12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Буслан і Жабміла

_____________________
Калектыўная электронная паэма. Прадмова Юрася Нератка


...Час ніколі не бывае ні сур’ёзным, ні смешным, ні добрым, ні дрэнным. Ён можа быць жорсткім або мяккім у дачыненні да чалавека – і тады чалавек маштабіруе дыяпазон пачуццяў, каб звесці ўспрыняцце свету да так званага нармальнага. І пры гэтым застаецца незадаволеннасць жыццём, якая ў творчай іпастасі выяўляецца ідэалістычнымі меркамі да падзеяў, а ў абывацельскай – імкненнем да падвышэння бытавога ўзроўню. Такія мы – напалову мясцовыя, напалову прыхадні невядомага паходжання. І дзякуючы гэтаму чалавечая цывілізацыя супярэчлівая і стракатая. Такой ёй наканавана быць...
А цяпер плаўненька гэтак пераходжу... да твора, які досыць унікаль­ны для беларускай літаратуры. Першая яго прыкмета – калектыўнасць. Такія творы ёсць, ды іх няшмат. Другая – інтэрактыўнасць. І гэтым літаратура не абцяжараная. Напісанае дасылалася электроннай пош­тай, з дапамогай яе ж перакідваліся магчымыя ва­рункі сюжэта, персанажы і г. д. Раздрукоўка была адна-адзіная – каб перадаць на прафесійную вычытку, бо да любой работы трэба ставіцца з адказнасцю.
На працягу года (з кастрычніка 2010 па кастрычнік 2011) я песціў так званы СМС-праект: рассылаў вершы-карацелькі знаёмым творцам. Пачалі паступаць адказы, узнікаць дыялогі. Закідваў радкі, якія трэба было на свой густ і разуменне дапісаць, давесці да нармальнага чатырохрадкоўя. Часам атрымліваў СМС-кі, на якія патрабаваўся адказ ад мяне. Зразумела, праект гэты ўнутраны, хоць і не закрыты, а таму належыць да так званай кулуарнай, экспромтнай літаратуры.
А таму частка “Перадпаэмнае” і ўтрымлівае фрагмент з СМС-перапіскі, які прывёў да стварэння калектыўнай паэмы-рэмейка “Буслан і Жабміла”.
Усе аўтары-стваральнікі – удзельнікі суполкі “Літаратурнае Прадмесце”, якая пад кіраўніцт­вам Людмілы Рублеўскай і патранажам Віктара Шніпа ўжо стала гістарычнай з’явай для нацыянальнай літаратуры. Хоць пакуль належным чынам і неацэненай – што звыкла...
Зразумела, прапанова ўдзельнічаць у СМС-праекце паступіла большай колькас­ці творцаў, чым рэальныя яго ўдзельнікі. Аднак людзі ёсць людзі – часцей вялікім і важкім здаецца тое, што перад вачыма і пра што праз год не ўспомніш. Таму пэўная інертнасць (у перыяды агульнай няпэўнасці – даравальная) назіралася. Ды і не кожны здольны злезці з уласнага прыручанага зацуглянага Пегаса хаця б на нейкі час. Некаму, пэўна, здавалася, што калі з раніцы зрабіць прабежку, то не застанецца моцы соўгацца по “больш сур’ёзных” справах. А часам і асабістыя жыццёвыя накладкі заміналі.
Так ці інакш, хацелася б асобна падзякаваць юнай ліцэістцы Аліне Агрэніч, дзякуючы творчаму імпэту якой, я змог выкарыстаць свой літаратурны досвед і жыццёвы сарказм. І папрасіць прабачэння за тое, што безапеляцыйна і бесцырымонна правіў-выкідваў-замяняў дасланае. Зрэшты, пра гэта адразу папярэдзіў: адзінаначалле ў калектыўнай творчасці дазваляе аб’яднаць і ўніфікаваць твор, а да таго ж – сканцэнтраваць адказнасць.
Аўтарства ў паэме пазначана ініцыяламі, каб менш перашкаджала чытанню. Таму расшыфроўку даю тут:
І. К. – Іра Карэліна, Ю. Н. – Юрась Нераток, М. К. – Мікола Кандратаў,
А. А. – Аліна Агрэніч, А. Е. – Алесь Емяльянаў, Н. К. – Наталка Кучмель.
Юрась Нераток.


Перадпаэмнае
(СМС-праект)

Ад І. К.:
Прапаную зрабіць вясковы цыкл
Беларускі адказ Лукамор’ю:
“У Глыбачанах ёсць бяроза,
Гліняны кубачак і стол.
І днём, і ноччу дзед цвярозы
Лунае побач і вакол”.

Адказ І. К.:
Дык зробім!
Толькі па парадку:
Пакуль тупы – раблю зарадку.
Для цыкла, пэўна, як скарбонку,
Мы скарыстаем электронку.

