12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Армагедон. Драматычная паэма. (Пачатак)


Ад аўтара

Ёсць у мяне сябар, драматург, ён мне сказаў: “Ты ніколі не напішаш п’есу. Усе свае п’есы ты пражыў у жыцці”.
Ён так і сказаў: “Пражыў у жыцці”.
Раптам я адчуў, што не згодны з ім: не ўсе, не пражыў… І напісаў п’есу.
Магчыма, я напісаў не п’есу, не ведаю: раней я не зай­маўся драматургіяй. А калі й займаўся, дык выпадкова. Пе­ракладаў, праўда. Шэкспіра, Лопэ дэ Вэгу, яшчэ некага… Таму ўсё ж будзем лічыць, што гэта п’еса. Вершаваная. А ў вершах галоўнае — тэмп і рытм.
Каб да гэтага болей не вяртацца, вы ўжо, калі ласка, запомніце: тэмп і рытм. Дакладныя паўзы. Моцныя і слабыя долі, іх чаргаванне. Тое, з чаго ўзнікае інтанацыя. То бок, тое, з чаго ўзнікае не толькі мастацтва, а ўсё: мора, маланка, птушка, жанчына. Як мінімум, у нашай свядомасці.
Я доўга думаў, пра што напісаць п’есу — і не прыдумаў, пра што… Таму напісаў пра ўсё, што можа стацца з чалавекам. І не толькі тады, пакуль чалавек жывы, але і тады, калі ён мёртвы.
З п’есы вынікае, што смерці не бывае. Хоць завяршаецца п’еса канцом свету.
Гэтая супярэчнасць і ёсць аснова быцця. На ёй і стаіць, хістаючыся, свет.
Яшчэ адна супярэчнасць — хоць не такая істотная: я не хацеў называць п’есу “Армагедон”. Яна сама так назвалася.
П’еса гэтая не пра Захад і Ўсход, не пра габрэяў і славянаў, не пра палітыку, а ўжо тым больш не пра дыктатуру. Гэта так, драбяза… Чапляеш па паверхні — дзе і што бліжэй ляжыць. Але тое, што ў п’есе прысутнічае тэма вар’яцтва, ненармальнасці не толькі дыктатуры, але й любой улады, усялякага гвалту — так.
З п’есы вынікае, што той, хто згвалціў, забіў — не герой. Хто б яго ні называў героем.
Мне было гадоў дзесяць, калі я злавіў і забіў котку. Яна жыла ў свіране, бяздомная. Я забіў яе, узяўшы за заднія лапы — галавой аб бетонны слуп. Доўга, размахваючыся, я біў і біў каціным целам аб бетон, у коткі г а л а в ы ўжо не было, а я ўсё лупіў, лупіў і лупіў!..
Агрэсію, калі ўжо яна ўзнікае, немагчыма кантраляваць — і ў ёй ёсць асалода. Таму ніколі не будзе апошняга дыктатара, за апошнім абавязкова з’явіцца наступны.
Дамы з таварыства аховы жывёлін маюць поўнае права глядзець на мяне грэбліва. Можа быць, я хоць неяк перад імі апраўдаюся, калі паклянуся, што нікога, апроч той коткі, за ўсё сваё жыццё не загубіў. Апроч рыбіны, срабрыстай сёмгі, якую вылавіў я ў рацэ Умбе на Кольскай паўвыспе. Але ж лоўля рыбы — не забойства, не грэх... Рыбакамі былі двое апосталаў: Андрэй і Пётра. Ці нават чацвёра, калі ўлічыць Яна і Якава, якія пачынялі сеці свае… І Гасподзь карміў хлебам і рыбай.
Забіўшы котку, я адразу ж захварэў. Цяжка. Два тыдні я па вачах доктара бачыў: ён думае, што я памру. Але я не памёр.
Маці малілася за ўратаванне маёй душы, а пасля, калі я ачуняў, павяла і мяне маліцца. Дзякаваць Богу за тое, што пакінуў мяне жывым.
Я спытаў папа, ці можна памаліцца за ўратаванне душы коткі?.. Поп сказаў, што нельга.
Чаму? У коткі няма душы?.. Але як мы можам пра тое ведаць?
Гэтая котка пераследуе мяне. Я спрабаваў забіць яе другім разам, у памяці — не выйшла. Я змусіў забіць яе аднаго з маіх літаратурных герояў — не дапамагло. Я ўспамінаю і ўспамінаю яе, пра яе думаю, яна мне сніцца. Прычым, кожнага разу сніцца розная: белая, чорная, рудая, у плямы — я не магу згадаць, якога тая, рэальная, забітая мной котка, была колеру? І такое адчуванне, нібы забіў я не адну, а дзесяткі, сотні, тысячы котак…
Начытаўшыся кніг па псіхалогіі, я разумею, адкуль яна — мая забітая кот­ка. Але тое, што я гэта разумею, ніяк мяне не ратуе. І кожнага разу, калі я пазбаўляюся чарговай, белай ці чорнай, коткі, я з жахам думаю: а калі б я ча­лавека забіў?.. Белага ці чорнага…
Я ўдзячны Богу за тое, што не паслаў Ён мяне на вайну, не стварыў варункаў, у якіх я мог бы — ці павінен быў бы — забіць. У дадзеным выпадку ў тым жа самым дзеяслове «забіць» зусім іншы — вы адчуваеце? — сэнс. Можа быць, той коткай Бог мяне ад гэтага перасцярог? Хаця наўрад ці, наўрад ці… Тут нешта іншае.
Калі вы бачыце… ну, скажам, у кіно, як галоўны герой, апантаны помстай, забівае, знішчае забойцу свайго брата, сваёй жонкі ці дзіцяці — вы пра што думаеце? Пра тое, што ён парушае закон? Як чалавечы, гэтак і боскі? І ў вас якое адчуванне? Жаху?.. Не. У вас адчуванне спраўджанай справядлівасці! І выкліканае, народжанае яно ў душы вашай не Богам, не Богам…
У коткі няма душы — і Бог на зямлі не жыве?..
У дзяцінстве, ранкам прачнуўшыся, я амаль заўсёды знаходзіў свае чаравікі— кожны паасобку — у розных кутах. Дзед казаў: “З табой дамавік гуляе”. Хоць ведаў, што звычка ў мяне такая: кідаць, кладучыся, чаравікі абы куды. І прыкмета аднекуль узялася: крочыць адным чаравіку — скарачаць зямны шлях маці. Колькі крокаў ступіў — на столькі дзён скараціў. Таму, абуўшы адзін чаравік, я скакаў да другога на адной назе, але колькі я на адной назе ні скакаў— маці ўсё адно памерла.
Мы не можам ніяк, нічога і нікога ўратаваць?..
Хіба нельга было ўзяць адзін чаравік і басанож падыйсці да другога?.. Можна было. Але такое простае вырашэнне праблемы жыцця і смерці ніводнага разу не прыйшло мне ў галаву.
Найпростае мы ўскладняем — і ў тым таксама супярэчнасць.
Апроч сябра-драматурга, ёсць у мяне яшчэ адзін сябар, паэт. Мы з ім садзілі лес у Чарнобыльскай зоне, каб пыл не лятаў, каб зратаваць жывую, тую, якая побач, зямлю. Мы садзілі малады лес у працяг старога, з якога выскачыў аднойчы заяц-мутант — і перабег у лес малады. У яго не было дзвюх галоў, не, але ён быў вялізны, сіне-белы — і за ім цянуўся сіне-белы, нібы фасфарычныя, след…
Нельга, аказалася, працягнуць лес, не працягнуўшы тое, што ў ім. Усё адно ў адным.
Калі я пасадзіў маладую сасонку побач са старой, мне здалося, што старая нахілілася і пагладзіла яе.
Ноччу я падышоў да той векавой сасны… Стаяў і заклінаў яе падаць мне знак, што яна жывая, што можа абараніць, зратаваць.
Дрэва пагладзіла мяне па спіне. Я папрасіў, здранцвеўшы: “Яшчэ раз…” — і дрэва пагладзіла яшчэ раз. Я падумаў, што вецер, але ніжнія галіны сасны былі куды вышэй за маю галаву, куды вышэй…
З п’есы вынікае, што ў коткі ёсць душа — і дрэва не мёртвае.
У той жа аповесці, дзе я змусіў аднаго з персанажаў забіць котку, другі персанаж доўга яе даганяе, каб пагладзіць. Не забіць, не ўдарыць — пагладзіць…
П’еса пра банальнае: пра тое, што кожнаму хочацца, каб яго пагладзілі. Абаранілі, зратавалі. Але вельмі цяжка пра такое папрасіць: дранцвееш.
П’еса — пра няўтульнасць свету. Пра дысгармонію. Пра бессэнсэўнасць, якая не патрабуе сэнсу — і таму неверагодна складана сэнс знайсці.
У п’есе я не знайшоў яго — у выніку. Але ён бачыўся мне, калі я пісаў п’есу. Сэнс быў у тым, каб п’есу напісаць.
З п’есы вынікае, што сэнс жыцця ў тым, каб жыць. І не трэба баяцца гэтай банальнасці.
Я не толькі ў жыцці, але і ў літаратуры банальны. З усіх накірункаў мастацтва мне найбліжэй сентыменталізм, з усіж жанраў — меладрама. І абавязкова такая, каб быў happy end. Таму ў адным з варыянтаў п’есы я паспрабаваў прыдумаць happy end, вярнуўшы з таго свету на гэты памерлую дачку, Кацю, але яна не захацела вяртацца. І ў тым не мая віна. Гэта жывога можна змусіць зрабіць тое, чаго ён не хоча рабіць, а мёртвага — не.
Іншым разам я думаю, што добра быць мёртвым. Толькі неяк так хітра мёртвым: нібы мёртвым — нібы не. Каб насамрэч быць жывым.
У школе я быў закаханы ў дзяўчынку, яе імя было падобнае на кветку. Яна жыла ў ваенным гарадку — і там, на стадыёне, знайшла з сяброўкай міну. Міну сцягнулі прапары з вайсковага складу — рыбу глушыць. І, п’яныя, згубілі. Міна была плоская і круглая, як дыск, сяброўкі сталі гуляць з ёй, качаць — і яна выбухнула.
Дык вось я ніяк тады не мог уцяміць, што тая дзяўчынка — мёртвая. Ведаць-то ведаў, але не разумеў. І цяпер не разумею.
А пра сяброўку яе і ведаў, і разумеў: мёртвая.
Як жа так?..
Непадалёку ад вайсковай часці, дзе стаялі ў шахтах нацэленыя на Амерыку ракеты, быў хутар. І пра шахты, і пра ракеты, і пра тое, куды яны нацэленыя, ведалі ўсе. І тым не менш — яшчэ адна супярэчнасць — гэта было найвялікшым дзяржаўным сакрэтам.
На хутары жыла ўдава Дурэйчыха з прыдуркаватай дачкой Зінай. Я меў бінокль — і глядзеў з лазняку каля рэчкі, як прыходзілі салдаты і гвалцілі Зіну. Яны давалі Зіне пернікі — і Зіна іх грызла; салдаты яе гвалцілі, а яна грызла пернікі.
Салдат, маладых, было многа, адной Зіны ім не хапала — і яны гвалцілі яшчэ й казу Дурэйчыхі. Калі ў казы здараўся перапынак, яна адыходзіла і пашчыпвала траву.
Зіна запівала пернікі казіным малаком. Яно сцякала з падбародка на грудзі, салдаты рабілі выгляд, нібы дояць Зіну — і смяяліся.
Потым прыходзіла Дурэйчыха, якой салдаты баяліся — і збягалі.
Чаму яны, салдаты, баяліся Дурэйчыхі?.. Яна была старая і нядужная.
Маім першым школьным настаўнікам быў габрэй з прозвішчам Цукерман. Ён не мог быць старым і нядужным, ягоны малодшы сын сядзеў са мной у школе за адной партай, але чамусьці запомніўся мне мой першы настаўнік старым і нядужным. Жонка ягоная са старэйшым сынам з’ехалі ў Ізраіль, дзе пачалася вайна, дзе старэйшага сына забралі ў армію — і на вайне забілі.
Як вы думаеце: што зрабіў мой настаўнік?.. Ён з малодшым сынам з’ехаў у Ізраіль, дзе зноў пачалася вайна, дзе малодшага сына забралі ў армію — і на вайне забілі.
Я праводзіў іх, калі яны з’язджалі… Рабіць гэтага было н е л ь г а, але малодшы сын Цукермана быў маім сябрам, і я спытаў яго, развітваючыся: “Ты хочаш, каб цябе забілі? За нешта чужое на чужой зямлі…” І сябар мой адказаў: “Так габрэям трэба…”
Можа быць, я не ведаю… Але чаму?
Калі я пісаў п’есу, дык, каб перадыхнуць, пераключыцца на нешта іншае, даволі шмат чытаў. І вось што вычытаў у Канфуцыя.
У яго, у Канфуцыя, нібыта спыталі:
“Ці можна дазнацца, што было раней за неба і зямлю?”
“Можна, — нібыта адказаў Канфуцый. — Раней было тое самае, што й цяпер”.
П’есу (а дакладней: першы яе варыянт) пісаў я ў Фінляндыі, у Хельсінкі. Некаторыя сцэны напісаліся ў Стакгольме і на пароме. Паміж Хельсінкі і Стакгольмам — Батнічная затока, па якой ходзіць паром. Ён вельмі зручны, бо йдзе пераважна ўначы: спіш — і плывеш.
Мы спім і плывем.
У Стакгольме я спаткаў зямлячку: Рэню, Рэгіну… На пароме яна прыснілася мне медсястрой.
Калі Рэгіна сыходзіла, яна сказала ў дзвярах: “Не крыўдуй…” Нібы яна сыходзіць не таму, што я так хачу, а насуперак маёй волі. Тым самым яна змяніла не толькі фінал, а ўсю нашу гісторыю ад самага пачатку.
Вось што значыць сказаць нейкія словы якраз тады, калі іх трэба сказаць. Хай самыя банальныя, але ў час і ў найадпаведнай для іх сітуацыі… У жыцці гэта — мудрасць, у літаратуры — талент. Ці, калі заўгодна, прафесіяналізм. Майстэрства.
У мяне ёсць яшчэ адзін сябар-паэт, фінскі. У яго кепскі характар, праз які ад яго сыходзяць жанчыны, але ён упарты ў перакананні, што гэта ён сыходзіць ад іх, і кажа ў дзвярах: “Не крыўдуй…”
Бачыце: усё тое самае — і ўсё рознае. Хоць для сусвету, для неба і зямлі, для Канфуцыя не мае значэння, хто ў дзвярах — і што ён кажа.
Не цяжка заўважыць, што ў п’есе як бы некалькі магчымых фіналаў — і самыя нецярплівыя могуць прыйсці да аднаго з іх яшчэ ў першай дзеі. Тады можа атрымацца спектакль пра гаротнага бацьку. Калі ж трохі патрываць, працягнуць да сцэны ўваскрасення Дачкі, тады можа быць спектакль пра бацьку шчаслівага. Канешне, шчаслівага ў тым выпадку, калі Дачка зноў захоча ў гэтым свеце жыць.
Спектакль з такім фіналам маглі б паставіць амерыканцы.
Амерыканцы надта сентыментальныя, надта... Амаль як немцы.
Калі я пакідаў Фінляндыю, амерыканцы з немцамі запрашалі мяне жыць у іх, застацца назусім… Я казаў, што не магу назаўсёды пакінуць радзіму, бо там у мяне ўсе, каго люблю — і амерыканцы з немцамі мяне разумелі.
Самае дзіўнае ў свеце для мяне тое, што нехта некага яшчэ здольны разумець. Бадай, гэта найлепшае, што можа стацца паміж намі.

