12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





«“Узвышша” застаецца і на сёння ўзорам»

_____________________

Гутарка з Ірынай Багдановіч


ТАВІЗ

…“cкідаліся” на пляшку лошыцкага віна
з агрэсту ці антонаўкі,
малой цаны, але выдатнага смаку...
Максім Лужанін

“Над чаркай выпітых гадоў
хачу спяваць, хачу маліцца”, –
Сказаў паэт узнёслых сноў
І ўзвелічэння Краю рыцар...

Праз хмары часу бачна нам,
Як п’юць сяброўства шчыры водар
Язэп, Уладзік і Адам,
Максім і, безумоўна, Тодар.

«Багемны» дым пад столлю віс
У рэстарацыі “Эўропа”,
Дзе ўвесь узрушаны ТАВІЗ
Свой ганарар любіў прапокаць.

Гаворка пра краіну йшла,
Пра тое, хто ў ёй свой, хто лішні,
Размова ткалася з цяпла,
Віно крышталячы ў кілішках.

Віно з агрэсту грэла кроў,
Віно з антонаўкі патолю
«Над чаркай выпітых гадоў»
Ліло і варажыла долю...
(“Прыватныя рымляне”, Мінск, 2006, стар. 32.)

– Шукаючы верш для нашай гутаркі, я звярнуў увагу на тое, што ў кожным вашым томіку заўсёды ёсць некалькі вершаў, прысвечаных беларускім класікам: Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Алаізе Пашкевіч (Цётцы), Сяргею Астрэйку. Чаму вы звяртаецеся менавіта да гэтых пісьменнікаў? Чым яны вас вабяць да сябе?
– Сапраўды, пачынаючы з “Чаравікаў маленства” (1985) – першага майго зборніка, дзе ёсць вершы, прысвечаныя Цётцы (Алаізе Пашкевіч) і Максіму Багдановічу, – ва ўсіх наступных кнігах таксама прысутнічаюць, так бы мовіць, “вершы-постаці”. Некаторых герояў гэтых вершаў вы ўжо назвалі. У гэтым жа “пантэоне” таксама пісьменнікі літаратурнага згуртавання 1920-х гадоў “Узвышша”, прадстаўнікі польскамоўнай плыні літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка ды іншыя асобы айчыннай літаратуры і гісторыі. Магчыма, такое пастаяннае зварочванне да літаратурных постацяў мінулага (хаця ў мяне ёсць і вершы-прысвячэнні сучасным пісьменнікам) абумоўлена маёй прафесійнай дзейнасцю як літаратуразнаўцы – даследчыка літаратуры. Калі заглыбляешся ў матэрыял, а гэта заўсёды лёс чалавека, які самаахвярна служыў Беларусі і яе люду, то ўзнікае цэлы абвал такіх эмоцый, якія немагчыма змясціць у літаратуразнаўчым навуковым тэксце, бо яны патрабуюць іншай слоўнай матэрыі. Так і нараджаюцца гэтыя “вершы-постаці”: досвед пра чалавека-творцу, тыя ці іншыя факты яго біяграфіі ўскалыхваюць душу да такой ступені, што яна не вытрымлівае напалу і вылівае ў вершаваных радках тое бруенне пачуццяў, якое застаецца па-за артыкулам, дакладам або манаграфіяй. Так бывае, канечне ж, далёка не заўсёды, бо трэба, сапраўды, перажыць пэўны катарсіс, перажыць чужы лёс як свой, каб знайшлася для эмоцыі адпаведная форма. А гэта бывае не лёгкі досвед – трагічны, часта смяротны для твайго героя: як апошні пакецік суніцаў для Максіма Багдановіча ў Ялце; як 1918 і 1930 гады для Купалы; як расстрэльны 1937 год для Сяргея Астрэйкі; як глыток вады пад час лагернай перасылкі для Уладзіміра Дубоўкі… Гэта ўсё лёсы творцаў, якія служылі высокай Праўдзе Слова, а таксама Праўдзе той ідэальнай, адроджанай і найдаражэйшай Айчыны-Беларусі, якую ў іх пастаянна ў той ці іншы спосаб адбіралі і нявечылі. Гэта ёсць годная тэма для паэзіі, а вершы мае нараджаюцца самі сабой. Мне не трэба іх прыдумляць, яны нібыта самі клічуць мяне, каб увасобіцца.