Ад І. К.
Дык мы на пушкінскую тэму
Дамо вясковую паэму?

Адказ І. К:
Ды што нам тое Лукамор’е,
Калі паэтаў ў нас сузор’е?
Фінал прадбачыцца празрысты,
Бо сярод нас ёсць ліцэісты.

Адказ І. К. (праз гадзіну):
Здаецца, твой зачын сасватаў.
Рассылкай зоймецца Кандратаў.
Хапаю ў рукі, быццам сцяг,
Лукаморскага верша працяг.

Буслан і Жабміла

Калектыўная электронная паэма

Ад “а” да “я”, ад “альфы” да “амегі”
Ўсё перабралі папярэднікі-калегі!
Аднак і мы не нэндзы і не лохі –
Чамусьці дзесь вучыліся патрохі.
Замуцім так, як захацелі.
На старт… Увага… Паляцелі! (Ю. Н.)


***
У Крынічанах ёсць бяроза,
Гліняны кубачак і стол.
І днём, і ноччу дзед цвярозы
Лунае побач і вакол. (І. К.)

Ён хлапчуком яшчэ калісьці
Бярозу тую пасадзіў.
Пад ёй да старасці няблізкай
Вучыўся, працаваў і жыў. (М. К.)

Сівенькі ўвесь, але рухавы,
Жывуць з ім рыжанькі хамяк,
Каза і кот… Такія справы…
Ён любіць іх, без іх – ніяк!

Дзед даў казе імя Гражына,
Ката свайго Кастусь заве,
А Вінцэнт – мілы хамячына –
На свеце дзесяць год жыве.

Гражына – дзеўка баявая,
Яна бароніць дзедаў двор,
Агонь у вочках не згасае,
Любому можа даць адпор.

Кастусь – каток высакародны.
Бывае, сядзе дзед піць чай,
А кот на чай, халера, згодны,
Кіўне на міску: “Налівай!”

А Вінцэнт дык звярок ва ўзросце
(Не хамячыных ён гадоў),
І часам ломіць яму косці,
Але пульсуе хомы кроў.

…Такая дзедава маёмасць,
Плюс дрэва, кубачак і стол.
Шчаслівы ён – таму цвярозасць,
Лунанне побач і вакол… (А. А.)

Ды ўсё-ткі нечага бракуе:
Ціш, лад, спагада і спакой…
Таму ідылію такую
Разбурым жорсткаю рукой!

Ёсць лук у дзеда самаробны,
Якім ён б’е цецерукоў.
Сабака, да ваўка падобны,
Цягае з пушчы вепрукоў.

Там сцежкі блытае нячысты:
Сто крокаў пройдзеш – з ног валісь!
Там шашаль точыць дуб вячысты,
Што Вітаўт вывернуў калісь.

Растуць пад вываратнем гэным
Смарчок, паганка, мухамор.
Суп варыць з галюцынагенаў
Ляснік здзічэлы – Глюкамор…

Ды зрэшты, што рабіць у лесе?
І ў горадзе жыццё цячэ!
А ў лес у развіцця працэсе
Мы хутка вернемся яшчэ. (Ю. Н.)

…У мегаполісе ў “хрушчоўцы”
Жыве нястрыжаны юнак.
Яго не гладзяць па галоўцы,
Бо ўсё ў яго ідзе не так.

Нязграбны, слабы і цыбаты,
Філфак сканчае хутка ён.
Як зранку выйдзе хлопец з хаты –
Трапляе ў роспачы палон.

Заўжды спазняецца “на пары”,
Губляе рэчы, посуд б’е.
І трапяткія песціць мары,
Што дзесь каханая жыве. (А. А.)

Як прыйдзе ўвечары дахаты –
Адно гітара ў галаве!
І песні гусляра Кандрата
Спявае, нібы салавей: (Ю. Н.)

“У гэтай Прыгажосці я ніхто:
Здаецца, зніклі здольнасці і талент,
А думкі, нібы воблакі, расталі,
На дне душы заціх салодкі стогн.

У гэтай Прыгажосці я слабы:
Так моц яе душу маю скарыла,
Што зніклі і Купала, і Скарына.
І сталі салаўямі галубы.

У гэтай Прыгажосці я нямы,
Са струнамі парванымі гітара…
Ды спадзяваннем лёсу не спраміць –
Для гэтай Прыгажосці
я пачвара…” (М. К.)

У марах пра фантом-каханку
Засне, бы выпіў к’янці гляк.
Само сабой, заспіцца зранку
І сабярэцца абы-як. (Ю. Н.)

Бяжыць, губляючы канспекты,
У чырвоных конверсах сваіх
Па Неакрэсленым праспекце
І ўспамінае ўсіх святых.

