12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзяніс Марціновіч

_____________________
Іван Шамякін: новае прачытанне


Не сакрэт, што сярод беларускіх пісьменнікаў савецкай эпохі менавіта Іван Шамякін з’яўляўся адным з самых чытэльных аўтараў. Апошнім часам інтарэс да яго асобы не знік, але больш перамясціўся ў літаратуразнаўчы асяродак. Сённяшняя ацэнка творцы вагаецца ад успрыняцця Івана Пятровіча як “апостала мадэрнізму” (Ганна Кісліцына) да “хрысціянскага пісьменніка” (Міхась Южык). Гэты артыкул з’яўляецца спробай ўласнага прачытання пісьменніцкай спадчыны.

Цяперашняя ўвага да творчасці Шамякіна сапраўды сімптаматычная. У літаратуру і літаратуразнаўства прыйшло пакаленне, якое нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі. Між тым савецкая эпоха, якая выступае для іх усяго толькі адным з этапаў гістарычнага мінулага, пакінула пасля сябе шмат пытанняў.
Чым была выклікана фантастычная папулярнасць твораў Шамякіна ў савецкія часы? Чаму вялікія наклады ў 1990-я гады зраўняліся з тыражамі іншых пісьменнікаў? Ці сапраўды Шамякіна сталі менш чытаць? Каб адказаць на гэтыя пытанні не паасобку, а разам, варта, на мой погляд, увесці пісьменніка ў новую, паслясавецкую сістэму каардынатаў і патлумачыць яго месца ў беларускай літаратуры.
Адным з перыядаў росквіту айчыннага прыгожага пісьменства з’яўляліся 1960-1980-я гады. З аднаго боку, умовы для творчасці былі надзіва неспрыяльныя. На змену хрушчоўскай “адлізе” паступова надыходзілі “застойныя” брэжнеўскія часы, калі ў грамадстве, здавалася б, не хапала паветра. Магчыма, таму лепшыя беларускія пісьменнікі шукалі апоры, жыццёвага грунту ў мінулым. Васіль Быкаў – у ваенных падзеях, Іван Мележ – у традыцыйным сялянскім укладзе, Уладзімір Караткевіч – у сівой даўніне гісторыі. З прызнаных аўтарытэтаў, бадай, толькі Іван Шамякін абапіраўся менавіта на сюжэты і вобразы сучаснасці.
У кантэксце развіцця літаратуры кожнай эпохі такі падыход выглядае цалкам натуральным. Але ў савецкія часы пісьменнікі такога кшталту падвяргаліся падвоенай рызыцы. З аднаго боку, іх кантраляваў партыйны апарат, які пільна адсочваў любыя праявы нязгоды. З другога боку, бязмежнае ўсхваленне сістэмы магло адштурхнуць лепшых чытачоў.
Што ж вылучыла Шамякіна з шырокай кагорты летапісцаў навакольнай савецкай рэчаіснасці і забяспечыла чытацкі інтарэс? Што паспрыяла ўхвальнаму стаўленню да яго творчасці дзяржавы? Мяркую, пісьменніцкая шчырасць. Крытычна ацэньваючы рэчаіснасць, вельмі цяжка схаваць уласнае адмоўнае або нават саркастычнае стаўленне да яе. З’яўляючыся фанатыкам ідэі, цяжка стварыць паўнавартасны мастацкі твор. Шамякін знаходзіўся нібыта пасярэдзіне паміж гэтымі “крайнасцямі”. Ён шчыра прымаў савецкія рэаліі. Больш за тое, яны з нараджэння ўвайшлі ў яго кроў, таму ўспрымаліся аўтарам абсалютна натуральна, як частка жыцця. У выніку, з аднаго боку, фальш і штучнасць пэўных праяў савецкага жыцця змякчалася. З другога боку, тыпова савецкія фразы, штампы, абароты, здаралася, паўтараліся ў творах з пэўнай перыядычнасцю.