– Гаворку пра верш хацелася пачаць ад растлумачэння імёнаў. Хто гэтыя постацi, якiх вы ўзгадваеце? Цi можаце пра iх распавесцi?
– «…Язэп, Уладзік і Адам, Максім і, безумоўна, Тодар…» – гэта, адпаведна, сябры «Узвышша»: Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка, Максім Лужанін (з яго ж успамінаў і ўзяты эпіграф да верша), Тодар Кляшторны (а з яго верша ўзята цытата для першых радкоў). Назва верша “ТАВІЗ” расшыфроўваецца, можа быць, і крыху парадаксальна: “Таварыства аматараў выпіць і закусіць”… У свой час вядомы беларускі даследчык Лявон Юрэвіч, які жыве цяпер у Амерыцы і ўзначальвае Інстытут беларускай навукі і мастацтва (БІНіМ), апублікаваў перапіску сяброў “Узвышша”, дзе была згадка пра такое “Таварыства”. Зразумела, што гэта не было штосьці афіцыйнае… 1920-я гады для нашай гісторыі літаратуры і грамадскага жыцця былі часам вельмі бурлівым, зменлівым; а змены, як пазітыўныя, так і трагічныя, абвальваліся проста не прагназуемым каскадам… Калі я думаю пра гэты час, і, здаецца, “жыву” ў ім, у мяне мурашкі па скуры поўзаюць… А гэта ж быў зорны час для такіх маіх улюбёных паэтычных постацяў, як Дубоўка, Пушча, Кляшторны. Імі, іх творчасцю я захапляюся і займаюся непасрэдна, пішу пра іх як даследчык літаратуры, у тым ліку на аснове архіўных матэрыялаў, тагачасных выданняў. Напісаны артыкулы, раздзелы кніг, прадмовы… За гэтым – пранікненне ў лёсы, у склад думак, у пазіцыю і адпаведныя ёй учынкі… Мяне не перастае мучыць думка, што гэтыя Паэты з Вялікай літары “адкупілі” нашую літаратуру ад звыродлівых “штампаў”, прыстасавальніцкіх пад тагачасную палітычную кан’юнктуру формаў. Яны засталіся самімі сабой, пісалі так, як дыхалі… Былі ж жывымі, датклівымі людзьмі, такімі, як мы сёння! Маглі быць нашымі сябрамі, таварышамі па літаратурным згуртаванні… А ім жа накідвалі адпаведныя стэрэатыпы-ідэі: мусіш пісаць пра “дасягненні” сацыялістычнага будаўніцтва пад кіраўніцтвам кампартыі!.. А яны пісалі пра “Беларусь-шыпшыну”, якая “ў ветры дзікім не загіне”; пісалі “Лісты да сабакі”; “гралі” свае вершы “на ледзяной гітары”, каб паразважаць “над чаркай выпітых гадоў”… Яны былі найвялікшымі рамантыкамі і летуценнікамі свайго часу, мелі рыцарскія сэрцы, перапоўненыя любоўю да Беларусі. Ізноў жа – ўяўлялі і славілі ў сваіх вершах прыгожую, дастойную, самавартасную Беларусь… “Беларусь – маю шыпшыну”, з якой тагачасныя палітыкі, пад прэсінгам сталінскай дыктатуры, выраблялі ўсё, што ім прадпісвалі, і пасылалі гэтых смелых і сумленных патрыётаў-летуценнікаў на расстрэл (як Кляшторнага і Бабарэку ў 1937-м і 1938-м гадах), або ў лагеры (як Дубоўку і Пушчу ў 1930-м годзе і пазней). Апошнія ж, на шчасце, здолелі выжыць і вярнуцца да жыцця ў другой палове 1950-х…

