэлі знічы, – нехта з нашых заходзіў сёння на Росы!
А да крыжа Луцкевічаў падымаліся кусцікі хрызантэм – іх дбайна высадзілі з абодвух бакоў пліты, пад якой спачыў Лявон Луцкевіч.
І тут я спачатку пачуў, а потым і ўбачыў такую сцэну: паблізу нешта коратка ляснула, нібыта нехта хвоснуў у паветры пастуховай пугай і, трэба думаць, спалохаў сароку, бо яна высока ўзляцела над Літарацкай горкай, а ўслед ёй заяўкаў кот, і тут жа аднекуль зверху па схіле скаціўся да крыжа зніч – гранёны фіялкавы слоік з патушанай свечкай у сярэдзіне.
Я запаліў зніч і пакінуў яго там, куды ён і скаціўся, ля сімвалічнага помніка Луцкевічам, а тады ўжо падняўся ўгару і не мог не здрыгануцца – аднавокі белы кот выставіў на мяне сваё вялізнае позняе журавіннае вока.
Так і хацелася сказаць: дыхнула містыкай, нечым незразумелым і нават страшным, але нічога я не сказаў…
Белы кот знік, і адразу ж пачало цямнець, і я вярнуўся да Віды на Вастрабрамскую, машынальна згадваючы, што паблізу кнігарні Станіслава Станкевіча знаходзілася яшчэ й следчае ўпраўленне Віленскай ваяводскай паліцыі…
За 12 літаў зноў узяў 100 грамаў залатой літоўскай гарэлкі, а калі зусім змеркла, на Замкавай выпіў кавы за 3.80 і падаў дзяўчыне-жабрачцы 2 літы.
У свой дарагі “Цэнтрум” падымаўся па Вялікай Пагулянцы і на падыходзе да Раманаўскай царквы атрымаў ад Алены Глагоўскай ведамку: “Я ў Вільні…”
О, гэта было не проста кароткае электроннае паведамленне, а сапраўдны інфармацыйны блок, бо Алена пералічыла яшчэ нумары тых фондаў, вопісаў і спраў, якія я абавязкова павінен быў заўтра пагартаць у архіве.

4 кастрычніка 2010. Панядзелак. Раніцай, здаўшы ключ, развітаўся з Юстай; ад хвалявання ці што, не так увайшоў у тралейбус – трэ было ў пярэднія дзверы (як тут заведзена), а я (бугай!), мнучы людзей, якія выходзілі з транспарта, усунуўся ў заднія, таму доўга не мог знайсці кампосцер, каб прабіць двухлітны білецік.
А кампосцер (усё трэба ведаць!) пластмасава чырванеў пры ўваходзе ў пярэднія дзверы…
Ганяючы ў душы несамавітую думку: у каго турма – у таго і ўлада, і яшчэ пра нешта думаючы падобнае, прыехаў у архіў, дзе хавальніца фондаў Інга Бумажнікава (а я загадзя званіў ёй з Менска) падрыхтавала патрэбныя мне справы.
Іх набралася дай божа (вядома, з тымі, што пералічыла Алена!); нават спалохана падумаў: ці паспею… не, не прачытаць, а хоць бы больш-менш уважліва прагледзець іх да канца рабочага дня – то-бок, да 16.45-ці?!
Супакоіўся тым, што рашуча пастанавіў: калі зашыюся, то застануся яшчэ на дзень і, магчыма, сёння ўвечары буду кіраваць на той жа танны Латочак, чытаючы па памяці гэтыя радкі Максіма Танка:

…Ну дзе ж сягоння, родны горад,
Мяне прытуліш без начлегу?

Забягаючы наперад, скажу: сёння ўвечары – дужа стомлены! – на Латочак не паехаў, сеў у 10-ты тралейбус і зноў апынуўся ў “Цэнтруме”.
Усё за тыя ж 219 літаў (люблю нязменны кошт!) увайшоў у 317-ты пакой з шырокім відам на беларускае консульства.
Спускаючыся ў старое места вячэраць, выявіў: гатэль “Цэнтрум” выходзіць яшчэ й на вуліцу Вівульскага.
А ўчора на Росах, на адным з магільных знакаў, прачытаў: тут пахаваны архітэктар Вівульскі, аўтар помніка “Тры крыжы” – на гэта светлае збудаванне таксама ж учора глядзеў з балкона Сігітаса.
У былой кавярні Рудніцкага, на рагу Віленскай і Троцкай (цяпер тут італьянскі рэстаран), павячэраў за 22 літы…
Дык вось, гэта я забег наперад; сённяшняе маё архіўнае апавяданне, як ужо сказаў, пачалося з мноства папак, і пакуль разбіраўся, з якое пачаць, – з’явілася Алена.
Я шапнуў, што ўчора на Росах бачыў запаленыя знічы.
– Гэта мы запалілі з Людмілай Вітушкай! – такі быў мілы адказ.
Трэба сказаць, гэтым разам Алена пабыла ў архіве зусім мала, зверыла з нейкімі паперамі свае блакнотныя запісы і паляцела на Зыгмантоўскую, у акадэмічную бібліятэку.
А я дык праседзеў увесь дзень; я тануў у акіяне мовы Пілсудскага – усе дакументы, якія гартаў, былі (ці ад рукі, ці на машынцы) напісаны па-польску.
І раптам, як і ў траўні, беларускае пісьмо!
Дзве распіскі Максіма Бурсевіча.
Першая:
“Квіт на 1070 злотых
Атрымаў з паваротам тысячу семдзесят (1070) злотых, знойдзеных у агульнай касе ў памешканьні Пасла Паўла Валошына падчас рэвізіі ў дню 15.1.1927 г. М. Бурсевіч”.
І другая:
“Квіт на 150 зл.
Атрымаў з паваротам сто пяцьдзесят (150.00) злотых, адабраных у мяне асабіста з кішані падчас рэвізіі, выкананай 15.1.1927 г. у чым і квітую. М.Бур­севіч”.
Нават і не думаў, што мне так пашанцуе, што знайду і такое нечаканае (“бухгалтарскае”!) сведчанне таго, што ў студзені 1927 г. пілсудчыкі прыступілі да знішчэння Грамады.
Максім Бурсевіч, сын Тараса і Марыі, у свае трыццаць сем быў засуджаны на 8 гадоў турмы і сядзеў у Каранове; апеляцыйны суд зменшыў пакаранне да 6 гадоў, якія адбыць не давялося, бо ў 1930 г. быў выпушчаны на свабоду, а ў 1931 г. апынуўся ў Менску і як вынік гэтага праз два гады – у бальшавіцкай катоўні.
Чысты, як і ўсе астатнія…
Плата за палітычны наіў – смерць!..
Праўда, не ўсе былі ў нас наіўныя – той жа Радаслаў Астроўскі…
О, гэты ўмеў круціцца!
Невыпадкова ж у пачатку 1930-ых Тарашкевіч сцісла занатаваў у сваім блакноце: “Выкрыццё Астроўскага…”
Здаецца, гэта быў напамін сабе аб тым, што трэ было конча зрабіць!
Не паспеў Тарашкевіч, не паспеў…
Астроўскі ўваходзіў у склад кіраўніцтва Грамады, меў пасведчанне за нумарам 50000…
Дэман карыслівай дзейнасці, ён, здавалася, ніколі не стамляўся, браўся за любую кіраўнічую (!) пасаду, таму зусім нядзіва, калі мы чытаем, што ён і Старшыня Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, і Старшыня Беларускага Дабрачыннага Таварыства, і дырэктар Беларускага Банка…
На апошняй пасадзе ягоны талент у 1920-ыя гады найбольш расквітнеў, таму пра Беларускі Банк варта сказаць падрабязней.
Фармальна Банк узнік 14 лютага 1925 г., дзякуючы паслу Ярэмічу, аднак 9 лістапада таго ж года Ярэміча адсунулі ад кіравання, і прынята лічыць, што рэальнае жыццё гэтай кааператыўнай установы пачалося пасля вядомай Гданьскай канферэнцыі, якая прайшла ў канцы жніўня, а па іншых звестках – увосень 1925 г.
Астроўскі быў у Гданьску, – дапускаю, ён асабліва ўважліва слухаў выступленні камуністаў Ігнатоўскага, Славінскага, Ульянава, і, пэўна ж, не без яго, Астроўскага, удзелу была ўсебакова абгаворана магчымасць “канкрэтнай” дзейнасці Беларускага Банка.
І тут першую ролю адыграў Аляксандр Ульянаў – былы эсэр, магіль­шчык нашай інтэлігенцыі і палітычнай эміграцыі, “дыпламат”, а перш за ўсё – супрацоўнік тайных бальшавіцкіх службаў.
Камінтэрн, дзякуючы Ульянаву, пачаткова перадаў на ажыўленне Банка, дзве сумы – 15000 даляраў і 11750 даляраў.
Адказным за фонды, вядома ж, прызначылі Астроўскага…
Беларускі Банк фінансаваў дзейнасць Грамады.
Як ужо было сказана, 15 студзеня 1927 г. улада прыступіла да ліквідацыі Грамады; у траўні 1928 г. у Віленскім акруговым судзе завяршыўся знакаміты працэс 56-ці, па выніках якога Астроўскі выйшаў на волю – наперадзе чакаў разгляд у апеляцыйным судзе.
І от жа з апеляцыйнай скаргі падпракурора Роберта Раўзэ, напісанай у Вільні 11 кастрычніка 1928 г., пра беларускі Банк можна даведацца, што з самага свайго пачатку ён “…завязвае адносіны з замежнай фінансавай экспазітурай “камінтэрна” – Рыжскім транзітным Банкам, прымаючы на сябе выкананне даручэнняў гэтага банка. Суд (акруговы. Л. Д.-М.) выявіў, што пайшчыкамі Рыжскага транзітнага Банка былі: (Дзяржаўны. Л. Д.-М.) Банк СССР, Усерасійскі Кааператыўны Банк, Маскоўскі Народ.(ны) Банк, Сел. Саюз (?), а таксама арганізацыі ўкраінскай сав.(ецкай) рэспублікі.
Аналіз бягучых рахункаў і тэрміновых укладаў паказвае: у Беларускі Банк сапраўды паступілі 15000 даляраў, якія былі абяцаны ў Гданьску, а таксама 11750 даляраў на выплаты 700 асобам па даручэнні вышэйназванага Рыжскага банка.
