12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Міхась Мушынскі

_____________________
Запавет слугаваньня Бацькаўшчыне

Максім і Гаўрыла Гарэцкія ў кантэксьце гістарычнага часу

Вось ужо на працягу многіх гадоў мы зьяўляемся сьведкамі і ўдзельнікамі запозьненага сплочваньня доўгу выдатным сынам беларускага народу – Максіму і Гаўрылу Гарэцкім. Тыя, каму пашчасьціла прычыніцца да гэтай высакароднай місіі – да рэабілітацыі ахвяраў таталітарнага рэжыму, да вяртаньня іхняй спадчыны ў агульналі­таратурны працэс, — ня могуць не адчуваць магутнага сілавога поля, што існуе вакол гэтых маштабных фігураў і іх твораў, ня могуць не ўспрымаць жыцьцядайную энергетыку і дабратворнае сьвятло, якое выпраменьваюць вялікія нацыянальныя таленты. І створанае братамі Гарэцкімі сёньня аказваецца болей запатрабаваным, чым пры іхнім жыцьці...

Што ж выпраменьваюць няскораныя тытаны духу – Максім і Гаўрыла Гарэцкія – у непаўторных мастацкіх вобразах і ў палымяным публіцыстычным слове? Перш за ўсё сьвет высокай маральнасьці, сапраўдную, высокага кшталту духоўнасьць. Гэтыя якасьці праяўленыя ня ў форме дэкларацыйных заклікаў. Яны – у зыходнай пазіцыі аўтараў, дзе маральнасьць выпраменьваюць усе кампаненты мастацкага цэлага, яны бачны ў характары герояў, у іх паводзінах і ўчынках, у крытэрыях ацэнкі жыцьцёвых падзеяў. Чытач верыць у шчырасьць прамоўленага і зробленага дзейнымі асобамі, бо маральнасьць, духоўны пачатак ішлі ад саміх творцаў, ад іх асабістага высакародства, ідэйнай перакананасьці, выразна акрэсьленай грамадзянскай пазіцыі. Дастаткова сказаць, што ніводзін з братоў Гарэцкіх не запляміў свайго імя ў самых складаных жыцьцёвых варунках і, здавалася б, у безнадзейных сітуацыях турэмнага, лагернага існаваньня, перад відочнай пагрозай сьмерці. Пра гэты феномен сацыяльныя псіхолагі, дасьледчыкі індывідуальнай псіхалогіі творцаў яшчэ напішуць не адну навуковую манаграфію.
Дзе карані неверагоднай трывушчасьці гэтых людзей? Дзе чэрпалі яны духоўную сілу? У сваім народзе, у яго маральна-этычных уяўленьнях, у народнай філасофіі. Непахісная вера ў праўду, справядлівасьць, чалавечую дабрыню падтрымлівала іхні дух і прагу творчай працы. Узвышана-малітоўнае стаўленьне да мастацкага слова, закліканага абудзіць чалавечую душу, утаймаваць разбуральныя пачаткі, нізкія інстынкты, нястрымную прагу ўлады, панаваньне над слабымі, пагарду і бязьлітаснасьць да пераможаных, — малітоўнае стаўленьне да слова браты Гарэцкія пранесьлі праз усё жыцьцё, пра што наглядна сьведчаць іхнія творы незалежна ад жанравай прыналежнасьці і часу напісаньня. І гэтая якасьць – найбольш значны набытак беларускай літаратуры ХХ ст. і падстава, каб далучыць яе да высокіх духоўных каштоўнасьцяў сусьветнай класікі.
Мастацкая інтуіцыя, здольнасьць успрымаць жыцьцё ў яго нястрымным руху і бачыць далёкія вынікі разьвіцьця – таксама адна з прывабных рысаў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Трэба зьмірыцца з тым, што сучасьнікі не заўсёды могуць належным чынам ацаніць талент мастака-прагностыка, паэтычная думка якога сягае далёка наперад, апярэджваючы эпоху, а душа напоўнена трывогай і клопатам пра лёс наступных пакаленьняў. Сказанае цалкам стасуецца з абліччам братоў Гарэцкіх. І аўтар «Камароўскай хронікі», «Скарбаў жыцьця», і аўтар вострых публіцыстычных выступленьняў Габрыель Мсьціславец (Гаўрыла Гарэцкі), кожны па-свойму, прадчуваў, прадбачыў трагічныя выпрабаваньні, якія выпалі на долю беларускага народу і на іх уласны лёс у змарочныя 30-я і наступныя гады. І ў іхніх творах мы знаходзім напружаны роздум, пакутлівую спробу разабрацца ў прычынах, якія ўплываюць на разьвіцьцё грамадства і лёс чалавека. Чым абумоўленыя гістарычныя зрухі, сацыяльныя катаклізмы і зломы эпохаў – вайны, рэвалюцыі? Яны ж нясуць з сабою невымерныя пакуты, разбурэньні, чалавечыя ахвяры. Ці можна ўплываць на ход гісторыі, і якая пры гэтым роля чалавечай адзінкі і роля людскога мноства?
Шукаючы адказ на пастаўленыя пытаньні, Максім Гарэцкі сьпярша ўскладаў вялікія надзеі на асьвету, на кнігу, на гуманістычныя ідэі (зб. «Рунь» і інш.), потым паверыў у здольнасьць палітычных партыяў і грамадскіх рухаў вырашыць асноўныя сацыяльныя і нацыянальныя праблемы (артыкул «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»). Трагедыя кастрычніцкіх дзён хутка ацьвярэзіла пісьменьніка, ён здолеў разабрацца ў складаных палітычных падзеях (аповесьць «Дзьве душы» і шэраг апавяданьняў) і ў выніку распрацаваў грунтоўную, шырокую праграму, у якой дамінуючае месца заняло выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, барацьба за адраджэньне нацыянальнай культуры, усталяваньне рэальнай незалежнасьці Беларусі (зб. «Досьвіткі» і інш. творы, публіцыстыка, «Гісторыя беларускае літаратуры» і г.д.). Інакш кажучы, Гарэцкі–пісьменьнік прайшоў шлях складанай сьветапогляднай і творча-мастацкай эвалюцыі.