– Вы апiсваеце канкрэтную сустрэчу, якая адбылася ў рэстарацыi «Эўропа»? Цi гэта нейкая метафара?
– Гэта, безумоўна, метафара, так бы мовіць, паэтычны вымысел. Але такі, які цалкам мог бы быць рэальным у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі таго часу. Калі чытаеш розныя мемарыяльныя крыніцы, прысвечаныя 1920-м гадам, то бачыш, што тады яшчэ існавалі ў Беларусі і будынкі, якія пазней былі знішчаныя, (а ў далейшым часе ўзноўленыя, як тая ж «рэстарацыя «Эўропа»); што былі яшчэ чыннымі і чыста чалавечыя адносіны, якія ні за ніякія грошы ані тады, ані ў сучаснасці не купіш… Гэта шчырасць сяброўства, чысціня і высокая бескарыслівасць кахання, здольнасць аддаць за гэтыя ідэалы жыццё… Цяпер многія пасмяюцца над гэтым… Але менавіта гэта выратоўвае нас, грэшных сучасных людзей, перад позіркам Божым… І я, як сучасны пісьменнік – даследчык мінулай літаратуры, мушу адэкватна ўяўляць і разумець менавіта тую сітуацыю, што склалася ў 1920-я гады, і вартую для цяпершняга адлюстравання ў творчасці: сітуацыю шчырага сяброўства, калі збіраюцца людзі, блізкія па духу… Што яны рабілі і абмяркоўвалі тады і там, за кілішкам «агрэставага»? Чым, якімі ідэаламі жылі?.. Хто быў «свой», хто «лішні» ў сітуацыі 1920-х гадоў, калі было абвешчана дзяржаўнае «паляванне» на «ворагаў народа», а гэтымі «ворагамі» былі найпаслядоўнейшыя беларускія патрыёты?.. Гэта была так званая «багема», або «прыватныя людзі» (тыя ж мае «прыватныя рымляне»), якія збіраліся за кілішкам беларускага – агрэставага – віна (натуральнага смаку!), каб, як пісаў Тодар Кляшторны, «над чаркай выпітых гадоў» паразважаць аб сваёй долі ды аб долі краіны-Беларусі і яе люду… Яны, нашы тымчасовыя славутыя беларускія паэты, выдатна разумелі палітычную пастку, у якую тады трапілі, дзякуючы сваёй самаадданай і самаахвярнай любові да Беларусі. Пастка ж была ў тым, што яны прамаўлялі аб Беларусі ў шчырым, нутраным пачуцці, тады як ад іх патрабаваліся пустазвонныя, завераныя пратаколамі палітычных нарадаў, афіцыйныя рэвалюцыйныя дыфірамбы… Літаратура ж ніколі не бывае нічога нікому павіннай… Яна пісала і піша пра тое, што думае, адчувае, перажывае… Калі натуральнай часу і перажыванням формы не знаходзіцца, тады нараджаюцца алегарычныя і сімвалічныя «лісты да сабакі і ад сабакі», «вішнёвыя хмары» і «ледзяныя гітары», «пярэстыя букеты» і вершаваныя «камбайны»… І гэта не проста высокая літаратура свайго часу! Гэта была, ёсць і будзе адзіна магчымая на ўсякі час літаратурная «апазіцыя» тым сілам, якія хочуць падпарадкаваць сабе пісьменніцкае слова… У мяне захоўваецца такое адчуванне, што гэта я нябачнай постаццю прысутнічаю між іх («Уладзікаў, Язэпаў і Адамаў…») у той жа рэстарацыі «Эўропа» на сяброўскай сустрэчы ў дзень «узвышаўскага» ганарару, чую іх размовы, часам сур’ёзныя, часам жартоўныя, хачу агучыць іх маўклівыя галасы ў сучаснасці… Уяўляю той узвышаны, летуценны паводле мараў аб новай шчаслівай краіне час, калі яшчэ хваля беларусізацыі не змянілася хваляй рэпрэсій… Вось беларуская вуліца; брук, уквечаны крокамі нашых непрыстасаваных да здрадніцтва класікаў-паэтаў “Узвышша”… Я іду гэтым самым брукам… Я нябачна заходжу ў славутую “рэстарацыю” разам з Тодарам, Максімам, Уладзікам, Язэпам… Толькі што быў іхні “ўзвышаўскі” сціплы ганарарык... І вось сядзяць гэтыя рамантыкі-летуценнікі ў мінскай “рэстарацыі”, гавораць пра Беларусь… І яна ў іхніх гаворках высокая-высокая, светлая-светлая… Я там у сцішаным куточку сціпленька стаю… Прыслухоўваюся да шчырае размовы, каб лепш зразумець самую сябе…

