12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Мяльгуй

_____________________
Поле бітвы: FM-эфір.
Эсэ-агляд


Краіна, дзе з “каждого утюга Пугачева поет”
Збываюцца самыя сьмелыя і неверагодныя прагнозы беларускіх культуролагаў – у нетрах палітычнага рэжыму, які на працягу свайго існаваньня планамерна дэманстраваў ігнараваньне нацыянальнага ў сваёй дзейнасьці (асабліва ўсяго, што тычыцца мовы і нацыянальнай гісторыі), высьпяваюць дзеяньні, якія, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці, працуюць на нацыянальную ідэю, спрыяюць разь­віцьцю нацыянальнай культуры. Прыкладам гэтаму хочацца назваць аднаўленьне менскай ратушы. І хоць археолагі і гісторыкі назавуць гэтую акцыю больш палітычнай, чым выкліканай культурнымі па­трэбамі дзяржавы, прывядуць шмат прыкладаў валюнтарызму ў працэсе аднаўленьня каштоўнейшага помніка Менску, факт застаецца фактам – ідэя, якая так доўга адстойвалася нацыянальнай інтэлігенцыяй, рэалізавалася з дапамогай рэжыму, які гэтай інтэлігенцыяй ніякім іншым чынам не пазіцыяніруецца, як толькі антыбеларускім. І такіх прыкладаў становіцца больш.
Адным з апошніх у гэтым шэрагу можна лічыць пастанову, у якой патрабуецца, каб у беларускім FM-эфіры гучала ня менш за 75 адсоткаў беларускай музыкі. Памятаеце суровую рэпліку Прэзідэнта аб тым, што: “У нас Пугачева из всех утю­гов звучит!” І хоць гэтае выказваньне вы­глядала як эмацыянальнае, яно трапіла ў кропку.
FM-эфір Беларусі да гэтага часу назваць беларускім можна было толькі з вялікай доляй іроніі. Хвалі радыёстанцыяў, падобныя адна на адну, займаліся тым, што называецца “прасоўваньнем тавару” на мільёны даляраў, які трапляў у краіну бяз мытных падаткаў. Гэтым таварам была і застаецца расейская папса. А Беларусь – самым надзейным бастыёнам яе на сваіх заходніх межах.
Феномен расейскай папсы палягае ў няшчаднай эксплуатацыі (білеты на апош­ні канцэрт, напрыклад, Філіпа Кіркорава ў Менску па расцэнках фірмы Art mu­sic servis каштавалі ад 25 да 150 тысячаў рублёў) настальгіі па “залатых” часінах савецкай эстрады, якая стала неад’емным атрыбутам савецкага ладу жыцьця. І таму многія грамадзяне незалежнай Беларусі (як і грамадзяне іншых рэспублік СНД), не саромеючыся мянушкі “савок”, не шкадуюць апошніх ру­бельчыкаў на сьвежы нумар “Комсомоль­ской правды” альбо квіток на Киркорова ці “Фабрику зьвёзд”... Цікава, што нашая краіна застаецца “зямлёй абетаванай” для расейскай папсы таму, што ў Беларусі самыя “ліберальныя” законы адносна выканаўцаў-замежнікаў, што гэтыя ж законы паралізуюць творчасьць і канцэртную дзейнасьць мясцовых выканаўцаў, а таму тут застаецца незадаволеным попыт на музычныя відовішчы. Расейскую папсу не палохае беднасьць тутэйшых сваіх прыхiльнікаў, кі­шэні якіх амаль пустыя. Але калі запусьціць “рыначныя механізмы”: запрэгчы свой менеджмент і яго памагатых у Беларусі, то вынікі могуць быць даволі важкімі ў даляравым эквіваленьце. Ды й ня толькі Менскам абмяжоўваецца Беларусь – попыт на прадукцыю ў стылі расейскай папсы ёсьць і на перыферыі краіны. Там увогуле няма аніякага кант­ролю, галоўнае – не скупіцца на рэкламу. У выніку атрымліваецца неблагая рэнтабельнасьць канцэртаў, якую не параў­наць з канцэртамі ў той жа Украіне. У Кіеве ці Львове, каб правесьці ана­лагічны канцэрт, трэба ўкласьці ў чатыры разы больш сродкаў, але і ў такім вы­падку акупаемы вынік там ня будзе гарантаваны. На Украіне нацыянальны шоу-бізнэс – самадастатковы і паўнапраўны гаспадар на прасторах краіны. Таму і сродкі ад продажу квіткоў, дыскаў і разьмеркаваньня эфіру застаюцца ў краіне. Яшчэ больш безнадзейная сітуацыя для прышлых папсавікоў у краінах Балтыі, дзе традыцыйна з савецкіх часоў стаўку рабілі на нацыянальны музычны прадукт.
Значная роля ў бізнэс-планах расейс­кага шоу-бізнэсу адводзіцца FM-эфіру, пры тым, ня толькі ў Беларусі. Гэта невыпадкова, бо слухачы радыёстанцыяў, якія звычайна настроеныя на іх хвалі, і зьяўляюцца патэнцыйнымі фінансавымі донарамі — наведвальнікамі канцэртаў, пакупнікамі дыскаў. Важна, каб вядучыя радыёстанцыяў прадстаўлялі творы, якія будуць гучаць пад замову, як “апошні піск моды” ці “хіт на ўсе часы”. Бо пастаянны слухач гэтага радыё-фармату з-за свайго ўзросту ці мастацкай зарыентаванасьці вельмі непатрабавальны і ласы на кідкія этыкеткі, беспадстаўную па­хвальбу і кампліменты. Пакуль ёсьць такія слухачы, датуль FM-эфір будзе працягваць ажыцьцяўленьне бізнэс-планаў расейскага шоу-бізнэсу.