Гэты ж шлях паўтарыў з пэўнымі адрозьненьнямі і Гаўрыла Гарэцкі, перш за ўсё як публіцыст-адраджэнец, як асьветнік. Нягледзячы на тое, што ў розныя перыяды творы братоў мелі розную жанравую прыналежнасьць, яны ўяўляюць з сябе цэласную мастацкую мадэль нацыянальнага жыцьця беларускага народу на працягу значнага этапу яго гісторыі. Яе каштоўнасьць у пафасе веры і надзеі на магчымасьць ажыцьцяўленьня вялікіх гуманістычных, хрысьціянскіх ідэалаў. Мы цэнім творы братоў Гарэцкіх, бо яны, творы, дапамагаюць выжываньню нацыі, хоць трагічныя падзеі апошніх дзесяцігоддзяў гэтую веру моцна падарвалі. Напісанае ж Максімам і Гаўрылам Гарэцкімі – гэта выратавальны круг для тых, хто змагаецца за духоўнае адраджэньне, хто яшчэ хоча верыць і мае сілу верыць у будучыню. У пацьвярджэньне сказанага можна спаслацца шмат на якія творы і артыкулы, хоць бы на тую ж «Камароўскую хроніку», прасякнутую народнасьцю, бескампраміснай праўдай, суровым рэалізмам – праўдай мастацкага вобразу, глыбінёй пранікненьня ў псіхалогію чалавека, а яшчэ і шырынёй погляду на гістарычны працэс.
Але да «Хронікі» як Галоўнай сваёй кнігі М.Гарэцкі ішоў паступова, мэтанакіравана, спасьцігаючы маральна-этычныя асновы народнага жыцьця, сутнасныя рысы нацыянальнага характару беларуса. Першымі прыступкамі на гэтым шляху былі творы, у цэнтры якіх вясковы юнак, што вучыцца ў горадзе з тым, каб дапамагчы цёмнаму, абяздоленаму хлебаробу ў пошуках лепшай долі. Герой раньніх апавяданьняў («У лазьні», «Роднае карэньне», «У чым яго крыўда?» і інш.) – асоба шчырая, здатная на глыбокі роздум і ўнутраныя перажываньні. Для беларускай прозы пачатку ХХ ст. гэта быў новы герой, які істотна ўзбагачаў нацыянальнае слоўнае мастацтва. Уводзячы ў літаратуру тып вясковага інтэлігента, М.Гарэцкі ставіў перад беларускім грамадствам актуальную праблему ўзаемаадносінаў народу і народнай інтэлігенцыі, самой гісторыяй закліканай шукаць новыя шляхі, якімі павінен ісьці працоўны люд да сьветлага, справядлівага жыцьця. Значнай заслугай Гарэцкага-пісьменьніка было тое, што ў вырашэньні ўзьнятай праблемы ён не абмяжоўваўся толькі заклікам да сыноў вёскі не адрывацца ад «родных каранёў», памятаць пра сьвяты абавязак перад скрыўджаным хлебаробам. Аўтар зборніка «Рунь» (1914) усур’ёз загаварыў пра неабходнасьць беражлівага стаўленьня да інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой, трапіўшы з вёскі ў горад, яшчэ не пасьпелі выпрацаваць трывалы, устойлівы імунітэт супраць згубнай мяшчанскай маралі, супраць уяўленьняў, далёкіх ад традыцыяў і вопыту народнага жыцьця. Лепшыя дасягненьні гарадской культуры трэба спалучаць з маральнымі, духоўнымі каштоўнасьцямі, якія выпрацавала на працягу стагоддзяў беларуская працоўная вёска. Такая думка пранізвае ўсе апавяданьні М.Гарэцкага. Ды, зрэшты, яна ня страціла свайго значэньня па сёньняшні дзень, у эпоху глабалізацыі, калі асаблівую вастрыню набыла праблема захаваньня нацыянальнай самабытнасьці кожнага народу, непаўторнасьці яго нацыянальнай культуры. І тут літаратурная спадчына М.Гарэцкага арганічна ўключаецца ў кантэкст сучаснага інтэлектуальнага, духоўнага жыцьця, яна актывізуе і творча-мастацкую, і навукова-філасофскую думку.
Ацэньваючы М.Гарэцкага як самабытнага мастака, як пісьменьніка-наватара, творы якога маюць непераходзячае значэньне, нельга не сказаць і пра ягоную заслугу ў распрацоўцы гістарычнай тэматыкі. І тут гаворка ідзе ня толькі пра адкрыцьцё новых пластоў рэчаіснасьці, пра пашырэньне даляглядаў беларускай мастацкай прозы («Лірныя сьпевы», «Войт», «Князёўна»). Асваеньнем гістарычнай тэматыкі М.Гарэцкі дзейсна спрыяў выхаваньню нацыянальнай сьвядомасьці беларуса. Ён паказаў сябе тут пісьменьнікам маштабнага мысьленьня: узнаўляючы сівую даўніну, аўтар «Лірных сьпеваў» не задавальняўся адлюстраваньнем толькі гераічных старонак, а лічыў абавязкам нагадаць і пра трагічныя падзеі ў гісторыі беларускага народу, пра горкі, павучальны досьвед далёкага мінулага, які таксама павінен застацца ў памяці нашчадкаў. М.Гарэцкі асуджае здраду нацыянальным інтарэсам, калі неспрактыкаваная ў дзяржаўных справах князёўна Ганна страціла веру ў тое, што яе падданыя здольны абараніць замак ад войска маскоўскіх ваяводаў, і ганебна ўцякла з роднага Саламярэцка «ў чужадальнюю старонку». Так закончылася слаўная гісторыя гераічнага княства. Як бачна, і апавяданьні М.Гарэцкага на гістарычную тэму таксама ўспрымаюцца як зьява сучаснай беларускай літаратуры. І яны, дзякуючы адметнаму таленту іх стваральніка, сьцьвярджаюць нязгасную ідэю вернасьці роднай зямлі і абароны нацыянальнай незалежнасьці.
