12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Армагедон.
Драма на дзве дзеі. (Працяг)



Пачатак
у №1-2 (44-45).


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Насельнікі гэтага свету:
А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
Б е з Д ы я г н а з у
П с і х

Насельнікі таго свету:
А р м а г а д о н
А м а р г а д о н
М а л о д ш ы Б р а т
Д а ч к а
Г а н е ц

Персанал шпіталю:
Д о к т а р
С я с т р а

Падвойныя персанажы:
Г а л а в а
П у с т ы
Я н а

Рэчы:
Т э л е в і з а р
Т у м б а ч к а
Г а н д о н
Л і х т а р ы к

Міты:
Б э н Л а д э н
К Г Б
С а н т э х н і к

Стан:
Д у ш а

З’ява:
Г а н е ц



Дзея другая

Шпітальная палата
з Т э л е в і з а р а м, Т у м б а ч к а й,
чатырма зэдлікамі і чатырма ложкамі,
на спінках якіх бюлетэні хворых
з прозвішчамі: ГРЫЖА, ПСІХ, АПЕНДЫЦЫТ, БЕЗ ДЫЯГНАЗУ.
Г р ы ж а і Б е з Д ы я г н а з у
на сваіх ложках, А п е н д ы ц ы т ляжыць на падлозе. Ложак П с і х а пусты, каля яго Д о к т а р
і С я с т р а. З’яўляецца Г а н е ц.

Г а н е ц, праходзячы да ложка П с і х а
— Ён лёгка паміраў…
Як паміраюць
Святыя, што сыходзяць на зямлю
І зноў на неба ўзносяцца…
“Люблю!” —
Яны апошнім дыхам выдыхаюць.

Ён ціха паміраў… Сябе самога
Ён пакідаў, шкадуючы траіх
Сваіх знаёмцаў новых, і за іх
Маліўся ён, прасіў спагады ў Бога:
“Даруй і прасвятлі Ты іх,
Гасподзь,
Адкрый ім тое, што ад іх схавана…”

Ён светла паміраў…
Як воск, згарала плоць,
Свяцілася душа… Але зарана
Сабралася ўзлятаць яна,
Яе
Два галасы за два крылы трымалі,
Ужо чужыя — і яшчэ свае:

Д о к т а р, імітуючы аперацыю

— Ціск?.. Пульс?..

С я с т р а

— Няма…

Г а н е ц
— О, як жа заміналі
Яны яму!.. Ягонае жыццё
Пракручвалася,
быццам кінастужка:
Вось бацька яго гушкае, дзіцё,
А вось ён сам дзіцё сваё загушкаў –
Як хутка ўсё!..

Вось ён згубіў жытло,
Сям’ю,
Пайшоў па свеце…
“Што ж было
Яшчэ? —
ён спрабаваў згадаць. — Нічога?..”
І раптам
пра
несправядлівасць Бога
Падумаў ён, жахнуўшыся самога
Сябе! — і тут жа пугай небыцця
Яго, нібы маланкай, жыганула
З нябёс!.. — і ўсё-ткі
на мяжы жыцця:
“Бог — гэта я…” — ён выдыхнуў,
Хаця,
Магчыма, што сястра,
заплакаўшы,
не так яго пачула…
(Выходзіць, выводзячы з сабой
Д о к т а р а і С я с т р у,
размінаючыся ў дзвярах
з А р м а г а д о н а м)
Г р ы ж а да А р м а г а д о н а
— Вітаем, брат!..
Ты з чым да нас?
(Круціць пальцам каля скроні)
З вальтом?
Хоць што пытаць… Відаць…
Прашу!..
У Белы дом!..

Б е з Д ы я г н а з у
— У Белы дом!
З гаспадаром знаёмы?..

А р м а г а д о н
— Знаёмы.

Г р ы ж а да Б е з Д ы я г н а з у
— Во!.. Ён свой у кожным доме!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, дык не дзіва: Бог!

А р м а г а д о н
— Я штосьці кшталту Бога…

Б е з Д ы я г н а з у
— Што значыць кшталту?.. Гэта Бога многа
Ў табе, ці ўсё-ткі
Бога малавата?

А р м а г а д о н
— Для вас даволі…

Б е з Д ы я г н а з у
— Што: на ўсю палату?..
Тады ты Бог!
(Да Г р ы ж ы)
А ў псіхі кандыдатам
Ён зарэгістраваўся?..

Г р ы ж а да А р м а г а д о н а,
нібыта ўспомніўшы
— Як ты ў час
З’явіўся! Сёння ж выбары
у нас!
На месца Псіха!
(Мітусіцца)
Зараз… Рэ-гі-стру-ем… І галасуем…
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Выбарчую скрынку
Сюды!..

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а, штурхаючы
Т э л е в і з а р на сярэдзіну палаты
— А да свабоды слова і да рынку
Ты як адносішся?
Да ўсякіх там правоў?..

А р м а г а д о н
— Я дэмакрат.

Б е з Д ы я г н а з у,
здымаючы са спінак ложкаў
бюлетэні з прозвішчамі
— Тады без лішніх слоў!..
Кідаем бюлетэні… Імянныя!..
Каб бачыў ты пасля, хто за якія
Кандыдатуры голас свой аддаў…
(Раздае бюлетэні)
Табе я даў…
(Апроч свайго,
пакідае сабе бюлетэнь П с і х а)
Сабе таксама ўзяў…
Усё тут: прозвішча…
імя… дыягназ… год
Народзінаў…

А р м а г а д о н
— Нашто імя і год?..

Б е з Д ы я г н а з у
— А раптам наш народ
Прагаласуе супраць ананімна?
А так — хай паспрабуе!..

А р м а г а д о н
— А кабіны?..
А спісы дзе?…

Б е з Д ы я г н а з у
— Кабіны, спісы… Кінь ты!..
(Кідае абодва бюлетэні)
Я за цябе!

Г р ы ж а
— І я!

А п е н д ы ц ы т,
лежачы падымае руку
— І я…

Б е з Д ы я г н а з у, забіраючы
ў А п е н д ы ц ы т а бюлетэнь
і кідаючы яго да астатніх
— Гатова!..
Аднагалосна!

А р м а г а д о н, спачатку гледзячы
на ўвайшоўшых Д о к т а р а
і С я с т р у, потым — у залу
— Не…
А вось яны?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Яны датэрмінава
Прагаласуюць!.. Я сказаць хацеў:
Ужо прага… сава…

А р м а г а д о н
— Савалі?..
Калі спалі?..

Д о к т а р
— Усе мы ў сне…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ад-на-га-лос-на!

А р м а г а д о н
— Не!
Яны ж мяне не ведалі, не зналі…

Г р ы ж а
— Ды хто ж цябе не ведае!

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а,
які дапамагае яму падняцца
— А ён…
Ён хто?..

Д о к т а р да А р м а г а д о н а
— Вы хто?

А р м а г а д о н
— Армагадон.

С я с т р а
— Яшчэ адзін вар’ят
да ўсіх вар’ятаў.

А п е н д ы ц ы т
— А той, які Амаргадон…

А р м а г а д о н
— Той — брат мой.
Сярэдні, калі вам цікава тое.

А п е н д ы ц ы т
— І колькі вас, Амаргадонаў?

А р м а г а д о н
— Трое.
І не Амар-гадонаў, а Арма-
гадонаў…

Г р ы ж а
— Што? Арма?
Гадонаў?!.

А р м а г а д о н
— Гэта ты дарма.

Г р ы ж а
— Што я дарма?

А р м а г а д о н
— Крычыш дарма. Хоць, можа,
І ў самы час…
Канец вам. Я па вас.
На зборы пяць хвілін даю.

С я с т р а
— О, Божа!..

А п е н д ы ц ы т
— Дык нас ужо канчалі адзін раз.
Тут быў канец…

Б е з Д ы я г н а з у
— А на другі ўжо грошай
Няма!
Хоць ты Амар,
Хоць ты Арма —
Няма! Няма! Няма!..

А р м а г а д о н
— Хіба я вам пра грошы
Казаў? Я не казаў…

Г р ы ж а
— І брат твой не казаў,
А ўзяў!.. Ці ты харошы,
А брат твой горшы, га?..
(Дражніцца)
Пас-лан-цы неба…
(Падскоквае да А р м а г а д о н а)
Ваш бацька хто — бандыт?
Бэн Ладэн?

С я с т р а
— Ой, не трэба
Такіх пытанняў задаваць яму!

А р м а г а д о н
— Чаму ж не трэба…

Б э н Л а д э н, з’яўляючыся
— Праўда што, чаму?
Я што: пачвара?
Хто я: чорт рагаты?
Прыдумалі: Бэн Ладэн вінаваты
Ва ўсім! У чым?
У тым, што скрозь вар’яты?
Распуснікі, забойцы, махляры?..
Свет круціцца, нібы гаўно ў віры,
А вы: Бэн Ладэн!..

Г р ы ж а
— Ладна, ладна, ладна…

Б э н Л а д э н
— Што ладна, ладна?
Хто для вас Бэн Ладэн?
Арабскі тэрарыст!..
А мне арабы рады,
Як дзеці Дзед-Марозу!
Вам Бэн Ладэн
Чужы, а ім я — крэўная радня!
Я экстрэміст?.. А вы?...
Ды не было ні дня,
Каб мог я мірна спаць
і дыхаць вольна
На той зямлі, дзе нарадзіўся я!
Хіба я супраць разам быць,
супольна
З усімі жыць? Не супраць.
Вы зямлю
Маю
Аддайце мне — і я вас палюблю.
Малюеце з Бэн Ладэна карціну:
Пагроза міру ў свеце!..
А між тым
Не лезуць хай габрэі ў Палестыну –
І ўсё! І мір!.. Ну, можа, не зусім…
Жывіце са свайго, а не з чужога,
Не хапайце адзін у аднаго!..
Ніводны з вас не лепшы за другога,
Няма на свеце Бога, апроч Бога,
І толькі Магамет прарок Яго!
Таму цішэй давайце, без амбіцый…
Амерыцы не трэба так хваліцца
Сваёю дэмакратыяй,
Дзяліцца
Багатым трэба з беднымі
(Раптам)
Аддаць
Смаленск і Вільню
бедным беларусам!
Бабруйск і Магілёў не бамбаваць!
Усім ісці міралюбівым курсам
Бэн Ладэна!..
(На С я с т р у)
Прымусіць гэту курву
Мне даць! Вянуць мне
галаву і твар!
Дзяржаўную сімволіку!
З партрэта
Узяць, калі згубілася!..
У гета
Прафесара!..

А п е н д ы ц ы т
— Ды гэта ж
Канец свету…

Б э н Л а д э н
— Алах акбар!
І слава Магамету!
К Г Б, з’яўляючыся разам
з Т у м б а ч к а й
— Каму пяюць тут славу?..
Слаўна, слаўна…
(Да Б э н Л а д э н а)
Таварыш Без Дыягназу не вы?

Б э н Л а д э н
— Я без дыягназу?..
Забаўна…

К Г Б
— Што — забаўна?..

Т у м б а ч к а, паказваючы
на Б е з Д ы я г н а з у
— Ён
Без Дыягназу.