Акруговы Суд у матывах прысуду (старонка 39) сцвярджае: “…цяжка вытлумачыць раптоўнае ўзбагачэнне абвінавачаных у 1925-1926 годзе – асаб­ліва кідаецца ў вочы факт адначасовых, іншы раз аднолькавых укладаў у Банк вялікіх сум некалькімі падсуднымі. Напрыклад, 16 лістапада Валошын і Тарашкевіч унеслі ў Банк 100 дал.(яраў) і 211 дал.(яраў), 17 красавіка 1926 г. Мятла і Рак-Міхайлоўскі (унеслі. Л. Д.-М.) па 300 даляраў, пры гэтым даты ўкладаў супадаюць з перыядам, у які БСРГ штораз больш становіцца залежнаю ад камінтэрна, які падтрымлівае і субсідзіруе яе”.
Аналіз рахункаў Астроўскага дае падставу лічыць: сумы ўнесеныя ім у Банк (1301 даляр і 31024 п.(ольскіх) зл.(отых) не з’яўляюцца яго ўласнасцю (тое, што ён узяў сабе пазычку ў суме 48 дал.(яраў) пры наяўнасці ўласнага бягучага рахунку – не паддаецца тлумачэнню; паясненне адваката, што гэта была аперацыя праведзеная з прычыны недакладнай дзейнасці Біндзюка (?), адпадае ў сувязі з высновамі экспертаў: нявыплата працэнтаў і г. д.)…”
…На хвіліну спыню цытаванне і для будучых біёграфаў Астроўскага зазначу: гэтыя незразумелыя 48 даляраў будучы прэзідэнт БЦР узяў 29 лістапада 1926 г., а наогул жа вельмі і вельмі здзіўлюся: свае грашовыя аперацыі грамадоўцы праводзілі, асабліва не блытаючы сляды – можна сказаць, з бесклапотнасцю рамантычных гімназістаў!
А далей Р. Раўзэ даводзіў апеляцыйнаму суду:
“…у час заснавання філіялаў Банка ў Пінску і Глыбокім, Цэнтральная каса не мела адпаведных фондаў: напрыклад, 18 сакавіка паўстае філія ў Глыбокім, і ў той жа дзень Радаслаў Астроўскі ўносіць у Цэнтральную касу – 800 даляраў, Браніслаў Тарашкевіч – 100 даляраў; філія ў Пінску адчынена 5.IV.1926 г., калі Цэнтральная каса высылае 500 даляраў. Адкуль грошы? 30 сакавіка ад Астроўскага паступае 1580 зл.(отых), Тарашкевіча – 500 дал.(яраў), ад банкаўскага бухгалтара – 500 даляраў і 1580 зл.(отых)
/От і відавочны факт “адначасовых… аднолькавых укладаў” Л. Д.-М./
Банкаўскія кнігі вяліся нядбайна, зрэшты, падсудны Р. Астроўскі і сам не адмаўляў, што меў “Чорную тетрадку”.
Тое, што Беларускі Банк удзельнічаў у падрыўной рабоце Грамады, кажуць у сваіх паказаннях сведкі:
Аляксандр Бабіч атрымаў з Банка пры дапамозе Астроўскага 300 зл.(отых) і спыніў сваю сувязь з камуністычнай партыяй.
Козіч даказвае: пасол Валошын паведамляў яму, што Беларускі Банк субсідзіруецца савецкім урадам; той жа Козіч плаціў камандзіровачныя грамадоўцам грашыма з Банка (паказанне Каланчынскага).
Удзельнік курсаў Грамады ў Радашковічах Тарасюк прызнаўся: Банк даў на стварэнне гэтых курсаў 600 зл.(отых) /пацвярджэнне ў паказаннях Кнапэ/.
Муж Даверу Грамады ў Лідскім павеце змоўшчык Шымкевіч, які потым уцёк у Расію, займеў з Банка 2000 зл.(отых).
Вядомы дзеяч Грамады Ігнатовіч, пра якога сведкі паведамляюць, што ён быў выбраны як будучы Беларускі Стараста, забраў з Банка 180 даляраў.
Сведка Скальскі даводзіць: Банк аплачваў штрафы, накладзеныя ўладай на грамадоўцаў…”
…Зноў спыню цытаванне, каб заўважыць: сведка Скальскі – той самы падкамісар Тадэвуш Скальскі (кіраўнік памежнага камісарыята дзяржаўнай паліцыі ў Тчэве!), які 5 лютага 1931 г. у цягніку Гданьск – Мальборк затрымаў Б. Тарашкевіча…
Ужо ў Менску я сказаў пра гэта Анатолю Сідарэвічу; мы сустрэліся ў архіўным касцёле Святога Язэпа, у кабінеце прыязнай спадарыні Запартыкі; Анатоль дапамог мне расчытаць у юрыдычным творы Р. Раўзэ складаныя мясціны і са сваёй характэрнай смяшлівасцю праказаў:
– Во, які трапіўся пракурор уніклівы!
Сапраўды, дапытлівасць пана Раўзэ на ўзроўні!
У рамане “Сустрэнемся на барыкадах” (гэту кнігу я згадваў 7 сакавіка 2009 г.) П. Пестрак іранічна назваў Р. Раўзэ – эрудзіраваным.
Мяркую, пан Раўзэ без ніякай сацрэалістычнай іроніі быў дасведчаны ў сваёй справе.
І зноў жа ён паведамляў, што “…Суд (акруговы. Л. Д.-М.) устанавіў: Семашкевіч на гэту мэту (аплачваць штрафы, наложаныя на грамадоўцаў. Л. Д.-М.) атрымаў з Банка 90 п.(ольскіх) зл.(отых).
Сведка Будзінскі паказвае: пазыкі /усяго выдадзена 12863 дал.(яры) і 3385 зл.(отых)/ выдаваліся толькі чальцам Грамады; гэты сведка шмат ведаў, бо меў інфармацыю ад грамадоўца Іголкі, які пазней быў забіты па палітычных матывах.
Сведка Бялінскі сцвярджае: чалец Грамады Пятровіч звярнуўся да яго канфідэнта з прапановай займацца шпіянажам, пры гэтым зазначыў, што грошы яму будзе плаціць Беларускі Банк.
Ігнат Андзілеўка (устройшчык гурткоў Грамады), які неаднаразова браў сумы з Банка, са слоў сведкаў Сасноўскага і Дразда, упэўнівае: яму за палітычную работу плаціць Банк, і Банк гэты мае грошы з Расіі.
Сенсацыйнае прызнанне зрабіў запасны сведка, Муж Даверу Грамады ў Браслаўскім і Дзісенскім паветах Іван Ласёнак; ён паведаміў, што па просьбе Астроўскага і Мятлы падрабляў на вэксалях жыро на імя Ліпскі і такім чынам атрымаў з Банка грошы на падрыўную дзейнасць, а менавіта:
350 зл.(отых) для развозу падрыўной літаратуры;
10 дал.(яраў) на выезд са шпіёнам Зарэкам у Расію;
33 дал.(яры) і 22 дал.(яры) за арганізацыйную работу Грамады…”
Не магу тут не сказаць: апошнія тры сумы нейкія несур’ёзныя, але тым не менш – у судзе любая драбніца мае вагу!
Далей пан Раўзэ звяртаў увагу на іншыя сферы дзейнасці Астроўскага.
Спасылаючыся на ўласнае прызнанне падсуднага, а таксама ж на паказанні сведкі Івана Савіцкага, падпракурор даводзіў, што падсудны Астроўскі, калі быў Старшынём Беларускага Дабрачыннага Таварыства, атрымаў з СССР вялікія сумы, першы раз – 4000 злотых, а другі раз – 15000 злотых.
Акрамя таго займаўся ён і мопраўскай дзейнасцю – зноў жа небескарысліва…
Існавала такое таварыства МОПР – міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі.
І былі такія беларускія людзі, якія шчыра верылі ў неабходнасць МОПРа.
У кнізе “Памяць” (Слонімскі раён) на старонцы 183 чытаю:
“…тры гады падрад (1930-1932) тайком ад паліцыі мы атрымлівалі ад рыбнай гаспадаркі 1000 злотых штогод і здавалі іх у МОПР. Гэта сума на той час была немалая. За 1000 злотых можна было купіць 500 пудоў хлеба…”
І што тут скажаш?
Хіба што адно: шкада і людское веры, і людское працы!
Пра людскія грошы – маўчу…
Праўда, нейкая дапамога вязням і іх родным усё ж такі даходзіла, таму дзякуй тым, хто дзяліў; дзякуй за тое, што ўсё сабе не забраў…
Аднак вярнуся да асноўнай (банкаўскай!) тэмы.
Падпракурор Віленскага акруговага суда Роберт Раўзэ пакінуў нам выразны, але дастаткова сухі тэкст.
Аднак жа ёсць і белетрыстыка, створаная чулым сэрцам.
Былы пасол і сенатар польскага парламента Васіль Рагуля называў Беларускі Банк Зямельным Банкам і ў сваёй цікавай кніжцы “Успаміны” пісаў:
“…сродкі былі. Адкуль? – думаю, што ад Вульянава, першага дарадчыка Палпрэдства ў Варшаве, беларуса, родам з Магілёўшчыны. Вульянаў, між іншым, выстараўся дапамогу Саветаў на адкрыцьцё Грамадою ў Вільні Зямельнага Банку, у вышыні 15000 дал.(яраў), у тры раты па 5000 дал.(яраў) кожная. Першую рату атрымаў я, антыкамуніст, старшыня Сялянскага Саюзу і старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу, але без ведама сяброў Клюбу. Чаму і як гэта сталася? Вось гэтак. Аднаго дня, у Сойме, Тарашкевіч папрасіў мяне зайсьці да яго ў габінэт. Там быў Р. Астроўскі. Яны абудва зьвярнуліся да мяне з просьбаю пайсьці ў Савецкае Пасольства і атрымаць для Беларускага Банку 5000 дал.(яраў). “За пасламі Грамады бесьперапынна сочыць дэфензыва; іх могуць накрыць, як кажуць, на гарачым учынку, а тады бывайце даляры. Табе, які не належыш да Грамады, зрабіць гэта лягчэй” – казалі яны…”
Сенатар дапамог.
Аднак жа ён вельмі рызыкаваў, бо за свой учынак мог дастаць 12 гадоў цяжкое турмы.
Дык вось, першую рату атрымаў В. Рагуля, другую (праз Транзітны Банк у Рызе) – сам Б. Тарашкевіч, трэцюю – невядома хто.
Можна дапусціць, што Р. Астроўскі.
