12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Мураўёва

_____________________
Ружова-шэры дэбют.

РУЖОВАЕ
Міхась Кулеш. Рэйс.
Мн., «Мастацкая літаратура», 2004.
Ня веру!
К. Станіслаўскі
На першы погляд, празаічны зборнік Міхася Куляша «Рэйс» павінен быў усьцешыць душы ўсіх аматараў happy end-аў і ідэальна-рамантычнай рэчаіснасьці. Усё як у шахматнай задачцы: белыя пачынаюць і выйграюць. Час ад часу чытачу нават дорыцца надзея, што менавіта ў гэты раз аўтар здрадзіць выпрацаванай схеме, і чорны ферзь па-майстэрску паставіць мат. Вось толькі надзея кволая, і створана яна хутчэй самім чытачом, які настойліва шукае інтрыгі.
Цікавасьці мог бы дадаць элемент міс­тычнасьці, які ўносіцца аўтарам амаль што ў кожны твор. Аднак уменьне чытаць думкі, спыняць кулі і зачароўваць рэчы больш нагадвае «казачнасьць», з элементу паэтыкі перарастаючы ў асноўную падзею. Але нават ня гэта выклікае недавер чытача: на жаль, ствараецца ўражаньне, што несапраўдныя, «лялечныя» героі дзейнічаюць у несапраўдным, штучна створаным з дапамогай «ружовых акуляраў» сьвеце. Сюжэты, за рэдкім выключэньнем, пераказваюцца двума-трыма сказамі і замест шчасьця і надзеі пакідаюць пачуцьцё неадпаведнасьці ча­су, месцу і спадзяваньням. Часам аўтар прэтэндуе на тонкі «містычны» псіхалагізм: жанчына, пакінуўшы ў лесе немаўля, праз тысячы кіламетраў чуе, як дачка (так, яе знайшла і гадуе бязьдзетная сям’я) сказала першае слова «ма-ма»; звар’яцеўшы, гераіня кідаецца ў разьбітае вакно як у «выратавальную бездань» (не палохайцеся, прачнуўся муж-амерыканец і «прадухіліў непапраўнае») («Дачушка»).
Лепш за ўсё, напэўна, у зборніку атрымаўся вобраз ідэальнага чалавека, здо­льнага пераадолець усе выпрабаваньні лё­су, застацца высокамаральным у любых абставінах, шчыра кахаць і ня здраджваць сваёй веры. Адзіная праблема: гэты вобраз цяжка ня толькі перанесьці на нашу рэчаіснасьць, але і ўявіць у самых ружовых марах. Таму і сьвет твораў Мі­хася Куляша здаецца нам не ідэальна-рамантычным, а наіўна-аптымістычным, – і замест жаданьня схавацца ў ім ад штодзённай шэрасьці выклікае думку: «Ня веру...»


ШЭРА-РУЖОВАЕ
Алена Гінько. Пяшчота пры журбе.
Мн., «Мастацкая літаратура», 2003.