Б е з Д ы я г н а з у
— Здала…
(Замітусіўшыся перад К Г Б)
Капаць равы!
Траншэі рыць!..

К Г Б, разглядваючы
Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ён без галавы
На нашых данясеннях…
(Да Д о к т а р а)
Ці ўсё ж вы
Займелі ратавальную вакцыну?..
Каналы! Яўкі! Дзе і праз каго?
Праз гэтага араба? Праз яго?
(Да Б э н Л а д э н а)
Ты хто?

Б э н Л а д э н
— Бэн Ладэн.

К Г Б, кідаючыся на Б э н Л а д э н а
— Ты прадаў ім міну
Біялагічную?!.

Б э н Л а д э н
— Стаяць!..
Ты на каго?..
Ты з кім?..
Ты… тваю маць!..

К Г Б
— Даруйце!..
Без вусоў… вас не пазнаць…

Б э н Л а д э н
— Ба-ран!

К Г Б
— Так точна!

Б э н Л а д э н
— І-ды-ёт!

К Г Б
— Так точна!

Б э н Л а д э н
— Асёл! Ішак!

К Г Б
— Так точна! Точна так!

Б э н Л а д э н
— Ты дзе вычыўся? На каго?..

К Г Б
— Завочна
На КГБ…

Б э н Л а д э н
— На мудака!

К Г Б
— Так точна!
На мудака!

Б э н Л а д э н
— Мудак!..
Раскрыў! Сарваў… Такая маскіроўка
Прапала:
Галава без галавы!
Ды ад Калумбіі да самай Калымы
Ніхто не пазнаваў!..

К Г Б
— Вы гэта лоўка
Прыдумалі!.. Я не пазнаў адразу…
Ды я і зараз вас не пазнаю…

Б э н Л а д э н
— На Калыму сашлю!
У лагеры згнаю!
Вакцына дзе?!
Дзе лекі ад заразы?!.

Б е з Д ы я г н а з у
з крокам наперад,
заміраючы поруч з К Г Б
— Усё ў адным! Зараза і вакцына
У гэтай рыжай!

Б э н Л а д э н да С я с т р ы
— У табе?.. За мной!

С я с т р а, спрабуючы збегчы
— Я не пайду!

Б е з Д ы я г н а з у,
ловячы С я с т р у
— Куды, зараза?.. Стой!..

С я с т р а
— Прафесар!.. Доктар… Леў…

Д о к т а р
— Твой доўг, Рэгіна…

С я с т р а
— Мой доўг?.. Прад кім?..
Мне гэты харавод
Во тут!..

А р м а г а д о н
— А тут Радзіма… Тут народ…

С я с т р а
— Я не хачу!..

К Г Б
— Пайшла давай, карга!
Радзіма кліча!

А р м а г а д о н
— Так, яе чарга…

Б э н Л а д э н да К Г Б,
паказваючы на А р м а г а д о н а
— Хто… гэты?..

К Г Б
— Знаць не знаю!

Б э н Л а д э н, выводзячы С я с т р у
— Дык дазнацца!

К Г Б услед Б э н Л а д э н у
— Ёсць дык дазнацца!..
(Да А р м а г а д о н а)
Будзем прызнавацца,
Ці што?..

А р м а г а д о н
— У чым?

К Г Б
— Ты хто? З якога краю?

А р м а г а д о н
— Армагадон. З нябёс.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дазвольце!

К Г Б
— Дазваляю.

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён
Сын Бэн Ладэна.

А р м а г а д о н
— Не прызнаю!..

К Г Б да Б е з Д ы я г н а з у
— Прызнае.
Давай далей.

Б е з Д ы я г н а з у,
чакаючы рэакцыі К Г Б
— Рвануў ён Пентагон
І два дамы ў Амерыцы…

К Г Б
— Ну, гіцаль…

Б е з Д ы я г н а з у
— Цяпер да нас прыпёрся,
каб прабіцца
У Белы дом…

К Г Б
— У нас не Вашынгтон!

Б е з Д ы я г н а з у
— Так точна!
Але ж белая
Бальніца!

К Г Б
— У сэнсе…

Б е з Д ы я г н а з у
— Так!

К Г Б
— У гэтым сэнсе згодны.
Хоць на араба мала ён падобны…

Б е з Д ы я г н а з у
— Так точна! Ён…

К Г Б
— Чачэн…

Б е з Д ы я г н а з у
— Чачэн!

Г р ы ж а, каб не застацца ўбаку
— Ма-а-чыць ка-а-зла!..
У, гад! Абрэк! А моцны!..
Як скала…
Я не слабы, а ён…
(Да А р м а г а д о н а)
Пусці!..
Твая ўзяла.

А р м а г а д о н
— Я ўсіх вас папярэдзіў:
пяць хвілін.

К Г Б да А р м а г а д о н а
— На кэгэбэ папёр?..
Ты… сукін сын…
Асёл! Ішак! Арыштаваць!

А р м а г а д о н…
— Ды ну!..

К Г Б
— Я пакажу табе
чачэнскую вайну!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Ліквідаваць!

А р м а г а д о н
— Калі ліквідаваць,
Дык лікві… лікві…
Пстрык!..

Г р ы ж а ўслед знікламу К Г Б
— Ну, не хрэна сабе…
(Да А р м а г а д о н а)
Ты што…

А п е н д ы ц ы т да А р м а г а д о н а
— Ты хто, мужык?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дзе дзеў ты КГБ?!.
Хрыбет дзяржавы!
Нам на чым стаяць
Цяпер?..
На пустаце?..
На пыле?..

А р м а г а д о н
— Роўна пяць
Хвілін на зборы!
Ні хвіліны болей.

Г р ы ж а
— А рэчы браць?

А р м а г а д он
— Там ёсць усё.

А п е н д ы ц ы т
— Даволі
Там усяго…

Г р ы ж а
— А ты скуль можаш знаць?

А п е н д ы ц ы т
— Я ўсюды быў…

А р м а г а д о н
— Хто першы?

А п е н д ы ц ы т
— Той, хто першы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Як жыць цяпер?..
Я першы… Я!.. Завершым
Дастойна шлях!..
(Да А р м а г а д о н а)
Іду… іду… іду…
Але куды?.. куды?..

Т у м б а ч к а
— Сюды во! У…

А п е н д ы ц ы т
— Ну… ну…

Т у м б а ч к а
— Куды Вас Псіх паслаў!

Г р ы ж а
— Не пасылаў ён…

Т у м б а ч к а
— Самі
Сюды вы захацелі!
Не?..

Б е з Д ы я г н а з у
— А першы быў… з вусамі…
Не я…

А п е н д ы ц ы т
— Не ты?..

А р м а г а д о н
— Тут чалавек быў з вамі
Якога звалі Псіхам вы…

Г р ы ж а
— Ну, звалі…
Бо псіх…

А р м а г а д о н
— Дык гэта быў вам Божы знак,
А вы не ўбачылі, не распазналі…

Т у м б а ч к а здзекліва
— Каму распазнаваць?..

А п е н д ы ц ы т
— Чакайце… Я ніяк
Не даганю…
Быў знак?
Які?..

А р м а г а д о н
— Цяпер ніякі!
Цяпер канец!

А п е н д ы ц ы т
— Так проста?..

А р м а г а д о н
— Проста так.

Б е з Д ы я г н а з у
— Жахліва як…
(Да А р м а г а д о н а)
Ты б расказаў пра знакі…
Суняў бы жах…
Дык што рабіць мне?..

А р м а г а д о н
— Крок.
Са змроку выйшаў —
і назад у змрок.

Б е з Д ы я г н а з у
— Як страшна…

А р м а г а д о н
— Што тут страшнага! Здавён
Такі закон!

Б е з Д ы я г н а з у
— А нельга той закон…
Амаргадон?..

А р м а г а д о н
— Я не Амар-гадон!
Арма!.. І не купляюся!..

Г р ы ж а
— Дарма
Ты так крычыш…
На ўсю бальніцу звон.
Давай спачатку: ты, Армагадон,
Малодшы брат?

А р м а г а д о н
— Старэйшы.

Г р ы ж а
— Так…
А той,
Які нас тут палохаў пустатой…

А р м а г а д о н
— Амар... Сярэдні.

Г р ы ж а
— А малодшы?..

А р м а г а д о н
— Ён…

Г р ы ж а
— Ну… Хто ён? Што?..

А р м а г а д о н
— Пайшоў і не вярнуўся.

Г р ы ж а
— Куды пайшоў?..
Кажы, раз заікнуўся…

А р м а г а д о н
— Да вас пайшоў! Па Галаву яго
Паслаў наш Бацька…
Тут ён спакусіўся
Зямной уладай! І ў яе ўсяліўся…

А п е н д ы ц ы т
— У што ён усяліўся?.. У каго?..

Б е з Д ы я г н а з у
— У Галаву… Усякая ж улада
Ад Бога…

А п е н д ы ц ы т,
паказваючы на галаву
— Дык у нашага… у гада…
Во тут…

А р м а г а д о н
— Мой брат. Сядзіць —
і не дастаць.
Такі ўжо дурань —
проста не сказаць.

Г р ы ж а
— Ну дык малодшы…
Не Іванам зваць?

Б е з Д ы я г н а з у
— Івангадонам…
(Да А р м а г а д о н а)
Ці Абрам?.. Аўрам?..

А р м а г а д о н
— Навошта ведаць вам?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Цікава ведаць нам,
Хто там, у Галаве…
Дык браціка забраць
Пасланы ты?..

А р м а г а д о н
— Жывым ці мёртвым. Знаць
Яго не хоча Бацька,
пра спагаду,
Пра літасць чуць не хоча…

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык Бэн Ладэн...
Якая ж літасць… Калі сын дурэе –
На крыж яго!…
А вы… Ай, малайцы
Браты!..

Д о к т а р, убачыўшы
ўвайшоўшую С я с т р у
— Браты…

А п е н д ы ц ы т
— Паўсюль адны габрэі:
Што напачатку свету —
што ў канцы.

Д о к т а р
— Браты… Сястра…

Т у м б а ч к а
— О, Божа…

Г р ы ж а
— Во натыркаў…
(Да С я с т р ы)
Ён гэта як?..

Т у м б а ч к а
— Маньяк…

Г р ы ж а
— Ён чым цябе?..

С я с т р а
— Прабіркай…
Ён у яе сабраў усё…
Я — дзірка…
Мяне і так… і гэтак…
Мясам… шклом…
Ды праваліся гэты сексадром!
Я не хачу!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Чаго не хочаш?

С я с т р а
— Жыць!

Б е з Д ы я г н а з у
— Няма праблемы…
(Да А р м а г а д о н а)
З ёй бы і рашыць,
Армагадон?.. Як з першай…

Д о к т а р
— Не! Сама!
Яна сама… Нядоўга ёй…

С я с т р а
— Нядоўга...
А што там, Леў?.. Дарога?

Д о к т а р
— Так… Дарога…

С я с т р а
— І Бог?

Д о к т а р
— І Бог…

С я с т р а
— А мамы там няма?..
Дзе мая мама?.. Мама, мама, ма…

Д о к т а р
— Не плач, не плач…
Я за цябе гатовы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Гатовы? За яе?..
Дык, калі ласка!..