“Ну, што, святыя, зноў падстава?
Аблом, няпруха, каламуць?”
“Буслан, алегра-прэста-жвава! –
Яго сакурсніцы завуць. –
Няўжо ты сёння не спазніўся?
Ах ты, Бусланчык, наш Буслан!”
З мянушкай гэтай хлопец звыкся…
Усё-ткі лепш, чым Пелікан (А. А.)
Ці Певень, Дзяцел і Варона
І нават Сокал ці Арол –
І ад знішчэння абарона,
І класны каларытны флёр. (Ю. Н.)

А дома матухна пілуе:
“Нявеста, сыне, дзе твая?
Чаго крывіначцы бракуе?
Разумны, гожы… Ну, як я!

Але спакойны ты занадта,
З дзяўчатамі – ні “бэ” ні “мэ”.
Дык слухай, хлопец, сваю матку,
Бо добры план ёсць у мяне”. (А. А.)

…Здаецца, цягнецца ўсё звыкла:
Без эпатажу і турбот.
Таму для ажыўлення цыкла
Прыменім рэзкі разварот.

Пачатак быў амаль звычайны,
Аднак не “ламца-гоп-ца-ца”:
Радзімай сталі Крынічаны
Для маці нашага хлапца. (Ю. Н.)

– Ты, сыне, з’ездзі ў Крынічаны,
Туды, дзе дзед вякуе твой,
Заўжды разумны і адчайны,
Душы тваёй ён дасць спакой.

Там паплавы, палі і рэчка,
І старажытны лес глухі.
Вакол лагода з пахам грэчкі
І песні – з кожнае страхі.

Калі была я маладая,
У лесе нехта варажыў.
Калі ж у дзеда запытаеш –
Ён накірунак не забыў.

…Буслан, калі ў таксоўцы ехаў,
Матулі словы ўспамінаў.
Аднак таксіст Стасітай Пэхай
Настрой студэнту ўсё збіваў.

Вадзіла страшны, валасаты
Ўчапіўся ў руль, нібы мядзведзь.
Аж падалося, што паддаты:
З кумірам намагаўся пець:

– Здаецца, у цябе гітара?
А “Мурку” можаш мне сыграць?
Была ў мяне калісьці мара:
Блатныя песенькі ствараць…”

Тады ўздыхнуў студэнт з палёгкай:
Мінуў, відаць, Стасіты час.
“Шшас зробім…” Языком пацёхкаў:
“Гусляр Эміль.
Шансон для вас!” (А. А.)

Чахол раскрыў, дастаў “інструмант”,
Шлясь – медыятрам па губе!
– Сур’ёзны хлопец, фіглі думаць,
Усё, як трэба, у цябе! (Ю. Н.)

“Дазволь мне пабыць закаханым,
Пачуццямі закатаваным,
Нудзіцца ў прыемных пакутах,
Да сэрца твайго быць прыкутым
Дазволь, калі ласка, дазволь…

Ты мне падарыла натхненне,
Дазволь жа хаця б на імгненне
Пабыць у чаканым палоне,
Трымаць у далонях далоні,
Дазволь, калі ласка, дазволь…

І б’ецца, і б’ецца, і б’ецца,
Бы птушка, юнацкае сэрца.
Дазволь жа мне быць закаханым,
Адзіным, жаданым, абраным
Дазволь, калі ласка,
дазволь…” (А. Е.)

І выслухаў таксіст з увагай,
І падмармытваў-падпяваў.
Прапанаваў яму кулагу,
А на дарожку яблык даў. (А. А.)

– Няпросты яблык той, чароўны.
Насі з сабой яго заўжды.
Калі туга ці шлях няроўны,
Ён выведзе з любой бяды! (Ю. Н.)

…Цяпер з валізамі, з гітарай
Юнак шукае дзедаў дом.
Паветра набрыняла парай,
Яшчэ крыху – і будзе гром!

“Пакуль што пад бярозку стану,
Нямоцны дождж павінен быць”.
Тут выйшаў нейкі дзед на ганак:
“Не чуеш, неба як крычыць?
Каб не намок – заходзь у сенцы
І непагадзь перачакай!”
Буслан на вузкія акенцы
Зірнуў.
А дзед: “Сюды давай!”

Зайшоў юнак у домік. Цёмна…
Гарыць там свечачка адна.
На печцы – кот, каза і хома.
І з фотакарткамі – сцяна.

І бачыць ён на фотаздымках
Нібы даўно забыты сон:
Ён, маці з бацькам у абдымках
Трымаюць жоўты парасон… (А. А.)

Заўважым, што стыкоўка гэта
Невыпадкова стала ў верш:
Зямля – маленькая планета,
А Крынічаны – трошкі менш.

Калі ж звярнуцца зноў да прозы,
Прытым, што бура за акном,
То дзед, які заўжды цвярозы,
Унука частаваў віном. (Ю. Н.)

А потым гутарылі доўга,
Гарбату з кубачкаў пілі.
Распавядалі жыва, многа,
Дзе што рабілі, як жылі…

Спытаў урэшце дзеда хлопча:
– А хто ў вас можа чараваць?
– Чаго ж ты ад вядзьмаркі хочаш?
– Ды мне б… Каханне адшукаць! (А.А.)

