12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Мураўёва

_____________________
Litaraтурны інтэрнэт, або dzie ja?

«Міфатворчасьць»
Пакаленьне next, як паказвае практыка, выбірае ня толькі і ня столькі пэпсі, колькі мабільнасьць і дынамічнасьць, новыя тэхналогіі і перформанс. Той колькасьці інфармацыі, якую ўспрымае і апрацоўвае за дзень сучасны чалавек, у Сярэднявеччы, напэўна, хапіла б яму на ўсё жыцьцё. Мы жывем у віры несупынных інфармацыйных плыняў, дзе дамінуючую пазіцыю набывае інтэрнэт, выцясьняючы на другія ролі газеты, радыё, тэлебачаньне. Мінуў час, калі інтэрнэт здаваўся нечым далёкім, таямні­чым і недасягальным. Мінуў час, калі віртуальная прастора ўспрымалася як нейкі іншасьвет, з іншым хранатопам і сваімі законамі. Дзіўны сьвет са сваімі міфічнымі істотамі і героямі. З добрым Сецевіком, сецевым гаспадаром, які, аднак, вельмі любіць пажартаваць: адключыць карыстальніку каннэкт (сувязь) з патрэбным яму сайтам. Або Эмелькай (ад E-mail – электронная пошта), ахоўнікам перапіскі. Напэўна, імкненьне чалавека да міфалагі­зацыі новай, незнаёмай прасторы закладзенае генетычна.
Падзел на рэальнае (сапраўднае, штодзённае) і віртуальнае (штучнае, вы­ключнае) застаўся ў мінулым. Мяжа паміж гэтымі паняцьцямі становіцца ўсё больш празрыстай. Інтэрнэт у наш час – гэта, па сутнасьці, адлюстраваньне сучаснага грамадства, адлюстраваньне, здольнае парушаць некаторыя звыклыя нам законы: дастаўка ліста да адрасата з Беларусі і з Германіі, напрыклад, займае аднолькавы час; інфармацыя, зьмешчаная ў Інтэрнэце, ня мае абмежаваньня па колькасьці асобнікаў – любы тэкст зьяўляецца адначасова адзінкавым і бясконцым у сваёй рэпрэзентацыі. Нават калі ўвесь сьвет вырашыць адначасова пачытаць «Гамлета», у віртуальнай бібліятэцы ня скончацца кнігі. Бязьмежная інфармацыйная прастора – вось асноўная адметнасьць Інтэрнэту. Павуціньне – вось яшчэ адно яго імя.
На зьмену дыфініцыям «віртуальнасьць/рэальнасьць» прыйшлі «on-line/off-line», якія семантычна не супадаюць са сваімі папярэднікамі: тэрмін on-line інтэрпрэтуецца як «цяпер, у рэжыме рэальнага часу» і часьцей за ўсё азначае працэс, які адбываецца праз Інтэрнэт. Напрыклад – он-лайнавыя інтэрнэт-канферэнцыі, якія не патрабуюць ад удзельнікаў збору ў адным геаграфічным месцы, аднак дазваляюць захаваць дынаміку дзеяньня. Месцам збору ў такіх выпадках становіцца ня горад, будынак, зала, а пэўны сайт. Інтэрнэт адкрывае перад чалавекам новыя магчымасьці і стымулюе імкненьне да разьвіцьця новых тэхналогіяў, якія адпавядалі б патрабаваньням часу. Пошукавыя сістэмы, самай вядомай сярод якіх зьяўляецца, напэўна, Google, значна спрошчваюць працэс пошуку і эканомяць час карыстальніка. Інтэрнэт набывае для сучаснага чалавека значэньне аўтарытэтнай крыніцы, а часам і першакрыніцы. І пакідае магчымасьць выбару.
Інтэрнэт, як і грамадства, мае свой геаграфічны падзел, які, зразумела, у пэўнай ступені можна назваць умоўным. У Інтэрнэце няма мытняў і слупоў, аднак для большасьці карыстальнікаў добра вядомы такія паняцьці, як Рунет (ru+net) і, доўгі час амаль містычная істота, Байнет (by+net). Для тых, каго цікавіць «як гэта было», параім зьвярнуцца да гісторыі беларускага Інтэрнэту ў малюнках (http://os.by/history/). І галоўнае памятаць: «Нават тады, калі Інтэрнэт яшчэ ніхто на Беларусі ня бачыў, многія ў яго ўжо верылі. Шчыра».