…Хутчэй нават «шэра-васільковае», калі арыентавацца на сам зборнік вершаў Алены Гінько «Пяшчота пры журбе». Настрой зборніка даволі роўны, і нават яўнае дамінаваньне шэрага колеру ня зводзіць яго з філасофска-лірычнага тону на песімізм і дэпрэсіўнасьць. «Лістапад», «восень», «дождж», «заплаканыя вокны», «шэрыя крылы птушкі» – гэта наша рэчаіснасьць; «васільковыя вочы», «яркія зоркі», «расяныя кроплі» і «сонечныя промні» – гэта сьвет мараў і летуценьняў.
Вобраз лірычнага героя, рамантычнай асобы, закаханай ва ўвесь навакольны сьвет і Яго, якога няма побач, вандруе з верша ў верш, часам ствараючы эфект «дэжавю». Аднак гэта было б ня так яскрава, калі б разам з лірычным героем не вандравалі і «любімыя» вобразы-сімвалы паэткі, напрыклад: «А цяпер знайшла – // зорку ў небе, // над якой шугала // полымя з птушынага крыла // маёй жар-птушкі» («***Тая зорка замігцела ў поўнач...»), «Ні ветразя, ні дзіўнае жар-птушкі, // ні пацеркі, ні мора, ні вянца...» («***Згубіла пацерку...»), «Ты – маленькая запаланёная птушка – // штохвілінна шчыруеш без сну і вакацый...» («Сэрца»), «Громам спозненым адыду, // кветкай могілкавай упаду // і – бяскрылаю птушкай – // у ростань» («Здолею»), «А вецер, а хмары, а дожджык і пыл... – // мо сто па­сланцоў, ды сама я – без крыл. // Бяс­крылаю птушкай у бездань імчу...» («Ра­на»). І калі з вобразам птушкі ўсё больш-менш зразумела: для паэткі ён блізкі і любімы («Самотная птушка» – дэбютны зборнік, які выйшаў у 1999 годзе, і аднайменны верш з пазначэньнем «аўтапартрэт»), а ў мастацтве даўно набыў сімвалічнае значэньне, дык некаторыя іншыя «вобразы-рэфрэны» можна лі­чыць амаль што асабістымі «вынаходкамі» аўтара: «Дзе там разважлівасць!.. Плыла // на крылах мар і летуценняў, // ды... без адзінага вясла» («***У безразважлівым трызненні...»), «Хоць часта мокрае у навалкі крыло, // бярэшся зранку за жыццёвае вясло» («***Дарослым плакаць нельга на людзях...»), «...Я адна на вадзе, як былінка, // я згубіла сваё вясло» («Вы напомнілі мне...»). Чытаеш – і падсьвядомасьць сама працягвае асацыятыўны рад.
Цэнтральнае месца ў зборніку займае інтымная лірыка, менавіта яна зьяўляецца найбольш удалай у творчасьці паэткі, – праўда, вабіць ня столькі арыгінальнасьцю тэм, вобразаў або формы (глабальных эксьперыментаў Алена Гінько нам і не прапаноўвае: стройны рытм і рыфма бяз яўнага імкненьня да стварэньня новых словаў і парушэньня моўных нормаў), колькі шчырасьцю і мілагучнасьцю. Па сутнасьці, усё як і абяцалася: самотна-сьветлыя вершы, «пяшчота пры журбе»…


РУЖОВА-ШЭРАЕ
Тацяна Сівец.
Ліпеньская навальніца.
Мн., «Мастацкая літаратура», 2003.
Усё падказвае нам:
Варажбіткі, зоркі, рысы на далонях...
А мы ўсё роўна памыляемся.
Т. Сівец

Ліпеньская навальніца: ружова-белыя водбліскі на сьветла-шэрым начным небе. Менавіта такая паэзія Тацяны Сівец: яркая, разнастайная па сваіх зьмесьце і форме; часам – рамантычна-ўзьнёслая, часам – філасофска-медытатыўная; па-юнацку гарэзьлівая і нечакана сур’ёзная. Гэта своеасаблівы сьвет, у якім арганічна спалучаецца мінулае і сучаснае, язычніцкае і хрысьціянскае, “дзіцячае” і “дарослае”. Гэта ўменьне ў штодзённым, бу­дзёным знайсьці неардынарнасьць, здольнасьць па-новаму сказаць пра звыклыя рэчы, адсутнасьць штучнасьці, асьцярожнасьць і разам з тым пошук уласнага шляху ў літаратуры. Напэўна, гэта талент.
Вершы Тацяны Сівец – не філасофскі роздум аб жыцьці, гэта ўласна філасофія жыцьця. У зборніку сустрэнуцца і “беларускія” хоку: “У трызненні я // Бачыў белы халат ці… // Крылле анёла?”, і амаль танкаўскія верлібры: “…Дзеці плачуць // Бо яны яшчэ вераць, // Што іх нехта пачуе…” (“Чаму плачуць дзеці?”), “Паэт не проста піша – // Ён ходзіць па танюсенькім дроце: // Чым вышэй, // Тым большая адказнасць // За кожны крок…” (“Тыя, што ходзяць па дроце”). Часам перад намі – мудрасьць сталага сузіральніка, часам – юнацкі максімалізм падлетка: “Папяровыя птушкі ў нябёсах з паперы, // Папяровыя вокны і кардонныя дзверы. // Папяровыя людзі, папяровыя мары… // Раз запалку паднёс – і… гары яно гарам” (“***Папяровыя птушкі ў нябёсах з паперы”), часам – тонкая ледзьве ня ўсходняя іронія: “…Як добра, што твой паверх не апошні, // Мой дарагі суседзе! // І, мажліва, тыя, зверху, // Прачынаюцца яшчэ раней…” (“Суседу зверху”).
Вобразы зборніка “Ліпеньская навальніца” прывабліваюць сваёй натуральнасьцю, паэтка ўводзіць штодзённыя рэчы ў кантэкст Сусьвету, ствараючы агульную карціну шляхам алюзій і выдатнай гульні словамі, аднак без бессэнсоўных “зьдзекаў” з мовы, якія часам сустракаюцца ў творчасьці маладых аўтараў. Зборнік складаюць розныя па сваім узроўні творы, аднак менавіта гэта і дапамагае ўбачыць эвалюцыю, рух, імк­неньне да самаўдасканаленьня, спробы вынайсьці ўласнае і непаўторнае. Эксьперымент – сьведчаньне пошуку, пошуку ўласнага стылю, пошуку свайго месца ў літаратуры і ў жыцьці…
Будзем спадзявацца, што згаданы зборнік ня стане адзінай ружова-белай заранкай на начным ліпеньскім небе: “Калі паэт не можа болей пісаць, // Гэта тое самае, // Што зрываецца ўніз канатаходзец. // Яны чакаюць… А Ён ідзе…” (“Тыя, што ходзяць па дроце”)

