12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тоні Парсанз

_____________________
Мужчына і хлопчык. Раман. (Заканчэнне).


Пераклад з ангельскай V.K.



28.

– Да каго я падобны? – спытаў Пэт, калі дрэвы ў парку ўжо стаялі голыя, калі ён мусіў насіць зімовае паліто, а з ад’езду Джыны прайшло больш як чатыры месяцы.
Пэт нахіліў галаву, каб паглядзецца ў люстэрка ў салоне машыны. Ён сузіраў свой твар, нібы ўпершыню яго бачыў ці той належаў не яму, а камусьці іншаму.
Да каго ён падобны? Мне – і яму – вечна казалі, што ён падобны да мяне. Але я ведаў: гэта не зусім праўда. Пэт нашмат прыгажэйшы, чым хоць калі быў я. Нават калі б мне і не выбіў пярэднія зубы сабака, Пэт усё адно быў бы сімпатычнейшым за мяне. Як напраўду, ён быў падобны да нас абоіх. На мяне і на Джыну.
– У цябе маміны вочы, – адказаў я.
– Сінія.
– Так, сінія. А ў мяне – зялёныя. Але рот у цябе як мой. У нас з табой выдатныя вялікія раты. Імі ідэальна цалавацца, праўда?
– Праўда, – сказаў ён, але не ўсміхнуўся разам са мною і не адарваў ва­чэй ад простакутнага люстэрка.
– А валасы ў цябе вельмі светлыя. Як у мамы.
– У яе былі залацістыя валасы.
– І ёсць, дзетка, – я схалануўся ад гэтага “былі”. – У яе і цяпер залацістыя валасы. Так?
– Так, – ён закрыў люстэрка і паглядзеў праз вакно. – Паехалі.
І зубы ў цябе маміныя – трохі шчарбатыя, трохі недарэчныя, ад гэтага ў кожнай тваёй усмешцы адчуваецца нешта фатаватае. Але караценькі, кірпаты нос – мой. А моцнае, прыгожае падбароддзе ў цябе ад мамы. Як і скура – светлая скура, што любіць сонца, што загарае, як толькі спыніцца дождж.
Пэт не быў падобны да мяне. І не толькі да Джыны. Ён быў падобны да нас абоіх.
Нават калі б мы і захацелі, нам нікуды не падзецца ад ягонай маці. Яна ў яго ўсмешцы, у колеры яго вачэй. Мне ніколі не пазбавіцца ад прывіду Джыны. І Пэту таксама.

– Я не разумею, што будзе з дзецьмі, – прамовіў бацька. – Такімі, як Пэт і Пегі. Не ўяўляю, чым для іх абернецца тое, што яны растуць толькі пры адным з бацькоў.
Ён гаварыў не так, як сказаў бы раней – са злосцю, пагардай і саркастычным здзіўленнем, куды гэта коціцца свет. Ён казаў без сваёй даўняй нянавісці да самотных бацькоў і да ўсіх тых перарухаў, што яны ўвасаблялі. Ён казаў мякка, злёгку хітаючы галавой, нібы проста не ў стане быў уявіць, што чакае свет у будучыні.
– Ты вырас пры абоіх бацьках, – разважаў ён. – Ты прынамсі меў ней­кае разуменне, што такое сям’я. Якой яна можа быць. А ў іх гэтага ня­ма. У Пэта, у Пегі, ва ўсіх астатніх.
– Так, няма.
– Я турбуюся, чым гэта для іх абернецца. Калі развод – звычайная рэч, калі ўсе людзі разжэньваюцца, то якія ў іх шанцы мець нармальную сям’ю?
Была трэцяя гадзіна, мы сядзелі ў сутонні на драўлянай лаўцы за дзвя­рыма з кухні ў сад і глядзелі, як Пэт сячэ направа і налева сваім светлавым клінком.
– Усё нейкае… разбітае, – сказаў тата. – Ведаеш, што спытала ў мяне Пегі? “А ты будзеш маім дзядулем?” Яна ж не вінаватая, праўда? Бедная малеча.
– Так, яна не вінаватая. Дзіця ніколі не вінаватае. Але, можа, сутыкнуў­шыся з разводам, яны навучацца больш разважліва ставіцца да шлюбу. І рабіць усё, каб захаваць добрую сям’ю.
– Ты напраўду так думаеш? – з надзеяй спытаў тата.
Я станоўча хітнуў галавой, але толькі таму, што не меў духу сказаць “не”. Напраўду я думаў, што ягонае пакаленне давала рады са сваімі абавязкамі так, як маё ніколі не зможа.
Людзі ягонага пакалення гадавалі дзяцей, часта рана клаліся спаць, а калі яны яшчэ мелі свой дом і на два тыдні ездзілі на адпачынак у кэмпінг у Фрынтане, то лічылі, што ім пашанцавала.
Маё ж пакаленне вырасла, вышэй за ўсё цэнячы сваё ўласнае дробнае задавальненне.
Таму мы хернёй маяліся, валілі на хер і пасылалі ўсіх на хер з такой трывожнай рэгулярнасцю.
Маё пакаленне прагнула ідэальнага жыцця. З чаго б нашым дзецям быць іншымі? А мой бацька яшчэ ў юнацтве зразумеў, што ідэальнае жыццё нікому так проста не даецца.
– Так, можа, у іх і будзе ўсё добра, – працягваў разважаць тата. – Бо ў кожнага дзіцяці двое бацькоў. І можа, Пэт, Пегі і ўсе іншыя вырастуць не такімі, як тыя з бацькоў, хто іх кінуў. А як тыя, хто застаўся.
– Што ты хочаш сказаць?
– Э-э-э, ты добра гадуеш Пэта, – сказаў ён, не гледзячы на мяне. – Ты шмат працуеш. Даглядаеш яго. Ён гэта бачыць. Дык чаму ён не будзе гэткім жа са сваімі дзецьмі?
Я збянтэжана засмяяўся.
– Я сур’ёзна. Не ведаю, як бы я трымаўся, калі б твая маці… ну… – ён лёгка паклаў мне на плячо вузлаватую, мазолістую руку, па-ранейшаму не гледзячы на мяне. – Ты добра выхоўваеш хлопца, Гары.
– Дзякуй. Дзякуй, тата.
Раптам мы пачулі, як з гасцёўні спалохана, трывожна крычыць мама. Калі мы прыбеглі ў пакой, яна стаяла каля акна, паказвала рукой на маю машыну.
– Я іх бачыла, ублюдкаў малых, – сказала мама, якая ніколі не лаялася. – Я бачыла, як яны гэта зрабілі, ублюдкі!
Мяккі верх MGF папраразаны нажом. Рэшткі звісалі палосамі, нібы на машыну нешта звалілася з вялікай вышыні.
Я глядзеў на пакалечанае аўто. А бацька ўжо выбег за дзверы. Цётухна Этэль стаяла на парозе.
– У завулак! – крыкнула яна, паказваючы ў далёкі канец вуліцы, задрыпаны, дзе грувасціліся ў закутку муніцыпальныя дамы – як гета для людзей, якія ездзілі на ўзмоцненых “Форд-эскортах”, насілі футболкі “Вест Хэм” для гульняў на выездзе і пляваць хацелі на ружы.
Там быў завулак, што вёў да нітачкі заняпалых, змізарнелых крамаў, дзе ўдзень можна было атрымаць латарэйны квіток, а ўначы – атрымаць у пысу. У бок завулку шыбавалі два падлеткі – тыя, што хацелі абрабаваць бацькоў? Ці на іх падобныя? Бацька гнаўся за імі.
Я зірнуў на знявечаны верх машыны – і адчуў, як мяне захліснула хваля гневу. Ах вы ідыёты, свалата малая, падумаў я, раз’ятраны тым, што яны зрабілі з маёй MGF, і яшчэ больш раз’ятраны тым, што яны выцягнулі бацьку з саду.
Я кінуўся за імі. Я бачыў: яны нервова азірнуліся, калі да іх даляцеў забойчы крык: “Заб’ю на х…!” – і быў абсалютна агаломшаны, зразумеўшы, што ён вырваўся, здаецца, з майго горла.
Сысункі зніклі ў завулку. Бацька раптам спыніўся. Спачатку я падумаў, што ён здаўся, але ўсё было нашмат горш: ён упаў на калена і схапіўся за грудзі, як задыхаўся.
Калі я да яго дабег, ён стаяў на каленях, абапіраючыся рукой аб зямлю. З горла вырываліся жудасныя, як не з гэтага свету, гукі, ён хрыпеў, каротка, перарывіста дыхаючы.
Я абняў і трымаў яго, адчуваючы пах Old Holborn і Old Spice, а ён хапаў паветра, задыхаўся без паветра, яго лёгкія штомоцы імкнуліся – і не маглі – набраць неабходнае ім паветра. Ён падняў на мяне вочы – я ўбачыў у іх страх.
Урэшце ён здолеў-такі ўцягнуць трохі кіслароду і няцвёрда стаць на ногі. Трымаючы бацьку за плечы, я марудна павёў яго дадому. Мама, Пэт і цётухна Этэль выбеглі да веснічак. Пэт і цётухна Этэль збялелі ад страху. Мама раззлавалася.
– Ты пойдзеш да доктара, – у яе па твары цяклі слёзы. – Ніякіх адгаворак.
– Пайду, – пакорліва адказаў ён, і я ведаў: ён не будзе адмахвацца. Ён ніколі не мог ні ў чым ёй адмовіць.
– Вось жа поскудзь! Здаецца, разарвала б мярзотнікаў, – вырвалася ў цётухны Этэль.
– Ага, – пагадзіўся Пэт. – Дзяўба…бы.

“Чорны мятлік”, – значылася ў запрашэнні. Я заўжды адчуваю ўзру­шэнне, калі трэба выцягваць на свет Божы смокінг, парадную кашулю і чорны мятлік – мятлік як мае быць, які доўга-доўга трэба самому завязваць, а не гатовае абы-што, нашытае на гумку, як носяць маленькія хлопчыкі ды клоўны.
Памятаю, бацька раз на год завязваў чорны мятлік на штогодную карпаратыўную вечарыну ў якім-небудзь шыкоўным гатэлі на Парк Лэйн. Падкрэсленая ўрачыстасць смокінга надзіва пасавала яго мажнай, мускулістай фігуры. Мама – тая заўсёды здавалася злёгку здзіўленай у любой вечаровай сукенцы, у якую ёй удавалася ўплішчыцца. Але бацька быў проста створаны, каб насіць чорны мятлік.
– Ого, – вымавіла Салі, сарамліва ўсміхаючыся мне з-пад завесы валасоў, калі я сыходзіў па лесвіцы. – Ты зусім як выкідала. Ну, гэта, на ўваходзе… э-э-э… у круты-круты клуб.
– Не, – сказаў Пэт, наставіўшы на мяне ўказальны палец і ўзвёўшы “курок” вялікім. – Ты як Джэймс Бонд. Агент 007. Упаўнаважаны страляць ва ўсіх дрэнных людзей.
Але перад люстэркам у холе я зразумеў, да каго я насамрэч падобны ў смокінгу.
Я ўсё больш быў падобны да бацькі.

Сід апранула зялёны чон-сам з крэпдэшыну – з высокім каўняром-стойкай, шчыльны, як пальчатка, найпрыгажэйшы строй, што я бачыў у жыцці.
Яна нічога не стала рабіць з валасамі – проста сабрала іх у хвост. Мне так падабалася – я мог яшчэ лепш разгледзець яе твар.
Часам бывае, мы разумеем, якія мы былі шчаслівыя, калі гэты момант ужо прамінуў. Але раз-пораз, калі вельмі пашанцуе, мы разумеем, што шчаслівыя, акурат у імгненне шчасця. Я ведаў: гэта і ёсць шчасце. Не затуманенае слязой настальгіі і не ўяўнае будучае, а шчасце тут і цяпер, у зялёнай сукні.
– Пачакай хвілінку, – папрасіў я Сід, калі таксі спынілася перад гатэлем. Я ўзяў ейныя далоні ў свае. Мы моўчкі стаялі на Парк Лэйн. За намі раўлі рухавікі – была гадзіна “пік”, а праз дарогу блішчэў шэранню Гайд Парк.
– Што-небудзь не так? – спытала Сід.
– Усё выдатна. У тым і рэч.
Я ведаў: я ніколі не забуду, як яна выглядала ў той вечар, ніколі не забуду, якой яна была ў гэтай зялёнай кітайскай сукні. Мне хацелася не проста радавацца гэтаму моманту – мне хацелася ўтрымаць яго ў памяці, каб згадваць потым, калі гэты вечар праміне.
– Добра? – з усмешкай спытала Сід.
– Добра.
І мы далучыліся да вясёлага натоўпу ў смокінгах і вечаровых сукенках, пайшлі ў гатэль на цырымонію ўзнагароджання.

– Найлепшы дэбютант…
Раскошная дзяўчына-сіноптык вошкалася з канвертам.
– …Эман Фіш!
На добрым падпітку, усміхаючыся ва ўвесь рот, Эман падняўся з больш задаволеным выглядам, чым яму хацелася б пад прыцэлам столькіх камераў. Праходзячы паўз наш столік, ён ад душы мяне абняў.
– Мы перамаглі! – сказаў ён.
– Не, гэта ты перамог. Ідзі атрымлівай сваю ўзнагароду.
Праз плячо Эмана я ўбачыў за іншым столікам Марці Мэна з Шован. На Марці была яркая камізэлька, як носяць тыя, для каго завязаць чорны мятлік – усё адно што паліць люльку ці насіць шлафрок. Шован у белай празрыстай сукенцы глядзелася зграбна і элегантна.
Яна ўсміхнулася. Ён узняў вялікі палец. Пазней, калі ўсе прызы знайшлі сваіх уладальнікаў, Марці з Шован падышлі да нашага століка.
Хоць Марці й наклюкаўся ды трохі глючыў – у гэтым годзе ён застаўся без узнагародаў, – яны трымаліся так прыязна, як толькі маглі.
Я пазнаёміў іх з Сід і Эманам. Калі Марці і згадаў у Сід тую самую жанчыну, якая кульнула яму на калені талерку макаронаў, ён гэтага не паказаў. Марці зрабіў камплімент Эману наконт ягонага прыза. Шован зрабіла камплімент Сід наконт ейнай сукенкі.
Шован не стала пытацца: “А дзе Вы працуеце?” Ёй хапала розуму і такту не рабіць гэтага, і Сід не давялося адказваць: “Ах, я пакуль працую афіцыянткай”, – і ні Шован, ні Сід не давялося ніякавець, і яны так лёгка, на першы погляд, нязмушана і натуральна паразумеліся, як умеюць толькі жанчыны.
Яны пачалі гаворку пра тое, што ніколі не ведаеш, як апранацца на гэтыя імпрэзы, а Марці па-змоўніцку паклаў руку мне на плячо. Твар яго яшчэ больш азыз. Ён меў змрочны, трохі расчараваны выгляд чалавека, які гадамі марыў весці ўласнае ток-шоў і ўрэшце дамогся свайго – але адно пабачыў, што не можа залучыць ніводнага вартага госця.
– На пару словаў, – вымавіў Марці, апусціўшы сваё тулава побач са мною.
Вось яно, падумаў я. Ён хоча, каб я вярнуўся. Пабачыў, як усё добра складваецца ў Эмана, і хоча, каб я вярнуўся.
– Хачу прасіць цябе зрабіць мне паслугу, – сказаў Марці.
– Якую?
Ён нахіліўся бліжэй:
– Я хачу, каб ты быў маім шаферам.
Нават Марці, падумаў я.
Нават Марці марыць наладзіць жыццё, знайсці сваю палову, адкрыць цэлы сусвет у іншым чалавеку. Як і ўсе астатнія.
– Гэй, Гары, – гукнуў Эман, гледзячы на дзяўчыну-сіноптыка, што прайшла праз залу. Ён перамяніў позу, адчуўшы гарачую хвалю, ад якой нешта натапырылася ў майтках. – Адгадай: з кім я сёння трахаюся?
Ну, можа, і не ўсе.

