12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Пацюпа

_____________________
Рассыпаныя каштаны.
Абразкі

КАШТАНЫ
Павеяў вецер – і з вялікага дрэва пасыпаліся каштаны. Густа-густа, усё роўна, як з кошыка. І хоць боязна, але захацелася стаць пад гэты багаты, гойны дождж, адчуць яго ёмкія ўдары і напоўніцца восеннаю шчадрынёю. Стала шкада, што гэтакі дар, нікім не заўважаны, разьляціцца, рассыплецца па асфальце і, урэшце, будзе растаптаны цяжкімі падэшвамі, вострымі абцасікамі.
28.09.99 г.

СВОЙСКІ ЧМЕЛЬ
Дружна спраўлялі сваё млечнае сьвята кусты і дрэвы. З драўляных нораў павысоўваліся пакамечаныя матылі, заспаныя пчолы, зьнясіленыя чмялі. А адзін чмелік так за зіму аслаб, што не дапоўз да жызнага паветра і моўчкі зваліўся на стол. Мы з Янкам заўважылі, паднялі яго і занесьлі на чарэшню. Наш хварэц крыху варухнуўся і адразу ўзяўся за працу. Як маленькі мядзьведзік, ён доўга барукаўся ў кветцы. Нешта сабе грэбаўся. Высоўваў мечаваты хобат. Піў. Еў. А набраўшыся моцы, перапоўз на іншую кветку. Урэшце, мы забыліся на яго. А ў адзін з летніх сонечных днёў я прытаміўся і сеў на разагрэтыя дровы. Сядзеў і разважаў. Разглядаў медзяную кару, жаўтлявыя кропелькі смалы. І неўзабаве заўважыў: з паленаў вылецеў чмель. За ім другі. Трэці. Ага! Тут іх цэлае гняздо! і так падумалася: а ці ня наш гэта чмялёк здаверыўся ды адважна пасяліўся пад самаю хатаю.
4.08.2000 г.

ВЫТАРАПКА
У яе мяккія варсістыя лапы, пустое сьцябло, і надта вострыя шышачкі. Зельле таму і зельле, што зелянее ад злосьці. Гэта злыя чараўнікі. Лезе настырны пырнік. Злосна ўпіваецца крапіва. Вытарашчылася вытарапка. Асою налятае асот. А яго старэйшага брата чартапалоху нават чарты палохаюцца. І ўсюды сьвірэпа сунецца сьвірэпіца. Вытарапка з асатом адружыліся і пабраліся шлюбам. Цяпер яны разам колюць пяльцоў, што прыйшлі палоць бульбу. Жонка, хоць і здаецца мяккаю – куды люцейшая за мужыка. Да іх у адведкі ходзіць чартапалох, які жыве ў чорта на задворках. А часьцей бывае малачай, малодшы брат, укусы якога не балючыя. Затое малачай поіць малых трусянят расьлінным малаком. А багатка, іх найменшы брат, і зусім ня злы. Ён усьміхаецца сонцу, пчолам, людзям, як малюхны сланечнік... Урэшце, ад настаўні­цы біялогіі я даведаўся, што вытарапка – гэта жабрэйка, або папросту зябер – і чары разьвеяліся.
20.10.2002 г.

СЯМЕЙКА
Ларысе
Рыжая лілея ня ўмее пахнуць. І таму на яе ніхто не зважае. Цікаўныя насы, што захочуць пацалавацца з кветкаю, зараз жа ўробяцца цёмнаю барваю. А пылок у лілеі густы, касматы, насычаны. І ўся яна, нібы пад павелічальным шклом. Нібы шклянка, налітая какаваю. Керамічныя пялёсткі ўсыпала рэдзенькае ластаўчыньне, а ў цэнтры – цэлая сямейка. Вось мясісты таўкачык, жаночы орган. Магічным кругам яго абступілі тычынкі. Упяцёх. Кожная з іх стараецца аддаць сваю касматую мужчынскую хуць. Чорную, як сажа. Салодкую, як мёд. Няма паміж імі ні сваркі, ні зайздрасьці. Толькі з мляваю жарсьцю выгінаецца мясісты таўкачык. І ўдзячныя губкі доўга глытаюць тлусты пылок.
13.08.2000 г.