Т у м б а ч к а да ўсіх
— Хто вы?..

А р м а г а д о н
— Яны — яны…
(Да Д о к т а р а)
А брат мой нездаровы
Зусім?.. Ці як?..
Ну, скажам, помніць брат,
Што ён з Армагадонаў?..

Т э л е в і з а р
— Акурат
Брат выступае… Паказаць?..
(А р м а г а д о н згодна ківае)

Г а л а в а
— Віват!
Вітаю Магілёў! Бабруйск!
Гародню! Брэст!
У рэшце рэшт канец!
Канец у рэшце рэшт!..

А р м а г а д о н
— Не трэба!.. Адключы!..

Т у м б а ч к а, гледзячы
на пагаслы Т э л е в і з а р
— Які глыбокі змест…

А р м а г а д о н
— У рэшце рэшт канец,
Канец у рэшце рэшт…
(Да Д о к т а р а)
А вы: пратэст, пратэст…
Каму пратэст? Яму?..
І нельга яго вылечыць?

Д о к т а р
— Чаму?..
Я б мог паспрабаваць…

С я с т р а
— Леў, ты не Бог...

Д о к т а р
— Не Бог…
Але мяжа, Рэгіна… Край. Парог.

Б е з Д ы я г н а з у да Д о к т а р а
— Мяжа, парог…
Чаго ж не дапамог
Ты Псіху?.. Га?.. І я здаровым лёг,
А стаў якім?..

А р м а г а д о н да Д о к т а р а
— Дык вылечыце брата?

С я с т р а да Б е з Д ы я г н а з у
— У смерці Псіха
Леў не вінаваты!
(Да А р м а г а д о н а)
Той сам на неба… У сваю чаргу…

А р м а г а д о н
— Я ведаю…
(Да Д о к т а р а)
Дык што?..

Д о к т а р
— Паспрабаваць магу.

А р м а г а д о н
— Дык паспрабуйце…
Я тады ўжо вам…

Б е з Д ы я г н а з у
— Чаму яму?.. Усім!..

А р м а г а д о н
— Усім скажу: ён там,
Яшчэ на небе ў нас,
быў дзіўны…
Жыць не можа
Мой брат,
калі кагосьці не прадасць,
Не здрадзіць некаму…
І здрада ў ім, як страсць,
Кіпіць, бруіць, віруе…
Мне казаць
Пра гэта сорамна,
ды раптам дапаможа
Вам гэта зразумець выток,
прычыну…

Т у м б а ч к а
— Божа,
Твае сыны!..
Куды ж бацькі глядзяць?

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а
— Ну, ты здзівіў!..
І здрадзіць, і прадаць
І ў нас не дзіва…
Сябра, бацьку, брата…
Я сам прадаў…

А р м а г а д о н
— Каго?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не ведаеш? А Бог!..
Ды ты б мяне даўно ў барані рог
Скруціў, калі б ты быў…
Дзе кара?
Дзе расплата?..

А р м а г а д о н
— Дык вось яна: чацвёртая палата.

Б е з Д ы я г н а з у
— І чым тут горш, чым там?..
Ці там, чым тут?..

Д о к т а р
— Быў Брут і Цэзар…
Цэзар быў і Брут…

Б е з Д ы я г н а з у
— І Каін з Авелем,
і многія былі…
Апендыцыт… і Грыжа…

А п е н д ы ц ы т
— Што?..
(Штурхае Б е з Д ы я г н а з у
да Г р ы ж ы)
А ну давай валі
Адсюль!

Г р ы ж а, пачынаючы бойку
— А ну давай валі!..

Т у м б а ч к а
— У ложкі ўсе!..
Бардак тут развялі!
Сястра!..

С я с т р а
— Усім ляжаць!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ты перасцялі…

С я с т р а
— Перасцялю! Ты выпісаны!

Б е з Д ы я г н а з у
— Як?..

С я с т р а
— А так!

Б е з Д ы я г н а з у да Д о к т а р а
— За што?..

Д о к т а р
— За п’янку! За бардак!
Валі давай адсюль!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды што вы, пацаны?
(Паказвае на ніз Т у м б а ч к і)
Куды мне: зноў сюды?..

С я с т р а
— Э, не!.. Адсюль — туды:
У тазік! У гаршчок
Ты вы-пі-са-ны!..
(Пстрыкае пальцамі, гледзячы
на А р м а г а д о н а)
Шчоўк!..
(Напружаная паўза…)

Б е з Д ы я г н а з у, калі нічога
не адбываецца
— У тазік?.. У гаршчок?..
Ты, курыца… Ты, квочка…

Г р ы ж а і А п е н д ы ц ы т дуэтам
“Чок-чок-чок ды пад бачок,
Ды пад бачок на ўсю ночку…”

А р м а г а д о н,
пстрыкаючы пальцамі
— На жаль, не выйшла…
Выбачай, Рэгіна…

Т э л е в і з а р
— А ўсё ж якая дзіўная краіна!..
Другой такой нідзе я не знайду:
Няспынна п’янкі!
Бойкі несупынна!
І ўсе пяюць!.. І ўрэшце ўсё ў…
Тут жыць хачу!..
Хэллоу, Белараша!
Амэрыка, гуд бай!

Г р ы ж а да Т э л е в і з а р а
— А ты ў святое наша
Чаго палез?..
А ну мне пашпарт дай!..
Дай пашпарт, я сказаў!..
(Бярэ і гартае пашпарт)
Кітаец!.. Мэйд ін Хіна!..
Талон!..

Т э л е в і з а р
— Які талон?

Г р ы ж а
— Кітайскі. Гарантыйны.

Т э л е в і з а р
— Няма талона.

А п е н д ы ц ы т пагрозліва
— Быць талон павінны…

Т э л е в і з а р, падаючы талон
— Біць будзеце?

А п е н д ы ц ы т,
разглядваючы талон
— Дык бойкі ж несупынна…
Няспынна п’янкі…

Т э л е в і з а р
— Дзіўная краіна!
(Да А п е н д ы ц ы т а і Г р ы ж ы)
Ці пашпарт…
Ці талон…
Хоць нешта мне аддайце…

Г р ы ж а і А п е н д ы ц ы т дуэтам
“Сёння свята ў нашай хаце,
Чым багата наша хата,
Гэй, рады спаткаць,
Гуляць дык гуляць!..”

А п е н д ы ц ы т
— Ды мы пажартавалі!..
Нам кітайцы
Браты... Мы самі
Малайцы-малйцы,
Хрэн разбярэшся, хто мы…
(Да Д о к т а р а)
Доктар, вы,
Прыдумалі, як жыць без галавы,
Прыдумайце яшчэ, як з галавою…

Г р ы ж а
— А што тут думаць?..
Так, як з перапою,
Калі баліць…

Б е з Д ы я г н а з у
— Мне не баліць ніколі.

А п е н д ы ц ы т
— Дык ты шчаслівы.
Гэтага даволі,
Каб быць шчаслівым.

Б е з Д ы я г н а з у
— А табе баліць?

А п е н д ы ц ы т
— Баліць. І так,
што невыносна жыць.

Б е з Д ы я г н а з у
— Інтэлігент…

(Да Г р ы ж ы)
Не заўважаў ты часам,
Што ён інтэлігент?

А р м а г а д о н
— А вам, народным масам,
Інтэлігенты ўпоперак?

Г р ы ж а
— Ды не…
Па мне — хай будуць.
А р м а г а д о н
да А п е н д ы ц ы т а
і Б е з Д ы я г н а з у
— А па вас?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Па мне?..
Я б іх у рог!..

А п е н д ы ц ы т
— Армагадон, а Бог
Інтэлігент?..

Г р ы ж а
— Ну, ты спытаўся!.. Бог…
Бог — гэта…

А п е н д ы ц ы т
— Хто?

Г р ы ж а
— Во! Я прыдумаў: мент.
Парушыў — штраф. А што?..
Другі — аддай правы.

А п е н д ы ц ы т
— А Бог —
не галава без галавы?..
Ну, калі ён прыдумаў нам закон,
Які не выканаць!..
Хто ж Ён, Армагадон?..

А р м а г а д о н
— Убачу Бога, дык скажу, хто Ён.

А п е н д ы ц ы т
— Як, ты не бачыў Бацьку?..

А р м а г а д о н
— Не зусім
Ён Бацька мне…

Г р ы ж а
— Ды чорт з ім —
з бацькам тым!..
Што з намі будзе, доктар?
Як працэс
Выздараўлення брата?

Д о к т а р
—Цёмны лес.

Г р ы ж а
— Дзе цёмны лес?

Д о к т а р
— У вас ён, дзе ж яшчэ…
Рака жыцця, нібы з гары, цячэ,
Вось вусце ўжо —
толькі ж быў выток,
І з той усёй ракі — адзін глыток,
І ўвесь ён — ты!..
Як Бога ўвасабленне…

Г р ы ж а
— Сягоння вам Гасподзь
паслаў натхненне,
Прафесар… Толькі вы яго туды
Скіруйце, куды трэба…
Без вады…

Б е з Д ы я г н а з у
— Рэфлексіі… Дзе розуму няма –
Рэфлексіі… Рака жыцця сама,
Без нас цячы магла б.
І Богу ўсё адно:
Мы ёсць ці не.

Д о к т а р
— Тады і мне яно
Усё адно!

А п е н д ы ц ы т
— Прафесар, вы не Бог…

Д о к т а р
— А як стараўся я!..
Збіваўся з ног,
Каб зратаваць вас!
Божа мой, каго?..
(Да А р м а г а д о н а)
Даруй… Я не магу…

Г р ы ж а
— Не слухай ты яго,
Армагадон! Ён псіх!..

А р м а г а д о н
— Дык вы ж абралі Псіхам
Мяне. Аднагалосна.

Д о к т а р
— Махляры!
Мярзотнікі!

Г р ы ж а
— Прафесар, ціха, ціха…

(Да А п е н д ы ц ы т а)
Ён слухае цябе… Суціш, угавары…

А п е н д ы ц ы т
— Леў Львовіч…

Д о к т а р
— Што?..
(Да А п е н д ы ц ы т а, Г р ы ж ы,
Б е з Д ы я г н а з у)
Не ты, не ты, не ты
Глытка з ракі жыцця не вартыя…
Кран-ты!

А п е н д ы ц ы т
— Ты жыць не хочаш?..

Д о к т а р
— З вамі
Не хачу.

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а
— Я — доктар!
Без дыягназу лячу!
Давай сюды мне брата!

А р м а г а д о н
— Цыц!

Б е з Д ы я г н а з у
— Маўчу.

А р м а г а д о н да Д о к т а р а
— Забаўны вы.
Ну, што ж, пакінем брата.
Хоць вы давалі
клятву Гіпакрата…

Г р ы ж а да Д о к т а р а
— Даваў?

Д о к т а р
— Даваў…

А р м а г а д о н
— І хворага лячыць
Ваш абавязак.

А п е н д ы ц ы т
— Ты не хочаш жыць?
А мы?..

Г р ы ж а
— А бедны брат Армагадона?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Усім кранты
праз аднаго гандона.
Жыды…

А п е н д ы ц ы т
— Заткніся, маць тваю туды!..
Тут крок да краю!
Да траншэі! Рова!..
А ты — жыды, жыды!..