У доме было зашмат святла. Святло наверсе. Святло ўнізе. Паўсюль яркае святло, між тым як мусіла гарэць адна бляклая лямпачка ў гас­цёўні.
І з дому грымела музыка: гучныя, забойныя басы, дробат электраўдар­нікаў – як гукавы эквівалент сардэчнага прыступу. Новая музыка. Пачварная новая музыка – і вырываецца яна з маёй стэрэасістэмы.
– Што тут адбываецца? – мне падалося, гэта нейкая памылка, мы апынуліся каля не таго дому.
У цемрадзі садочку перад домам нехта быў. Ды іх тут некалькі. Перад раскрытымі дзвярыма ўзасмок цалаваліся хлопец з дзеўкай. Над сметніцай, абванітаваўшы ўсю куртку ад Томі Хілфіджэра і нагавіцы ад Іва Сен-Ларана, схіліўся яшчэ адзін хлопец.
Я пайшоў у дом, а Сід разлічылася з кіроўцам.
Вечарынка. Падлеткавая вечарынка. У доме поўна падшыванцаў, апранутых як для гульні ў пола: яны лашчыліся, трахаліся, упіваліся, вытанцоўвалі і ванітавалі. Перадусім ванітавалі. За домам выварочвала вантробы яшчэ адной бязмозглай парачцы.
У гасцёўні на адным баку канапы разгойдваўся пад музыку адзеты ў піжаму Пэт. На другім нейкі таўстун мацаў Салі. Пэт радасна мне ўсміхнуўся: клёва, праўда? Я між тым аглядаў, што яны нарабілі: на паркетнай падлозе разлітае піва, валяюцца цыгарэтныя бычкі, па мэблі размазаныя кавалкі піццы, і аднаму Богу вядома, што за плямы засталіся на ложках.
Іх, мабыць, было недзе з тузін. Але здавалася, па доме пракацілася татара-мангольская арда. Нават горш: усё як у гратэскавай рэкламе чыпсаў, ці ліманаду, ці модных нагавіцаў, дзе напоўніцу адрываецца моладзь. Толькі што гэтыя адрываліся напоўніцу ў маёй гасцёўні.
– Салі, што тут, бляха, адбываецца?
– Гары, – у яе вачах блішчэлі слёзы радасці. – Гэта Стыў.
Яна паказала на ўзлезлага на яе падлетка з разяўленай зяпай. Той скасавурыў на мяне тупыя, заплылыя тлушчам вочы, у якіх не было нічога, апроч збытку гармонаў і дзевяці бляшанак лагеру.
– Ён паслаў на фіг гэтую старую шлюху Ясмін МакДжынці, – паведаміла Салі. – Ён вярнуўся да мяне. Як класна, праўда?
– Ты вар’ятка? Ты вар’ятка ці проста крэтынка? Га, Салі?
– Ах, Гары, – яна пакрыўдзілася. – Я думала, ты мяне зразумееш. Лепш чым хто іншы.
Раптам музыку як абрэзала. Побач са штэпселем у руцэ стаяла Сід.
– А цяпер – прыбіраць гэты вэрхал, – сказала яна ўсім, хто быў у пакоі. – Узяць мяхі для смецця, швабры, вёдры. Паглядзіце пад мыйкай на кухні.
Стыў злез з Салі, паправіў свае пачварныя нагавіцы, грэбліва пасміхаючыся з дарослых, што спаскудзілі яму вечарынку.
– Ну, я пайшоў, – кінуў ён такім тонам, нібы жыў у Беверлі Хілз, а не ў Масвел Хіл.
Сід імкліва падышла да яго і зашчаміла яму нос паміж вялікім і ўказальным пальцамі.
– Толькі калі я дазволю, сланянё, – сказала Сід і змусіла яго стаць на дыбачкі. Ён заскавытаў. – А гэта будзе не раней, чым вы ўсё прыбярэце, ясна?
– Добра, добра, – забляяў ён. Перад сапраўднай сілай зляцела ўся ягоная фальшывая амерыканская бравада.
Я адвёў Пэта ў ложак, заразам выкінуўшы прэч дваіх малалетак, што спароўваліся ў купальні. Сід арганізавала прыборку. Калі я дачытаў Пэту казку і супакоіў сына, Салі і Стыў са сваімі прышчаватымі сябрамі пакорліва драілі падлогу і сталы.
– Дзе ты так навучылася? – спытаў я Сід.
– У Тэхасе.
Выявілася, што ў працы карысці ад іх аніякай, як, напэўна, ніколі не будзе ніякай карысці ва ўсім, за што б яны ні браліся ў сваім бязмозглым фірмовым жыцці.
Адныя занадта набраліся – іх ванітавала. Астатнія былі занадта дурныя – у іх клёпкі не ставала.
Стыў выліў на падлогу ледзь не ўсю бутэльку вадкасці для мыцця з пахам лімону і потым цэлую гадзіну намагаўся сабраць пену – тая бурболіла, пухірылася, як нейкая ашалелая аўтамыйка. Урэшце нам з Сід давялося амаль усё рабіць самім.
Мы вышпурнулі іх з дому ўжо наранні. Я затрымаў Салі, увапхнуў яе ў таксі. Яна не папрасіла прабачэння. Усё злавалася на мяне, бо я не разумею, што сапраўднае каханне часам можа пакідаць плямы на мэблі.
– Ну што, ты задаволены? – спытала Салі на развітанне. – Гары, у мяне быў шанец усё зладзіць са Стывам, а ты яго спляжыў. Ён, напэўна, вернецца да Ясмін МакДжынці. Гэтай шлюхі.
Калі мы нарэшце засталіся адны, Сід зрабіла мне кавы.
– Праўда, шкада, што ты ўжо не такі малады, калі ведаеш адказы на ўсе пытанні? – яна ўсміхнулася.
Я абняў яе, адчуў, як спаўзае зялёная шаўковая сукенка. Пацалаваў яе. Яна адказала на пацалунак. І тут зазвінеў тэлефон.
– Мусіць, Салі. Хоча яшчэ раз сказаць усё, што пра мяне думае.
– А хіба ў яе засталіся глузды, каб думаць? – засмяялася Сід.
Але гэта была не Салі. Гэта была Джына. Толькі звычайнага міжканты­нентальнага шчаўчка ў слухаўцы не пачулася. Так я адразу здагадаўся, што Джына больш не ў Японіі. Званок мясцовы. Яна вярнулася.
– Я толькі што зразумела: гэта адзіны ва ўсім свеце тэлефонны нумар, які я ведаю напамяць, – сказала яна.


29.

Я прыйшоў на дзесяць хвілінаў раней, але Джына ўжо мяне чакала, пасёрбваючы latte, за столікам на дваіх у далёкім куце кавярні.
Яна трохі схуднела на сушы ды сашымі ў Сіндзюку1 і была апранутая ў строгі дзелавы гарнітур – я ніколі раней не бачыў на ёй нічога падобнага. Жанчына з дзелавога свету.
Джына падняла вочы, заўважыла мяне, і я зразумеў: гэта па-ранейшаму тая самая Джына, якую не зблытаць ні з кім іншым, – злёгку разгубленая ўсмешка, блакітныя вочы – толькі крыху пасталелая і нашмат больш сур’ёзная, чым хоць калі ў мінулым. Тая ж жанчына – і аднак зусім іншая. Я і падумаць не мог, што яна настолькі змянілася.
– Добры дзень, Гары, – яна паднялася з-за століка, і мы ніякавата ўсміхнуліся адно другому, не ведаючы, што больш адпаведна ў такой сітуацыі: пацалавацца ці паціснуць рукі. І тое, і другое здавалася недарэчным. Я злёгку правёў па ейнай руцэ, а яна здрыганулася, як ад лёгкага электрашоку. Так мы пераадолелі няёмкасць.
– Ты добра выглядаеш, – Джына села і ветліва мне ўсміхнулася (у старыя часы яна ніколі не зважала на такія фармальнасці).
Яна таксама добра выглядала – у рысах гэтага прыгожага твару можна разгледзець і дзяўчынку, якой яна калісьці была, і жанчыну, якой яна будзе. Некаторыя прыгажэюць з узростам, некаторыя – у юнацтве. І ёсць такія, як Джына: на іх пачынаюць азірацца ў дзяцінстве і не перастаюць ніколі.
Але, як усе прыгожыя людзі, Джына ніколі не любіла залішніх кампліментаў – відавочна, яна лічыла, што яны азначалі, нібы ў ёй няма нічога вартага, апроч знешнасці. Я меркаваў, у гэтым яна не змянілася.
– І ты таксама добра выглядаеш, – мне не хацелася перабраць меру.
– Як Пэт?
– Файна, – я засмяяўся, і Джына засмяялася разам са мною. Ёй хацелася пачуць больш. Але тут падышоў афіцыянт, спытаўся, што нам прынесці, і мы перарвалі гаворку, каб замовіць яшчэ па latte. Калі афіцыянт сышоў, мы зноў сталі гутарыць пра нашага сына.
– Ён, напэўна, падрос, – сказала Джына.
– Усе сцвярджаюць, ён расце, на лес гледзячы. Мабыць, мне не так заўважна, бо я бачу яго кожны дзень.
– Само сабою. Але, мне, вядома, гэта кінецца ў вочы. Я ж пару месяцаў яго не бачыла.
– Чатыры месяцы.
– Быць не можа, каб так доўга.
– З лета. Чатыры месяцы, Джына. З ліпеня па кастрычнік. Палічы.
Як яна магла думаць, што прайшло ўсяго пару месяцаў? Насамрэч больш за чатыры. А мне здавалася, нашмат больш.
– Ну, неістотна, – трохі раздражнёна сказала яна. – Распавядзі мне пра Пэта. Не магу дачакацца, калі яго пабачу.
Што за гэты час змянілася? Я агледзеў кавярню, спрабуючы згадаць, што было іначай, чым да ад’езду Джыны ў Японію. І моцна здзівіўся: кавярня, аказваецца, засталася такой самай.
Гэта была адная з тых страўняў, што імкнуцца прынесці дух глухіх закуткоў парыжскага кварталу Марэ на галоўныя вуліцы Лондану: вялікая цынкаваная барная стойка, дошка з накрэмзанымі назвамі вінаў, вялікі драўляны стэнд з газетамі, на ходніку звонку параскіданыя крэслы і столікі. Нават звычайны ангельскі сняданак у іх называўся неяк па-французску.
Досыць тыповая для нашага раёну кавярня, паўз якую можна прайсці, не звярнуўшы на яе ніякой увагі. Але для нас яна была асаблівай. Мы з Джынай часта заходзілі сюды, калі яшчэ не нарадзіўся Пэт, у тыя дні, калі паміж намі існавала такая блізкасць, што нават непатрэбныя словы. А большай і не бывае.
– Са школай парадак, – паведаміў я. – Гэта пэўная змена. “Нулявушка” была як жахлівы сон, але ў школе ён пасябраваў з адным чалавечкам, так што там усё файна.
– А чым была жахлівая “нулявушка”? – устрывожана запыталася Джына.
– Ён не любіў заставацца адзін. Быў у яго такі цяжкі перыяд у жыцці, але скончыўся. Я думаў, гэта можа зацягнуцца гадоў да васямнаццаці.
– Але ў школе ён пасябраваў з адным хлопчыкам?
– З дзяўчынкай, – паправіў я.
Як дзіўна размаўляць з Джынай пра дачку Сід.
– Яе зваць Пегі.
– Пегі, – яна нібы каштавала на смак гэтае імя.
– У яе тата ангелец, а мама – амерыканка. З Х’юстану.
– А ён па-ранейшаму апантаны “Зорнымі войнамі”? – усміхнулася Джына. Пегі яе не надта зацікавіла. – Цэлы дзень запар балбоча пра Люка Скайуокера і Хана Сола?
– Так. У гэтым ён не змяніўся. Але ён упадабаў і іншае.
– І што ж гэта?
– Ну, ён цяпер любіць музыку, – рассмяяўся я. – гангстэрскі рэп. Ведаеш, дзе вечна хваляцца, што зараз прастрэляць табе галаву з пушкі.
Джына пазмрачнела.
– І яму падабаецца гэткая музыка?
– Так.
– І ты дазваляеш яму слухаць?
– Ага, дазваляю.
Я трохі ўзлаваўся: яна казала так, нібы я не падумаў пра дзіця, нібы я дазваляў яму глядзець жорсткае порна ці нешта падобнае.
– Гэта пройдзе. Напэўна, так ён адчувае сябе круцейшым, чым ёсць насамрэч. Джына, Пэт вельмі далікатны, пяшчотны хлопчык. Яму ад гэтага няма ніякай шкоды. І ўявіць немагчыма, каб ён увязаўся ў гангстэрскія разборкі. Ён штовечар кладзецца спаць а дзявятай.
Я бачыў: ёй не хочацца са мной сварыцца.
– А яшчэ?
– Ён дае мне мыць яму галаву. Сам мыецца ў балеі. Ніколі не капрызуе, калі йдзе ў ложак. Ён навучыўся завязваць шнуркі. І карыстацца гадзіннікам. І пачаў чытаць.
Чым больш я думаў, тым больш разумеў, як вырас Пэт за апошнія некалькі месяцаў. Джына ўсміхнулася, як мне падалося, з гонарам, змяшаным са шкадаваннем. Мне было няёмка за яе. Яна ўсё гэта прапусціла.
– Ён, відаць, стаўся сапраўдным маленькім мужчынам.
– Бачыла б ты яго ў гальштуку.
– Ён носіць гальштук?
– У школу. Там увялі форму, бо некаторыя дзеці прыходзілі ў гарнітурах для пола ды ўсялякай іншай фірмовай вопратцы. У школе палічылі, што гэта нядобра. Вось Пэту і даводзіцца насіць кашулю і гальштук.
– Мусіць, ён у ім выглядае на старога.
Пэт не выглядаў на старога. Насамрэч, апрануты як офісны службоўца, ён выглядаў яшчэ меншым. Але мне не хацелася тлумачыць гэта Джыне.
– Ну, а як ты? Надоўга ў Лондан? – спытаў я.
– Назаўсёды. З Японіяй усё скончана. І для мяне, і для ўсіх астатніх. Прайшоў час, калі насатыя ружоваскурыя маглі выпраўляцца на Усход у пошуках прыгодаў ды заробку з пяццю нулямі. Калі кампаніі складаюць рогі, перакладчыкі не надта патрэбныя. Я сышла раней, чым мяне выкінулі, – яна бадзёра ўсміхнулася. – І вось я зноў тут. Само сабою, я хачу ўзяць Пэта.
Што значыць “хачу ўзяць Пэта”? Яна мае на ўвазе, што хоча ўбачыцца з ім? Звадзіць у заапарк і купіць мяккую цацку памерам з лядоўню? Што яна хоча сказаць?
– Значыць, ты не будзеш жыць у Японіі?
– Ты, Гары, меў рацыю. Нават калі б гэтая мыльная бурбалка і не лопнула, мы б з Пэтам усё роўна не змаглі б жыць у кватэры памерам з наш пакойчык для гасцей. Я хачу пабачыць сына. Чым хутчэй.
– Вядома. Я забіраю яго па абедзе ад бабулі з дзядулем. Можаш пачакаць яго дома.
– Не, – адказала Джына. – не трэба дома. Калі ты не супраць, я сустрэну вас у парку.
Я ідыёт, што прапанаваў, каб яны сустрэліся дома. Бо, зразумела, гэта больш не Джынін дом. І гледзячы на новы кідкі заручальны пярсцёнак у яе на пальцы замест ранейшага, сціплага і простага, я раптам зразумеў, што прапусціў сапраўдную вялікую змену, што адбылася ў нашым жыцці з лета.
Цяпер Пэт жыве са мною.