АРМАГЕДОН
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Насельнікі гэтага свету:
А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
Б е з Д ы я г н а з у
П с і х

Насельнікі таго свету:
А р м а г а д о н
А м а р г а д о н
М а л о д ш ы Б р а т
Д а ч к а
Г а н е ц

Персанал шпіталю:
Д о к т а р
С я с т р а

Падвойныя персанажы:
Г а л а в а
П у с т ы
Я н а

Рэчы:
Т э л е в і з а р
Т у м б а ч к а
Г а н д о н
Л і х т а р ы к

Міты:
Б э н Л а д э н
К Г Б
С а н т э х н і к

Стан:
Д у ш а

З’ява:
Г а н е ц

“13 І ўбачыў я, як з роту дракона і з роту звера, і з роту ілжэпрарока
тры духі нячыстых выходзяць, падобныя жабам:
14 гэта — д’яблавы духі, што нясуць знакі ягоныя;
яны выходзяць да цароў усёй зямлі ўсяго сусвету,
каб сабраць іх на бойку ў вялікі дзень Бога Ўсемагутнага.
16 І ён сабраў іх у месцы, якое па-габрэйску называлася Армагедон.
17 Сёмы анёл выліў чашу сваю на паветра:
і з храма нябеснага пачуўся голас грымотны, які прамовіў: звяршылася!
18 І ўздыбіліся маланкі, грамы і галасы, і стаўся землятрус вялікі,
якога не бывала з той пары, як людзі на зямлі.
Такі землятрус! Такі вялікі!
19 І горад вялікі распаўся на тры часткі,
і гарады паганскія парушыліся, і Вавілон вялікі ўзгаданы быў прад Богам,
каб даць яму чашу віна лютага гневу Яго”.
Адкр. св. Яна Багаслова, 16.
Дзея першая

Палата ў шпіталі. Т э л е в і з а р,
Т у м б а ч к а, чатыры зэдлікі і чатыры ложкі; на ложках — А п е н д ы ц ы т, Г р ы ж а, Б е з Д ы я г н а з у; П с і х, седзячы на зэдліку, чытае кнігу.
З’яўляецца Г а н е ц.
Г а н е ц, праходзячы да П с і х а
— Шукаюць з песнямі
чужую страту...
Ён, страціўшы сям’ю,
дабро і хату,
Быў змешчаны
ў чацвёртую палату
На чатырох — і кожнаму, як брату,
Узрадваўся знаёмцам новым тром…

П с і х, перажагнаўшыся
— Пашлі, Гасподзь,
лагоду ў гэты дом,
Даруй грахі і дай усім здароўе!
(Загортвае кнігу, кладзецца на ложак)

Г а н е ц
— Ён ложак свой заняў
і да ўзгалоўя
На тумбачку паставіў стосік кніг,
А тумбачка была адна на ўсіх,
І кожны са знаёмцаў новых тых
Падумаў: “Вальтануты...
Шызік... Псіх...
Яму зусім у іншую бальніцу...”

Да медсястры пайшлі яны
сварыцца:
“У хворага, — сястра сказала,
— рак...”

Яны пераглянуліся: “Так-так,
Не даставала гэтакай заразы
Апендыцыту, Грыжы і...”
Каму?..

У трэцяга
адсутнічаў дыягназ —
Ніякай назвы не было яму.

Г а н е ц
“Суседу вы ні слова!...
Як мужчыны,
Павінны вы яму дапамагчы”, —
Сястра іх папрасіла...

(А п е н д ы ц ы т устае з ложка,
за ім падымаюцца Г р ы ж а
і Б е з Д ы я г н а з у; А п е н д ы ц ы т падыходзіць да Т у м б а ч к і, дастае бутэльку, шклянкі; налівае; тармосіць
П с і х а, падае налітую шклянку;
П с і х, адварочваючыся, адмаўляецца)

Г а н е ц
— Не-маг-чы-мы
Сусед быў: ён маліўся без прычыны,
Стагнаў і Бога клікаў уначы.

Яны, як тое ведалі наперад,
Сантэхніка зганялі ў магазін —
І слухалі передсмяротны верад
Пад шклянак звон...

Каля шасці гадзін
Сусед заціх...

“Сястра!” — галёкнуў Грыжа.

Сястра ў палату:
“Ціха, псіхапат!..”

І як на ёй —
на сонна-бела-рыжай! —
На ўсіх грудзях
Расхрыстаўся
халат!

С я с т р а, прайшоўшы
да ложка П с і х а
— Ён спіць... П’яце?

Б е з Д ы я г н а з у
— Сястра... Не так сурова...

С я с т р а
— Вас выпішуць.
Я ўсё скажу ўрачу.

А п е н д ы ц ы т
— Як мы ні слова —
так і ты ні слова...
Наліць табе?..

Б е з Д ы я г н а з у
— На, выпі...

С я с т р а
— Не хачу.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дай паглядзець,
якая без халата...

С я с т р а
— Паляруш скруціць.

Г р ы ж а
— Сучка...

С я с т р а
— Вы, кныры...

Г а н е ц, знікаючы пад час
любоўнай дзеі
— Сястру любілі разам...
На зары
Сон агарнуў чацвёртую палату.

П с і х, падняўшыся
— Усё Ён бачыць,
чуе ўсё Гасподзь,
Злучаючы ў любові дух і плоць,
Скрозь пасучы юрлівыя народы,
Рыб статкі і птушыныя чароды,
І зграі ўсе звярыныя...
(Да Г р ы ж ы, А п е н д ы ц ы т а
і Б е з Д ы я г н а з у,
якія палеглі на свае ложкі)
Вы, трое,
Паўстанеце перад Яго судом…

С я с т р а, уваходзячы
з медыкаментамі
— Чацвёртая палата!
Дз-і-нь!.. Пад’ём!
Усталі ўсе!.. З усмешкаю!..
З настроем!..
Вы, Грыжа, на жывот!..

Г р ы ж а
— Ну, бляха, шпрыц...

С я с т р а
— Ваш, я б сказала, большы...
Ніцма... ніц!..
Вось так...

А п е н д ы ц ы т
— А ўсё стэрыльна?..
Раптам снід?..

С я с т р а
— Ціпун вам на язык, Апендыцыт!
І ўкол!

А п е н д ы ц ы т
— Ой-ёй!..

С я с т р а
— Каб зналі, што казаць!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Таварыш Без Дыягназу! Здаваць
Аналізы!..

П с і х
— А мне што?..

С я с т р а, выходзячы
— Спаць вам, спаць.

А п е н д ы ц ы т услед С я с т р ы
— Каза брыклівая...
Такую драць і драць.

Г р ы ж а
— І будзем драць…
З кручка ўжо не сарвецца.

П с і х
— Даў Бог нам мову,
як душу і сэрца!
Не лайцеся!..

Г р ы ж а
— А лаянку хто даў?

С я с т р а, вяртаючыся
— Чацвёртая палата!..
Хто не ўстаў?
Абход!..

Д о к т а р, уваходзячы, да ўсіх
— Як справы ў нас?

Г р ы ж а
— Як у аптэцы.

Д о к т а р да П с і х а
— Як вам суседзі?

П с і х
— Людзі... Чалавецы...