Д о к т а р
— Вось вузлавое слова…
Усё маё жыццё… Увесь мой час…
Яшчэ калі пайшоў я
ў першы клас,
Настаўнік запытаў:
“Кім будзем звацца, Лёва?..”
І ў класе засмяяліся…
Нанова
Пасля ўсё паўтаралася…
Сурова
Жыццё пыталася:
“Кім звацца будзем, Лёва?..”
І я прывык да гэткага жыцця,
Хоць я і бачыў, разумеў хаця,
Якая ў глыбіні яго
Брыдота,
Паўсюль і скрозь —
брыда, брыда, брыда…

А р м а г а д о н
— Жыццё — руда,
а чалавек — работа
Па выплаўцы руды. '
І кожны бачыць, хто ты,
Што выплавіў…

Г р ы ж а
— Ага. Была б ахвота!
Гарачы цэх…

Б е з Д ы я г н а з у
— У кожнага руда
Свая, Армагадон…

Д о к т а р, паказваючы на сябе
— І ў Лёвы — залатая?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Я з вамі не капаў.

Д о к т а р
— Пустое ўсё… Пустая,
Як галава без галавы, размова…
Дзе гонар? Дзе сумленне?..

С я с т р а
— Лёва… Лёва…

Д о к т а р
— Прабач, Рэгіна… І не плач…

С я с т р а
— Не плачу…

Д о к т а р
— Я не жыццё —
сябе я вінавачу:
Я з вамі
Вамі стаў. І гэны… той… з вусамі
Стаў з вамі
Вамі…

Г р ы ж а
— Хто і кім тут стаў,
Мне напляваць!
Прафесар, ты дастаў
Усіх!..
Мы ўсе
адно дзярмо капаем!
Што вырашаем мы?
Жывём, ці паміраем?
Ды што тут вырашаць!..
Жывём! Няхай дурдом!
Няхай турма — жывём!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Жывём!

А п е н д ы ц ы т
— Жывём!

Г р ы ж а, Б е з Д ы я г н а з у,
А п е н д ы ц ы т разам
— Жывём!..
(Спяваюць)
“Жыві, пакуль жывецца,
Няма пра што тужыць,
Хай толькі сэрца б’ецца —
І будзем жыць і жыць!..”
(А п е н д ы ц ы т
і Б е з Д ы я г н а з у замаўкаюць,
Г р ы ж а адзін)
Хай толькі сэрца б’ецца…

С я с т р а
— Не лопні, Грыжа…
Дажыві да смерці.

Г р ы ж а
— Чыёй?

С я с т р а
— Сваёй. Мая табе не ў страх.

А р м а г а д о н
— Чужая смерць, сястра,
не ў страх нікому.
А вось свая… У цемры…
Чарвяках…

Б е з Д ы я г н а з у
— Што смерць табе?.. Ты ж вечны.

А р м а г а д о н
— Мне самому
Нічога. Я па вас, як па братах,
Гатовы плакаць…

А п е н д ы ц ы т
— Плакаць ты гатовы?
(Да Д о к т а р а)
Прафесар, чуеце?

Д о к т а р
— Адны пустыя словы…

А п е н д ы ц ы т
— Не, не, Леў Львовіч!
Як успомню я,
Што меў дачку, і што была сям’я,
І дзверы для гасцей
у доме насцеж —
Дык проста плакаць
хочацца ад шчасця,
Што так яно было…
І калі б зноўку, зноўку,
Хай іншы дом, ці іншая сям’я,
Але спачатку ўсё, дык я…
дык я… дык я…

С я с т р а
— Ну, што ты, што ты, што?..
Вазьмі насоўку…
Ты плачаш,
бо няма чаго сказаць.

А п е н д ы ц ы т
— Чаму няма?...
Цябе вось мог бы ўзяць…

С я с т р а
— Куды?

А п е н д ы ц ы т
— У жонкі.

С я с т р а
— Ха!

А п е н д ы ц ы т
— Мы б нарадзілі
Дачку…

А р м а г а д о н
— І што?..
Дачку б тваю забілі.

А п е н д ы ц ы т
— Я б яе выкапаў…

С я с т р а
— Вар’ят…

А п е н д ы ц ы т
— Ці, можа, сына
Мы б нарадзілі…

Д о к т а р
— Двойчы пупавіну
Не перарэзаць…

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Доктар… Доктар…

Д о к т а р рашуча
— Не!

А р м а г а д о н рашуча
— Тады пайшлі!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Куды?..

А р м а г а д о н
— На край зямлі.

Г р ы ж а
— А як пайшлі?

А р м а г а д о н
— Ды як прывыклі! Строем!

Г р ы ж а
— Па колькі строіцца?
Па двое?..
(Становяцца па двое)
Ці па трое?..
(Становяцца па трое)
Не… Адно месца ўсё адно пустое…
Армагадон…

А р м а г а д о н
— Мне ў строй?.. Вы што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— У строй! А што такое?..
Во стань во тут —
і стой
Для прыгажосці строя!

Г р ы ж а
— Ой, што за строй!..
Багі, святыя, бл...дзі!..
Наперад руш!..
(Крочаць строем, Г р ы ж а запявае,
усе падхопліваюць)
“Сягоння мы не на парадзе,
Да камунізму мы ідзём
У слаўнай ленінская брыгадзе
Плячо ў плячо з правадыром…”

А п е н д ы ц ы т,
з усімі маршыруючы
— Прафесар!..

Д о к т а р
— Што?

А п е н д ы ц ы т
— Ты камуністам быў?

Д о к т а р
— Не прынялі мяне!

А п е н д ы ц ы т
— Мяне таксама!

Б е з Д ы я г н а з у
— А я партыйным быў
і партыю любіў!

Г р ы ж а
— І я любіў і быў!

А п е н д ы ц ы т
— А што найбольш любіў?

Г р ы ж а
— Найбольш любіў у крамы
Партыйныя хадзіць!
Туды не ўсіх пускалі!

Б е з Д ы я г н а з у
— А нас з табой пускалі!
Паважалі!
Мы ў камунізм народ вялі!
Мы зналі,
Куды яго вядзём!..

А р м а г а д о н
— Вялі — і прывялі!
Строй, стой!..
Усё, рабяты.
Край зямлі.

Г р ы ж а
— Во, блін… Прыйшлі…
Тут камунізм?..
(Зазірае за край сцэны)
Там рай
За гэтым краем?..

Т э л е в і з а р
— Тумба, я балдзею…

Б е з Д ы я г н а з у, узіраючыся
— Там цемра… Пустата…
(Ідзе да Т у м б а ч к і
з Т э л е в і з а р а м)
А ну давай…
(Т у м б а ч к а адскоквае;
Б е з Д ы я г н а з у
да Т э л е в і з а р а)
Давай перадавай, што…

Т э л е в і з а р
— Што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Што іудзеі
Славянства прывялі
на самы край!

Т э л е в і з а р
— Ёсць! Перадаў! Яшчэ што?

А п е н д ы ц ы т
— Перадай
Маёй законнай…

С я с т р а
— Ты жанаты?.. Бога
На вас няма!..

А п е н д ы ц ы т
— Няхай яна другога
Сабе шукае…

Г р ы ж а
— Можна перадаць?..

Т э л е в і з а р
— Каму і што?

Г р ы ж а
— Нікому.
І нічога.

С я с т р а
— Леў, там дарога?..

Д о к т а р
— Там канец дарогі.

А п е н д ы ц ы т
— Армагадон…

А р м а г а д о н
— Што?

А п е н д ы ц ы т
— Ты занадта строгі!..
На колькі строй
наш сёння парадзее?

А р м а г а д о н
— На трох…

А п е н д ы ц ы т
— На трох…
Дык, можа, пра надзеі
Сказаць?.. Пра нашы планы?..

А р м а г а д о н
— Ну, скажы…
Дрыжыш ты толькі ўвесь.
Ты не дрыжы,
Бо могуць не паверыць пра надзеі…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, іудзеі!.. Хто я? З кім я? Дзе я?..
(Да А р м а г а д о н а)
Там як прымаюць?..
Так?.. Ці галяком?..

С я с т р а
— Там не бальніца.

Г р ы ж а
— Дык бывай, дурдом!
Эх, паміраць, дык з песнямі! Пяём!
(Спявае)
“Бывайце, таварышы!
З Богам! Ура!
Апошні парад наступае…”
Чаму вы ўсе маўчыце?!.

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а
— Нам пара?..
(Да ўсіх, стаўшы на “к р а й”)
Гуд бай!..

А р м а г а д о н
— Чакайце… Музыка якая,
Вы чуеце?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Замежная… Чужая…

Г р ы ж а
— Не наша…

А п е д ы ц ы т
— Наша. Пахавальны марш.

Т у м б а ч к а
— Саната гэта, меламан ты наш…

А п е н д ы ц ы т
— Армагадон…
Я жыў каля параш,
Мне лагер — бацька,
і турма мне мама,
Але скажы мне:
ты ў якую з намі
Гульню гуляеш?

А р м а г а д о н
— З вамі?.. У гульню?..
Я вас люблю.

А п е н д ы ц ы т
— Ты — нас?..

А р м а г а д о н
— Так… Як сваю сям’ю…
Цябе, як брата…
Як сястру, Сястру…

Б е з Д ы я г н а з у
— Га-га-га-га!.. Ад рогату памру!..
Ратуйце мяне, людзі! Паміраю!..
Вось — рай! І кажа Бог:
не выпіраю
Ні злодзеяў, ні прастытутак з раю,
Бо, як сям’ю сваю, я іх люблю!..

(Да А п е н д ы ц ы т а)
Такую, брат, прыдумаў ён гульню.
(Да А р м а г а д о н а)
Штукар, Арма…
Куды твайму Амару
З табой раўняцца…

А р м а г а д о н раптам
— Строем, ці на пару —
Назад!

Г р ы ж а
— Назад — куды?

А р м а г а д о н
— Туды, адкуль прыйшлі!

Г р ы ж а
— Што: з гэтага
На той канец зямлі?

А р м а г а д о н
— Куды заўгодна!
Я вас ад-пус-ка- ю!..

Б е з Д ы я г н а з у
— То ў рай прывёў —
то выпірае з раю.
Нядоўгая любоў…

А п е н д ы ц ы т
— Не даганяю…
(Да А р м а г а д о н а)
Куды ісці нам?..

А р м а г а д о н
— Гэта ваша справа!

А п е н д ы ц ы т
—Ты падмануў нас?..

А р м а г а д о н
— Не! Падманвае дзяржава,
Улада…

Г р ы ж а
— Дык улада ж — ад цябе.

А р м а г а д о н
— Не гэтая! Я сам тут па сабе!

Г р ы ж а
—Ты сам? А брат?..
Той, які ў дурні дурань?!.

А п е н д ы ц ы т
— Ты падмануў нас…

А р м а г а д о н
— Не! Я пе-ра-ду-маў!
І адпускаю вас на ўсе бакі!

А п е н д ы ц ы т
— Ты адпускаеш?
Ды ты хто такі?

Б е з Д ы я г н а з у
— Хто ты такі?
Мы ўсё тут даспявалі,
Гуд бай усім сказалі!..

