12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лявон Неўдах

_____________________
Іду да Бога...
Вершы

Валанцёр

Да шчасьця напрасткі – ўсяго жыцьцё.
Вяртаньні ёсьць – адкуль няма нікога...
Па шчасьце я – ня першы валанцёр
(І ўсьлед за мной іх будзе многа).
Дасьць Бог, знайду я колер слоў,
Каб напісаць партрэт Радзімы новы –
На тых,
Што ёсьць,
Зрудзела кроў,
Яны пужаюць позіркам суровым.

Красы нябачанай – свабодных дум паток
Ня вытрымае бераг мовы кніжнай.
Любіць Радзіму лепей мо здалёк
(Лацьвей з Нью-Ёрку, Бону ці Парыжу),
Ды я, дзівак, у неба ўпарта йду.
Хоць ведаю дакладна, што сарвуся
І на Палесьсе зоркай упаду –
На Беларусь вярнуся.

Дай адпачыць ля ног тваіх, Дзьвіна,
Цябе я ведаю глыбокаю і мелкай,
Калі хацеў дастаць я твайго дна,
Ты хваляй гладзіла мае кудзеркі.
Дай трошкі сілы –
камяні сабраць –
З усіх шляхоў зьняважанай дзяржавы,
Дзе процьма здольных боскае караць,
Дзе мноства прагных д’ябальскае ўславіць...
Дай адпачыць ля ног тваіх, Дзьвіна,
Да шчасьця напрасткі –
ў жыцьцё дарога,
Іду да Бога...


На сонцы

Генадзю Бураўкіну

Прыдзьвінская восень –
як наша жыцьцё.
Ці ж боскае гэта тварэньне?
У неба,
дзе ўлетку,
шумела лісьцё,
Глыбока ўраслося карэньне.

Я доўга шукаў тут
натхненьня зару
Па полацкіх даўніх прыкметах
І думаў:
вось фарбы да слоў падбяру –
І стану найлепшым паэтам.

Што вырасьце з неба,
дзе халады,
У нашай зямельцы? Дарэчы,
У нетрах і сонца...
Справодзяць туды –
Ляжыцца там рыхтык на печы.
Халодны агонь
ападае наўскос –
І ў неба ўрастае карэньне.
Прыдзьвінская восень...
Няўжо гэта лёс,
Паэзіі блаславеньне?..


Стод

Апоўначы яе ня стала,
Калі сьвет лёг спачыць ад тлуму.
Памерла восень...
Не хавалі,
І я ўсю ноч пра вечнасьць думаў.

Я думаў пра нябесныя шляхі,
Бо шлях зямны мне ўжо абрыдзеў:
На ім вайна, балююць злыдні,
І я — з такіх.

І я таксама Восень катаваў,
Шматкроць сваім радком зьняславіў,
Ня каяўся – і стодам стаў
Прад веліччу яе адвечнай славы.

Я ўрос па сэрца ў родную зямлю,
Каб распусьціцца кветкай сьмерці...
...Калі пачуеце, што Беларусь люблю, —
Паверце!


Чужая восень

Пачатак верасьню, упартыя дажджы –
Як з жонкаю сварліваю – нязносна.
Як мне далей у гэтым сьвеце жыць?
Чужая Восень!
Ці ж я такіх залеваў заслужыў?!
А парасонам крыху захінуся –
Ні жорава, які між хмар кружыў,
Ні Беларусі...
Душу і тую – быццам нехта скраў...
Жыву-кручуся ў сьне-калейдаскопе...
Прачнуся – навакол біблейскі рай –
Сярод Еўропы!

Шкло

Трыпціх

І
Я ў доме сам. Выходзяць вокны ў сад.
А там, за шклом, дзівоснае здарэньне:
Там дрэвы гойдаюцца,
толькі не шумяць,
Там пчолы лётаюць,
ды не чуваць гудзеньня.
Там дзеі дзеюцца, нібы ў нямым кіно:
Вось жонка «ружы поліць,
белы ручкі коліць...»
Нібы аглухлы, я гляджу ў акно,
Такі зьнямоглы я ня быў ніколі.
Я мог дастаць з вышыняў
Зорны
Коўш,
Каб піць натхненьне залатога неба.
Ды ці патрэбна сёньня прыгажосьць,
Калі Радзіме воля не патрэбна?

ІІ
У садзе дом.У вокнах дома – шкло.
А там, за шклом, містэрыя нямая:
Сядзіць над аркушам пісьменьнік за сталом
І рот бязгучна-сьмешна разяўляе.
І не уцяміць: ці сьпявае штось,
Ці Богу скардзіцца, бядак, дарэмна –
Ён мог дастаць з нябёсаў
Зорны
Коўш,
Ды прыгажосць сягоньня не патрэбна.
Ня хочуць покуль людзі зорнасьць піць.
Ці не умеюць? Коўш для іх вісіць...

ІІІ
Юдоляй зьнічкі стаў халодны глыж.
Патухлых зорак шмат на Беларусі.
І б’ецца цела аб нацельны крыж,
І гойдае расьпятага Ісуса.
Ля дома на траве нябесны глыж ляжыць...
Ці расчыніць акно, ці лепш яго разьбіць?..