У бацькоў быў дзядзька Джэк.
Адрозна ад цётухны Этэль з суседняга дома, дзядзька Джэк сапраўды даводзіўся мне дзядзькам. Франтаваты, жылісты, бацькаў брат паліў цыгарэты, прыкрываючы іх у прыгаршчы, быццам затуляў ад рэзкага ветру, нават калі сядзеў у гасцёўні і мачаў у гарбату імберцавае печыва.
Дзядзька Джэк заўсёды насіў гарнітур з гальштукам, а недзе паблізу абавязкова стаяла надраенае да бляску аўто бізнэс-класу. На пасажырскім сядзенні “Скорпіё”, ці БМВ-“пяцёркі”, ці вялізнага “Мерса”, ці чаго там яшчэ адпачывала яго шафёрская фуражка.
Дзядзька Джэк – кіроўца, ён развозіць бізнесмэнаў з дому ў офіс, з офісу ва ўсе аэрапорты Лондану, з аэрапортаў – дамоў ці ў офіс. Ён, мабыць, больш чакаў, чым ездзіў, і заўсёды ўяўляўся мне ў зале прыбыцця Гэтвіку ці Хітраў: прыкрыўшы ў далоні цыгарку, чытае Racing Post.
Дзядзька Джэк, як і ўсе астатнія сваякі па бацьку, любіў азартныя гульні. І калі ён з усмешкай падышоў да мяне па пад’язной алеі, мне падумалася, што ўсе мае ўспаміны пра дзядзьку Джэка так ці іначай круціліся вакол ставак.
Карты ў нашым доме штогод на 25 снежня, паездкі на сабачыя гонкі ў Саўтэнд ці Ромфард (мы са стрыечнікамі падбіралі вялікія ружовыя бланкі, выкінутыя гульцамі, якім не пашчасціла). І яшчэ раней, калі была жывая бабуля, у яе дом у Іст Эндзе, памятаю, штодня заходзіў букмейкер – прымаў яе драбнюткія стаўкі на скачках. Калі гэта здарылася, што букмейкеры перасталі наведвацца да старэнькіх кабет?
Малодшы з братоў, Біл, напрыканцы сямідзесятых пераехаў у Аўстралію, але ў маёй памяці ўсе тры Сільверы так і засталіся разам: вось яны на Каляды жлукцяць скотч, а на вяселлі – цёмны эль, танчаць старыя танцы з жонкамі, у якіх закахаліся яшчэ падлеткамі, да позняе ночы гуляюць на святы ў карты пад Тоні Бенета, які пяе Stranger in Paradise.
Такой была бацькава сям’я – прагматычныя, дужыя, моцныя духам лонданцы, чуллівыя, калі вялося пра дзяцей і іх сады ў прыгарадзе. Мужчыны, на старых фатаграфіях нязменна апранутыя ў вайсковую форму, аматары рызыкнуць грашыма і выпіць, але толькі ў тых межах, дзе гэта не больш як спосаб злёгку расслабіцца. Мужчыны, якія любілі свае сем’і і глядзелі на працу проста як на непрыемны абавязак, неабходны, каб забяспечваць сем’і, мужчыны, якія ганарыліся тым, што ведаюць, як уладкаваны гэты свет. Я разумеў: дзядзька Джэк прыехаў не без дай прычыны.
– Бачыў цябе па тэліку, – сказаў ён. – На гэтым узнагароджанні. Ты сядзеў за столікам, у смокінгу. А ён, здаецца, хлопец-зух, твой Эман Фіш.
– Так, ён малайчына. А Вы як, дзядзька Джэк?
– Файна, не наракаю, – ён узяў мяне пад руку і прыцягнуў бліжэй да сябе. – А што з тваім бацькам? Я бачыў, як ён задыхаецца, варта яму толькі падняцца з фатэля. Сцвярджае цяпер, што хадзіў да лекара, і яму сказалі: ён абсалютна здаровы.
– Дык з ім поўны парадак?
– Ён так гаворыць.
Тата ў садзе за домам перапасоўваўся мячыкам з мамай і Пэтам. На іх дваіх былі цёплыя паліто і шалікі. На бацьку – толькі тэніска. Ён нібыта выхваляўся сваім загартаваным, мускулістым, як у маладосці, целам, на якім былі заўважныя наколкі і старыя шнары. Калі ён запраўляў у штаны тэніску, я краем вока пабачыў у яго на баку шэраваты шнар, падобны да выбуху звышновай зоркі, і ўразіўся: аказваецца, я дасюль халаднею ад ягонага выгляду.
– Тата, ты хадзіў да доктара?
– Я здаровы, як дуб скарбовы, – адказаў ён. – Краменны, як конь стаенны.
– Праўда? А што ў цябе з дыханнем?
– Нельга яму паліць, нельга, – сказала мама, але я бачыў: яна ўздыхнула лягчэй, даведаўшыся, што для ейнага мужа ўсё, відаць, абышлося простым папярэджаннем. – Ён кіне Old Holborn.
– Трохі запозна, – пасміхнуўся тата. Яму была ў смак роля нязгоднага ў сучасным свеце, зацыкленым на мюслі і нізкатлушчавых дыетах.
– Бобі Чарльтан, – ён запуліў мячом у шкілеціны па-зімоваму голых ружаў. Пэт пайшоў па мяч.
– І доктар напраўду сцвярджае, што ў астатнім ты ў парадку? – спытаў я.
Тата паклаў руку Пэту на плячо.
– Магу працягнуць яшчэ гадоў дваццаць, – у яго словах чуўся выклік. – Вось што я скажу: я збіраюся дажыць да вяселля гэтага маладога чалавека. Хачу паглядзець, як ён ажэніцца.
Пэт зірнуў на дзядулю так, нібы той звар’яцеў.
– Я ніколі не ажанюся, – заявіў ён.

Я забыўся сказаць Джыне, што Пэт умее катацца на ровары.
Я забыўся сказаць ёй, што нясмелае маленькае чатырохгадовае дзіця, якое нерашуча ездзіла вакол басейна са стабілізатарамі, ператварылася ва ўпэўненага ў сабе пяцігадовага хлапчука, які куляй лётаў па ўсім парку, безразважліва забыўшыся пра ўсялякую асцярожнасць.
Таму, пабачыўшы, як Пэт едзе на ровары да арэляў-каруселяў ёй насустрач, Джына запляскала ў далоні і засмяялася, засмяялася ва ўвесь голас, узрадаваная і здзіўленая.
– Які ты вялікі! – усклікнула яна, і ў яе перахапіла словы, калі яна раскрыла Пэту абдоймы.
Перш чым ён адарваўся ад мяне, я паспеў заўважыць у яго на твары ўсмешку. Гэта была не гладкая, засвоеная ўсмешка, якую я прызвычаіўся бачыць, не ільсняна-абаяльная ўсмешка а-ля Дэвід Найвен, якую ён меў у сваім арсенале для незнаёмых і для мяне, калі хацеў запэўніць, што ўсё нармальна.
Пэт убачыў Джыну – і ўсміхнуўся, сам пра тое не думаючы, усміхнуўся па-сапраўднаму.
І вось ён у абдымках маці: капюшон курткі ўпаў з галавы, калі Джына ўзняла яго на рукі з сядла ровара. Яна плакала, яе слёзы капалі яму на макаўку. Я бачыў, што ў іх валасы аднаго колеру, аднолькавыя бліскучыя залацістыя валасы.
– Я прывяду яго праз пару гадзінаў, – крыкнула Джына, і Пэт павольна пакаціў па сцежцы, згодна хітаючы галавой у адказ Джыне. Тая абдымала яго за плечы.
– Асцярожней з роварам, Пэт, – крыкнуў я. – Не едзь зашпарка, добра?
Але яны мяне не чулі.


30.

Бацька схлусіў.
Ён хадзіў да доктара. Але візіт скончыўся ніяк не тым, што той сказаў майму продку: “Ну, апранайце кашулю, Вы здаровы, як рыжык баровы, і ў выдатнай форме, як для чалавека Вашага веку, хіба што, – паляпаўшы па плячы і падміргнуўшы, як старому прыяцелю, – мо’ варта меней паліць гэтых самакрутак”.
Магчыма, доктар і сказаў бацьку, што нельга прадбачыць, колькі ён яшчэ пражыве. Магчыма, ён сказаў, што гэта, бывае, цягнецца гадамі. Але наўрад ці чарадзей тэрапеўт выняў свой крышталёвы шар ад Міністэрства аховы здароўя, зазірнуў у яго і паабяцаў, што тата дажыве да ўнукавага вяселля.
Бо тое, што расло ў ім, ужо занадта далёка зайшло.

Першы раз у жыцці мама патэлефанавала мне на працу.
Тата ў шпіталі. У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі – мамін голас разбіваўся аб гэтыя тры сучасныя клінічныя словы.
Ён пераносіў з саду летнія крэслы ды столікі, што заўсёды стаялі там да сярэдзіны зімы, хаваў у гараж да наступнай вясны блакітныя палатняныя шэзлонгі і стракаты пляжны парасон, як звычайна, і раптам стаў задыхацца, абсалютна не мог дыхаць, гэта быў такі жах, такі жах, казала мама, яна выклікала хуткую, але думала, тая не паспее. Не паспее яго ўратаваць.
– Што з ім такое? – спытаў я, усё яшчэ не разумеючы, усё яшчэ не здольны ўсвядоміць, як гэта ў свеце можа не быць майго бацькі.
– Лёгкія, – адказала мама ледзь жывым, дрыготкім шэптам. – Пухліна.
Пухліна ў лёгкіх. Яна не магла вымавіць, не магла назваць тое, што скрадала ў яго паветра, і гэтае жудаснае, вусцішнае слова завісла паміж намі на тэлефонным дроце, нібы калі яго не прагаварыць, яно можа знікнуць.
Ёй не было патрэбы яго называць. Урэшце я патроху дапяў.

Шпіталь быў сучасны, але навокал на мілі цягнуліся палі.
Вось чым адрозніваюцца мясціны, дзе я вырас, вось чым адрозніваюцца прыгарады. Ад занюханых бетонных джунгляў да адкрытых палёў – пара хвілінаў на машыне. Дзеля гэтых – ці такіх самых – палёў бацька і перавёз сюды сваю сям’ю. Здаецца, з таго часу прайшло цэлае жыццё.
Калі я прыехаў, мама чакала ў прыёмным пакоі. Яна абняла мяне і з нейкім адчайным аптымізмам сказала, што доктар запэўніў яе: бацьку можна шмат чым дапамагчы.
Мама пайшла шукаць яго, доктара-індуса, які паведаміў ёй гэтую цудоўную вестку, а прывёўшы, паставіла перада мною. Ён быў малады, таму яшчэ не развучыўся ніякавець ад такой веры ў ягоную ўсемагутнасць, якою поўнілася мама.
– Доктар, гэта мой сын. Калі ласка, скажыце яму, прашу Вас, што майму мужу можна шмат чым дапамагчы.
– Я казаў Вашай маці, што болеспаталенне ў наш час дасягнула значных вяршыняў, – адказаў ён.
– Болеспаталенне?
– Мы шмат што можам зрабіць, каб аблегчыць Вашаму бацьку дыханне, дапамагчы яму лепш спаць і зняць боль, ад якога ён пакутаваў.
Доктар сказаў мне пра кіслародную маску, якую ўжо далі бацьку. У больш цмяных выразах ён распавёў пра тое, які карысны добры глыбокі сон уначы і якое эфектыўнае болеспаталяльнае.
– Вы маеце на ўвазе снатворнае і морфій? – спытаў я.
– Так.
Шмат што можна зрабіць, але толькі каб бацька не так пакутаваў. Можна толькі кантраляваць сімптомы таго, што расце ў ім. Але нішто не дапаможа яму адолець хваробу.
Можна напампаваць больш паветра ў ягоныя бедныя, няшчасныя лёгкія, можна зрабіць так, каб на некаторы час ягонае знясіленае цела было ў адключцы, можна нашпігаваць яго апіятамі, каб затуманіць мозг і заглушыць невыносны боль.
Яму шмат чым можна дапамагчы.
І яму нічым не дапаможаш.
Бацька паміраў.

Мы сядзелі побач з ім, глядзелі, як ён спіць.
Ён паўляжаў на шпітальным ложку, нос і рот закрывала празрыстая кіслародная маска, на твары праступіла шчацінне – а ён любіў, каб твар заўсёды быў чыста вымыты і гладка паголены.
Збоку – кнопка, каб выклікаць на дапамогу, пад ім – пластмасавая пасудзіна, і ад гэтых дробных дэталяў у мяне так сцялася сэрца, што хацелася плакаць. Ён ужо здаваўся бездапаможным, як нованароджанае немаўля.
У ягонай палаце стаяла яшчэ сем ложкаў, у якіх ляжалі хворыя – пераважна старыя, але два з іх маладзейшыя за мяне. Ва ўсіх іх было тое ж самае.
У розных органах і на розных стадыях. Некаторыя з іх, магчыма, вернуцца дадому, а іншыя, магчыма, ніколі не вернуцца. Але ўва ўсіх іх было тое ж самае, тое, што мы – мама і я – так і не маглі вымавіць.
– Ён ведаў, так? – спытаў я. – Пэўна, даўно ведаў.
– Мусіць, ад пачатку, – заўважыла мама. – Калі ўсё гэта пачыналася, калі ён стаў задыхацца, ён прайшоў усе аналізы – я яго прымусіла – і сказаў, што ўсё ў парадку.
– А я і не ведаў, што ён здаваў аналізы, – я быў уражаны, што бацькі, аказваецца, дасюль могуць хаваць ад мяне сакрэты.
– Мы не сказалі, бо не бачылі сэнсу цябе трывожыць. На цябе і так шмат звалілася з Пэтам. І ён жа сказаў, што з ім усё ў парадку.
– Толькі гэта няпраўда, – з горыччу вымавіў я, нібы маленькі хлопчык, што ные: “Так несумленна, несумленна!” – Ён даўно быў не ў парадку.
– Ён ад пачатку ведаў, – мама, размаўляючы са мною, не адрывала ад яго вачэй. – Я гутарыла з медсястрой, тая сказала, яны практыкуюць “паступовае раскрыццё” – то бок не выкладваюць несуцяшальныя весткі адразу, калі толькі пацыент сам іх не прымусіць, калі сам не запатрабуе, каб яму сказалі, што ў яго.
– А ён пэўна запатрабаваў, – я ані не сумняваўся. – Ён прымусіў іх сказаць.
– Так, ён прымусіў іх сказаць, – паўтарыла мама.
– Тады чаму ён так доўга хаваў ад нас праўду? – спытаў я, насамрэч ведаючы адказ. – Ён жа мусіў разумець, што мы ўрэшце даведаемся.
– Ён аберагаў нас, – вымавіла мама.
Яна ўзяла ягоныя рукі ў свае, паднесла іх да шчакі, і я адвярнуўся, баючыся, што не вытрымаю і разрыдаюся, пабачыўшы, як яна дасюль яго кахае.
– Аберагаў нас, – паўтарыла яна.
Так, мама. Ён ахоўваў нас ад найгоршага, што толькі ёсць у свеце, адводзіў ад сваёй сям’і, наколькі мог, няшчасце, што чакала наперадзе, ён аберагаў нас.
Рабіў тое, што і заўсёды.