Г р ы ж а
— Во папалі…
Армагадон, мы мёртвыя даўно!
А ты нас зноў назад?
У нашае г...но?

А р м а г а д о н
— Дык у сваё ж г...но! Адмыйцеся!

Г р ы ж а
— Яно
Не адмываецца! Прысохла!
Прыкарэла!
Яно, як скура, прырасло да цела,
Яно — кашуля тая, у якой
Мы нарадзіліся!
Армагадон!..

С я с т р а
— Бог мой…
Я паміраю…

А р м а г а д о н
— Мёртвых
забяру.

Д о к т а р
— Ты патрывай…
І я з табой памру…
Хоць так жылі мы брыдка,
так грашылі,
Што ў Бога нават смерць
не заслужылі.

А п е н д ы ц ы т
да А р м а г а д о н а
— Давай
канчай!!! Я болей не магу!..
Хіба ты Бог?.. Ды нават ворагу
Таго не пажадаеш,
што ты з намі
Зрабіў...

А р м а г а д о н
— А што зрабіў?
Я некага забіў?
Я нешта ў вас украў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну во! Наставіў галак…
Украў… Забіў…

Г р ы ж а
— Смярдзючы ты агарак,
Армагадон…
Ты — кат.
Ды твой сярэдні брат
І брат малодшы —
гэта ж людзі, людзі,
Калі раўняць з табой!..
І хто такой паскудзе,
Як ты, такую справу даручыў?..
Ты лепш мяне
адразу б замачыў,
Чым мучыць так…
Не бачыў бы, не чуў
Таго, што чуў…

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а,
ківаючы на Г р ы ж у
— Што гэта з ім?

Д о к т а р
— Заснуў.
Стаміўся ў смерць.
(Да А р м а г а д о н а)
Ты ўрэшце скончыш з намі?

А р м а г а д о н
— Спяшаецеся ў рай?
А як жа той… з вусамі?

А п е н д ы ц ы т
— Дык і яго канчай.

А р м а г а д о н
— І што?.. Таксама ў рай?

А п е н д ы ц ы т
— Навошта ў рай?

А р м а г а д о н
— Тады куды?.. Парай.

А п е н д ы ц ы т
— Сам разбярыся з ім!

А р м а г а д о н
— Э, не… Вось гэта ўжо — вы самі…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды што мы самі!..
Ты вунь “пстрык” — і пыл.
А нам як разбірацца?

А р м а г а д о н
— Як абралі —
Так разбірайцеся.

А п е н д ы ц ы т
— Дык ён жа: тралі-валі…
Мы і абралі.

А р м а г а д о н
— Во! Ён тралі-валі…
Вы тралі-валі…

Т э л е в і з а р
— Я ім тралі-валі…

(Чыркаючы па горле)
Дык лепей бы чык-чык!..
Ці расстралялі…
Але без дапамогі знешніх сіл.

А р м а г а д о н
— І сіл вышэйшых…
Скончана. Жывіце.
Араць ідзіце! Пілаваць ідзіце!
Бурыць і будаваць!

Б е з Д ы я г н а з у
— Што будаваць?..

А п е н д ы ц ыт
— Дурдом…
(Да А р м а г а д о н а)
— Не пойдзем мы!
Ты сам, ты з братаном,
З правадыром
Пад снегам, пад дажджом
Ідзі ары, буры, будуй, пілуй!

Б е з Д ы я г н а з у
— Апендыцыт, не злуй яго…

А р м а г а д о н
— Не злуй…

А п е н д ы ц ы т
— А што ты зробіш мне?
Ты сам валі
У той дурдом,
дзе з розуму звялі
Дзетазабойцы!
Дзе мне сніцца, сніцца
Сукенка белая…

А р м а г а д о н
— Ты доктару ў бальніцы
Распавядай пра тое, а не мне!
Там, у дурдоме, у сваім гаўне
Жывіце! Памірайце!..

Г р ы ж а
— А нягожа
Казаць так
Богу…

А р м а г а д о н
— Ты не спіш?

Г р ы ж а
— Прыгожа
Ты ўмееш жыць?

А р м а г а д о н
— Умею. Жыць прыгожа
Не забароніш…
Што табе: карыта,
Ці залатую рыбку?..
Ты адкрыта
Кажы, што хочаш?

Г р ы ж а
— Ты Апендыцыту
Вярні дачку. Глядзець я не магу,
Як ён пакутуе…

А р м а г а д о н
— Угу… угу… угу…

Г р ы ж а
— Чаго угу?.. Я вінаваты, знаю.
Таму й прашу: вярні.
Ну, заклінаю!
А я табе братоў вярну,
павер мне…

А р м а г а д о н
— Падумаю…

Г р ы ж а
— Армагадон, ты вернеш?..

А р м а г а д о н
— Не проста ўсё…
Мне трэба знаць, навошта
Вяртаць?..

Г р ы ж а
— Каб жыць.

А р м а г а д о н
— Яна жыла! І вошы
На ёй жылі!..

Г р ы ж а
— Усе так на зямлі…

А р м а г а д о н
— Таму і не магу!..

Г р ы ж а
— Не можаш… А малодшы
І твой сярэдні брат —
яны б змаглі…

А п е н д ы ц ы т
— Адкуль мы вышлі ўсе —
туды прыйшлі.
Гэй, Грыжа! Досыць спаць!..

Г р ы ж а
— А я хіба заснуў?
І нечага не ўбачыў?.. Не пачуў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не чуў, не бачыў —
будзеш жыць, як жыў.

Г р ы ж а
— Мне дзіўны сніўся сон…
Армагадон, скажы…

А р м а г а д о н
— Я ўсе сказаў.

Г р ы ж а
— Мне Псіх прысніўся. Ён…

А р м а г а д о н, знікаючы
— Усім
гуд бай!..

Д о к т а р услед А р м а г а д о н у
— Бывай, Армагадон…

(Да С я с т р ы)
Бывай, Рэгіна.
Ты мяне чакай
Там, дзе наш рай…

С я с т р а
— Бывай, мой Леў… Бывай…

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Што гэта з ёй?..
(Да С я с т р ы)
Сястра…

Д о к т а р
— Яна памерці мусіць…

А п е н д ы ц ы т да С я с т р ы
— Сястра…

С я с т р а
— Ён хлусіць…

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Доктар…

С я с т р а
— Доктар хлусіць…
Усе яны такія… дактары…

Г р ы ж а
— Рэгіна…

С я с т р а
— Што?..

Г р ы ж а
— Ты гэта… не памры…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ёй нельга паміраць.
У ёй вакцына!
Усе сто грам!

Д о к т а р
— У тым якраз прычына...
Таму і памірае, што вакцына —
Атрута для яе…
Тым больш — такая доза.
На ўсіх нас…
Я казаў: Рэгіна, ты цвяроза
Падумай: гэта смерць.
Зыход адзін: лятальны.

А п е н д ы ц ы т да С я с т р ы
— Казаў?

С я с т р а
— Казаў…

А п е н д ы ц ы т
— А ты?..

С я с т р а
— Дык ён жа ненармальны…
Хто ж слухае такіх…

А п е н д ы ц ы т да С я с т р ы
— Ты ратавала нас?

Г р ы ж а да С я с т р ы
— Ты ратавала нас?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Во круг выратавальны:
Вагіна!

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— Памаўчы!..

Да Д о к т а р а
Ёй час, прафесар?..

Д о к т а р
— Час.
(Глядзіць на гадзіннік)
Ну, можа, праз…

А п е н д ы ц ы т
— Чаму ж вакцына ў ёй?..
Не ў посудзе шкляным?..

С я с т р а
— Жывое — у жывой.

Д о к т а р
— Жывое — у жывым
Маглі мы захаваць.
Іначай бы прапала
Жывая сіла ў ім…

А п е н д ы ц ы т
— Яна нас ратавала,
А мы яе…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды так яна давала!
Сама хацела!

Г р ы ж а
— Ты! Свіное сала!
Заткніся!

Б е з Д ы я г н а з у да Г р ы ж ы
— Сам свіння!

А п е н д ы ц ы т
— Мы ўсе
Жы-вё-лі-ны!..
Рэгіна, ты жыві…

С я с т р а
— Ты ж чуў прафесара…

А п е н д ы ц ы т
— Ды маняць дактары!
Не слухай ты яго!..

С я с т р а
— А што там угары?..
Як зорка адзінокая ў вакне…
Як сонейка далёкае…

Г р ы ж а, бачачы,

што С я с т р а памірае
— Не! Не!..

Д о к т а р
— Бывай, мая адзіная любоў!..

Т э л е в і з а р
— Якія жарсці! Халадзее кроў!
Часы якія і якія людзі!..

Д о к т а р
— Яна памерла.

А п е н д ы ц ы т
— А хаваць дзе будзем?
Тут жа няма зямлі…
Тут край зямлі…

Б е з Д ы я г н а з у

— Бярыцеся…
Паклалі… Паднялі…
Вышэй… Вышэй!..
І адпусцілі… Хай
Плыве да зорак…
За мяжу… За край…
Уся
У белым…

А п е н д ы ц ы т
— Паплыла…

Д о к т а р
— Бывай…

Т у м б а ч к а
— Бывай…

Т э л е в і з а р
— Бывай…

Т у м б а ч к а да Т э л е в і з а р а
— Давай перадавай…

Т э л е в і з а р
— Што мне перадаваць?

Т у м б а ч к а
— Што можна чысціню
гразёй чарніць, таптаць,
Ды застаецца чыстай чысціня!..

Т э л е в і з а р
— А што далей?

А п е н д ы ц ы т
— Нічога.
Цішыня.

Б е з Д ы я г н а з у
“Таварыш, помні:
тут ты толькі госць”.

Г р ы ж а
— Глядзіце: промні!

Б е з Д ы я г н а з у
— Што там?..

Г р ы ж а
— Нешта ёсць…
Апендыцыт, глядзі!
Нібыта два кастры
Ляцяць уверх і ўніз!..
Уверх — касцёр сястры,
А ўніз… Глядзі!..
Вунь там, у тым баку…

А р м а г а д о н – Г о л а с
— Замест сястры
вяртаю вам дачку!

Г р ы ж а
— Армагадон, ты Бог!
Ты малайчына!..

А п е н д ы ц ы т
— Дачка… Кацюша…
Каця… Кацярына…

Д а ч к а, з’яўляючыся
— Дзень добры, тата…
Як ты без мяне?..

А п е н д ы ц ы т
— Нічога… Дзякуй…

Д а ч к а
— Ты жывы?.. Ці не?..

А п е н д ы ц ы т
— Жывы пакуль…

Д а ч к а
— А мама?..

А п е н д ы ц ы т
— Мама?..

Д а ч к а
— Мама…

А п е н д ы ц ы т
— Яна таксама…
Так, жывая мама…

Д а ч к а
— А Флокс?.. Сабака мой?..

А п е н д ы ц ы т
— І Флокс…
І ён жывы…
Усе жывыя…

Д а ч к а
— Дзіўна…

А п е н д ы ц ы т
— Што?..