Што ж тады паспрыяла чытацкай папулярнасці творцы? Несумненны талент. Майстэрства пабудовы дыялога. Здольнасць “закруціць сюжэт” – у гэтай якасці Шамякін, відаць, у беларускай літаратуры ні з кім непараўнальны. Істотна і тое, што Іван Пятровіч быў не з тых пісьменнікаў, якія клічуць з сабой чытачоў наперад і тым апярэджваюць эпоху. Шамякін развіваўся разам з савецкай элітай і разам з тым на паўкрок апярэджваў грамадства, якое часта даведвалася пра новыя павевы ў жыцці менавіта з пісьменніцкіх твораў.
З вышыні часу адзначаная здольнасць падаецца ўнікальнай. З першых пасляваенных твораў, у якіх Шамякін яшчэ ўзгадвае “вялікага Сталіна” (напрыклад, у “Грузінскай аповесці”), і да змрочных аповесцяў 1990-х гадоў, якія адлюстроўвалі цёмныя бакі новай “капіталістычнай рэчаіснасці”, пісьменнік заўсёды шчыра адлюстроўваў уласныя погляды на жыццё. Хто можа пахваліцца такой дыстанцыяй і адлюстраваннем рэчаіснасці на працягу больш як паловы стагоддзя?
Але тады чаму ў незалежнай Беларусі так істотна зменшыліся наклады яго кніг? Прасцей за ўсё патлумачыць гэта эканамічным крызісам або “савецкасцю” пісьменніка. Аднак, калі прыгледзецца да позніх твораў Шамякіна, напрыклад, да рамана “Губернатар”, бачна, што аўтар застаўся верны сваёй лініі ўвасаблення духу часу. Таму думаецца, усё больш складана.
На пачатку 1990-х гадоў адбылося, на мой погляд, разыходжанне пісьменніка са сваімі чытачамі. Перад той часткай, якая прымала савецкую рэчаіснасць і са стрыманым аптымізмам глядзела ў будучыню, паўстала праблема выжывання. Пісьменніцкі трагізм толькі вярэдзіў ім душу. Тая частка грамадства, якая прыняла ўвесь дыяпазон новых павеваў (ад адраджэння беларускай культуры да рынкавай эканомікі) ці хаця б іх пэўны сегмент, не маглі далучыцца да шамякінскага ўспрымання паслясавецкага грамадства.
Акрамя таго, пры ўсім трагізме падзей, якія адлюстроўваў Шамякін у сваіх ранейшых творах, у глыбіні душы ён заставаўся аптымістам. Яно і не дзіўна, бо пісьменнікі, козырам якіх з’яўляецца сюжэт, якія пішуць шмат і чые творы прысвечаны сучаснасці, проста абавязаныя з упэўненасцю глядзець на рэальнасць. Бадай, у іх няма іншага выйсця. Масавы, шырокі чытач ніколі не будзе звяртаць увагу на творы песімістычнага гучання.
Але будзем шчырыя: акрэсленыя праблемы датычыліся пэўнай, канкрэтнай эпохі і кардынальна не ўплывалі на агульнае ўспрыманне творцы. Цяпер, калі пасля смерці Шамякіна прайшло ўжо больш за сем гадоў, а з часу напісання яго лепшых твораў – ужо некалькі дзесяцігоддзяў, раманы пісьменніка павінны быць ацэнены з вышыні часу. Зрэшты, такі лёс усіх твораў і творцаў. Вядома, не наважваюся прамаўляць ісціны ў апошняй інстанцыі. Таму выкажу толькі свой суб’ектыўны погляд. У дадзеным выпадку і крытыка, і чытача.
Паспрабуем разабрацца ў спрэчных момантах творчасці Шамякіна на прыкладзе твораў пісьменніка, якія атрымалі ці не найбольшую папулярнасць сярод чытачоў: раманаў “Гандлярка і паэт” і “Атланты і карыятыды”. Прызнацца, такіх супярэчлівых пачуццяў, як пры іх прачытанні, не адчуваў даўно. З аднаго боку, адлюстраванне тагачаснага жыцця, побыту людзей, псіхалогіі герояў выклікае сапраўднае захапленне. Але праз пэўны час злавіў сябе на думцы, што найбольш удалымі і натуральнымі атрымаліся старонкі, дзе няма атмасферы і духу “савецкасці”.