– Я вельмі спачуваю табе, Гары, – сказала Джына. – Мне сапраўды шкада твайго тату – ён заўжды так па-добраму да мяне ставіўся.
– Ён любіў цябе без памяці, – я ледзь не дадаў, што калі мы разышліся, для яго гэта было як нож у сэрца, але своечасова стрымаўся.
– Я б хацела яго адведаць, калі ты не супраць. І твая мама.
– Абавязкова, – адказаў я, не ведаючы, як сказаць, што яму не падабаецца, калі да яго прыходзяць, што яму цяжка пераносіць свае пакуты і без таго, каб бачыць боль іншых. Але я не мог сказаць гэтага Джыне: ёй бы падалося, што перад ёю папросту зачыняюць дзверы.
– Пэт з ім убачыцца?
Я ўцягнуў паветра.
– Пэт хоча яго бачыць. Але тату цяпер так блага. Калі яму трохі палегчае, тады магчыма. А зараз гэта залішне іх абодвух засмуціла б.
– Што ты сказаў Пэту?
– Што дзядуля хворы. Цяжка хворы. Божа, як сказаць пяцігадоваму дзіцяці, што дзядуля, які лічыць яго самым лепшым у свеце, памірае? Я не ведаю.
– Нам трэба пагаварыць пра Пэта, – змяніла тэму Джына. – Я ведаю: цяпер не лепшы час, і я шчыра спачуваю табе, што з тваім татам здарылася такое… Але ты мусіш ведаць: я хачу як мага хутчэй забраць Пэта.
– Забраць Пэта?
– Так. Не трэба сварыцца, як раней, добра? Я не збіраюся звезці яго з Ангельшчыны. Я вярнулася ў Лондан. Мы з Рычардам шукаем дом дзе-небудзь паблізу. Пэту нават не давядзецца пераходзіць у іншую школу.
– Як гэты стары Рычард, халера на яго?
– Файна.
– Па-ранейшаму “паўразышоўся” з жонкай?
– Назаўсёды разышоўся. Ягоная жонка вярнулася ў Штаты. Разумею, можа падацца, гэта захутка, але мы гаварылі пра тое, каб узяць шлюб.
– Калі?
– Як толькі атрымаем развод.
Як мне зрабілася смешна!
– Ні хрэна сабе! Возьмеце шлюб, як толькі атрымаеце развод? Каханне – вялікая сіла!
Мы з Джынай нават не загаворвалі пра механізм разводу. Мы шмат размаўлялі пра расстанне. Але не абмяркоўвалі самой бюракратычнай працэдуры.
– Калі ласка, Гары, – у яе голасе пачуліся ледзяныя ноткі, – не трэба мяне абражаць.
Я страсянуў галавой.
– Думаеш, ты можаш гэтак проста вярнуцца ў нашае жыццё, роўненька дзе сышла, нібы нічога не адбылося? Думаеш, можаш забраць Пэта толькі таму, што азіяцкі эканамічны цуд напраўду аказаўся зусім не такім цудоўным?
– Мы дамаўляліся, – яна раптам раззлавалася: я ніколі ў жыцці яе такой не бачыў. – Ты заўсёды ведаў: Пэт будзе жыць са мной. Засталася б я ў Японіі ці вярнулася б у Лондан, я заўсёды збіралася забраць яго да сябе. Чаму ты думаеш, што маеш хоць якое права не аддаваць яго?
– Бо яму добра са мною. Бо я ўмею яго гадаваць. Умею. Спачатку было цяжка, але я навучыўся, ясна? Пайшло лепш, а цяпер усё ўвогуле выдатна. Яму добра там, дзе ён цяпер. Ён абыдзецца без нейкага мужыка, нейкага хрэна дзёўбанага, што ты падчапіла ў бары ў Рапонгі1.
У лініі яе рота абазначылася нешта, чаго я раней ніколі не заўважаў.
– Я кахаю Рычарда. І хачу, каб Пэт быў са мною.
– Джына, яны не нашая ўласнасць, разумееш? Нашыя дзеці – не нашая ўласнасць.
– Маеш рацыю: дзеці – не ўласнасць. Але мой адвакат будзе даводзіць, што пры ўсіх астатніх роўных дзіця мусіць быць разам з маці.
Я падняўся, кінуў на столік некалькі манетаў.
– А мой адвакат будзе даводзіць, што вы з Рычардам можаце валіць на хер. А мой адвакат – калі я знайду адваката – будзе даводзіць, што дзіця мусіць быць з тым з бацькоў, хто здольны лепш яго выхоўваць. А гэта я, Джына.
– Гары, я не хачу цябе ўзненавідзець. Не вучы мяне ненавідзець цябе.
– Я не хачу, каб ты мяне ўзненавідзела. Але няўжо ты не разумееш, што адбылося? Я навучыўся быць сапраўдным бацькам. Нельга так проста вярнуцца і адняць у мяне сына.
– Не магу паверыць, – адказала яна. – Ты глядзіш яго якую пару месяцаў і пачынаеш думаць, што можаш заняць маё месца?
– Чатыры месяцы. І я не спрабую заняць тваё месца. Я проста ўрэшце знайшоў сваё.

Сід толькі зірнула на мяне – і адразу сказала, што павядзе мяне ў рэстаран. Я не хацеў есці, але пагадзіўся, таму што не меў сілаў спрачацца. І яшчэ таму, што мне трэба было задаць ёй адно пытанне.
Я пацалаваў Пэта і пакінуў яго глядзець разам з Пегі “Пакахонтас”. На кухні са змрочным выглядам сноўдалася Б’янка, няспынна жавала “джусі фрут”, бо паліць у кватэры ёй не дазвалялася.
– Чыю машыну бярэм: маю ці тваю? – спытала Сід.
– Маю, – адказаў я, і мы паехалі ў маленькі індыйскі рэстаранчык паміж Апер Стрыт і Ліверпуль Роўд. Скотч, якім быў заклеены верх MGF, высах, парэпаўся ды адыходзіў, палоскі лопалі, як карабельныя ветразі ў шторм.
Ад ежы мяне з душы вярнула. Я неахвотна калупаў у талерцы куру тыка-масала і адчуваў, што ўсё плыве перад вачыма.
– Вазьмі толькі тое, што табе хочацца, мілы, – сказала Сід. – Не змушай сябе. Але паспрабуй што-небудзь з’есці, добра?
Я хітнуў галавою, удзячна ўсміхнуўся гэтай неверагоднай жанчыне, якая страціла бацьку, калі ёй было ўдвая менш, чым мне, і ў мяне ледзь не вырвалася ў той самы момант, на тым самым месцы пытанне, што я збіраўся ёй задаць. Але я падумаў, што лепш трымацца зыходнага плана і пачакаць да канца вечару. Так, лепш трымацца плана.
– Калі не хочаш глядзець фільм – можам не глядзець, – сказала яна. – Гэта неістотна. Можам не пайсці ў кіно, а рабіць тое, што табе хочацца. Проста пагуляць. Ці ўвогуле нічога не рабіць. Нават размаўляць не трэба.
– Не, давай сходзім у кіно, – адказаў я, і мы паехалі ў Соха паглядзець італьянскі фільм “Кіно “Парадыза” пра сяброўства маленькага хлопчыка са старым кінамеханікам.
Сід звычайна ўдала выбірала фільмы. Яна ведала, што мне спадабаецца, калі я буду глядзець хоць трошкі ўважліва, – фільмы з субтытрамі, фільмы, дзе не здымаліся зоркі, фільмы, на якія пару гадоў таму я нават і не зірнуў бы.
Але гэты напрыканцы мне не пайшоў: пахмуры стары кінамеханік, аслеплы на пажары ў кінатэатры, загадвае хлопчыку з вачыма Бэмбі, які ўжо стаў падлеткам, з’ехаць са сваёй вёскі і ніколі не вяртацца.
Хлопчык, Тота, з’язджае, робіцца знакамітым рэжысёрам і вяртаецца ў вёсачку толькі праз трыццаць гадоў, у дзень пахавання Альфрэда, старога кінамеханіка, які навучыў яго любіць кіно, а тады выгнаў.
– Чаму Альфрэда назаўсёды выгнаў хлопчыка? – спытаў я Сід, калі мы прабіраліся праз натоўп па Оўлд Комптан Стрыт. – Чаму яны не маглі хоць бы ліставацца? Калі ён загадаў яму з’ехаць, хлопчыку, якога ведаў з маленства, гэта было так жорстка.
– Бо Альфрэда разумеў: Тота ніколі не знойдзе таго, што яму трэба, у гэтым маленькім мястэчку, – Сід усміхнулася. Яна была радая пагаварыць пра фільм. – Ён мусіў вырвацца на волю, каб спасцігнуць тое, што даўно ведаў Альфрэда: “Жыццё не такое, як у кіно. Жыццё нашмат цяжэйшае”, – яна ўзяла мяне за руку і засмяялася. – Мне падабаецца абмяркоўваць з табою такія рэчы.
MGF стаяла на вялікай паркоўцы, што ў канцы Джэрард Стрыт, за пажарным дэпо на Шафтсберы Авеню, на паркоўцы Кітайскага кварталу. Мы селі ў машыну, але я не ўключыў запальвання.
– Я хачу, каб мы ўсе жылі разам, – вымавіў я. – Ты, Пегі, я і Пэт.
У вачах, якія я так любіў, з’явілася непрыхаванае здзіўленне.
– Усе разам?
– Твая кватэра замалая. Таму лепш за ўсё будзе, калі ты пераедзеш да нас. Што скажаш?
Яна разгублена павяла прыгожай галавой.
– Так, цяжка ж табе даводзіцца. Бацька… І Джына… Ты ўшчэнт змучыўся.
– Гэта ні пры чым, – запярэчыў я. – Ну, можа, трохі і пры чым. Мо’ нават і не трохі. Але не толькі ў гэтым рэч. Я ведаю, што я да цябе адчуваю. І мне думаецца, ты адчуваеш да мяне тое ж самае. Я хачу, каб мы былі разам.
Яна ўсміхнулася і зноў адмоўна павяла галавой – гэтым разам больш цвёрда.
– Не, Гары.
– Не?
– Выбачай.
– Але чаму?
Бессэнсоўнае пытанне. Дзіцячае. Але я мусіў яго задаць.
– Бо табе патрэбная жанчына, у якой у жыцці ўсё не так складана, як у мяне. Без дзіцяці. Без былога мужа. Без напамінаў пра мінулае. Ты ж ведаеш: гэта праўда. Памятаеш, як ты пачуваўся на дні народзінаў Пэта? Памятаеш? Мы з табой абое ведаем: у нас няма будучыні.
– Не кажы за мяне.
– Ты думаеш, табе патрэбная жанчына, якая б перамяніла для цябе сваім каханнем увесь свет. Але, Гары, табе не патрэбнае каханне. Ты не ведаеш, што з ім рабіць, з сапраўдным каханнем. Ты хочаш рамантыкі.
Ад таго, што Сід казала гэтыя словы з невымоўнай пяшчотай, рабілася яшчэ горш, нашмат горш. У іх не было ні злосці, ні горычы. Сід, здавалася, шчыра шкадуе мяне.
– І гэта добра, – працягвала яна. – Такі ты ёсць, і шмат у чым гэта вельмі нават добра. Але ў нас з табою ніколі б нічога не склалася, бо “лямур-тужур” не можа доўжыцца вечна. Не можа, калі ёсць дзеці. Асабліва не твае ўласныя.
– У нас бы магло ўсё скласціся, – настойваў я.
– Не. Мы б урэшце апынуліся тамсама, дзе вы апынуліся з Джынай. А я гэтага не хачу. Я не магу перажыць зноў тое самае – Пегі гэтага не вытрымае. Мілосная лухта, рамантыка – гэта ўсё файна. Але мне патрэбны той, хто будзе расціраць мне ногі, калі я стану старой, і казаць, што кахае мяне, нават калі я не буду памятаць, куды паклала ключы. Вось што мне патрэбна. Мужчына, з якім мне б хацелася дажыць да старасці. І даруй, калі ласка, Гары, але ты, напэўна, хочаш іншага.
Яна працягнула руку, каб пагладзіць мяне па твары, аднак я адвярнуўся. І дзе я гэта ўжо чуў? Мы моўчкі сядзелі на падземнай стаянцы. Зверху на нас наваліўся ўсім сваім цяжарам Кітайскі квартал.
– Я думаў, ты не хочаш, каб Пегі было балюча, калі яна пабачыць твой разбіты кароткі раман.
– Лепей гэта, чым разбітыя сур’ёзныя адносіны. Пэт і Пегі застануцца сябрамі. Яна будзе з табой бачыцца. Але гэтак мы з табою абое пазбегнем вялікага гора.
– “Гэтак”? Ты кажаш так, нібы ставіш кропку.
– Я не стаўлю кропку. Мы таксама можам застацца сябрамі. Але я глядзела на цябе на дні народзінаў Пэта і раптам зразумела: мы з Пегі – зусім не тое, чаго ты хочаш. Зусім.
– Я ведаю, што гэта азначае, калі жанчына гаворыць: “Мы можам застацца сябрамі”. Гэта значыць: “Зачыні за сабой дзверы”.
– Не драматызуй, Гары. Людзі кожны дзень разыходзяцца. Гэта не канец свету.

Рак жудасны тым, што заўжды пераўзыходзіць найгоршыя чаканні. У яго ўменні даць фору чалавечаму ўяўленню ёсць нешта парнаграфічнае. Якое б новае вычварэнне ён ні прыдумаў, каб мучыць ды катаваць вас, заўтра заўсёды можа зрабіць яшчэ горш.
Бацьку напампавалі морфіем, колер скуры быў ужо як у нежывога, і нават з кіслароднай маскай ягоныя лёгкія напіналіся з апошніх сілаў, каб набраць нішчымную долю паветра, якога папросту не хапала.
Часам затуманеныя вочы праясняліся, спадала смуга, спароджаная болем і тым, што мусіла забіваць боль, і тады ў гэтых вачах, поўных слязьмі, я бачыў шкадаванне і страх. Я быў пэўны: вось яно, гэта і ёсць канец, гэта, бясспрэчна, канец.
– Я люблю цябе, – узяўшы ягоныя рукі ў свае, сказаў я тату тое, чаго ніколі не гаварыў раней.
Сказаў, бо, вядома, горай быць не можа. Але сталася яшчэ горай. Вось чым жудасны рак: ён заўсёды перасягае самыя чорныя відзежы.
Назаўтра я прыйшоў у перапоўненую палату і, седзячы каля ложка, трымаючы бацьку за руку – і яшчэ больш плачучы, – я зноў сказаў яму: “Я люблю цябе”.