Д а ч к а
— Што вы
Усе жывыя…
Цяжка на зямлю
Ступіць…

А п е н д ы ц ы т не здольны
зрушыцца, да Г р ы ж ы
— Падай руку…

Д а ч к а, засланяючыся
— Яго я не люблю!
Я муку праз яго ператрывала…
Чый гэта голас быў:
“Вяртаю вам дачку…”
Яго я чула, толькі не пазнала.

А п е н д ы ц ы т
— Тут з намі Бог быў…

Д а ч к а
— З вамі?..

А п е н д ы ц ы т
— Так…

Д а ч к а
— Не мог
Ён з вамі быць…

А п е н д ы ц ы т
— Чаму?..

Д а ч к а
— Бо сёння Бога
Я бачыла… Ён там…

А п е н д ы ц ы т
— Ён там, аднак
Ён тут быў…

Д а ч к а
— Там і тут?.. А вы за Бога
Не прынялі бязбожніка якога?

(Да Г р ы ж ы і Б е з Д ы я г н а з у)
Распусніка?.. Ці махляра?..
Ці ката?..

А п е н д ы ц ы т
— Не, ён цябе вярнуў мне!..

Д а ч к а
— Тата…Тата,
Не забірай адтуль мяне!..
Не!
Не!..
Я не хачу!..

Д о к т а р, з усімі завіхаючыся
каля Д а ч к і
— Трымайце!.. Акуратна…
Сястра, дзе нашатыр?..

Б е з Д а я г н а з у
— Няма…

Г р ы ж а
— Няма…

А п е н д ы ц ы т
— Няма…
Дарма ты, Каця, так…
Ты, Каця, так дарма…
А мама як?..

Д а ч к а
— І мама да мяне
Няхай збіраецца…Там лепш…
Нібы ў вакне,
Калі глядзіш і не выходзіш з дома…
А выйдзеш — гэткі жах…

Д о к т а р
— Сястра! Магчыма кома!
Адрэналін!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды тут няма сястры!

Д о к т а р да С я с т р ы,
якая ні для каго, апроч Д о к т а р а,
незаўважная з’яўляецца і робіць укол
— Як там… на небе?..

С я с т р а
— Холадна… вятры
Касмічныя…

Д о к т а р
— А рай?..

С я с т р а
— Яшчэ я не паспела
У рай…
(Знікаючы)
Бывай…

Д о к т а р
— Чакай…

Г р ы ж а, падтрымліваючы Д а ч к у
— Як дзіўна: цела
Бязважкае…

Б е з Д ы я г н а з у,
дапамагаючы Г р ы ж ы
— Дык мёртвая яна.

Г р ы ж а
— І што, што мёртвая?
Вага ва ўсіх адна:
Што ў мёртвых, што ў жывых…
А гэта — быццам пух.

Д о к т а р
— Бо гэта дух…
Бязгрэшны, лёгкі дух…

Б е з Д ы я г н а з у
— І ў духа кома, доктар?

Д о к т а р
— Парадокс…

Д а ч к а
— Хачу памерці зноў…

А п е н д ы ц ы т
— А твой любімы Флокс?..
Ён так чакае…

Д а ч ка
— Не магу я болей…
А Флокса забяру…
У вас тут звягі, бойкі
Заўсёды між сабакамі, а там
Ніхто іх не чапае…
Тата, нам…
з табой…

А п е н д ы ц ы т
— Што нам з табой?..
Дачушка, што?..

Д а ч к а
— Не трэба…

А п е н д ы ц ы т
— Не трэба… што?...

Д а ч к а
— Усё…
Хачу на неба…

Г р ы ж а
— Армагадон!
Ды што ж гэта такое?..

А п е н д ы ц ы т
— Кацюша… Каця…

Д а ч к а
— Болей ні за што я
У свет ваш не вярнуся…
Гадкі ён…

Г р ы ж а
— Армагадон, ты гад!
Ты гад, Армагадон!
Кацюша? Каця? Ты мне даравала?

Д а ч к а
— Вам?... Дараваць…
Хай Бог даруе…

Г р ы ж а
— Мала!
Мне мала Бога!
Ты даруй мне! Ты!

Д а ч к а
— Вам Бога мала?..

Г р ы ж а, рвучы кашулю на грудзях
— Гэтай пустаты,
Якая тут, не запаўняе Бог!

Д а ч к а
— Таму і дараваць Ён вам не змог…

Г р ы ж а
— Дык ты даруй!..

Д а ч к а
— Дарую… Папрасіце,
Каб тата адпусціў…
Прашу вас: адпусціце…
Няма ўжо сіл…

А п е н д ы ц ы т,
дастаючы з-за пазухі белую сукенку
— Чакай… Сукенку на…
Там холадна адной…

Д а ч к а, прымяраючы сукенку
— Не, там я не адна…
Я тут адна…

(Да А п е н д ы ц ы т а, знікаючы)
Я так цябе любіла…
І так люблю…

Б е з Д ы я г н а з у ўслед Д а ч ц ы
— Ну, ты, дзяўчынка — сіла.

А п е н д ы ц ы т
— Што тут было?..
Такога не бывае…

Д о к т а р
— Глядзіце, як прыгожа адплывае…
Уся
У белым… За мяжу… За край…
Шчаслівая…

Б е з Д ы я г н а з у да Т э л е в і з а р а
— Ты не перадавай
Нічога, чуеш?.. Не перадаецца
Такое…
Бо ўвесь гэты свет збярэцца
І рынецца на той…
А трэба жыць і жыць…

А п е н д ы ц ы т
— Жыць…
Як мне жыць?

Б е з Д ы я г н а з у
— А так, як набяжыць.

А п е н д ы ц ы т
— Нашто мне жыць?..

Д о к т а р
— У сэнсе медыцыны
Пытанне бессэнсоўнае.
Прычыны,
Каб чалавек не жыў, не існуе.

А п е н д ы ц ы т
— Чаму ж ён памірае?..

Г р ы ж а
— Вы свае
Канчайце бесталковыя размовы!
Нам неяк трэба пачынаць нанова,
Талкова жыць!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А дзе нам жыць талкова?
Пад снегам і дажджом?..

Д о к т а р
— Давайце дом
Збудуем!..

Г р ы ж а
— Дом?

А п е н д ы ц ы т
— Дом?..

Д о к т а р
— Дом!
І дружна зажывём
Усім на зайздрасць!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А гаспадаром
Хто будзе ў доме?

Д о к т а р
— Дык усе мы! Разам!..

Т э л е в і з а р
— Вы тут камуністычную заразу
Пасеяць хочаце?..
На Захад перадам —
І будзе вам!

Б е з Д ы я г н а з у
— Пляваць на Захад нам!

А п е н д ы ц ы т
— А што? Ідэя!.. Не паспелі там,
Дык тут збудуем
камунізму храм!
(Пачынае будаваць, спявае,
яму падпяваюць і дапамагаюць)
“Сягоння мы не на парадзе,
Будуем камунізму дом
У слаўнай ленінская брыгадзе
Плячо ў плячо з правадыром…”
Я будаваў турму!..
А тут матэрыялаў
На замак! На палац!..

Г р ы ж а
— Тут усяго навалам!

А п е н д ы ц ы т
— Мы тут у камунізме
будзем жыць!

Г р ы ж а
— Ага, калі памрэм!

А п е н д ы ц ы т
— Ты, Грыжа, кінь тужыць!..
Бярыся! Так!.. Во гэту палавіну
У тую! Раз!.. Трымаць!
Прафесар, спіну, спіну
Падстаўце!..
Без Дыягназу, лявей!..
Цяпер правей!..
Без вокнаў, без дзвярэй
Палацаў не бывае…
Вокны. Дзверы.
Во тут падгонім… Так вось…
Па памеры…
Карціна, а не дом!..
Тут ёсць і мэбля…
Во тэлевізар… Тумба…
Ложкі… Зэдлі…
Хіба не любата? Га?..
Не палац? Не храм?..
Не замак, Грыжа?..

Г р ы ж а, гледзячы на “замак”,
як на нешта знаёмае
— Не здаецца вам,
Што мы ў такім жылі?..

А п е н д ы ц ы т
— Калі ты жыў у храме!
(Да Д о к т а р а)
Прафесар, як палац?..

Д о к т а р
— Калі казаць між намі,
Падобны на…
Хоць чыста, акуратна…

А п е н д ы ц ы т разгублена
— Што ж гэта згарадзілі мы,
рабяты?..

С я с т р а, уваходзячы
— Дзінь-дзінь!.. Пад’ём!
Чацвёртая палата!
Усталі ўсе!.. З усмешкаю!..
З настроем!..
Вы, Грыжа, на жывот!..

Г р ы ж а
— Ну, бляха, шпрыц...

С я с т р а, збіраючыся ўкалоць
— Ваш, я б сказала,
большы... Ніцма... ніц!..
Вось так...

А п е н д ы ц ы т
— А ўсё стэрыльна?..
Раптам снід?..

С я с т р а
— Ціпун вам на язык,
Апендыцыт!..
І ўкол!..

А п е н д ы ц ы т
— Ой-ёй!..

С я с т р а
— Каб зналі, што казаць!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Таварыш Без Дыягназу!..
Здаваць
Аналізы!..

Б е з Д ы я г н а з у,
замахаўшы рукамі
— Ды згінь ты, здань! Відзежа!..

Г р ы ж а
— Відзежа, пакажыцся
без адзежы!..
(Кідаецца за знікаючай С я с т р ой,
упіраецца ў нябачную сцяну)
Ды тут сцяна…
Як з нечага шклянога…

А п е н д ы ц ы т у адчаі
— Армагадон, скажы: няўжо нічога
Нідзе
Ніколі
Не збудуем мы,
Апроч дурдому?
Лагера?
Турмы?!.

Б е з Д ы я г н а з у
— Чаго ты так?.. Затое ўсё сваё…
Нідзе ні дошкі, ні цвіка чужога.
Падобна на дурдом,
дык што такога?
На што ж яшчэ?..

Д о к т а р, узняўшы галаву,
пра А р м а г а д о н а
— Маўчыць…

А п е н д ы ц ы т
— Ну, ё-маё!..
(Становіцца на зэдлік каля вакна,
мацае карніз, накручвае
на шыю шнурок гардзіны, спявае)
“Я спытаўся ў слесара Пятрова,
Для чаго ў яго на шыі провад?
Мне ў адказ ні слова слесар Грыша,
Ён вісіць і ботамі калыша…”
(Скача з зэдліка, абрываецца, падае)

Б е з Д ы я г н а з у
— Эх, ты… Зламаў карніз…
Парваў гардзіны…
Ёсць верны спосаб: стань
на край зямлі
Ды скакані!..

А п е н д ы ц ы т
— Да Каці…

Д о к т а р
— Да Рэгіны…

Б е з Д ы я г н а з у
— Хоць да каго!

Г р ы ж а
—А тут яны былі?..
Ці мне здалося?

Б е з Д ы я г н а з у
— Тут усё было.
Не ўсё збылося.

Г р ы ж а
— Што там за святло?
Хто там з ліхтарыкам?..
Прызрысты ўвесь, пусты…

П у с т ы - Г о л а с
— Я не пусты. Я светлы. Я святы.

А п е н д ы ц ы т
— Які святы?.. У нас свае
Святыя!