ЦЁМНЫ КУТ
У цёмным куце хлевушка, як гамак, зьвісае старое павуціньне. І трапіў туды нейкім дзівам вялікі жоўты авадзень. Быжджыць ён, аж паву­ціньне трасецца. Нахілісься – твар абдае паветрам, быццам ад крылаў ветрака. А вакол паланяніка ўжо стараецца, шчыруе ўвішны чорна-глянцавы павучок: ён то пакаштуе здабычу, то па-гаспадарску абпаўзе, абгледзіць. Воддаль сядзіць у шчыліне і зайздросна цікуе яшчэ адзін павук: маленькі, шэры крыжавічок. Маўчыць, глытае сьліну небарака, а то, набраўшыся адвагі, раз-пораз падбягае да здабычы. Але як толькі чорна-глянцавы павернецца, зыркне ў яго бок, а можа і сыкне на іхняй павучынай мове – крыжавічок адразу ўцякае ў сваю шчыліну і зноў: топчацца, замірае ад нецярплівасьці. Так паўтараецца шмат разоў. Тым часам здабыча даўно ўжо не варушыцца, забітая павучыным ядам, і толькі ціха ляжыць. Як палена, як асмалены вепручок.
30.08.99 г.

ЖАРТАЎЛІВАЯ ВАРОНА
Старая варона драмала на голым веснавым дзядзінцы. Абапал ціснуліся глухія, аблупленыя сьцены дамоў. А па дзядзінцы бегаў порсткі рыжы сабачук. Гаспадынін улюбёнец. І далёкі сваяк той баечнай лісічкі-сястрычкі, што падманула некалі дурную варону. Цюцька заўзята і мітусьліва абнюхваў кожны сантыметр цьвёрдай, вільготнай зямлі. Угледзеў варону – і з брэхам кінуўся на яе. Варона пырхнула, крыху адляцела і – зноў села воддаль. Цюцька не надоўга разгубіўся. Набраўшы ў зяпу духу, ён яшчэ раз кінуўся за варонаю. І яшчэ раз усё паўтарылася. І гэтак паўтаралася, аж пакуль цюцька не прыпёр варону да сьцяны. Варона паляцела ў адваротны бок. Урэшце ёй надакучыла аднастайная пагоня. Каб драматызаваць падзеі, яна паднялася вышэй і, як ведзьма на памяле, пачала кружыцца над бедным цюцькам. Сабачка брахаў з апошніх сілаў. А варона кружыла і зьдзекліва гаргала, нібы сьмяялася, пакуль ёй і гэта не надакучыла. Тады яна ўзьнялася і звольна паляцела! Шчасьлівая, быццам учыніла сьвятую помсту. За той, адабраны лісіцаю сыр.
30.08.99 г.

СУЧКА ПАД КОЛАМІ
Гэта было ў час этнаграфічнае эксьпедыцыі. Наш музейны аўтобус адольваў вясковую вуліцу, якая, праўдзівей, больш удавала грэблю. Наперадзе паказалася сабачае вясельле. Адзін кавалер пасьпеў адваяваць сабе пасію. І толькі ён заняўся сваёю сабачаю работай, як на жарлівую парачку наехаў грузавік. Жаніх першы ўгледзеў небясьпеку і пасьпеў сігануць убок, а нявеста засталася пад коламі. За лічаныя долі хвіліны яе колькі разоў кідала ад кола да кола. Цяжка сказаць, ці шмат болю і страху за адзін момант перажыла бедная сучка! Але яна ўратавалася. І першае, што зрабіла, — упілася свайму жаніху ў загрывак. А ў нашым музеі пасьля прыжыўся выраз: круціцца, як сучка пад коламі.
31.08.99 г.

САЛА
У нядзельным аўтобусе падпіты народ спрачаўся пра сала. Пагаджаліся на тым, што сала апошнім часам зусім схуднела. Ці то сьвіньні ня тыя. Ці корм іншы. Але сала, як няма, так няма. І толькі адзін дзядзька, аграмадны, лупаты, з выразным украінскім акцэнтам гучна паўтараў:
– Цэ час такі!.. Цэ час такі!..
Я ўслухоўваўся ў ягоныя словы і стараўся даўмецца: якая ж містычная прычыннасьць можа існаваць паміж салам і часам? Кант казаў, што час – гэта пустая апрыёрная форма, у якой мы разважаем рэчы. А вось у гэтага ўкраінца час, відавочна, меў іншую прыроду. Напэўна гэты час мог цячы, расьці, застываць, капаць, дыміцца і гарэць, як сала.
14.08.2000 г.