Цяпер хацелася б спыніцца на самым галоўным у дзейнасьці FM-станцыяў: чаму іх ды-джэі-вядучыя з такой упартасьцю займаліся і займаюцца бессаромным падманам – “раскруткай” выканаўцаў, нізкамастацкіх калектываў і іх заведама безгустоўных твораў? Не сакрэт, што многія FM-станцыі, што вяшчаюць на Беларусі, створаны з удзелам расейскага капіталу. Таму першае, што прыходзіць у галаву – іх фінансавая зацікаўленасьць. Але так галаслоўна сьцьвяр­джаць – гэта значыць, парушыць прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. Як кажуць у народзе – не злавілі, ня злодзей: афіцыйна не зафіксавана выпадкаў хабарніцкіх праплатаў расейскімі выканаўцамі беларускім FM-станцыям. Ды й мы ня маем пракурорскіх правоў. Няхай такія факты, калі спатрэбіцца, высьвятляюць сьпецыялісты з фінансавых органаў. Таму гэтую праблему закрыем асьцярожна – ёсьць немалая верагоднасьць таго, што ды-джэі беларускіх FM-станцый маюць матэрыяльную зацікаўленасьць, каб на іх радыё-хвалях гучала толькі расейская папса.
Назіраньні падказваюць і тое, што некаторыя ды-джэі гэтых станцый сьвята вераць у сваю культуртрэгерскую місію — несьці беларускім слухачам, на іх думку, якасную, лепшую ў сьвеце расейскую папулярную музыку. А значыць, толькі расейская папса павінна гучаць у эфіры — беларуская музыка да яе ўзроўню проста не дарасла. Такі падыход вельмі актуальны для самай кан­серватыўнай у гэтым сэньсе FM-станцыі “Русское радио”. І калі беларуская музыка будзе гучаць там, то яна абавязкова павінна па ўсіх параметрах – моўных, тэматычных, меладычных – падыходзіць да тэрміну “расейская поп-музыка”. Гэтай мэце – выхаваньню тутэйшай “расейская папсы” — прысьвечаны праект “Русского радио” “Русские горки”. Для справялівасьці заўважым, што на дыску гэтага праекту “Русские горки” ёсьць адна песьня па-беларуску гурта “Харлі”. Гэтым фактам робіцца заяўка на стварэньне “расейскай папсы” і на беларускай мове. Такі прэцэдэнт створаны і адпрацаваны ва Украіне, з гуртом “Океан Эльзы”. На “Русских горках-2” “Харлі” ўжо сьпявае па-расейску.
Мясцовыя ды-джэі заўсёды гаварылі пра фармат сваіх радыёстанцый, які, па-сутнасьці, самі яны і ўстанавілі. Бо не існуе ніякіх афіцыйных дакументаў і тлумачэньняў, напрыклад, таго ж Мі­ністэрства інфармацыі адносна фармату для той ці іншай радыёстанцыі. Праграмныя менеджэры і FM-ды-джэі свой посьпех бачаць у тым, каб назву іх радыёстанцыі трывала асацыявалі з багатымі ўсходнімі зоркамі. Таму і прыдумалі “фармат” – неперадольны мур для музычных твораў, не падыходзячых пад азначэньне “расейская папса”.
Гэтым тлумачыцца тое, што эфір беларускіх FM-радыёстанцыі падобны да таго, што па трапнай заўвазе журналіста В. Мартыненкі, нагадвала калізію галівудскай стужкі “Дзень сурка”: з дня ў дзень, кожны тыдзень і месяц на хвалях гучалі толькі расейскія хіты, у прамежку з кампазіцыямі заходніх рок-гуртоў і выканаўцаў. Беларуская музыка была прадстаўлена ў лепшым выпадку песьнямі ансамбляў “Песьняры” ці “Верасы”. Нейкія зьмяненьні ў рэпертуарнай палітыцы адвяргаліся апрыёрна. Такія факты не маглі не турбаваць беларускую грамадскасьць, хоць бы з той нагоды, што расейская папса ўсё часьцей была прадстаўлена такімі “шэдэўрамі”, як песенкі з выразнымі наркатычнымі алюзіямі “Мари полюбила Хуана” альбо “Маленькая лошадка” Найка Борзова (у арыгi­нальным тэксьце яна цягне “тележку с кокоином”, “Музыкальная газета” №2, 2000 г.) Ці такога кшталту “шэдэўры”:

В школьном коридоре,
чтоб потом попить пивка,
С другом ты стреляешь деньги
до последнего звонка.
Этим вечером на рэйве,
про подругу не забыв,
Покупаешь в автомате
для себя презерватив.

(з рэпертуару гурта
“Русский размер”)
Гэтыя фактары і тлумачаць тое, чаму “пятая калона” расейскай папсы і яе FM-крэатура ў Беларусі так хваравіта ўспрымала любыя згадкі пра тое, што працуюць яны на беларускіх слухачоў у незалежнай краіне, што існуе і беларуская папулярная музыка, і ня толькі на расейскай мове. Такая спроба была публічна зроблена падчас ток-шоу “Выбар” на “Первом национальном канале”. Але выніку, зразумела, яна не мела.
Але гром грымнуў нечакана, і пры тым з самых высокіх нябёсаў – ад Прэзідэнта Беларусі: Міністэрству інфармацыі РБ паступіла яго даручэньне аб тым, што ў беларускім FM-эфіры павінна гучаць ня менш за 75 адсоткаў музыкі беларускіх выканаўцаў. Пры тым, гэта было паўторана двойчы, бо першы загад урада аб павелічэньні долі беларускай музыкі ў FM-эфіры быў па старой звычцы “прадынамлены”. Цяпер пад дамоклавым мячом у выглядзе закрыцьця FM-станцыяў іх праграмныя прадзюсеры і ды-джэі павінны працаваць па-іншаму, выконваць загад, які не абяцае ім лёгкага жыцьця.