– Ва ўзвышэнцаў была тэорыя аквітызму. Які ейны галоўны сэнс?
– Ужо ў першым нумары часопіса была надрукавана мастацка-эстэтычная праграма (тэзісы) згуртавання, у якой гаварылася аб тым, што мастацтва павінна быць узвышшам (у той час як з розных трыбун гучна абвяшчалася, што літаратура павінна быць зброяй класавай барацьбы). У самой канцэпцыі мастацтва як узвышша заключалася ўстаноўка на дасканаласць мастацкай формы, злучанай з нацыянальнымі традыцыямі і пазначанай адпаведнымі сучаснасці авангарднымі рысамі. Гэта быў пошук менавіта “беларускага стылю”, у якім як найлепш выяўляўся б “стыль эпохі”. Стварэнне такога стылю прадугледжвала між іншым культуру беларускай мовы, устаноўку на “канцэнтрацыйную вобразнасць”, на “жыццёвую сымболіку” твораў, дынамічнасць кампазіцыі, адзінства мастацкай ідэі, “разнастайнасць фармальных рэальнасцяў”. Самым жа істотным прынцыпам, які яднаў папярэднія, абвяшчаўся аквітызм – гэта тая “імклівасць, якой прасякаецца мастацкі твор у сваім ідэале”. Менавіта аквітычнай была ўся творчасць узвышаўцаў. Сімволіка назвы заключае ў сабе біблейскі архетып “жывой вады”. Аб гэтым пісаў яшчэ ў свой час светлай памяці Уладзімір Міхайлавіч Конан. На маю думку, варта лічыць гэты тэрмін, які стаў знакавым для згуртавання, удалай спробай вынайсці назву новага эстэтычнага кірунку, адрознага ад шматлікіх мадэрновых кірункаў і плыняў 1910-1920-х гадоў, – кірунку, які б рэпрэзентаваў менавіта творчую практыку “Узвышша”. Пры такім падыходзе ён дапаўняе аблічча еўрапейскага мадэрнізму і падоўжвае шэраг ужо вядомых на той час кірункаў і плыняў (сімвалізм, акмеізм, футурызм, імажынізм ды іншыя). Пры гэтым “разнастайнасць фармальных рэальнасцяў” дазваляла камбінаваць элементы розных паэтык. Зрэшты пра гэта я ўжо досыць падрабязна пісала ў маёй кнізе “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001).

– “Узвышша” было знішчанае. Што мы страцілі з ім? Якой была бы Беларусь, калі б “Узвышша” засталося?
– Калі быць больш дакладнымі, то ў 1931 г. адбылася “самаліквідацыя” згуртавання. Безумоўна, гэта быў вымушаны крок пасля масавых арыштаў улетку 1930 годзе па справе так званага СВБ (Саюза вызвалення Беларусі). Засталіся ўзвышаўскія творы і творцы, якія нягледзячы на адарванасць ад літаратурнага жыцця, прысутнічаюць у літаратуры прамяністым сузор’ем, бляск ад якога толькі павялічваецца з цягам часу. Можна сказаць, што творчая практыка майстроў “Узвышша” застаецца і на сёння ўзорам, а таксама нацыянальным пісьменніцкім скарбам.