Літаратура і Інтэрнэт
Адной з асноўных рысаў сучаснага грамадства зьяўляецца прыстаўка post у большасьці яго вызначэньняў. Постіндустрыяльнае. Постінфармацыйнае. Эстэтыка постмадэрнізму. Часам сёньняшняя рэчаіснасьць здаецца своеасаблівым post factumam-ам таму, што было перад, або дзьвюма літарамі P.S. у вялікім лісьце невядомаму адрасату. Дыскусіі аб існаваньні літаратуры, творчым працэсе і магчымасьці/немагчымасьці стварэньня нечага кардынальна новага – гэта ўсё прыкметы нашага часу. Сапраўды, умовы post information вымушаюць чалавека ствараць пэўныя фільтры і растаўляць прыярытэты. Як і ў выпадку post industry, калі стаіць не праблема недахопу прадуктаў вытворчасьці, а праблема пошуку спажыўца, так і з літаратурай, якая ў гэтых адносінах – прадукт творчасьці (і можаце лічыць мяне кансерватарам, але дадаць да гэтага слова прыстаўку «вы-» не паднялася рука).
Літаратура існуе. Праблема толькі ў тым, што часам яна нагадвае працэс дзеля працэсу, калі асноўным яе спажыўцом становіцца крытык, літаратуразнаўца, чалавек, для якога мастацкая літаратура ўваходзіць у сферу прафесійных зацікаўленасьцяў. Неабходна ўлічваць, што любая літаратура, мастацкая, навуковая, публіцыстычная, – гэта частка інфармацыйнай плыні. З гэтага вынікае, што на шляху да чытача яна праходзіць праз растаўленыя фільтры, і наяўнасьць праблемы пад назвай «людзі не чытаюць» сьведчыць пра тое, што мастацкая літаратура не зьяўляецца канкурэнтназдольнай. У гэтай барацьбе перамагае той, хто зможа зацікавіць спажыўца. Рэклама, PR-тэхналогіі – іх зьяўленьне і актыўнае разьвіцьцё ў сучасным грамадстве было вымушаным крокам. У такіх умовах цікавага і дасканалага твора недастаткова: на жаль, у наш час для таго, каб чытач «дайшоў» да зьместу, яго патрэбна зацікавіць вокладкай. Як мінімум…
Згаданае пакаленьне, якое выбірае ня толькі пэпсі, на пытаньне «Што можа выклікаць у вас жаданьне прачытаць новую кнігу?» адказала: «Парада або станоўчая рэцэнзія на гэтую кнігу крыніцы, якой я давяраю». А сярод асноўных такіх крыніцаў большасьць, не задумваючыся, называе Інтэрнэт-сайты. Магчыма, дзесьці тут кола і замыкаецца, асабліва ў дачыненьні да беларускай літаратуры. Магчыма, наадварот: дзесьці тут і схавалася надзея знайсьці выйсьце са створанага кола. Неабходна зразумець, што чытач сам ня будзе шукаць. Ён спажывае тое, што ляжыць на паверхні, што можна ўзяць, не прыкладаючы дадатковых намаганьняў.
Адносіны літаратуры і Інтэрнэту прымаюць такую колькасьць разнастайных формаў, што пералічваць усе бессэнсоўна. Сярод асноўных, найбольш папулярных, можна назваць інтэрнэт-бібліятэкі, сайты пісьменьнікаў (як аўтарскія, так і фан-клубы), кніжныя паліцы ў інтэрнэт-крамах, літаратурныя форумы. Ад усіх гэтых рэсурсаў, як і ад астатніх, для магчымасьці быць канкурэнтназдольнымі патрабуецца пэўная іх колькасьць і высокая якасьць (каб мець магчымасьць вылучыцца з іншага інфармацыйнай плыні). Аднак тут ствараецца другі ўзровень канкурэнцыі – паміж прадстаўнікамі аднаго кола. І ўрэшце атрымліваецца, што для сапраўднага існаваньня на хвалях інтэрнэт-прасторы патрабуецца дынаміка і разьвіцьцё. Статычная канстатацыя фактаў не выклікае цікавасьці спажыўца. Але гэта ня ўсе магчымыя «падводныя камяні». Ва ўмовах сучаснага грамадства даволі часта складаецца сітуацыя, калі імкненьне да папулярызацыі літаратуры падмяняе творчы працэс на вытворчы і прыводзіць да стварэньня ня Кнігі, а прадукта рыначных зносінаў. Вось і адбываецца, што з аднаго боку для зацікаўленьня чытача патрэбна рэклама і, кажучы па-сучаснаму, «раскрутка», а з другога – пісьменьнік баіцца трапіць пад вызначэньне «масавы» (што ў наш час амаль раўназначна абвінавачваньню ў непрафесійнасьці). Парадаксальны час: масавасьць – непрэстыжная, элітарнасьць – неперсьпектыўная.

