12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Мой храм.
Вершы з кнігі "Кон"


ЦЕРНІ

1
Божа з цернем на ілбе,
Мой Ісусе!
Ты мне сьнішся, а табе
Я ці сьнюся?

Я ўсю ноч з гасьцямі піў,
Меў каханку.
Ці мяне Ты не прысьніў
Хоць на ранку?

Правяду сваіх гасьцей
На дарогу.
Мне б хацелася часьцей
Сьніцца Богу.

2
Я спытаўся ўчора ў Бога,
Ці ня сьніць мяне Гасподзь?
Ды з нябёс –
ніхто нічога.
Хоць бы слоўца.
Знак бы хоць.

Сёньня ж з раніцы на ўсходзе
надпіс
з белых
бліскавіц:
“Ты ня сьнішся мне, Валодзя.
Бог ня сьпіць”.
11-12.01.2008


СКАРГА

Вользе
Там, дзе я з табой начую,
Зорны плешча акіян.
Хочаш ведаць, што я чую,
Абдымаючы твой стан?..

Чую з неба
Скрозь пустога
Скразяную
Скаргу Бога:

“Ці ўсяго
На сьвеце
Многа,
Ці замала
Усяго —
Дык жа ў Бога
Анічога,
Апроч неба
Скрозь пустога,
Апрача
Яго самога
Аднаго”.
20. 03. 2007


ШТО?

Генадзю Бураўкіну
Забярэзіла ад Варкуты
І на поўдзень далей… Гук пусты,
Гук паветраны ў небе хіснуўся,
Рэха хрумснула:
“Ты не вярнуўся”.

З небыцьця не бывае
назад.
Заімглёны ў вакне далягляд,
Замутнёная поўніцца шклянка,
Зап’янелая паліць каханка.

Выпадковае ўсё выпадкова:
І каханка, і шклянка…
Ні слова
Ні пра лёс, ні пра жарсьць, ні пра сьмерць
Не магу зразумець.

Адзінотны над тундраю птах…
Што вядзе мяне? Выбраны шлях,
Ці сьцяжына вядзе
бакавая?
Ці пра тое, чаго не бывае,
Сны ў начных цягніках?..
28. 08. 2006


* * *

Паселішча Вялікія Брады.
Старая не пускае ў хату:
“Хто ты?”
“Я той, хто памірае ад сьпякоты –
Падай вады…”

“На воцату. І губы не крыві!”
“А я ў каго вады прашу?..”
“У сьмерці”.
“Канаю я ад раны ў самым сэрцы —
Падай крыві...”


* * *

Я помню Тарту… І Натальлю Татур
На лецішчы ў Самойлава, і тату-
іроўку на плячы Тацяны Бек
Фламастарам, як крыж:
В
ХХ
Е
К

І з панадворку нейкі чалавек
Спытаў, ці тут жыве паэт Самойлаў?
Ён жніўнем пах і сьвежаю саломай —
Ужо дажалі жыта латышы…

“Хто-небудзь, — я ўзмаліўся, — напішы
Пра тое, як саломай пахла лета,
Як чалавек, спытаўшы пра паэта,
Адказу не чакаючы, пайшоў…”

Але ні ў кога потым не знайшоў,
Як ні шукаў, я ні радка пра гэта…


* * *

Не азірайся, не глядзі назад.
Ці попел там, ці расквітнелы сад –
Там пройдзена. Пакінута. Спалёна…

…Там я з табой яшчэ танцую пад
Пашчэрбленыя гукі патэфона.
21. 11. 2007


* * *

Я ня знаю, хто яна такая,
тая, што наранку прылятае
на ружовым воблаку, пяе…
“З галасамі
курвы ўсе твае!..” –
уздыхае жонка
і ўстае,
і фіранкай неба прыкрывае…
13. 02. 2008

* * *

Ці ў сьне, ці ў небе — там,
Дзе быць мяне ня можа,
Ёсьць мой высозны храм
І мой у храме Божа.

А тут, дзе я, дзе шлях,
Дзе камяні ды сосны –
Мой сьнег, мой дождж, мой жах,
Мой сон пра храм высозны.


ЦАЦА

Ах, цаца якая зьнікае!
Абрыдлая праўда людская,
Нясьцерпнага сьвету мана –
Яна!
Яна, што ўвайшла нечакана,
Як фінка пад рэбры. Зарана
Кальчуга мной кінута ў кут!
Ня тут,
Ня тут мне расхрыстана-голым,
П’ючы з недаспаным манголам,
Да ранку яму спавядацца:
“Была ў мяне цаца…”

Манголу на споведзь пляваць.
Ён звык сярод стэпу зьнікаць.
Глядзіць скрозь мяне, як у стэп,
І фінкай накройвае хлеб.