Частка 3. І хто б мог падумаць?

31.

Эмана заклініла.
З танных месцаў у студыі, дзе мала што ўгледзіш за камерамі і спінамі персаналу, вы б гэтага не заўважылі. Магчыма, не заўважылі б, нават калі б настройваліся на тэлехвалю ў сваёй гасцёўні, дзе голас з экрану – папросту яшчэ адзін у агульным гудзенні, што напаўняе пакой. Для вас жа гэтае шоў – не галоўнае ў жыцці, адрозна ад мяне.
А я бачыў на маніторы на галёрцы: Эмана заклініла. Я ведаў: гэта заўжды можа здарыцца – неістотна, правёў ты перад камерай шэсцьдзесят гадоў ці шэсцьдзесят секундаў. Калі бягучы радок, сцэнар, рэпетыцыі – усё пустое. Калі цябе ступарыць.
– Як я родам з Кілкарні, то проста ў шоку ад таго, колькі ў вас тут разводаў, – сказаў ён і раптам двойчы міргнуў. На твары адбілася паніка. – Проста ў шоку…
Эман утаропіўся ў гэтае бязлітаснае чорнае вока з чырвоным агеньчыкам: усё вылецела з галавы, не можа сказаць ні слова. Ён не проста забыў тэкст. Ён у адно імгненне страціў веру ў сябе, як канатаходзец, які зірнуў уніз і ўбачыў далёка-далёка на зямлі сваё разбітае цела. Нехта з гледачоў кашлянуў. Здавалася, у цішы студыі гудуць нацятыя нервы Эмана.
– Ну давай, ты можаш, – прашаптаў я. Ён міргануў, удыхнуў і раптам зноў ускочыў на свой канат.
– Тут жанчына, знаёмячыся з мужчынам, думае: “Ці той гэта чалавек, з якім мне б хацелася, каб мае дзеці праводзілі выходныя?”
Гледачы засмяяліся. Эман хістаючыся пайшоў наперад: там, на тым краі, – бяспечна. Апавёў наступны жарт, яшчэ калоцячыся ад жаху, сабраўшы ўсе сілы, толькі б не глядзець долу.

– Такое здараецца, – гаварыў я Эману, адвёўшы яго ў ціхі закуток “зялёнага пакою”. – Як толькі пачынаеш думаць, што ты на кані, што сцэнічная паніка можа ахапіць каго заўгодна, толькі не цябе, тут яно акурат і здараецца.
Эман прысёрбваў лагер.
– Гары, я не ведаю, ці здолею. Не ведаю, ці змагу кожны ты­дзень выходзіць на сцэну, памятаючы, што ў любы момант мяне можа пера­клініць.
– Табе проста трэба навучыцца прымаць як дадзенасць, што цябе можа пераклініць, калі на цябе глядзяць мільёны.
– Ні хрэна сабе!
– Ты гэта можаш.
– Не магу – у тым і штука. Мо’ тым, хто ў Кілкарні, я і здаюся ўпэўненым ды дзёрзкім, але гэта ўсё блеф. Гэта няпраўда, Гары. Перад выхадам мяне ванітуе ў грымёрцы. Я прачынаюся а трэцяй ночы – мне сніцца, што на мяне ўсе глядзяць, а я страціў голас. Я не магу. Я занадта зляканы.
– Ты не зляканы. Ты ўзрушаны.
– А тое, што мне перад праграмай выварочвае вантробы?
– Ты ўзрушаны. Ты збіраешся выйсці на сцэну і смяшыць усю краіну. Натуральна, ты ўзрушаны. Хто б на тваім месцы пачуваўся іначай?
– А благія сны?
– Гэта не нервы. Гэта ўзрушэнне. Вывучы мантру вядучага і спявай зноў і зноў: “Я не зляканы, я ўзрушаны”.
– Я не зляканы, я ўзрушаны, – паўтарыў Эман.
– Вось так.
Да нас хтосьці падышоў з беляшом у адной руцэ і келіхам белага віна ў другой, каб сказаць Эману, што гэта было ягонае найлепшае ў жыцці шоў.
Хочаш выпіць па-сапраўднаму? – спытаў ён мяне.

– Выбачайце, м-м… – чорны выкідала памерам з вялізны кантэйнер для смецця звярнуўся да нас, як да пары грамадскіх прыбіральняў. – У нас дрэс-код.
– Дрэс-код? – здзівіўся я.
– Гарнітуры. Гальштукі. Дзелавыя строі.
Але іншы – белы – выкідала памерам з вялізны кантэйнер для смецця пазнаў Эмана ў твар.
– Усё ў парадку, Крыс, – сказаў ён і ўзняў чырвоны аксамітны абмежавальнік. – Як маешся, Эман?
Навокал усмешкі. Заходзьце, заходзьце. Разам са сваім знакамітым прыяцелем я зайшоў у цёмнае чэрава клуба і раптам адчуў сябе цвярозым, як ніколі.
Вакол барнай стойкі раілася плойма прыгожых напаўголых дзявуляў – дакладней, на тры чвэрці, на дзевяць дзясятых голых. Яны звіваліся, круцілі азадкамі, танчылі перад самым носам у бізнесмэнаў, у якіх на ілбах блішчалі кроплі поту, а пузатыя паставы спаралюшавала пажада і піва. На ўсіх дзявулях былі панчохі да сярэдзіны сцягна з поясам. За край панчохаў панапхана банкнотаў у дзесяць-дваццаць фунтаў.
– Не надта заводзься, – кінуў Эман. – Шлях да іх вабнотаў ляжыць праз твой кашалёк.
Мы сышлі ўніз. Усмешлівая мурынка ў белай балетнай пачцы прывітала Эмана па імю і падвяла нас да століка побач са сцэнай. На ёй звіваліся па шастах дзявулі, на якіх былі толькі туфлі-“шпількі” і трусікі, не большыя за шнурок.
Яны – і іх ледзь адзетыя сёстры, што па ўсёй зале даводзілі да шалу менеджэраў сярэдняе рукі, – танчылі пад спевы нейкай амерыканкі – увесь час забываюся, як яе зваць – ну, з тых, што хваляцца: маўляў, я і сука, і каханка. Гэта з новых песняў. Я раптам зразумеў, што з песняў ведаю амаль адныя старыя.
Прынеслі шампанскага. Я сказаў Эману, што хачу піва, але ён патлумачыў, што за гэтымі столікамі падаюць толькі шампанскае. Шампанскае – абавязковае.
З’явілася высокая бландынка з фігурай грэцкай багіні ў нейкай аднаразовай вечаровай сукенцы. Усміхнулася мне так, нібы ўсё жыццё мяне шукала.
– Мяне зваць Венера. Хочаш танец?
Халера, чаму б і не? Не зашкодзіць патанчыць.
– Так, – адказаў я, падняўся і пачаў торгацца туды-сюды, з адной нагі на другую ў той дрэннай пародыі на танец, што прынятая ў гэтай краіне. Мне зрабілася добра. Урэшце, песня, маўляў, я і сука, і каханка, не такая ўжо і кепская.
– Ды не, – трацячы цярплівасць, сказала Венера. Я пазнаў бірмінгемскі акцэнт. – Ты не танчы. Ты проста сядзі і глядзі.
Яна паказала на аслупянелых бізнесоўцаў, што моўчкі заходзіліся ад пажады ў сваіх крэслах, бо перад імі згіналіся напалам голыя дзеўкі, падміргвалі, схіліўшы галаву між рассунутых ног, або ледзь не дакраналіся апетытнымі смочкамі да чырвоных ад хмелю насоў з парванымі венамі.
Я буду танчыць для цябе, ясна? Ты сядзі і глядзі. Рукамі не дакранацца. Адна песня – 10 фунтаў. Мінімум.
– Мо’ як-небудзь потым, – адказаў я, сеў і нагбом выпіў шампанскае. Венера знікла.
– Расслабся, Гары, – Эман усміхнуўся. – Ты не зляканы. Ты ўзрушаны, – ён ляпнуў мяне па спіне і зароў, – я цябе люблю, ублюдак ты дзёўбаны! Як ты, маць тваю?
– Лепш за ўсіх. Бацька – у анкалогіі, а жонка – мая былая жонка – дамагаецца права апекі над сынам.
Эман паглядзеў на мяне са шчырай трывогай у вачах – а гэта няпроста, калі ў руцэ – келіх шампанскага, а навокал – сціжмы аголеных дзяўчат.
– Як бацька?
– Стан стабільны – так гэта ў дактароў завецца. То бок выразнага пагаршэння няма. Калі так будзе далей, магчыма, яго адпусцяць дамоў. Але не для таго, каб ён акрыяў.
– Эман, хочаш, я табе станчу? – спытала дзяўчына азіяцкага тыпу з валасамі да пояса.
У гэтым клубе яна была адзіная азіятка. Некалькі мурынак, але амаль усе астатнія дзяўчаты – бландынкі, натуральныя ці фарбаваныя. Як у “Плэйбоі”. Тут светам уладарылі бландынкі.
– Потым, – адказаў Эман і зноў павярнуўся да мяне. Азіяцкая красуня знікла ў цемры.
– Мне вельмі шкада твайго бацьку, Гары. Спачуваю. І дрэнна, што ў тваёй былой паловы злосці поўныя косці. Але трымай хвост абаранкам, раздзяўбай ты няшчасны, – ён нагбом выпіў шампанскае і зноў наліў поўны келіх. – Прынамсі, у цябе ёсць Сід. Цуд, а не жанчына.
– З гэтым таксама ўсё скончана.
– Хочаш, я табе станчу? – прапанавала мне пышнагрудая, бы яе надзімалі, бландынка.
– Не, дзякуй, – адказаў я. Яна сышла, не крыўдзячыся і не прымаючы адмову на свой конт.
– У нас з Сід былі свае праблемы.
– Якія? – здзівіўся Эман. – На ўзнагароджанні здавалася, у вас усё проста цудоўна.
– У нас і было ўсё проста цудоўна, калі мы былі ўдвух. Але ў яе дзіця. І ў мяне дзіця. Яны выдатныя дзеці. Аднак гэта азначае, што ў яе ёсць былы муж, а ў мяне – былая жонка. Неяк… не ведаю… зашмат народу назбіралася.
– І ў гэтым уся праблема?
– Ну, галоўная праблема ў тым, што Сід мяне кінула. Але ж кінула таму, што я часам дэпрэсаваў, бо вакол набралася столькі людзей. І таму, што ёй здавалася, я хачу – гэта глупства, я ведаю – нейкага ідэальнага кахання. Мо’ яна й мела рацыю. Сід ўмела прымаць рэчаіснасць такой, як яна ёсць. А я чамусьці не ўмеў.
– Бо ты рамантык, Гары. Бо ты верыш старым песням. А яны не рыхтуюць да сапраўднага жыцця. Ад старых песняў на яго развіваецца алергія.
– Што ты маеш супраць старых песняў? У іх, прынамсі, ніхто не кажа, як клёва быць і сукай, і каханкай.
– Гары, ты закаханы ў каханне. Ты закаханы ў ідэю кахання. Сід – цудоўная жанчына, але для цябе яна адзіная і непаўторная насамрэч толькі таму, што ты не можаш яе атрымаць. Вось на што ты вядзешся.
Няпраўда. Я сумаваў па ёй. Асабліва па тым, як яна абдымала мяне ў сне. Большасць пар паварочваецца адно да другога спінамі, як ужо час засынаць. Толькі не Сід. Яна прытулялася да мяне, абдымала, імкнулася, каб мы былі адным целам. Дзівацтва, я ведаю, нерэальная мара. Але яна зрабіла, каб і я ў сне марыў пра гэта. Невыносна думаць, што так спаць мы больш ніколі не будзем.
– Яна была адзіная і непаўторная, – не згадзіўся я.
– Паглядзі вакол, – сказаў Эман і паспрабаваў напоўніць мой келіх. Я прыкрыў яго далонню. Піток з мяне ніякі – я ўжо набраўся, як бэля. На далёкіх подступах, дзе з ліхтарыкамі і сподамі напагатоў сустракалі кліентаў красуні ў пачках, плыткаводдзе клубу баразнілі дзясяткі дзявуляў. Дзясяткі іншых рытмічна віхлялі целамі перад бізнесмэнамі. Тыя лыбіліся і хіхікалі ў сваіх дробных купках, а калі нехта з іх плаціў за танец – дранцвелі на месцах, сарамяжліва і – так-так! – багавейна.
Як лёгка торгаць нас за нітачкі, падумаў я. Не ўяўляю, каб жанчына пры выглядзе мужчынскага азадка растала – і адразу выцягнула б грошы.
Гледзячы на твары мужчынаў, што ўзіраліся ў гэтыя ідэальныя жаночыя формы – формы, пругкія дзякуючы маладосці і трэнажорам, формы, там-сям падпраўленыя дзякуючы майстэрству хірурга, – няцяжка было паверыць, што “мужчына” значыць спрэжаны з вясковым дурнем.
– Адна, дзве, тры, – Эман лічыў, нагбом кульнуўшы шампанскае, – восем, дзевяць, дзесяць…
– Мо’ з сотню.
– Гары, і ўсе яны – адзіныя і непаўторныя. Столькі адзіных і непаўторных, што не злічыць. Гары, у свеце тых адзіных і непаўторных – чортава процьма.
– Не такіх, як Сід.
– Фігню ты вярзеш, Гары. Поўную фігню, – Эман асушыў келіх, хацеў наліць яшчэ, але тут сабе наўздзіў заўважыў, што бутэлька пустая. Ён замовіў яшчэ адну і паклаў руку мне на плячо. – Проста ты любіш пакутаваць, Гары. Бо гэта нашмат лягчэй, чым жыць з жанчынай.
– Эман, ты ўпіўся.
– Мо’ я і ўпіўся, Гары, але я ведаю жанчын. Ты ведаеш тэлебачанне – і хай беражэ цябе Бог за гэта, бо ты не раз ратаваў маю кілкарнійскую дупу – але я ведаю жанчын. І я ведаю: ты б іначай думаў пра Сід, калі б пражыў з ёй наступныя сем гадоў. Бо так заўжды бывае.
– Не заўжды.
– Заўжды. У старых песнях пра гэта не кажуць. У старых песнях вядзецца пра каханне – знойдзенае і страчанае. Але ў іх не вядзецца пра астылае, спарахнелае каханне. Пра гэта песняў не пішуць.
– Не, …б тваю маць, пішуць! – прагарлаў я.
– Танец? – запыталася нейкая здань у наскрозь празрыстым пеньюары.
– Не, дзякуй, – адказаў я. – “Куды сышло каханне?”, “Ты мне не дорыш кветак”, “Ты страціў пачуццё” – ёсць безліч песняў пра згаслае каханне.
– Але ў іх яно здаецца геройствам, – запярэчыў Эман. – Толькі гэта няпраўда. Насамрэч гэта нудоцце і глупства. Азірніся, Гары, азірніся навокал: якой трасцы мужчыну хацець пражыць усё жыццё з адной жанчынай? Мы не так створаныя.
– Гэта ты не так створаны, – супраціўляўся я. – Бо цябе займае толькі адное: твой гнюсны дробны струк і як яго ўторкнуць паўсюль, дзе толькі можна.
– Не струк, Гары.
– Выбачай, Эман. Я паўтараю: твой гнюсны дробны струк.
– Не струк, Гары. А семя.
– Ну, хай сабе семя.
Дзяўчына азіяцкага тыпу з валасамі да пояса падышла да нас і села Эману на калені. Нявінна чмокнула яго ў цёмную, няголеную шчаку.
– Мяне зваць Мем, – сказала яна мне.
– Гары, – назваўся я. Мы паціснулі рукі, нібы збіраліся абмеркаваць бізнэс-прапанову. Як ні смешна, тут, у гэтай зале, поўнай застаялага цыгарэтнага дыму, аголеных целаў і немаладых мрояў, вытрымліваліся ўсе фармальнасці: усюды паціскаліся рукі, адбываліся знаёмствы, разам з гатоўкай паціху перадаваліся візіткі.
Такі тут панаваў genius loci: мужчынаў змушалі цешыць сябе надзеяй, нібы ім нешта свеціць – быццам гэтыя дзяўчаты толькі пра тое і марылі, каб іх звадзілі ў які задрыпаны “французскі” рэстаран, калі тут, адно бліснуўшы вачыма, адно павёўшы клубамі, яны маглі пад навамодную песню пра і суку, і каханку зрабіць з кожнага мужчыны свой уласны банкамат.
Мем танчыла Эману. Калі яна сцягнула праз галаву сукенку і пачала павольна паводзіць сваім крамяным маленькім целам перад ягоным тварам, я зразумеў, чаму гэтая невялічкая азіятка (хто ж яна такая? інданезійка? тайка?) змагла ўтрымацца на гэтай планеце Блонд.
– Гэта як экспрэс на Хітраў, – кінуў Эман.
– Што ты, бляха-муха, вярзеш? – спытаў я.
– Экспрэс на Хітраў. На аэрапорт. Няўжо ты не заўважаў? Адразу за Педынгтанскім вакзалам праязджаеш паўз вялізную пляцоўку, поўную бліскучых, новенькіх – толькі з канвеера – машынаў. А трохі далей – іншая пляцоўка, поўная іржавых, прагнілых, гарэлых машынаў, панагрувашчаных адна на другую, як гурбы хлуду. Ды так яно і ёсць.
– Эман, я, здаецца, чагосьці не дапетрыў. Ты хочаш сказаць, жыццё – як экспрэс на Хітраў?
– Я кажу, каханне – як гэтыя машыны, – патлумачыў Эман, праводзячы далонню ўверх па залацістым юначым сцягне Мем, нягледзячы на строгае правіла “не дакранацца”. Па інданейзійскім сцягне? Тайскім? – Напачатку ўсе яны бліскучыя ды новенькія, здаецца, будуць служыць вечна. Аднак урэшце ператвараюцца ў іржавае ламачча.
– Ды ты чортава кодла, – я падняўся з-за століка. – А я п’яны ў дыміну.
– Гары, не сыходзь, ну калі ласка, – пачаў упрошваць Эман.
– Мне яшчэ трэба забраць малога ад бацькоў. То бок ад мамы.
Я пацалаваў Эмана ў шчаку і паціснуў руку Мем – чамусьці так падалося больш дарэчна, чым наадварот – пацалаваць Мем і паціснуць руку Эману. Напаўдарозе да дзвярэй я згадаў, дзе раней чуў ейнае імя.
Я ведаў: Эман памыляецца. Калі вечна прагнеш, вечна жадаеш новага, ніколі не задавальняешся, ніколі не пачуваешся шчаслівым ад таго, што маеш, урэшце застаешся яшчэ больш расчараваным, яшчэ больш самотным, чым які-небудзь лох кшталту мяне, які верыць, што ўсе старыя песні напісаныя пра адзіную дзяўчыну.
Мужчыны, што займаюцца блядаваннем налева і направа, насамрэч не вольныя. Не. Яны яшчэ большыя рабы, бо не могуць пазбавіцца падазрэння, што жанчыны, якіх яны жадаюць, гэткія ж самыя, як і яны. Гэткія ж нічым не звязаныя, няверныя, заўсёды гатовыя іх кінуць або схадзіць налева, як герой адной з найноўшых песняў.
Ён чакаў у ценю каля клуба, разам з іншымі каханкамі танцорак. Я неяк не сумняваўся, што яго пабачу.
І я не сумняваўся: у яго будзе гэткі ж выгляд, як і ва ўсіх астатніх, незважаючы на прыпаркаваныя ўздоўж ходніка крутыя тачкі ці, у ягоным выпадку, матацыкл БМВ. Яму было маркотна. Усім каханкам танцорак было маркотна.
Яны стаялі за таксістамі, што імкнуліся завабіць кліентаў. Тыя перамаўляліся і адно з другім, і з мужчынамі, што выходзілі з клуба: “Таксі, сэр? Вам куды? Дзясятка да Айлінгтана?” Але каханкі танцорак моўчкі стаялі на самоце. У іх быў выгляд людзей, якія дасягнулі сваіх мараў, але тыя абярнуліся толькі рэўнасцю ды агідай.
Ён мяне не заўважыў, а я бачыў, як ён морыцца ўночы сярод іншых жарабцоў з турбадызелем.
Прыгажун Джым Мэйсан, былы муж Сід, чакаў, калі ў Мем скончыцца начная змена.