– Ну што ж, калі зусім пагана,
Давай, унучак зробім так:
Вядзьмарка ёсць. Завуць Раганай.
Яна – мясцовы чорны маг. (Ю. Н.)

У лесе чараўніцы хата.
Імхі, дрыгва, гадзюкі, гнюс.
Не знойдзеш сам… Тут праважаты
Патрэбен. Завядзеш, Кастусь?

Каток ласкава пасміхнуўся,
Зялёным вокам падміргнуў.
Буслан здзівіўся-схамянуўся,
Кастусь са згодаю кіўнуў. (А. А.)

– Ну што ты, дзед! Няўжо кашлаты
Ў вандроўцы здольны весці рэй?
– Ноў проблем!
Толькі бліснуць пяты!
Саскочыў кот і –
да дзвярэй… (Ю. Н.)

Буслан прамармытаў: “Няквёла…”
І за катом пацёгся ўслед.
“Разумны звер! Дрэсуры школу,
Як Куклачоў, адкрыў бы дзед…”

Пасля і не здзівіўся моцна,
Як коцік жартачкі травіў,
Падзеі паказалі хлопцу –
Што цуды ўсюды,
дзе б ні быў. (А. А.)

Кастусь як след ужыўся ў ролю –
Тэлепатычна сцвердзіў: “Йес!”
…Прайшлі гарохавае поле.
За ім і пачынаўся лес. (Ю. Н.)

І паглыбляліся паціху
Ў таемны змрочны той гушчар.
Адно вароны, каб ім ліха,
Сварыліся паміж імшар.

А за размовай несціханай
(Кот быў заўзяты балбатун!)
Знайшлі вядзьмарскі кут Раганы,
Дзе добра пагуляў Пярун.

Бо як па-іншаму тлумачыць,
Чаму трава тут не расце,
А з долу дух ідзе гарачы,
І ў той жа час вятрыска б’е?

Хаціна чорная, благая
(Пачвары-елкі па-над ёй!)
Малым акенцам пазірае,
Што ледзьве бачна
пад страхой. (А. А.)

Штыкеты з костак – плот Раганы.
Над галавою – плоймы мух,
Вужы слізгочуць пад нагамі,
І спрэс –
п’янкі балотны дух. (Ю. Н.)

Хоць быў пейзаж і варты страху,
Не здрэйфіў гарадскі Буслан.
Узяў ён коціка пад паху
І пераскочыў праз паркан.

– Што, вырашыў мяне наведаць?
Звярка з сабою прывалок?
Якраз у самы час абедаць…
І ты, і кот – у кацялок! (А. А.)

Зірнуў Буслан на гаспадыню:
Сказаць, што страшная – дык не.
Адно што голас, як у злыдні…
– Ёсць тэмка мутная ў мяне! (Ю. Н.)

– А што з табой плявузгаць,
хлопча?
Мне трэба паднавіць паркан!
– …Бабуля, мо гароху хочаш?
Гарох – далікатэс раган! –
З-пад пахі коцік піскнуць здолеў.
– Ай, госці, ведалі, што браць!
– Мы пешкадралілі праз поле,
Дык як тут трохі не нарваць?

Старой вядзьмаркі твар змяніўся,
Змякчылася Рагана ўраз:
– Ну дык чаго сюды з’явіўся? –
З увагай слухала адказ.

– Ніякай асаблівай працы –
Цяпер ад радасці скачы.
Іспыт – па профілі вядзьмарцы.
Змарную пяць хвілін – лічы!

Калісьці я не тое ўмела…
Патрэбна пасма валасоў.
Чыіх? Тваіх, то ж зразумела!
Дзе мой секатар?
Чык! – гатоў! (А. А.)

Пачыкільгала да хаціны.
Буслан і кот – за ёй шпарчэй.
…У змроку, тхліне, павуціне
Ўладарыць падчарка начэй…

Мармыча-шэпча чараўніца,
А потым – рэзкі віск і храп!
Падкідвае ў кацёл дурніцы,
Хвасты мышэй, галовы жаб… (Ю. Н.)

З катла нарэшце вылятае
Паперка, змятая ў камяк.
Яе вядзьмарка падымае:
– Каханне тут тваё, юнак.

Хапай жа, на! Я ўсё зрабіла!
А дзякаваць не трэба мне,
Бо ўсё адно табе – магіла…
Ці падабаецца, ці не?! (А. А.)

Зарагатала сіпла, жорстка,
Затым крутнулася ваўчком,
Зрабілася куніцай порсткай –
За печку шуснула маўчком.

Сляпуча жахнула маланка,
Раскаціста шарахнуў гром!
…І вось стаяць сярод палянкі
Буслан
з правадніком-катком. (Ю. Н.)