В. Рагуля яшчэ ўспамінаў:
“…пасьля атрыманьня першай раты, у Грамадзе паўстала пытаньне, як замаскаваць паходжаньне грошай у банкавых кнігах. Я парадзіў Рак-Міхайлоўскаму і Валошыну расьпісаць гэтую суму, як уклады паасобных, але давераных асобаў… Гэткімі асобамі ня могуць быць паслы, бо іх могуць арыштаваць, блякуючы адначасова і іх уклады. Гэтак яны і зрабілі… на імя брата Мятлы запісана 600 дал.(яраў), а на імя Р. Астроўскага (ён паслом не быў. Л. Д.-М.) і ягонай жонкі – каля 1160 дал.(яраў)…
Пасьля ліквідацыі Грамады, грамадоўцы, што засталіся на волі, даручылі кіраўніцтва Банкам сэнатару Багдановічу. Ён і стаўся Дырэктарам Банку. Аднойчы ў Варшаве ён сказаў мне, што брат Мятлы і Астроўскі з жонкаю дамагаюцца выдаць ім іх “уклады”… Сам факт патрабаваньня выдачы “ўкладаў” без зазначэньня, на што яны будуць бескантрольна расходаваны, кінуў на “ўкладчыкаў” непрыемны цень і выклікаў прыгнятаючае ўражань­не сярод сяброў Пасольскага Клюбу…”
Хаця В. Рагуля раіў і, вядома ж, слушна раіў, каб на паслоў не распісвалі грошы, аднак жа распісалі й на паслоў – то-бок, на саміх сябе.
Першыя запісы ў банкавых кнігах з’явіліся 9 лістапада 1925 г., а на 1 студзеня 1927 г. склалася такая карціна: П. Мятла меў на тэрміновым укладзе 265 даляраў і 510 даляраў на бягучым рахунку; П. Валошын на тэрміновым – 305 даляраў, на бягучым – 145 даляраў; Б. Тарашкевіч на тэрміновым – 611 даляраў, на бягучым – 101 даляр; С. Рак-Міхайлоўскі на тэрміновым – 50 даляраў, менш за ўсіх, але затое на бягучым – 2275 злотых і яшчэ 889 даляраў…
Дарэчы, калі 15 студзеня 1927 г. на вакзале ў Вільні С. Рак-Міхайлоўскага арыштавалі, то пры ім было 195 злотых…
Як і прадбачваў сенатар Васіль Рагуля, па арышце паслоў налажылі забарону і на іхнія рахункі; рахункі былі далучаны да крымінальных спраў у якасці рэчавых доказаў.
27 траўня 1927 г. суддзя Віленскага акруговага суда Стэфан Паўлюць, спасылаючыся на паказанні “камунікатчыка” Міхала Гурына, пастанавіў: згаданыя грошы не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю абвінавачаных грамадоўцаў, грошы прызначаны для камуністычных акцый і падлягаюць канфіскацыі на карысць скарбу.
Мусіць жа, хуткай канфіскацыі не адбылося, таму 18 сакавіка 1929 г. адвакат Казімір Петрусевіч звярнуўся ў Віленскі апеляцыйны суд з прось­бай вярнуць яму, як упаўнаважанаму П. Мятлы і С. Рак-Міхайлоўскага, іхнія ўклады (з мэтай, каб імі карысталіся сем’і асуджаных).
І ў той жа дзень і на той жа адрас К. Петрусевіч падаў яшчэ адну заяву:
“Паводле выраку Апеляцыйнага Суда 16 сакавіка 1929 г. быў апраўданы Радаслаў Астроўскі. З гэтай прычыны прашу Апеляцыйны Суд вярнуць мне, як упаўнаважанаму Астроўскага, секвестраваны і далучаны да справы ўклад Астроўскага ў Беларускім Банку ў Вільні…”
На заяве няма ніякай рэзалюцыі, таму не ведаю, ці вярнулі выдатнаму адвакату ўклад апраўданага Астроўскага (уклады ж засуджаных П.Мятлы і С. Рак-Міхайлоўскага, як і засуджаных сяброў іх, пэўна што, не вярнулі!); ведаю іншае – нягледзячы на старанную працу падпракурора Р.Раўзэ, нягледзячы на пераканаўчую логіку ягоных слоў: “…падзяляючы думку Акруговага Суда (старонка 39 выраку) “…Р. Астроўскі з’яўляецца ў беларускім грамадстве прыкметнай асобай…”, здаецца сумніўным, каб ён, належачы да Грамады і маючы прыязныя адносіны або знаёмствы з яе правадырамі, не быў імі паінфармаваны пра істотныя мэты і намеры БСРГ – лічу апраўдальны вырак Суда (акруговага. Л. Д.-М.) у адносінах да Астроўскага няслушным…” – дык вось, нягледзячы на гэта, апеляцыйны суд пакінуў у сіле пастанову акруговага суда.
Суддзі ведалі, што ў Астроўскага не проста прыязныя адносіны з правадырамі Грамады, а ён меў вялікі ўплыў на Тарашкевіча.
Красамоўны й той факт, што 15 студзеня 1927 г. Тарашкевіч быў арыштаваны не ў сваёй кватэры, а ў віленскім асабняку Астроўскага!
Паводле запаснога сведкі Стэмпля, калі арыштоўвалі Тарашкевіча, Астроўскі ў гэты час паліў грамадоўскія паперы…
Суддзі зналі, што ў доме Астроўскага (з яго ведама!) адбываліся сходы цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Заходняй Беларусі!
Пра гэта сведчыў усё той жа раскольнік і камунікатчык, былы член ЦК КПЗБ М. Гурын.
Аднак жа апеляцыйны суд, а засядаў ён з 28 лютага па 16 сакавіка 1929г., адкінуў гэта сведчанне: маўляў, нельга верыць, бо сведка М. Гурын ужо не належаў да КПЗБ і мог атрымліваць ад якой-небудзь няпэўнай асобы недакладную інфармацыю!
Калі суддзі не паверылі знанаму сведку М. Гурыну, то, вядома ж, не прыслухаліся яны й да паказанняў нейкага там Васілеўскага, які даводзіў пра тое ж: Радаслаў сын Казіміра Астроўскі ў сваім доме па адрасе: Вільня, Чыгуначная Калонія, 62 – спрыяе камуністам!
І, вядома ж, не з’яўлялася для польскага суда аргументам і тое, што Астроўскага, як старшыню ТБШ, хваліў у Менску ў сваёй кніжцы “За Савецкую Беларусь” адзін з галоўных камуністаў Беларусі А. Чарвякоў.
Словам, не суд у бальшавіцкім разуменні, а святая прастата!
А бальшавікі бачылі ў Астроўскім родную душу!
Гэта бясспрэчна.
Чалавек не стомлены прынцыпамі, – Астроўскі заўсёды быў там, дзе былі грошы.
І пасля таго, як Беларускага Банка не стала, усё адно фінансы шырокай ракой плылі ў яго рукі, і ён распісваў іх на сваю жонку, на сваю дачку, на сябе…
От жа чытаю ў судовай паперы за 27 траўня 1927 г., што Астроўскі мае на тэрміновым укладзе 100 даляраў, а на бягучым рахунку 498 даляраў і 6699 злотых…

5 кастрычніка 2010. Аўторак. Час большы за грошы, а спакой большы за час!
Спакой – мая любая філасофія, і, едучы ў тралейбусе, я складаў у думках вобраз архіўнага спакою.
Аднак жа нічога пэўнага ў маім уяўленні не склалася – магчыма, само паняцце “пэўнасць” (як гэта ні дзіўна!) не стасуецца з паняццем “спакой”.
Пэўнаю ж, як і заўсёды, была Вільня – злева на захадзе бляшана мільгнуў купал Знаменскай царквы, а праз якую хвіліну справа, амаль побач, суха бліснулі абдзертыя вежы касцёла Якуба і Піліпа.
Па Зялёным мосце тралейбус выруліў на Кальварыйскую, – і, коратка, як на гадзіннік, глянуўшы на палац Радушкевіча, я прыняў па далькажыку ад свайго прыяцеля І. І. чаканую навіну: яго, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, нарэшце звольнілі са школы…
Каб не выпіваў і характар меў спакайнейшы, каб не гаварыў дрэнна пра лядовыя палацы і што роднай беларускай мовы ў школе зусім-зусім мала, а не сваёй, расійскай, і чужой, англійскай, ажно выпірае – то, вядома, рабіў бы.
Па праўдзе кажучы, рабіў бы й з выпіваннем, і з норавам сваім крутым, і з гаворкай пра лядовыя палацы, і нават з тым рабіў бы, што роднай мовы ў школе амаль няма, а чужых багата.
Аднак жа неяк ляпнуў прылюдна (пры “калектыве”!) пра дырэктара, што ён, дырэктар, дзве зарплаты кладзе ў сваю кішэню!
З гэтага й пачаўся ягер.
“Калектыў” пра пачутае, вядома ж, далажыў дырэктару, а тады ўжо накінуўся на І.І.:
– Хлусня! Паклёп!
“Калектыў” ведаў пра два заробкі свайго начальніка і бяды вялікай у тым не бачыў!
Якая ж тут бяда, калі скрозь так: і кіраўнік аднаго з тэатраў адначасова гроб і за дырэктарства, і за акцёрства, і дырэктар аднаго музея тое ж рабіў, і дырэктар аднаго дзяржаўнага выдавецтва туды ж…
Ды яны грошы вярнулі, бо ім зверху загадалі.
Зверху!
А тут самадзейнасць нейкая – халоп знізу вучыць пана!
Непарадак!
Карацей, учора ў настаўніка І. І. “скончыўся” кантракт, і пра гэта, смеючыся, ужо былы настаўнік і паведаміў мне.
Дзякуй Богу, мой сябар не з тых, што адразу падаюць у роспач; ён мае бадзёры план: 1. знайсці месца ў іншай школе; 2. пайсці паглядзець, што робіцца на біржы працы; 3. заняцца дробным бізнесам…
А можа кінецца ў літаратары, стала возьмецца за асадку?!
Неаднойчы ж прымерваўся да пісьменніцтва, нават сшыткі два спісаў апавяданнямі!
Тыя сшыткі нікому (мне таксама) не паказваў, саромеўся паказваць, адно расказваў пра іх.
Аднак сорам былога настаўніка павінен мінуцца з той простай прычыны, што за апошні час у школьную праграму як сабак налезла творцаў, якія зусім не творцы…
Я сядзеў ужо за архіўным сталом і еў салодкі вінаград, якім пачаставала мяне Алена Глагоўская.
І гэта ж таксама шчасце, думаў, калі цябе ў замежным (!) архіве частуюць вінаградам!