Д о к т а р, узяўшы П с і х а за руку
— Вы ўночы спалі?
Нешта пульс у вас…

Б е з Д ы я г н а з у са смяшком
— Не спаў ён, доктар...

С я с т р а да Б е з Д ы я г н а з у
— Ціха! Мёртвы час!

П с і х
— Пакуль не мёртвы,
але моцна хворы.

Д о к т а р
— Хто хворы?

П с і х
— Час… Шукае ён апоры
У нас — і не знаходзіць ані ў кім.

Д о к т а р, выслухоўваючы П с і х а
— Бо мы аслаблі…
Па начах не спім…

С я с т р а
— Ён спаў, прафесар.

П с і х
—Я не спаў, сястра.

Г р ы ж а
— Не давядзе бяссонне да дабра...

А п е н д ы ц ы т
— Муж-ы-ык!..

П с і х
— Не бойцеся...
Я вас усіх люблю.

С я с т р а
— Я зараз ложак вам перасцялю.

П с і х
— Не трэба... я люблю вас...

Г р ы ж а
— У-лю-лю,
І ён туды ж!..

Д о к т а р да С я с т р ы
— Ды што ўсё гэта значыць?

П с і х
— І ўзрадуецца плоць,
і дух заплачыць...

А п е н д ы ц ы т
— Ён пераблытаў клініку.

Г р ы ж а
— Дакладна.

С я с т р а да А п е н д ы ц ы т а,
Г р ы ж ы, Б е з Д ы я г н а з у
— Я вас прасіла!..

А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
Б е з Д ы я г н а з у
— Ладна...
— Добра...
— Ладна...

Д о к т а р да С я с т р ы,
ківаючы ў бок П с і х а
— Сястра, да аперацыі рыхтуйце...

Г р ы ж а
— Чаго яго?.. Пратэст!

Д о к т а р
— Дык пратэстуйце.

Г р ы ж а
— А як?..

Д о к т а р
— Як-небудзь... Кіньцеся ў акно.

Б е з Д ы я г н а з у
— А я тут што?..
Ляжу, як бервяно!

Д о к т а р да Б е з Д ы я г н а з у
— І вы ў акно…
Я вам сказаў даўно:
У вас няма ніякіх паталогій.

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды ўсё баліць мне!
Галава і ногі!..
С я с т р а
— А паміж ног?.. Не цісне?
Не баліць?..
Д о к т а р
— Сястра!

С я с т р а
— Прафесар, на такіх бальніц
Не набярэшся!..

Д о к т а р, выходзячы
разам з С яс т р о й
— Дзе, сястра, парадак?
Гармідар у палаце!..

А п е н д ы ц ы т услед
Д о к т а р у і Ся с т р ы
— І пайшлі...
Чаго прыходзілі?

Г р ы ж а
— Парадку не знайшлі...
Дык і не прыбіралі... не мялі...

Б е з Д ы я г н а з у
— Без паталогій...
Бач ты, пуп зямлі.
А пальцам ткні —
і выпадзе ў асадак.
У, дактары!..
Ім людзі, як жалеза!..

А п е н д ы ц ы т
— Яны цябе здаровага зарэжуць.

Г р ы ж а
— Або адрэжуць...
Чыкнуць — і стэрыльны.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дэбілы вы!
І смех у вас дэбільны...
(Да П с і х а)
Эй, Псіх! Маўчыш?...
Не строй з сябе нямога!
Ты ўночы будзеш
мармытаць пра Бога,
А ўдзень здаваць нас?..
Чуеш ты, баптыст?..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Ён спіць?..

А п е н д ы ц ы т
— Хто ж перад смерцю спіць?

Г р ы ж а
— Артыст...
А п е н д ы ц ы т
— Сястра — артыстка:
“Вам перасцяліць?..”
П с і х
— Браты мае... баліць...

Б е з Д ы я г н а з у
— Перабаліць.

Г р ы ж а
— Трывай давай...
Табе ўжо, брат, нядоўга…

П с і х
— Ніхто ніколі не падмане Бога,
Усё Гасподзь і ўбачыць, і пачуе!

Г р ы ж а, ківаючы на П с і х а
— Во будзе ноч, калі пераначуе...

Б е з Д ы я г н а з у
— Застрашыў нас!..
Не спаў ён! Чуў і бачыў!..
Чаму ж тады не ўстаў,
а пралайдачыў?
Учатырох бы... не перапіліся.

П с і х
— Цябе пакрыўдзіў Бог,
ды ты змірыся.

А п е н д ы ц ы т
— Не нарывайся, Псіх...

Б е з Д ы я г н а з у да П с і х а
— А ну разяў
Яшчэ раз рот!..

Г р ы ж а да Б е з Д ы я г н а з у
— Ды кінь…

Б е з Д ы я г н а з у да ў с і х
— Ён што сказаў?!.

Г р ы ж а
— Сантэхніку пара сказаць,
што ўзяць!..

С я с т р а, вяртаючыся
— Вы, п’яніцы!
Падмесці ўсё! Прыбраць!
Самім прыбрацца
і пачысціць морды!

Г р ы ж а
— Сантэхнік дзе?

С я с т р а
— Зноў піць? Ну, не!..

А п е н д ы ц ы т
— Сястра, а ты на роды
Запросіш нас?.. Цікава, на каго
Дзіця падобным будзе?..

Г р ы ж а
— На яго,
На Псіха! Ён жа бачыў!..

П с і х
— У жывёлін
Няма такога...

С я с т р а
— Ад аэразолі
Не зацяжарваюць!

А п е н д ы ц ы т
— У нас — аэразоль?

С я с т р а
— А што ж яшчэ?
Гарэлкі піце болей —
І будзе проста пшык!

Б е з Д ы я г н а з у
— А нейкі сверб... І боль...

П с і х
— Хвароба гэта.

Б е з Д ы я г н а з у
— Што?.. А хто з нас хворы?

Г р ы ж а, ківаючы на П с і х а
— Ды ён і хворы!
Слухаць нам яго!..
Псіх!

С я с т р а, выходзячы
— Я пайшла.
Вам пяць хвілін на зборы!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Куды яна?..

Г р ы ж а, выглядваючы з палаты
— Туды... Па калідоры...

Б е з Д ы я г н а з у,
выпраўляючы Г р ы ж у
— Дык дагані!..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
А ты як?..

А п е н д ы ц ы т
— І майго
Пакручвае,
калі сказаць папраўдзе...

Б е з Д ы я г н а з у
— А ну давай прысядзем
ды паглядзем...

П с і х
— Не ўнізе ў вас хвароба,
а вышэй...

А п е н д ы ц ы т
— Дзе?.. Тут?.. Яшчэ вышэй?..

П с і х
— Каля вушэй.

Б е з Д ы я г н а з у
—Ты не дурэй!
Ты жарцікі не строй!

А п е н д ы ц ы т
— А нешта ненармальна
з галавой...

(Да Г р ы ж ы, які вярнуўся)
А як з тваёй?..

Г р ы ж а
— Нармальна ўсё з маёй…

Б е з Д ы я г н а з у
— Пры чым тут галава?..

П с і х
— Сястра хварэе... Усе вы хворыя...

Г р ы ж а
— Ды нас на страх бярэ ён!..

Б е з Д ы я г н а з у да Г р ы ж ы
— Ну... што ў сястры?

Г р ы ж а
— На капытах падковы!
Сам дагані!..

П с і х
— Хто адцураўся слова
Гасподняга — той хворы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Мы ўляцелі...

Г р ы ж а
— Іх правяраюць!..
Баба ў чыстым целе,
Гарантыю даю!

Б е з Д ы я г н а з у
— А раптам снід?..

А п е н д ы ц ы т
— Во падлячыліся...

Г р ы ж а
— Ды кінь, Апендыцыт!
Глянь на сябе:
ты, як бугай, здаровы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Хоць бы ўжо трыпер...

А п е н д ы ц ы т
— Рыжая карова!

Б е з Д ы я г н а з у
— Хай нават сіфіліс...

А п е н д ы ц ы т
— Рабая лярва! Шмара!

П с і х
— Ударыў Божы біч! Спасцігла кара!
Пакайцеся! Маліцеся! Пачуе
Гасподзь малітвы вашы — і даруе!

Б е з Д ы я г н а з у
— Зратуе?..

А п е н д ы ц ы т
— Бог не лечыць ганарэю!

Б е з Д ы я г н а з у
— Праверыцца б пайсці...

Г р ы ж а
— Я з вас дурэю.

А п е н д ы ц ы т
— Самім нам неяк
трэба ратавацца...
Г р ы ж а
— А мне шукаць сантэхніка.
Смяяцца,
Ці плакаць з вас — не ведаю...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, бабы...

Г р ы ж а
— Праз Псіха ў вас
з мазгамі стала слаба!
Так хутка не бывае!.. Я вам раю
Дні палічыць!..

А п е н д ы ц ы т
— А ты як?..

Г р ы ж а, вырабляючыся
— Па-мі-ра-ю!..
Я медыцыне нашай давяраю!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык што ў цябе?.. Нічога?..

Г р ы ж а
— Ну, атас...

П с і х
— Калі дваіх Гасподзь наш
выгнаў з раю —
Там трэці быў, які ўсяліўся ў вас!
Маліцеся! Прасіце, каб Гасподзь
Ачысціў плоць!..

Г р ы ж а
— Панёс!.. Накінь аброць,
Прыдурак!..
Во пачаўся дзень сягоння.
Пайшоў я да сантэхніка...

П с і х
— З бяздоння
Ваду ты возьмеш...

Г р ы ж а
— Не ваду — гарэлку!..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
І колькі браць?.. На п’янку?..
На пахмелку?..

А п е н д ы ц ы т, адмахваючыся
— Прыдумай сам...

Г р ы ж а, выходзячы
— Вярнуся — і ста грам,
І кроплі вам не дам, калі з бабтыстам
Не разбярэцеся!..

Б е з Д ы я г н а з у ўслед Г р ы ж ы
— А нешта тут не чыста...

А п е н д ы ц ы т
— Не чыста — што?

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён з грыжай... Імпатэнт?

А п е н д ы ц ы т
— Хто імпатэнт?..
Ён рашпіль з грыжай!... Прэнт,
Як нашых два.

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады прасачкаваў.

А п е н д ы ц ы т
— З чаго ты ўзяў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды неяк бокам... крыва
Ён ладзіўся...

А п е н д ы ц ы т
— Не... Рыжай гэта крыўдна
Было б... Яна б здала яго адразу.
Быў хор, як хор...
(Задумваецца)
Во: я дапёр! Ён сам!
Не рыжая!.. А Грыжа!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Сам заразны?..

А п е н д ы ц ы т
— І мітусіцца, бо падсеяў нам!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, Грыжа... хвост казліны...
хрэн сабачы...

П с і х
— У двор зірніце... Бачыце?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Што
бачыць?..

П с і х
— Сантэхніка і Грыжу.

А п е н д ы ц ы т
— Праўда...

Б е з Д ы я г н а з у
— Псіх,
А так як бачыш, лежачы?..

П с і х
— У іх
зямля ў нагах расступіцца!

А п е н д ы ц ы т
— У роў!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Глядзі: у роў зваліліся!

П с і х
— І шыю
адзін скруціў.

А п е н д ы ц ы т
— Абодва без галоў!

Б е з Д ы я г н а з у
— Не, Грыжа ў плечы ўціснуў...

П с і х
— І пад пахай
Качан сантэхніка.