32.

Трымацца гадзінаў наведвання цяпер не мела ніякага сэнсу. У які момант прачнецца бацька, залежала выключна ад прыліваў і адліваў болю і морфію.
Часам бывала, праседзіш з ім цэлую раніцу, а ён увесь гэты час праспіць – калі можна толькі назваць сном гэтае наркатычне ачмурэнне. А калі скончыцца дзеянне апіятаў, але раней, чым бацьку зноў пачне мучыць рак, ён, магчыма, прачнецца, пагаворыць з табой, гледзячы вільготнымі ад пакуты і невыноснае тугі вачыма. Гэтага моманту я й імкнуўся прычакаць.
За колькі гадзінаў да світання ён паварушыўся, чмокнуў языком, аблізаў перасохлыя вусны, і я абудзіўся ад неспакойнага сну. У палаце было ціха – адно праз ложак ад бацькі пахропваў стары. Я дапамог тату сесці ў ложку, змачыў яму вусны глытком вады – як нішчымна мала…
Калі ён пачаў хапаць паветра – ён цяпер увесь час хапаў паветра, – я дапамог яму надзець кіслародную маску і трымаў яго за руку, пакуль ён адчайна ўцягваў паветра. Мізэр паветра, мізэр вады. У мяне ірвалася сэрца, калі я глядзеў, якімі крыхамі ён абыходзіцца.
Бацька зняў маску, ягоны твар сказіўся ад болю, і я зноў падумаў, што ніхто не папярэджвае пра гэтыя мукі. Аднак я не ведаў, што горш: бачыць такую жудасную пакуту ці бачыць яго непрытомным, напампаваным морфіем, калі ён ужо напраўду не ён. Напэўна, боль усё ж горш. Бачыць, як ён пакутуе, горш.
Ён паглядзеў на мяне, у роспачы павёў галавой і адвярнуўся.
Я ўзяў ягоную руку, сціснуў і не выпускаў, бо ведаў: ён упаў духам. Бацька мужны чалавек, але ён не можа змагацца з журбою, якая навалай прыходзіць пасярод ночы, якая кажа: больш ніколі нічога не будзе добра.
І ніхто не папярэджвае пра гэтую журбу. Ты часткова падрыхтаваны да болю. Ты можаш здагадвацца, як пакутліва паміраць ад раку. Аднак разам з фізічнымі мукамі з’яўляецца адчуванне страты, якое не аблегчыць ніякі ўкол морфію.
– Самае горшае, – прашаптаў у цемры бацька, – гэта разумець, чаго ты будзеш пазбаўлены. Я не пра тое, чаго яшчэ доўга чакаць, – не пра тое, каб пабачыць, як Пэт ажэніцца, а ты ўрэшце ўладкуеш сваё жыццё. Я пра самыя простыя рэчы. Глядзець, як Пэт катаецца на ровары, распавесці яму казку, пацалаваць перад сном. Назіраць, як ён гойсае па садзе са сваім дзёўбаным светлавым клінком. Драбніцы, даражэй за якія нічога няма.
– Магчыма, ты хутка вернешся дахаты, – я чапляўся за надзею, бо так робяць усе людзі, бо іншага выбару няма, мы чапляемся за жыццё, нават калі яно суцэльная пакута. – Мо’ не паспееш і падумаць пра ўсё гэта, як яно адбудзецца зноў.
Толькі тата не хацеў сябе падманваць. Ці мяне.
– Мне будзе не ставаць майго саду. Тваёй мамы. Ейных страваў. Твайго шоў.
Мне было прыемна і няёмка, што ён паставіў маю працу на адну дошку са сваёй жонкай, унукам і садам. І трохі сорамна – сорамна, што ў свой час не зрабіў большага, каб уразіць бацьку, каб заслужыць ягоную ўхвалу. Пара тэлешоў і разбітая сям’я – вось і ўсё.
Аднак жа ёсць Пэт. Я ведаў: тата любіць унука больш за ўсё на свеце. Мне здавалася, адзіны сапраўдны падарунак, што я зрабіў бацьку, – гэта Пэт.
Тата захацеў сесці ў ложку. Я націснуў на металічную кнопку, якой падымалася і апускалася спінка. Тая засакацела ў цішы палаты. Бацька пасунуўся наперад і ўхапіўся за мяне, пакуль я падтыкаў яму пад спіну падушку. Няголены твар калоў мне шчаку.
Знаёмы водар Old Spice і Old Holborn ужо знік – замест яго я адчуў пах шпіталя, пах хваробы і лекаў. Тут няма тытуню й адэкалону. Яны назаўжды засталіся для яго ў мінулым.
Я ніяк не прызвычаюся дапамагаць бацьку. У дзяцінстве і юнацтве столькі было звязана з ягонай неаспрэчнай сілай, што цяпер, калі ад яе нічога не засталося, мне здавалася: гэта канец свету. Як быццам нехта бесцырымонна абверг адзін з галоўных законаў прыроды.
Я ўпершыню зразумеў, што люблю тату не за ягоную моц.
Раней я заўсёды думаў, што бацьку рабіла героем у маіх вачах ягоная сіла, тая сапраўдная сіла, выяўленая і пацверджаная ягоным медалём.
Цяпер, падносячы яму ваду і дапамагаючы сесці ў ложку, я разумеў, што люблю яго за тое ж, за што й мама і мой сын.
За ягоную дабрыню і спагаду, за мужнасць, якая не мае нічога агульнага з фізічнай сілай.
– Толькі не кажы маме, але мне здаецца, я адсюль не выйду.
– Тата, не гавары так.
– Здаецца, я адсюль не выйду. Я адчуваю. І я б хацеў пабачыць Пэта.
– Вядома.
Ён не сказаў “апошні раз”. Не было патрэбы. Дый ёсць рэчы, якія надта балюча прамаўляць уголас. Але мы ведалі: гаворка ідзе пра смерць.
– Калі ты не супраць, – дадаў тата. – Калі ты не лічыш, што гэта залішне яго прыгнобіць. Табе вырашаць. Ты ягоны бацька.
– Наступны раз я вазьму яго з сабою. А зараз, тата, паспрабуй заснуць. Хоць ненадоўга.
– Я не стаміўся.
– Толькі прымруж вочы.

Са школы Пэт выйшаў разам з цёмнавалосым хлопчыкам, які размахваў пашкуматаным пакункам для сняданку з малюнкам Гадзілы.
– Хочаш паглядзець у мяне “Зорныя войны”? – прапанаваў яму Пэт.
– Шырокафарматныя ці не? – спытаў той.
– Шырокафарматныя.
– Добра.
– Тата, можна яму?
Я вышукваў у гучнагалосым, перасмешлівым натоўпе знаёмы твар, заўжды непарушна спакойны пасярод утрапёнай мітусні, што апаноўвае школу, як толькі а палове на чацвёртую сканчаюцца ўрокі. Дзяўчынку з карымі вачыма і пакункам для сняданку “Пакахонтас”. Але яе не было.
– А дзе Пегі? – пацікавіўся я.
– Яна сёння не прыйшла, – адказаў Пэт. – Можна, Чарлі заедзе да нас?
Пегі не прыйшла? Я згары долу паглядзеў на Чарлі. Чарлі здолу ўгору паглядзеў на мяне.
– Я не супраць. Але трэба спытацца ў мамы Чарлі.
Пэт з Чарлі пачалі смяяцца, гарэзіць, штурхацца. Пакунак для сняданку з Гадзілай вострым краем садануў мне па калене.
Я ўжо сумаваў па Пегі.

Адкрыўшы ўваходныя дзверы, я ўбачыў Салі. Яна асцярожліва пазірала на мяне з-пад засаленай грыўкі.
– Вось не думаў, што зноў цябе сустрэну, – сказаў я.
– Я прыйшла папрасіць прабачэння.
Я пусціў яе ў дом.
Пэт з Чарлі на канапе спрачаліся наконт “Зорных войнаў”. Чарлі хацеў пракруціць мілосныя сцэны ды разважанні і адразу дайсці да бойкі. Пэт – шчыры пурыст – хацеў глядзець усё ад пачатку і да канца. Салі прасунула галаву ў дзверы, павіталася з Пэтам, і мы пайшлі на кухню.
– Я шмат думала, і цяпер разумею, якая я была крэтынка, што пусціла Стывавых сяброў, – сказала Салі.
– Няблага было б, калі б ты пра гэта падумала тады.
– Ведаю, – яна вінавата пазірала на мяне з-пад завесы валасоў, як сабачаня, што нарабіла шкоды. – Даруй. Я проста… не ведаю, як сказаць… так узрадавалася, калі яго ўбачыла.
– Разумею. У мяне самога замірае сэрца, як толькі на даляглядзе з’яўляецца Стыў.
– Здзекуешся. Ён табе не падабаецца.
– Ды што казаць. А як у цябе са Стывам?
– Усё скончана, – яе вочы набрынялі слязьмі, і раптам мне зрабілася так шкада гэтага хваравіта сарамлівага дзіцяці. – Ён зноў мяне пракінуў. Як толькі атрымаў, што хацеў.
– Выбачай. Так, праўда, я ад Стыва не ў захапленні. Але ён табе падабаўся – я ведаю. Колькі табе цяпер? Пятнаццаць?
– Шаснаццаць.
– Ты спаткаеш іншага. Не збіраюся казаць, што ты ў тваім узросце нічога не ведаеш пра каханне, бо гэта, напэўна, не так. Але ты абавязкова спаткаеш каго-небудзь іншага. Павер мне.
– Са мной усё ў парадку, – Салі шморгнула носам. Я падаў ёй сурвэтку. Яна гучна высмаркалася. – Тае бяды. Я проста хацела папрасіць прабачэння за тую ноч. І сказаць, што калі ты яшчэ даверыш мне Пэта, гэтага ніколі не паўторыцца.
Я ўважліва паглядзеў на Салі, разумеючы, што нянька мне спатрэбіцца. Ранейшае кола падтрымкі раптам распалася. Бацька ў шпіталі. Сід сышла. Мне ўжо не хапала нават Б’янкі. Засталіся толькі мы з мамай, і часам нам даводзілася цяжка.
– Згода. Мне спатрэбіцца нянька.
– Файна, – Салі ўсміхнулася. – Бо мне спатрэбяцца грошы.
– Ты жывеш у Глена?
– Ага. Але я гэтага… цяжарная.
– О Божа, Салі! Дзіця ад Стыва?
– У мяне нікога іншага не было.
– І што ён на гэта гаворыць?
– Трэба яму дзіця, як сабаку другі хвост. Здаецца, даслоўна ён сказаў: “Ад’…біся і згінь”. Хоча, каб я яго скінула.
– А ты хочаш захаваць?
На імгненне яна задумалася. Усяго на імгненне.
– Думаю, так будзе добра. Мне заўсёды хацелася, каб у мяне было што-кольвек толькі маё. Я б яго любіла, і яно адказвала б мне любоўю. А гэтае немаўля – яно будзе любіць мяне.
– Твой бацька ведае?
Салі хітнула галавой.
– Адзінае, чым добра мець бацьку, які так назаўжды і застаўся хіпі. Ён праз такое не пераймаецца. Калі мне ў трынаццаць гадоў прамывалі страўнік, ён быў спакойны, як удаў. Падлеткавая цяжарнасць яго не турбуе. Але ён, здаецца, не можа паверыць, што я не хачу рабіць спарон.
– Салі, ды на якія грошы ты збіраешся гадаваць дзіця?
– Я ж буду ў цябе нянькай.
– Гэтага не хопіць.
– Мы дамо рады, – адказала яна, і я чамусьці не пазайздросціў юначай самаўпэўненасці. Мне было яе шкада. – Я і маё дзіцятка.
Салі і яе дзіцятка.
Вядома, яны дадуць рады, але толькі ўраду давядзецца ўзяць на сябе ролю сурагатнага таты, бо Стыву яна не пад сілу. Цікава, і навошта я плачу падаткі? Мог бы проста класці грошы ў калыску Салі і абыходзіцца без пасярэдніка.
О Божа! Я сапраўды пачынаю гаварыць, як мой продак.
– Салі, дзіця – гэта не плюшавы мядзведзік. Яно не для таго існуе, каб абдымаць і цешыцца ім. Як толькі ў цябе з’яўляецца малы, ты больш сабе не належыш. Не ведаю, як гэта патлумачыць. Але мы як бы аддаем ім сваё сэрца.
– Я гэтага і хачу. Я хачу аддаць каму-небудзь сваё сэрца, – яна пахітала галавой, мякка ўпікаючы мяне. – Паслухаць цябе, дык гэта кепска.