Фіяска
“тоже белорусской музыки”
Калі 4 студзеня пасьля Калядных сьвятаў я ўключыў свой FM-прыймач, то адразу трапіў на запіс вясёлага рок-н-рола “Баба Люба” ў выкананьні лідэра гурта “Крама” Ігара Варашкевіча і падумаў: “Вось, сапраўды, у FM-эфіры адбываюцца цудоўныя зьмены!”
Але пасьля таго, як “пабадзяўся” па эфіры, зрузумеў, што ўсё тут ня так проста. Высьветлілася, што фармальна музыкі беларускіх аўтараў там стала больш, але расейскай папсы не паменшала. Парадокс, скажыце? Не, але паспрабуем разабрацца. Таму спачатку прапаную некалькі храналагічных зьвестак.
Ужо 4 студзеня, пасьля ўводу ў дзеяньне загаду аб квоце на выкарыстаньне 75 адсоткаў беларускай музыкі ў FM-эфіры, па ўсіх каналах прайшло паведамленьне-рапарт аб тым, што: “Праграмны склад рэпертуару на FM-станцыях — 75 адсоткаў беларускай музыкі і 25 адсоткаў замежнай – строга выконваецца ўсімі радыёстанцыямі. Для гэтага многім FM-станцыям неабходна было зьмяніць сваю творчую канцэпцыю. Тым жа, хто гэтага не зрабіў, можа быць не прадоўжаны кантракт на арэнду эфірных частотаў”. Здавалася б, даручэньне, якое было зроблена Прэзідэнтам РБ, выконваецца.
Але не прайшо і тыдня, як Міністэрства інфармацыі краіны вынесла папярэджаньне тром FM-станцыям: “Юнистар”, “Хит-FM” і “Новому Радио”.
Прэзідэнцкая газета “Беларусь Сегодня” (пакуль больш вядомая пад старым назовам “Советская Белоруссия”, №10, 19.01.2005 г.) адразу адрэагавала першапалосным каментаром з назвай “Настройка эфира. Срок – 7 дней”: “Мера суровая, но ничего не возразишь… И Франция, и Германия, и другие страны жестко ставят вопросы приоритета своей культуры, в т. ч. песенной, перед “импортной”. Да и откуда возьмутся у нас звезды, если FM-станции будут, в конце концов, бесконечно крутить зарубежную попсу? Принятые меры сдвинули камень. Сейчас белорусские исполнители получили широкий доступ к эфиру.”1 – робіць высновы журналістка Вікторыя Папова.
Так, зьмены ў FM-эфіры ёсьць. Але ці тычацца яны тых, да каго адносіцца дэфініцыя “беларускія выканаўцы”?
Першае, што зрабілі на FM-станцыях – гэта павялічылі долю песьняў тых выканаўцаў, якія ў свой час зьехалі з Беларусі ў больш заможную Расею. Разьлік просты: расейская поп-музыка, яе фінансавыя інтарэсы ў Беларусі не пацерпяць, калі стане больш “былых беларусаў”. Тым больш, што сама Беларуская дзяржава пастаянна запрашае да ўдзелу ў канцэртах на стадыёне “Дынама” – Антонова, Свиридову, Корнелюка, Агурбаш, БИ-2 на сваё самае вялікае сьвята: на Дзень Незалежнасьці. Не зважаючы на процьму айчынных выканаўцаў.
Дайшло да сьмешнага: каб захаваць долю расейскай папсы ў беларускім FM-эфіры, “беларускія карані” былі адкапаныя ў Кузьмина, Буйнова, і нават у Алсу (!). Ды-джэі FM-станцыяў супраць гэтага падману нічога ня мелі. Вось як “Радио Минск” каментавала звышнарматыўную наяўнасьць песьні Антонова ў сваім эфіры: “Прозвучала песня Юрия Антонова. В продолжение звучит тоже белорусская музыка – ансамбль “Песняры”, песьня “Чырвоная ружа” (4. 01. 2005, 14.45.)
Але нягледзячы на такія дзіцячыя хітрыкі і таннае махлярства, Міністрэства інфармацыі, відавочна, каб аблегчыць сабе працу, афіцыйна адчыніла звышнарматыўную “лазейку” ў FM-эфі­ры для расейскай папсы ў выглядзе “беларускіх каранёў”. Вось што на гэты конт заявіў “Советской Белоруссии” (№10, 19.01.2005 г.) намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Булацкі: “Кроме того, белорусским музыкальным продуктом можно считать не только песню в исполнении гражданина Беларуси. Это может быть произведение белорусских авторов или авторов, имею­щих белорусские корни. Мировой опыт показывает, что все испытывают трудности на этом пути…”
Калі ж спасылацца на сусьветны вопыт, дык лепш зьвярнуцца да перша­крыніцаў. Напрыклад, да “Отрытого письма в редакцию газеты “Советская Белоруссия” ад 21 студзеня гэтага году, што быў туды накіраваны амбасадай ФРГ у Менску. У ім гаворыцца (на мове арыгіналу): “Право на свободу прессы, относящееся к основным правам, обязательно и для этой сферы официальной культурной политики, нацеленной на сохранения национальной идентичности… Германский Бундестаг призвал несколько недель тому назад немецкие радиостанции добровольно принять на себя обязательства по увеличению звучания в эфире отечественной музыки.” Як далей мы ўбачым, падыходы да заваханьня нацыянальнай ідэнтычнасьці, ва ўладаў Беларусі і Германіі зусім розныя.