Г р ы ж а
— Ад прадзедаў!
Ад ханаў! Ад Батыя!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты што нясеш?
Які яшчэ Батый?

Г р ы ж а
— Дык нейкі ж быў…
Ці я прысніў Батыя?

Б е з Д ы я г н а з у
— Мангол ён,
Твой Батый!..

Т э л е в і з а р
— А прадзеды такія,
Як Тамерлан, Цімур…

Г р ы ж а, разводзячы рукамі
— Каго не знаю…

П у с т ы, раптам з’яўляючыся
— Вайна! Вайна!
Ратуйся, Русь святая!
Ідуць манголы! Скача татарва!
Габрэі з немцамі!
Гарыць гарынь-трава!
Крычыць зямля!
Крывёй каменні плачуць!..

Д о к т а р
— Я не расчуў:
на кім габрэі скачуць?

Г р ы ж а
— На немцах, ён сказаў…

П у с т ы
— Згарае ўсё датла!
Вайна! Вайна!..

А п е н д ы ц ы т
— Нядаўна ўжо была
Вайна…
І мы
перамаглі нібыта…

П у с т ы
— Мільёны пакалечаных!
Забітых!
Паўсюль руіны! Попел!
Сажа! Кроў!..

Д о к т а р
— Даруйце,
а Бабруйск і Магілёў
Стаяць?

П у с т ы
— Стаяць
Бабруйск і Магілёў!

Д о к т а р
— Ну, дзякуй Богу.
(Прафесійна)
Дык вы з чым да нас?

П у с т ы
— З ліхтарыкам.

Д о к т а р
— Ён тух у вас? Ці гас?

П у с т ы
— Ліхтарык мой
не гасне і не тухне,
Бо ён не просты, а чароўны!

Г р ы ж а
— Ух ты!..
І што за чары гэтакія ў ім?

П у с т ы
— Ліхтарык мой
сваім святлом святым
Усе хваробы можа лекаваць!

Г р ы ж а
— Усе хваробы?..

П у с т ы
— Можаце назваць
Любую!..

Г р ы ж а
— Я не знаю, што назваць…
Апендыцыт?..

А п е н д ы ц ы т
— Да прыкладу, кароўе
Шаленства!..

П у с т ы, міргнуўшы ліхтарыкам
— Пстрык!..

Б е з Д ы я г н а з у
— І ўсё?..

П у с т ы
— Народнаму здароўю
Гарантыя ліхтарык мой.

А п е н д ы ц ы т
— Кароўю
Здароўю, ты сказаць хацеў…

П у с т ы
— Здароўю
Народнаму.
Хіба народ не быдла?..

А п е н д ы ц ы т
— Скажы, Пусты…

П у с т ы
— Святы!..

А п е н д ы ц ы т
— Цябе нядаўна білі?
Ці даўнавата?.. Ах ты, свалата!..
Ідзі сюды.. А ну!..

Т э л е в і з а р
— Перадаю вайну!..

А п е н д ы ц ы т,
б’ючы ў пустату
— А ну! А ну! А ну…
(Да ўсіх)
Нічога… Пустата…

П у с т ы
— Не пустата! Святло!..
Мяне не перамог
Не цар і не герой!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык хто ты? Можа, Бог?..

П у с т ы
— Бяры вышэй!

Б е з Д ы я г н а з у
— А хто ж вышэй за Бога?

П у с т ы
— А Бацька Бога!..

А п е н д ы ц ы т
— О-го-го!..

Д о к т а р
— Нічога,
Былі й на гэта месца
прэтэндэнты.

Т у м б а ч к а
— Бальніца ёсць.
Дзе ўзяць медыкаменты?

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, дзе ў нас можна ўзяць?
Пайсці дастаць…

А п е н д ы ц ы т
— Чакайце…
А калі за гэта ўзяць?..
(Хапае П у с т о г а)
За хвост!

М а л о д ш ы Б р а т - г о л а с
— Хвост не чапаць!!!

А п е н д ы ц ы т да П у с т о г а
— Што гэта? Хто ў табе?

Б е з Д ы я г н а з у
— Так… А і Б сядзелі на трубе…
І што прапала?..

Д о к т а р
— Ува ўсіх жыве…

Г р ы ж а
— Што?..
Хто ва ўсіх жыве?..

Д о к т а р
— Ды хто папала!

М а л о д ш ы Б р а т - г о л а с
— Я вам не хто папала!

П у с т ы
— Я святы!

А п е н д ы ц ы т да П у с т о г а
— Ты не пусты?..

М а л о д ш ы Б р а т - г о л а с
— Ён не пусты!

А п е н д ы ц ы т
— І голас
Нібыта не ягоны…

Т э л е в і з а р
— Войны… Голад…
З’еў некага.

А п е н д ы ц ы т да П у с т о г а
— Дык хто ў табе?..
Ён?..
Ты?..

М а л о д ш ы Б р а т - г о л а с
— Прашу на “вы”!

А п е н д ы ц ы т
— Ды калі ласка… Хто вы?...

Г р ы ж а
— Апендыцыт…
А ён — не безгаловы?..

А п е н д ы ц ы т
— Падобны…
(Да П у с т о г а)
А не лечыць безгалоўе
Ліхтарык твой?

П у с т ы
— Народнае здароўе
Без галавы мацнейшае!

А п е н д ы ц ы т
— Кароўе
Здароўе, ты хацеў сказаць…

П у с т ы
— Стаяць!
Святое не чапаць!

А п е н д ы ц ы т
— Ды што ў табе святога?

П у с т ы
— Армагадон-малодшы!
Брат старшога!

Б е з Д ы я г н а з у
— Старэйшага?..

П у с т ы
— Старшога брат і сын!

Г р ы ж а
— Як гэта брат і сын?

П у с т ы
— А так! Бо ён адзін!

А п е н д ы ц ы т
— І, як і ты, таксама безгаловы?
Адны вусы?..

Д о к т а р
— Дык гэта ён?.. Бандыт…

П у с т ы
— А хто тут з галавой,
Апендыцыт?
Ты? Грыжа? Без Дыягназу?
Ці жыд
Вось гэты?

А п е н д ы ц ы т
— Ён не жыд табе!.. Прафесар!

П у с т ы
— Прафесар мне!..
Чаму ж, калі агрэсар
Папёр, усіх прадаў ён і ў кусты
Схаваўся?

Г р ы ж а
— Дзе кусты тут?! Дзе кусты?

А п е н д ы ц ы т
— Спакойна, Грыжа!..
(Да П у с т о г а)
А ліхтарык ты
Не прадаеш?

П у с т ы
— Мяняю на вакцыну!

Д о к т а р
— Няма вакцыны.

П у с т ы
— На сястру Рэгіну
Гатовы памяняцца.

Д о к т а р
— І Рэгіны
Няма…

П у с т ы
— А дзе яна? Зліняла за кардон?

Д о к т а р
— Так… За кардон…

П у с т ы
— А дзе Армагадон?

Б е з Д ы я г н а з у
— Табе навошта ён?..

П у с т ы
— Дагаварыцца
З ім пра саюз.
Малодшы Брат баіцца…
Ну, той, які ўва мне…

Т э л е в і з а р
— Чаго баіцца? Путчу?..

П у с т ы
— Ды не!.. Яго не пучыць…

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык чаго?..

П у с т ы
— Баіцца ён,
што праз мяне адлучыць
Армагадон
Ад вечнасці яго.

А п е н д ы ц ы т
— А сам ты…

П у с т ы
— Што?..

А п е н д ы ц ы т
— А ты ў Армагадоны
Не меціш сам?
Не хочаш вечным стаць?

П у с т ы
— Хачу! А што?..

Д о к т а р
— Ён хоча. Ды законы
Не дазваляюць…

П у с т ы
— Чхаць мне на законы!
Чхаць і пляваць!
Я сам сабе закон!..

А р м а г а д о н, з’яўляючыся
— Тады сам сабе Армагадон.

Т э л е в і з а р
— У нас Армагадоны —
на пракат…

П у с т ы да ўсіх, гледзячы
на А р м а г а д о н а
— А гэта хто?

Б е з Д ы я г н а з у
— Як хто?.. Старэйшы Брат.

Г р ы ж а
— Саюзнік.

А п е н д ы ц ы т
— Старшыня Саюзнай Рады.

П у с т ы
— Дык вы Армагадон?..
Я срашна рады!
(Дастае паперу)
Вось… падпісаць…
я ўжо дамову склаў…

А р м а г а д о н, беручы паперу
— Дамову?.. А народ яе чытаў?

П у с т ы
— А што чытаць?..
Народ на ўсё гатовы!

А р м а г а д о н
— На ўсё?

П у с т ы
— На ўсё!
Народ мой маладзец!..

А р м а г а д о н,
праглядаючы дамову
— Ён згодны нават,
што яму капец
Па пятым пункце
складзенай дамовы?

Б е з Д ы я г н а з у,
спрабуючы зазірнуць у дамову
— Які там пункт?..

Г р ы ж а, спрабуючы
зазірнуць у дамову
— Ды пяты.. Пра габрэяў…

А р м а г а д о н, паказваючы
дамову А п е н д ы ц ы т у
— Не, тут пра вас усіх…

А п е н д ы ц ы т
— Ды псіх ён! Ён дурэе,
А нам капец?..
(На П у с т о г а)
Як бочку, пакачу!
Т э л е в і з а р крычыць,
закашляўшыся
— Народны бунт!..

А р м а г а д о н
— Што гэта з ім?

Д о к т а р
— Хварэе.

А р м а г а д о н
— Дык падлячыце.

Д о к т а р
— Я народ лячу.

П у с т ы
— На-род-ны лекар...
Я лячу народ,
Які за мной на захад і на ўсход
Ідзе — абы карміцца!

А р м а г а д о н
— Ён галодны?..

П у с т ы
— Баіцца быць галодным!
І свабодным
Баіцца быць!
І ўсё, што мне заўгодна,
Як з гліны,
я зляпіць магу з народа,
Які, куды ліхтарыкам свячу,
Туды ідзе, і ўсё, што захачу,
Я буду мець з такім народам, от
Сабе свячу, а думае народ:
Яму свячу! За мной ідзе ў паход,
Святло маё нясе,
што характэрна, от,
Не па зямлі ідзе, па прамяню
Ліхтарыка, а я яму маню,
Што па зямлі, а ўвогуле народ
Да ліхтара, да лямпачкі мне, от,
Г...но — народ…

А р м а г а д о н
— А брат мой?..

П у с т ы з разгону
— Ідыёт!

А р м а г а д о н,
узіраючыся ў П у с т о га
— Ты чуеш, брат мой, хто ты?

М а л о д ш ы Б р а т - г о л а с
— Чую…

А р м а г а д о н
— От!..
І ты ў яго залез?
Сядзіш у ім, як крот.
А ты — Армагадон!
А ну вылазь!..
(Убачыўшы М а л о д ш а г а Б р а т а)
О, Божа!.. Жак які…
Якая гразь…

М а л о д ш ы Б р а т
— Я вінаваты,
брат мой!.. Вінаваты…

А р м а г а д о н
— Як добра,
што не бачыць Бацька…

М а л о д ш ы Б р а т у нябёсы
— Тата!
Вазьмі мяне адсюль!..

