12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Лісты да Волі. Вершы


Вользе Някляевай

* * *

Як плашчаніца, бел-чырвона-бела
Лунаў над лёсам сімвал Твой святы…
Калі ўдыхнуў Гасподзь душу мне ў цела —
Ёй стала Ты.

Ты, Воля беларуская, Ты, мара
Крывіцкая, Ты, крэўная мая!..
Калі Табе патрэбная ахвяра —
Ёй стану я.
1.01.2011

* * *

Не ўсё дарэмна, што дарэмна…
Не ўсё брыдота, што ў брыдзе…
Па ветры,
сушы,
па вадзе,
Магчыма, нехта патаемна
Мяне да нечага вядзе.

Магчыма, шлях мой да астрога
Наўмысна скручаны ў клубок
За ніццю ніць,
за крокам крок…

Хто ж мой вядок? Ён служка Бога,
Ці служка д’ябла — мой вядок?
2.01.2011


* * *

...І той, які махаў рукамі,
Нас падзываючы, і той,
Каго паклікалі мы самі —
Яны былі табе братамі,
А ты не стала ім сястрой,
І калі цемра праглынула
Апошні ўскрык братоў тваіх,
Нікога з іх ты не пачула,
Не ўбачыла нікога з іх,
Схаваўшыся ў маіх абдымках,
Дзе я люляў цябе, бярог,
Ды дзве крывінкі, дзве радзімкі
Не сцалаваў з плячэй, не змог...
3.01.2011


* * *

Дождж, што ў снежні без патрэбы,
Сувязь між зямлёй і небам
Абарваў.

Сувязістку Бог забраў…

Страта ў страце…

Толькі з вока абраза,
Прад якім стаяла маці,
Ціха ўпала ў ціхай хаце
Вінаватая сляза.
4.01.2011
* * *

Чыя дарога?.. Нічыя.
А на дарозе хто?.. Нікога.
І так адчуў я ласку Бога,
Нібы ў спякотны поўдзень я
Дайшоў да ручая ляснога.

І ўбачыў на дарозе цень,
Які на ёй стаяў без ценю,
І я падумаў: «Летуценні…» —
І ў цені тым заснуў на дзень,
Клубком скруціўся ў Боскай жмені.
5.01.2011


* * *

Праз краты, праз калючыя драты
Апоўначы ўсміхнулася мне ты,
І я заснуў —
і праз драты,
праз краты
З тваёй усмешкай
паляцеў
дахаты.
6.01.2011


* * *

Прыснілася, што я ў турме адзін
На васемнаццаць камер з прыбіральняй.
Рэальным сон быў. І турма — рэальнай.
Пад раніцу. Каля шасці гадзін.

А ў шэсць — пад’ём! І змрочны вартавы
Павёў у прыбіральню. Ледзянела
У ёй лайно. Дрыготка біла цела,
І адляталі сны ад галавы.
7.01.2011


* * *

Як жыць не хочаш, дык памры.
Няма гульні. Распас.
Турэмны дворык два на тры —
І ў ім пяцёра нас.

І ў ім — з табой — усё, што меў,
І ўсе, што будзеш мець…

Квадратна-гнездавы пасеў.
Пляц.
«Кляц!»
Клець.
8.01.2011

* * *

З чаго складаецца душа —
Няведама, бо ні шыша
З душы не ўзяць, а толькі з цела.

Вунь цела пашаньку арэ,
І што там з цела адляцела —
Ніхто не скажа, як памрэ.

Банальна?..
А ты як хацела?
9.01.2011

* * *

Як ні спяшаеш, як ні гоніш коней,
Ні прагнеш жыць ажно да забыцця —
Не хопіць на жыццё твайго жыцця
І рэшту будзеш дажываць па сконе.
10.01.2011


* * *

Калі я выйду з турмы на волю,
Не стану клясці ні лёс, ні долю,
А стану дубам у чыстым полі
Зялёным веццем шумець на волі.

І калі сядзе на вецце воран,
І калі каркне, што ён — мой вораг,
Не стану ў Бога вымольваць кары...
На тое й воран, каб жыць ды каркаць.
11.01.2011


* * *

Падышоў да возера і лёг
На ваду, на хвалі галавою,
Каб заснуць — і ў сне сувоіў Бог
Тое, што ўва мне і пада мною,
Тое, што ўва мне і нада мной,
Дзе аблокі, поўныя вадою,
На якіх паклаўся галавой
Той, хто мною быў і стане мною,
Хто напяў між небам і зямлёй
Залатую нітачку сувою...
12.01.2011

* * *
З нябожчыкамі параішся —
Адсюль туды не пара яшчэ...
Хоць скрозь парадкі адны:
Куды не йдзеш — упіраешся
У чатыры сцяны.
13.01.2011

* * *

Паўзе па шкле, што раптам пачарнела
Начны павук.
На кожны рып напружваецца цела,
На кожны грук.