– Без мінулага няма будучыні. Што “Узвышша” можа даць сучаснасці?
– Яно і дае найперш адчуванне вышыні і красы: вышыні мастацкіх ідэалаў, красы самой творчасці, якая была для пісьменнікаў лёсам, а не нейкай там, як сёння стала модна казаць, гульнёй. Дарэчы, сама назва “Узвышша” мае таксама, як і аквітызм, схаваную біблейскую сэнсавую аналогію: у Бібліі прарокі заўсёды прапаведвалі на гары. Бо быць на гары, на ўзвышшы – значыць быць бліжэй да нябёсаў, бліжэй да Бога. Як бачна, гэта была свядомая ўстаноўка на дасканаласць. А гэтае паняцце ніколі не страчвае ні сэнсу, ні актуальнасці.

– Ці рэалізуе хто сёння ідэалы “Узвышша”? Ці ёсцека ягоныя элементы ў сучаснай літаратуры?
– Ёсць і ў сучаснасці нямала пісьменнікаў, якія адчуваюць і вышыню, і красу мастацкіх ідэалаў, так ці іначай рэалізуюць іх у сваёй творчасці. У пэўным сэнсе можна лічыць іх прадаўжальнікамі ўзвышаўскіх традыцый. Гаворка не ідзе пра перайманне або імітаванне, бо час змяняецца і ставіць перад пісьменнікамі новыя творчыя задачы. Аднак ні вышыні, ні красы ніякі час адмяніць не можа.

– Апошнім часам, дзякуючы вам, у серыі “Беларускі кнігазбор” выйшлі дзве кнігі, прысвечаныя каталіцкім пісьменнікам. Чаму вы вырашылі звярнуць увагу беларускага чытача на творчасць менавіта гэтых пісьменнікаў?
– Так, сапраўды, у серыі “Беларускі кнігазбор” у 2010 г. выйшаў том твораў Казіміра Сваяка (ксяндза Кастуся Стэповіча) , а ў 2011 г. – том выбраных твораў Вінцука Адважнага (айца-марыяніна Язэпа Германовіча). Яны былі не проста каталіцкімі пісьменнікамі, але і пісьменнікамі-святарамі. Святар жа – гэта ў пэўным сэнсе асветнік, настаўнік народу. Ён нясе яму Слова Божае, навучае паважнаму дабрачыннаму жыццю і, што самае галоўнае, навучае Любові: любові да Бога і да бліжняга, да сваёй сям’і, да бацькоў і дзяцей, да роднай зямлі і роднай мовы, да людзей іншых … Традыцыя такога святарства-асветніцтва на нашай Бацькаўшчыне пачынаецца яшчэ ад Еўфрасінні Полацкай. А на пачатку ХХ стагоддзя разам з нацыянальным культурна-гістарычным адраджэннем пачалося і адраджэнне духоўнае. З’явілася цэлая пляяда беларускіх святароў-адраджэнцаў, якія рупіліся аб беларусізацыі літургічнага жыцця, імкнуліся зрабіць Касцёл у Беларусі нацыянальным: праз увядзенне набажэнстваў на роднай беларускай мове; праз каталіцкія беларускія выданні – такія, як газета “Беларус”, што выдавалася лацінкаю ў Вільні ў 1913 – 1915 гг., як малітоўнікі для беларусаў “Бог з намі” і “Голас душы”. Апошні, дарэчы, склаў менавіта Казімір Сваяк. І ён, і Вінцук Адважны, апрача высокага святарскага паклікання, мелі кожны прыгожы бліскучы літаратурны талент, які дапамагаў ім праз мастацкае слова яшчэ глыбей пранікаць у сэрцы сваіх чытачоў-беларусаў, вернікаў і нават далёкіх ад веры, каб навяртаць іх да Любові. Найперш любові да сваёй заняпалай Бацькаўшчыны, да пагарджанай роднай мовы – да тых Богам дадзеных адзнакаў уласнай адметнасці ў свеце, каб у свядомым супольным народным чыне адбудоўваць Беларускі Дом. Або, як пісаў Сваяк, – каб Беларусь “пайшла гарой”! Была “гарой жыва”! Вось вам і яшчэ адно красамоўнае сведчанне пра ўзвышша! А гэта значыць, што беларусы – гэта не толькі “людзі на балоце”. Беларусы – гэта перадусім “Людзі на Узвышшы”! У маім уяўленні яно так і ёсць, бо гэты досвед, пакінуты ў спадчыну папярэднікамі: пісьменнікі-святарамі, паэтамі-ўзвышэнцамі. І тыя, і другія ўсёй сваёй творчасцю, самім лёсам склалі ахвяру на алтар Бацькаўшчыны-Беларусі. А таму іх творы нясуць у сабе прамяністы светач высокай Ісціны, якая пазнаецца толькі Крыжовай дарогаю лёсу. Гэта не гульня ў перастаноўку літар у словах, як зараз модна эксперыментаваць у літаратуры. Але зрэшты і Казімір Сваяк, і Вінцук Адважны як святары вучылі б мяне нікога не асуджаць. Так што хай сабе моладзь пісьменніцкая эксперыментуе са словам, толькі б пакінулі ў спакоі святыя імёны нашых класікаў… Таму не выпадкова і ўзніклі кнігазбораўскія выданні літаратурнай спадчыны пісьменнікаў-святароў: бо калі дакранешся да гэтай спадчыны аднойчы, – стаецца яна жыватворчай крыніцай, з якой сам п’еш і хочаш падзяліцца гэтай жывою вадою – акавітаю, з іншымі. Вось жа ізноў гаворка выходзіць пра “аквітызм”!..

