12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





“Я тыповы чалавек Барока”

_____________________
Гутарка Андрэя Масквіна з Вікай Трэнас


* * *

сталасць не ёсць мудрасцю
схілі свой пасівелы голаў
перад мужнасцю маленькай дзяўчынкі
якую носіць на руках ранішні вецер
якую лaшчыць абрыкосавае сонца
і ў душы якой – бурлівасць горнага вадаспаду
усе мы выпалі з калыскі часу
усе мы хочам пакаштаваць бяссмерця
усе мы цягнем рукі да любові
і атрымліваем аплявухі
яна танчыць у цэнтры
замкнёнага кола
застаецца адно
схіліць перад ёю голаў
Віка Трэнас, Экзістэнцыйны пейзаж.
Miнск 2008, с. 58.

– Ці памятаеце вы момант, калі быў напісаны гэты верш?
– Я вымушана адкрыць сакрэт. У прынцыпе я замкнуты ў сабе чалавек, тым больш, калі гэта тычыцца працэсу творчага мыслення. Па вялікім рахунку я лічу сябе чалавекам, які піша тэксты, але паэтам да гэтае пары сябе не лічу. Паколькі ў вершы ідзе апісанне любові, то я думала зрабіць гэты твор больш празрыстым і паставіць вядомы яшчэ са старажытных часоў эпіграф аб тым, што мы ўсе павінны пакарыцца любові. Але вырашыла, што гэта будзе „занадта ў лоб”.
Што тычыцца стварэння, то гэта стыхійны працэс. Я сказала б, што гэта плынь несвядомага. Усе мае вершы з’яўляюцца такім чынам. Я нават не магу згадаць, дзе і пры якіх абставінах ён быў напісаны. Гэта можа адбывацца дзе заўгодна: едучы ў грамадскім транспарце, працуючы над рукапісам іншага аўтара, мыючы на кухні талеркі, пры напісанні нейкага артыкула... Гэта адбываецца абсалютна стыхійна. Таму я не магу згадаць і дакладна акрэсліць перадумовы стварэння верша, і, шчыра кажучы, мне нават і не хацелася б гэтага рабіць. Працэс творчага мыслення настолькі інтымны для мяне, што ім ні з кім не хочацца дзяліцца. Усё, што я магла сказаць – абсалютна шчыра сказала. Я заўсёды стараюся быць максімальна шчырай. Бо няшчыры паэт не цікавы людзям і не будзе імі ўспрымацца. Гэта для мяне аксіёма.
– Калі чытаеш вашыя вершы, першае ўражанне – паэзія з’яўляецца вашай існасцю. Без паэзіі вы не маглі бы існаваць. Вашыя вершы цякуць, льюцца, як рака, і хочацца ў іх паглыбіцца.
– Я вельмі ўдзячная вам за такое тонкае разуменне, бо вы, мне здаецца, абса­л­ютна дакладна і даслоўна акрэслілі маю пазіцыю. Насамрэч, так яно і ёсць. Для мяне паэзія – гэта лад жыцця і лад мыслення.
У апошнія гады я пачала цікавіцца пытаннямі фемінізму, эстэтычных і са­цыялагічных практык, але высветліла, што ў мяне занадта вялікая залежнасць ад стыхіі паэзіі. Кожны раз дзень маіх народзінаў – гэта дзень вялікіх рэфлексій. Я разважаю, падводжу рахункі за апошні год, думаю, чым магу пахваліцца або наадварот. Збольшага прыходжу да высновы, што ў мяне не атрымалася рэалізаваць усё, што хацела. Якраз у гэтым годзе прыйшла да высновы, што за дваццаць чатыры гады жыцця я не маю нічога, акрамя паэзіі. Мяне гэта не суцяшае.
Можа, я выказваюся занадта патэтычна. Насамрэч мне шмат чаго хапае. Але ў глабальным, быційным сэнсе... Побытавыя пытанні, узаемаадносіны паміж людзьмі мяне цікавяць толькі праз прызму паэтычнага мыслення. Вось гэта мой свет, у якім я жыву, ёсць нейкай абалонкай, а ўсё астатняе знаходзіцца па-за ёй.
– Падчас прачытання гэтага верша з’яўляецца ўражанне, што Вы чалавек крайнасцяў. З аднаго боку, цішыня, спакой, а з другога – «бурлівасць горнага вадаспаду». Тое самае мне ўдалося адчуць у іншых вершах. Гэта ваш унутраны стан, ці вашае адчуванне свету, у якім вы жывяце? Ці, можа, проста маладосць?..