Што маю на ўвазе? Пачынаючы чытаць раман “Гандлярка і паэт”, адчуваў пэўны скепсіс. Колькасць твораў пра вайну, прачытаных маім пакаленнем, даўно перайшла крытычную мяжу, пасля якой некаторыя моманты проста перастаюць успрымацца належным чынам. Тым не менш, раздзелы “пра гандлярку” Вольгу падаліся наватарскімі і ўразілі да глыбіні душы.
Апісанне перадваеннага Мінска і жыццё яго жыхароў, атмасфера пачатку вайны перададзены з натуральнасцю і паўнатой. Складвалася ўражанне прысутнасці як аўтара, так і чытача на сталічных вуліцах. Неўзабаве ўзнікла насцярожанасць: папрокі, якія аўтар выказваў на адрас галоўнай гераіні, выклікалі здзіўленне. Тое, што ў савецкія часы здавалася мяшчанствам, цяпер лёгка тлумачыцца жыццёвай кемлівасцю і клопатам пра тое, як ацалець падчас нямецкай акупацыі. Нагадаю, што раней, у 1917-1920-х гадах у Мінску па чарзе змяніліся ўлада Часовага ўрада, саветаў, немцаў, зноў саветаў, палякаў і ў чарговы раз саветаў. Несумненна, вопыт выжывання перадаўся гераіні разам з аповедамі бацькоў. Але галоўнае было ў тым, што Вольга выглядае жывым, спрэчным і натуральным чалавекам.
А вось са з’яўленнем Паэта інтарэс да твора пачынае паступова зніжацца. Цяж­ка папракаць аўтара ў адсутнасці рэалізму: і патрыятычныя выказванні героя, і яўкі, і кватэры, і падпольная барацьба – усё гэта, несумненна, мела месца. Цалкам відавочна, што тып станоўчага героя быў надзвычай распаўсюджаны ў той час. Але бязмежная правільнасць героя праз пэўны час пачынае выклікаць ціхую нуду. Калі ўмоўная першая частка рамана прымушае з маланкавай хуткасцю перагортваць яго старонкі, дык другая чытаецца паволі і зрэдчас.
Вельмі здзівіў фінал. Каб пазбегнуць папрокаў у неаб’ектыўнасці, працытую ўрывак з ліста Яна Скрыгана да Івана Шамякіна, які быў напісаны ў сакавіку 1976-га года. Пісьменнік вельмі высока ацаніў твор. Але пры гэтым адзначыў, што “здзівіў трохі канец: як бы абарваны, як бы заскоры”. Нагадаю: Вольга перавозіла ў лес зброю, а потым раптоўна, пад уражаннем забойства маленькіх яўрэйскіх дзяцей, чые рэчы яна ўбачыла, падарвала сябе і некалькіх паліцаяў. Пасля прачытання апошняга эпізода ў “Гандлярцы…” ў мяне асабіста склалася ўражанне, што фінал аказаўся крыху штучным. Але па законе савецкай ваеннай літаратуры напрыканцы твора павінен быць здзейснены подзвіг, што і адбылося.
З вышыні сённяшняга часу пэўнае неразуменне выклікаюць і асобныя старонкі рамана “Атланты і карыятыды”. Сам твор, як іншыя шамякінскія раманы, чытаецца на адным дыханні. Праблемы архітэктуры, узаемаадносінаў паміж спецыялістамі ў гэтай галіне і партыйным кіраўніцтвам, асабістыя стасункі герояў – усё гэта пераплецена ў такі клубок, які хопіць вынаходлівасці і моцы сплесці толькі сапраўднаму майстру.