– Вой, гаспадар! Бяда якая!
Вядзьмарка – шкодніца аднак.
Напэўна, загубіць жадае!
Крычыць пачварна дзесьці грак…
Вой, гора! Зблытала сцяжынкі!
І дрэвы ўжо не там стаяць…
Яшчэ ж казала пра памінкі!
Буслан, нам рана паміраць!

– Чаго ж мой Коця панікуе? –
Буслан дастаў чырвоны шар. –
Чароўны яблык уратуе –
Прарвёмся праз любы гушчар!

Па купінах, затым па траўцы
Панёсся дзіўны яблык-шар.
Быў рух яго агністым танцам
Сярод хмызоў, ялін, імшар.

Ды раптам храбуснуў ім хтосьці
І яблычак чароўны знік…
– Хоць недарэмна трэсла косці
Па родным лесе… Фрукт – залік!

І смачны плод, і сакавіты –
Ух, цёпла ў страўніку цяпер!
…Чаго заціхлі, паразіты –
І ты, юнак, і дробны звер? (А. А.)

То Патарочы Салапятай
Патрапіў яблык пад руку.
Буслан і кот маўчаць зацята…
А тая зноў:
– Merci beaucoup! (Ю. Н.)

Ну, з’ела яблык, з’ела, румзы!
Галоднай бабе вам шкада,
Каб трошачкі набіла пуза?
Кадук! Тут скнары! Жах! Брыда!

Прыбегла раптам купка моху,
Агнём страляла з вочак-дзір:
– До, Салапятая, палохаць!
Шаноўныя! Я – брыгадзір!

Галоўны ў лесе я нячысцік,
А Патароча – служка мне.
Я злы, бясстрашны і мясісты!
Супернікаў таплю ў віне!

– Хто раскрычаўся ў ціхім лесе?
Зноў экстрасэнс дурны Кадук?
Хамло, пачвара! Знікні ўрэшце!
Адбіўся, паразіт, ад рук! (А. А.)

І раптам – трэск! Як быццам з дуба
Мядзведзь ламаў сабой сукі.
І рогат безразважна грубы:
– А ну звалілі, байструкі! (Ю. Н.)

Кадук прапаў, з ім Патароча…
Які адсюль прагнаў іх мор?
Кажу для тых, хто ведаць хоча:
То быў здзічэлы Глюкамор.

Асілкам быў ляснік мясцовы
З даўжэзнай чорнай барадой.
Калісьці лёгка гнуў падковы,
Страшыдлаў мыў
святой вадой. (А. А.)

З глуздоў зляцеў у куламесе
Перабудовачных часін.
Жыў – ад граху далей – у лесе
Сярод жывёлін і раслін. (Ю. Н.)

Ды потым вар’яцеў паціху,
Бо цяжка адзінокім быць.
А дзе тут шчасце, дзе тут ліха –
Ці нам пра тое гаварыць? (А. А.)

Аднак далёкі быў да скону
Дастаў аднекуль – ё-маё! –
“Вянок” Максіма, як ікону.
Хаця апавядаў сваё:

“Ў краіне светлай ўміраюць хутка:
За пяць хвілінак адзін канае.
Ў ёй ўсё спакойна, ў ёй ўсё ціхутка
Хоць нават Месяц слязьмі брыняе.

Ў краіне светлай заціхла песня,
Ў краіне светлай не бачна зорак.
Замест паветра – ў ёй тхло і плесня,
Замест прасторы – турэмны дворык.

Ў краіне светлай пануе Ліха,
З ім ў параўнанні Рагана – фея.
А мне ўсё пофіг – ў мяне ўсё ціха:
Звару грыбочкаў – не помню дзе я!

Ў краіне светлай анёлам крылы
Або спалілі, або зламалі!
Забыць кут мілы не маю сілы…
Але задралі,
дальбог задралі!” (Ю. Н.)

Сябры на дзеда пазіралі,
Не ведалі, што ім рабіць.
За вершык “дзякуй” мармыталі…
Пачаў стары ім гаварыць:

– Не трэба лясніка пужацца –
Шукаю пятага вугла!
Адсюль вам трэба выбірацца,
Бо шмат і ў лесе служак зла.

Вачыма заіскрыў. Няйначай,
Таксама трошкі чараўнік!
“Буслан, бутэлечку з удачай
Трымай!” – сказаў
і раптам знік. (А. А.)

“Дзе тут удача, што чакае? –
Буслан шкляны пакручваў гляк. –
На выгляд быццам бы пустая,
Але ж не выкінеш –
ну як?!” (Ю. Н.)

І тут заўважылі героі
Праменьчык светлы між ялін.
Пакрочылі за гэтай мрояй…
Мо дойдуць
да сваіх мясцін? (А. А.)

І хоць пакуль каток з Бусланам
З чытацкіх не сышлі вачэй,
Пераляцім у Крынічаны,
Бо з аўтарамі ўсё хутчэй. (Ю. Н.)