А п е н д ы ц ы т
— Во ё-маё... Во бляха...

Б е з Д ы я г н а з у
— Псіх, ты вядзьмар?.. Ці маеш дар прыродны?..

П с і х
— Вы трызніце...
Вы ад краіны роднай,
Што на вар’яцтва хворая,
абодва
Заразу падхапілі, і абодва
Не вольныя вы ў дзеяннях сваіх...

А п е н д ы ц ы т
— Калі ты не вядзьмар, дык хто?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён Псіх!..
А я не хворы на шызафрэнію!
Я толькі дзеля бюлетэня лёг!

А п е н д ы ц ы т
— А я шызею...

П с і х, жагнаючыся
— Памагай вам Бог...

А п е н д ы ц ы т
— І ўнізе ные...

П с і х
— Вам скруцілі шыю?..
І галава пад пахай?..

А п е н д ы ц ы т
— Не, між ног...

П с і х
— Дзе месца грыжы?..

А п е н д ы ц ы т
— Так, дзе месца грыжы...

Б е з Д ы я г н а з у
— Апендыцыт... Ты што?..

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— Салют
ад рыжай!
Ты —
сніданосец!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Хочаш
па зубах?..
Я
Без Дыягназу!..

А п е н д ы ц ы т
— А галава ў руках!
На шыі — нейкі ком у абалонцы!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А дзе твая?..

А п е н д ы ц ы т
— Мая ў маёй машонцы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ратуйце... Эй!..

П с і х
— Пакайцеся ў грахах!..
Маліцеся!.. Зратуецеся самі!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не я ў грахах...
а гэны... той... з вусамі...
Ух, цёмна як!..

П с і х
— Адной рукой за вуха,
Другой за нос трымайце!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Бляха-муха,
Як цягне ўніз! Цяжкая, як вярыгі...

П с і х
— На тумбачку пастаўце...

Б е з Ды я г н а з у
— Тут жа кнігі…

П с і х
— Я прыбяру іх...

Т у м б а ч к а
— Так... Раўней!..

Б е з Д ы я г н а з у
— На шыі
Расла... І тут расце...

Т у м б а ч к а
— Шызафрэнія.
А галава ў вас сапраўды цяжкая.

П с і х
— У галавы канструкцыя такая:
На чым яна трымаецца — на тым
Яна і прыжываецца.

Б е з Д ы я г н а з у
— З такім
Хвастом?..

П с і х
— Ваш фалас з ёю зросся.

Б е з Д ы я г н а з у
— Яна ж... кабета...

Т у м б а ч к а
— Мне і дасталося
Найлепшае ад вас
для нас, кабет.

Б е з Д ы я г н а з у да Т у м б а ч к і
— Не замінае?..

П с і х
— Ёй жа не ў балет.

Б е з Д ы я г н а з у
— Нашто табе ён?..

Т у м б а ч к а
— Для працягу роду!

Б е з Д ы я г н а з у
— Неверагодна...

П с і х
— Так. Але прырода
Нястомная ў фантазіях сваіх.
Учора ты — здаровы, сёння — псіх,
І тумбачцы, куды хаваў бутэлькі,
Свой фалас ахвяруеш
з галавой...

Б е з Д ы я г н а з у
— Так быць не можа...

Т у м б а ч к а
— Можа, божа мой!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады вяроўку...

Т у м б а ч к а
— На.

Б е з Д ы я г н а з у
— Вяжы да бэлькі...

Т у м б а ч к а
— А што ў пятлю?

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ёсць жа нейкі ком...

А п е н д ы ц ы т
— Дзе Грыжа дзеўся?..
Зараз бы бутэльку!..
Хоць як цяпер
мы будзем за сталом?..

П с і х
— Псалтыр вазьміце!
І любы псалом
Чытайце...

А п е н д ы ц ы т
— Як нам піць? Як есці нам?..

Без Д ы я г н а з у
Эй, Тумба, ты куды?!.

Т у м б а ч к а
— Пайду я посуд здам!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык галаву пакінь!..

Т у м б а ч к а
— А як я здам
Без галавы?..
Прыёмшчыкі аблічаць...

Б е з Д ы я г н а з у
— Вярні
маё!

Т у м б а ч к а
— Яно патрэбна вам?
Нашто?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Для чалавечага аблічча!

Т у м б а ч к а
— А што б хацелі вы
вярнуць канкрэтна?

Б е з Д ы я г н а з у
— І тое, і другое! Для камплекта!

Г р ы ж а, увайшоўшы
— Пакінуў аднаго,
вярнуўся — секта.
Што гэта з вамі тут?..

А п е н д ы ц ы т
— Нас тут
няма.

Б е з Д ы я г н а з у да Т у м б а ч к і
— Табе дапамагчы?..

Т у м б а ч к а
— Не, дзякуй, я сама...
Глядзіце... Устаўляю — і вымаю...
І без праблем...

Г р ы ж а
— Во гэта, бляха, трах...

Т у м б а ч к а да П с і х а
— А кнігу можна ўзяць?..
У чэргах — жах,
Туга якая... Можа, пачытаю...
Ёсць пра любоў?..

П с і х
— Любую выбірайце...
Вы тумбачка... А гэта, выбачайце,
Не Божы промысел...

Т у м б а ч к а, выходзячы
— Ах-ах, ах-ах, ах-ах...

Г р ы ж а
— Куды яна?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Пайшла здаваць бутэлькі.

Г р ы ж а, уважліва азіраючыся
— Апендыцыт…
Ты проста прывід нейкі…
Што ў вас з галовамі?..
Машонкі ў абалонцы...

А п е н д ы ц ы т
— Мая ў маёй машонцы,
бы ў скарбонцы,
Схаваная!..

Г р ы ж а
— Дык, значыць, іх там — дзве?..

А п е н д ы ц ы т
— Так... праўда... дзве...
Якой жа галаве
Быць галавой?..
Якой жа быць машонкай?..

Г р ы ж а
— У задніцы спытай.

А п е н д ы ц ы т
— З такою тонкай
Матэрыяй не сутыкаўся я...
Адна — даўбня...
Другая — мазгаўня...

Б е з Д ы я г н а з у
— Сястра...

Г р ы ж а
— Пры чым сястра, калі і дня
Не прамінула!

Б е з Д ы я г н а з у
— Што ж мы падхапілі?..
(Да Г р ы ж ы)
Сантэхнік дзе?..

Г р ы ж а
— Няма яго. Забілі.

Б е з Д ы я г н а з у
— Забілі?..

Г р ы ж а
— Адкруцілі макатырку!
У нейкую ён праваліўся дзірку —
І стаў, як вы...

А п е н д ы ц ы т
— Скрозь ворагі і сукі...

П с і х
— І за такіх, як вы,
Гасподзь на мукі
Пайшоў?.. На смерць? На крыж?...

Б е з Д ы я г н а з у да П с і х а
— Не наганяй тугі!..
(Да Г р ы ж ы)
Дык не чакаць сантэхніка?..

Г р ы ж а
— Загінуў...
Ледзь-ледзь не дацягнуў
да магазіна.

Б е з Д ы я г н а з у
— А гуму ўночы ты нацягваў?..
Ну?

Г р ы ж а
— Ну, быў гандон!
Дык я і нацягнуў!..
Я… да бальніцы…
падхапіў грыбок —
І не хацеў рабіць вас
грыбнікамі...

А п е н д ы ц ы т
— Ды я цябе вось гэтымі рукамі...

Г р ы ж а
— Ты галаву трымай!
Бо з боку ў бок
Матляецца!..

А п е н д ы ц ы т
— Ды ведаеш ты, хто ты...

Г р ы ж а
— Адзіны нармалёвы сярод вас!
Ад грыжы не шызеюць!..

А п е н д ы ц ы т
— Підарас!

Г р ы ж а
— Затое ад мяне няма абортаў!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дамы з чырвоным ліхтаром
у нас —
Бальніцы, санаторыі, курорты...
Не лайцеся...
Мы ўсе ў адной палаце...

А п е н д ы ц ы т
— А, можа, пранясе?.. Не снідане?..

Г р ы ж а
— Мяне — не снідане,
а вас — наўрад ці...

Б е з Д ы я г н а з у
— Здаецца мне,
што ўжо пайшоў працэс...
Мы без галоў...

Г р ы ж а
— Дык і сантэхнік без...

Б е з Д ы я г н а з у
— Меў сувязь з медсястрой...
Заканамерна...

А п е н д ы ц ы т
— Ну, рыжая, парву!

Б е з Д ы я г н а з у
— Давай без нерваў
Пафіласофствуем...
Вось некуды ідзеш ты,
Дык ты ідзеш увесь?..

А п е н д ы ц ы т
— Увесь... Спаўна...

Б е з Д ы я г н а з у
— А Тумбачка пайшла
з маёй даўбешкай.
Дык хто пайшоў з нас?..
Я — або яна?

А п е н д ы ц ы т
— Не простае пытанне... І як тонка
Сфармулявана...

Г р ы ж а
— Так, не для дзіцёнка...

А п е н д ы ц ы т
— Я галавой адной,
другой, дзвюма
Уцяміць сілюся: хто я?..
Мая машонка?..
Альбо мая машонка — гэта я?..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Як галава на месцы, дык, бывае,
Яна хоць нешта ўцяміць памагае...
Твая занята чым?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Мая чытае...
А што твая?..

А п е н д ы ц ы т
— Ды чэшацца...

Г р ы ж а
— Адна?

А п е н д ы ц ы т
— Адна... Не, і другая...
Дзве адразу...
Б е з Д ы я г н а з у
— Якую ж падчапілі мы заразу?
Што за хвароба? Чым яе лячыць?

Г р ы ж а
— Хай Псіх вам растлумачыць...

А п е н д ы ц ы т
— Спіць ён.

Б е з Д ы я г н а з у
— Спіць?..

П с і х
— І сон мне сніцца:
сіліцца прырода
Ад бруду і брыды людскога роду
Пазбавіцца...
Прыдумала сухоты,
За імі рак і снід!.. Яна работы
Не кіне гэтай, не адпусціць так!..

Б е з Д ы я г н а з у
— До страшыць!..
У цябе самога
рак!

П с і х
— Адкуль вам ведаць?

Б е з Д ы я г н а з у
— Медсястра сказала!
І доктар нам казаў!..

П с і х
— Усякая навала
Магчымая… Вунь доктар хворы сам.

Г р ы ж а
— Як хворы?..
П с і х
— Як і вы…

А п е н д ы ц ы т
— Я так і думаў!.. Мала
Ёй нас было! І доктару давала!

Г р ы ж а
— Пад дых удар... Я верыў дактарам.

Д о к т а р, уваходзячы
— І па якой прычыне перасталі?..
(Да П с і х а)
Гатовы вы?

П с і х
— Гатовы... Мне сказалі,
Што маю рак...

Д о к т а р
— Ды што вы, што вы! Як
Маглі сказаць такое!.. Ды не рак
У вас, а так....

Г р ы ж а
— Рачок-с.
Маленькі, але тлусты.

Д о к т а р
— А што ў вас над галовамі
так пуста?..
Нават не над... А там, дзе галава
Павінна быць...
Раз-два.... Раз-два... Раз-два...
Дзвюх не хапае... Згусткі...
Як мядузы,
Дальбог...

А п е н д ы ц ы т
— Служу Савецкаму Саюзу!

Д о к т а р
— Дык жа няма Саюза...

Б е з Д ы я г н а з у
— Вам здаецца...

