12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Дзень стварэньня.
Вершы

КАЛІ ПІСАЦЬ
Ларысе Геніюш
На вуліцы Царкоўнай пасяліцца
Напроць царквы, каб блізка – памаліцца,
Хоць Бог паўсюль… А дзе яго няма –
Царква не дапаможа. Там турма.

Там – чорная на белым – Варкута,
Кругоў Гулагу драцяная повязь,
Сьнягоў вечнанямая мерзлата,
Цьвіком на ёй надрапаная Споведзь.

Там – над зямным – нябесны храм паўстаў
Гатычным, кіпарысавым абрысам,
І ў ім ня служка Божы спавядаў,
А сам Гасподзь – пакутніцу Ларысу.
«Ты даў мне, Божа, волю і турму,
Я прыняла… і ўсё прыму, што будзе», –
Яна казала аднаму Яму,
Каб праз Яго хоць нешта ўчулі людзі.

Хай сьвет людскі сам ад сябе аглух,
Няхай ніхто нікога ўжо ня чуе, —
А Бог пачуў…
І пасьцяліў ёй пух
На тых аблоках, дзе яна начуе.

Хай сьпіць, хай сьпіць… — і сьніць сябе царквой,
І Зэльваю, што патанае ў бэзе,
І – чорнаю на белым – Варкутой
З чырвонымі пісьмёнамі на сьнезе.

Хай сьпіць, хай сьпіць… Як немагчыма жыць,
Яна жыла – і Бог па ёй заплакаў…
На тых нябёсах, дзе яна ляжыць,
Крыж, воблакі чапляючы, надрапаў:

Калі пісаць, дык толькі так пісаць,
Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,
Як з вены ў вену кроў пераліваць…
Пісаць, як спавядацца і маліцца.

6.08.2005. Зэльва.

* * *
Азірацца на дыму клубы,
На царкву, над якой галубы
Дзіры ў небе працёрлі, —
І вяртацца ў былое, нібы
Набівацца ў сяброўства да мёртвых.


* * *
На зьмярканьні, на зьмярканьні
Заставальнік заставальны,
На сьвітаньні, на сьвітаньні
Разьвітальнік разьвітальны,

З ямы ў яму, з вежы ў вежу
Перабежчык перабежны,
Перабегам прыналежу,
Сам сабе не прыналежны…
* * *
Я забыўся, як ты выглядаеш,
Калі кубак кавы падымаеш,
Калі ставіш кубак, ледзь адпіўшы…
Што ж мне помніць, гэткае забыўшы?


* * *
Вяртацца на Радзіму — ды куды?!.
Нікуды ўжо. Палёту дзьве гадзіны.
Агні па нізе. Вёскі, гарады —
Як тут, як там… Нідзе няма Радзімы.


* * *
Сьпявае маці – я ня чую слоў…
Вятрыскамі да нашых вокнаў зноў
Прыбіла ліст кляновы — пра любоў,
Прыбіла ліст дубовы — пра журбу,
Рабіны ліст прыбіла – пра вайну.


* * *
Пабілі — а цаной? —
Батыя і Мамая…
Вунь шабелька крывая
Пад скошанай сьцяной.


* * *
Прачнуўся! Што ж я сьніў? –
Аж страх прабіў да пят!..
Па браце галасіў.
Мне не гукнуўся брат.


* * *
Ані царквы ў крыжох,
Ані хаціны боскай…
Так і жывуць удвох:
Богам забытая вёска,
Вёскай забыты Бог.


* * *
Бліжэй за ўсіх да Боскага суда
Паселены ў нябёсах сьпеў птушыны,
А да зямлі, да камянёў і гліны
Бліжэй за ўсіх паселена вада.

Я сьпевам быў — і з рознаю брыдою
Сьпяваў штодня, а ў роспачнай начы
І сьніў ваду, і быць хацеў вадою,
Па гліне плыць, па камянях цячы…


* * *
Гарыць агонь за камянём.
Цямнее камень за агнём.
Даўно на месцы тым
Мы з двух бакоў стаім.


* * *
Ішлі адсюль туды —
Нікуды не дайшлі…
Дзе людзям — край зямлі,
Там рыбам — край вады.