Па Салі прыехаў Глен. Яны ўжо сыходзілі, калі на парозе з’явіўся Марці – хацеў пагутарыць пра падрыхтоўку да вяселля. Я збіраўся іх пазнаёміць, але Глен і Марці павіталіся, як старыя сябры. Я згадаў: яны пазнаёміліся на маім уласным вяселлі. Таму я зрабіў яшчэ кавы, а яны акунуліся ва ўспаміны пра Top of the Pops сямідзесятых, у зеніце славы, калі Марці шточацвер увечары з фанатычным імпэтам яго глядзеў, а Глен там ненадоўга з’яўляўся. Салі пазірала на гэтую парачку з іранічнай пагардай, уласцівай зусім зялёным маладзёнам. І толькі пасля сыходу Глена і Салі Марці прызнаўся, што не можа заснуць уначы.
– Перад вяселлем усе так пачуваюцца. Сумневы, развагі – штука цалкам натуральная, – супакойваў яго я.
– Мяне не шлюб хвалюе, а шоў. Ты нічога не чуў?
– Тыпу?
– Тыпу таго, што з наступнага года маё шоў здымуць.
– Тваё шоў? Жартуеш. “Шоў Марці Мэна” ніколі не пракінуць.
– Пракінуць, яшчэ як пракінуць. Ёсць думка, што праграмы пра лю­дзей аджылі сваё, – Марці сумна пахітаў галавой. – Вось дзе бяда нашага свету, Гары. Людзям надакучылі людзі.

– Мужчыны паміраюць раней за жанчын, – казаў мой адвакат. – Мы хварэем на рак часцей за жанчын. Мы здзяйсняем самагубствы часцей за жанчын. Мы страчваем працу часцей за жанчын.
Ягоны гладкі, пульхны твар склаўся ва ўсмешку, нібы ўсё гэта страшэнна смешна. У яго былі маленькія, вострыя зубы.
– Але з нейкай прычыны, якую я ніколі не мог спасцігнуць, ахвярамі, м-р Сільвер, лічацца жанчыны.
Найджэла Бэці парэкамендавалі мне два хлопцы з нашага шоў – рэжысёр па асвятленні і гукааператар. Абодва ў мінулым годзе перажылі бурлівыя разводы.
Чалавек, які сам меў за плячыма, паводле чутак, адзін ці два разводы, Бэці праславіўся фанатычным змаганнем за правы мужчынаў. Для яго ўсе гэтыя размовы пра доўгатэрміновае беспрацоўе ў мужчынаў, рак прастаты, уключаны ў замкнёным гаражы рухавік былі непараўнальна больш чым рэкламная кампанія – гэта было ягонае крэда, новая рэлігія, што чакае свайго месіі.
Нягледзячы на свой маленькі рост, круглы жываток, схаваны пад добра скроеным гарнітурам, і вялізныя акуляры з тоўстым-тоўстым шклом, Бэці быў падобны да баксёра-мардаварота. Мне адразу палегчала ад таго, што ён у маім куце рынгу.
– Адразу папярэджваю: у падобных справах закон не становіцца на бок бацькі, – казаў ён. – Закон мусіць быць на баку дзіцяці. Тэарэтычна так і ёсць. Тэарэтычна, дабрабыт дзіцяці – перадусім. Але на практыцы ўсё не так.
Бэці паглядзеў на мяне злымі вачыма.
– Закон прымае бок маці, м-р Сільвер. З пакалення ў пакаленне паліткарэктныя суддзі падпарадкоўваюць інтарэсы дзіцяці інтарэсам маці. Папярэджваю Вас ад самага пачатку.
– Зрабіце што толькі магчыма, што заўгодна, каб я атрымаў права апекі над сынам.
– Гэта ўжо завецца не “права апекі”, м-р Сільвер. Хоць у газетах і на тэлебачанні па звычцы гавораць пра “баталіі за права апекі”, але з часу прыняцця Акту аб дзіцяці 1989 года бацькі не атрымліваюць права апекі. Ім выдаецца пастанова аб пражыванні. Вы хочаце, каб пастанова аб пражыванні была вынесеная на Вашую карысць.
– Праўда?
Бэці сцвярджальна хітнуў галавой.
– Права апекі змянілі на пражыванне, каб такім чынам пазбегнуць канфрантацыі пры вырашэнні, з кім будзе жыць дзіця. Пастанова аб пражыванні не пазбаўляе другога з бацькоў ягоных абавязкаў і адказнасці перад дзіцяцем. У закон унесеныя змены, што адназначна сцвярджаюць: дзіця – не маёмасць, якую можна выйграць або страціць. Згодна з пастановай аб пражыванні, дзіця жыве з Вамі, але дзіця не належыць Вам.
– Не разумею, – сказаў я. – Дык у чым розніца паміж тым, каб атрымаць пастанову аб пражыванні, і правам апекі?
– Халера ясная, ды аніякай, – Бэці ўсміхнуўся. – Канфрантацыя нікуды не знікла. На жаль, змяніць закон нашмат прасцей, чым змяніць чалавечую натуру.
Ён, ухвальна хітаючы галавою, прагледзеў паперы, што ляжалі перад ім на стале.
– Ну што ж, з разводам усё адназначна ясна. І па-мойму, Вы вельмі добра выхоўваеце свайго сына, м-р Сільвер. Яму падабаецца ў школе?
– Вельмі.
– Ён бачыцца з маці?
– Яна можа сустракацца з ім, колькі хоча – яна ведае.
– Аднак яна хоча вярнуць яго. Хоча, каб пастанова аб пражыванні была выдадзеная ёй.
– Так. Джына хоча, каб Пэт жыў з ёю.
– Яна знаходзіцца ў сужыцці?
– Што-што?
– М-р Сільвер, у Вашай былой жонкі ёсць мужчына? Мужчына, які жыве з ёю?
– Так, – адказаў я, удзячны яму за тое, што ён звёў адносіны Джыны з Рычардам да бруднага “сужыцця”, што Найджэлу Бэці пляваць на вялікі пярсцёнак з дыяментамі на сярэднім пальцы ейнай правай рукі. – Так, яна жыве з адным тыпам – яны пазнаёміліся ў Токіё.
– Давайце разбярэмся. Значыць, яна сышла, пакінуўшы на Вас сына?
– Ну, збольшага так. Напраўду, калі яна з’ехала да свайго бацькі, то забрала Пэта з сабою. Але я прывёз яго назад, калі яна паляцела ў Японію.
– Значыць, яна пакінула сужэнскі дах і па сутнасці аддала дзіця пад Вашу апеку, – удакладніў Найджэл Бэці. – А цяпер вяртаецца і вырашае трохі пагуляць у мамачку.
– Яна кажа, што бязмежна яго любіць.
– Ну, гэта мы паглядзім, – адказаў мой адвакат.


33.

Бацька зусім спаў з цела. Ён ніколі ў жыцці не быў худым, а цяпер у яго запалі шчокі, парослая шчаціннем скура на падбароддзі вісела шматкамі. Я ўсё менш і менш пазнаваў яго.
Нават рукі страцілі сваю былую мускулістасць і сілу, а наколкі, што абяцалі вечную вернасць маме і марской пяхоце, пабляклі, як фатаграфіі з іншага стагоддзя.
Бацька раставаў на вачах. З кожным разам косткі ўсё выразней праступалі праз скуру, з якой сыходзіў загар. Я здрыгануўся ад думкі, што яна, хутчэй за ўсё, больш ніколі не ўбачыць сонца.
Але тата ўсміхаўся.
Сядзеў на ложку і ўсміхаўся. Сапраўднай усмешкай – не ўдавана адважнай, не вымушанай, нацягнутай, а ўсмешкай шчырай радасці ад таго, што ён бачыць свайго ўнука.
– Прывітанне, мой любы, – сказаў тата, калі Пэт паперадзе мяне, мамы і дзядзькі Джэка падышоў да ягонага ложка. Бацька падняў правую руку – у вене стаяла кропельніца. – Паглядзі, да чаго дакаціўся твой стары дзед.
У машыне дзядзькі Джэка Пэт скакаў ад шчасця: радаваўся, што не пайшоў сёння ў школу – вось дык падарунак! – пішчаў ад захаплення, што едзе ў шыкоўным салоне лімузіна, а не на пасажырскім сядзенні папсаванай вандаламі спартыўнай машыны. А цяпер прыціх, асцярожна наблізіўся да пасцелі, на якой вылучаўся змарнелы, зарослы твар дзядулі.
– Хадзі сюды, – хрыплаватым ад хвалявання голасам сказаў тата, працягваючы да Пэта вольную руку. Той залез на ложак, прытуліўся галавой да бацькавых змучаных грудзей. Стары і малы моўчкі абняліся.
Мама кінула на мяне вокам. Яна была супраць таго, каб прыводзіць Пэта.
Невядома, ці не будзе бацька спаць, калі мы прыйдзем. Існавала досыць вялікая доля верагоднасці, што боль будзе занадта моцны, і пакуль мы адшукаем месца на стаянцы, тату напампуюць апіятамі, а Пэт убачыць дзядулю ў непрытомнасці, з затуманенымі морфіем вачыма. Ці ён можа задыхацца, у яго будуць цяжка ўздымацца грудзі, нос і рот закрые кіслародная маска, а вочы будуць мокрыя ад болю і страху. Ці, хоць яна гэтага і не сказала, ён можа быць мёртвы.
Усё гэта было магчыма, нават верагодна. І мама ў сябе на кухні расплакалася, раззлавалася на мяне за тое, што я хачу, каб Пэт прайшоў праз такі жах.
Я абняў яе і запэўніў: усё будзе добра. Я памыліўся. Не скажаш, каб усё было добра: Пэт разгубіўся, панікнуў, убачыўшы, як дзядулю жарэ хвароба, як ён растае ў шпітальнай пасцелі, у палаце, дзе прыхавалася смерць. Смерць, якую ніколі не паказваюць па тэлевізары і ў кіно, смерць, поўную нясцерпнага болю, морфію і журбы па назаўжды страчаным. Я апынуўся негатовым да сустрэчы са смерцю, і няма чаго думаць, што пяцігадовы хлопчык, выраслы на “Зорных войнах”, будзе падрыхтаваны лепш.
Не, не скажаш, што ўсё прайшло добра. Але гэта было неабходна. Мае бацька і сын мусілі пабачыцца. Мусілі ўпэўніцца, што повязь, якая іх злучала, існуе і будзе існаваць заўсёды. Што іх любоў застанецца з імі назаўжды. Яны мусілі ведаць, што гэтага рак забіць не можа.
Я неяк ведаў – ведаў, і ўсё тут, – што бацька не будзе ў наркатычнай адключцы, не пачне задыхацца, калі прыйдзе Пэт.
На тое не было ніякіх разумных прычынаў. Цалкам алагічна. Мо’ папросту бязглузда. Аднак я ўсім сэрцам верыў, што тата абароніць Пэта ад найгоршага. Верыў, што нейкая яго часцінка засталася непераможнай. Не мог не верыць.
– А ты хутка вернешся дамоў? – спытаў Пэт.
– Пачакаем, паглядзім, што скажуць дактары. Паглядзім, ці старому дзядулю стане трохі лепш. Як школа?
– Файна.
– А як твой ровар? Як стары “Званочак”?
– У парадку.
– Без стабілізатараў весялей, праўда?
– Так, – Пэт усміхнуўся. – Але я сумую па табе.
– І я па табе, – адказаў тата і моцна яго абняў. Бялявая галоўка Пэта прыціснулася да сіняй паласатай піжамы – такой, што носяць старыя, такой, што бацька ніколі не надзеў бы дома.
Ён зрабіў мне знак галавою.
– Ну, час сыходзіць, – вымавіў я.
Так мой бацька развітаўся са сваім улюбёным унукам. Ён сядзеў у шпітальным ложку, аточаны людзьмі, якія яго любяць, і, аднак, абсалютна самотны. Колькі мы ў яго прабылі? Пяць хвілінаў? Гадзіну? Я не ведаў. Але разумеў: ён зараз хоча, каб мы сышлі.
І мы пакінулі яго аднаго мучыцца з кіслароднай маскай, згорбленага, няголенага, пастарэлага (я ніколі не думаў, што ўбачу яго такім старым). У нагах ягонай пасцелі ажыўлена балбатала маладзенькая медсястра.
Вось нарэшце і самае горшае. Жудасная суцэльная адзінота смерці, вусцішная самота безнадзейна хворага. Пра гэта ніхто не папярэджвае.
Перабоі дыхання і прылівы болю. Мы пакінулі яго ў перапоўненай палаце дзяржаўнага шпіталю, дзе праз вялікае нямытае акно свяціла зімовае сонца і фонам сюсюкалі, як суслікі, вядучыя дзённых тэлешоў. Мы сышлі ад яго. У канчатковым выніку гэта адзінае, што мы маглі зрабіць. Вяртаючыся ў машыну, Пэт змагаўся са слязьмі, узлаваны – не, раз’юшаны – на нешта, чаго не мог патлумачыць. Я паспрабаваў яго суцешыць, але ён не хацеў, каб яго суцяшалі.
Сыну здавалася, яго падманулі.