Маштабнасьць таленту М.Гарэцкага засьведчылі і навэлы, герой якіх (цыкл «Што яно?») спрабуе знайсьці адказ на глабальныя пытаньні быційнага, сьветапогляднага характару. Было б зразумела, калі б такога кшталту праблематыка прыцягнула ўвагу пісьменьніка сталага жыцьцёвага досьведу, багатай грамадскай практыкі. М.Гарэцкаму ж тады не споўнілася і 20 гадоў! У розных частках цыклу «Што яно?» розныя дзейныя асобы, але яны ў чымсьці блізкія: іх яднае драматызм лёсу, зломы ўнутранага жыцьця, іх паводзіны ня ўкладваюцца ў звыклыя рамкі вясковага жыхара. Але і ў гэтых перажыўшых драму людзей зьяўляецца жаданьне разгадаць таямніцу жыцьця і сьмерці, верагоднасьць існаваньня паза­труннага сьвету. Адна з дзейных асобаў твора гатова нават нячысьціку душу прадаць, каб даведацца, «адкуля яно гэта ўсё, хто гэта даў і што будзе пасьля сьмерці?… Можа, і таго сьвету няма? Дык што ж тады, як тады? Нашто ж такі сьвет стварыў?»1. Іншых персанажаў цыклу «Што яно?» неадольна прыцягвае да сябе прыгажосьць сусьвету: «Як прыгожа, як цудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы з творчасьці Вялікай Непазнаванай Сілы»2. Разам з тым створанае нябачным творцам ня толькі гіпнатызуе, але і палохае таемнай неспазнанасьцю. І можа гэта неспазнанае, думае адзін з герояў, «мае душу ці пачаткі яе там, далёка, на другіх планетах Усясьвету»3.
Над разгадкамі сьветапоглядных пытаньняў гэтак жа пакутуюць і героі рэаліс­тычна-бытавых твораў. Студэнт-медык Архіп Лінкевіч прачытаў шмат кніжак з надзеяй знайсьці там адказ на ўсё, што яго так хвалявала. Але настойлівыя спа­дзяваньні цікаўнага юнака аказаліся марнымі: «Мы ня ведаем, што будзе пасьля нашай сьмертухны, а на гэтым сьвеце на ўсе адгадкі знайсьці ня можна, шукай ні шукай». Асабліва ж зьдзіўляе, бянтэжыць Архіпа той факт, што ня толькі паасобныя далучаныя да кніжных ведаў «сыны вёскі» б’юцца над разгадкай таямніцаў жыцьця і сьмерці: «…няхай бы людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкае працы, няхай бы яны гібелі ад гэтакай мукі, дык не, дык жа народ просты, народ, каторага лаюць «цёмным», чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх кутках, у лясах сваіх, сярод балотаў і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ад той жа болькі? 4. Такім сьмелым паваротам думкі М.Гарэцкі ўносіў прынцыповыя карэктывы ў ідэйна-мастацкую трактоўку вобразу народу: ён слушна ставіў акцэнт на духоўным, інтэлектуальным пачатку як істотных рысах характару беларуса-працаўніка.
Цыкл «Што яно?» і лірычныя абразкі, экспрэсіі, накшталт «Патаёмнае», «Цёмны лес», «Стогны душы» і інш., зьявіліся ўдалай спробай распрацоўкі філасофскай, інтэлектуальнай прозы, адсутнасьць якой у беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. моцна адчувалася. Новая жанравая форма адкрывала перад нацыянальным слоўным мастацтвам выключна багатыя магчымасьці ў адлюстраваньні сацыяльнай рэчаіснасьці, у раскрыцьці тагачасных канфліктаў і супярэчнасьцяў, а таксама і ў спазнаньні таямніцаў душы, унутранага сьвету чалавека. На разгадцы гэтых загадак і засяроджвалася ўвага маладога тады М.Гарэцкага. Іх, гэтыя загадкі, вырашае і сучасная беларуская літаратура, абапіраючыся на каштоўны мастацкі досьвед М.Гарэцкага, які верыў у невычэрпныя магчымасьці чалавечага розуму, верыў у здольнасьць чалавека арганізаваць жыцьцё ў адпаведнасьці з маральна-этычнымі пастулатамі дабрыні, справядлівасьці. І ў гэтым – бясспрэчная заслуга Гарэцкага як пісьменьніка-гуманіста, абаронцы агульначалавечых каштоўнасьцяў.
Непадробны гуманізм мастакоўскай пазіцыі пісьменьніка з асаблівай глыбінёй і пераканальнасьцю выяўлены ў творах, напісаных падчас Першай сусьветнай вайны. Гэта апавяданьні «Літоўскі хутарок», «Рускі» (1915), «Генерал», «На этапе» (1916), а таксама дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1914-1915, 1919-1920, 1925-1926, 1928). Выкарыстоўваючы плённы досьвед Л.Талстога, прадстаўнікоў іншых літаратураў, М.Гарэцкі заклаў у беларускай прозе трывалыя мастацкія традыцыі рэалістычна-праўдзівага, аб’ектыўнага адлюстраваньня вайны і чалавека на вайне. Згаданыя творы з поўным правам увайшлі ў скарбонку нацыянальнага прыгожага пісьменства, сталі мастацкай класікай. Паводзіны, думкі і перажываньні ўчарашняга вяскоўца, апранутага ў салдацкі шынель, батальныя сцэны, акопныя будні ўзноўлены М.Гарэцкім з гранічнай дакладнасьцю і прынцыповым непрыманьнем паэтызацыі вайны і ўслаўленьня гераічных подзьвігаў. Уражвае перш за ўсё псіхалагічная пераканальнасьць абмалёўкі паводзінаў салдата-акопніка, глыбіня пранікненьня ў яго ўнутраны сьвет. Вось сцэна пасьля бою, калі камандзір «асабліва ўрачыстым голасам» абяцае прадставіць тэлефаністаў за іх «маладзецкую работу» да высокай узнагароды. «А я сядзеў і горка разважаў: «Якія ж мы героі… Георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца ня зрушыліся»1.