ПІРАТЫ
І дзень, падараваны на зямлі,
І ноч, падараваная ў нябёсах,
За небасхіл сплылі, як караблі,
Сьпякотны сум пакінуўшы ў матросах,
Што падымалі ветразі на іх
І ў шале страсьці кіравалі ў хвалі,
І так былі шчасьлівыя ў той міг,
Як ні раней, ні потым не бывалі,
Бо ні раней, ні потым не плылі,
Не баючыся, каб не патапілі,
Забыўшыся зусім, што караблі
Яны, нібы піраты, захапілі,
І ўжо сьпяшаць эскадры наўздагон,
І ставяцца ва ўсіх марах мярэжы,
Каб спраўдзіць справядлівасьці закон,
Ва ўсім пакласьці рубяжы і межы,
Каб тых дваіх злавіць, вярнуць да ўсіх,
Вяроўкамі спавіць, парваўшы снасьці,
На ўсіх пароўну падзяліць той міг,
Што двое ў страсьці рызыкнулі ўкрасьці, —

Але пакуль шчасьлівых не знайшлі,
Схаваных недзе на Галапагосах,
Ім дзень падараваны на зямлі,
Ім ноч падараваная ў нябёсах.


* * *
Тым часам, як час прабягае,
Пытаюся з часам сам-насам:
«Скажы мне, мая дарагая,
Ці ты не самоцішся часам
Па часе, які пралятае,
Як пыл залаты скрозь праменьні,
Скрозь сны нашы, мары, трызьненьні,
Скрозь тое, што назвы ня мае?..»


АРФА
Яна на арфе ў маладосьці грала...
У шапіку цяпер (каля вакзала)
Гандлюе цацкамі... Я самалёцік «ЯК»
Купляю і пытаюся: «Ну як
Жывеш?..»
(Яна): «Ды ўсяк бывала...
Перажыла...»

(Сям’я... І муж байбак
І п’яніца... І дзеці...)
— Колькі?
— Двое.

Ды нешта ў ёй скразное, незямное,
Як арфы гук!..
— Ты знакаміты стаў...
Я не чакала...
— Сам я не чакаў...
Шыкоўна выглядаеш...
— Што ты!.. Што ты!..

Па ўсёй размове...
Соль... До, рэ... Фа, мі...
Глядзім у неба. Бачым самалёты,
Хоць там ляцяць анёлы з арфамі.


* * *
Стогадовай габрэйцы на «ІЛы»
Хоць куды, каб памерці хутчэй.
І габрэй не адводзіць вачэй,
Смутных, быццам занесеных ілам,
І на позірк мой кажа габрэй:
«Перавозім жывыя магілы”.


КУРСКАЯ ДУГА
Трагедыя расейскай субмарыны...
«Як гэта так?..» — дапытваюцца фіны,
Нібыта я расейскі адмірал...

Яшчэ жыве, як здань, Саюз адзіны,
Яго легенды і яго быліны,
І доўжыцца жахлівы серыял.

Хай рухнуў Рым — стаяць яго руіны:
Афганістан, Чачня, Чарнобыль... Міны
Раскіданы сярод пяскоў і скал.
Імперыя ўсё шчэрыць зуб зьвярыны —
І на шляху расейскай субмарыны
Паўсюль яе скарожаны метал.

Сьмерць не страсеш, як страшны сон з пярыны...
Як рускаму, мне спачуваюць фіны,
І ўсюды клін — куды сябе ні кінь...

За маракоў расейскай субмарыны
Памолімся. Ва ўсіх нас Бог адзіны —
Амінь.


* * *
Ува ўсім, што ёсьць, было і будзе —
Ані ў чым цябе магло ня быць.
Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе:
У неверагодным цудзе
Жыць.

* * *
Я сад жыцьця люблю!.. Хаця,
Калі падумаю,
Дык гэты сад жыцьця
З аднымі дулямі...


* * *
Якія ні ёсьць – мы ня тыя.
Пустыя, як храм без Хрыста,
Мы носім крыжы залатыя —
І нашы абдымкі пустыя
Пусьцейшыя, чым пустата.


* * *
Нарадзіўся, піў ды еў,
Ладкаваў жытло...
А пакуль паразумнеў,
Дык жыцьцё прайшло.


ШЛЮБ
«Тое будзе вашым,
Што належыць вам».
Поп з вясельнай чашы
Першы выпіў сам.
«Бласлаўляю. З Богам.
Згоды вам з дабром».
Да царквы над логам
Пракаціўся гром.
«Добрая прыкмета.
Нас пачуў Гасподзь».

У жыцьці хоць гэта,
Гэтакае хоць.


МАСТЫ
Левыя і Правыя Масты.
Сонны Нёман вусьцішна пусты.
І трымціць апошнімі лістамі
Стомленая восень над Мастамі.

Я прайду на Правыя Масты.
Нешта з Левых пракрычыш мне ты.
Птушку таямнічую, начную,
Я не распазнаю, не пачую.

Цераз Нёман, поўны цемнаты,
Рынуся на Левыя Масты.
І няўцямна, як вада на дне,
Нешта з Правых пракрычыш ты мне.