Д о к т а р
— І чэсць без галавы не аддаецца...

Г р ы ж а
— Касяк! Відаць адразу: не служыў!
Чэсць толькі без убору галаўнога
Не аддаецца!..

Д о к т а р
— Я ў Бабруйску жыў.

А п е н д ы ц ы т
— Ён у Бабруйску жыў!..
І што такога?..
Калі ў Бабруйску жыць —
дык не служыць
Радзіме?.. Што:
Амерыка ў Бабруйску?!.

Д о к т а р
— Вы буйны... Толькі як?..
Не можа быць...
Пры безгалоўі
немагчыма буйства...
Кашмар які!..

А п е н д ы ц ы т
— Ты мазгаўню здымі —
І скончыцца кашмар...

Д о к т а р, здымаючы галаву
— Знялася... І без раны...
І што рабіць з ёй?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, дамоў вазьмі...

А п е н д ы ц ы т
— Куды дамоў такую!..
Трэба ў ванну —
Памыць і пагаліць...
Вунь як зарос!
І твар не распазнаць, калі б не нос.

Д о к т а р
— У ванну, так... памыць...

А п е н д ы ц ы т
— Аэразолі
Не пашкадуй...

Д о к т а р
— І прырасце?..

А п е н д ы ц ы т
— Паволі,
Паціху ў некаторых прырастала...
На медсястру залазіў?!

Д о к т а р
— Ну… бывала…
Здаралася…

А п е н д ы ц ы т
— Зда-ра-ла-ся…
Дык што ж вакцыну ёй
Ты не ўшпіліў?..
І быў бы з галавой!

Д о к т а р
— Я б ушпіліў...
Няма такой вакцыны...
І чыста ўсё, стэрыльна
ўсё ў Рэгіны,
Я звык сваім медсёстрам давяраць...

Б е з Д ы я г н а з у
— Яе Рэгінай зваць?..
Хоць будзем знаць...

А п е н д ы ц ы т
— Рэгінай?.. Ну і што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Арыгінальна.
І зразумела, што рэгіянальна
Пасеена хвароба — не глабальна,
А недзе так ад Гомля да Масквы.

Д о к т а р
— Рэгіянальна?.. Гэта геніяльна!
Я б не датумкаў сам, калі б не вы!..
Жыць можна ўсяк,
але без галавы
Жыць можна толькі ў гэтым рэгіёне!
Мы ў зоне!..

Г р ы ж а
— Што: Чарнобыль?..

Д о к т а р
— Так!

Г р ы ж а
— А як
Ён у Рэгіне?..

А п е н д ы ц ы т
— Там якраз рэактар...

Б е з Д ы я г н а з у
— Чацвёрты блок там...

П с і х
— Жарты ў вас, аднак...

Г р ы ж а
— Чакайце... Што ж выходзіць?..
Гэты фактар
Мы можам выключыць...

Д о к т а р
— Ну?..Ну!..

Г р ы ж а
— Звычайнай гумай?..

Д о к т а р
— Звычайнай гумай! Так!

Г р ы ж а
— Ну ты падумай!..
Дык гэта ж адкрыццё!..
Праблемы зоны
Тады няма!

Д о к т а р
— Так! Тысячы, мільёны —
У гуму! І Чарнобылю — капут!

А п е н д ы ц ы т
— І будзем мы хадзіць тут,
як гандоны.

Б е з Д ы я г н а з у
— І так мы, як гандоны, ходзім тут.
І ўся нам радасць —
злазіць на Рэгіну...

Д о к т а р, падаючы прэзерватыў
— Вось вам ад радыяцыі...

Б е з Д ы я г н а з у
— Вакцыну
Ідзі рабі!.. прыдумвай!.. ты, балда!..
Рэгіна не рэактар, а...

П с і х
— Суда
на вас няма... вар’яты вы... шкада...

Д о к т а р
— Іду, іду... Але ў мяне тут хворы...
Мне трэба аперыраваць...

А п е н д ы ц ы т
— Каторы
Тут хворы?..

Д о к т а р на П с і х а
— Ён...

А п е н д ы ц ы т
— Дык скрозь — адны крэціны!

П с і х
— Не перарэзаць
двойчы пупавіны.
Што Бог зрабіў — ніякаму ўрачу
Не адрабіць...

Г р ы ж а да Д о к т а р а
— Ідзі рабіць вакцыну!

А п е н д ы ц ы т
— Табе нашто вакцына?

Г р ы ж а
— Для Рэгіны!
Залезці зноў на рыжую хачу.
Як вылячыць заразу — разтурзаю!

Д о к т а р
— Вы хто: маньяк?..

Г р ы ж а
— Ты тут яшчэ? Ідзі!

Д о к т а р
— Іду... А галаву куды?

Г р ы ж а
— Не знаю!

А п е н д ы ц ы т
— Пакуль на тэлевізар пакладзі.
Паглядзем...

Б е з Д ы я г н а з у
— Што паглядзем?

А п е н д ы ц ы т
— Тэлевізар...

Д о к т а р
— Тут тумбачка была...

Г р ы ж а
— Была — пайшла… Капрызы
Жаночыя…

Д о к т а р
— Далёка?..

А п е н д ы ц ы т
— У Бабруйск!

Д о к т а р
— І мне ў Бабруйск!..
Там у мяне правізар!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ты ў Амерыку?..
А дакументы?.. Віза?..

Д о к т а р
— Няма...

А п е н д ы ц ы т
— А ў Магілёў?..

Д о к т а р
— І ў Магілёў няма...

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык на мяжы павяжуць —
і турма,
Калі без візы…

Д о к т а р
— У мяне ў Саўміне
Ёсць пацыент…

— А п е н д ы ц ы т
Ён з Магілёва?

Д о к т а р
— Не,
Але ён дапаможа з візай мне!

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады вазьмі і мне…

Г р ы ж а
— І мне.

А п е н д ы ц ы т
— І мне...

Д о к т а р
— Дык, можа, і Рэгіне?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Пайшоў ты!..

Д о к т а р, выходзячы
— Я пайшоў, пайшоў... Вакцыне
Я прысвячу жыццё... У медыцыне
Сусветнае наспела адкрыццё!..

П с і х
— На нітцы свет вісіць,
на павуціне...
Што Богу прысвячаецца жыццё,
Забыўся свет...
Скрозь сеці і мярэжы,
Якімі душы ловіць сатана...

(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Як мне баліць...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты пачакай... Зарэжуць...

П с і х
— Душа баліць...

Б е з Д ы я г н а з у
— І адляціць яна...

Г р ы ж а, дастаючы карты
— Давай у дурня, Псіх?..

П с і х
— Я не гуляю...

Г р ы ж а
— Дык перад смерцю... Раз... Давай?..

П с і х
— Здавай...

Г р ы ж а
— На што?..

П с і х
— На шчаўбаны.

Г р ы ж а
— Ну, зашчаўбаю!..

П с і х
— Як чалавека д’ябал спакушае!..
Улада... Грошы... Пожадзь...

Б е з Д ы я г н а з у
— Што ж бывае
Яшчэ?..

П с і х
— Ёсць Бог!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён рай нам абяцае?..
Дык колькі ні кажы:
халва, халва...

Т э л е в і з а р
— Увага!

Г р ы ж а
— Га?

Т э л е в і з а р
— Вяшчае галава!

Г р ы ж а, махлюючы з картамі
— Во, блін, спалохаў...

П с і х да Г р ы ж ы
— Карта не такая!

Т э л е в і з а р
— Вяшчае!!.

Г р ы ж а д а А п е н д ы ц ы т а
— Выключы!

А п е н д ы ц ы т,
спрабуючы выключыць Т э л е в і з а р
— Ён сам сябе ўключае!..

Г а л а в а
— Суродзічы! Вы ў гістарычны час
Мяне абралі вашай галавою!
Вайна ідзе! Нам ворагі вайною
Гразяць! Яны вайной ідуць на нас!

Ідуць з Нью-Ёрку!
З Лондану! З Берліну!
Біялагічна-ядзерную міну
Нясуць! Мой Кэгэбэ арыштаваў
Шпіёнку міжнародную Рэгіну,
Якую я глыбінна дапытаў!

Г р ы ж а, зноў махлюючы з картамі
— Во, блін... шпіёнка...

П с і х, ловячы Г р ы ж у за руку
— Колькі ўсё ж дурноты...
Нібыта ўсе і ўсюды без галоў...

Г а л а в а
— Рыхтуе вораг авіяналёты
На гарады Бабруск і Магілёў!

А п е н д ы ц ы т
— Прыцэльна б’юць...
Па інтэлекце зоны...

Г а л а в а
— Супроцьпаветранаю абаронай
Шарахнем так, што пёркі паляцяць!
Усё для фронта! Шынялі і боты!
Гарматы! Стрэльбы!
Танкі! Бульбалёты!

Г р ы ж а
— Што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Бульбалёты. Самалёты нашы.
Ляцяць на бульбе.

А п е н д ы ц ы т
— На сырой?..

Б е з Д ы я г н а з у
— На кашы.

Г р ы ж а
— Са скваркамі?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Са скваркамі яны
Ляцяць яшчэ хутчэй…

А п е н д ы ц ы т
— А дранікі? Бліны
З мачанкаю не падыходзяць ім?

Г р ы ж а
— На драніках і самі мы ўзляцім…
(Спявае)
Ляцяць бульбалёты,
Сядзяць там пілоты
І ўніз на бальніцу глядзяць,
Дзе нашы рабяты
З чацвёртай палаты
Гуляюць у дурняў…
(Б’ючы карту П с і х а)
Гуляць дык гуляць!..
Бабруйск мы будзем
бульбай бамбаваць!

А п е н д ы ц ы т
— Ты што: балван?
Правізар там!.. Вакцына!

Б е з Д ы я г н а з у
— І ўсе габрэі там жа...

Г р ы ж а
— Ну, Рэгіна...

П с і х, б’ючы карту Г р ы ж ы
— Ты дурань.

А п е н д ы ц ы т
— Хто ж яшчэ, калі балван...

Г р ы ж а да П с і х а,
падстаўляючы галаву
— Шчаўбань.

П с і х
— Пасля...

Б е з Д ы я г н а з у
— Забудзеш...

П с і х
— Не забуду.

Г р ы ж а
— А як памрэш...

П с і х
— Дык на тым свеце буду
Мець для цябе
адкладзены шчаўбан.

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады, лічы,
адклаў яшчэ для двух...

П с і х
— Вялікі дзякуй.

А п е н д ы ц ы т
— Тэлік? Ты патух?..
Зноў засвяціўся...
Зараз як раўне!..

Г а л а в а, знікаючы
— Краіна! На вайне —
як на вайне!
Акопы рыць!
Траншэі рыць! Равы!..

Т э л е в і з а р
— У!.. Галава баліць ад Галавы...

А п е н д ы ц ы т
— Чыя?.. Твая ці доктара?..

Т э л е в і з а р
— Абедзьве
Вусатага трываюць
ледзьве-ледзьве...

Г р ы ж а
— Чаго ж крычыш: “Увага!”
Га?..

Т э л е в і з а р пра Г а л а в у
— Ён строгі!

А п е н д ы ц ы т
— А як ты ў прапаганду ўлез,
убогі?
Ты скуль?..

Т э л е в і з а р
— З гуманітарнай дапамогі.

А п е н д ы ц ы т
— Замежны, значыць?..

Б е з Д ы я г н а з у
— З-за якой мяжы?