ШЭРАЕ
Валерыя Кустава.
Каб неба сагрэць…
Мн., «Мастацкая літаратура», 2004.

Новы зборнік Валерыі Куставай “Каб неба сагрэць…” (назваць яго дэбютным будзе не зусім правільна, бо ў 1996 годзе пабачыла сьвет кніга яе вершаў “Кроў Сусвету”) ужо атрымаў водгук “літаратурнага грамадства”. Ацэнка кнігі неадназначная, выказваньні часам супярэчлі­выя: хтосьці адзначае наватарства, арыгі­нальнасьць і эксклюзіўнасьць у творчасьці маладой паэткі, хтосьці заўважае, што, захапіўшыся зьнешняй абалонкай, Валерыя губляе прыгажосьць, стройнасьць, а часам і логіку апавяданьня, зацямняючы сэнс залішняй колькасьцю аўтарскіх неалагізмаў (якія ня толькі не надаюць індывідуальнай непаўторнасьці, а часам і сьведчаць пра недасканаласьць твораў). Сапраўды, іншы раз здаецца, што форма, гучаньне ў вершах Валерыі Куставай дамінуе над сэнсам, вобразы нагрувашчваюцца адзін на другі, ствараючы ўражаньне, што ня толькі чытач, але ўжо і сама паэтка ня можа лагічна зьвязаць пачатак і канец: “…галовы лятуць на дровы // на дровах – чорныя бровы // бровы сівой каровы // каровы рыкаюць замовы // замовы рыкаюць каровы…” (“Словы пунсовай мовы”), “Скінуцца б долу // лугамі і жыццямі… // міласці і мілосці // цікаваць даводзіцца… // Царыцца астральнасці духу.” (“Вершасутык”.)
Аснова вобразнасьці большасьці вершаў – зварот да старажытнасьці, імкненьне суаднесьці паміж сабой строгую класічнасьць Антычнасьці і няўрымсьлівую свабоду славянства, спроба зьяднаць мі­нулае і сучаснасьць, імкненьне да міфалагізацыі вобразаў, рэчаў, зьяў. Аднак часам складваецца ўражаньне, што прысутнасьці самога аўтара ў гэтым зборніку не адчуваецца. Большасьць вобразаў – гэта не перажытае, убачанае, адчутае, а нібыта перанесенае са старонак кніг, падручнікаў на старонкі зборніка.
Аснова творчасьці Валерыі Куставай – гэта імкненьне сказаць штосьці новае, уласнае, імкненьне вылучыцца з шэрагу іншых, быць непадобнай да папярэднікаў. Аднак у гэтым выпадку, здаецца, не хапі­ла ня таленту, а менавіта працы і вопыту. Эксьперыменты нагадваюць складаную хімічную рэакцыю, вынікам якой прагназавалі выбух, аднак з-за парушэньня рэчыўных прапорцыяў атрымалі толькі асобныя ўспышкі, здольныя асьвяціць шэрасьць навакольля, але недастатковыя для таго, каб распаліць яркае паэтычнае полымя.
Вось толькі ці хопіць гэтага, “каб неба сагрэць”?..