І шчасце тое, калі ў гэтым архіве чытаеш дакументы і смяеешся (моўчкі, вядома), нібыта чытаеш вясёлую кніжку…
Вось, напрыклад, 9 красавіка 1925 г. начальнік лукішскай турмы К.Барташэвіч перасылае каменданту дзяржаўнай паліцыі места Вільні рапарт старшага наглядчыка Юльяна Губскага, – данясенне аб тым, што ў аднаго з вязняў забрана гарэлка і газета “Кур’ер Віленьскі” № 78 (230):
“Пану Начальніку Турмы, што на Лукішках у Вільні.
Старшага наглядчыка Ю. Губскага.
Рапарт.
Дакладваю Пану Начальніку, што па вяртанні з акруговага суда пяці арыштаваных пад канвоем паліцыянтаў, з якіх за старшага лічыўся пастарунковы № 4510 Вышынскі, быў праведзены вобыск і ў арыштаванага Багуслава Кеджынскага знойдзены адэкалонны флакон з гарэлкай (напоўнена 1/3 частка флакона). Таксама ж знойдзена газета “Кур’ер Віленьскі” № 78 ад 4.IV. Да гэтага дадаю вышэйназваныя прадметы. Губскі. 4.IV. (19) 25 г. м.(еста) Вільня.
З арыгіналам згодна: (подпіс) Сакратар турмы”.
Тое, што гарэлку нельга з вуліцы несці ў турму, – справа ясная.
Газету, мяркую, можна было, толькі з дазволу начальства.
Арыштаваны Кеджынскі, пэўна ж, на такі дазвол махнуў рукой.
І ўсё ж такі цікава – што гэта за газета такая, што яе трэ было канфіскоўваць?
У кнізе А. Ліса “Gloria victis!” чытаю:
“…пускаліся ў ход плёткі, інсінуацыі аб падрыхтоўцы беларускага паўс­­тання. “…Нават орган віленскіх “дэмакратаў”, субсідыяваны ўрадам з народных падаткаў, “Kurier Wilenski”, – гаварыў Тарашкевіч, выступаючы 26 лістапада 1926 года ў сойме, – закрычаў расійскі “караул” разам са старашляхецкім “не позволям”.
Выходзіць, выданне праўрадавае, лаяльнае!
Аднак ніжэй А. Ліс піша:
“…той самы “Kurier Wilenski”, голас якога перад акцыяй супраць БСРГ не вылучаўся з агульнага хору прыхільнікаў яе неадкладнай забароны, ужо праз год змяніў тон выказванняў у пытанні яе дэлегалізацыі. А яшчэ праз год рэдактарам перыёдыка, паслом К. Акулевічам, і сенатарам В.Абрамовічам робяцца захады па вызваленні грамадоўцаў, яе кіраўніцтва. Аб тым, што хадайніцтва аб вызваленні лідараў БСРГ “на добрай дарозе”, яны паведамляюць А. Луцкевічу…”
Па ўсім відаць, лаяльнасць газеты ў пэўныя перыяды (і да 1925 г., і пазней) была крыху прасякнута й фрондай, таму зразумела, чаму яе канфіскоўвалі…
А вось новы смешны дакумент:
“Вільня, 24 жніўня 1925 г.
Пану Начальніку турмы, што на Лукішках у Вільні.
Паліцэйскі інспектар Браніслаў Поляк падае наступны рапарт:
Сёння па тэлефоне лекар віленскага шпіталя “Савіч” пан Дамброўскі паведаміў мне, што паліцыянты, якія вялі вязняў з лукішскай турмы ў шпіталь “Савіч”, выконвалі свае абавязкі нядбайна, дазвалялі вязням размаўляць з пабочнымі асобамі; дайшло й да таго, што, загаварыўшыся, у шпіталь уваліўся цэлы натоўп людзей.
Вязні – а гэта палітычна падследныя Хаім Хазанскі, Абрам Кранік і Мордух Эйхер – па атрыманні лекарскай дапамогі сёння ж вернуты ў турму.
За канваіраў былі паліцыянты №№ 3903, 5413 і 4353.
Таксама ж і П.(ан) Рэгіні, стажор-інспектар, ідучы з суда, заўважыў, што з вязнямі, якія ўжо вярталіся са шпіталя, размаўлялі пабочныя людзі, на што канваіры не звярталі ніякай увагі.
Гэта здарэнне адбылося паміж 9 і 10 гадзінамі.
Поляк.
Экспедыцыйны інспектар.
Рэзалюцыя: рапарт паслаць П.(ану) Каменданту Дз.(яржаўнай) П.(аліцыі) м.(еста) Вільні да ведама і адпаведнага распараджэння. 24.VIII.(19)25 г.
К. Барташэвіч.
Начальнік турмы.
З арыгіналам згодна: (подпіс) заместа Сакратара”.
Каб гэта не ў архіве, то наогул можна было б і рогат справіць!
Для рогату – самае яно.
Усім кагалам улезці ў шпіталь – маляўнічая карціна!
Лёгка ўяўляю пачуцці габрэяў, якія ўбачылі пад канвоем сваіх супляменнікаў.
Вядома ж, яны, гэтыя пачуцці, тут жа перайшлі ў гаманлівую радасць, калі паліцыянты (а гэта не пільныя чэкісты!) і вухам не варухнулі: маўляў, гаманіце, абдымайцеся, цешце адно аднаго, дзеці Майсея!..
У сталоўцы расказаў Алене пра “вясёлыя” рапарты; ад яе ж пачуў пра Хведара Ільяшэвіча – паэт жыў у Вільні на вуліцы Паплаўскай і тут, у Вільні, захапіўся ідэяй беларускай дзяржаўнасці і пакляўся, што да смерці застанецца беларусам.
Мне ўспомнілася ў гэты момант сваё, школьнае: неяк (здаецца, у класе шостым) я і мой сябар Васіль Дзісь паабяцалі настаўніцы Надзеі Васільевай, што заўсёды будзем размаўляць па-беларуску…
Ніякага пафасу ў тым дзіцячым абяцанні не было – наадварот, гаварылі, апусціўшы вочы долу, нібыта саромеліся такога абяцання.
І цяпер згадваю гэта таксама ж без тэатральнага ўздыму…
Па абедзе зноў гартаў старонкі, чытаючы якія, немагчыма было рабіць сур’ёзную міну.
Старонка першая:
“Пану Начальніку турмы, што на Лукішках у Вільні.
Рапарт.
Пасылаю Пану Начальніку пратакол, складзены ў справе дастаўкі вязня Шмаі Кагана ў турму ў цалкам нецвярозым стане пастарунковым камісарыята (komendy) Дз.(яржанай) П.(аліцыі) Люцыянам Мадлкоўскім – нумар 4987.
3.IV.(19)25 г. Вільня.
Паліцэйскі інспектар Шкілондз”.
Старонка другая:
“9 красавіка 1925 г.
Пану Каменданту Дзяржаўнай Паліцыі м.(еста) Вільні.
Накіраваны 3 красавіка на разбор у Віленскі Міравы Суд (Секцыя 1-я) пад канвоем пастарунковага № 4987 Люцыяна Мадлкоўскага вязень Шмая Каган быў вернуты ў турму ў стане поўнага ап’янення.
Пасылаючы на разгляд Пана Каменданта пратакол папярэдняга следства ў гэтай справе, прашу Вашай ласкі паведаміць мне аб прынятым рашэнні.
Дадаткаў: 1.
К. Барташэвіч.
Начальнік турмы.
З арыгіналам згодна: (подпіс) Сакратар”.
Як бачна, у гэты дзень – 9 красавіка – начальніку “Лукішак” давялося рассылаць паперы, змест якіх звязаны з пакланеннем вязняў Бахусу.
Пасля каталіка Багуслава Кеджынскага быў узяты на заметку (канцылярна адзначаны!) іудзей Шмая Каган!
Скажу й пра тое, што стыль канцылярскі не гіне і ў перакладзе, таму такая ж па пісьму, як і першыя дзве, і трэцяя вельмі цікавая старонка – яна знаходзіцца ў адзначаных панам Барташэвічам дадатках:
“Пратакол.
Вільня, 3.IV. г.(этага) г.(ода). Я, Інспектар турмы на Лукішках у Віль­ні, Уладзіслаў Шкілондз, выконваючы вуснае даручэнне Пана Началь­ніка турмы, склаў гэты пратакол у справе дастаўкі вязня Шмаі Кагана ў стане поўнага ап’янення з Віленскага Міравога Суда пастарунковым Дз.(яржаўнай) П.(аліцыі) № 4987 Люцыянам Мадлкоўскім XVI Акругі м.(еста) Вільні.
Дапытаны 3.IV. г.(этага) г.(ода) падследны вязень Шмая Каган, 36 гадоў, веры Майсеевай, абвінавачаны ў крадзяжы, паказаў наступнае: я папрасіў паліцыянта № 4987 Мадлкоўскага завесці мяне ў прыбіральню, аднак прыбіральня была замкнутай, а калідорных (у якіх, пэўна ж, быў ключ? Л. Д.-М.) не дагукаліся. Тады я папрасіўся напіцца вады, і мая жонка /яна са сваімі знаёмымі якраз прыйшла ў суд/ падала мне кубак з вадой. Калі я выпіў ваду, то ў другі раз мая жонка Бася Каган падала мне кубак з гарэлкай. Паліцыянт адпіў з яго і аддаў мне. Я выпіў чатыры кубкі гарэлкі і два кубкі вады. Паліцыянт Мадлкоўскі выпіў кубак гарэлкі за маё здароўе, так ён сам сказаў. Мне зрабілася млосна, і я званітаваў проста на калідоры ў судзе. А піў я гарэлку тады, калі ўжо разбор скончыўся. Больш нічога аб гэтай справе сказаць не магу. Пратакол мне прачыталі.
Шмая Каган.
Дапытаў: Шкілондз, Паліцэйскі Інспектар”.
Калі прыбіральня на замку, то, вядома ж, адразу хочацца піць!
Гэта ж так па-мужчынску!
І наогул – даволі сімпатычныя яны, алкагольныя прыгоды Шмаі Кагана, нягледзячы на ваніты пасярод калідора!
Варта заўважыць яшчэ й такую асаблівасць: у сваё апраўданне падследны заявіў, што напіўся ён пасля суда!
Інакш кажучы, намякнуў інспектару і большаму начальству: перад суддзямі я стаяў цвярозы!
Слаўнае апраўданне, канечне!
А што да Басі Каган, то тут немагчыма не здзівіцца – гарэлку прынесла, а пра закуску забылася!
А магла б, скажам, рыбкі фаршыраванай згатаваць ці якой-небудзь іншай смакаты кашэрнай, тады б гарэлка ў Шмаіну галаву лягчэй стукнула!