Т э л е в і з а р, спрабуючы ўспомніць
— Адбіла... Не скажу...

Б е з Д ы я г н а з у
— Не, ты скажы...

Т э л е в і з а р
— Я праз яго Радзімы
ўжо не помню!

А п е н д ы ц ы т
— Шпрэхэн зі дойч?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Спік ігліш?..

Т э л е в і з а р
— Не… Ды поўны
Абзац!

Б е з Д ы я г н а з у
— Абзац?.. А, можа быць, іўрыт?..

П с і х
— Ды супакойся ты, антысеміт!
Ён тэлевізар.

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну і што?

П с і х
— А тое,
Што размаўляе не як мы з табою,
Не сам сабе ён мову выбірае.

Г р ы ж а
— Ну, дык і мы не самі... Ці бывае,
Што і не так?..

Т э л е в і з а р
— Бывае.

Б е з Д ы я г н а з у
— Забівае
Ён нам галовы!.. Доўбіць, як наняты!

Т э л е в і з а р
— Во ў гэтым я ніяк не вінаваты!
Я проста перадатчык.
Рэтранслятар.
Кажу, што чую. Я — перадаю.

Г р ы ж а
— А можаш зараз перадаць маю
Петыцыю?

Т э л е в і з а р
— Каму?

Г р ы ж а пра Г а л а в у
— Яму!

Т э л е в і з а р
— З прэстыжам
Ён носіцца... А ты — ніхто.

Г р ы ж а
— Я Грыжа!
Давай перадавай!.. Апендыцыт
І Без Дыягназу...

Т э л е в і з а р
— А што антысеміт,
Перадаваць?..

Г р ы ж а
— І гэта не зашкодзіць...
З інфекцыяй, нязнанай у прыродзе,
Магчыма, што з біялагічнай міны,
Канаюць у шпіталі!

Т э л е в і з а р
— Для Рэгіны
Што перадаць?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Яе ўжо расстраляць
Паспелі...

Г р ы ж а
— Перадай: зямля ёй пухам.

Т э л е в і з а р
— Вяшчае Галава!

А п е н д ы ц ы т
— Во бляха-муха!..
Ну, Грыжа...

Г р ы ж а
— Грыжа вам — не тралі-валі...

Г а л а в а
— Як толькі што
спецслужбы мне даклалі,
Бабруйск і Магілёў
не збамбавалі!
Ад знешніх мы адбіліся напораў!
Але не спіць унутраны наш вораг!
Ён — паразіт! —
праз медсястру Рэгіну,
Якую асабіста я злавіў,
Двух грамадзян
найлепшых паразіў
Смяротнаю хваробай, а вакцыну
Супраць яе сцягнуў
прафесар хворы!
Інтэлігент смярдзючы!
Вось ён — вораг,
Які дзяржаве здрадзіў і народу!
Знайсці яго! Злавіць! Узнагароду
Прызначыў я за галаву яго
У сто мільёнаў!..

Г р ы ж а
—А чаго?..

Г а л а в а
— Даляраў!

А п е н д ы ц ы т
— За аднаго?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык і за нас на пару...
Без доктара — і нам з табой кранты.

А п е н д ы ц ы т
— Эй, Грыжа...

Г р ы ж а
— Што?..

А п е н д ы ц ы т,
ківаючы на галаву Д о к т а р а
— Чаго так раптам ты
Чужою галавой залюбаваўся?..

Г р ы ж а
— Ды так...
Пазнаў нібыта... Абазнаўся...

А п е н д ы ц ы т
— А ё-маё!.. Глядзіце! За акном!

Б е з Д ы я г н а з у
— Што за акном?

А п е н д ы ц ы т
— Ды клініка! Дурдом!
Равы, траншэі рыюць і акопы!
І лозунгі паўсюль: “Далоў Еўропу!”
“Далоў Амерыку!”
Сантэхнік у траншэі
Без галавы!.. З бутэлькаю!.. Шызее
Народ...

Б е з Д ы я г н а з у
— Народ… Ды на фіг табе здаўся
Народ той!.. Зброд!..
Не нацыя — дыязназ!
А я вось без дыягназу жыву...
І разумееш, Псіх, жыву — як рву
Рамонкі... Як гадаю і не знаю:
Жыву ці не жыву...
Нібы скразная
Дзіра ўва мне...
І дзьме, мяце паўсюды...

А п е н д ы ц ы т
— Народ адлюдак —
дык і ты адлюдак...
І кожны рые... Кожны нешта рве...

П с і х
— Усё з таго, што не душа жыве
У вас, а пустата...
Бяздомны вецер...
І гэты вецер носіць вас па свеце,
Як дым, як пыл...

А п е н д ы ц ы т
— Ты, Псіх, на свой капыл
Усё не перакручвай...
Вунь як рыюць!
Як рвуць! Як рыкаюць!
І ў кожным столькі сіл,
Што вырываюць
з мясам свой кавалак!
Як пара прэ ад іх, самцоў і самак!
Як густа ўсё замешана! Той ззаду!
Той спераду! Той збоку!
Зверху ўлада!
Унізе курвы! Побач казнакрады!
І як жа ўсе адзін адному рады
У морду даць!..
Вунь той урваў! Пабег!
А гэты ўслед! Угрызся, як сабака!
І за дзярма кавалак гэткі брэх!
Такая бойка!..
Вунь адзін заплакаў!
Ну, вытры соплі!
І ў адказ! Пад дых!
Ай, малайчынка!..
(Праз паўзу)
Гляньце: там дзяўчынка...
Вунь тая... з белай стужкаю якая...
Ёй бы ўцячы ад іх —
дык не ўцякае...
Не! Адыйшла!..
Рамонкі рве... гадае,
Дурненькая...
(Праз паўзу)
Дачка ў мяне была...
Памерла...
Ад брыды людской, ад зла
Яе не стала...
(Праз паўзу)
Дык скажы ты, Псіх,
Як мне глядзець на іх?..
На іх на ўсіх?..
Што: гэта ўсё — яна, мая краіна?..
Дык я не ем г...на...
І есці не павінны...

Б е з Д ы я г н а з у
— А што ж тады ясі?
Ка-ра-ня-пло-ды?
Бач, пару выпусціў!..
Ты сам — якой пароды?..
З выставы ты?
Асобны? Эсклюзіў?..
Дык прад люстэркам бы
штаны спусціў
І паглядзеў,
чым рознішся ад іншых!
Я ведаў шмат такіх,
як ты, увішных
Вініць усіх, ды толькі не сябе...
Слабы ты. Як любы,
хто ў барацьбе
Не зведаў перамог...

А п е н д ы ц ы т
— А ты іх зведаў?

Б е з Д ы я г н а з у
— Зведаў!..
Ты ўсё з’ясі, што будзе да абеду
Пададзена!.. Ну, можа, збоку недзе
Прыладзішся... Нібыта на абедзе
Ты выпадкова... быццам у г...не
Не ўвесь, а так на чвэрць...
на палавіну...
Але ты ўвесь у ім!
З усімі!.. Калі не —
Тады, канечне, сон прысніўся мне,
Што ўсе мы — хорам! —
гвалцілі Рэгіну!..
(Падыходзячы да А п е н д ы ц ы т а)
Ну што ты вылупіўся, як у ноч сава?

А п е н д ы ц ы т
— Дзе галава?..
Дзе, бляха, галава?..
(Да Т э л е в і з а р а)
Ты, скрынка з вокам,
хрэнаў мудазвон!
Дзе Грыжа?!.

Т э л е в і з а р
— З галавой падаўся вон...
Была яму размова нецікавай,
А мне наадварот...
На Захадзе за кавай
Такой бы не пачуў...

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— Разявіў рот?..
Глядзеў бы лепш!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А хто пачаў? Не ты?!.

А п е н д ы ц ы т
— Ну ўсё... Цяпер — хана.
Капец. Кранты.

П с і х
— Ты пачакай адчайвацца...
Не грэх —
Адчай, але...

Б е з Д ы я г н а з у
— Самота — грэх, я помню...

А п е н д ы ц ы т
— Знайшоўся багаслоў!..
Курам на смех...
Якая розніца:
адчай, самота! — што мне
Усе грахі, як галавы няма!

Т э л е в і з а р
— Скажыце: а навошта вам яна
У гэтакай краіне?..

А п е н д ы ц ы т
— На краіну
Я чхаў!

Т э л е в і з а р
— На ўсю?.. Або на палавіну?..

А п е н д ы ц ы т
— На ўсю! Як на цябе!.. Цьфу!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Гэта ты
дарма...
(Да Т э л е в і з а р а)
Там што, дарэчы, робіцца?.. Вайна?..
Чума? Халера? Воспа?..

Т э л е в і з а р
— Ні хрэна.

Б е з Д ы я г н а з у
— Пакрыўдзіўся?..

Т э л е в і з а р
— Ды не. Гляджу сябе...

Б е з Д ы я г н а з у
— І хораша табе?..

П с і х
— І вы глядзіце
Саміх сябе... Для гэтага Гасподзь
І даў вам вочы...

А п е н д ы ц ы т
— Памаўчы ты! Хоць
Да смерці памаўчы!..

Т э л е в і з а р
— Бабруйск не разбамбілі,
А пылу шмат...

П с і х
— Блукаць вам вечна ў пыле.

Б е з Д ы я г н а з у
— Відаць,
падумаць час пра надмагілле...
Апендыцыт,
які б ты помнік выбраў
Сам для сябе,
каб быў і сэнс, і выгляд?..

А п е н д ы ц ы т
— І сэнс, і выгляд?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Так,
Глыбінны сэнс і выгляд,
Які б адпавядаў...

А п е н д ы ц ы т
— Гарэлкі гляк.
Сантэхнік — гад!..
Калі б мяне з бальніцы
За пляшкаю паслалі мужыкі —
Без галавы прынёс бы!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не, сантэхнік — не такі...

П с і х
— Адно ўсё вам:
напіцца ды забыцца.

А п е н д ы ц ы т
— Цябе пра што прасілі?..
Па-маў-чы!..
Падлюкі... Сукі... А яшчэ ўрачы!..
Я лёг з апендыцытам, а цяпер
Апендыцыт мой —
гэта ўсё, што маю?..
Сяджу з ім!.. Яйкі тут перабіраю!..

П с і х
— Ты не ўрачам...
Ты ў Бога... Богу вер...

А п е н д ы ц ы т
— Клянуся, Псіх,
ты не памрэш ад раку!..
Я проста прыдушу цябе, сабаку,
Каб не брахаў на могілках!..
Ты ж бачыў,
Як Грыжа, падла, галаву звалок —
І не сказаў!.. Пра Бога тоўк і тоўк
Ні ў які толк!...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды сядзь ты!.. Супакойся...

П с і х д а А п е н д ы ц ы т а
— Баішся смерці?..
Бойся... бойся... бойся...

А п е н д ы ц ы т
— Баюся... Можа, позна?..
Каб жа знаць...
Мы сапраўды памерлі ўжо,
быць можа?..
Спытайся ў Бога...

П с і х
— Бог тут не паможа.
Людская справа — жыць і паміраць.

Т э л е в і з а р
— Прафесара злавілі!

А п е н д ы ц ы т
— Тваю маць!..
Яшчэ была апошняя надзея!..

Б е з Д ы я г н а з у
— І дзе злавілі?

Т э л е в і з а р
— Пад Бабруйскам недзе...

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык там жа пыл...

