12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Петэр Мілчак

_____________________
Віктар, Караль і мядзведзі
Пераклад
са славацкай –
Святланы
БОГУШ.

Усё, што прагне Караля

У Караля на языку расце трава. Віктар сказаў, што ў Караля замест языка – сапраўдны луг. На ім мог бы пасвіцца статак кароў.
Караль кажа, што, калі б ён быў каровай, яму не давялося б шукаць сакавітыя пашы. Ён мог бы паціху скубці свой уласны язык.
Калі б Караль быў каровай, на шыі ў яго гайдаўся б званочак. Кожны гук каровінага званочка прываблівае анёла.
Над статкам каровіных званочкаў лунае чародка анёлаў.
Калі б у Караля на языку пасвіўся статак кароў, меў бы Караль на языку неба.

Віктар, Караль і марачок

Калі марачок выйшаў з трума кардоннай каробкі, ён убачыў, як Віктар і Караль сядзяць насупраць адзін аднаго за сталом.
У марачка быў зарослы твар, цёмныя нагавіцы пад калена і цяльняшка. Пад ёй, на моцных загарэлых грудзях, якіх не было бачна, у яго не было наколкі ні маяка, ні нават якара.
Марачок добра ведае, што яму не суджана даплыць да порту прызначэння. У гэтай гульні яму дазволена толькі памерці.
Паводле правілаў, гэта можа адбыцца трыма спосабамі. Бязглуздай смерцю, калі варожая частка каманды выкіне яго ўночы за борт; гераічнай смерцю пры абароне карабля, калі шабля аднаго з піратаў-захопнікаў пратне ягонае сэрца; і ганебнай смерцю, ад рукі п’янага марака ў партовай карчме.
Марачок нерухома стаіць на палубе і ўзіраецца ў неспакойныя хвалі. Ён так моцна прагне, каб Віктараў кубік вызначыў, што гэтым разам ён памрэ бязглуздай смерцю.
Ён не будзе зноў ажно да знямогі чакаць на паверхні, ані больш не стане лёгкай здабычай акулы.
Ён нырне ў марскія глыбіні і будзе плыць да недасяжнага дна, дзе яго ўжо чакае Сірэна, дакладна такая, якую ён хавае пад цяльняшкай.

Караль і Віктар

Караль і Віктар – крэўныя браты.
Некаторыя кажуць, што Караль без Віктара не змог бы, а іншыя ў сваю чаргу – што Віктар без Караля ніяк не абышоўся б.
Караль ведае, што ў ім блукае кропелька Віктаравай крыві, а Віктар у сваю чаргу адчувае, што ў ім вандруе на адну, Каралеву, кропельку крыві больш.
У небяспецы яны заўсёды стаяць поплеч.
Віктар кажа, што, калі ў такую хвіліну ён стаіць пэўна і непахісна, як скала, паўз яго пракатваюцца лавіны страху. І калі здаецца, што ён дужэе і расце ўвышыню, у ім уздымаюцца клубы пылу, быццам бы ён упаў на калені.
Можа, ён і здолеў бы ўсё адужаць, але яму бракуе Каралевай адвагі.
Караль зусім спакойны. Ён кажа, што ў небяспечнай сітуацыі ён аніяк не можа страціць адвагі, калі бачыць, што поплеч стаіць Віктар, пэўны, як скала.

Мой анёл і Віктар

Майго анёла завуць Нагтаной. Ён пухлы і маленькі, яго можна было б калыхаць.
У яго далёка пасаджаныя вочы. Можа падацца, што ён і не бачыць мяне, бо мусіць глядзець на абсалютна іншыя рэчы.
Часам яго вочы заплюшчаныя і ён амаль не дыхае. Нібыта ён быў не на варце. А потым ён пачынае прамаўляць незразумелыя словы, якія аднойчы трэба будзе зразумець.
Але Віктар ужо цяпер сцвярджае, што анёл кажа: “Я не прыйшоў бы на месца, на якім бы ніхто мяне не чакаў”.

Віктар, Караль і мядзведзі

У Караля ёсць ножык з мядзведзем, выгравіраваным на тронку. Віктар кажа, што Каралеў мядзведзь мог бы ажыць, бо ён яшчэ ніколі не быў сапраўдным мядзведзем.
Пакуль што ён проста названы набор рысак, злучаных на ўзор іншых, жывых мядзведзяў, якія для таго, каб можна было зноў ажыць, мусілі спачатку стаць падобным наборам рысак.
Караль збірае заплечнік і выпраўляецца ў лес шукаць дрэва з дуплом, з якога чуецца гудзенне лясных пчол. Там, пад гэтым дрэвам, ён пакіне свой нож.

Караль, Віктар і спажытак

Каб дайсці туды, куды ён хоча, Віктар мусіць харчавацца на хаду. І калі ён укладае ў вусны адзін кавалак за другім, ён адначасова правай рукой корміць вецер і птушак, якія пралятаюць побач, а левай рукой – лісіцу ў капелюшы, якая прыбілася да яго з зусім іншай гісторыі. Тое, што з неасцярожнасці ўпадзе на зямлю, з’есць зямля.
Караль кажа, што Віктар хоча накарміць усе галодныя стварэнні, бо гэта добра – дзяліцца сваім спажыткам. Аднак Віктар ведае, што для таго, каб ён і далей мог крочыць далей і трапіць туды, куды хоча, усё, прынамсі да той хвіліны, мусіць заставацца на сваім месцы.


Вершы ўзятыя са зборніка “Брум” (“Brum”, 2012).