12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Няўвесь

_____________________
Дзень первага апрэля
Вершаваныя фельетоны


Суд
“Чуткі пра карэкціроўку школьнай праграмы па беларускай літаратуры зьявіліся каля месяца назад. А ўчора ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў нам паказалі цікавы дакумент. Выйшаў ён з нетраў Адміністрацыі прэзідэнта. Цытуем: “У абедзьвух праграмах (беларускай мовы і літаратуры) мінімізаваць выкарыстаньне твораў апазіцыйна настроеных пісьменьнікаў: усюды, дзе выкарыстаньне твораў Н. Гілевіча, Р.Барадуліна і іншых ня выклікана крайняй неабходнасьцю характарыстыкі іх творчасьці як прадстаўнікоў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, замяніць іх творы на творы іншых пісьменьнікаў і паэтаў”; паведаміла наша крыніца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі: “Канчатковае рашэньне будзе прымацца ў маі. Карэкціроўкі сапраўды будуць уносіцца. Выкідваецца, напрыклад, Паўлюк Багрым — дасьледчык з Баранавічаў падаў нам зьвесткі, што гэта польскі шавініст і нацыяналіст. Выключаецца “Аблава” Васіля Быкава. Па просьбе настаўнікаў яе замяняюць на “Сотнікава”. Выкідваецца “Прывід” Ластоўскага — у школах кажуць, што дзецям гэта нецікава. Ёсьць ідэя замяніць п’есу Купалы “Тутэйшыя” на “Раскіданае гняздо”; акрамя кляйма “апазіцыянераў” пісьменьнікам у дакуменьце адвялі і іншыя метафары: “Выключыць са сьпіскаў літаратуры для вывучэньня і пазакласнага чытаньня творы С.Алексіевіч, С. Законьнікава, В. Іпатавай, У. Арлова, М. Скоблы і іншых апазіцыйна настроенных пісьменьнікаў сярэдняй рукі”; заканчваецца распараджэньне патрабаваньнем узгадніць школьную праграму асабіста з Мікалаем Чаргінцом, старшынёй Саюза пісьменьнікаў Беларусі (заснаваны ў 2006 годзе)...”
“Комсомольская правда”.
Вялікі Чын
(Ну, можа, і ня самы)
Сабраў на раду
Дробненькіх чынкоў.
— Крамолу трэба вырваць
з валасамі
З галоў настаўнікаў
І проста шкаляроў!
Яны мусоляць
Нейкага Купалу,
Шпіён-Багрым...
Ластоўскі...
Лішні груз!
У нас і “чэсных” класікаў нямала.
Узяць, напрыклад,
Новы наш саюз...
Ну, карацей, праграмам школьным —
Клізму!
Нацдэмаў — гець!
І іхні слоўны бруд!
Правесьці трэ
Сеансы сьпірытызму
І душы класікаў —
На наш
(Ня Боскі!)
Суд.
Крытэрый ясны
І для ўсіх адзіны!
Няхай ня ўздрыгне вашая рука!
Шкада,
Што іх калісь не дасудзілі
Яжоў і Берыя,
ЧК ды і ЦК...
Але нічога.
Мы дасудзім зараз.
Хоць часу шмат,
Хоць сёньня не аўрал,
Ды — карацей.
Бяз лішніх там “базараў”.
Хай ім прысуд выносіць
Генерал...

І — суд.
І душы ўзяты пад ахову.
Іх гоняць
Са сьвятых нябёсаў-зор.
Сваю абвінаваўчую прамову
Чытае інквізітар-пракурор:
— Нацдэм Купала!
Ён у іх галоўны.
Ён бараніў
“Тутэйшых” нейкіх дом.
Да бунту клікаў
Жабракоў галодных...
“Хто там ідзе”?
Да это ж мы идём!
Другі іх нумар —
Недабітак-Колас.
Яму ўсё мала...
“Новай” дай “зямлі”.
Вось Мележ...
Падаваў з “балота” голас.
А вось Дубоўка...
Гэтага “ўпяклі”.
Вось Багдановіч —
“Зоркаю вялікай”.
Ды гэты
сам “Вянок” сабе стварыў.
Ваяка Быкаў...
Супраць нашых клікаў!
Нацдэм таксама,
Вораг наш стары.
Вось Караткевіч...
Вельмі небясьпечны!
Такі нацдэм зацяты —
Проста жах!
Пісаў пра
“беларускі шлях спрадвечны”.
І каралямі Стахамі пужаў.
Вось Багушэвіч...
Дунін-Марцінкевіч...
Паўлюк Багрым...
Ну, словам, проста гніль!
“Пусть будут вечно немы”!
Каб іх немач...
А гэты — “сьвежы”:
Панскі служка Брыль.
Астатнія ідуць
Адзіным сьпіскам...
Ня будзе іх,
То будзе ціш ды гладзь.
Праграма будзе роўнай
І ня сьлізкай...