Чатыры кубкі ўсё-ткі не чатыры маленькія чарачкі, як іх вадой не запівай – ногі ўсё адно заплятуцца!
І не толькі ногі…
Шкадую, што не ўмею здымаць кіно, аднак і без ніякай кінарэжысуры з усімі анёрамі бачу такую сцэну: малады паліцыянт Мадлкоўскі эскартуе вязня Шмаю Кагана ў “Лукішкі”, але не прыкладам у плечы таўчэ, а вядзе, як старэйшага брата, пад ручкі!
Хоць і пры службе, а выпіў па-славянску за здароўе арыштаванага Майсеевага сына!
Так і хочацца агаласіць: няхай жыве польска-габрэйская прыязнасць!
Аднак жа дачытаю пратакол:
“…Дапытаны ў вышэйзгаданай справе пастарунковы Люцыян Мадлкоўскі № пасв.(едчання) 4987, з XVI Акругі Запасу Камісарыята Паліцыі м.(еста) Вільні, 25 гадоў, нежанаты, пад судом не быў, жыве на вуліцы Жалігоўскага ў доме 4, паказаў наступнае: арыштаваны Каган папрасіў мяне, каб я правёў яго ў прыбіральню, якая аказалася на замку; калідорных жа ў судовым будынку на той час не было. Тады арыштаваны Каган захацеў напіцца, і тут нейкая кабета, жыдоўка (магчыма, жонка Кагана) паднесла кубак. Я пакаштаваў і панюхаў – у кубку была вада. Праз гадзіну арыштаванаму зноў захацелася піць, і яго жонка зноў падала кубак. Гэтым разам я не каштаваў пітво, бо быў упэўнены, што ў кубку вада. Я бачыў: толькі два разы кабета паіла арыштаванага Кагана…”
Тут здзіўлюся: толькі два разы?
Шмая ж казаў, што выпіў чатыры кубкі гарэлкі і два кубкі вады – значыць, Бася паіла Шмаю сама меней разоў пяць-шэсць!
Выходзіць, вока ў № 4987 было не надта пільнае!
Ці проста перад начальствам паліцыянт захацеў знізіць у Шмаінай крыві ўзровень алкаголю?!
Спадзяваўся: за меншую п’янку вязня яму, ахоўніку, менш у плечы дадуць!
Аднак чытаю далей:
“… Я ж разам з Каганам гарэлкі з таго кубка не піў. Па дастаўцы арыштаванага з суда ў турму я далажыў у Канцылярыі, што Каган піў гарэлку, якую яму ў судзе на калідоры падавала кабета. Але ж кабета зазначыла, што не яна, а нехта наліў у кубак гарэлку. Больш нічога аб гэтай справе сказаць не магу. Пратакол мне прачыталі.
Люцыян Мадлкоўскі, пастар.(унковы) 4987.
Дапытаў: Шкілондз, Паліцэйскі Інспектар.
З арыгіналам згодна: (подпіс) Сакратар турмы”.
Напалохаўся паліцыянцік, таму й заявіў, што гарэлку разам са Шмаяй не піў!
І наогул тлумачэнне даў блытанае, узяць хоць бы гэты выраз: “…я пакаштаваў і панюхаў – у кубку была вада…”
А звычайна, спачатку нюхаюць, а пасля каштуюць…
Вядома, 25-гадовы нежанаты пан Люцыян не хацеў, каб яго са службы пратурылі.
І было за што!
Даў напаіць гарэлкай падследнага, і сам з той жа кварты добра лыкнуў.
І дзе?
У судзе!..
Але, здаецца, начальства Малдкоўскага не пакарала – прынамсі, ніякіх дакументаў адносна гэтага я не знайшоў…
З архіва ехалі па Антокальскай (здаецца, на другім тралейбусе), на хаду паглядзелі на мураваны дамок, у якім жыў наш мастак Пётра Сергіевіч; выйшлі на Зыгмунтоўскай і, развітваючыся, яшчэ крыху пагаварылі пра Францішка Аляхновіча.
Алена знайшла польскамоўны твор Аляхновіча з характэрнай назвай “За кратамі”, надрукаваны ў 1913 г. у віленскай газеце “Кур’ер Краёвы”.
– Усё жыццё думаў пра краты. Пра іншае нібыта й пісаць не мог! – заключыла даследчыца.
– А гэта! – паказала на той бок Вяллі. – Будынак электроўні. Тут да 1939 года Аляхновіч працаваў кантралёрам…
Раптам падалькажыў Някляеў:
– Дзе ты? У Белаазёрску, можа?!
“У Белаазёрску?! Чаму ў Белаазёрску?”
Крыху збіты з толку, неўпапад адказаў:
– Я зараз у віленскім архіве!
– Твой віленскі архіў падобны на кавярню!
Ага, да яго дайшоў вулічны гоман.
– А ў Вільні й архівы, як тыя кавярні! – я пажартаваў, як умеў.
На тым і развіталіся.
І тут жа адчуў, што пажартаваў няўдала; каб аднавіць разуменне, перазваніў, сказаў, што ў Вільні я не адзін, залучыў у гаворку Алену, і слаўная спадарыня Алена ад усёй душы пажадала спадару Уладзіміру на яго новай палітычнай ніве “поводзэння”…
Па Скапоўцы выйшаў на Замкавую, прысеў ля нейкай страўні на першым крэсле; думаў крыху памарыць, хацеў уявіць маладога Максіма Танка тут, на Замкавай, ля газетнага стэнда – вось ён чытае апошні нумар “Слова”, аднак жа нічога з уяўлення не выйшла, бо з’явіўся пазаўчарашні мой знаёмец – беларускі паляк з Ашмянаў…
– Як цябе клікаць? – сыкнуў я.
– Роберт!
“Роберт!!! Нічога сабе для ашмянца імя!..”
– Роберт, пазаўчора я табе даў 7 літаў!
– Знаю, але мне яшчэ трэба…
Раздражнёны, я перайшоў на другую тэрасу, і зноў мяне атакавалі жаб­ракі і ўсё, дарэчы, маладыя…
Памятаю старцаў, якія хадзілі па Давыд-Гарадку, і я глядзеў на іх шырокімі вачыма пяцігадовага хлопчыка – гэта былі сівыя гарбатыя дзяды з крывымі кіямі і вялікімі шэрымі торбамі на баку.
Як з нейкай казкі!
А тут, у Вільні, старцуе моладзь.
– Не давайце ім грошы, гэта ж наркаманы! – параіла мне ў кавярні “Іда басар” барменка Лена – напарніца Віды.
– А што, паліцыя? – спытаў проста так, дзеля блізіру.
– Паліцыя на іх рукой махнула…
Да ад’езду часу яшчэ меў і, каб не сядзець, а таксама ж, каб не стаяць, пайшоў (проста, каб ісці) і зусім не здзівіўся, калі апынуўся на Росах.
Ля крыжа Луцкевічаў гарэў зніч.
Няўжо той, якога запаліў пазаўчора?!
Неверагодна, але ён узнік з ляску ўяўнай пастуховай пугі, лопату сарочых крылаў і яўкання аднавокага белага ката!
Ці нехта зноў прыходзіў з нашых?
Пэўна ж, нехта прыходзіў і запаліў такі ж самы гранёны фіялкавы зніч…
На Піўной, у палітычным доме Ігната Дварчаніна, у акне на першым паверсе, адразу ля дзвярэй, пацешна круціліся ў клетцы ўсё тыя ж два папугаі – зялёныя крылцы, смарагдавыя чэраўцы, чырвоныя дзюбкі, рудыя галоўкі, чорныя ў белых колцах вочкі і рабыя ўчэпістыя лапкі.
Аконнае паветра над клеткаю, здаецца, рунела!
Першы раз убачыў гэтых птушак 19 сакавіка 2009 г., і от яны, выходзіць, ствараюць яшчэ адзін малюнак маёй віленскай устойлівасці…
У беларускім аўтобусе Коўня – Менск, які адыходзіў у 18.05, я, абмінуўшы літоўскую білецёрку, ціха спытаўся ў шафёра:
– Колькі да Менска?
– 35 літаў, – гэтак жа ціха адказаў шафёр.
– А нашымі можна?
– Тады 35 тысяч зайчыкаў…

28 лістапада 2010. Нядзеля. Трэба гаварыць з людзьмі, калі хочаш даведацца пра нешта істотнае; твая літаратурная фантазія – нібыта савецкія пяць капеек, а вось пачутае ад цікавага чалавека – царскія залатыя пяць рублёў!..
У вагоне пазнаёміўся з маладым капітанам патрульна-паставой службы; яму 28 гадоў, родам з-пад Астраўца і ўжо два месяцы як жанаты; жонку знайшоў там жа, на Астравеччыне – дзяўчына неяк прыехала з Вільні пагасцяваць у свайго літоўскага дзеда і літоўскай бабці.
Уласна кажучы, удала прыехала…
Капітан працуе ў Менску, жыве з двума такімі ж, як і сам, афіцэрамі ў наёмнай кватэры, агульная плата за якую – 400 даляраў.
Ягоная ж рата – 130 даляраў плюс (як зазвычай!) камунальныя пас­лугі…
– Вы такі малады і ўжо капітан! – па-бабску я пахваліў яго, аддаючы правадніцы за шклянку гарбаты 530 рублёў.
– Я ўжо павінен быць маёрам!!!
Во як!
Капітан казырыўся, але не надта, а галоўнае – не маўчаў, і я лёгка даведаўся, што да нядаўняга часу ён зарабляў 1400000, аднак жа перад выбарамі (зразумелая справа!) грошай падкінулі, і на гэты дзень капітан ужо мае 1800000.
Яго жонка працуе ў віленскай краме за 1400 літаў, што роўна нашаму 1500000…
Такую мы трымалі дарожную гаворку, а ў гэты момант паўз нас, пахістваючыся, туды і сюды прашнуравалі нейкія два аднавагоннікі-філосафы, балакаючы пра сваё:
– …хто ўкраў, той зарабіў…
– А хто зарабіў, той збяднеў…
А тут і адплыла станцыя Гудагай.
– Дзе думаеце жыць са сваёй віленскай палавінай?
– У Мінску.
– У Мінску?
– А дзе ж яшчэ?! Мяне ж не возьмуць у літоўскую паліцыю!
І то праўда.
Капітан думае пра сваё жытло, ужо ўзяў пазыку пад 5% на 20 гадоў.
Ад яго пачуў, дарэчы, новае слоўца “флікерызацыя”, якое прагучала ў такім кантэксце: “Дзякуючы флікерызацыі, значна палепшылася бяспека руху!”