А сапраўдным сусьветным вопытам у той жа Францыі зьяўляецца вось такая практыка: нацыянальным творам там лічыцца толькі той твор, які выкананы на нацыянальнай мове ці з выкарыстаньнем нацыянальных элементаў у музыцы, калі гэта тычыцца інструментальных твораў. Не зважаючы на пашпартныя дадзеныя выканаўцаў ці месца пражываньня аўтара твору. Таму ў Францыі нацыянальны прадукт, які гучыць у FM-эфіры – песьні на роднай мове. Калі ў канадскім Квебэку ці ў франкафоннай вобласьці Бельгіі выдаецца альбом з песьнямі на французскай мове, то яны лічацца ўкладам у нацыянальную франкафонную культуру і маюць права на першачарговую трансьляцыю ў французскім FM-эфіры.
У Беларусі ж існуе практыка выкарыстаньня “сусьветнага вопыту” толькі ва ўрэзаным выглядзе, як зручна для тых, хто да гэтага вопыту апялюе. Такі падыход у эканоміцы, навуцы, культуры заўсёды вядзе ў тупік.
Але ўсё ж, спакой чыноўнікаў Мі­ністэрства інфармацыі ў сувязі з праблемай выкананьня даручэньня Прэзідэнта забясьпечваюць, сапраўды, выканаўцы беларускага паходжаньня, грамадзяне краіны: Влада, Смолова, Сухарев, Слука, Хлестов, Грибалёва, Алеся, Жанет, Абалян, Мусвидас, Майсурадзе, поп-гурты “Новый Иерусалим”, англамоўная “Atlantica”, “Стокс”, “Тяни-Толкай”, “Механика”, “Ман­тана” — усё тое, што мы бачылі на “незабыўным” шоу пад назвай “Песьня году Беларусі – 2004”.
Але зададзімся правамерным пытаньнем: што беларускага, акрамя адзнакі ў пашпарце, у названых артыстаў? Меладычны малюнак, аранжыроўкі, тэксты “бе­лорусского продукта”, якімі поўніцца сёньня FM-эфір, не вытрымліваюць анія­кай крытыкі, бо зьяўляюцца ня чым ін­шым, як бяздумным капіяваньнем той жа расейскай папсы. І гэта не выпадкова. Большасьць выканаўцаў з гэтай абоймы ўвесь час марыла пра посьпех у Расеі, пра тамтэйшыя супер-прыбыткі і папулярнасьць. Хоць амаль усе яны пад­сьвядома ведалі: для таго, каб “раскру­ціцца” ў Расеі патрэбны буйныя фінансавыя ўлі­ваньні, і хоць бляклы цень артыстычнай адметнасьці. А такіх – невыразных, безгалосых і неарыгінальных – у суседняй краіне і сваіх «пруд прудзі». Шанцы амаль нулявыя.
Цяпер у рамках 75 адсоткавай квоты на беларускую музыку, у іх зьявілася магчымасьць адзначыцца са сваімі “набыткамі” — патрапіць у мясцовы FM-эфір. Але іх планы не абмяжоўваюцца толькі асадай радыёстанцыяў – бачна іх імкненьне да “акупацыі” ўсяго музычнага рынку Беларусі. Але гэтаму перашка­джае нежаданьне такіх зьменаў з боку беларускіх слухачоў. Такі варыянт на руку вядучым FM-станцыяў, бо, абапіраючыся на пратэст слухачоў, яны мараць пра вяртаньне мінулых парадкаў у FM-эфіры з панаваньнем у ім расейскай папсы. Цяпер жа ды-джэі FM-станцыяў вытрымліваюць час і, вобразна кажучы, “імітуюць аргазм” – захапленьне творчасьцю сёньняшніх уладных фаварытаў ад эстрады. “Находится на пути к вершинам популярности”, “Лидер белорусской поп-музыки”, “Невероятное количество проголосовавших за песьню...” – такія “адзнакі” нярэдкія для апісаньня мастацкіх вартасьцяў “новай” беларускай поп-музыкі.
Але галоўнае і відавочнае зьмяненьне ў музычным вяшчаньні – гэта зьяўленьне на кожнай FM-станцыі, якая трансьлюе “белорусский музыкальный продукт”, пафасных рубрык, якія павінны служыць фармальнаму разьмежаваньню паміж расейскай і рускамоўнай папсой тутэйшага паходжаньня. Каб не было блытаніны ў адказных асобаў. Сьмешна гучаць з вуснаў цяперашніх FM-аракулаў заклікі і слоганы, кшталту: “Слушай наше!” (Радиус-FM), “Слушай своё на всех радиостанциях страны!” (Радио Минск), “100 процентов наше!” (Пилот FM), “Белорусский хит на Хит- FM”. Гэта зразумела, бо “сваё” на іх хвалях выглядае кепскай копіяй “чужога”...
Што ж тычыцца галоўнага культурнага скарбу нацыі – яе мовы, то цяперашнія “зоркі беларускай эстрады” над гэтым пытаньнем не задумваюцца: яе для іх не існуе. Праўда, у эфіры яшчэ застаюцца класічныя творы “Песьняроў”, “Сяброў” ці “Верасоў”, але меркантыльная моладзь ня лічыць іх за сваіх папярэднікаў і да нацыянальнай мовы ставіцца адпаведна – ігнаруе, маўляў, на расейскі рынак з ёю ня выйсьці!
Гэтая тэндэнцыя, відавочна, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой выразна дэкларуецца роўнасьць моваў у нашай краіне. Што казаць, калі цяперашні кіраўнік дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” Вячаслаў Шарапаў у такіх умовах скардзіцца на няўвагу: “Песьняры” оказались сегодня в некоем музыкальном андеграунде (г. зн. у культурным “падпольлі” – А. М.) Жанр, в котором работает коллектив – серьёзная песня, не позволяет “Песьнярам” участ­вовать в национальных хит-парадах, рядом со случайными артистами.” (“Советская Белоруссия” №9, 18.01.2005 г.) Думаю, больш дакладна ня скажаш пра тых, хто сёньня без перапынку знаходзіцца ў ратацыі ў FM-эфіры – “выпадковыя”!