Навізна трактоўкі М.Гарэцкім чалавека ва ўмовах вайны ў тым, што аўтар «Запісак» ня толькі шкадуе салдата, як ахвяру, спачувае яго пакутам, але і ставіць пытаньне пра маральную адказнасьць кожнага за ўласныя ўчынкі і паводзіны. Вайна ўнесла істотныя карэктывы ў ранейшае пісьменьніцкае разуменьне чалавечай асобы. М.Гарэцкі ўбачыў выключную складанасьць натуры чалавека, уласьці­выя яму супярэчнасьці, спалучэньне высакародства і нізкіх інстынктаў, гераізму і пачуцьця страху. Зыходзячы з гуманістычнай пазіцыі, пісьменьнік пасьлядоўна праводзіць думку пра неабходнасьць заставацца чалавекам нават у экстрэмальных сітуацыях ваеннага часу.
І яшчэ трэба сказаць пра вельмі каштоўную рысу антымілітарысцкіх «Запісак»: афіцыйныя ўлады пераконвалі салдатаў у тым, што вайна скіравана на вызваленьне «малых» народаў. Да гонару Лявона Задумы, сацыяльна-палітычны асьпект пэўнай зьявы ён імкнуўся зьвязаць з нацыянальным: «Вызваленьня «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасьць гэтая вайна?»2. І яшчэ адна вытрымка з «запісак» салдата Задумы: «Ці ж Беларусь будзе мець нейкую палёгку ад гэтае вайны? А ня здарыцца так, што, дастаўшы перамогу на фронце, расейская рэакцыя ўзмацуецца і загне нас у яшчэ горшы рог?»3. Як бачым, М.Гарэцкі нязьменна заставаўся пісьменьнікам-патрыётам.
Кніга «На імперыялістычнай вайне» фактычна стаіць ля вытокаў дакументальна-мастацкага жанру ў беларускай прозе. Неабходнасьць падобнай жанравай структуры, як і філасофскай, інтэлектуальнай прозы, была зусім відочнай. М.Гарэцкі своечасова адчуў унутраную патрэбу літаратуры ў такой зьмястоўнай, прадуктыўнай форме і адгукнуўся на заклік часу. Зварот да сьведчаньняў відавочцы, да жывога дакументу, да канкрэтных фактаў, асэнсаваных у сьвятле эстэтычнага ідэалу, апора пісьменьніка на ўласна перажытае, прапушчанае праз душу і сэрца, – усё гэта павінна было ўдыхнуць новае жыцьцё ў літаратуру, узбагаціць яе зьмест, вобразную сістэму, сьцьвердзіць давер да меркаваньняў, думак канкрэтнай чалавечай асобы і да самой асобы як найвялікшай каштоўнасьці сьвету. Менавіта практычнай дзейнасьцю, учынкамі і ацэнкамі канкрэтных людзей Гарэцкі-мастак і вывяраў справядлівасьць агульнапрынятых сьцьверджаньняў, поглядаў. Пошук вялікай праўды пра чалавека і жыцьцё, прага справядлівасьці былі арганічнай рысай характару Гарэцкага-пісьменьніка. Менавіта праз асваеньне дакументальнага жанру ён і сьцьвярджаў у літаратуры высокія гуманістычныя прынцыпы, ідэю сапраўднай чалавечнасьці. Досьвед аўтара дакументальна-мастацкіх «Запісак», закладзеныя ім традыцыі годна працягнула беларуская літаратура 60-х і наступных гадоў, асабліва ў творах, дзе эстэтычны прынцып «акопнай праўды» быў скіраваны супраць спрошчанага, аднабаковага, павярхоўна-ідылічнага паказу вайны і чалавека ў трагічных абставінах ваеннага часу.
Сьмелым наватарствам пазначаны пошукі М.Гарэцкага і ў іншых жанравых формах. У прыватнасьці, згадаем драматызаваную аповесьць «Антон» (1914), цыкл кароткіх драматычных абразкоў («Салдат і яго жонка», «Не адной веры», «Каменацёс», «Чырвоныя ружы», «Жалобная камедыя» – усе 1922), шэраг выдатных сацыяльна-псіхалагічных аповесьцяў: «У чым яго крыўда?» (1925–1926), «Меланхолія» (1916–1921, 1928), «Дзьве душы» (1918–1919), «Ціхая плынь» (1917, 1926, 1930). Кожны з гэтых твораў вельмі адметны, своеасаблівы і ў зьмястоўным, і ў фармальным плане, у сродках арганізацыі матэрыялу, у прыёмах раскрыцьця аўтарскай задумы. На прыкладзе «драматызаванай аповесьці», «драматычнага абразка», аповесьці з выкарыстаньнем перапіскі дзейсных асобаў бачна, што М.Гарэцкі не эксплуатаваў аднойчы знойдзеную прадуктыўную структуру, а настойліва імкнуўся да абнаўленьня, шукаў форму, найболей адэкватную зьмес­ту. І гэтыя пошукі былі пасьпяховыя, яны адкрывалі новыя шляхі разьвіцьця нацыянальнай літаратуры, сьведчылі пра яе невычэрпныя ўнутраныя магчымасьці, вялікі эстэтычны патэнцыял.
Зьвернем увагу і на тое, што аповесьці «У чым яго крыўда?», «Меланхолія» і «Запіскі» складаюць своеасаблівую трылогію, прысьвечаную пакутлівым блуканьням беларускай інтэлігенцыі напярэдні рэвалюцыі, у гады абуджэньня нацыя­нальнага руху беларускіх працоўных і ў час імперыялістычнай вайны.
Яднае аповесьці скразны герой Лявон Задума, асоба ўнутрана блізкая аўтару, блізкая ў поглядах на сьвет, на грамадска-палітычныя падзеі часу. Задума праходзіць складаны шлях духоўнага, грамадзянскага сталеньня. На гэтым шляху паўставалі сур’ёзныя перашкоды, мелі месца сумненьні, расчараваньні, нават гатоўнасьць разьвітацца з жыцьцём, бо персьпектывы адраджэньня Бацькаўшчыны ўяўляліся сумніўнымі, змрочнымі. Але адчуваньне сваёй сувязі з «роднымі каранямі», усьведамленьне доўгу перад дзядамі і прадзедамі дапамаглі Лявону адмовіц­ца ад самагубства, пераадолець скепсіс і песімізм.