І вельмі спадабалася мне яго стаўленне да байкераў; з пагардлівай усмешкай гаварыў ён пра іхнюю пыхлівую агрэсіўнасць і ўжо без ніякай усмешкі пра тую небяспеку, якую сеюць матацыклетныя безгалоўцы на дарогах.
У Вільню ён выбраўся першы раз і, дазнаўшыся, што я крыху ведаю места, спытаў пра вуліцу, на якой знаходзілася жончына крама.
На карце я паказаў гэту вуліцу і патлумачыў, як туды даехаць.
А вось і хвіліна адвітання.
Я папрасіў, каб ён спрыяў аўтааматарам, якія размаўляюць па-беларус­ку.
Малады капітан паабяцаў…
Як толькі я ступіў на перон, Сігітас пераняў мяне і адчаканіў без ні­яка­га смеху:
– Сёння я буду не дэмакратам, а дыктатарам!
– Што гэта значыць?
– Гэта значыць, пакіну вас начаваць у сваім доме!
– Не пусціце ў гасцініцу?
– Не пушчу…
– А мне падабаецца вуліца, на якой стаіць ваш дом!
– Чым падабаецца?
– У 1930-я гады каштанавым лісцем вуліцы Закрэтавай любаваліся маладыя беларускія паэты!
Сігітасу (было бачна!) спадабаўся мой узорысты адказ…
Хутка прыйшлі, падняліся на сёмы паверх, і Сігітас раптам прызнаўся, што будзе мяняць сваю вялікую кватэру на меншую, бо зімой за яе трэба плаціць ажно 800 літаў у месяц, – і гэта пры пенсіі 1100!
Паліна Лаўраўна была дома і, дзякаваць Богу, адчувала сябе значна лепей; мы разгаварыліся і сярод цікавага цікавейшым было тое, што я пачуў пра Жыльвінаса, пра паходжанне яго імя – гэта імя героя паэмы-казкі Саламеі Нерыс “Эгле, каралева вужоў”.
Паводле сюжэта паэмы рыбацкая дачка Эгле (Ялінка) пайшла купацца, і ў яе кашулю, пакінутую на беразе, запоўз вуж.
Чалавечым голасам вуж сказаў, што толькі тады аддасць кашулю, калі Эгле выйдзе за яго замуж.
Напалоханая дзяўчына згадзілася.
Як выявілася пазней: вуж той – не проста вуж, а прыгожы юнак Жыльвінас і не проста юнак, а каралевіч, гаспадар бурштыннага палаца, душа Балтыкі…
Я сядзеў і слухаў; калі ж Паліна Лаўраўна выйшла з пакоя, ступіў да шырокага акна і гэтак стаяў з доўгую хвіліну, асалоджваўся, кажучы мовай Цішкі Гартнага, віленскім краявідам; глядзеў на аддаленую рудую вежу Гедыміна, на лілейнае Трохкрыжжа, на зусім блізкія заснежаныя купалы Раманаўскай, на выразныя сілуэты касцёлаў Місіянераў, Казіміра і Візітак…
Сігітас на кухні драў бульбу на калдуны, з таркі ў місу цякла бела-ружаватая маса.
Я спытаў, як па-літоўску будзе тарка.
– Па-народнаму так і будзе: тарка, а па кніжнаму: трінтувэ…
– А цукеркі?
– Зноў жа па-народнаму: цукеркос…
– А цыбуля?
– Цібуліс…
З марознай дарогі калдуны вельмі прыйшліся да смаку ды яшчэ пад мексіканскі каньяк.
Я хутка наеўся, падзякаваў, аднак жа Сігітас не стаў слухаць і падклаў у маю талерку новую порцыю.
Я замахаў рукамі, але гаспадар супакоіў мяне такім павучаннем:
– Жэмайты кажуць: на першым калдуне трэба сядзець, калі апошні будзе ў роце!
Пасмяяліся і зноў загаварылі пра лексіку.
– Заместа “цібуліс” нашы філолагі прыдумалі слова “свагунас”. Дарэчы, як па-беларуску “зонт”?
– Парасон.
– А па-літоўску “летсергіс”. Аднак жа ўсё тыя ж філолагі лічаць, што слова “скеціс” лепшае!
– А што яно значыць?
– Раскрываць, растапырваць…
– Вашы філолагі ўплывовыя людзі!
– А як жа! – падтакнуў Сігітас. – І яны такімі заўсёды былі! У 1920-ыя гады заместа “галёшаў” увялі слоўца “пурвабріджяй”, што значыць: хадзіць па гразі…
– Прыжылося слоўца?
– Не…
Самы час было ўзяцца за шапку.
Пераадолеўшы “дыктатарскую” моц Сігітаса, я пайшоў у свой любы “Цэнтрум” і праз паўгадзіны за 49 еўра атрымаў 116 пакой.
Па тэлевізары якраз ішла літаратурная перадача, прысвечаная творчасці Франца Кафкі.
Барыс Пятровіч любіць прозу Кафкі, а я, выпускнік маскоўскага Лі­таратурнага інстытута, з кожнага кута якога толькі й чулася: “Кафка, Пруст, Джойс… Кафка, Пруст, Джойс…” – так і не захапіўся лабірынтнай творчасцю знакамітага і няшчаснага пражаніна, бо не здолеў учытацца ў яго няскончаныя раманы.
Праўда, не ўзяў у душу і Джойса з Прустам.
– Каб быць інтэлігентным, трэба ведаць хоць адзін раман Пруста! Лю­бы, на выбар! – пракафедрыў аднойчы выкладчык Гусеў.
Мне спадабалася такая парада любага выкладчыка.
Мне захацелася стаць інтэлігентным, і з Літаратурнага інстытута, з Цвяр­скога бульвара, я паляцеў на Арбат, у Стараканюшанны завулак, да пісь­менніцы Лідзіі Абухавай; яна была маёй апякункай, і ў яе кнігазборы мелася ўсё – ад дазволенага Пруста і да забароненага Салжаніцына.
За два дні адужаў вялізны том (здаецца, гэта была другая кніга, вядома, што з цыкла “У пошуках страчанага часу”) і нават не заўважыў: воблака інтэлігентнасці праплыло міма!
А пазней, ужо калі жыў у Менску, нецікавага мне Джойсавага “Уліса” (болей за тысячу старонак!) прачытаў ажно двойчы!
Цяпер здзіўляюся: і навошта мучыў сябе?
Хіба што дзеля гэтай эстэцкай высновы: “Уліса”, разгарнуўшы наўздагад, можна пачынаць чытаць з паўслова, нават з паловы літары; калі паўслова – знакамітая лексема, то палова літары – сімвал мастацтва, якое вынікае з нічога – то-бок, з усяго; палова літары – гэта палова ўстойлівасці; гэта частка Ірландыі, якая ці аб’яднаецца з другой сваёй часткай; гэта ірландская мова, на якой не размаўляе (зраблю дапушчэнне!) палова ірландцаў; гэта іншая палова ірландцаў (яшчэ адно дапушчэнне!), якія не жывуць у Ірландыі і не тое, што не размаўляюць, нават не разумеюць ірландскую мову; урэшце, палова літары – гэта палова зроку, хвароба вачэй Джойса…
Я выключыў тэлевізар.
Было цёмна, але не позна, было холадна, але ўтульна, і я рушыў у старое места паслухаць Віленку – яе каменьчыкавы бег заўсёды ап’яняе мяне.
Уладзімір Жылка пісаў пра “плюск” Віленкі, Ігнат Абдзіраловіч пра яе “гоман”, Якуб Колас пра яе “шум”, і, згадваючы іхнюю паэзію, успомніў пад гэтакі добры настрой сказ Караткевіча з рамана “Каласы пад сярпом тваім”:
“Сядала пурпуровае сонца, і цені на снезе зрабіліся ізумрудна-зялёныя, чысцейшыя за марскі зялёны прамень, убачыўшы які, кажуць, нельга памыліцца ні ў каханні, ні ў любові, ні ў нянавісці…”
Паслухаўшы і паглядзеўшы на плыткую і шпаркую ваду, завярнуў на Святаігнатаўскую і прачытаў на памятнай дошцы: “У гэтым будынку перад сьмяротным пакараньнем быў зьняволены кіраўнік паўстаньня 1863 – 1864 гадоў у Літве і (“і” ў змроку паходзіла на “е”) на Беларусі Кастусь Каліноўскі”.
Тым часам тэмпература на нейкі градус упала, таму па Вялікай Пагулянцы падымаўся ў гатэль ужо пры большым холадзе.
Вярнуўшыся, напіўся гарачай гарбаты, залез у ложак, заплюшчыў вочы і прачытаў самому сабе верш Максіма Танка:

З амфары гэтай даўно
Вінаградны сок выпілі госці.
П’яныя, потым разбілі яе.
Пенелопа
Вымела ўсе чарапкі
За парог свайго дому.
Цудам адзін ацалеў,
А на ім – цень музыкі з жалейкай.
І, хоць вякі прамінулі,
Мы чуем ізноў “Адысею”.

29 лістапада 2010. Панядзелак. Міхась Машара ў сваёй паэме “Падарожжы” вельмі трапна ж назваў турму на Лукішках “вастрожным Парнасам” (колькі там вершаў з’явілася!), а вязняў (зноў жа ўдала, бо паводле законаў беларускай мовы) ахрысціў – везнярамі.
Заходнебеларускія паэты і палітыкі прайшлі праз “Лукішкі” амаль пайменна, амаль кожны…
Я ўжо крыху пісаў аб тым, якія парадкі панавалі ў славутым астрозе, і сёння гаворка будзе пра тое ж…
Чытаю другі параграф загаду № 76 ад 17 сакавіка 1926 г., падпісаны ўсё тым жа К. Барташэвічам:
“Не адзін раз персаналу наглядчыкаў даверанай мне турмы даваліся падрабязныя ўказанні, як трэба дзейнічаць у выпадках непаслушэнства зняволеных, што было нават зазначана і ў загадзе № 47 за 16 лютага 1925 г.
Нягледзячы на тое, 20 лютага г.(этага) г.(ода) падчас вяртання палітычных засуджаных са шпацыру, наглядчык Язэп Руткоўскі з прычыны непаслушэнства засуджаных ужыў у дачыненні да іх нетактоўныя словы.