…Не на мятле і не на возе,
На “Лексусе” – аж пыл слупом –
Нясецца з поля па дарозе
Калгасны новы аграном.

У Крынічанах толькі тыдзень,
А ўжо ўцячы адсюль карціць:
Паспеў яе мясцовы злыдзень
Жабмілай злёту ахрысціць.

О так, наш аграном – дзяўчына!
Чаму адна і на сяле?
На тое важкая прычына –
Студэнты ведаюць яе.

Для тых, хто не зусім у тэме,
Тлумачу жартам і ўсур’ёз:
У нетрах сельгасакадэмій
Нястача гёрлз і плойма бойз.

Магла, вядома, выйсці замуж,
Ды не сустрэла суджанка.
Ды зрэшты, трапіла не ў яму ж,
А ў перспектыўны СВК!

Тут ёсць кафэ і цэнтр гандлёвы,
Што выглядае з-за адрын,
ДэКа шыкоўны, хоць не новы.
І нават клуб начны – “Найт-Крын”!

У Крынічанах ёсць і хата –
Катэдж памерам сем на пяць.
Адно што трохі сумнавата,
Як стане вёска заціхаць.

Пакуль кароў падояць бабы,
Яна ідзе да азярца,
Дзе квакаюць нястомна жабы
І карасі даюць нырца.

Вось каля жаб мясцовы гіцаль
(Дзе праменадзіла штодня)
Яе засёк. У тон традыцый
Ён перайначыў ёй імя…

Як сонца за лясок кульнецца,
Жабміла вернецца ў катэдж.
Прысядзе з кніжкай бліз вакенца,
Наталчын пачытае верш: (Ю. Н.)

Неба ў бляску сляпучым стыгне,
Жоўтым вокны шкліць.
Без цябе пражыўшы тры тыдні,
Так і звыкну жыць.

Але ў вечар, ветрам напяты
Над ламаным грэбнем дамоў,
Тонкі твар, бы з іконы зняты,
Узгадаю зноў.

Што ты? Дзе ты? Месяц замглёны
Крэпне між аблок.
У завулку блукальнік сонны
Прыцішае крок. (Н. К.)

Як вузкі месяц знікне ў хмарах,
Туман апусціцца дымком,
Папстрыкае па трох праграмах
І ўрэшце падключае комп.

Вядома, нік стары змяніла,
Як на гумор змяніла злосць.
Цяпер яе завуць Jabmila.
Няхай так будзе, раз так ёсць!

Зноў у прасторы пераскочым
На кіламетра паўтара,
А ў часе – на чатыры ночы:
Да ціхамірнага двара.

Сцямнела. Вечар – адпачынак,
А ноч – здаровы моцны сон.
То не банальны напамінак,
Хоць так было вякоў спакон. (Ю. Н.)

На дзень справункаў тут багата:
Збірай грыбы, касі траву…
Пад вечар дзед сядзіць пад хатай
І падпірае галаву. (І. К.)

Не спіцца, дзеду, палкі-ёлкі!
Напэўна, адаспаў бакі.
Глядзіць: як падлыя анёлкі,
Ідуць бухія вахлакі!

“Хто? Што? Дзе? Як?” –
пытанні ўмомант
У дзеда ў галаве ляцяць.
– Куды? – “Найт-Крын”.
– Чаму? – Ноў комент,
Бо зразумела – дабаўляць. (Ю. Н.)

Адзін у шэрым гарнітуры,
Кудлаты, быццам бармалей,
Другі – насуплены і хмуры,
Бурчыць пад нос яму: “Налей!”

А трэці – вые, як ваўчара
(А каб не псіхануў – “пяе”),
Пра тое, што на сэрцы хмара,
Бо побач з ім няма Яе.

Наш дзед, дапытлівы не ў меру,
Прыбор наладзіў слыхавы.
Пачаў размову той, што ў шэрым,
А скончыў той,
што гучна выў. (І. К.)

Як rus in urbe, urb у вёсцы,
Бы прышч на попніцы тырчыць –
Не будзе месца нават косцы,
Каб жаніхоў пералічыць!

…Ветэрынар, пастух аблудны,
Мент адстаўны – туды ж, а як?
Бо трэба ж недзе і хахлюдам
Разбавіць самагону гляк?!

Знікалі сілуэты, словы…
Дзед толькі крэкнуў: “Цыркачы!”
Таму астатнія размовы
Пачуюць толькі чытачы. (Ю. Н.)

– Чакайце, хлопцы! Дай запалкі…
Дзімонік, чуеш ты ці не?!
Здаецца, што даярка Галка
Цяпер не першая ў сяле!

Я ўчора бачыў… Шобла, слухай!
Анёл ляцеў у сельсавет…
Якая постаць! Тварык! Рухі!
Няўжо дарма я скончыў Вет?
Я раскажу ёй пра жывёльны…
Ды што жывёльны? – цэлы свет!
Я ёй канцэрт наладжу сольны,
Хоць і не бард, і не паэт!