«Трохкніжжа» ня толькі прадэманстравала высокае майстэрства М.Гарэцкага як аўтара сацыяльна-псіхалагічных, аналітычных твораў глыбокага зьместу і гэтакай жа падтэкставай глыбіні, але і наглядна засьведчыла далейшае ўмацаваньне эпічных асноваў ягонай творчасьці, імкненьне пісьменьніка стварыць шырокую панараму жыцьця беларускага народу на вялікім гістарычным прамежку часу. Гэтую ж тэндэнцыю пацьвярджала і аб’яднаньне паасобных твораў у своеасаблі­выя цыклы (драматычныя абразкі, цыкл «Што яно?»).
Інакш кажучы, М.Гарэцкі няўхільна ішоў да «Камароўскай хронікі» як падагульняючага твора ўсяго жыцьця і дзейнасьці на ніве нацыянальнай літаратуры. Трагічныя абставіны – арышт і высылка ў Вятку на пяцігадовы тэрмін – пера­шкодзілі далейшай працы над «Хронікай». Частковай рэалізацыяй маштабнай задумы стаў раман-хроніка «Віленскія камунары» (1931–1932), хоць мара завяршыць Галоўную кнігу не пакідала выкінутага з літаратурна-творчага асяроддзя пісьменьніка. Вядома, умовы паднявольнага існаваньня не маглі не адбіцца на зьмесьце твора. «Канчаю апрацоўваюць «Камунараў». Цяжка мне іх пісаць для друку, усё баюся, каб не зрабіць якой памылкі ў асьвятленьні»1, – прызнаваўся М.Гарэцкі ў адным з лістоў да жонкі. Тым ня менш, і ў такіх неспрыяльных абставінах пісьменьнік стварыў выдатную мастацкую рэч, якая стала значным набыткам беларускай прозы, буйной жанравай формы. На жаль, сапраўднае значэньне твору, яго пафас, ідэйная скіраванасьць, глыбіня падтэксту, жанравая адметнасьць і стылёвае наватарства з прычын палітычнага, ідэалагічнага характару доўгі час належным чынам не былі раскрытыя. Каштоўнасьць раману-хронікі трэба бачыць не ва ўслаўленьні гераічнага подзьвігу «камунараў», а ў вытлумачэньні прычынаў іхняга паражэньня. А прычыны гэтыя трэба бачыць у сектанцтве, авантурызьме абаронцаў «клуба на Вароняй», у іх адарванасьці ад народу, няздатнасьці зразумець сапраўдныя мэты і памкненьні працоўнага люду. Кіраўнікі Рэўваенсавету палічылі ўзброеную барацьбу адзіным і універсальным сродкам вырашэньня сацыяльных супярэчнасьцяў. Але ў рэвалюцыйнай апантанасьці, захопленыя ідэяй барацьбы, кіроўныя таварышы не патурбаваліся належным чынам падрыхтаваць паўстаньне. Немінучыя ахвяры іх не цікавілі, не спынілі.
Апавяданьне ў рамане вядзецца ад імя сялянскага хлопца Мацея Мышкі, і гэта надало твору своеасаблівы каларыт, стварыла атмасферу шчырасьці, даверу да героя-апавядальніка. Назіраючы за падзеямі, Мышка паступова вызваляецца ад уласьцівай многім прадстаўнікам беларускага народа ілюзіі, ад веры ў магчымасьць пабудаваць справядлівы сацыяльны лад шляхам рэвалюцыйнага змаганьня. І нарэшце герой прыходзіць да высновы, што Кастрычніцкая рэвалюцыя ня спраўдзіла мары працоўнага люду, не прынесла волі і нацыянальнай свабоды, яна аказалася вялікай агульнанароднай трагедыяй. Адкрыта абвясьціць падобны погляд на Кастрычнік у тагачасных умовах ссыльны пісьменьнік, вядома ж, ня мог. Ён вымушаны быў маскаваць уласную думку, пераводзіць яе ў падтэкст. Вось як падаецца сцэна самагубства кіраўнікоў паўстаньня: «Усе чатыры праз хвіліну назаўсёды выйшлі з той вялікай, з той прыгожай лабараторыі, дзе досьлед свой рабілі, з той фабрыкі шумнай, той фабрыкі няўмочнай, дзе яго рэалізавалі»2.
Метафарычнае параўнаньне рэвалюцыі, узброенага паўстаньня з досьледам, з лабараторыяй нясе глыбокі сэнс: досьлед вялі з выкарыстаньнем жывых людзей, ён суправаджаўся вялікімі чалавечымі ахвярамі. Таму і адмаўляецца герой рамана пераехаць з Вільні ў Менск, дзе рэвалюцыя перамагла і дзе яна на практыцы ажыцьцяўляе вынікі лабараторных выпрабаваньняў, сьведкаю чаго і быў Мацей Мышка. «А я думаю,– лічыць ён, – ня ўсім жа туды ехаць. Трэба ж некаму і тут заставацца, пакуль можна»3. Вось гэтыя прызнаньні і ёсьць аб’ектыўная ацэнка рэвалюцыі, якая ня стала сапраўдным вызваленьнем народаў былой царскай Расеі, таму і ня хоча прыняць яе непасрэдны ўдзельнік узброенага паўстаньня.