Падкрэсліваючы недапушчальнасць падобнага, яшчэ раз тлумачу: згодна п.(унктам) 1 і 3 “Часовых правілаў для вязняў” ад 25.IX.1922 г., кожны вязень павінен падначальвацца турэмнай уладзе, і паводзіны вязняў у дачыненні да прадстаўнікоў турэмнай улады павінны быць пачцівымі – тым часам, згодна арт.(ыкула) 5 “Агульнага турэмнага рэгламенту”, турэмны працаўнік, які патрабуе ад вязня строгага выканання правілаў турэмнага рэгламенту (стыль адпаведны! Л. Д.-М.) і вызначанага ўнутранага парадку, павінен у абыходжанні з вязнем быць рашучым, але захоўваць спакой і раўнавагу, а ў выпадку непаслухмянасці вязня павінен скласці вышэйшай уладзе рапарт, а не рэагаваць словам або дзеяннем.
Сказанае прыняць да ведама і строгага выканання ўсяму персаналу наглядчыкаў даверанай мне турмы; той, хто не падначаліцца гэтым патрабаванням, будзе прыцягнуты да адказнасці.
Інфармацыя: рапарт ст.(аршага) нагл.(ядчыка) Барэйшы ад 28.II. г.(этага) г.(ода); наглядчыка Януліна ад 22.II. г.(этага) г.(ода) і пратакол ад 2.III. г.(этага) г.(ода)…”
Багата клопату меў пан Барташэвіч – пільнаваць астрожнікаў, выхоўваць сваіх наглядчыкаў-дазорцаў (дзіва дзіўнае: яны не павінны былі ўжываць брудную лаянку!), прадухіляць бунты, слаць рапарты пракурорам і каменданту віленскай дзяржаўнай паліцыі; нават даводзілася пісаць і ў віленскую дырэкцыю пошт і тэлеграфаў.
Вось ягоны трывожны ліст з паметай “В.(ельмі) Тэрмінова” ад 30 снежня 1925 г.:
“Паведамляю, што 24.XII. г.(этага) г.(ода) снежная бура перарвала тэлефонную сувязь у даверанай мне турме і да гэтага часу лінія яшчэ не адноўлена.
З прычыны таго, што турма на “Лукішках” знаходзіцца ў аддаленым раёне места і з мэтай прадухілення магчымых выпадкаў бунту вязняў, уцёкаў і т.(аму) п.(адобнага), а таксама ж і з неабходнасці пастаянных зносін з уладамі, турма не можа заставацца без тэлефоннай сувязі.
Прашу вашай ласкі як найхутчэй направіць тэлефонную лінію “турма – места”…”
Трывога пана Барташэвіча цалкам зразумелая – тыдзень у “Лукішках” маўчалі тэлефоны!
А гэта не жарты!
На той момант за кратамі знаходзілася 1200 зняволеных, у ліку якіх было 300 асоб, атэставаных, як дыверсанты, шпіёны ды іншыя вельмі сур’ёзныя злачынцы.
З паўгода назад астрожнікі ўжо бунтаваліся, і ахова ледзьве іх супа­коіла.
Таму зусім невыпадкова, што ў той жа дзень, 30 снежня 1925 г., началь­нік вязніцы, нібыта не верачы дырэкцыі пошт і тэлеграфаў, пісьмова звярнуўся яшчэ й да пракурора Віленскага акруговага суда з просьбай умяшацца дзеля тэрміновага рамонту тэлефоннай лініі…
Ад цяжкой работы пан Барташэвіч адпачываў на Замкавай гары – проста падымаўся да вежы Гедыміна і аглядаў любую Вільню.
Псіхалагічны фокус быў у тым, што адсюль можна было ўбачыць амаль кожны свецкі будынак, і толькі не бачна была яго турма!
І можна было ўбачыць амаль кожны храм, і толькі не бачна была царква Святога Мікалая Цудатворцы, што стаяла ў турэмным двары!
Дзіўна, але гэта супакойвала начальніка…
Замкавая гара вабіла не толькі пана Барташэвіча; замкавая гара з вежай Гедыміна абуджала душы, можна сказаць, усіх – турэмшчыкаў, паэтаў і непаэтаў…

…Зірні, зірні: гара якая!
На ёй і будка цагляная…

Так усклікаў дзядзька Антось у паэме Якуба Коласа “Новая зямля”.
Для стаўбцоўскага дзядзькі адзін з нашых нацыянальных сімвалаў – усяго толькі цагляная будка!
Тая ж непрывабная карціна і ў вершы Янкі Купалы “Замкавая гара”:

Над Віллёй-ракой,
Па гары крутой
Туман сцелецца;
Не то лом-ламок,
Не то дом-дамок
Там віднеецца
(…)
Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць, –
Знаць, пужаецца…

Сітуацыю ратуе Уладзімір Жылка; для яго вежа Гедыміна – не будка, не лом-ламок і не катух, а – прошча, нават – беларуская Кааба:

Руіна замчышча – Кааба –
Ім (беларусам. Л. Д.-М.) прошча ўздыханняў і дум.
Салодкіх лятункаў – прываба,
Ў сваім запусценні – іх сум…
(“Вершы аб Вільні”)

Аднак жа до мудраваць, трэба й падсілкавацца.
5 кастрычніка паблізу архіва, у суседнім будынку, мы з Аленай знайшлі вельмі танную сталоўку.
Танную і смачную!
Ці не радасць!
А гаспадыняй у той страўні – віленская беларуска, хаця й называе сябе палячкай, Тэрэза; адкрытая, даверлівая і гаваркая жанчына.
Тэрэза ўзрадавалася, калі ўбачыла мяне:
– Вы зноў прыехалі?
– Зноў…
– Чым вас накарміць?
– А чым і кармілі…
Людзей не было, і пакуль мой полудзень грэўся і пёкся, мы, вядома ж, пагаварылі…
За сваю работу Тэрэза мае 2000 літаў; да слова сказаць, жанчыны, якія працуюць у архіве, атрымліваюць толькі тысячу, ці крыху больш…
Тэрэза расказала гэтым разам пра сваю сям’ю – найбольш пра зяця, яму ўсяго дваццаць пяць, але ён ужо майстар – вельмі добры дахаўшчык; праўда, ніяк не мог дарабіць пад Вільняй уласны дом – увесь час бракавала грошай.
Кідаўся па ўсёй Літве, крыў адрыны і хаты, гаражы і палацы, ды ўсё адно з заработкам туга было.
Тады пераплыў у Швецыю, і адразу ж удача казачная напаткала – за два месяцы зарабіў ажно 15000 літаў (шведскія кроны Тэрэза імгненна пераводзіла ў мясцовую валюту)!
Услед за ім паехала й жонка з дзіцям (Тэрэзіна дачка і ўнучка), стала там за няньку, і за дзень работы мае 170 літаў (70 даляраў)!
Зяць і дачка прыкінулі ўжо, хвалілася задаволеная жанчына: каб дабудаваць дом пад Вільняй, трэба 300000 літаў; думаюць, гады за тры запрацаваць гэту суму…
– А вернуцца? – з недаверам спытаў я.
– От і я баюся, што застануцца, бо надта ж ім там падабаецца!
Тэрэзіна ўнучка яшчэ не ходзіць у школу, і Шведскае Каралеўства дае на яе ўтрыманне 1000 літаў; Літоўская ж Рэспубліка выдавала на дзіця толькі 50…
А яшчэ Тэрэза даверылася, што ў яе пяць гектараў зямлі, якія, праўда, пустуюць; летась хацела прадаць адзін гектар, але ніхто не купіў…
Так я, не забываючы слухаць, падсілкаваўся і вярнуўся ў архіў, падахвочаны жаданнем знайсці звесткі пра бунт на “Лукішках”.
Доўга не шукаў.
Вось рапарт Барташэвіча за № 11933.
2 ліпеня 1925 г. начальнік турмы накіраваў данясенне пад грыфам “Вельмі тэрмінова. Сакрэтна” пракурору Віленскага акруговага суда:
“29 чэрвеня г.(этага) г.(ода) а палове 9-й гадз.(іны) вечара ў даверанай мне турме адбылося забурэнне вязняў, якое выявілася ў крыках некалькі сотняў чалавек, груканні ў дзверы і вокны і масавым закліку вырывацца з камер; дзве банды невядомых тыпаў білі ў вароты, адна з боку вуліцы Турэмнай, а другая з боку вуліцы Флісавай.
Наплыў натоўпу на згаданых вуліцах пашыраўся без ніякіх пераш­кодаў, таму што паблізу турмы няма стацыянарных паліцэйскіх паста­рункаў.
З той прычыны, што падобныя выступленні вязняў могуць у бліжэйшай будучыні паўтарыцца (аб чым сведчыць далучаны да гэтага данясення рапарт службовага інспектара п.(ана) Уладзісл ава Рэгіні пра падслуханую размову паміж дыверсантамі і шпіёнамі, якія знаходзяцца ў даверанай мне турме і якія разлічваюць здзейсніць свае намеры пры дапамозе звонку) – прашу Пана Пракурора быць ласкавым распарадзіцца адносна выстаўлення стацыянарнага паліцэйскага пастарунка ля даверанай мне турмы ад вуліцы Турэмнай, а таксама ж пусціць штодзённы паліцэйскі патруль вакол турмы ад 7-й гадз.(іны) вечара да 7-й раніцы…”
Здзіўляюць, вядома, не паводзіны вязняў, а тое, што ў 1925 г. каля “Лукішак” не было ніводнага паліцэйскага паста.
А дзве вулічныя банды (дарэчы, што за смельчакі такія?) з двух бакоў лёгка маглі б выламаць вароты, і карціна выйшла б неверагодная – больш за тысячу зняволеных умомант запаланілі б Вільню!
Таго не сталася з простай прычыны: ахова некалькі разоў стрэліла ў па­ветра, і стрэлы астудзілі рызыкантаў.
Наша ж паэзія пра такія выпадкі стварала перабольшаныя малюнкі: “…Вунь “Лукішкі”, Дзе ў песні надзей белапанскія карнікі Кулямі білі з турэмнае вышкі…” (П. Панчанка)
Не, не толькі ў “песні надзей” – як бачна, “белапанскія карнікі” стралялі яшчэ і ў паветра.