— Всех — расстрелять!
Да тьфу ты...
Всех — изъять!

* * *
Жывым ізгоям —
Ні газет, ні кніг,
Каб не пачулі
Іх узьнёслых струн.
Хаваеце жыўцом
вы ўсіх жывых...
...Да мёртвых дакапаліся,
Да трун...

«Колхоз»
Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўхваліла праект “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” і рэкамендавала яго да восеньскай сесіі парламенту.
Каментуючы ўхваленьне парламенцкай камісіяй праекту, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў параіў парламентарыям прыняць закон аб правілах рускай арфаграфіі і пунктуацыі ў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што “заканадаўцам трэба было найперш прыняць такі закон для рускай мовы, якім у асноўным карыстаюцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Вось чаму я раю парламентарыям спачатку ўнармаваць рускую мову, а затым брацца за беларускую, якой яны амаль не карыстаюцца ў сваёй працы. Такім чынам, гэтыя людзі, якія рэдка карыстаюцца беларускай мовай і ўхваляюць праект новага правапісу, трапляюць у камічную сітуацыю”.

Якая ў нас шматгранная Палата!
Куе законы,
Як мой дзед каваль.
“Мы ўсё скуём
Абы была зарплата!
Ня супраць,
Калі выпадзе й медаль...”
Даў “верх” указ:
Ашчэрыцца на мову,
Нам трэба прыглядацца да Масквы.
Забіты “тарашкевіцай” галовы.
Нацдэмы,
Не знасіць вам галавы!
Палата,
Як заўжды,
Па стойцы “сьмірна”.
Як піянеры:
“Будзь заўжды гатоў!”
І зладжана,
Рахмана,
Ціха-мірна
Дэбаты правялі бяз лішніх слоў.
— Мне не здаецца тэма
Вельмі вузкай, —
Сказаў крыху “айчынны” дэпутат. —
Пра мову
Трэба нам па-беларуску...
І з тэмаю
Нам трэба трохі ў лад...
Падняўся дэпутат мінула-коўзкі:
— Я заўсягды
Нацдэмам супраціў.
І дажа,
Калі быў яшчэ цэкоўскі,
Я “тарашкевіцу” кагда-та запраціў.
Другі абраньнік
Чэша да трыбуны.
— Я — дзеравенскі...
Калупаў навоз...
Сахор ... прасьціце, “вілы”...
Как чугунны!
Я этат воз
Да дэпупацтва вёз!
І што цяпер?
“Калгас” замест “колхоза”?
І ўноў вы прадлагаеце
У гной?
Заместа “гною”
Буду жыць з “навозам”,
Бо руска мова стала мне радной!
І трэці выйшаў...
Гэты ўжо “вялікі”,
Хоць і ня самы важны дэпутат.
— Калісьці ў ПТВ
Аж тры памылкі
Я дапусьціў,
Калі пісаў дыктант.
А мой дружбан,
Мой сабутэльнік Міша, —
Аж трыццаць сем.
І палучыў адлуп.
Давайце:
Як гаворым, так і пішам,
Бо дэпутат
Ня можа быцьме глуп.

* * *
І вось яны
Прыйшлі да пастановы,
І чэшуць лоб да гэтае пары,
Бо з іх ніхто
Ня ведаў роднай мовы.
На ёй калісь
Купала гаварыў...

Клумба імя Чынгачгука
“Сквер на сталічнай вуліцы Захарава атрымаў імя нацыянальнага героя Венесуэлы Сімона Балівара. Такая павага і ўшанаваньне нацыянальных герояў нашых сяброў вартае пахвалы, аднак... Дагэтуль застаюцца забытымі беларускімі ўладамі многія гістарычныя постаці Бацькаўшчыны.
У нас няма годнага ўганараваньня імёнаў і подзьвігаў дзеля Айчыны яе выдатных сыноў — напрыклад, Вітаўта Вялікага, Тадэвуша Касцюшкі, Канстанціна Астрожскага, Яна Хадкевіча...”
“Народная воля”.
Нас ігнаруе
Мудрая Еўропа,
І нам ніхто
Не нанясе візіт.
Бо ўсе ў Еўропе —
Хіжыя халопы
Амерыкі, дзе Буш.
Во паразіт!
Куды ж цяпер падацца
Беларусам?
І як нам захаваць
Прыстойны твар?
Падобна,
Што Масква бярэ “аншлюсам”.
Дружыць Іран гатовы
І Катар...
Так, у Еўропе мы здаёмся
“Голымі”
Яны “клявешчуць”,
Што у нас — дыктат.
Дык будзем жыць
З краінамі-ізгоямі
(А іх, па праўдзе,
Ёсць зусім няшмат).
І “балівараў-чавесаў” імёны
Мы ў Беларусі ўславім на вякі.
Сваім героям
Шлём адны праклёны.
Ну што паробіш?..
Мусіць, час такі...