– У апошні час адбываюцца дыскусіі наконт таго, як, па-першае, “еўрапеізаваць” беларускую літаратуру, а, па-другое, чаму ў сучаснай беларускай літаратуры так моцна трымаецца “савецкі дыскурс”. Як вы адносіцеся да гэтых двух пытанняў?
– Я не ў курсе гэтых дыскусій. На шчасце ці на жаль, не ведаю. Я лічу нашу літаратуру дастаткова еўрапейскай, а наконт “савецкага дыскурсу”… Не думаю, што гэта такая страшная загана. У савецкі перыяд у нас былі выдатныя творы і творцы, і няма чаго цяпер у гэта кідаць каменне. Беларуская літаратура сёння дастаткова самабытная, арыгінальная і цікавая. У ёй досыць шмат бліскучых творцаў, якімі магла б ганарыцца любая еўрапейская “вялікая” літаратура. У кагосьці з пісьменнікаў, можа, і ёсць той самы “дыскурс”, а хтосьці, можа, занадта спяшаецца за еўрапейскай модай. Ну дык што?! Выберыце сабе чытанне па густу, гэта можна зрабіць. І няма чаго нам прападаць ад гэтага бясконцага “комплексу недасканаласці”! Трэба навучыцца шанаваць сваё, быць годнымі ўласнай класікі, развівацца далей. Так, моладзі трэба вучыцца і на еўрапейскіх узорах, але перш добра засвоіўшы свае. Такім шляхам ішоў калісьці Максім Багдановіч, так было і ў 1920-я гады ў той жа мастацкай практыцы “Узвышша”. Для таго, каб нашу беларускую літаратуру чыталі і расхоплівалі выданні, нам не хапае не “еўрапеізаванасці”. Нам не хапае масавага беларускамоўнага чытача, бо беларуская мова пастаўлена ў сучаснасці ў цяжкія ўмовы выжывання. Ды і ў Еўропе не ўсё так ужо і вартае пераймання. Наша сучасная літаратура вельмі розная: у ёй ёсць сталая, я бы сказала – “аквітычная” плынь, пазначаная высокай ступенню духоўнасці і мастацкасці, а ёсць і тое, што я прынамсі чытаць не буду, бо яно для мяне пустое і нецікавае. Імёнаў называць не буду, як і выносіць крытычных прысудаў. Проста адно чытаю, другое не. Зрэшты так і кожны: выбірае і чытае тое, што яму падабаецца, на што адгукаецца сэрца. І пры чым тут дыскусійныя “бурбалкі”?..