А р м а г а д о н
— Ды як жа цябе ўзяць?
Цябе скрабаць і мыць!
Брыду з цябе здзіраць!
Я дакрануцца да цябе баюся!

М а л о д ш ы Б р а т
— Я ў ім ніколі
больш не пасялюся!
Хоць ён нічога…
Толькі хворы надта
На галаву…

А р м а г а д о н
— Вось доктар.. Вось палата…
І месца ёсць…

Т э л е в і з а р
— На ложку Псіха…

М а л о д ш ы Б р а т у н я б ё с ы
— Тата,
Вазьмі мяне адсюль!..

П у с т ы да А р м а г а д о н а
— Шукаў я брата,
А ворага ў табе знайшоў!..
(Да ўсіх, паказваючы
на А р м а г а д о н а)
Палата,
Ён — мангол! На ворага, народ!..

А п е н д ы ц ы т
— Ён — не мангол.
Народ — не ідыёт.

Г р ы ж а да П у с т о г а
— Я думаю, што гэта ты якраз
Мангол…

А р м а г а д о н
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Пайшлі! Чакае Бацька нас.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык хто ж ваш Бацька?

М а л о д ш ы Б р а т
— Ім сказаць?..

А р м а г а д о н
— Не час.
Хадзем, мой брат!
Не блізкая дарога…

Л і х т а р ы к
— Мяне вазьміце!
Я хачу да Бога!

П у с т ы
— Я! Я твой Бог!

Л і х т а р ы к да П у с т о г а
— Як зараз засвячу!..

П у с т ы да Л і х т а р ы к а
і да падыходзячага Г р ы ж ы
— Не падыходзь!.. Вы!..
Вірусы! Мікробы!

Г р ы ж а да Д о к т а р а
— Ён хворы…

П у с т ы
— І лячыцца не хачу!

Д о к т а р
— Улада — невылечная хвароба.

Г р ы ж а пагрозліва
— Я вылечу яго…

П у с т ы да А р м а г а д о н а
— Не! Я не трываю болю!..

Л і х т а р ы к да А р м а г а д о н а
— Свяціць яму
я не жадаю болей!
Табе свяціць хачу!..

А р м а г а д о н пра астатніх
— А ім?..

Л і х т а р ы к
— А ім святла не трэба!

А р м а г а д о н
— А што ім трэба?

Л і х т а р ы к
— Чарку! Скварку! Хлеба!..

А р м а г а д о н да П у с т о г а
— І больш нічога?

П у с т ы
— Не!

А р м а г а д о н да а с т а н і х
— А вам?

У с е а д з і н за а д н ы м
— І мне…
І мне…
І мне…
І мне таксама не…

Т э л е в і з а р
— А мне вось трэба!
Без святла я — скрыня,
Куды любы, што хоча, тое кіне!
А са святлом…

Б е з Д ы я г н а з у
— А са святлом — дурдом!
Бардак! Бардэль!
Гамора і Садом!
(Да Л і х т а р ы к а)
А ты свяціць не хочаш!..

Л і х т а р ы к
— Ды каму?!

Б е з Д ы я г н а з у,
тыкаючы пальцам
— Мне!
І яму!.. Яму!... Яму!.. Яму…

Л і х т а р ы к
— Вы ж толькі што сказалі:
вам не трэба!

Б е з Д ы я г н а з у
— Сказалі.
Але ж сонца
свеціць з неба,
Што ні кажы яму!..
Свяці, раз ты ліхтар!
Табе з нябёс
пасланы гэткі дар,
А ты з капрызамі!..
“Я не хачу! Не буду!..”
А люду што рабіць?
У цемры люду,
У страху
праз твае капрызы жыць?..
Ты можаш не любіць нас,
а свяціць
Нам абавязаны!

А р м а г а д о н
— Чаму?

Б е з Д ы я г н а з у
— Бо мы — народ!

А р м а г а д о н
— Цікавы паварот.

Б е з Д ы я г н а з у
— Круціць далей?

А р м а г а д о н
— Круці…

Б е з Д ы я г н а з у
да Л і х т а р ы к а
— Скажу, як бацька сыну:
Вось я, дапусцім,
не люблю краіну
Сваю… А ў ёй жыву…
Чаму?.. Мне без патрэбы
Краіна КГБ, ЧК, ЦК, Камбедаў,
Лікбезаў і астатняга г...на!
Але сама
патрэбная яна.
Сама яна.
Самому мне.

А п е н д ы ц ы т
— І мне.

У с е а д з і н за а д н ы м
І мне… І мне… І мне…

Б е з Д ы я г н а з у
д а Л і х т а р ы к а
— Ты разумееш?

Л і х т а р ы к
— Не.
Г...но не трэба вам,
а тое, што ў г...не…

Б е з Д ы я г н а з у
— Не, без яго!.. Без гэтага ўсяго!..

Т у м б а ч к а
— Тады любіце Бога аднаго.
Схавайцеся ў Яго,
як у бурштын мурашка!

Г р ы ж а
— Не лезь у філасофію,
драўляшка!

Т у м б а ч к а
— Якая філасофія!..
Круць-верць…

Б е з Д ы я г н а з у да Т у м б а ч к і
— Ты рэч, якая ўся ў сабе, і цяжка
Табе, апроч сябе,
кагосьці зразумець.

Т у м б а ч к а
— Цябе я зразумела!..

П у с т ы
— Я таксама!
Я вам — краіна! Бацька ваш!

Т у м б а ч к а
— І мама.
Амінь.

Л і х т а р ы к да П у с т о г а
— Ліхтар паставіць?..
(Б’е)
На, краіна!

Т у м б а ч к а
— Як любіць бацьку сын!..

П у с т ы, б’ючы ў адказ
— І бацька сына!
Надумаў бунтаваць?..
(Да ўсіх)
І вы?..
(Да А р м а г а д о н а ў)
— Арыштаваць!

М а л о д ш ы Б р а т
— Пусты, мы не менты…

П у с т ы
— А хто?

А р м а г а д о н
— Армагадоны!

П у с т ы
— Ай, колькі гонару!..
(Да А р м а г а д о н а, паказваючы
на М а л о д ш а г а Б р а т а)
А дзе, скажы, ягоны,
Нядаўна гонар быў?..
Во тут сядзеў!.. Пагоны
Вам начапіць —
і будзеце менты!
І будзеце служыць!
(Тыкаючы пальцам)
Як ён!.. Як ён!..
Вы ўсе адной пароды!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Вось ты…
Ты атрымаў узнагароду
За тое, што служыў?

Б е з Д ы я г н а з у
— Так. Атрымаў…

П у с т ы
— І рады?

Б е з Д ы я г н а з у
— Так. Рады быў…

П у с т ы
— Што значыць: быў?

Б е з Д ы я г н а з у
— Бо гаду
аддаў…

А п е н д ы ц ы т
— Каму?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Амаргадону.

П у с т ы
— Во! Я ж казаў…
Менты вы! Без пагонаў,
А ўсё адно менты…

А р м а г а д о н
— Паслухай, ты!

П у с т ы
— Маўчу! Маўчу…

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— За што ж узгагароду
Займеў ты?
Можа, біўся за свабоду
З манголамі?

Б е з Д ы я г н а з у
— Не…

П у с т ы
— Загадаў я брата
Забіць — і ён забіў!

Б е з Д ы я г н а з у
— Брат… Брат!... Я вінаваты!..

Г р ы ж а
— Свайго забіў ты брата?

П у с т ы
— А чыйго?
Там як было?.. Ці ён —
ці брат яго.

А п е н д ы ц ы т
— Так і было?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не. Іншы быў расклад…
Я вінаваты, брат!
Даруй мне, брат!..
(Да П у с т о г а)
Ты — гэта ты!.. Купіў мяне!... А я!..
За сто мільёнаў…

Д о к т а р
— І рука твая
Не здрыганулася?..
І не ўзбалела сэрца?..

Т у м б а ч к а
— Дзе сто мільёнаў —
там не да братэрства.
А вы мне — фі-ла-со-фія…

А р м а г а д о н
— У зверства
Таксама філасофія свая.

П у с т ы
— Фі-ло-са-фы…
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Ты йдзеш са мной?

Б е з Д ы я г н а з у
— Куды?..

Т у м б а ч к а
— Туды! Куды свіння па жалуды!

П у с т ы д а Т у м б а ч к і
— Ты дажартуешся!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
— Куды ідзе народ?
Да новых перамог і ўзнагарод!

Т э л е в і з а р да Т у м б а ч к і
— Іду ў заклад: не пойдзе.

Т у м б а ч к а
— Што ў закладзе?

Т э л е в і з а р
— Дурдом!..

Т у м б а ч к а,
падаючы руку Т э л е в і з а р у
— Дурдом, але не тут.
У Штатах ці ў Канадзе.
(Т э л е в і з а р у знак згоды
падае руку Т у м б а ч ц ы,
А п е н д ы ц ы т падыходзіць
і сведчыць заклад)
Ён пойдзе. У яго па ветры нос…

Б е з Д ы я г н а з у
— Армагадон…

А р м а г а д о н
— Твой выбар.

Б е з Д ы я г н а з у
— Ёсць жа лёс…

А р м а г а д о н
— Дык гэта ён і ёсць.

Б е з Д ы я г н а з у
— У выбары?..

А р м а г а д о н
— У ім.
Лёс — гэта выбар.

Б е з Д ы я г н а з у
— А чаму самім
Нам выбіраць?..

А р м а г а д о н
— Каму ж яшчэ?..

М а л о д ш ы Б р а т
— Каму?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, Бацьку вашаму…

М а л о д ш ы Б р а т
— Што?.. Аднаму яму?
За ўсіх?.. Дык гэта дыктатура
Была б…

А р м а г а д о н
— Ці перамога ў першым туры
На выбарах на месца Псіха…

М а л о д ш ы Б р а т
— Куры
З яго б смяяліся…
Не, Бацька наш не Псіх.
За ўсіх не галасуе…

Д о к т а р
— І не ўсіх
Ён, мусіць, выбірае?..

А р м а г а д о н
— Так, не ўсіх.

П у с т ы
да Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ты ідзеш?

Б е з Д ы я г н а з у
— Іду.

Т э л е в і з а р
— Ну, ёрш тваю…
Быў дом і сплыў.

Т у м б а ч к а
— Дык у адну сям’ю.

Д о к т а р да Б е з Д ы я г н а з у
— І што?.. Та зноў заб’еш?

Б е з Д ы я г н а з у
— Заплацяць, дык заб’ю.

А р м а г а д о н
— Вось вам і выбар. Лёс.
Дзве сцежкі двух братоў…

П у с т ы
— Народ гатоў на ўсё!..

Г р ы ж а
— Народ на ўсё гатоў!

А п е н д ы ц ы т
— І ты з ім, Грыжа?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Грыжа, ты са мной?..

А п е н д ы ц ы т
— Ты з ім?..

П у с т ы
— Ты з кім?..

Г р ы ж а
— З народам!
З галавой.

Д о к т а р
— А як з душой?..

Г р ы ж а
— З душы той —
ні шыша!
— Я перадам пра гэта! Напішу…

Працяг будзе.