Вандроўкі па Байнэце
Першая спроба вызначыць маршрут падарожжа аказалася, шчыра кажучы, няўдалай. На сайце http://kupala.by/ замест творчасьці класіка мы пазнаёміліся з… беларуска-аўстрыйскай страхавой кампаніяй, а па адрасе http://kupala.net/ даведаліся пра конкурс на… самую прыгожую дзяўчыну беларускага Інтэрнэту. Вырашыўшы, што прычынай гэтаму стаў наш амаль дзіцячы аптымізм, да пошуку наступнага прыпынку падарожжа ставіліся максімальна адказна і лагічна. І вось нас вітае http://library.by/, нацыянальны адукацыйны партал, як прэзентуюць яны сябе, прычым вітае даволі своеасабліва: замест кніг у бібліятэцы нам прапануюць заказаць… рэфераты, курсавыя і дыпломныя работы. У разьдзеле «Навуковая бібліятэка» палічка з кнігамі па літаратуразнаўстве так і не знайшлася, – напэўна, згубілася дзесьці паміж «культурай», «мастацтвам» і «лінгвістыкай». Засталася яшчэ надзея, што праблему вырашыць наведваньне чытальнай залы. Выбар паміж «аўтарскай» і «класічнай» літаратурай крыху зьдзівіў: ці класічная літаратура ў нас большай часткай ананімная, ці мы не разумеем крытэрыяў разьмежаваньня. Шляхам эксьперыменту было вызначана, што пад назвай «аўтарская» схавалася творчасьць наведвальнікаў. Уражаньня ад сайту не засталося. Зусім. Імёны беларускіх пісьменьнікаў, напісаныя «рускімі» літарамі «па-беларуску», адчуваньне, што апошні раз там «прыбіралі» год таму, і літаратурны форум, дзе замест абяцанага абмеркаваньня праблемаў навукі, культуры і літаратуры адзінока «вісеў» аповед пра нейкае паляваньне. Мы, зразумела, ня ведаем, як ідуць справы ў сферы гандлю рэфератамі і дыпломнымі працамі, але ва ўсім астатнім дынамікі не заўважана.
Далейшы шлях было вырашана працягваць у кампаніі прафесійнага гіда, у якасьці якога быў абраны ўсё той жа Google (http://google.by). Наступны прыпынак парадаваў нас значна больш – ім стала Беларуская палічка (http://knihi.com/). Прывабна выглядае і зьвяртае на сябе ўвагу разьдзел «Кніжныя навінкі», дзе зьмешчаныя новыя выданьні з анатацыямі, узорам вокладкі і магчымасьцю замовіць кнігу праз сайт (акрамя гэтага існуе магчымасьць замовіць кнігі і часопісы на сайце http://www.knihi.net/ – дастаўка па Беларусі ажыцьцяўляецца поштай накладзеным плацяжом). Электронная бібліятэка Беларускай палічкі ня толькі прадстаўляе даволі вялікую колькасьць твораў беларускай літаратуры, але і дае магчымасьць знайсьці існуючыя пераклады гэтых твораў на расейскую, польскую, ангельскую і нямецкую мовы. У бібліятэцы можна знайсьці і творы замежнай мастацкай літаратуры, кнігі па гісторыі, мастацтве, філасофіі і іншых гуманітарных дысцыплінах. Асобная старонка прысьвечаная серыі «Беларускі кнігазбор», дзе можна атрымаць інфармацыю як пра ўсе выданьні, так і пра кожны яго том. Прываблівае і каталог вэб-спасылак, які прапануе даволі вялікую колькасьць сайтаў Байнэту па самай рознай тэматыцы: ад стужак навінаў да музыкі і гумару. Можна сказаць, што з асартыментам на палічцы ўсё добра. Відавочна дынаміка і тэндэнцыі да разьвіцьця. Выказаць заўвагі, пажаданьні і словы падзякі ставаральнікам Беларускай палічкі можна ў Гасьцёўні. Аднак, ці то мы такія патрабавальныя наведвальнікі, ці то сапраўды ідэалу не існуе, але як жа без заўвагаў? Напрыклад, на форум нас так і не пусьцілі. Сустрэлі непрыветлівым надпісам «Увага! Форум закрыты на тэхнічную рэарганізацыю. Заходзьце пазьней!». Але, што самае цікавае, жаданьне зайсьці пазьней засталося…