Зразумела, падобная трактоўка рэвалюцыі і для 30-х і для 40–80-х гадоў успрымалася ўладай як ідэйна заганная, шкодная, ідэалагічна небясьпечная. І толькі навукова-дасьледчая думка 90-х гг., дзякуючы дабратворным зьменам у грамадска-палітычным жыцьці краіны, змагла аддаць належнае мужнасьці пісьменьніка-мысьляра, мастака-прагностыка, які ва ўмовах панаваньня таталітарнай сістэмы здолеў даць глыбокую трактоўку, аб’ектыўную ацэнку рэвалюцыі, несумяшчальную з афіцыйнымі ўстаноўкамі. І ў гэтым велізарная заслуга М.Гарэцкага як выдатнага мастака, пісьменьніка філасофскага складу мысьленьня.Падчас знаходжаньня ў высылцы М.Гарэцкі працягваў апрацоўку сабраных раней матэрыялаў для «Камароўскай хронікі», якая ня мае аналагаў у беларускай мастацкай прозе. Самакрытычны і патрабавальны да сябе пісьменьнік, безумоўна, усьведамляў значэньне дадзенага твору. «Ну, нічога. Усё нічога. Усё добра будзе. Каб толькі мне напісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае»1, – чытаем мы ў яго лісьце да жонкі ад 29 красавіка 1932 г. М.Гарэцкі, дзякуй Богу, шчасьліва памыліўся: не на «пэўны час», а на вялікую гістарычную персьпектыву мае цану «Камароўская хроніка», у якой намаляваная шырокая панарама жыцьця беларускага народу ад эпохі прыгону і да канца 30-х гг. ХХ стагоддзя. Праз лёсы канкрэтных дзейных асобаў, праз гісторыю роду Задумаў (Батураў) і Ваяводаў М.Гарэцкі сродкамі эпічнага пісьма стварыў запамінальныя, праўдзівыя, дакладныя малюнкі вясковага жыцьця – працы, хатняга побыту, нораваў, звычаяў, уяўленьняў селяніна, раскрыў найбольш тыповыя, характэрныя для вёскі канфлікты, супярэчнасьці, погляды на чалавека, адносіны да мясцовай і вышэйшай улады, да царквы, веры. Здаецца, ніводнай праявы сялянскага жыцьця не абмінуў праніклівы пісьменьніцкі позірк. Усё, што турбавала працаўніка-хлебароба, чым жыў, пра што марыў, на што спадзяваўся вясковец і яго сямейнікі, старыя і маладыя, кабеты і мужчыны, дарослыя і дзеці, заможныя і зьбяднелыя, у росквіце сілаў і хворыя — усё аказалася цікавым і значным для аўтара хранікальнай эпапеі. Тут знайшлі свой адбітак і эканамічнае становішча вёскі, і спробы вясковай моладзі вырвацца з абдымкаў патрыярхальнага ўкладу, спазнаць кніжную мудрасьць, далучыцца да здабыткаў цывілізацыі, авалодаць навукай, А таксама – падзеі рэвалюцыі, вайны з іх разбурэньнямі, ахвярамі. І вострую, небясьпечную тэму рэпрэсіяў, зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі за­крануў М.Гарэцкі. Праз гэтую невычэрпную, усеахопную шматстайнасьць якраз і раскрываецца ідэйна-мастацкая канцэпцыя народнага жыцьця як нястрымнай плыні, як няспыннага працэсу калектыўнай выпрацоўкі сацыяльных, маральна-этычных нормаў і прынцыпаў з мэтай перадачы іх наступным пакаленьням.
Варта адзначыць, што пры дасьледаваньні «Камароўскай хронікі» больш увагі надаецца аналізу тагачасных сацыяльных праблемаў. Маральна-этычныя ж асьпекты твору неяк застаюцца на другім плане. А між тым М.Гарэцкі – і ў гэтым асаблівая вартасьць «Хронікі» – асэнсоўваў сацыяльнае і маральнае ў іх арганіч­ным адзінстве, праводзячы думку пра высокую духоўнасьць беларускага селяніна. Вобразы Стахвана Ваяводы, яго сыноў Янкі і Максіма, Пелагеі Мароз і іншых вяскоўцаў выступаюць у творы як сапраўдныя носьбіты дабрыні, міласэрнасьці, высакародства, сумленнага стаўленьня да жыцьця, выразьнікі веры ў моц і справядлівасьць Усявышняга. Дух высокай маральнасьці, павага да бацькоўскіх запаветаў, да лепшых нацыянальных традыцыяў і досьведу народу, прага свабоды – гэта і ёсьць, паводле перакананьняў М.Гарэцкага, аснова захаваньня беларускай нацыі, нацыянальнай культуры, духоўнага жыцьця беларусаў.
Паказальна: пачаўшы творчы шлях з асэнсаваньня маральна-філасофскіх, экзістэнцыяльных праблемаў – жыцьця і сьмерці, прызначэньня чалавека на зямлі, межаў чалавечага інтэлекту ў спазнаньні рэчаіснасьці, – М.Гарэцкі ніколі і не пакідаў гэтыя праблемы па-за мастакоўскай увагай. Яскравае пацьвярджэньне таму – унікальныя, непаўторныя «Скарбы жыцьця». Напісаныя ў горкі, трагічныя час, «Скарбы…» адкрывалі новую старонку ў гісторыі беларускага слоўнага мастацтва, уздымалі яго на новыя эстэтычныя вышыні.