– Мне думаецца, што я заўсёды такой буду. Калі казаць пра маю эстэтычную прыхільнасць, то я сапраўды тыповы чалавек эпохі Барока. Калі вучылася на філалагічным факультэце БДУ, то займалася медыевістыкай і даследавала літаратуру эпохі Барока, творчасць Мялеція Сматрыцкага, аўтара «Трэнаса», а таксама праваслаўнага пісьменніка-палеміста Андрэя Мужылоўскага. Вельмі хутка я зразумела, што па сваіх адчуваннях, па нейкіх унутраных арыенцірах з’яўляюся чалавекам барока. Калі мы пазнаёмімся з дакументамі, калі пачытаем вершы і дыярыушы тых часоў, то звернем увагу на адну рэч, а менавіта – на спалучэнне супрацьлегласцяў, супярэчнасцяў. Гэта такі закон жыцця. Вельмі часта супярэчлівае змяшчаецца ў адным.
– Верш пачынаецца са словаў, якія можна палічыць афарызмам: «Сталасць не ёсць мудрасцю». Такое можа сказаць чалавек, які пражыў багатае, інтэнсіўнае жыццё. А што менавіта вас прывяло да гэтай думкі?
– Сакрэты творчага мыслення я стараюся не раскрываць. Я сама не ведаю, што здарылася. Гэта абсалютна рэфлексіўны, падсвядомы працэс. Я напісала тэкст, і з моманту стварэння ён пачынае жыць сваім жыццём. Праз нейкі час, канечне, адбываецца больш канкрэтная праца. Адключаецца Віка як стваральнік тэксту і ўключаецца Віка як рэдактар. Гэта дзве розныя іпастасі. І тады я раюся са сваімі старэйшымі калегамі, магу нешта паправіць. Але саму сутнасць, нейкую экзістэнцыю наўрад ці змагу растлумачыць. Я яе сама не ведаю. Дарэчы, існуе перакананне, што немажліва неяк спасцігнуць крыніцу натхнення. Для мяне самой гэта вялікая таям­ніца.
– Гераіняй верша з’яўляецца маленькая дзяўчынка. Ці можна сказаць, што ў нейкім сэнсе верш аўтабіяграфічны?
– А што, я сапраўды маленькая дзяўчынка? Я не такая ўжо і маленькая. (смяецца) Усе мае вершы аўтабіяграфічныя. Гэта самае галоўнае. Я ніколі не пішу таго, чаго не перажыла. Калі ў дзевятнаццаць гадоў выйшла мая першая кніга «Цуд канфіскаванага дзяцінства» (2005), у яе ўвайшлі вершы, напісаныя ў пятнаццаць-сямнаццаць гадоў. Канечне, на іх быў адбітак падлеткавага мыслення. Там было многа згадак крыві, смерці. Але сама па сабе кніга насіла больш архетыповы характар, і ў хуткім часе я адышла ад гэтай эстэтыкі. Старэйшыя сябры і калегі казалі мне, што я не магу так пісаць, бо я гэтага не перажыла. Але памерці можна не толькі фізічна, але і маральна. Такія рэчы трэба разумець. Я сказала б, што неперажытых вершаў у мяне няма. Кожны верш для мяне – як самае сакральнае.
– Калі вы пішаце «усе мы выпалі з калыскі часу», то каго маеце на ўвазе: сваё пакаленне, якое не атрымала таго, на што разлічвала, ці, можа, увесь беларускі народ?
– У паэзіі даволі дзіўныя суадносіны часу і прасторы. Гэтыя знакамітыя хранатопы мы ўсе вывучалі ва ўніверсітэце. Існуе некалькі варыянтаў прачытання гэтай думкі. Можна разглядаць фразу як разважанне пра пакаленне саракагадовых, пра пакаленне Андрэя Федарэнкі. А можна таксама пра маё пакаленне. Гэта дваццаці-дваццаціпяцігадовая моладзь, якая прыйшла пасля «Бум-Бам-Літу». Яны ўсе, гэтыя маладзёны, самадастатковыя, ім нічога не патрэбна: ні падтрымка, ні вялікія залы і поўныя стадыёны. Яны самі па сабе. І я таксама адношуся да гэтага пакалення і лічу, што калі мне нешта трэба, то я пайду і арганізую. У савецкія часы шмат гаварылі пра тое, што дзяржава павінна падтрымліваць творцаў. Я гэта ўсё цудоўна разумею. Але часы змяніліся. Многія нашы старэйшыя пісьменнікі настальгуюць па тых часах, калі іх няньчылі. Часта і цяпер сутыкаюся з гэтым. Мне ж не трэба, каб мяне няньчылі.
