12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Прохар Падслуховіч

_____________________
Пра пакараньне прагавітага Пракопа помсьлівым Піліпам.
Пагавэндка

Пабіў Піліп Пракопа — палкаводзец палкоўніка. Праз перамер поля пасварыліся.
Пракоп, празваны палкоўнікам, парушыў прынятае пасьля перасяленьня ў Паланечку пагадненьне – пры­трымлівацца памежных паметаў Піліпавага поля.
Паліна папярэджвала:
— Прыпыніся, Пракоп. Пацягнула па прыгоды? Пры­сьпічыла пасварыцца? Пакінь, Піліпа перамагчы – паўжыцьця пакласьці. Піліпу і прыліплая пылінка прыбытак прыносіць.
Пракоп працадзіў: «Перастань падхвальваць праныру. Паглядзі – пустазельлем пазарастала Піліпава поле. Пашкадавала пустальгу — пайдзі прапалі».
Пракоп прыхапіў пад паху патрэбныя прычындалы, пайшоў правучваць Піліпа.
Перш перамераў пустазелісты Піліпаў палетак папярок. Пасьля пра­трасіраваў палкамі падоўжную памежную паласу. Прысеў перадыхнуць перад пачаткам. Потым палахліва паазіраўся, порстка падхапіўся, пачаў працаваць. Падзяляльную паласу пракопваць, Піліпава пустазельле пляжыць, палетак пясочкам пасыпаць.
Піліп, празваны паланечкаўцамі палкаводцам, прымеціў Пракопава паскудства, подбегам прыджгаў перасьцерагчы парушальніка.
— Пракоп, прашу пераканаўча: прытрымлівайся правілаў. Прагнеш перакрэсьліць прынятае пагадненьне? Паганая прыкмета. Пачуй, паслухайся, памяняй пачварны план, — пераконваў Піліп.
— Пачуй, пачуй... – перадражніў Пракоп. Піліпава папіканьне пакуты прыносіла, прымушала перажываць. – Прывык палкаводнічаць... Позна, працэс пайшоў, — пажартаваў Пракоп, прыгадаўшы пачатую партыйцамі перабудову. — Паглядзі: поле проста пазарастала, пустуе, патрабуе пры­гляду.
Піліп перабіў Пракопа:
— Пераступаеш права, правакуеш патасоўку, — Піліп павыцягваў паўтыканыя Пракопам палкі, паламаў, параскідаў па полі. – Прыходзь, правядзём прымірэнчыя перамовы...
— ...пасядзім, пабалбочам, паразыходзімся, — працягнуў Пракоп Піліпаву прапанову. – Праходзілі падобнае, памерлая праз празмернае плявузганьне перабудова паказала: пустамеля прытвараецца працавітым, правільную палітыку праводзяць прылежныя.
— Перастань пра палітыку, па-партнёрску прааналізуем праблему «пустуючага поля», — перапыніў Піліп Пракопаву пагудку. – Перагледзім паводзіны... Прыпынім працэс...
— Падобныя прыліпалы пахавалі перабудову, перапынілі працэс, — прабубніў Пракоп, пасьля пагразіў: — Пайшоў прэч, праведнік! Павучаеш. Паназьбірваў плётак. Правілы парушыла Піліпава племя! – пракрычаў палкоўнік.
Пракоп пазьбіраў параскіданыя палкі, паўтыкаў паўторна, памежную паласу пазначаючы.
— Перастань, Пракоп, плюгавіць. Прыпыніся, — патрабавальна паўтараў Піліп. – Прыдзецца паплаціцца.
— Пакамандуй-пакамандуй, палкаводзец... Прывык прыдзірацца. Прыахвоціўся павучаць. Паабдзірай павуціньне падазронасьці, празьмерна паналіпала, — параіў пакрыўджаны Пракоп. — Прасіць прасі, просьбу прыемна пачуць. Поле перамераю, перадзялю. Прыхапіў, паскуднік, Пракопавага, пацяшаешся. Падумаў пагаджуся? — прысаромлены Пракоп, пасылаючы Піліпу праклёны, працягваў працаваць. – Прысудам палохаеш? Праўда пераможа, Піліп! Праўда!
Піліпа палохала падобная Пракопава пажаднасьць, прыгнятала, прымушала памяняць план. Памаракаваўшы, памкнуўся перахапіць першынство.
«Падстрою Пракопу пастку, — падумаў. – Прынясу прынаду прусаку, пападзецца».