Сябры, блін, дайце мне параду:
Куды багіню запрасіць?
На поле зранку пасвіць статак,
Або адразу на Га-іць? (І. К.)

– А не пашле цябе ці на фіг
Канкрэтна старшыня Вінтоў?
Вісіць у кабінеце графік…
– Ну на фіг вас усіх, мянтоў!

Ты адслужыў сваё – і не фіг!
Цяпер харэ панты кідаць…
Пастух улез, былы электрык:
– Заглухніце – “Найт-Крын” відаць!”

Пастух, дарэчы, быў той самы,
Што каля возера блукаў.
Хоць больш бадзяўся каля крамы
І сабутэльніка шукаў.

Быў прайдзісветам, сібарытам,
Філосафам, жартаўніком…
Каб карацей, са слоў эліты
Мясцовай – проста ...аўнюком.

Каго мянтом ашальмавалі
(Бо сапраўды здаў пісталет!),
Цяпер у вёсцы паважалі
І выбіралі ў сельсавет.

Ён мог суцешыць небараку,
Парадак здольны быў “блюсці”,
Бо ведаў кожнага сабаку
І ўмеў з усімі лад знайсці…

Ветэрынар мясцовы – трэці –
Звычайны быў спецыяліст.
Аднак у замінулым леце
Сябе праславіў як самбіст.

Быў чэмпіёнам на Дажынках –
Шпурнуў партнёра за кілім!
…Там не бывае паядынкаў?
Ну гэта ж казка, холер з ім!

Вось у каго з іх болей шанцаў?
Хто больш Фартуну раззлуе?
…“Найт-Крын” сустрэне абажанцаў
Жабміліных – і ім налье.

Няхай зальюць, як трэба, вочы!
Мы ж віртуозны зробім крок:
Па часе зноў уперад скочым,
А па адлегласці – убок.

Там цягнецца каток з Бусланам
Праз грозны нагаломны лес.
Шанцуе часцяком прафанам –
Здаецца, што відаць прагрэс,
Бо скрозь балоты і паляны
Людскім павеяла жытлом.
За ўзлескам шэрым – Крынічаны…
Яны – ускач, амаль бягом! (Ю. Н.)

Дабеглі ўрэшце да дарогі,
На плечы звесіўшы язык.
Скакалі, дзякавалі Богу,
Што не прыйшоў
па іх кірдык. (А. А.)

…Хаця “кірдык” – не наша слова.
Як з джунгляў – лес,
ці з хаты – чум…
Брэйнстормінг лёгкі – і гатова:
Па-беларуску – карачун!

…Узбоч гарохавага поля
Нясецца новы аграном.
Здаецца, звыклай стала роля,
І нават кіраваць – не ў лом.

І абжываецца патроху…
А што далей? Далей – пасля!
А хто ж там прэцца па гароху
Жардзінай, бачнаю здаля?! (Ю. Н.)

Па тармазах і па клаксоне!
Наладжу зараз вам нагон…
Адразу сцяліся гулёны –
Забрала немач у палон... (А. А.)

Зніякавелая адчайнасць
Жабмілу збіла ўадначас:
– Сядайце. Хоць да Крынічанаў
Падкіну я між справай вас.
А коцік ваш? Які разумны! –
Яна пагладзіла катка. –
Прабачце, дзень занадта тлумны –
Усё газую з лакатка.

Усеўся хлопец у машыну,
Туды ж і Костуся ўсадзіў,
Адчуў чароўны пах шыпшыны…
“І чым я гэта заслужыў?”

Затым усё нібы ў тумане –
І разгубілася душа!
Буслан адчуў: прыйшло каханне,
Хоць не здалося так спярша.

– Я… тут… да дзеда, дзе бярозка… –
Буслан здранцвеў, бы ў спіне лом.
– Дык ведаю! А вось і вёска…
А я – мясцовы аграном…

Што там Карнегавы вучэнні,
Калі пачуцці цераз край!
Ледзь мармытнуў: “Да пабачэння…”
На энергічнае: “Бывай!” (Ю. Н.)

Як толькі ён сышоў з дарогі,
Насустрач крочыць дзед:
– Здароў!
І дзе цябе насілі ногі,
Чаму прыйшоў пазней кароў?
Адкуль падвезла аграномка?
Ці мо завёў з ёй шарм і блат?
Счакаліся Гражына, хомка…
– Дзядуля, не грузі зашмат,
Бо я за межамі он-лайна…

Хацеў быў адказаць каток
Замест Буслана бойка, хвайна –
Ды толькі выдаў “м-мяў!” раток.

– Буслан! У краму па бутэльку
Забег? Як гэта разумець?
Малы! Патраціць каб капейку,
Мо трэба глузд хоць нейкі мець?