Таму, верагодна, калі прэзідэнт зноў захоча паслухаць беларускую песьню ў FM-эфіры, то ён непрыемна зьдзі­віцца розьніцы паміж рапартамі Мініс­тэрства інфармацыі і тым, што сёньня гучыць. Бо з прыймача яму давядзецца пазнаёміцца вось з такімі хітамі:

Самое сладкое место на теле
Будем искать мы в нашей постели!
(з песьні А. Гайдук)

А вось з такой песьні ён можа даведацца, як на месцах сабатуюць Дырэктыву №1:

Наш райончик на отшибе
городском стоит,
Вся окраина там день и ночь
стаканчиками гремит.
Ребята день и ночь горькую пьют,
не зная фитнеса,
Все потому, что перспективы нет
у бизнеса!

(з песьні Серёги).

Што ж, цяперашні FM-эфір сьцерпіць усё: расейская папса беларускага “разь­ліву” зноў “звучит со всех утюгов”.
Яшчэ адзін “прыкол” мясцовага FM-эфіру: запіс на тэлеканале ОНТ і тран­сьляцыя на радыё-хвалях рускамоўных рэміксаў на сусьветна вядомыя хіты ў выкананьні нашых папсавікоў. Няхай знаўцы ці аматары заходняй рок-музы-кі паспрабуюць уявіць сабе рок-баладу B.Adams’а ў выкананьні Аляксея Хлястова, ці гарачы соўл T. Turner у копіі Натальлі Тамелы, ці геніяльную песьню Sting’а ў версіі “Нового Иерусалима”1 ? Добра, рэмікс на “вялікага і жахлівага” Marilyn Manson’а не даручылі стварыць Саше Попову — з іх станецца!
Выключэньнем тут стала, бадай, «Крама», якая запісала вельмі дасканалы кавэр на песьню «Pretty woman» (“Прыгажуня”) Roy Opbisan’а з беларускамоўным перакладам, адзіным на ўвесь праект.
Ня ведаю, як на ОНТ вырашылі праблемы з аўтарскімі правамі на гэтыя творы, але шкада, што міжнароднае аўтарскае права ня мае нормаў, якія б да­звалялі штрафаваць аўтараў непрафесій­ных апрацовак-кавераў. Бо тое, што “накаверкалі” гэтыя выканаўцы пад патранажам ОНТ, далёка не адпавядае ўзроўню арыгіналу. Затое, цяпер замест якаснай заходняй музыкі мы маем “шчасьце” па­слухаць любімыя песьні ў выкананьні “сваіх”. Ну, як у знакамітым анекдоце: “Ня слухай, Сара, Beatles – гэта такая брыдота!” Сара: “Чаму ты так сьцьвярджаеш, Мойша?” Мойша: “Ды мне Саламон напеў іх песьні!”
Усю гэтую няпэўную сітуацыю з на­паўненьнем 75 адсоткамі беларускай музыкі добра разумеюць тыя, каму даручана выкананьне загаду прэзідэнта. Нават “Советская Белоруссия”(у згаданым раней №10, 19.01.2005 г.) канстатуе: “Радиослушатели пишут в реакцию, что недовольны тем, что радиостанции отдают предпочтение небольшой группе исполнителей. С утра до вечера теперь крутятся диски Алексея Хлестова, Алеси, Ларисы Грибалевой и группы “J-Морс”... Відавочна, што важная справа па абароне нацыянальнай культуры робіцца па старой бюракратычнай завя­дзёнцы. Тут бачыцца не імкненьне зра­біць эфір беларускім па-сутнасьці, а выканаць даведзеныя паказчыкі любымі сродкамі.
Нельга не адзначыць, што напаўненьне беларускага FM-эфіру нацыянальным музычным прадуктам – працэс амбівалентны. З аднаго боку добра, што з беларускага FM-эфіру будзе павольна вы­ціскацца расейская папса, будуць зьні­каць музычна-камерцыйныя праекты нетутэйшага паходжаньня. З іншага боку, нельга не заўважыць, што на нашых радыё-хвалях адбываецца замена расейскай папсы яе эрзацам беларускага па­хо­джа­нь­ня – шэрым, тэхнічна недасканалым. Беларускі FM-эфір становіцца яшчэ больш занудным, безаблічным і нізкамастацкім. Атрымліваецца, што расейскай папсы, з якой цяпер так модна кпіць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, ня стала менш. Як бы там ні імкнуліся назваць яе “белорусским музыкальным продуктом”.
Апошнім часам на FM-рынку сітуацыя ўскладняецца тым, што вуснамі намесьніка міністра інфармацыі аб’яўлены план па стварэньні ў Беларусі сьпе­цыяльнага каардынацыйнага савету па праблемах прасоўваньня “национального музыкального продукта” і яшчэ больш прывабнай структуры – “государственного продюсерского центра в помощь организации записи и поддержки молодых исполнителей” (“Советская Белоруссия” №10, 19.01.2005 г.) Відавочна, што на эстрадным даляглядзе замаячылі не­малыя фінансавыя сродкі, якія б маглі за­бясьпечыць бязьбеднае існаваньне на доўгі тэрмін шмат якіх тутэйшых “зорак”.