Але адначасова ў рамане моцна бянтэжаць праявы партыйнасці. Твор пачынаецца з моманту, калі галоўны герой, архітэктар Карнач, узяў самаадвод падчас выбараў у партыйны орган. Наступныя старонкі прысвечаны размовам героя, архітэктара Шугачова (сябра Карнача) і яго сям’і, Макаеда (ворага і канкурэнта галоўнага героя) са сваёй жонкай, якія абмяркоўваюць такі ўчынак і пралічваюць яго наступствы. Цяжка спрачацца, што тады такая сітуацыя была форс-мажорнай. Больш за тое, яна цалкам адпавядала тагачасным рэаліям. Але цяпер, з вышыні часу, такія эпізоды наўрад ці зацікавяць аўдыторыю. Расчароўвае фінал. Пасля таго, як прафесйныя справы Карнача, здавалася б, цалкам заблыталіся, канфлікт вырашае мудры, строгі, але справядлівы сакратар абкама Сасноўскі. Чым не класіка сацрэалізму?
Вось колькі цытат з твора: “А навошта яму заядацца з Шугачовым, якога выбралі сакратром партбюро”, “але разам з тым такая сітуацыя злавала: не да твару партыйнаму кіраўніку душэўная раздвоенасць”, “яна дрэнна ўплывае на брата, робіць яго, актыўнага камсамольца, скептыкам”, “партыя паставіла грандыёзную гуманную задачу: забяспечыць людзей жыллём”, “...вы ніякая не актрыса. Ніколі не іграеце. Між іншым, за гэта вас любіць увесь гарадскі актыў” (апошнюю фразу Карнач кажа Галіне Уладзіміраўне, да якой тады мае сімпатыю, будучай каханай жанчыне), “толькі ведай: партыйныя прынцыпы Ігнатовіч ніколі не задбае”, “не зробіць ён такога даклада на бюро гаркома, бо глыбока паважае гэты прадстаўнічы орган” і г.д.
Каб пазбегнуць крытыкі і папрокаў з боку прыхільнікаў Шамякіна, яшчэ раз падкрэслю: там, дзе Іван Пятровіч звяртаўся да праяў звычайнага жыцця, узаемаадносін між людзьмі, ён заставаўся глыбокім майстрам слова. Але як толькі Шамякін адыходзіў у сферу палітыкі і партыйнасці, узнікала штучнасць, ненатуральнасць, пафас.
З вышыні гадоў Шамякін успрымаецца чытачамі амаль як бездакорны савецкі пісьменнік. Кажуць, савецкая эпоха ўзгадавала Шамякіна, дала яму багаты жыццёвы матэрыял, падарыла матэрыяльны дабрабыт. Ды і наогул, мала хто атрымаў ад яе столькі рэгалій і ўзнагарод. І сапраўды, Шамякін – Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Народны пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і дзвюх Дзяржаўных прэмій БССР... Але вазьму смеласць сцвярджаць, што “савецкасць” толькі перашкодзіла Івану Пятровічу і яго творам, прывязала іх да свайго часу.
Для таго, каб застацца ў літаратуры, пісьменнік павінен не толькі апярэджваць свой час – гэта датычыцца ў першую чаргу геніяў. На маю думку, творца, з аднаго боку, мусіць абапірацца на сваю эпоху, на глыбокім філасофскім узроўні ўздымаць актуальныя для яе праблемы. Але, з другога боку, не павінен быць звязаны з ёй гэтак шчыльна, каб наступныя пакаленні маглі знайсці шмат сугучнага ўласным думкам.
Як жа нам разглядаць творчасць Шамякіна, сімвала беларускай савецкай літаратуры, і яго калег у такім кантэксце? Мяркую, ісціну трэба шукаць пасярэдзіне: паміж савецкай традыцыяй безмежнага ўсхвалення і вядомым артыкулам Сяргея Дубаўца “Ружовы туман. Раздзел з гісторыі таталітарызму”, у якім ён назваў нацыянальную літаратуру савецкай эпохі антыподам беларушчыны.
Будзем аб’ектыўнымі: сярод кніг І. Шамякіна ёсць тыя, якія засталіся ў сваім часе, якія перайшлі з твораў літаратуры ў катэгорыю “гісторыя літаратуры” або нават “гістарычныя крыніцы”. Мяркую, па асобных з іх даследчыкі будуць вывучаць атмасферу часу і свядомасць савецкіх пісьменнікаў. А вось асобныя лепшыя творы Івана Пятровіча, самыя таленавітыя раздзелы яго раманаў, безумоўна, застануцца і будуць запатрабаныя чытачамі.