Я спытаю: «Ты ня там жывеш,
Скуль падманны голас падаеш?..»
І тады гукнешся з двух бакоў,
З двух-абодвух цёмных берагоў.


ІНФАНТА
Яна ні там, ні тут, яна адгэтуль воддаль,
Бо брошкай на плячы апалены спарыш,
Бо ў рыцарскім баі загінулі абодва:
І рыцар — Белы Крыж,
І рыцар — Чорны Крыж.

Яна ні з тым, ні з тым, бо страціла абраных,
Бо іх на люты бой заклікала сама!..
Цяпер, калі няма ніводнага з каханых,
Ёй выбіраць паміж
Нялюбымі двума.

Сыйшліся ўжо яны ў турніры тэатральным —
Драўляныя шчыты, драўляныя мячы:
Як сьмешна, Божа мой!
Нібыта знак астральны,
Апалены спарыш
Дыміцца на плячы.

Усьмешкі матылёк прыкрыў апёк балючы,
Ня ўбачаць боль яе ні ў лахманах рабы,
Ні рыцары ў плашчах, падобных на анучы,
Што б’юцца за яе —
Пярэсты і Рабы.

Пярэсты перамог! Зламаўся меч Рабога! —
Як сьмешна, Божа мой!.. Яна цалуе крыж
На вернасьць аднаму, прымроіўшы другога...
Дыміцца на плячы
Апалены спарыш.


З ДРАНЬКО-МАЙСЮКА
Там, дзе ўжо ноч, там сьпяць, альбо крадуцца
Да куртызанак, што таксама сьпяць,
Укрытыя пялёсткамі настурцый,
І матылькі ў альковы іх ляцяць,
Каб кветкі пацалункаў рассыпаць
На губы палюбоўнікаў, на вочы,
На грудзі, што, як сьвечкі дзьве, гараць
І паляць крыльцы матыльковай ночы...

Пад страсны шэпт спалёных бліскавіц
Сусьвет начны ў любоўным ложку тоне...
Так у часы і сьвечак, і газьніц
Было
і засталося пры неоне,
І будзе, я ня ведаю, пры чым?..
Таксама, як ня ведаю прычын,
Каб не аддаць — хай з кім заўгодна ў змове! —
Усё, што ёсьць — за ноч адну ў алькове...


ХІХ СТАГОДДЗЕ

Чытала — і кусала
Сьцябліначку, рамонак…
Адклала — і рамонак
Бялеў паміж старонак.


* * *
Адно што пыл ад кніг!..
Іх удыхаеш, потым
Ты выдыхаеш іх
Набітым пылам ротам.


ЛІТАРАТУРА
Лістоту вецер круціць калаўротам.
Ня сёньня-заўтра замяце зіма.
Каб дворнік мёў, дык меў бы ён работы!
Але даўно ў нас дворніка няма.

З вакон у двор сіротна паглядае
Забытага пісьменьніка ўдава;
Яна сама яго ўжо не чытае,
Сівая і сьляпая, як сава.

Я вывучаў яго раманы ў школе...
І хоць ніколі не чытаў знава,
Усё ж зьмятаю лісьце мімаволі
З-пад вокнаў, дзе сіроціцца ўдава.


ЗГАДКА ПРА БАМ
Ува мне, нібыта ў снах фанатыка,
Будучыні велічнай каркасы...
Сацыяльна значная тэматыка —
Міма касы.

Што ж, бывай, былое. Так здараецца.
Зьмена вех. Па сем разоў на тыдні.

А душа ніяк не разьвітаецца
З рэйкамі з’інелымі нараніцы,
Са сьвітальнай хустачкаю Тынды.


ЗЛОМАК
Запытала са зла,
Бо
Так трываць не магла
Больш.

«Ты жывеш, дарагі,
Як?
Ці мае пірагі
Ў смак?

Пры маім ты баку
Лёг,
Так ня жыў на вяку
Бог.

Зарабіў бы ты хоць
Грош,
Ці цягнуць за аброць?..»

— Што ж... —

І блыхой дарагі
Скок
Праз пупок пад другі
Бок.


ПІЯНЕРСКАЕ ПРЫВІТАНЬНЕ
Дзякуем лідэру нацыі
За электрычнасьць і газ,
За эпахальную працу
Нацыі
На ўнітаз.


* * *
Ідэй сусьветнай перамогі
Яшчэ хапае, балазе
Вужака звужанай дарогі
Паўзе й паўзе…


* * *
Ён кажа: “Браце мой, туга!
Абрыдла мне свабода!..
Мне не хапае лунцуга,
Намазанага мёдам”.