* * *
Прывецім мы
І племя “тумбу-юмбу”,
Дзе на ўзбраеньні
Ёсьць страла і лук.
І атрымаюць вулку,
Плошчу,
Клумбу
Самоса,
Балівар
І Чынгачгук.

«Кацілася торба з высокага горба...»
“Гіперінфляцыя ў Зімбабве, якая існуе ўжо ня першы год, прывяла да таго, што адзін долар стаў каштаваць 25 мільёнаў зімбабвійскіх даляраў. Такім чынам, для пакупкі 100 даляраў спатрэбіцца каля 20 кілаграмаў мясцовай валюты ў 100-тысячных і 200-тысячных банкнотах. Вось да чаго прыводзіць зьнявага да прыватнай уласнасьці і незахаваньне правоў замежных інвестараў”.
“БелГазета”.
Не раўня
“Зімбабве з Гвадэлупамі”,
Нам не прыклад
І Мадагаскар.
З голымі
Ня ходзім, мовіць, дупамі,
Наш урад —
Для нас як Боскі дар.
За даляр
“Схапіцца” сёньня здолелі,
Толькі й для даляра ёсьць рубеж.
Падаюць,
Нібы лістота,
Долары.
З імі разам
Падае рубель.
Дзе ж вы,
Так чаканыя інвестары?
Сьвежую
Ці хто
ўвалье нам кроў?
Ну няўжо ва ўрадзе
Толькі бездары,
Што ня зробяць
да багатых крок?
Мы і так,
і сяк вытворцаў сватаем,
Выбірайце —
На любы расклад.
Толькі не ідуць да нас багатыя.
Можа, вінаваты бацька-сват?
* * *
І такі расклад
Ня скінем з горба мы,
І навек —
Нішчымніца-прасьлед.
Прыйдзе час —
Насіцьмем грошы торбамі.
З торбамі
Пасунемся і ў сьвет.

Жарт
“Актывіст незарэгістраванага “Маладога фронту” з Салігорску Павел Батуеў запатрабаваў ад ваенкамату беларускамоўную анкету прызыўніка. У атрыманым дакуменьце ён выявіў больш за 100 памылак”.
“Народная воля”.
Палкоўнік
Тэрмінова склікаў штаб.
Яшчэ й дадаў,
Што быць усе павінны.
Такі перапалох зрабіў ён,
Каб
Давесьці непрыемную навіну.
— Наш прэзідэнт, —
Паведаміў, —
Указ
Іздаў нашчот
Вааружонных Сілаў.
Я даважу да сьведзяньня січас —
Камандаваньне
“сільна папрасіла”.
І хоць ваш труд
І так саўсем вялік,
Аднака ў вас
Дабавіцца нагрузкі.
У арміі
Уводзіцца язык
Саўсем другі.
Інача — беларускі.
І прэзідзент наш,
Як абычна, праў:
У гасударсцве беларускім служым.
Аружжа і яду
Народ наш даў,
Срадзі яго
Мы смотрымся няўклюжа.
Кагда саўсем ня знаеш языка,
Здавай пагоны
І на печку к бабе.
Праверка заўтра будзе “звысака”,
Экзамен правядуць
У нашым штабе.
Сягодня ізучыць язык
“З калёс”.
Штоб вам было ня стыдна
ў Беларусі!
Я славары, учэбнікі прынёс...
Пайду і сам нямнога падучуся...

Які ж у штабе быў перапалох!
Як наляглі служывыя на мову!
Хто нават сорак словаў
Мовіць мог,
Хто аднаго
Прамямліць не гатовы.
Такі гармідар!
Бы ня штаб — кірмаш.
І ліп да ўсіх маёр,
Зруселы самы:
— А как перевести мне
“Шагом марш”?
А есть ли в белорусском
Слово “прямо”?
А вечарам
Палкоўнік зноў сабраў.
Усьмешку
Ён чамусьці не хавае:
— Язык вы ізучалі этат зра...
І сцэна, як гаворыцца, нямая.
А каб службоўцаў
Не хапіў удар,
Ня стаў далей трымаць
“У чорным целе”:
— Сягодня вы сматрэлі ў каляндар?
Дзень дурака!
Дзень первага апрэля!