Дзеля парадку…
Дык вось, Барташэвіч далучыў да свайго данясення рапарт інспектара У. Рэгіні, які датаваны 1 ліпеня 1925 г. і адрасаваны яму, Барташэвічу:
“Паведамляю Пану Начальніку – у час абходу і кантролю наглядчык Станіслаў Зыга далажыў мне, што на 3-м паверсе левага крыла ў камеры № 60 (нумар называю прыблізна) вязень, высунуўшы ў акно галаву, размаўляў з вязнямі суседніх камер №№ 61, 62 наступным чынам: “…Шкада, што не ўдалося, амаль увесь корпус турмы ўжо быў акружаны! Але няма чаго засмучацца, не сёння дык заўтра, але тое здарыцца!” Прычым дадаў па-расійску: “За неделю все равно нас освободят!” (Не через неделю, а за неделю! Гэта, заўважу, не зусім па-расійску. Л. Д.-М.) Прыняўшы вусны даклад у прысутнасці нагл.(ядчыка) Краюшкіна, я асабіста праверыў апісанне знешнасці вышэйзгаданага вязня, што цалкам супала з маёй здагадкай. Улічваючы інцыдэнт, які адбыўся 29.VI. г.(этага) г.(ода), свой рапарт падаю Пану Начальніку на вырашэнне і службовы ўжытак. У камеры №60 сядзіць падсл.(едны) Дзяніс Глінскі, абвінавачаны ў прыналежнасці да дыверсійных бандаў і ў шпіянажы…”
Так пісаў службовец Рэгіні, пра існаванне якога я даведаўся 5 кастрычніка з данясення інспектара Поляка.
(Дарэчы, вярнуўшыся ў Менск, я прачытаў рапарт Рэгіні Анатолю Сідарэвічу, і той, як зазвычай, заліўся сваім характэрным трубным смехам:
– Выходзіць, на трэцім паверсе “Лукішак” не было кратаў, калі дыверсант і шпіён Дзяніс Глінскі мог свабодна высунуць галаву з акна! Пенітэнцыярная сістэма міжваеннай Польшчы была недасканалая!
Адсмяяўшыся, Анатоль з бачным гумарам дадаў:
– І тут вінаваты царызм! Бо такую спадчыну палякі атрымалі ад царскай пенітэнцыярнай сістэмы!)
Начальнік “Лукішак” Барташэвіч заклікаў сваіх падначаленых захоў­ваць спакой і раўнавагу, аднак жа сам (і гэта вельмі адчуваецца!) страціў і першае, і другое.
Ужо 3 ліпеня ён зноў піша пракурору:
“Спасылаючыся на мой рапарт ад 2.VII. г.(этага) г.(ода) № 11933, прашу Вашай ласкі паведаміць, якім чынам і да каго мне звяртацца па дапамогу ў выпадку авантурных беспарадкаў у турме…”
Разгубленасць поўная!
І нядзіўна!
Панядзелак, 29 чэрвеня, добра такі даўся ў знакі Барташэвічу, бо яшчэ адно здарэнне адбылося і было пісьмова засведчана…
Паліцэйскі інспектар Браніслаў Поляк 30.VI.1925 г. паведамляў Барташэвічу:
“29 чэрвеня г.(этага) г.(ода) а 20-й гадз.(іне) падследчая зняволеная Ганна Пабежа, з агульнай камеры № 38 (гэта другі корпус “Лукішак”. Л.Д.-М.) у прыступе істэрыі ўчыніла скандал, крычала, лаяла наглядчыкаў і суседак па камеры, біла ў дзверы.
За інспектара дзяжурыў старшы наглядчык Антоні Віргановіч; ён стараўся супакоіць Пабежу, аднак ніякія ўгаворы не памагалі. Упаўшы долу, Пабежа білася галавой аб паркет і не пакідала крычаць. Занепакоеныя вязні ўзнялі гвалт, пачалі скуголіць і раўці, біць табурэткамі і кулакамі ў дзверы камер.
Адразу ж паднятая па трывозе турэмная служба з’явілася ў поўным складзе і разам з паднятай па трывозе Дзяржаўнай Паліцыяй акружыла ўсе двары, а таксама турэмныя будынкі.
Падчас гвалту турэмны персанал колькі разоў стрэліў у паветра, і гэта значна супакоіла зняволеных.
На Пабежу, якая ўчыніла авантуру, надзелі вар’яцкую кашулю, аднеслі ў турэмны шпіталь, і ў вязніцы наступіў спакой.
Як ужо адзначалася, за інспектара дзяжурыў старшы наглядчык Антоні Віргановіч, а за старшага наглядчыка быў малодшы дазорца Ян Борух…”
На гэтым рапарце Барташэвіч налажыў рэзалюцыю, згодна якое інспектар Поляк павінен быў дапытаць турэмны персанал і тых вязняў, камеры якіх знаходзіліся побач з камерай Пабежы, а таксама ж і яе сукамерніц.
Паказанні далі старшы наглядчык Антоні Віргановіч і малодшыя на­гляд­чыкі Ян Борух, Юльян Янулін, Антоні Акулевіч і Францішак Бжа­зінскі.
Былі дапытаны таксама ж і зняволеныя Марыя Адамовіч, Уладзіслава Цяслінская, Юля Бянкоўская, Алена Халімончыкава і Зінаіда Яняк.
І службоўцы мужчыны, і асуджаныя жанчыны паказалі: у маладой і дужай Ганны Пабежы круты нораў; свой бунт яна спланавала; 29 чэрвеня сказала таварышкам: “Спіце, бо вечарам не будзеце мець часу спаць! Пабачыце, што будзе!”
Вечарам жа, бунтуючыся, крычала ахове:
– Пасадзіце мяне ў карцар, бо калі не пасадзіце, выб’ю вокны і дзверы, барбосы!
Пабежа абзывала ахоўнікаў па-расійску і па-польску і клікала на дапамогу вязня Васілеўскага – вядомага бандыта, які рабіў адміністрацыі “Лукішак” заўсёды багата клопату.
Васілеўскі ж, пачуўшы лямант Пабежы, са сваёй камеры крычаў:
– Хлопцы, наглядчыкі б’юць Пабежу!
А наглядчыкі якраз пратакольна бажыліся, што скандальную зняволеную не білі, а толькі закрывалі ёй рот, каб не крычала і не заахвочвала астрожнікаў да бунту.
Наглядчыкі не ўтойвалі, што спачатку завялі крыкуху ў карцар, палажылі на сяннік, а тады ўжо аднеслі ў шпіталь пад апеку дзвюх моцных вязніц і таксама ж дзвюх наглядчыц.
І асуджаныя жанчыны пацвердзілі: Пабежу ніхто не біў!
45-гадовая Марыя Адамовіч (з Раманавага сяла, павет Збараж), паставіўшы пад сваім прызнаннем тры крыжыкі, адзначыла: Пабежа прасілася ў карцар ці ў адзіночку; наглядчыца ж казала Пабежы, што яе туды няма за што садзіць, а старшы дазорца Віргановіч супакойваў зняволеную: сёння свята (апосталаў Пятра і Паўла. Л. Д.-М.), таму ў карцар яе не павядзе, а зробіць гэта заўтра раніцай, у аўторак... Калі ж усё-ткі Пабежа апынулася ў цеснай адзіночцы і пачала крычма крычаць, то ўслед за ёй закрычалі й малалетнія дзяўчаты, якія сядзелі ў суседняй камеры, што Пабежу ў карцары б’юць…
А ўсё пачыналася па-дзіцячы проста: Пабежа падсунула да дзвярэй вядро, паставіла на яго табурэтку і, ускочыўшы на табурэтку, выціснула шыбу ў акне па-над дзвярыма сваёй камеры.
24-гадовая Уладзіслава Цяслінская (дзяўчына з Вільні) паказала, што дазорца папярэдзіў Пабежу: калі яна вылезе праз акно на калідор, то ён будзе страляць.
Пабежа адрэзала:
– Страляй сабе ў лоб!
Калі ж пазней Пабежу вялі па калідоры, яна выгукнула:
– Іду ў карцар!
І гэта, на думку Цяслінскай, было сігналам да бунту…
Юля Бянкоўская (27 гадоў; з Янава, Кобрынскага павета), Алена Халімончыкава (23 гады; з Менска-Літоўскага, але перад арыштам жыла ў Дуброве Стаўбцоўскага павета) і Зінаіда Яняк (20 гадоў; з Вільні, з вуліцы Пагоднай № 222) – у сваіх паказаннях былі скупыя, таму зноў вярнуся да слоў Марыі Адамовіч.
Жонка Альфонса і дачка Сцяпана Тамчыка, непісьменная Марыя Адамовіч ажывіла пратакол такім сакавітым назіраннем: Пабежа не толькі абзывала наглядчыкаў “барбосамі”, але й паказвала ім свой зад…
(Анатолю Сідарэвічу, дарэчы, спадабалася такая лінія абароны, ён на­зваў яе вяскова-жаночай, а яшчэ высока ацаніў дзеянні сына Яна і Ка­раліны, 54-гадовага старшага наглядчыка Віргановіча: не разгубіўся, у час паклікаў дапамогу, правільна паводзіў сябе з ненармальнай Пабежай, нагадаў пра свята апосталаў Пятра і Паўла і, пэўна ж, гэта ён загадаў даць стрэлы ў паветра…
А пра Барташэвіча Анатоль сказаў:
– Мусіць, ён з былых легіянераў. Не пайшоў у асаднікі, пайшоў у ту­рэмшчыкі, але не нахапаўся яшчэ вопыту… Нічога, праз паўтара года, калі на “Лукішкі” трапіць кіраўніцтва “Грамады”, вопыт у яго з’явіцца!..)
Ужо на адыходзе ў апошняй папцы я прачытаў і пра Максіма Танка: 25 жніўня 1937 г. кіраўнік архіва Віленскага акруговага суда за нумарам 10378 паведаміў у сакратарыят 3-га крымінальнага аддзела таго ж суда, што архіў вяртае дасланыя 24 жніўня г.(этага) г.(ода) акты № К. 172/33 у справе Яўгена Скурко (wyk. 220 – k. poz. 169), том 6, з мэтай далучэння да іншых тамоў справы…
Не зусім яснае паведамленне, але можна паразважаць і гэтак – ці не рыхтавалі ў 1937 г. новы працэс для паэта, яшчэ адзін ход на “Лукішкі”…
І самае на гэты дзень апошняе…
У цягніку пазнаёміўся з Томасам – маладым літоўскім архітэктарам; ён ехаў у Менск – у нейкім нашым праектным бюро яго чакала цікавая праца.
Як учора з Сігітасам, так і сёння з Томасам гаварыў і пра “цібуліс”, і пра “свагунас”.
Аказалася, мой новы знаёмы ў размове з бацькамі карыстаецца словам “цібуліс”, бо лексему “свагунас” ужываюць тыя людзі, якія размаўляюць на літаратурнай мове.
Прыемна, што паспаліты літоўскі люд маю любімую расліну называе амаль па-беларуску: “цібуліс”...
– А вось і зусім новае слова! – заключыў Томас. – Заместа “манітор” нашы філолагі прапануюць казаць “вайздуокліс”!
Заўважыўшы мой запытальны позірк, патлумачыў:
– Вайздас – гэта від…

3 ліпеня 2011. Нядзеля. Менск.