Гэтая навіна справакавала бум “пад­дывановай” валтузьні і гульняў у актыўнасьць на дзяржаўных тэлеканалах і FM-станцыях, вакол якіх атабарылася большая частка пастаўшчыкоў шэрага “белорусского музыкального про­дукта”. То СТВ свой поп-канвеер пад назвай “Хит-момент” адродзяць, то беларускіх слухачоў “адорыць” ОНТ чарговым праектам з удзелам тых жа “зорак”, што круцяцца вакол свайго канкурэнта – так званага форуму “На перекрёстках Европы” (ці як у народзе яго называюць “На задворках Еўропы”), то на “Первом национальном канале” для ўсіх іх арганізуюць адборачны тур на “Еўрабачаньне”... Да таго ж, свае амбіцыі ёсьць ня толькі ў сталічных “папсавікоў”, але і ў правінцыйных. Як зьвярнуць на сябе ўвагу, каб не застацца ля “разьбітага карыта”, калі пачнецца дзяльба грошай? Такое важнае пытаньне штур­хае іх на экстраардынарныя дзеяньні. Напрыклад, прадстаўнікі гомельскай пап­совай тусоўкі, карыстаючыся ажыятажам вакол хіта свайго земляка Серёги “Черный бумер”, вырашылі штурмаваць эстрадны алімп з дапамогай той жа “Советской Белоруссии” (№14 25.01.2005 г. А. Новиков “Кто зажигает наши звезды”). І вось, размахваючы, як чырвонай анучай, напрацоўкамі ў галіне расейскай папсы, яны і спрабуюць “забіць” сваё месца з дапамогай ідэалагічнага цягніка на старонках самай буйной афіцыйнай газеты краіны.
Такое ўражаньне, што хутка самыя тытулаваныя заўсёднікі гэтых каналаў і FM-эфіру зьвернуцца да прэзідэнта з прапановай аб дзяржаўнай падтрымцы таго эрзацу расейскай папсы, які яны так імпэтна прадукуюць, карыстаючыся кан’юнктурай у FM-эфіры.
Прэзідэнту нічога не застанецца, як зноў паверыць ім і выдаткаваць сродкі на чарговыя бюракратычныя структуры і на тое, супраць чаго ён, калі дасканала разабрацца, і выступіў.

Беларускамоўная
альтэрнатыва:
на шляху да слухача
Ну а што ж, сапраўднай беларускай музыкі, песьняў на роднай мове стала больш у тутэйшым FM-эфіры? Калі падысьці статыстычна, то павялічэньне існуе. Хоць і не такое відавочнае. Але адчуваецца, што ўзрастаньне долі беларускамоўнага прадукту ў радыё-эфіры мае эмацыйныя карані (!). Справа ў тым, што за пультамі FM-радыёстанцыяў дзяжураць таксама людзі. Ня ўсе з іх абыякавыя да беларускай музыкі і мовы, многія да іх ставяцца ўвогуле прыхільна. У таму ў пратэст супраць эфір­нага панаваньня няздараў і творчай безабліч­насьці, дзеля “ўстраскі” слухачоў яны часьцяком “круцяць” хіты “N.R.M.” альбо каверы на іх песьні (дзякуючы таму, што выдадзены трыб’ют на песьні гэтага гурта “Віза N.R.M.”), песьні “Крамы”, “Улі­са”, “Троіцы”, “P.L.A.N.”, Зьм. Вайцюшкевіча. Такія настроі назіраюцца на некаторых больш “прасунутых” радыёстанцыях. Але пералічваць назвы – гэта зрабіць ім “мядзьвежую паслугу”.
Многія беларускія FM-станцыі ўвогуле аказаліся не гатовымі да новаўвя­дзеньняў. Напрыклад, “Мелодии века” цяпер аддаюць перавагу не музычным трансьляцыям, а круцяць расейскіх “хахмачоў” – Жванецкого, Задорнова, Новикову, Ветрова і іншых, якія не падпадаюць пад патрабаваньне 75 адсоткавай квоты на беларускую музыку.
Іншыя ж, FM-станцыі абмяжоўваюцца хітамі “сьвятой троіцы” беларускай эстрады мінулага – “Песьняроў”, “Сяброў” і “Верасоў”, некалькімі кампазіцыямі праекту “Крамбамбуля” і некаторымі песьнямі іншых гуртоў. Дзіву даешся, калі перасіліўшы сябе, вырашаеш ад­слухаць некалькі гадзінаў запар адну і тую ж FM-станцыю. «Беларускай» музыкі там ня больш за 20-30 адсоткаў. Асабліва гэта тычыцца FM-эфіру, які знаходзіцца пад патранажам БРСМ. Тут ужо Мі­ністэрству інфармацыі “гарчычнікі” час з кішэні выцягваць!
Беларускамоўныя музыкі больш радыкальна ставяцца да загаду аб 75 адсоткавай квоце на беларускую музыку ў FM-эфі­ры. Вось якімі думкамі падзяліўся са мной лідэр гурта “P.L.A.N.” Андрэй Пля­санаў: “Лічу, што ідэальны варыянт, калі на беларускіх радыёстанцыях будзе гучаць стоадсоткава беларуская музыка! Разумею, што гэта, на жаль, пакуль немагчыма па аб’ектыўных прычынах. Але калі разглядаць гэтую праблему з пазіцыі незалежнай еўрапейскай краіны, народ якой мае сваю адметную культуру, то гэтая мара не здаецца нейкай ілюзіяй! Мне хочацца, каб вядучыя радыёстанцыяў трохі перайначыліся і з большай ахвотай трансьлявалі лепшую беларускую музыку розных жан­раў у нашым радыё-эфіры. Прыемна, што вя­­-лі­кую ўвагу да творчасьці гурта “P.L.A.N.” выяўляюць на Першым нацыянальным радыёканале, дзе пастаянна гучаць беларускія песьні. Творы гурта частыя і на хвалях “Радио Мир”, “Авто-Радио”, “Но­вого Радио”, куды я сам адвозіў дыскі гурта “P.L.A.N.”. На “Альфа-Радио” песьня “Туман-бацюхна” з нашага чацьвёртага альбому “Пёсэнькі самотнага ліцьвіна” ўжо ў 2002 годзе знаходзілася два з паловай месяцы на першым месцы ў хіт-парадзе гэтай станцыі. Думаю, што толькі цяпер пачне праяўляцца большая цікаўнасьць да песьняў беларускіх гур­тоў і выканаўцаў.” (“Голас Радзімы №7-8 24.02.2005 г.).