* * *
Пакліч таго, каго ніхто ня кліча,
Каб ён парушыў завядзёнку, звычай,
Каб закрычалі ўсе да аднаго:
«Які вар’ят наслаў на нас яго?!.»


* * *
Здрабнела, згоркла, парадзела
Усё, на што я меў спадзеў…
Жыцьцё мяне не даглядзела,
Ці я яго не даглядзеў?

ДЗЕНЬ СТВАРЭНЬНЯ
На сёмы дзень Бог адпачыў спаўна,
Каб сіл набрацца на рашучы ўчынак,
І ў восьмы дзень Ён сьмерць стварыў —
Яна
Задумана, як вечны адпачынак.


НАДПІС НА КІНЖАЛЕ
Воўк нараджаецца ваўком,
Каб быць ваўком, а не шакалам.
Калі ты цар — дык будзь царом.
Калі кінжал — дык будзь кінжалам.


ЧАРВЯК
Расьсечаны чарвяк
Змагаецца з зямлёю,
Як не адзін, а двое…

Усё маё ніяк
Ня зьвязана са мною.


МУРАШ
Задраўшы галаву,
Падскочыш: “Я жыву!..”

Нахілішся — і бачыш,
На кім жывеш і скачаш.


КАЛЯДЫ
Уступ да паэмы*

1
У ноч калядную я не прыспаў вачэй.
Каляды маладзік кавалі ўсё танчэй,
Ноч зьнемагала — і займаўся золак
На зьмену ёй, каб патушыць хутчэй
Нясьцерпнае сьвятло каляных зорак.
Нясьцерпнае сьвятло каляных зорак
На шкле аконным макамі цьвіло,
А за акном, адкуль сьвятло плыло,
Да шыбін прыпадаў марозны морак
І ледзяныя губы грэў аб шкло.

Ён ледзяныя губы грэў аб шкло
І дыхаў так, што выстывала хата,
І на мяне глядзеў, як брат на брата,
Якога ў нас абодвух не было...
У морака ў вачах стаяла страта.

У морака ў вачах стаяла страта,
І распускаўся ў страце белы мак,
Як іерогліф, як магічны знак,
І мне ўсьміхаўся морак вінавата,
Бо я той знак не разумеў ніяк.

Так, я той знак не разумеў ніяк,
Таму чакаў падказу ці парады,
Варажбіту каляднаму ня рады,
Бо нават пернік макавы ня ў смак,
Калі варожыць морак на каляды.

Калі варожыць морак на каляды
Са стратаю прарочаю ў вачах —
У хаце страх клубіцца па кутах,
І шчэрацца з кутоў зьвяры і гады,
І ў іх вачах таксама страты страх.

Ва ўсіх і ўсім клубіцца страты страх,
Мы ім глядзім адзін адному ў вочы...
І прагнучы спасьцігнуць знак прарочы,
Я ўсёй крывёй адчуў паганскі пах
Спрадвечнай варажбы каляднай ночы.

2
Паганскае гаданьне на каляды
Мне звыклае з малечае пары,
Калі са стромай Юравай гары
Каціліся па сьнезе зарапады
Сьлядамі, што пакінулі зьвяры.

Сьлядамі, што пакінулі зьвяры,
Крадземся мы, прыйшоўшы за зьвярамі
У гэты сьвет, каб ладзіць тут піры,
Зьвяроў назабіваўшы, і ўгары
Дым ад кастроў — і зорны дым над намі.

Дым ад кастроў і зорны дым над намі
Зьліваюцца ў адно, і ў тым адным
Нас, летуценных, нас, сасьнёных снамі,
Не аддзяліць ад тых, хто ёсьць мы самі,
І не адрозьніць, як ад дыму дым.

Нас не адрозьніць, як ад дыму дым,
Жанчын, мужчын, старога з маладым,
Калі сарваць апраткі, зьдзерці маскі,
Саскрэбсьці з твараў скамянелы грым...
Ды гэткі жах не для каляднай казкі.

Мы апранемся для каляднай казкі
У нашы скуры, футры — і з усёй
Зьвярынай зграяй, кожны са сваёй,
Зноў зьявімся на сьвеце з Боскай ласкі,
Хто воўкам, хто лісіцай, хто зьмяёй...

Хто, воўкам, хто лісіцай, хто зьмяёй —
Мы сыйдземся, наладзім пір зьвярыны,
На дываны паляжам, на пярыны,
І тых, хто над, і тых, хто пад зямлёй,
Не абмінем, далучым да сябрыны.

Не абмінем, далучым да сябрыны
Жукоў сьмярдзючых, гнойных чарвякоў,
Каб грызьлі косьці і смакталі кроў,
Салодкай чалавечай сьвежаніны
Пасмакавалі на піры зьвяроў…