Нашая вандроўка па Байнэце з самага пачатку была справай суб’ектыўнай, гэтак жа як і выбар прыпынкаў на шляху. Прыемнай знаходкай стаў сайт «Быў. Ёсць. Буду.», прысьвечаны, як можна здагадацца, жыцьцёваму і творчаму шляху Уладзі­міра Караткевіча (http://uladzimir-karatkevich.iatp.by/). Магчыма, проста спадабаўся сваёй наяўнасьцю, але, на жаль, чамусьці згадалася старая прымаўка пра выключэньне і правіла. Добры сайт, з атмасферай цеплыні, шчырасьці і гасьціннасьці. А ў такіх выпадках і крытыкаваць няма жаданьня. Можна проста заплюшчыць вочы і не заўважаць недахопаў. Байнэт вялікі, і толькі ад нас залежыць, наколькі разнастайнымі будуць маршруты наступных вандровак.

litaraтурны інтэрнэт
Камунікабельнасьць, уменьне і імкненьне ўсталёўваць кантакт з навакольным сьветам і сабе падобнымі – адметныя рысы чалавека. Упэўненасьць у гэтым факце падштурхоўвала працягваць пошукі сапраўднага літаратурнага байнэтаўскага форуму. Пошукі, шчыра кажучы, штучныя, а вынік іх прадказальны: хутчэй гэта была спроба знайсьці альтэрнатыву Літары.net (http://litara.net/), добра знаёмай практычна ўсім наведвальнікам Байнэту. Але, як сьпявае вядомы гурт: «Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе». Калісьці зьяўленьне Літары было своеасаблівым фурорам. Яна захапляла гучнымі імёнамі і пылкімі дэбатамі, у якіх адчувалася сапраўднае зацікаўленьне літаратурай, культурай і будучыняй Беларусі. Літара стала для многіх своеасаблівай пляцоўкай, прасторай для адпачынку і размовы, яна прываблівала да сябе адчуваньнем, што гэта сваё, блізкае і чаканае. Гэта ўваходзіла ў звычку – пачытаць Літару: нават калі ты не зьбіраўся ўдзельнічаць у дыскусіях, за імі было цікава проста сачыць.
Паступова літаратурны форум ператвараўся ў сапраўдны партал. Літара – гэта ўжо ня проста лента навінаў ці дыскусіі на тэму, ня толькі публіцыстычныя артыкулы, тэксты твораў і персаналіі. Гэта яшчэ і непаўторная атмасфера, уласныя рубрыкі і праекты, гэта пэўная традыцыя. Вакол сайту з цягам часу сфармавалася стабільнае кола наведвальнікаў і чытачоў, літаратуразнаўцаў і літаратараў, якія ня страчваюць сваёй актыўнасьці і цікавасьці да Літары. Але ж Літара для Байнэта – зьява, на жаль, амаль адзінкавая па сваёй сутнасьці. Зразумела, што ў такіх умовах крытыкаваць даволі складана, тым больш, што ў плане зьместу сапраўды створаная вялікая колькасьць фактараў, якія папулярызуюць праект: грунтоўная інфармацыйная база, актуальнасьць ды, што і вылучае Літару з шэрагу астатніх, інтэрактыўнасьць. Партал трымае даволі высокі інтэлектуальны ўзровень, што вельмі проста ілюструецца адным фактам: на Літары адсутнічае мадэрацыя як від, аднак агульнае ўражаньне ад гэтага не псуецца (хаця ўсё ж такі пытаньне адсутнасьці/наяўнасьці мадэрацыі даволі спрэчнае). Увогуле фармальны (назавем гэта так) бок сайту дынамічнасьцю не вызнаецца. Складваецца ўражаньне, што з моманту стварэньня кардынальных зьменаў у структуры не адбывалася. Магчыма, гэта дробныя нязручнасьці, да якіх пастаянныя наведвальнікі сайту прызвычаіліся і не заўважаюць, а новым гасьцям выбару асаблівага не застаецца, аднак дынамікі бракуе, асабліва сталым праектам (Літара на прасторах Байнэту існуе ўжо больш за тры гады). Зразумела, што імкненьне да ўдасканаленьня сістэмы, яе разьвіцьця ўзьнікае часьцей за ўсё ва ўмовах канкурэнцыі, якой для Літары, як мы ўжо адзначалі, у Байнэце няма. У гэтай сферы Байнэту ўвогуле складана весьці размову пра канкурэнцыю. На жаль, аўдыторыя парталаў такога кшталту не вызначаецца каласальнымі памерамі, таму пры ўзьнікненьні двух-трох новых літаратурных форумаў адносіны паміж імі хутчэй будуць класіфікавацца як узаемадзеяньне, супрацоўніцтва.