Т э л е в і з а р
— Яго ўзялі ў сяле...
Лясамі прабіраўся ён...
(Праз паўзу)
Але
Ніхто не атрымаў узнагароды,
Паколькі не на месцы галава...

А п е н д ы ц ы т
— Прыцягне зараз Грыжа...

Т э л е в і з а р
— Сыч-ка-ва...

А п е н д ы ц ы т
— Што Сычкава?..

Т э л е в і з а р
— Сяло завецца так,
Дзе доктара злавілі...

А п е н д ы ц ы т
— От, мудак,
Папаўся!..
Сто мільёнаў!.. Мне б мільён...

Б е з Д ы я г н а з у
— І што б ты з ім зрабіў?..

А п е н д ы ц ы т
— Прапіў бы!.. Ці гандон
Купіў бы...

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык хапіла б і на два...

Т э л е в і з а р
— Увага ўсім! Вяшчае галава!

Г а л а в а
— Суродзічы! Я ворага злавіў!
Прафесара скруціў! Інтэлігента
Смярдзючага!
Ён у Бабруйску жыў!
Хаваўся там! Ад арміі касіў!
Прыкінуўся дурным!
Ад пастаменту —
Майго! — ён — гад! —
вярхушку адкруціў!
Вярхушкі самі не растуць! Таму я
Вас прызываю ўсіх: на пасяўную!
Перад вайной
нам востра не хапала
Паліўна-змазачных матэрыялаў!
Ды мы перамаглі! На ўсю краіну
Цяпер у нас трафейнага бензіну!
Вылазь з траншэй, краіна, і ары!
На сеялкі, народ! На трактары!

А п е н д ы ц ы т
— І ўсё?..

Т э л е в і з а р
— Усё.

А п е н д ы ц ы т
— Ні слова пра вакцыну.
Пра галаву ні слова...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён цямніць...

А п е н д ы ц ы т
— Так выпіць хочацца!..
Бензін на ўсю краіну
Смярдзіць!..

Т э л е в і з а р
— Трафейны...

А п е н д ы ц ы т
— Нюхаеш?.. Алкаш!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Цямніць, каб не плаціць!..
Прафесар наш
Прыдумаў нешта...

Т э л е в і з а р да А п е н д ы ц ы т а
— Я не п’ю бензін!..

П с і х да Т э л е в і з а р а,
ківаючы на А п е н д ы ц ы т а
— Не звязвайся ты з ім...

А п е н д ы ц ы т
— Хоць бы адзін
Глыток лыкнуць!..
(Праз паўзу)
Забіў бы, блін, казла!..

Т э л е в і з а р
— Каго?

А п е н д ы ц ы т
— Якая розніца!..
(Убачыўшы Т у м б а ч к у з валізай)
Прый-шла...

Т у м б а ч к а
— Вітаю вас, нябожчыкі! Жывыя?..

Б е з Д ы я г н а з у
— А што табе да нас?

Т у м б а ч к а
— Дык не чужыя...

А п е н д ы ц ы т
— Нібыта не памерлі... Ты ўзяла?..

Т у м б а ч к а
— А ты як думаў?..
З галавой на шыі —
І каб не ўзяць...

Б е з Д ы я г н а з у,
гледзячы на поўную валізу
— На колькі ж ты здала?..

Т у м б а ч к а, дастаючы з валізы
галаву Д о к т а р а
— На шмат...
Яшчэ такое прыхапіла —
Во!..

А п е н д ы ц ы т
— Галава!.. Ну, Тумбачка, ты сіла!..
А Грыжа дзе?..

Т у м б а ч к а
— А Грыжа, сукін сын,
Пад паху галаву — і ў магазін!..

Т э л е в і з а р
— Са ста мільёнамі
пад пахай — да прылаўка?

Т у м б а ч к а
— Ага!.. А там натоўп!
Каля прылаўка даўка!
З вайны народ!
На шынялі шынель!
Усе крычаць: а ну гані ў каршэнь
Тылавікоў!..

А п е н д ы ц ы т
— Народ — за справядлівасць!

П с і х
— Ды за гарэлку ён...

А п е н д ы ц ы т
— Прасіў бы вашу міласць
Перамаўчаць!..
(Да Т у м б а ч к і)
І што далей?..

Т у м б а ч к а
— Далей
Хапалі ўсё!.. І крупы, і алей!..
А за гарэлку дык сапраўдны бой!
На Грыжу наляцелі — Божа мой:
“Прыпёрся з галавою запасной!
У два раты лыктаць!
Дык на ў лыктала!..”
Як галава — у выніку — упала,
Так я яе ўзяла і падмяла.

Б е з Д ы я г н а з у
— А што яшчэ ты чула?..
Дзе была?..

А п е н д ы ц ы т
— Якая розніца!..

Т у м б а ч к а
— Сантэхніка спаткала.
Героем стаў, як галавы не стала.

Б е з Д ы я г н а з у
— Яму яна без толку...

Т у м б а ч к а
— Не, шукае!..
Капае... Да лапаты — як прырос.

А п е н д ы ц ы т
— І што: не п’е?..

Т у м б а ч к а
— Як піць, калі не мае
Чым піць?..

А п е н д ы ц ы т
— Во помста! Боская!.. Святая!..
Па пляшку пасылалі —
не прынёс!..
Цяпер капай!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А як народ жыве?..

Т у м б а ч к а, дастаючы бутэльку
— Дык я ж казала: не жыве, а п’е.
Таму прашу і вас... Усіх частую!..

Г р ы ж а, уваходзячы
— Даруйце мне...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ага...

А п е н д ы ц ы т, узяўшы
ў Т у м б а ч к і бутэльку
— А хрэна! Не дарую!
Як піць — ты тут!
А ў нас — адна на ўсіх!

П с і х
— Дык я не п’ю...

Т э л е в і з а р
— І я не п’ю...

А п е н д ы ц ы т, наліваючы
— Не чую!
Кампанія!

Г р ы ж а
— Угавары іх, Псіх...

П с і х
— Угаварыць на што?..

Г р ы ж а
— Каб даравалі...
Бог вучыць дараваць...

А п е н д ы ц ы т
— Ты тралі-валі
Вусатаму круці!..

Г р ы ж а
— Мне не карціць
З ім сустракацца...

А п е н д ы ц ы т
— Чулі, што трындзіць?..
Нам, можа, павылазіла ў вачах:
І сто мільёнаў хапнуць —
на сябрах!
На іх галовах! —
Богу закарцела?!.

Г р ы ж а
— Дык не паспеў жа...

А п е н д ы ц ы т
— Тумбачка паспела!
А калі б не?.. Дык ты б гуляў і піў
На нашы кроўныя?!.
Ды ты за Юду горшы!..

Г р ы ж а
— Я сам нібыта галаву згубіў!
Як ніадкуль —
такая куча грошай!..
(Паказваючы на Т э л е в і з а р)
Ён спакусіў...
ну, той, што ў ім... з вусамі...

П с і х
— Слабыя ўсе,
як сказана ў Пісанні.
Але яшчэ ёсць подлыя...

Б е з Д ы я г н а з у да Г р ы ж ы
— Праходзь...

А п е н д ы ц ы т
— З ім? З Юдам піць?..
Было б тады ўжо хоць
Што піць!.. Адна на ўсіх!..

П с і х
— Ну як дабру са злом
Змагацца?..

Г р ы ж а з кілішкам
да А п е н д ы ц ы т а
— Будзь здаровы...

А п е н д ы ц ы т
— Каб з казлом
Я чокаўся!..
(Выпівае)
Як ластаўка ўляцела!..
Уратавала, Тумбачка... Паспела...

Б е з Д ы я г н а з у
— А смак які!..
Сапраўдны... Непадробны...

П с і х
— Армагедону чалавек падобны.

Т у м б а ч к а
— Давайце я спяю!..

А п е н д ы ц ы т, наліваючы
— Не тузайся, пастой...
Нальём,
каб паміж першай і другой,
Не праляцець, як той казаў, і кулі...
(Выпіваюць; А п е н д ы ц ы т, адразу ж наліваючы па трэцяй,
да Т э л е в і з а р а)
Ты, скрынка з вокам, будзеш піць?..

Т э л е в і з а р
— Дзве булі...
А, тры налі!..

А п е н д ы ц ы т, наліваючы
— Ты наш!..

Т у м б а ч к а
— Куды ты гоніш
Апендыцыт?..

Т э л е в і з а р д а А п е н д ы ц ы т а
— Што значыць ваш?.. Алкаш?

А п е н д ы ц ы т
— Ды не!.. Армагедонец!

Т э л е в і з а р
— Дык за армагедонцаў!..

А п е н д ы ц ы т да Т у м б а ч к і
— Заадно
За дам! Паехалі!..
(Выпіўшы, да Т э л е в і з а р а)
Ну як?..

Т э л е в і з а р
— Мне больш віно
Да смаку... Болей звыкла...

А п е н д ы ц ы т
— Звычкі зменіш...

Б е з Д ы я г н а з у, забіраючы
ў А п е н д ы ц ы т а бутэльку
— Чакайце... Во бутэлька...
Верх і дно...
А як гэта пітва не стала меней?..

Т у м б а ч к а
— Чароўная.

Г р ы ж а
— Скуль у цябе яна?..

А п е н д ы ц ы т,
спрабуючы вярнуць бутэльку
— Якая розніца!..

Б е з Д ы я г н а з у,
бутэльку не аддаючы
— Глядзіце: наліваю...
І хоць бы што...
зноў стала дапаўна...
Ну, Тумбачка...

Т э л е в і з а р
— Адвыкнеш ад віна
З такою тарай...
(Да Т у м б а ч к і)
Ча-раў-ні-ца...

Т у м б а ч к а
— Танга
Танцуеш?..

Т э л е в і з а р
— Паспрабую...

Т у м б а ч к а
— Я спяваю!..
Такая тайна ў танга!..
Жарсць такая!..

Т э л е в і з а р
— А як яго танцуюць?..

Т у м б а ч к а
— Проста
топчуцца!

Т э л е в і з а р
— Тады танцуем,
як каму захочацца!..
(Танцуюць, спяваючы)
Як я цябе кахаю, Божа мой!

Т у м б а ч к а
— Ах, Божа мой, як я цябе кахаю!
Я ўся твая!..

Т э л е в і з а р
— Увесь я твой!..

Т у м б а ч к а
— Ты мой…

Т э л е в і з а р
— Я млею, я ад шчасця паміраю!..

Т у м б а ч к а
— Дай я цябе да сэрца прытулю,
Дай я цябе сагрэю каля сэрца…

Т э л е в і з а р
— Я так цябе люблю,
люблю, люблю,
Кахаю так, што не баюся смерці!..

А п е н д ы ц ы т
— Ты паглядзі на скрынкі...
Як танцуюць!

Б е з Д ы я г н а з у
— Паслухай, Грыжа...
Ты ў нас з галавой...

Г р ы ж а
— Ды вунь яна, вярнуў...

Б е з Д ы я г н а з у
— Я не пра тую,
Я пра тваю... Тут гэты свет, ці той?

Т э л е в і з а р да Т у м б а ч к і
— Ах, як мне лёгка
танцаваць з табой!
Вучылася ты недзе?

Т у м б а ч к а
— У балеце
Для тумбачак!

Б е з Д ы я г н а з у да Г р ы ж ы
— Дык на якім мы свеце?

Г р ы ж а
— На гэтым...
Хоць, падумаўшы, на тым...

А п е н д ы ц ы т
— На двух адразу?..

Г р ы ж а
— Не, на тым адным...