З шэрагу “шэрых” FM-станцыяў вы­лучаецца, бадай, толькі менскае “Авто Радио”. Слухаючы іх перадачы, упэў­ніваешся ў тым, што беларускага музычнага прадукту на яе хвалях тран­сьлюецца як раз 75 адсоткаў. Бо толькі на “Авто Радио” можна пачуць дакладна вызначаныя сэты, прысьвечаныя паасобку беларускамоўнай музыцы, беларускаму фальклору і фолк-мадэрну, музыцы на рускай мове тутэйшага пахо­джаньня, (калі не падабаецца, можна выключыць свой прыймач!) песьням расейскіх выканаўцаў, класіцы рок-музыкі, інструментальнай музыцы і песьням бардаў... Акрамя гэтага на “Авто Радио” ствараецца адна з лепшых перадачаў, прысьвечаных зоркам беларускай поп і рок-музыкі — “КаляRокf”, аўтарка якой лідэр гурта “Яр” Маша Лагодзіч.
Прыклад “Авто Радио” сьведчыць, што ўсе стогны пра тое, што “...кроме означенных артистов (А. Хлестова, Алеси, Л. Грибалевой, J-Морс –А. М.) в эфир ставить некого – не позволяют технические характеристики фонограмм и качество самого продукта” (“Советская Белоруссия” №10, 19. 01. 2005 г.) – проста хлусьня. Відавочна, што знайсьці фана­грамы магчымасьць ёсьць і іх якасьць адпавядае тэхнічным запатрабаваньням беларускіх FM-станцыяў.
Ну а тое, што сапраўднай беларускай музыкі хапае, можна ўпэўніцца, калі зазірнуць у каталог толькі аднаго выдавецкага лэйбла BMAgroup – там значыцца больш за 40 CD беларускамоўных выканаўцаў ад старажытнай да сучаснай музыкі розных стыляў. Толькі за мінулы год былі перавыдадзеныя боксэт з трох дыскаў з класічнымі альбомамі гурта “Уліс”, ангельскамоўны і канцэртны альбомы “Крамы”, цудоўны блюз-рокавы альбом гурта “P.L.A.N.”, дыскі маладых выканаўцаў “Indiga”, фолк-мадэрн-гурта “OSIMIRA”. Зьявіліся новыя альбомы застольнага праекту “Крамбамбуля”, Зьміцера Вайцюшкевіча і гурта “WZ-orkiestra”, гуртоў “Тэзаўрус”, “Стары Ольса”, выйшла вельмі прэзентабельная зборка “Генералы айчыннага року”, лірычны альбом барда Віктара Шалкеві­ча і інш. А гэта каталог толькi адной вы­давецкай суполкі, якіх у Беларусі ўжо даволі шмат, і ў кожнай з іх ёсьць што прапанаваць у трэк-лісты мясцовых FM-станцыяў.
Думаю, што сёньняшняя сітуацыя з увядзеньнем 75 адсоткавай квоты на трансьляцыю беларускай музыкі павінна прымусіць і беларускамоўных выканаўцаў больш пільна ставіцца да патрэбаў FM-эфіру. Напрыклад, планаваць на кожным альбоме мінімум 2-3 кампазіцыi ці dj-міксаў, створаных сьпецыяльна для FM-ратацыі. Гэта перакрэсьліць закіды некаторых праграмных дырэктараў FM-эфіру наконт таго, што ўся беларуская поп і рок-музыка залішне “грузит”, г.з. занадта рэзкая і цяжкая па гучаньні, сур’ёзная і праблемная для разуменьня. Маўляў, часы “Led Zeppelin” ці “Deep Purple” ў эфіры FM-радыёстанцыяў мінулі.
Да таго ж, музыкам трэба самім клапаціцца пра тое, каб фанаграфічныя навінкі аператыўнa траплялі на FM-станцыі. Якім чынам гэта будзе ажыцьцяўляцца, ня так істотна, але важна, каб дыскі з беларускай музыкай траплялі ня толькі ў фанатэкі да слухачоў, але і на радыёстанцыі, і ў трэк-лісты ды-джэяў у якасьці партнёрскай узаемадапамогі.
Заўважана, таксама, што перыядычнасьць радыё-ратацыі наўпрост зьвязаная з ратацыяй на тэлебачаньні. Напры­клад папулярнасьць твораў застольнага праекту “Крамбамбуля” была зьвязаная і з вельмі настраёвымі відэа на песьні “Абсэнт”, “Госьці”, “Люблю”, якія доўгі час “круцяцца” на Першым музычным канале. Гэтыя ж хіты – самыя папулярныя з беларускамоўных на хвалях многіх FM-станцыяў. А такія выканаўцы, як гурт “Zig-Zag” сваёй вядомасьці і ратацыі ў FM-эфіры абавязана толькі ўдалым відэа-кліпам. І тут ёсьць над чым паразважаць лідэрам беларускай рок і фолк-музыкі – гуртам “N.R.M.”, “Уліс”, “Крама”, “P.L.A.N.”, “Троіца”, відэа-кліпаў якіх зачакаліся іх слухачы і прыхіль­нікі. Магчыма, гэта зрушыць непарушны мур маўчаньня вакол іх творчасьці ў сродках масавай інфармацыі і ў FM-эфіры.