ТРЭЦІ ДЗЕНЬ

У Менску адліга шарэе,
У лютым, калі вечарэе
І ўзяцца магло б на мароз…

Таварыш мой без папярос
Застаўся – і сумна ківае:
“Глядзі ты, адліга якая…”

Апроч папярос, нам стае
Астатняга: хлеб і цыбуля,
І пляшка стаіць на стале…

Тры дні як памерла матуля
Таварыша… “Колькі разоў
Зьбіралася… До ўжо… Даволі… —

Таварыш глядзіць, як у поле,
У барву і бель абразоў… —

Ня будзе ўжо болей ніколі
Такіх, як пры ёй, маразоў”.
25. 02. 1985


НАДПІС НА КОЛЕ

…дзе ахрошчаны –
там адпяяны,
дзе народжаны –
там пахаваны…


НАДПІСЫ НА КУБКАХ,

зробленыя да юбілеяў
Рыгора Барадуліна,
з якім апошні раз выпіваў
у першай палове 70-х гадоў
мінулага стагоддзя

1
Атруту часу піць –
Ня мёд на бараду ліць.
Дай Бог да скону жыць!
Да сьмерці – барадуліць!
24. 02. 1975

2
Каб настрой твой не ачах,
Пі да зорак у вачах!
Але не да забыцьця,
Каб ня страціць смак жыцьця.
24. 02. 1985

3
— Хто ў паэта найчасьцей
Водзіцца сярод гасьцей?
— Тут во лярвы, а во тут
З таго сьвету трэцца люд.

— А нашто гэта паэту
Тыя людзі з таго сьвету?
— Вып’юць і распавядуць,
Як там з лярвамі жывуць.
24. 02. 1995

4
Абдымемся, Грыша,
І вып’ем за цішу, якая ў Завішшы
Між намі стаяла,
Нібы між байком і запалам!..

І вішня бялела…
І з вішні сукенка спадала…

Дасюль па Завішшы шукае нас ціша
І блытае нас:
То Валодзя! — гукае, —
То Грыша!..
24. 02. 2005



БРНО

На Мінарыцкай вуліцы, што ў Брно,
Ня быў даўно. А, можа, і ніколі
Ня быў я там, куды па ўласнай волі
Ня рушыў бы. У Брно канцэрн Рэно
Гандлюе, як і скрозь. З Катрын з канцэрну
Хадзіў я ў замак Шбілберк на канцэрты
Мараўскай музыкі. Але аднойчы плаўна
Мы абыйшлі касьцёл Пятра і Паўла
І разьвіталіся. Ну вось і ўсё, відаць,
Што ў Брно было, калі паўспамінаць.
27.07.2007



* * *

Люляюцца вербы на ветры,
Ці вецер люляецца ў вербах –
Паводле закону зямнога
Ня можа адно без аднога.

Чаму ж я цябе не люляю
І лёс мой з тваім не спрадаю
На бліскаўках дзён-верацён?..

Парушыўся, мусіць, закон.


* * *

“Ты Бог?..” – запытаў ён аднойчы,
Адказ не пачуў, і па ночы,
Па полі, па дыме над ім
Пайшоў за сабой маладым,
За сталым і за пастарэлым –
У чорным, у шэрым, у белым…


* * *

Усё адно: сьмяротны ты,
ці неўміручы —
Ты зорны вецер пустаты,
ты дым лятучы.

Сабе самому ўсьлед – адзін –
зірнеш са сьпіны,
І ветрам з дымам – успамін
пра ўсе ўспаміны.

На гэтым сьвеце і на тым,
на ўсякім сьвеце,
Усё, што ёсьць – лятучы дым
ды зорны вецер.
25. 07. 2007, Прага.


СМАРГОНСКІ КРАЙ

Смаргонскі край!.. Сьвятой зямлі куток!..
Я над табой, як журавель над пожняй,
Над полем, дзе дарог маіх выток,
Глыток паветра першы і апошні.

Усё, што стала, пачалося тут,
І скончыцца ўсё тут, дзе пачалося…
А ты жыві, мой родны, крэўны люд!
Красуй на полі новае калосьсе!

Хай праплывае пад маім крылом
Усё, што я любіў на Беларусі,
І да чаго нябесным жураўлём
З нябыту я, як з выраю, вярнуся.
15.ХІ.2007, Смаргонь.

ЗАПАВЕТ

Па-над Юравай гарой,
Па-над Магеравым полем,
Па-над крэўнай стараной
З неба мой разьвейце попел.

Па-над Крэвам, дзе сьвятыя
Для мяне пагоркі ўсе...

Ціха лягу я на тыя,
Куда вецер занясе.
16. ХІ. 2007, Крэва.

* * *

І грошы, і слава – вадою ў пясок.
І горы ў нізіны, і вусьце ў выток.
І ўсё-ткі жыцьцё, як на сьвята квіток.
І жар ва ўсіх жылах.
Напружаньне.
Ток.


СНЫ НА ГОТЛАНДЗЕ

На Готландзе ў лялечным Вісбу,
Дзе крокусы ў красавіку,
Я быццам бы нанава высьніў
Усё, што прысьніў на вяку.

Ахутваўся Готланд туманам,
Гукаліся здані ў мурах…
І ўсё мне здалося падманам
Ва ўсіх, перасьнёных мной, снах.

Апроч скразьняку, што ўсе ночы
Хістаў на газьніцы агонь…
Апроч матылька, што аднойчы
Малому мне сеў на далонь.

Готланд, 17.03.2008