«Выпалі з калыскі часу» – гэта таксама значыць выпасці з кантэксту. Большая частка тых людзей, з якімі зараз мы супрацоўнічаем, вельмі дакладна размяжоўваюць асабістае жыццё, побытавыя праблемы, узаемаадносіны з роднымі і творчасць. Я лічу, што гэтыя рэчы трэба сапраўды адрозніваць. Гэтыя людзі нічога ні ў кога не патрабуюць. Калі ім неабходна – яны арганізуюць вечарыну, знойдуць мажлівасць надрукавацца і г. д. Яны «выпалі з калыскі часу», таму што не лезуць на барыкады, не прад’яўляюць да жыцця ніякіх высокіх, адмысловых патрабаванняў. Гэта нармальна, усе сучасныя паэты такія.
– Вашы героі «хочуць пакаштаваць бяссмерця» і «цягнуць рукі да любові». Амаль ва ўсіх вашых вершах так ці інакш закранаецца тэма кахання. Вашыя героі імкнуцца спазнаць гэтае пачуццё хутчэй за ўсё не ў фізічным сэнсе, а больш у духоўным.
– Па вялікім рахунку, большасць тэкстаў у гэтай кнізе, дзевяноста пяць адсоткаў, закранаюць тэму кахання. Але мне б хацелася звярнуць увагу на тое, што заўсёды існуе некалькі ўзроўняў інтэрпрэтацыі, некалькі трактовак. Гэта не толькі каханне жанчыны да мужчыны. Гэта агульнахрысціянскае паняцце любові як такой. Мы ўсе ведаем, што Бог ёсць любоў. Акрамя таго, тут ёсць і дахрысціянскае разуменне свету.
У некалькіх крытычных матэрыялах мае вершы былі зведзеныя да банальнай жаночай лірыкі. Канечне, жаночае тут ёсць. Напрыклад, мая першая кніга была абсалютна не жаночая. Я не разумею самога паняцця «жаночая літаратура»: можа, маюцца на ўвазе стандартныя вобразы – карункі, кветачкі; пакінутая каханым дзяўчына, якая сядзіць ля вакна і плача... Што ж датычыцца больш глыбокага асэнсавання, да якога я імкнуся, то варта сфармуляваць гэта як «быційнае адчуванне закаханасці». Як тое патлумачыць – не ведаю. Я пішу вершы таму, што не магу патлумачыць.
– На другой вокладцы вашага зборніка прыводзіцца прадмова Рыгора Барадуліна пад назвай «Дыктант». Паэт зазначае: «Віка піша дыктант кахання. Піша і традыцыйным, і вольным, і разбураным вершам, і верлібрам без косак і кропак […]. Піша старанна. Адзнаку хай ставіць чытач». Дыктант звычайна нехта дыктуе. Пад чыю дыктоўку вы пісалі гэты верш? Ці вы бачыце таго, хто дыктуе?
– Не, не бачу, не ведаю. Напэўна, Пан Бог дыктуе. Не маю паняцця. (смяец­ца).
– Вы сказалі некалькі слоў пра ваша пакаленне. А скажыце, якую паэ­зію яны пішуць? Чым яна, напрыклад, адрозніваецца ад пакалення трыццацігадовых ці саракагадовых?
– Маладыя творцы пішуць жанрава, тэматычна і эстэтычна разнастайную паэзію. Якраз у вялікай размаітасці і заключаецца спецыфіка іх творчасці, збольшага арыентаванай на лепшыя ўзоры еўрапейскай літаратуры. Гэта агульнакультурная, глабальная тэндэнцыя, датычная прадстаўнікоў многіх іншых народаў, не толькі беларусаў.
– Ці ведаеце вы свайго чытача, да якога звяртаецеся? Які ён? Ці маглі бы вы яго абмаляваць?
– Калі ў дадзены момант згадаць чытацкую аўдыторыю, перад якой мне калі-кольвек даводзілася выступаць, то я магла б сказаць, што мае чытачы – самыя розныя і па ўзросце, і па сацыяльным статусе, і па сферы сваіх заняткаў, і па эстэтычным гусце. Вывесці нейкую агульнасць надзвычай складана. Зрэшты, у працэсе стварэння таго ці іншага верша я ні да кога не звяртаюся – я медытую, калі можна так выказацца. І калі мае шчырыя эмоцыі і патаемныя думкі знаходзяць водгук у сэрцы іншага чалавека, чытача – гэта якраз і ёсць найвялікшая радасць творчай самарэалізацыі.