12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Пацюпа

_____________________
Дзве галавы добра, а адна лепш... Да выхаду ў свет “Вялікага слоўніка
беларускай мовы”


Даўно з такім хваляваннем не трымаў я кнігі. Здавалася б, працуючы ў выдавецтве, мусіў прывыкнуць да іх, як гандляр да грошай. Колькі ўсялякіх выданняў перабыло ў мяне ў руках! Але гэта асаблівая кніга. Чаканая! І нечаканая... Толькі малое кола шчырых прыхільнікаў Ф. Піскунова ведалі, што вось-вось мае з’явіцца ў свет “Вялікі слоўнік беларускай мовы”, даведнік арфаграфіі, акцэнтуацыі, парадыгматыкі абсягам каля 223 000 слоў – амаль удвая большы за самавіты граматычны “Слоўнік беларускай мовы” (1987) пад рэдакцыяй М. Бірылы. “Вялікі слоўнік беларускай мовы” – гэта кніга, якая павінна ляжаць на стале ў кожнага пісьменніка, журналіста, рэдактара, карэктара, настаўніка мовы... і ці мала ў каго. На жаль, выйшла яна зусім мізэрным накладам, толькі 20 асобнікаў. Вось вам часы, вось людзі! Але разлічаны слоўнік на гады і гады. Такога збору, як абняццем лексікі, так і зместам, яшчэ не было ў айчыннай лексікаграфіі.
Ёсць вядомая прымаўка: адна галава добра, а дзве лепш. А тры... пяць... дзесяць... пэўна што яшчэ лепш! Аднак час­цяком бывае якраз наадварот. Усё залежыць, якая галава. Можа, законы прыроды ніколі не запрацавалі б, каб іх стварыў не адзін Бог, а шмат багоў. Нездарма ж існуе яшчэ адна прымаўка: у сямі нянек дзіця без вока. На жаль, у нас нямала выходзіла слоўнікаў паводле гэтай апошняй максімы – без душы, без натхнення, без любові. І ў выніку – без сістэмнасці. А якраз аўтарскія слоўнікі перажываюць стагоддзі. Ці гэта Бярындаў, ці Насовічаў, ці Даляў. У іх усё звязана. Там, калі і хібы ёсць, як у Ластоўскага, яны сэнсоўныя. Абняць адным паглядам моўны абшар і ўкласці ў адну кнігу няпроста. Але, калі такая кніга з’яўляецца, яна жыве між нас так, нібыта была адвеку. Звыкла і немінуча, як паветра. Больш як дваццаць гадоў мінула пасля распаду СССР. Увесь гэты час я назіраю за беларускім словам, айчынным мовазнаўствам, і дзіва мяне бярэ: нічога ж не памянялася, а нават і пагоршала. Тыя самыя людзі штампуюць тыя самыя кнігі з тымі самымі абмыламі. Тая самая нездаволенасць станам мовы, тыя самыя гутаркі і мары пра больш дасканалую мову, але ўсё на месцы. Ніхто з гаваруноў нічога не зрушыў. Таму “Вялікі слоўнік беларускай мовы” Ф. Піскунова – праўдзівае свята нашай мовы. Каб жа яшчэ на добры грунт упала гэтае зерне!
Але пачнем па-парадку. Якія новыя абсягі адкрываюцца для беларускай мовы пасля выхаду гэтага слоўніка? Падваенне агульнага складу лексікі – сам праз сябе факт істотны, але для беларускай мовы ён мае асаблівы сэнс. Нарэшце раскрываецца ўвесь абсурд пракруставых псеўданарматыўных абмежаванняў, што дзесяцігоддзямі душаць беларускую мову. Зрэшты, вось, як гэта тлумачыцца ў прадмове:
Неапраўданае пашырэнне паняцця нарматыўнасці праз шматлікія пазнакі “абл.” і “дыял.” неспрыяльна паўплывала на рэестравы склад слоўнікаў, адарвала мову ад найважнейшай крыніцы жыўлення – народна-гутарковай лексікі, выштурхнуўшы найадметнейшае далёка на перыферыю. А закасцянеласць рэестру, сваім парадкам, абцяжарыла папаўненне лексікону новымі з’явамі. Ад такой нармалізацыі, якая ўрэшце абярнулася муміфікацыяй, блакаваннем натуральнага поступу мовы, надта вялікія страты зазнала сфера навукова-тэхнічнай і грамадска-палітычнай камунікацыі, дзе заўсёды патрэбныя адэкватныя і асабліва дакладныя лексічныя сродкі, пільная ўвага да зменаў.