Зноў лічу патрэбным адзначыць: творы М.Гарэцкага, якія сталі вядомыя праз многа гадоў пасьля напісаньня, нярэдка разглядаюцца ізалявана ад усёй творчасьці, бяз сувязі з іншымі, нават блізкімі паводле іх пафасу. Вось і ў дадзеным выпадку пры дасьледаваньні «Скарбаў жыцьця» (1932–1935 і, магчыма, 1937) у сферу аналізу не заўсёды ўводзяцца «Лявоніус Задумекус» (другая палова 1931 – пач. 1932) і «Кіпарысы» (апрацаваныя ў высылцы дзёньнікавыя запісы 1928 г.). Усе творы ўпершыню пабачылі сьвет толькі ў дні сьвяткаваньня стагоддзя мастака («Полымя». 1993. № 2). Такі падыход перашкаджае зразумець пісьменьніцкую задуму і тыя цяжкасьці, з якімі сутыкнуўся М.Гарэцкі ў працэсе асваеньня балючай, трагічнай тэмы рэпрэсіяў, тэмы ГУЛАГУ. А ён жа і па волі лёсу, па волі трагічных абставінаў аказаўся адным з пачынальнікаў распрацоўкі дадзенай тэмы. І «Лявоніус Задумекус» (варыянт імя і прозьвішча героя «трылогіі» Лявона Задумы) гэта і ёсьць гаротная споведзь рэпрэсаванага, споведзь пра ўласнае жыцьцё на высылцы, пры тыя пакуты, прыніжэньні, які яму давялося зьведаць ва ўмовах нечалавечага існаваньня. Аднак абраная форма не задаволіла пісьменьніка, і ён прыпыніў працу («ня пішацца так, як хочацца»). І ўзяўся за «Скарбы жыцьця», г. зн. пачаў шукаць новыя вобразна-выяўленчыя сродкі, інакшую жанрава-стылёвую форму, якая б адпавядала новаму зьместу і паспрыяла мастацкаму ўвасабленьню маштабнай задумы. Традыцыйная паэтыка «Задумекуса», пэўна, не перадавала трагізму ўбачанага і асабіста перажытага і маштабу тых пакутаў, выпрабаваньняў, якія чакалі беларускі народ, яго інтэлігенцыю ды і ўсё чалавецтва ў будучым. Вось чаму М.Гарэцкі абраў жанр філасофскай прыпавесьці, жанр прарочага казаньня. Адпаведна прыродзе нетрадацыйнай структуры ў творы дамінуюць алегорыя, гіпербалізацыя, маштабныя сімвалічныя вобразы, фантастыка, фантасмагорыя, горкі сьмех, іронія, сарказм…
«Скарбы» – гэта ўбачаныя вачыма празорцы трагічныя малюнкі мінулага роднага краю і ня менш трагічнай будучыні («Дамы дымяць па даліне… Многа вёсак гарыць… Страшныя клубкі агнявыя з вёскі на вёску пералятаюць… Дзіўна і страшна мне стала»1). Так прамаўляць магла толькі асоба, якая ўсьвядоміла непазьбежнасьць набліжэньня вялікай трагедыі, асоба, якая любіць жыцьцё, ня хоча з ім разьвітацца, але вымушаная, і таму гаворыць развітальнае слова. Яно гучыць і як прарочы наказ нашчадкам, і як пранізьлівая споведзь, і як шчырае пакаяньне. У ім чуецца адкрытая просьба дараваць памылкі, некалі дапушчаныя пры стварэньні скарбаў («залатога смутку багатыя скрыні», «самацьветнай бясьсільнасьці доўгія нізкі»), і быць міласэрным пры вынясеньні прысуду: «Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі! Судзі мяне судом сваім, і кожным і ўсякім… Карай мяне карамі сваімі, карай…»2 . Бо калі і дапусьціў творца скарбаў памылкі, дык толькі таму, што ішоў разам са сваім народам і шукаў для яго шчасьлівую долю. Напэўна, ня здолеў знайсьці, што і спарадзіла невымерны боль і смутак, горыч і адчай. Гэтымі пачуцьцямі і прасякнутыя «Скарбы», твор, які маніфеставаў патэнцыйную гатоўнасьць беларускай прозы рухацца ў рэчышчы авангардысцкага, мадэрнісцкага еўрапейскага мастацтва, пасьпяхова выходзіць за межы традыцыйных формаў адлюстраваньня жыцьця ў формах самога жыцьця, выкарыстоўваць і пераасэнсоўваць паэтыку, багатыя вобразна-выяўленчыя сродкі вуснай народнай творчасьці і высокіх жанраў старой беларускай літаратуры, у тым ліку і твораў рэлігійнага зьмес­ту, М.Гарэцкі даў выдатны ўзор такога выкарыстаньня.
Зьвернем увагу і яшчэ на адну істотную стылёвую асаблівасьць твору: маштабнае абагульненьне ў ім вырастае на рэальнай аснове. Не выпадкова арганізатар параду дасягненьняў, які запрасіў гасьцей на агледзіны свайго скарбу, у далейшым нават выкарыстаў паасобныя фрагменты, сітуацыі ўласных твораў. «Нечы конь з санямі, прывязаны да плоту… Ён будзе стаяць»3. Параўнаем з тэкстам апавяданьня «Чарнічка» (1917): «Ля аднаго двара, прывязаны да банькі ў шуле, стаіць запрэжаны ў «бяду» ціхі і спакойны гняды конь»1. Але зараз учынкі і паводзіны людзей вымяраюцца ня побытавымі, а касьмічнымі меркамі. Так, усьлед за сказам «А там яшчэ сварацца» (а гэта ўжо перагукваньне з апавяданьнем «Нявесткі сварацца», 1921) у «Скарбах…» ідзе: «Яны будуць вечна сварыцца, то перастаючы, то ізноў пачынаючы»2. Як і на старонках эпахальнай «Камароўскай хронікі», увесь спектр чалавечага жыцьця знайшоў сваё асэнсаваньне ў «Скарбах…» Але пры яго ацэнках ужытыя іншыя меркі – меркі вечнасьці. Тут мы бачым пісьменьніцкае ўспрыманьне пакутлівай долі беларускай вёскі, жахлівых падзеяў вайны, крывавай рэвалюцыі, бачым сцэны арышту героя, сцэны зьняволеньня, зьдзеку, наведваньне ім падземнага склепу, дзе давялося перажыць сьмяртэльны страх ад убачанага, чуем скаргу на сваю адрынутасьць, адчужанасьць, горкае пры­знаньне ў тым, што зьяўлялася жаданьне пагрузіцца ў нірвану і што гэтае жаданьне было пераадоленае («беражыся гэтага стану – сьцеражыся яго, пакуль жыцьцё тваё хоць слаба, але пульсуе»3). Убачыў аўтар «Скарбаў…» «вялізныя піраміды белых цёртых касьцей» і «каналы, поўныя тухлай крыві» і жудасныя малюнкі пекла, «дзе страшыдлы веку скрыгочуць… страшна і аглушліва, і безупынна»4.
Якая ж павінна быць унутраная, духоўная сіла, адданасьць жывому жыцьцю, каб пасьля ўбачаных жахаў захаваць здольнасьць да асэнсаваньня перажытага, зьведанага.
Зачыняючы «браму скарбаў…» пасьля агледзінаў пройдзенага шляху – свайго ўласнага і жыцьця цэлага народу, – аўтар прызнаецца: «Цану рэчам пазнаў. Лю­дзей да самых глыбіняў уведаў. Жыцьцём даражыць наўчыўся. І да сьмерці сябе рыхтаваць я ўмею. Каб прыняць яе меч хоць калі, і без пары, і без усякай патрэбы.