І замірае камера ў здранцвенні
На ўскрык нямы...
Тут некалі стралялі ў сутарэнні
Такіх, як мы.
14.01.2011

* * *

Пераступіўшы праз парог
І ўбачыўшы, што за парогам
Няма нічога, я бярог
Усё, пра што ў сумоўі з Богам
Дамоўлена было, а Бог
За гэта ўсё
Мяне збярог.
15.01.2011

* * *

Спіш яшчэ, мая ты сплюшка?
Дзве цукеркі пад падушкай
Там, дзе ты… А там, дзе я,
Дзверы з вочкам і кармушкай,
Камера дзевятая.

Да мяне прыйдзі ты ночкай,
На мяне зірні ты ў вочка
І кармушку адчыні,
Дай цукерку мне да чаю
І цукерку вертухаю,
Каб не гаўкаў дзень пры дні.
16.01.2011

* * *

Так хочацца сябе парадаваць,
Пакінуць камерную клець,
Знайсці альтанку пад прысадамі,
Зайсці ў яе і пасядзець...
17.01.2011

* * *

Збіты операм, на нары
Лёгшы ніц,
Я прыпомніў, як штукарыў
Дацкі прынц.

Тут ягоныя хістанні
Не ў цане,
Тут нямашака пытання
Быць ці не.

Калі ты каля парашы
Ніцма лёг,
Толькі б выжыць, зубы сцяўшы,
Даў бы Бог.
18.01. 2011

* * *

Я — ракой з берагоў,
Я — расой па траве,
Бо ў курыных багоў
Дзірачкі ў галаве…
19.01.2011

* * *

Толькі снег. І на снезе сляды
У чатыры бакі. І куды
Ты ні ступіш, ні рушыш — твой шлях
Па слядах, па слядах, па слядах.

А калі завіруха на свет
Наляціць, замяце кожны кожны след,
Нехта пойдзе, як па цаліку...
Так бывае на кожным вяку.
20.01.2011

* * *

За дарогай
няма нічога,
І нічога —
сама дарога.
21.01.2011


* * *

Перакінуўся праз лёс
Мост — і я па ім панёс
Тое, што на плечы ўзяў.

Мне ў дарозе месяц ззяў.
Я ішоў, не ведаў сна
Ад цямна і да цямна.

На плячах маіх сума,
А ў ёй воля ды турма.

І яшчэ, быў горле ком,
Лёс. Унізе. Пад мастом.
22.01.2011

* * *

Не ў памеры Гамера
Ні харэй і ні ямб.
Меў на эпас намеры,
Ды, халера, аслаб.

Пасадзілі за краты —
І палюцый няма.
Не Гамер вінаваты.
Вінавата турма.

Бо ўсё цягне дадому,
Бо ў аддзел паясны
Не прыходзяць ад брому
Гамерычныя сны.
23.01.2011
* * *

“Скажы, — спытала ты мяне,
Што бачыш ты на самым дне
Жыцця?..” І я напружыў зрок
Так, што наплыў у вочы змрок,
І ў ім не ўбачыў я нічога
На дне — і нават дна самога…
24.01.2011

* * *

“Ці ты хочаш, ці не хочаш, —
Цёмны вецер шэпча ночы, —
Я з табой пераначую...”

Вецер шэпча. Ноч не чуе.

“Ці ты хочаш, ці не хочаш, —
Кажа вязню ў цёмнай ночы
Каля шыбеніцы кат, —
А вяроўка акурат
Па табе...”
І ката чуе
Ноч, што з ветрам не начуе —
З вязнем хоча начаваць.

Каб хутчэй
пасцель
паслаць,
Паспяшацца ката просіць,
І плыве па ўсёй зямлі
Цемра ў цемру — і галосіць
Цёмны вецер у пятлі.
25.01.2011

* * *

Сам дзіўлюся: мне — 65.
Па-салдацку ложак засцілаць
У турэмнай камеры вучуся...

Засцілаю ложак і дзіўлюся.
26.01.2011

* * *

Зноў да сінечы следчы голены.
Парфума з пахам міндаля.
Мундзір з шыццём. Душа з пагонамі
І дзірачкай для медаля.
27.01.2011


* * *

Пяць крокаў па камеры ўздоўж,
Упоперак — тры.

Пяць крокаў ступаю праз дождж
І тры — праз вятры.
28.01.2011


* * *

Дзе свае? Дзе чужыя?
Цені ў дальнім акне.
Там, у той старане,
Дзе слупы межавыя,
Яшчэ тыя жывыя,
Хто кахае мяне.
29.01.2011,
унутраная турма КДБ

* * *

Нечакана легла карта
Мне й табе.
Днём і ноччу ў хаце варта
КДБ.

Каля хаты цень гарбаты,
Чорны цень,
Праз які не выйсці з хаты
Ноч і дзень.

Праз яго не зойдзе ў хату
Госць, але ж:
“Сёння ў нашай хаце свята”, —
Ты пяеш.

Бо запарваеш гарбату
Мне сама,
Бо ўсё ж хата — гэта хата.
Не турма.
01.02.2011,
хатні арышт