12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Новік

_____________________
Закаханы вандроўнік. Вершы


* * *

Пакуль ад самоты
наш дах не з’ехаў,
Не запрасіў лістапад
у бяздонне —
Куфлі вышэй!
Ды каб за небяспеку,
Права спяваць
і пра вартае мовіць.

Хай будуць дуб,
І пярсцёнак,
І хваля,
Насіцьмем краты на сэрцы
І прагу.
Куфлі вышэй!
Каб свабода надалей
Здолела знішчыць нясцерпную смагу.
Не.
Палымяных параза не схопіць.
Неабыякавым
слоту не высніць.
Куфлі вышэй!
Прамяністыя, хопіць
Піць малако за абстрактную існасць.


Нямая белая лілея

Я крэмзаў па снезе крывёй і радкамі,
Святло рэзаў цемрай, а боль — цягнікамі
І лёс праклінаў, што няўмольна знікае
Нямая.

Шукаў панацэі ад згубы ды зману,
Свабоду не раз называў пробным камнем
І верыў, што будзе са мной набалелая
Белая.

Знікаючы, ведаў: праз процьму стагоддзяў
Хто-небудзь парэшткі мінулага знойдзе,
Пялёсткі твае зберажэ ад завеяў,
Лілея…


Вадохрышча

Завітвай да мяне паваражыць,
Гады ў рады паверыць забабонам.
Я не скажу, што праўда пахне сконам,--
Завітвай да мяне паваражыць.
За крыўдай праўда, гоман за гамонам…
І схлусяць карты, і прымусяць жыць.
Завітвай да мяне паваражыць,
Гады ў рады паверыць забабонам.


Імжа і праклёны

…Як жадаеш. А мне б і адвечна
Нырцаваць у імжу і праклёны.
Як жа далей… Маркоціцца свечка
На мяжы пустаслоўя і плёну.

Ліставей развучыўся на памяць,
На дратах крумкачы, нібы ноты.
Не шалей: хто народжаны падаць,
Хай не зведае марнасць палёту.
Кожнадзённым — Садом і Гамора.
Вокамгненным — віно і верлібры.
Абыякавым — верыць крамоле
І запарваць на досвітку імбрык.

Памаўчым пра спакой, і не болей.
Будзь са мною адным, і не меней,
Хоць душу раскрыжуе надвое
Барацьба сотняў год і імгненняў.

І калісьці праз сто ліхалеццяў,
Сто гадоў адзіноты, сто мрояў
На гасцінцы два цені прыкмеціць
У імжу закаханы вандроўнік.


Вокны

Яны бываюць у Еўропу,
І адтуль часта дзьме сівер.
Бываюць чортавымі,
І, як казаў адзін уратаваны,
Праз іх бачна, як у пекле
П’юць і закусваюць райскімі яблыкамі.
І ёсць безліч такіх,
Што не маюць імя
Удзень,
Абыякава сочаць
Праз шкляныя свае акуляры.
І толькі зоры, што нядаўна самі прачнуліся,
Будуць гукаць іх пайменна:
Акно, густоўна аздобленае ліштвамі,
Акно з мармытлівым катом,
Акенца, захутанае ў цюлі,
Акно з водарам смажанай рыбы,
Акно з песняй Маўзэра… —
І не здолеюць вокны змаўчаць,
І да апошняга ліхтара будуць
Абменьвацца сваімі таямніцамі,
Не зважаючы ні на скразняк з Еўропы,
Ні на бясконцае “Будзьма!”
З пекла.


* * *
Спажыўцы інфармацыі
Патанулі у сеціве.
Цені цемру абмацвалі,
Ды мяне не прыкмецілі.
І з дажджовымі кроплямі
Цішыню смакавала я,
Як пацеркамі дробнымі
Яна з прыцемкаў падала.

Спалі вершы і вірусы
У кампутары змучаным.
Вецер здзьмуць зоры сіліўся
Ў абмялелыя лужыны.

Згаладалымі пашчамі
Хмары поўню надкусвалі,
І зязюля час лашчыла
У драўляным дамку сваім.


Кошт цішыні

…І пакуль спала шкло,
Патаемна шапталіся лічбы,
Вырашаючы, быць ці не быць
Вечароваму змроку і снегу, –

Вечарэла само.
Цяжкі маятнік—змучаны клічнік—
Ленаваўся раз-пораз прабіць
Апусцеламу змерзламу небу.

“Ты пабачыш, павер,
Цішыню. Хутка скончацца жахі”, –
У кавярні забытай шаптаў
Антыкварны гадзіннік ля стойкі.

Падаў снег за каўнер,
У душу, на бляшаныя дахі.
Час паволі, паціху сканаў,
Не пытаючы, што і па колькі.


* * *

Няма крыніц спатоліць смагу.
Зашмальцаваныя зняверам
Ізноў напоўнілі біклагі
І чорным воцатам, і белым.

Няма крыжоў уславіць памяць
Хмызом парослых папялішчаў.
Ізноў народжаныя падаць
Мяркуюць успаміны знішчыць.
Няма нябёсаў для збавення.
Удзень пустэчай ціснуць вочы.
Напаўжывыя людзі-цені
Спрадвечным светлым шляхам крочаць.


Nі4ые

Наша шэрае белым не будзе,
Наша змерзлае цёплым не стане.
На аскепкі ламаюцца людзі
На мяжы цішыні і світання.

Нараджаюцца з попелу здані.
Напаўняюцца шэранем грудзі.
Нераты… Напаўсцёртыя грані…
Нічыіх хай ніхто не асудзіць.


Таму

На скрыжаваннях незнаёмых,
Лінуўшы роспачы праз край,
Знікай,
Сціраючы каноны
Сваёй хлусні, і край замглёны
Пакінь і вечнасці аддай.
Знікай!

Пакуль пякельныя задумы
Растуць і множацца ў крыві,
Міні
Без выбуху і шуму,
І сёння не спазнаюць тлуму
Знічоў свяшчэнныя агні.
Міні.

Малі багоў (жывых і мёртвых)
І тых, што тут калісь жылі.
Малі!
Каб не балела мёртвым,
Каб свет не стаў суцэльным корстам,
Каб след твой сцёрся на зямлі.
Малі.