Насуперак палітычнаму ціску
і “шэрай” папсе
Уся гэтая сітуацыя замоўчваньня, якая склалася вакол беларускамоўных выканаўцаў, мае палітычныя карані. Бо яшчэ гадоў 15-20 таму, калі зьявіліся такія гурты як “Бонда”, “Мроя”, “Уліс”, “Рэй”, “Блізьняты”, Беларускае тэлебачаньне і радыё даволі часта выдзялялі эфір гэтым выканаўцам, часта прадстаўлялі сваю трыбуну для тлумачэньня іх падыходаў па стварэньні нацыянальнага музычнага прадукту. Прайшоў час, пачалася эпоха перабудовы, савецкія рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі...
Тагачасныя ідэалагічныя кіраўнікі вы­рашылі, што беларускамоўныя выканаўцы занадта палітычна небясьпечныя, як “нацыяналісты”. Са свайго боку маладыя гурты і выканаўцы ў адказ па­чалі выказваць свае адносіны да палітычнай сітуацыі ў краіне. Хоць песьняў палітычнага зьместу ў іх рэпертуары было ня­шмат.
І такія непрыязныя адносіны паміж уладай і беларускім рок-рухам сёньня перарасьлі ў “халодную вайну”. Яе чынь­нікі – негалосная забарона на трансьляцыю песьняў некаторых гуртоў і выканаўцаў у FM-эфіры, звальненьне музыкаў з дзяржаўных канцэртных арганізацыяў, аднаўленьне “літаваньня” тэкстаў і перашкоды ў канцэртнай дзейнасьці – з кожным днём нарастаюць.
Беларускія ж музыкі, у сваю чаргу, у адказ на ўціск, не прамінаюць выказваць свае адносіны да таго, што адбываецца ў краіне – яны частыя госьці на мітынгах і акцыях апазіцыі. І гэта ўжо тычыцца ня толькі беларускамоўных выканаўцаў, але і ўсяго таго, што адносіцца да музычнага андэграунду: іх fuck’і ўспрымаюцца маладымі слухачамі ўжо як сьме­лыя палітычныя заклікі. Да якога накалу дайшло супрацьстаяньне, можна атрымаць уяўленьне з факту выданьня падпольнага альбому “БУМэранг”, якое ажыцьцявіла ў Маскве новая грамадска-музычная фармацыя – Беларуская унія музыкаў (БУМ). Яна створаная як рэакцыя на рэпрэсіі. Дзякуючы такой “раскрутцы”, дыск стаў добрай падставай дзеля знаёмства з беларускімі выканаўцамі і гуртамі ва ўсіх краінах СНД. Як самі музыкі кажуць, – дзякуй уладам за такі прамоўшн!
Нагадаю, што гурты “N.R.M.” і “Крамбамбуля” публічна падтрымалі кандыдата на пасаду ўкраінскага прэзідэнта ад апазіцыі Віктара Юшчанку, “выбухова” выступіўшы ў канцэрце на майдане Не­залежнасьці ў Кіеве. І гэта ў той час, калі з Беларусі ўжо прыйшлі віншаваньні кандыдату ад улады Віктару Януковічу! І апошняя кропка ў супрацьстаяньні, якое вядзе да зьбядненьня беларускай культуры ўвогуле, правінцыяльнай шэрасьці нашага тэле і радыё-эфіру, яшчэ не пастаўлена.
Разьвіцьцё сітуацыі вядзе да таго, што беларускамоўныя выканаўцы ўсё часьцей зьвяртаюць свае позіркі ў бок Захаду, дзе яны знаходзяць і падтрымку, і канцэртныя пляцоўкі. Іх музычныя творы цяпер усё часьцей можна пачуць на хвалях FM-радыёстанцыяў Украіны, Поль­шчы, Швецыі, Чэхіі і іншых краінах, чым у сябе на радзіме.
Не ўяўляю сабе сітуацыі, калі беларускія ўлады аб’явяць амністыю беларускамоўнай рок-музыцы: дазволяць гуртам бесьперашкодна выступаць на тэлебачаньні, дазволяць ратацыю іх песьняў у FM-эфіры, здымуць фінансавую блакаду і абмежаваньні з іх канцэртнай дзейнасьці. Менавіта так зрабілі некалі ўлады Расіі, калі вырашылі нейтралізаваць музыкаў-рэвалюцыянераў з “Машины времени”, “Аквариума” і “Алисы”... Цяпер гэтыя гурты – частка дзяржаўнага ідэалагічнага апарату. Іх творчы лёс, магчыма, варты жалю, хоць з камерцыйнага пункту гледжаньня ў іх поўны парадак.
Але ў Беларусі склалася вельмі спрыяльная сітуацыя (у нечым нават унікальная ва ўсёй Еўропе) для творчасьці, для пошуку адметных нацыянальных музычных формаў і гучаньняў. Бо прымушае музыкаў увесь час няспынна рухацца наперад, самастойна шукаць шляхі да слухачоў на радзіме, а таксама ў Еўропе, супрацьстаяць пошласьці і безгустоўнасьці ў сваёй роднай краіне. У такім неспрыяльным рэжыме беларускамоўныя выканаўцы працуюць ужо не адзін год, але зрабілі такі важкі ўнёсак у разь­віцьцё нацыянальнай культуры, што дзяржаўным выканаўцам спатрэбіцца на гэта дзесяцігодзьдзі. А безупынная ратацыя ў эфіры прымітыву ў выглядзе расейскай папсы з беларускімі каранямі дрэнная паслуга, як сёньняшнім FM-фаварытам, так і самім радыёстанцыям, якія на сваіх хвалях культывуюць псеўдабеларускае музычнае мастацтва.