Піліп паляцеў па прыхаваную паўтарачку першаку. Прыгледзеўшыся, падумаеш прапелер прыкруцілі Піліпу: плечукамі пацепвае, парэпанымі пяткамі падбрыквае — паўнеба пылам прыцьмілася.
Пакуль поркаўся Піліп, прыбіраўся, пакуль прыбег, Пракоп прыстойна парупіўся — пракапаў палову падзяляльнай паласы.
— Перадыхні, Пракопка, ператаміўся, перамір’е прапаную, — падпусьціў пяшчоты Піліп. – Падыходзь, прысядзем, пагамонім. Пачастуемся, пад­сілкуемся. Першаку пакаштуем. Падап’ем – паразумецца прасьцей, прасьвятленьне прыдзе. Паанекдотнічаем, пасьпяваем, паразыходзімся прыя­целямі. Пазьбегнем патасоўкі.
Пракоп прымружыў павекі, паглядзеў пагардлівым позіркам. Памаргаў, прабубніў:
— Прывалокся, помсьлівы прыдурак. Першаку прыцягнуў. Палічыў п’яніцам? – папікнуў. — Памыліўся. Прыдумаў: патасоўкай палохае... Патасоўка пачакае. Перш прапаную пабарукацца. Пераможаш – перастану пракопваць паласу, прызнаю паражэньне, папрашу прабачэньня. Пагаджуся пачакаць. Перамагу – перастанеш перашкаджаць. Памагаць павінен, праўду падтрымліваць, парадак паважаць. Пагаджаешся пабарукацца? – прыціскаў Пракоп Піліпа.
— Пакінь прыдумкі, прытворшчык, — памяркоўна прамовіў Піліп. – Прывык пакепліваць...
Пралічыўся палкаводзец, падмануўся: Пракоп пазьбягаў п’янкі.
Піліп памяняў правалены план. Прыкрыў прынесеную паўтарачку пустазельлем, паслужліва працягнуў партабак, падаючы Пракопу папяросу.
Падобна, Пракоп паддаўся, прыняў Піліпаву прапанову. Пачухаў патыліцу, паразважаў, пасьля перапыніў працу, павольна падыйшоў. Паква­піўся палкоўнік – прыхапіў палкаводчую папяросу, пачаў паліць.
«Папаўся Пракоп, — павесялела падумаў Піліп. – Папяроса павінна паспрыяць».
Прадчуваньне падказвала: пакуль пакурыць, перадумае — падабрэе, прыціхне прагавіты прусак.
Пракоп пасмоктваў папяросу, паціху пляскаў падэшвай па пяску. Перадыхаў. Пакурыў, падзякаваў Піліпу, пайшоў працягваць перапыненую працу.
«Перахітрыў, пустадомак. Паблажлівасьць праявіў, пагадзіўся пакурыць. Папраўдзе ж – паказаў перавагу. Патраціцца прымусіў, а праблему па­кінуў».
Піліп паспрабаваў пасарамаціць:
— Перастань пляжыць поле, Пракоп. Пачакай, пасьпеем перамераць. Пазьней памераем. Прыпыні патраву... – пералічваў Піліп патрабавань­ні. — Пабачыш пакараю. Перацягну палкай па плячах, пачухаешся, па­разумнееш. Павер, пачнуцца прыкрыя прыгоды, пашкадуеш, — Піліп пагрозьліва паківаў пальцам.
— Пустое, Піліп. Перамудрыў, палкаводзец, перастараўся. Пракопа перахітрыць? Прыстрашыць? Пакараць? Паглядзім, паглядзім... Пасунься, пузач, перашкаджаеш працаваць, — Пракоп папіхнуў прыціхлага Піліпа. — Прымі пуза.
Праязджаў паўз прыгодлівае поле Паўчын прымак Петрык. Прыпыніў падводу, подбегам пусьціўся паглядзець. Пацікавіўся працай Пракопа.
— Піліп прымушае пакінуць пачатае, пагражае... Пакіну – палічыць пагрозу праўдзівай, — прызнаўся Пракоп. – Пракапаю паласу – пасьля пасьмяёмся, покатам пакладзёмся... Пасеяўшы, парагочам, прыкорму пры­дбаўшы, пшаніцу памалаціўшы...
Падзівіўся Петрык Пракопавым прымаўкам. Параіў паслухацца Піліпа, памірыцца.
— Паддамся Піліпу – паланечкаўцы пачнуць пагардліва пальцамі паказваць, — працівіўся Пракоп.
Паціснуў Петрык плячыма, патаптаўся, пасьля паклыпаў павітаць Піліпа. Парукаліся. Петрык прыязна прыняў прапанову пакурыць: падфарціла паспрабаваць палкаводчую папяросу. Пакуль перакурвалі, перагаворвалі, пайшла палова пятай.