Дык слава жыцьцю.
Слава і сьмерці»5.
Менавіта так, захоўваючы чалавечую годнасьць, высокае прызнаньне чалавека, паводзілі сябе, як мы памятаем, і духоўна і сьветапоглядна блізкія пісьменьні­ку героі «Камароўскай хронікі». Арганічнае адзінства гэтых выдатных, непаўторных твораў відочнае. «Скарбы…» напісаныя вялікім мастаком слова, мужным і мудрым чалавекам, які зьведаў кругі Дантавага пекла і адчуў непазьбежнасьць хуткага пераходу ад зямнога да вечнага жыцьця. Гэта – твор-рэквіем, твор-запавет усім, хто адчувае свой доўг берагчы памяць па бязьвінна забітых сынах зямлі беларускай і хто актыўна бароніць ідэі гуманізму, чалавекалюбства, якімі прасякнутыя творы Максіма Гарэцкага.
«Рукапісы не гараць, напісанае застаецца». Спадчына М.Гарэцкага бліскуча пацьвердзіла справядлівасьць гэтага мудрага выслоўя. Часам нават складваецца ўражаньне, што пісьменьнік ня дужа і клапаціўся, каб найхутчэй убачыць той ці іншы свой твор надрукаваным. Адны з іх шмат разоў перапрацоўваў, даводзячы да належнага ўзроўню, уносіў папраўкі, зьмены («На імперыялістычнай вайне». 1914–1915, 1919–1920, 1925–1926, 1928), тэкст апавяданьняў уключаў у аповесьць, мяняючы яе назву (апавяданьне «За что?», 1918 і «За што?», 1922; аповесьць «Ціхія песьні», 1926 і «Ціхая плынь», 1930). Тут бачыцца выключная самапатрабавальнасьць мастака, усьведамленьне адказнасьці за надрукаванае слова, непадробны клопат пра нацыянальнае прыгожае пісьменства, якое павінна было заняць «свой пачэсны пасад» сярод іншых літаратур сьвету. Ня ўсім творчым задумам М.Гарэцкага суджана было ажыцьцявіцца. І ня ўсе творы пісьменьнік пасьпеў закончыць, бо жыцьцёвы шлях яго быў гвалтоўна абарваны ў самым росквіце духоўных сілаў. Але і ў незавершаным выглядзе тыя ж «Скарбы жыцьця», «Камароўская хроніка» сьведчаць пра непаўторнасьць таленту, наватарскі тып мысьленьня іх аўтара і пра невычэрпныя магчымасьці беларускай літаратуры.
Для Максіма Гарэцкага як пісьменьніка і грамадскага дзеяча малодшы брат увесь час быў духоўна блізкай асобай, аднадумцам. А калі жыцьцёвы і творчы шлях Максіма трагічна абарваўся, Гаўрыла Іванавіч, напэўна, адчуў падвоены цяжар адказнасьці за прамоўленае, надрукаванае слова, за кожны грамадскі ўчынак, адказнасьці перад будучыняй, перад гісторыяй і Усявышнім. Жаданьнем працягваць справу, распачатую братам, якраз і кіраваўся Гаўрыла Іванавіч у сваёй шматграннай навуковай і публіцыстычна-асьветнай працы, што красамоўна дэманструюць матэрыялы кнігі «Выбранае» (2002). Тут фігура Гаўрылы Гарэцкага раскрываецца ня толькі нашмат паўней, але і ў новым ракурсе, менавіта як таленавітага публіцыста-адраджэнца, глыбокага мысьляра, выступленьні якога паводле іх праблемна-сэнсавай скіраванасьці блізкія да публіцыстыкі вялікага Купалы. Сапраўды, услухайцеся ў гэтыя словы:
«Белорус показал неисчерпаемую, огромную мощь своего терпения, усилий, выносливости, неугасаемой надежды в борьбе с этими [прыроднымі. – М.М.] пустынями. И только перед пустыней культурной опустились его руки. Опустились бессильно потому, что он оказался «без языка», он онемел при виде небывалого исторического грабежа своих культурных ценностей братьями-соседями, онемел, когда убедился, что родные сыны его – интеллигенты – покидают свой серый край, чтобы веселее прожить жизнь в «больших городах», насладиться небесами юга, красотами востока, сытостью Сибири, обещаниями и посулами Америки»1. Гэта – фрагмент з уступнага слова Г.Гарэцкага як старшыні праўленьня Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі пры Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі ў 1922 г. Тут жа Г.Гарэцкі ўзьняў пытаньне і пра трагічны лёс трох мільёнаў беларускіх бежанцаў, якіх вайна выгнала з родных мясьці­наў. А калі грымоты аціхлі, дык «белорус остался у разбитого корыта»: «Мир кричал о помощи маленькой Бельгии. А об измученной, истерзанной Белоруссии никто не сказал ни слова. Сама же она всё еще «без языка». Повторилась наша историческая трагедия: народ не смог стать сам себе хозяином» 2. Згаданая прамова – гэта адкрытае перагукваньне з купалаўскімі выступленьнямі 1917-1920 гг., у прыватнасьці, з праграмным артыкулам «Больш самачыннасьці».
А як рашуча, пасьлядоўна і бескампрамісна змагаўся Габрыель Мсьціславец са шматлікімі праявамі русіфікацыі, з бессаромным адмаўленьнем беларусам іх законнага права мець сваю нацыянальную школу. «Господа русификаторы, если вы уважаете Ушинского, — гаворыць Г.Гарэцкі, — то обратите внимание на его слова: «Только на национальной почве может успешно вестись образование»3. І яшчэ ня менш значнае сьцьвярджэньне, якое ў наш час гучыць з асаблівай актуальнасьцю: «Ничем не может быть оправдано запрещение народу говорить на родном языке»4. Жыцьцёвая практыка паказвае, што «запрещение» можа быць ня толькі адкрытае, але мець розныя формы, замаскаваныя, зьдзекліва-вытанчаныя, але небясьпека падобных хітрыкаў для нацыянальнай культуры не зьмяншаецца.
Уводзячы публіцыстыку Г.Гарэцкага ў грамадска-культурны кантэкст эпохі,