Б е з Д ы я г н а з у
— А логіка якая?..

Г р ы ж а
— А такая:
Калі гарэлка стала дармавая,
Дык гэта не на гэтым свеце, не!

А п е н д ы ц ы т
— Тады нашто ён здаўся мне?..

Б е з Д ы я г н а з у
— І мне...

Г р ы ж а
— І я так думаю!
І вось што прапаную:
Паколькі ўсё адно мы мерцвякі,
Давайце галаву здадзім... Такую
Цану даюць!.. За труп!..

Т у м б а ч к а да Т э л е в і з а р а
А ты такі
Гарачы...

Т э л е в і з а р
— Дарагая... я згараю...

Т у м б а ч к а
— Ад току?..

Т э л е в і з а р
— Ад кахання...

Т у м б а ч к а
— Не згарай...
Да ночы патрывай...

Т э л е в і з а р
— О, ці ўтрываю...

А п е н д ы ц ы т да Г р ы ж ы
— Прадаць прафесара?..
А нас не выпруць з раю?..
Г р ы ж а
— Ды мы за сто мільёнаў
купім рай!
Уладу возьмем і сваіх законаў
Навыдумляем!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Бляха!.. Сто мільёнаў —
Цана...

Т э л е в і з а р да Т э м б а ч к і
— Я не магу трываць...

Т у м б а ч к а
— Трывай...
Танцуй... спявай... іграй...

Т э л е в і з а р
— Спяваю... граю...

Т у м б а ч к а
— О, як цудоўна!..
Я ў чароўным сне!..
Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, што, Апендыцыт?..
— Гарэлка дармавая!
Нашто нам галава?..

Г р ы ж а
— І пахне!.. Загнівае!..

А п е н д ы ц ы т
— Э, блін!..
Здадзім, пакуль яшчэ ў цане!..

Д о к т а р, уваходзячы з С я с т р ой
— Вітаем вас!

С я с т р а
— Дзень добры! Не чакалі?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, вось і здалі...

А п е н д ы ц ы т
— Сто мільёнаў... блін...

Д о к т а р
— А мы ўцяклі!

Б е з Д ы я г н а з у
— А мы тут меркавалі...

А п е н д ы ц ы т
— Мы думалі...

Д о к т а р
— Што я збягу адзін?

Г р ы ж а
— Так... што адзін...

Д о к т а р
— Каб не было Рэгіны,
Дык мне б — кранты!
Рэгіна — бомба, міна!

Б е з Д ы я г н а з у
— Вы ў сэнсе сексу?..

Д о к т а р
— Ды пры чым тут секс!

С я с т р а
— Што гэта ў тэлевізары за трэск?..

Т у м б а ч к а
— А ён таксама
ў сэнсе сексу — бомба.

Д о к т а р
— Краіну ўсю ўскапалі!
Катакомбы!
Траншэі скрозь! Акопы і равы!

Б е з Д ы я г н а з у
— А як там Галава?

Д о к т а р
— Без галавы!

А п е н д ы ц ы т
— Ён уляцеў, як мы?..

Д о к т а р
— У тую ж лузу!

Г р ы ж а
— А вашу галаву мы збераглі...
Во... цэлая... на месцы...

Д о к т а р
— Грыжа, вы
Герой!

Г р ы ж а
— Служу Савецкаму Саюзу!
(Падае Д о к т а р у галаву)
Дапамагчы прыладзіць?..
Ці вы самі?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Сястра... цябе дапытваў той...
з вусамі?..

С я с т р а
— Палез адразу! Я і заразіла!..
Дала, каб уцячы.

А п е н д ы ц ы т
— Ну, ты, Рэгіна, сіла!

Б е з Д ы я г н а з у да Д о к т а р а
— Не прырастае?..

Г р ы ж а
— Доктар, дзе ваш рот?..
Вы як прыставілі?..

Д о к т а р
— Хіба наадварот?..
Адвык...
Хоць так і так не прырасце...
Вакцына трэба...

С я с т р а
— Мне на жываце?..
На спіне?.. Як даваць?..

Т у м б а ч к а
— Якая бл...дзь…

С я с т р а
— Прафесар!
Растлумачце!.. Абзываць
Мяне тут будзе
кожная драўляшка!..

Т у м б а ч к а
— Так! Я драўляшка!
Але я — не бл...дзь!

С я с т р а
— Прафесар!

Д о к т а р
— Дамы! Дамы!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Тумба, сядзь!..
(Да Д о к т а р а)
Вы прапануеце
клін клінам выбіваць?..
А што ж правізар ваш?..

Д о к т а р
— З правізарам прамашка
Яго раскрылі... Сёння замялі
Яго ў Бабруйску...
І зрабіць змаглі
Мы, што паспелі...
Карацей, вакцыну
Прыгатавалі, ды ўсяго сто грам,
Якія я ўкалоў…

А п е н д ы ц ы т
— Ну?..

Д о к т а р
— У Рэгіну.

Б е з Д ы я г н а з у
— Не засталося ані кроплі нам?
Нам загінацца?..

А п е н д ы ц ы т
— Кайфу ў гэтым мала...

Д о к т а р
— Ну, як сказаць...
Рэгіна ж запытала,
Як вам даваць?..

А п е н д ы ц ы т
— Дапёр! Вакцына ў ёй!..
І як уколы ў нас яна шпыняла,
Так мы ў яе — шпрыцы!..
Ой, з галавой!..
Ой, хітры, доктар!..

Д о к т а р
— Ды вакцыны ўсёй
На ўсіх не хопіць...

А п е н д ы ц ы т
— Наша буравая
Дастане!..

Д о к т а р
— Уласцівасці губляе
Вакцына ад гарэлкі, цыгарэт...

Т у м б а ч к а
— Ты п’еш і паліш...

С я с т р а
— І раблю мінет!

Д о к т а р
— А тут яшчэ як бачыце вы, нервы...

Т у м б а ч к а
— Чаму ўсё ёй адной?..
На ёй сышоўся свет?..

Д о к т а р
— Гарантыя таму,
хто будзе першы.
Ці, можа быць, другі...

Г р ы ж а
— А трэці пацыент
Фанерай пралятае над Парыжам?..

Д о к т а р
— Калі заўгодна, так.

А п е н д ы ц ы т
— Куды ты, Грыжа?

Г р ы ж а, выходзячы
— А што мне тут лавіць?..
Надоі ў рыжай —
Сто грам на двух.

А п е н д ы ц ы т
— Уніз пайшлі надоі...

Б е з Д ы я г н а з у
— А ў чым праблема?..
Нас тут роўна двое...
Прафесар... я мяркую, вы з сястрою
Ужо паспелі...

С я с т р а
— Не! Вас роўна трое.
Калі таго... з вусамі... не лічыць.

Б е з Д ы я г н а з у да Д о к т а р а
— Не можа быць...
Я не магу ўявіць,
Каб шанец свой вы
з ёй не скарысталі...

А п е н д ы ц ы т
— Вы, доктар,
не разводзьце тралі-валі!
Такое не ўпусціў бы і студэнт!

Д о к т а р
— Мог скарыстаць!
Але эксперымент
Павінен чыстым быць!
Так прывівалі
Сабе ўрачы і воспу, і чуму!

С я с т р а
— Сама дала б я першаму яму!
Адмовіўся!

А п е н д ы ц ы т
— Свой шанец... нам аддаць?..
Чаму, прафесар?

Б е з Д ы я г н а з у
— Хоча стаць героем...

А п е н д ы ц ы т
— Тады нас трое... Трэба выбіраць...

С а н т э х н і к,
урываючыся разам з Г р ы ж а м
— А я, капаць вам не перакапаць!
Капаю там,
а тут яны
з сястрою!
І здох бы там, як крот,
калі б не Грыжа!..
(Да С я с т р ы)
А ну — давай!..

С я с т р а
— Прэч, вантуз! Ненавіджу!..

С а н т э х н і к
— Вось я ў цябе
свой вантуз і ўваткну!..
(Да А п е н д ы ц ы т а і ўсіх)
Не падыходзь!
Качан знясу лапатай!..
(Гвалтуючы С я с т р у)
А ну!.. Вось так!.. А ну давай!.. А ну
Ушыркі ногі, курва!.. Адцягну...
Мне першаму... Акопніку... Салдату...
Герою... Пехацінцу... Я вайну
Прайшоў... А вы ў чацвёртую палату
Схаваліся!.. І дралі ўсе адну!..
А ну!.. Дзе галава мая!?.
Ну!!
Ну!!! ...
(Усё зрабіўшы і выходзячы)
Чарга за вамі. Весялей, рабяты!..

А п е н д ы ц ы т
услед С а н т э х н і к у
— Ну, ты і падла, Грыжа...

Б е з Д ы я г н а з у
— Сукін сын...
Два з трох было... Цяпер адзін?..

Д о к т а р
— Адзін.

Г р ы ж а
— Я думаў, што ён трэці... справядліва...

С я с т р а
— Чаму яму па карку не далі вы?..

А п е н д ы ц ы т
— Ды хто ж чакаў, што так...

С я с т р а
— Сантэхнік! Што чакаць?..
Цяпер лічыцеся!..

А п е н д ы ц ы т
— Прыйшоў — і адвантузіў...
(Да С я с т р ы)
А ты чаго круцілася! На пузе,
На жываце і ракам!.. Ах ты бл...дзь!..

С я с т р а
— А што было рабіць мне?

А п е н д ы ц ы т
— Не даваць!
У нас чарга! І мы культурна тут
Стаім! Прафесары!.. Інтэлігенты!..

П с і х
— Усім вам без чаргі
на Страшны Суд.

Д о к т а р
— Прапала чысціня эксперыменту.

А п е н д ы ц ы т
— А дзе бутэлька?..
Дзе гарэлка, блін!..
Эй, скрынка з вокам?
Пляшку ты затарыў?..

Т э л е в і з а р
— Я тут здзічэў...
Зусім адвык ад він,
Ад флёру, ад жанчын у будуарах...

Г р ы ж а
— Папаўся на гарэлцы і на шмарах.

Т э л е в і з а р,
заступаючыся за Т у м б а ч к у
— Не зневажаць! У ёй парода! Кроў
Блакітная!.. Не вам раўняцца!..

А п е н д ы ц ы т
— Ціха...
Аддай бутэльку...

Т у м б а ч к а
— Нездарма я ў Псіха
Сягоння брала кніжку пра любоў...
Каханы мой!..

Т э л е в і з а р
— Каханая!..

Т у м б а ч к а
— Мы крэўна,
Навекі разам?..

Т э л е в і з а р
— Разам, каралеўна!..

Т у м б а ч к а
— І ты не заўважаеш...

Т э л е в і з а р
— Што?..

Т у м б а ч к а
— Што я
Такая вуглаватая...

Т э л е в і з а р
— Мая
Нявеста...

А п е н д ы ц ы т
— А ў тваёй нявесце
Няма закускі?..
(Шукае). Пуста...

Т у м б а ч к а
— Там — душа...
І я прашу ў душу маю не лезці...

С я с т р а
— Во рай каму... Не трэба й шалаша...

Т у м б а ч к а
— Палата ёсць...

Т э л е в і з а р
— Не!.. Я ў палац крыштальны
Цябе вазьму!
Там спеў нябёс харальны!
Там райскі сад! Шаўковая трава!..
(Уключаецца) А, блін!

Т у м б а ч к а
— Што — блін?..

Т э л е в і з а р
— Вяшчае Галава!

Працяг будзе