Усё што здолела зрабіць беларуская лінгвістычная бюракратыя за гады свайго існавання – гэта нарадзіць грандыёзны пустацвет – табуявальную функцыю слоўнікаў. І, мала таго, нейкім спосабам пераканаць масавага карыстальніка, што так і мае быць. А як мае быць? Тлумачальныя слоўнікі – раскрываюць значэнні слоў, арфаграфічныя – паказваюць правапісныя нормы і граматычныя парадыгмы, перакладальныя – даюць найбольш пашыраныя адпаведнікі пры перакладзе з аднае мовы на іншую… Здавалася б, усё проста. Аж не! У бюракратаў ад лінгвістыкі ўсе названыя слоўнікі складаюць корпус легітымных адзінак і акрэсліваюць мяжу (тое, што па-за слоўнікам) табуяваных адзінак. Не паслядоўнікі Яна Станкевіча, а якраз лінгвістычная бюракратыя вылучаецца скрайнім пурызмам, праўда, нейкага аднабаковага русіфікатарскага ўхілу. І вось у гэтай сітуацыі “Вялікі слоўнік беларускай мовы” – можна сказаць, “наш адказ Чэмбэрлену”. Адказ спакойны і мірны: а чаму гэтага не можа быць у слоўніку? Можа! Вось вам прыклад. Чаму на тысячы і тысячы слоў, і не якіх там варварызмаў, а сваіх адметных беларускіх, накладзена вета? Хто яго наклаў? Якое меў права?
“Вялікі слоўнік беларускай мовы” – гэта раздарожжа. Ён расчаруе як прафесійных русіфікатараў, так і заўзятых беларусізатараў, калі глядзець на мову з байніцы даўно абжытае званіцы. Але гляньма на рэчы цвяроза! Якую б тэндэнцыю мы ні абралі, як бы аддана ёй ні служылі, мы маем тое, што маем. З гэтай рэальнасцю трэба лічыцца. Не думаю, што аўтара слоўніка цешыць існы стан рэчаў. Ён, як і ўсе мы, марыць, каб беларуская мова жыла і была сапраўды беларускай, але перш, чым гэта адбудзецца, трэба даць ёй вольна ўздыхнуць, не цягнуць у розныя бакі. Давайце падсумуем тое, што маем, а потым вызначымся, куды рухацца. Мусіць быць слоўнік, які злучыць, пагодзіць густы самых розных катэгорыяў носьбітаў беларускай мовы. Без гэтай згоды мы не дамо адпору ненавіснікам нашай мовы, якія, на жаль, усё яшчэ не зводзяцца. Урэшце, пісаць, скланяць і спрагаць трэба ўмець нават тыя словы, якія мы не ўжываем і не хочам ужываць. Гэтае апошняе заданне раскрывае перад намі яшчэ шэраг функцыяў разгляданага даведніка.
Упершыню ў айчынным мовазнаўстве з’явіўся слоўнік, дзе да кожнай адзінкі прыкладаецца граматычны індэкс. Змест гэтых індэксаў раскрываецца ў табліцах пададзеных у канцы кнігі – недзе каля 300 табліц. Гэта значыць, што 223 тысячы слоў зводзяцца да трох соцен граматычных і акцэнтуацыйных тыпаў. Ф. Піскуноў, паводле адукацыі натураліст, хімік, відаць, асноўная прафесія ўсё ж дапамагла яму ў сістэматызацыі лексікі. Тое, што не зрабілі пакаленні філолагаў, зрабіў, і ў даволі сціслы тэрмін, натуразнавец. Тут трэба выказаць яшчэ адно ўдакладненне: “Вялікі слоўнік беларускай мовы” не проста папяровы рэестар лексемаў – ён рэпрэзентуе электронную базу беларускай мовы, а гэта значыць, што лексіка ў ім сістэматызаваная такім спосабам, каб быць “зразумелай” машыне, кампутару. Кампутар жа – слоў “не чуе” і “не ўсведамляе” іх значанняў, ён толькі “бачыць” літары. Для машыны не гук, не сэнс, а літара мінімальная адзінка мовы. Таму і ўсе граматычныя класы ўтвараюцца тут з улікам літарнага пераламлення. Калі б не гэты аспект, пэўна ж, класаў было б куды менш. Такую колькасць групаў чалавеку цяжка запомніць, затое цяпер беларуская мова набывае новае – машыннае – існаванне.