Тут паўстае другое пытаньне: на якой глебе на сёньняшні момант могуць узьнік­нуць такія форумы. Зразумела, што стварэньне кардынальна новага парталу заўсёды суправаджаецца рызыкай і пэўнымі складанасьцямі. Але, хто не рызыкуе... Аналіз дадзенай сітуацыі прыводзіць да высновы, што найлепшай пляцоўкай для ўзьнікненьня літаратурнага форуму ёсьць ужо дзейсны праект, які мае сфармаваную аўдыторыю наведвальнікаў. Больш за тое, гэты праект неабавязкова павінен быць ужо рэалізаваным у Інтэрнэце. Ён можа проста існаваць і быць папулярным, вядомым, цікавым, мець сваіх прыхільнікаў. У Байнэце такімі фундаментамі могуць без асаблівых цяжкасьцяў стаць, напрыклад, сайты часопісаў Дзеяслоў (http://www. dziejaslou.by/) і ARCHE (http://arche.home.by/). Амаль усе перадумовы на гэтых сайтах ужо выкананы, а чытачы не адмовяцца ад дадатковай магчымасьці абмеркаваць апошні нумар і выказацца на агульныя тэмы.

dzie ja?
Кожная эпоха прад’яўляе свае патрабаваньні да літаратуры і літаратурнага працэсу, трансфармуе іх «пад сябе». Гэты факт натуральна ўспрымаецца літаратура­знаўцамі, якія вывучаюць гісторыю літаратуры. Нязвыклым зьяўляецца тое, што ўмовы постінфармацыйнага грамадства патрабуюць ад мастацкай літаратуры зьменаў ня толькі ў зьмесьце, але і ў форме. Неабходнасьць быць канкурэнтназдольнымі ў барацьбе за ўвагу чытача вымушае шукаць новыя шляхі і сьцежкі, якія б адпавядалі часу. У сучасным грамадстве побач з неадпаведнасьцю паміж аб’ёмам прапанаванай чалавеку інфармацыі і магчымасьцю яе ўспрыняць існуе даволі жорсткая лімітацыя часам. Таму неабходна разумець, што асноўныя канкурэнты – гэта такія ж носьбіты інфармацыі, а сучасныя тэхналогіі – толькі інструмент, які спрашчае, аптымізуе ўспрыняцьце інфармацыі чалавекам. Ігнараваць гэтыя сродкі – значыць назаўсёды спыніцца на ўзроўні кулуарных размоў пра заняпад літаратуры.
Літаратуры быць. Творчы працэс – зьява непадкантрольная і непадуладная эпохам і часу. Зьяўленьне вялікай колькасьці віртуальных твораў, дзёньнікаў, інтэрнэт-старонак з уласнай творчасьцю сьведчаць, што людзі пішуць і пісаць будуць. Значыць, будуць зьяўляцца новыя паэты, празаікі і драматургі. Дзеці свайго часу. Нават бяз пафасных словаў пра ролю літаратуры ў выхаваньні асобы добра зразумела, што «чалавек сучасны» ня можа не чытаць. Выраз «інфармацыйны голад» стаў звыклым і зразумелым. Навакольны сьвет прывучае чалавека амаль падсьвядома прачытваць радкі на афішах, аб’явах, рэкламах у метро, на шыльдах, з экрану тэлевізара. Людзі чытаюць, магчыма, нават больш, чым раней. Засталося толькі вырашыць пытаньне: што ж будзе чытаць пакаленьне next?