Пракоп прагавіта працаваў. Потам пакрылася патыліца, парай пыхкалі прыгорбленыя плечы.
— Пракоп, пасядзі, ператомішся, перагрэешся, — пачаў падхалімнічаць Піліп. – Пасьпеем перамераць, падзелім, перакроім пазьней. Перш пасеем, пасьля памалоцім – пустое поле прыемней парадкаваць.
— Перастань прыдурвацца, палкаводзец, — падазрона пазіраў Пра­коп. – Пайдзі праветрыся, прасьпіся. Палетак патрабуе перамеру. Прыхапіў Пракопавага поля, пацяшаешся, пацьвельваешся.
Патыліца Піліпа пачырванела, па падбародку пайшлі плямы.
— Прэч, Пракоп! – пракрычаў. — Пайшоў прэч, плюндра! Перастань паскудзіць, памаўза! Пашкадуеш, прыхвацень! Пішчом плішчышся, псотнік! — Піліп прасіў, патрабаваў, пагражаў.
Прыбліжалася патасоўка. Падалося, паветра пахне порахам.
«Пазабіваюцца, — падумаў Петрык. – Пераступілі правілы, пасталі пеўнямі. Пачнуць прылюднае пабоішча... Прысьпічыла падысьці...» — па­шкроб пальцамі падбародак, плюнуў, пабрыў па палетку.
— Пайду, пара падмятаць падворак, прыбіраць падводу. Падвечар пры­дзецца паехаць па падчарку. Павінна прыехаць поездам, пагасьцяваць, — патлумачыў Петрык Піліпу. — Патасоўку пакіньце, прыміце першаку, памірыцеся, — параіў. — Поле пачакае...
Піліп паддакнуў. Пракоп прамаўчаў. Працягваў пракопваць падзяляльную паласу.
— Пракоп, Пракоп, пабачыш пакалечу! — пагражаў Піліп.
— Пабрашы, пабрашы, паланечкаўцы прагнуць паслухаць як прыгожа Піліпава пагроза пагрозу пагрозаю паганяе, — паддаваў пары Пракоп. — Перанясу, перацярплю, ператрываю. Поле ж падзялю, перакапаю. Піліпа пузатага пушчу пабірацца, — пацьвельваўся.
— Пакайся, Пракоп, — прыстрашыў Піліп, працінаючы парушальніка пагрозлівым позіркам. – Пакайся, пашчэнкі павыдзіраю.
— Пакаюся, Піліп. Папраўдзе, перад полем пакаюся, папрашу прабачэньня. Паглядзіш, пракапаю паласу, перакулю пляшку і пакаюся. Поле Піліпава пяройдзе – парадак пачнецца. Пераару папар, парослы пустазельлем, пшаніцу пасею, — прыгаворваў Пракоп, працягваючы працаваць.
Піліпу працяло пячонкі – прывык паскудзіць палкоўнік, пакеплівае прапашчы праўдалюб. Падняў Піліп паўлітэрку: пара правучыць паршыўца. Прыпадняўся, папусьціў паўтарачкай. Пацэліў Пракопу па патыліцы. Пахіснуўся, потырчу паляцеў Пракоп, перакуліўся. Пачаў перабіраць падэшвамі, падграбаць пальцамі. Перарывіста пасапваў.
— Прасіў пачакаць? Прасіў. Папярэджваў – паплацішся, прыйдзе пакараньне? Прыйшло, паплаціўся, — падвёў платформу Піліп. Пасьля падсмаленым падсьвінкам прыпусьціў па полі.
— Пакалечыў, падла... Памажы, Піліп, — пачулася просьба Пракопа. – Піліп, Піліп, пачакай...
Падымаючы пыл, Піліп прабег палову пагорка. Прытаміўся, прысеў перадыхнуць.
— Прыдурваецца Пракоп, прытвараецца, — Піліп паспрабаваў паапраўдвацца. —Прасьвятлее памяць, прыйдзе прасіць прабачэньня.
Пракопу пагоршала.
— Паслухайся, Піліп, памажы. Пакліч Паліну... — прасіў пакалечаны Пракоп.
— Пакліч, пакліч... — перадражніў Піліп. — Памрэш — пахаваем...
— Прашу, памажы, пустабрэх. Паміраю... – пакутліва прамаўляў Пракоп.
— Пагавары, пагавары... Прычапіўся, пустамеля, — Піліп пацьвельваўся. – Пабарукацца перахацелася? Паляжыш – падабрэеш. Прызнаеш памылку, паважаць пачнеш Піліпаву праўду.