У ходзе працы над электроннай базай беларускай мовы Ф. Піскуноў выявіў процьму супярэчнасцяў, якія не ўсведамляліся і гадамі множыліся ад слоўніка да слоўніка. Частку іх ён раскрыў у серыі артыкулаў, апублікаваных у часопісе “Роднае слова” за 2008-2011 гг., а рэшта была знятая ўжо ў самым слоўніку. Падыход да мовы Ф. Піскунова цвярозы і бескампрамісны, ён можа шакаваць філолага, выхаванага ў рамах звыклых уяўленняў, згодна з якімі беларуская мова дзеліцца на літаратурную і дыялектную. Аўтар “Вялікага слоўніка беларускай мовы” ў сваёй дзейнасці выходзіць не з тэорыі, а з жорсткай рэальнасці, што дыялектная мова дажывае свой век, літаратурная мова стаіць перад новай будучыняй, дзе яе чакае няпростае змаганне за існаванне, таму наша заданне, яе носьбітаў, яе абаронцаў, максімальна захаваць тое, што яшчэ падлягае захаванню, што можа спатрэбіцца на гэтай цярновай дарозе. Менавіта з гэтай прычыны аўтар слоўніка адмовіўся ад пазнак “абласное”, “гутарковае” і г. д., а тыя словы, якія могуць мець пэўную стылёвую апрычонасць, пазначыў знакам*, гэтым самым даючы нам мажлівасць рабіць выбар, самастойна арыентавацца ў слоўнікавым багацці.
Каб ацаніць вагу “Вялікага слоўніка беларускай мовы”, можна крыху паэксперыментаваць. Паспрабуйма тут знайсці якое-кольвек важнае слова, не аказанае ў ранейшых афіцыйных зборах. Думаю, пропускаў будзе няшмат. Я, прыкладам, з радасцю знайшоў тут не надта шанаваныя савецкім узусам адметныя беларускія слоўцы: ваёўнік, ваёўны, даўнімаць ‘разумець, мець на ўвазе’, кнея ‘гушчар’, немень ‘нястача, брак’, памжа ‘насланнё’, позны, свойлівы ‘кантактны’, спакмень ‘прадмет’, уняхацца ‘моцна закахацца’, утока ‘вусце’. Называю тое, што раптам прыйшло да галавы. Праўда, яшчэ не лучылі сюды такія пільна патрэбныя ў літаратурнай мове адзінкі як вісомы ‘падвешаны’, гуслы ‘абмовы, чуткі’, мжаволіць ‘мроіць’, напаставаць ‘нападаць, пераследаваць’, слецце ‘гародніна’, сцігаваць ‘даганяць, пераследаваць’, уемны ‘пашкоджаны’, чарналюд, чэкацца ‘хістацца ў крэсле’ і г.д. Ёсць у слоўніку дзеяслоў рэкнуць ‘сказануць’, але няма рачы ‘казаць’, ракаць ‘маўляць’, ракаваць ‘вызначаць’, ёсць гваздануць, але няма блізкага гвбзнуць, ёсць рымець ‘непакоіцца’, рымсціць ‘цярпець’, але няма аднакаранёвага балтызму рымасць ‘непакой, жарсць’, дзякуй богу, ёсць плыў, а не толькі паток, але няма больш беларускага патока, ёсць прыметнік мярцвяны, але няма любляны... Цешуся, бо ёсць нямала слоў на -ннік: гуляннік, купаннік, але няма даеннік, чамусці ёсць дзеепрыметнік лакаваны, але няма дзеяслова лакаваць, ёсць крыху архаічнае брызгці і вытворнае абрызгбць, але няма выточнага брызгнуць (усе тры словы абазначаюць пачатковы этап скісання малака). Таксама ёсць назоў горада Гродна, але няма шчырага гістарычнага найменння Горадна.
“Вялікі слоўнік беларускай мовы” не тлумачальнага тыпу выданне. Гэта перадусім граматычны даведнік, але яго аўтар, даўнімаючы, што шмат якія адзінкі ведамыя толькі спецыялістам, да паасобных слоў палічыў патрэбным усё ж даць сціслыя семантычныя характарыстыкі. На жаль, як мне падалося, не ўсе яны канцэнтруюць увагу на галоўным семантычным адценні, прыкладам: галда ‘натоўп’, атока ‘востраў’, нагвалт ‘за ўсякую цану’ – гэта важныя значанні, якія нельга было абмінаць. Аўтару ёсць яшчэ над чым папрацаваць. Ведама, усе свае заўвагі я выказваю не для таго, каб зганіць выданне, а толькі жадаючы бачыць “Вялікі слоўнік беларускай мовы” бездакорным, бо, як казаў С. Полацкі, таму, хто мае, яшчэ дадаецца. На сённяшні дзень альтэрнатывы працы Ф. Піскунова няма і не агадваецца. Гэта найгрунтоўнейшая лексікаграфічная праца за апошнія дваццаць гадоў, зробленая, да таго ж, адным чалавекам. У гэтым кірунку можна чакаць толькі больш ці менш удалых наследаванняў.