– Ды не, дзядуля, тут удачу
Мне лесавік закаркаваў!
Яшчэ паперачку ў прыдачу
Ў Раганы я адваяваў… (А. А.)

– А-а, Глюкамор! Пракуднік гэты
Калісьці пашумець любіў!
Ды зрэшты, і мінулым летам
Ласю-бамбізе рогі збіў.

Хацеў прадаць у нашым свеце,
Але сустрэў яго Вінтоў…
Цяпер вісяць у кабінеце –
Ажно на дваццаць пяць вілкоў!

З Раганай я вучыўся ў школе –
Разумнай дзеўкаю была!
Ды прывучыцца аніколі
Да дысцыпліны
не магла! (Ю. Н.)

…А што ў паперцы? Прыгажуня?
Жартуе, чорт яе калі!
– Ды сам не ведаю, дзядуля.
Глядзець мне не было калі! (А. А.)

– Цяпер час ёсць. Чытай паперку!
– Ды лепш спачатку, дзед, я сам…
Дзед меў у выхаванні мерку:
– Ну, добра…
І пайшоў Буслан. (Ю. Н.)

…Бач, мадэрновая вядзьмарка!
І крынічанскі змрочны лес
Скарыла інтэрнэта марка –
Прарыў вялізны і прагрэс! (А. А.)

Ад’ехаўся шукаць спакою
У заімглёны гэты край,
А тут у лесе пад рукою –
І Гугл, і Яндэкс і Тутбай! (Ю. Н.)

Я думаў, што загадка будзе.
І ці знайду яшчэ адказ?
…Рагана – адрас мне на блюдзе
Ад пошты электроннай…
Клас! (А. А.)

Ды зрэшты, хто нашто патрэбны,
Калі навідавоку ўсё?
…Хоць не заслоніць водар хлебны
Кіндзаку Мацуо Басё!

Аднак філфакаўскія згадкі
Вярнулі хлопца на зямлю.
– Урэшце навядзём парадкі,
Бо трэба ведаць,
што раблю! (Ю. Н.)

Пакрочыў наш герой у хату,
Узяўся рэчы разграбаць:
“Гітара, шорты, э-э-э… гарбата…
А вось і ноўт!” Ахвота спаць…

Ды нельга! І пачаў хлапчына
З паперкі адрас набіраць.
“Без фотаздымка… Зваць Jabmila.
А я – Buslan!
Што напісаць?” (А. А.)


***
А што далей? Усё празрыста:
Спазнаюцца пасля нягод.
Не трэба талент раманіста,
Каб прадказаць банальны ход.

Перамагчы трох канкурэнтаў
Буслану лёс наканаваў…
А як з асілкамі студэнту
Расправіцца? Вось гэта – ваў!

Аднак і тут адметны тонус
Не трэба – быў бы такт і густ,
Бо ў казцы чарадзейны бонус
Пад трафарэтны ляжа куст.

За намі – цэлая дружына:
Апроч таго, што дзед і ўнук, –
Хамяк Вінцэнт, каза Гражына…
А ў дзеда – самаробны лук,
Сабака, што кныроў ганяе,
(Хаця маўчыць, калі свае)…
Раскладка поспеху спрыяе.
Магчыма іншае што? – не!!

Яшчэ ў загашніку Буслана
Бутэлечка з удачай ёсць…
Задзейнічаць – не так складана:
Айк’ю ўключыце! Або злосць…

У беспардонным перапудзе
Крутнём нязмушана штурвал:
Вяселле, несумненна, будзе –
Класічны казачны фінал!

Адбудзецца вяселле ўвосень,
Калі гарачы час міне.
Магчыма, нас туды запросяць…
Прыпромся, а чаму б і не?!

Падорым ім трохпакаёўку,
Пуцёўку ў месячны круіз…
У казцы (нагадаем зноўку!)
Няма праблем – любы капрыз!

А як жа з’ехаць з Крынічанаў
Раней пазначаных гадоў?
Міжзнак і гэта адзначалі:
Замужжа плюс спадар Вінтоў!

…Вось і раскладзены ўсе карты
І злепкі зроблены з ключоў.
І думаецца, што не варта
Дурыць галовы чытачоў.

Ніякай асаблівай лажы
Ў паэме не было пакуль.
Ёсць накірунак, персанажы –
І чытачам у рукі руль.

Бо пачуццё аб’ёму, меры
Даецца творцам нездарма.
У нас – брак часу і паперы,
Бы ў матэматыка Ферма,
Які, да слова, быў юрыстам
Да дыфзлічэння адкрыцця…

А так – пісалася са свістам,
Назло бязглуздасці жыцця. (Ю. Н.)


***
Як праспяваў казе Баян:
“І мы не лепім з гліны бяшак!”
…Здаецца, той Баян – Гусляр.

А зрэшты, дзе наш ганарар –
На інтэрнэт
і пару пляшак?! (Ю. Н.)