ЧАС
Ёсьць час астранамічны, ёсьць біялагічны, ёсьць эстэтычны... А ёсьць час вясковы. Неяк, яшчэ пры Савецкім Саюзе, паехаў камсамольскі інструктар у вёску. Па справах. Вяртаецца дахаты і чакае рэйсавага аўтобуса. Заставалася пятнаццаць хвілінаў. Аўтобуса няма. Але з хвіліны на хвіліну мусіць быць. Перачакаў лішнія дзесяць хвілінаў. Няма. Перачакаў яшчэ дзесяць. Мусі’ спазьняецца? Думае, крыўдна будзе, калі ён адыдзецца, а аўтобус – шась! – і паехаў. Гэтак прачакаў з паўга­дзіны. Потым яшчэ гадзіну. Прыязджае, урэшце, нейкая машына. Здымаюць шыльду з раскладам і вешаюць новую. Бразнулі дзьверцамі. Газанулі. Зьніклі. Бедны інструктар падходзіць, чытае і бачыць: ягоны аўтобус прыедзе толькі праз дзьве гадзіны. Дзе тут, як той казаў, пасьпяшаесься...
21.10.2002 г.

ДЗЬВЕ ПЕСЬНІ
Калі ў наш край зайшлі тыя першыя саветы, то, кажуць, злавілі пана, што не пасьпеў уцячы, і сьмехам пераапранулі яго ў пастухова адзеньне. А пастуха ў панскае. Так пачалася чарада пераапрананьняў.
Сына старога Кірдопа, які толькі сядзеў на печы і чытаў кнігі, а хлеба меў усяго да калядаў, бо ленаваўся рабіць, паставілі на работу ў сельсавеце. Спатыкае Кірдоп майго дзеда і кажа:
– Бранюк, ці ведаеш ты, як сьвет адмяніўся? Цяпер ёсьць такая песьня: “Кто был нічым, тот стал усім!”
– А я ведаю другую песьню, – кажа дзед, – “Какім ты был, такім астаўся...”
І праўда. Неўзабаве малодшага Кірдопа прагналі з сельсавету. А дзеці гэтакіх худакоў і парабкаў толькі пасьпіваліся ў калгасах.
Чаго вартае было тое пераапрананьне?
15.08.2000 г.

НАКАРМІЛІ
Адразу пасьля вайны, казаў мне дзед, жылося куды страшней як у вайну. Удзень прыходзілі саветы. Уночы – партызаны. Пойдзеш дакладзеш на партызанаў – прыйдуць і спаляць. Даведаюцца саветы, што памагаў партызанам – зараз прыедзе чорны воран і вывязе на белых медзьвядзёў. Але партызанаў скора ня стала. Каго злавілі, каго падстрэлілі. Загінуў і Букатка з хлопцамі. Застаўся адзін Сюськін. І цягаўся ён у сваім рыжым аблезлым кажуху ад хаты да хаты. Прасіў, то грозьбаю, то просьбаю, каб дзе чаго ўкусіць далі. І раптам зьнік. Ніхто ня чуў, куды ён падаўся. Толькі ўвесну знайшлі. Ляжаў забіты на балоце: у зубы ўперты вялікі кавалак сала, а на шыі закручаны калючы дрот.
31.08.2000 г.

ЗЫЧЛІВЕЦ
Як ні круці, а любяць нашыя людзі засьведчыць сваю зычлівасьць перад новаю “ўласьцю”. Так было і гэтым разам. У хлеў да Чартовага бацькі схаваўся немец. Гаспадар, як толькі агледзеў яго, зараз пабег сьведчыць аб сваёй зычлівасьці. Зьявіліся аўтаматнікі. Спуджаны немец кінуўся праз гароды наўцёкі. А там возера. Бедалага! Ён нават даў рады да сярэдзіны даплыць. Але разьюшаная савецкая куля яго і там дастала, бо цьвёрда ведала, што гэта вораг. Салдаты на хвіліну прыціхлі. І, раптам, новаму свайму зычліўцу, загадалі:
– Выцягвай яго!
Ад нечаканасьці той замітусіўся. Кінуўся шукаць лодкі. Але атрымаў новы загад:
– Цягні так! Бяз лодкі. Ты ж хацеў нам дапамагаць?..
І што ж... Разганяючы жоўтыя кубачкі лотаці, цягнуў зычлівец сваю здабычу праз усё возера. А потым моўчкі, пад рулямі аўтаматаў, закопваў на сваім гародзе. І, хто ведае, ці хавалі буйныя кроплі вады і поту яго запозьненую сьлязу.
2000 г.