Пяўся, пяўся Пракоп, пакуль падняўся. Пастаяў, пахістаўся – пава­ліўся пасярод поля, пакаціўся па пясчаным пагорку.
Подых прахалоднага паветра, падобна, працьверазіў Піліпа. Пашкадаваў Пракопа: «Праўда перастараўся... Пайду, перадам Паліне. Прыдзе, паможа, падбярэ падупалага».
Прымчалася Паліна, павохкала, паплакала, пакрычала, пакляла Піліпа.
Пасьля паняслася паклікаць Петрыка, Пелагею. Прыехала Петрыкава падвода, прызначаная падчарыцы — поезд пазьней прыбывае, пасьпее Петрык. Паднялі Пракопа, падклалі пад патыліцу падушку, прыкрылі пось­цілкай, прывязьлі, палажылі пры парозе. Патаміліся, перанерваваліся. Пасталі пасамотнелыя побач. Позна.
Петрык падпёр печ, пакалупаў пальцам пабелку. Пастаяў, пастагнаў, пракашляўся. Пасьля прымхліва перахрысьціўся, порстка пайшоў прэч: прыкра плакаць перад паміраючым.
Перапалохаўся Піліп. Пачуваўся прыніжана, павінен прызнаць праўду: проста прыбіў Пракопа, прыкакошыў.
Паволі пасунуўся паклікаць папа: пасьвеньціць поп, паспавядае, прычасьціць Пракопа – палягчэе Піліпу.
Памёр Пракоп. Пакінуў Паланечку, Паліну, поле, падзяляльную паласу, Піліпа... Прыціхлым пералётным птахам панёсься паднябесным прас­торам.
Прыгаломшаны праступкам, Піліп падабрэў — памагаў Паліне парадкаваць пахаваньне, праводзіць памінкі.
Палез праверыць пограб. Памацаў паліцы, пашукаў, пакапаўся. Прыхапіў пяць паўлітэрак. Пацялёпкаўся перадаць Паліне. Пакаянна прапанаваў:
— Прымі, Паліна... Памінкі ж...
Паліна плакала, праклінала поле, Пракопаву правільнасьць, Піліпаву помсьлівасьць. Пасьля пакорліва прыціхла.
Пабедаваў Піліп, паспачуваў Паліне, паўшчуваў Пракопа: правініўся, працівіўся просьбам, прагавітасьць падвяла, парушыў пагадненьне, поле папсаваў, праўду пераступіў.
Пасьля паразважаў, падумаў, прыціхла прызнаўся:
— Праўда, празьмерна працавіты Пракоп, працаголік... – пахваліў, пры­творна прасьлязіўся: — Прабач, Паліна Паўлаўна, пагарачыўся... Прабач, Пракоп, – павінаваціўшыся, прапанаваў: — Прашу памянуць памяць памерлага, — Піліп прыгубіў пітво.
Прысутныя паразьлівалі прынесеныя Піліпам пляшкі, пілі, паміналі Пракопа, прыгадвалі перажытае, пераказвалі пачутае пра пабоішча.
Падвяселены Піліп прыязна паабяцаў Паліне:
— Пры патрэбе прыходзь, Паўлаўна, падтрымаю, памагу...
Пасядзеў, паківаўся, прытоена паўсьміхаўся. Пасьля пайшоў падходжвацца: памінкі памінкамі – праца працягу патрабуе.
Паверыла Паліна палкаводцу: «Пашкадаваў Піліп, пакаяўся, перажывае...»
Папрасіла памагчы перамераць поле, перш прысыпаўшы праклятую падзяляльную паласу.
Пасьміхнуўся Піліп: праўда перамагла — пакараў Пракопа, пакарыў Паліну, пераканаў, прыручыў.
Паўгода прыбіраўся Піліп пачынаць перамерку. Пакуль прымерваўся, патрэба перагарэла, памянялася пазіцыя. Памірыліся Піліп з Палінай.
Падзяляльную паласу паміж полем Пракопа прыйшлося прысыпаць, пераараць. Потым Піліп пашлюбіў Паліну.
Па паселішчах панеслася пагавэндка: помсьлівы Піліп падвойна пакараў Пракопа. Палкаводзец – палкоўніка. Памерлага перахітрыў – Пракопаву Паліну перапісаў Піліпавай.
Пагавэндку пераказаў
Прохар ПАДСЛУХОВІЧ,
а прызнаўшы праўду –
Анатоль БУТЭВІЧ.