Перад домам, дзе жыла Сід, стаяў фургон для перавозак.
Не вялізны грузавік, здольны змясціць сямейнае майно, прыдбанае за цэлае жыццё: старое піяніна, парэпаную мэблю, занадта дарагую сэрцу, каб яе выкінуць, і ўвесь хлуд, што назбіраўся за доўгія гады. Гэты фургончык быў ад фірмы, што змяшчае сваю рэкламу на апошніх старонках даведнікаў і буклетаў. Акурат для маленькай сям’і, якая едзе ўлегцы.
Я глядзеў, як два маладзёны ў тэнісках зацягнулі ў фургон аднаспальны дзіцячы ложак. Хоць Сід з Пегі жылі на апошнім паверсе, грузчыкі выглядалі так, нібы робяць надзіва лёгкую работу.
На ганку з’явілася Пегі. Яна валакла мяккую цацку памерам з лядоўню. Зірнула на мяне сур’ёзнымі карымі вачыма, ані не здзівіўшыся, што я тут.
– Глядзі, што я прынёс, – я працягнуў ёй ляльку хлопца з юрлівым позіркам, апранутага ў серабрыстыя з бліскаўкамі нагавіцы і штосьці тыпу бэзавага смокінга. Барбі, якой змянілі пол.
– Дыска-Кен, – Пегі ўзяла яго ў рукі.
– Ты забыла яго ў мяне дома. Я падумаў, мо’ ты без яго сумуеш.
– Дзякуй, – сказала гэтая выдатна выхаваная малеча.
За ёю з’явілася Сід. Яна цягнула стос кніг у мяккіх вокладках.
– Глядзі, што мне Гары прынёс. Дыска-Кена. Я яго абшукалася.
Сід сказала Пегі, каб тая паднялася ў свой пакойчык і праверыла, ці чаго не забыла. Дзяўчынка пакінула мяккую цацку памерам з лядоўню ляжаць на ходніку і пайшла ў дом, прыціскаючы да сябе Дыска-Кена.
– А ты? Ты нічога не забылася? – спытаў я.
– Не, – адказала Сід. – Здаецца, усё ўзяла.
Паміж намі праціснуліся грузчыкі і зніклі ў доме.
– Пераязджаеш, мне нічога не сказаўшы? Добрая ж ты сяброўка.
– Я хацела табе сказаць. Проста гэтак… не ведаю… лягчэй. Для ўсіх.
– Я шукаў цябе ў кавярні.
– Я звольнілася.
– Мне сказалі.
– Мы пераязджаем у іншы раён. Нотынг Хіл.
– У заходнім Лондане?
– О Божа, Гары, што ты так здзіўляешся? Я амерыканка. Мне пераехаць з адной часткі гораду ў другую не так цяжка, як табе. Выбачай, я вельмі спяшаюся. Што ты хацеў? Ты ж напэўна прыйшоў, не толькі каб аддаць Дыска-Кена.
– Часткова дзеля гэтага. Але я таксама хацеў табе сказаць: ты памыляешся.
– Наконт чаго?
– Наконт нас з табою. Калі мы разыдземся, гэта канец свету.
– Гары, калі ласка…
– Гэта праўда. Я ведаю: ты не верыш, што ва ўсім свеце ёсць адзіны чалавек, прызначаны табе. Але я веру. Ты прымусіла мяне ў гэта паверыць, Сід. Дый неістотна, ува што мы верым. Нам добра разам. У нас усё складваецца. У мяне няма іншага шанцу наладзіць жыццё, апроч цябе. Ты мой апошні, адзіны шанец на шчасце, а калі б і быў іншы, ён мне не патрэбны. Як сказала Алівія Ньютан Джон Джону Траволту, я хачу толькі цябе.
– Хіба не наадварот? Хіба гэта не Джон Траволта сказаў Алівіі Ньютан Джон?
– Магчыма.
– Гары, я мушу табе нешта сказаць. Я вяртаюся да бацькі Пегі. Мы з Джымам хочам паспрабаваць пачаць усё наноў.
Я не адрываючыся глядзеў на яе, калі грузчыкі праносілі паміж намі канапу.
– Амаль што ўсё, – заўважыў адзін з іх, і яны зноў пайшлі ў дом.
– Выбачай, – вымавіла Сід.
– Ты кахаеш яго? – спытаў я.
– Ён бацька маёй дачкі.
– Ты кахаеш яго?
– Кінь, Гары, ты ж сам вечна пераймаешся, што распадаюцца сем’і. Ты ж сам вечна нудзьгуеш, як цяжка змагацца з голасам крыві, як усё заблыталася, паразбівалася у гнюсным, як ты кажаш, сучасным свеце. Ты б мусіў радавацца за мяне. Мусіў бы зычыць мне шчасця.
– Але, Сід, патрэбнае каханне. Усё гэта – нуль, калі няма кахання. Ты кахаеш яго?
– Так. Я кахаю яго, ясна? Заўсёды кахала. І хачу паспрабаваць яшчэ адзін раз, бо ён кінуў сваю дзеўку, гэтую тайскую стрыптызёрку, і пакляўся, што з гэтым назаўсёды скончана. Са звычкай “лазіць у бамбук”.
– Яна не стрыптызёрка. А танцорка ў начным клубе.
– Як ні назаві. І Пегі сама не свая ад шчасця, што мы пачнем усё наноў. Так што нават калі ты ненавідзіш мяне, то мусіў бы радавацца за яе.
– Ненавідзець цябе? Я б ніколі не змог цябе ненавідзець.
– Тады, калі ласка, пажадай мне шчасця.
– Жадаю табе шчасця, – сказаў я, недзе нават і шчыра. Яна заслугоўвае шчасця. І Пегі. Я хуценька пацалаваў яе ў шчаку. – Толькі не кажы мне, што я цябе не ведаю, добра?
І я сышоў, каб не замінаць ім рыхтавацца да пераезду. Што б я ні сказаў, усё падалося б пустымі словамі эгаіста, хітрыкамі, каб змусіць Сід вярнуцца да мяне.
Аднак цяпер, калі яна збіралася вярнуцца да мужа, я нарэшце зразумеў, што можа быць не так з сям’ёю. Зразумеў, што “мама, тата і дзеткі” – гэта ўсё вельмі добра.
Але калі няма кахання, з гэткім жа поспехам можна жыць і з Дыска-Кенам.

– Мы атрымалі адказ другога боку, – казаў Найджэл Бэці. – Вашая былая жонка сцвярджае, што на працягу ўсяго сумеснага жыцця яна заставалася Вам вернай, а Вы здзейснілі адзюльтэр з каляжанкай.
– Гэта праўда, – прызнаўся я. – Але ж тое была ўсяго адна ноч. Я не хачу сказаць, што гэта нічога не значыць, але…
– Яна таксама сцвярджае, што Ваш сын, знаходзячыся пад Вашай апекай, атрымаў сур’ёзную траўму галавы.
– Ды што яна хоча сказаць? Паслухаць яе, дык выходзіць, я збіваў яго ці што… Ён упаў, ясна? Няшчасны выпадак у парку. Ён упаў у пусты басейн і расквасіў галаву. Мабыць, мне трэ’ было лепш за ім глядзець. Быць больш уважлівым. Няўжо яна ўсур’ёз думае, што я мільён разоў сябе не дакараў? Я хоць, прынамсі, быў з ім. А яна ела тэмпуру ў Токіё са сваім хахалем.
Адвакат нахіліўся над дакументамі на стале, уважліва ў іх узіраючыся.
– І, відаць, яна мяркуе, што Вы не ажыццяўляеце належнага бацькоўскага кантролю за тым, што глядзіць і слухае Ваш сын.
– Ідыятызм.
– Яна даводзіць, што з Вашага дазволу дзіця бачыць без нагляду старэйшых фільмы, што ўтрымліваюць сцэны гвалту. Відэакасеты з эпізодамі, прызначанымі “толькі для дарослых”. Яшчэ яна гаворыць, што падчас апошняга наведвання дзіцяці дома яна выявіла, што яму належыць музычная касета з запісамі вульгарнага і непрыстойнага зместу.
Я адчуў, як у мяне ад злосці наліваецца крывёю твар.
– Гэтая сукіна… сукіна…
Я не мог знайсці словаў. Настолькі моцных словаў папросту няма.
Найджэл Бэці ўголас зарагатаў, нібы я толькі зараз пачынаў патроху петрыць.


34.

– Можна, я пагляджу на медаль? – папрасіў я.
– Вядома, – адказала мама.
Яна падышла да камоды, на якой стаяла стэрэасістэма. Я чуў, як мама перабірае страхоўкі, банкаўскія дакументы, лісты – усе паперы, што назбіраліся за цэлае жыццё.
Яна вярнулася, трымаючы ў руках маленькую простакутную скрыначку колеру, цямнейшага за бардовы, але не зусім чорнага. У ёй на пурпуровым аксаміце ляжаў не надта начышчаны срэбны медаль. Бацькаў медаль.
Ён быў на блакітна-белай стужцы: дзве шырокія белыя вертыкальныя паласы і паміж імі адна вузкая на блакітным фоне. На медалі побач з барэльефам караля значылася: “За выбітныя заслугі”.
У верхняй частцы скрыначкі на белым шоўку было напісанае імя вытворцы: “Найвышэйшым загадам”, ніжэй – каралеўскі патэнт і “Дж. Р. Гонт і Сын Лімітэд, 60 Конд’юіт Стрыт, Лондан”. Я згадаў, як у дзяцінстве назва кампаніі – ці яна яшчэ існуе? ці знайшоў бы я яе па гэтым адрасе? – здавалася мне працягам выгравіраванага на медалі.
Я асцярожна выняў яго, у трыццаць гадоў гэтаксама, як у маленстве, здзіўлены тым, якая цяжкая бацькава ўзнагарода.
– Пэт любіў гуляцца з дзядулевым медалём, – засмяялася мама.
– І ты яму дазваляла? – я не паверыў сваім вушам.
– Яму падабалася прышпільваць мне медаль, – мама ўсміхнулася. – Я была каралеўна Лейла ў канцы фільма.
– Лея, мама. Каралеўна Лея.
Было за поўнач. Мы надта стаміліся, каб надалей сядзець каля бацькі ў шпіталі, але надта трывожыліся, каб заснуць. Таму збіраліся выпіць па добрым кубачку гарбаты. Адвечны мамін адказ на ўсё, што падносіць жыццё.
Яна выйшла на кухню паставіць імбрык, а я сціснуў у кулаку медаль і падумаў, што гульні майго дзяцінства вучылі мяне быць мужчынам, якім быў бацька, якім да яго быў ягоны бацька, – мужчынам-салдатам, мужчынам, які цалуе на развітанне заплаканую жонку, апранае форму і йдзе на вайну.
Прыгадваючы гульні, у якія мы гуляліся ў палях ды глухіх вулачках майго маленства, я бачыў у іх не проста дзіцячыя забавы, што ўслаўлялі дадатнасці сапраўднага мужчыны. Яны рыхтавалі нас да наступнай вайны: да нашай Нармандыі, Дзюнкерку, Монтэ Касіна.
Маё пакаленне гулялася цацачнай зброяй – ці для нас за зброю сыходзілі палкі, за зброю сыходзілі пальцы, за зброю сыходзіла што заўгодна. І ніхто не думаў, што гэта кепска і брыдка. Але мы бачылі ў маладосці адно малыя войны, войны па тэлевізары, не больш рэальныя і небяспечныя для жыцця, чым відэагульні.
Маё пакаленне, апошняе пакаленне хлопчыкаў, што гуляліся з цацачнай зброяй, не ведала, як нам пашанцавала. Нас, калі мы выраслі, не чакала вайна. Нам не трэба было ваяваць з немцамі ці японцамі.
З жонкамі – вось з кім мы ваявалі, мы, пакаленне мужчынаў, якім выпала вялікая ласка жыць у міры. У судах па скасаванні шлюбу – вось дзе мы вялі свае брудныя дробныя войны.
Я досыць часта бачыў шнары на бацькавым целе, каб разумець: вайна – гэта не фільм Джона Уэйна1. Але тыя, хто выжыў – і вярнуўся дамоў збольшага цэлым, – знайшлі каханне на ўсё жыццё. Што лепш? Вайна і шчаслівае каханне? Ці мір і каханне партыямі на пяць-шэсць-сем гадоў? Каму насамрэч пашчасціла? Бацьку ці мне?
– Табе ж падабалася гэтая дзяўчына, так? – сказала мама, вярнуўшыся ў пакой і трымаючы ў руках па кубку, ад якіх падымалася гарачая пара. – То бок гэтая жанчына. Сід. Вельмі падабалася.
Я згодна хітнуў галавой.
– Шкада, што мы не змаглі ўтрымацца разам. Як вы з татам. У наш час гэта, бадай, немагчыма.
– Ты надта сентыментальна глядзіш на мінулае, – па-добраму паўшчувала мяне яна. – Думаеш, гэта толькі віно ды чырвоныя ружы. А напраўду ўсё было зусім не так проста.
– Але вы з татам жылі шчасліва.
– Так, – адказала мама і перанеслася поглядам кудысці далёка-далёка, дзе мне яе не дагнаць. – Мы жылі шчасліва.
“І я таксама”, – падумаў я.
З дзяцінства мне згадваўся найперш які-небудзь прапалены сонцам жнівень: самы пачатак месяца, калі перада мною распасціраліся ва ўсёй сваёй раскошы цэлых паўтара месяца вакацый, і я ведаў: наперадзе чакаюць паездкі ў загарадныя пабы, там бацька і дзядзькі будуць кідаць дроцікі і прыносіць нам са стрыечнікамі ліманад і чыпсы, а мы будзем гуляцца на траве, а мамы будуць смяяцца над “Бэйбічэмам”1 за драўлянымі столікамі – асобна ад мужчынаў, зусім як у мусульманаў.
Ці згадваліся іншыя вакацыі – калядныя, калі позна ўначы дзядзькі і цёткі палілі і пілі за картамі, а мужчынаў і хлопчыкаў 25 снежня чакаў футбол у залітым туманам Аптан Парку2.
Ці трохдзённыя банкаўскія выходныя на зыходзе лета, з паездкай на мора, з вялізнымі ружовымі аблокамі цукровай ваты на палачцы, з пахам мора і смажанай цыбулі, ці сабачыя гонкі, дзе мама заўсёды ставіла на нумар шэсць, бо ёй падабалася спалучэнне колераў, падабаўся чырвоны нумар на стракатым чорна-белым фоне.
Я быў удзячны за гэтае загараднае дзяцінства – за паездкі на машыне, за невялікія стаўкі на гонках, за вылазкі на прыроду. Жывое, поўнае любові дзяцінства, час, калі добра быць малым, калі Бобі Мор3 гуляў за “Вест Хэм”, па тэліку паказвалі “Міс Свет”, а мама і цётачкі насілі міні-спаднічкі.
І хоць дзяцінства майго сына было багацейшае на матэрыяльныя даброты, але па ім цяжка прайшоўся дэфолт разводу.
Узяўшы на ўзбраенне ўсе дыпламатычныя навыкі й закаваўшыся ва ўсе эмацыйныя латы, у якія толькі можа пяцігадовае дзіця, ён цяпер рыкашэціў паміж мамай з ейным каханкам і татам з ягоным разбітым сэрцам. Відэа ды пасажырскае сядзенне ў крутой тачцы – слабая за ўсё гэта кампенсацыя.
Я адчуваў, што мы з Джынай – і мільёны падобных параў – не пакінулі наступнаму пакаленню нічога ў спадчыну.
– У нас жыццё складвалася шчасліва, бо мы ўсё дзеля гэтага рабілі, – прамовіла мама. – Бо мы гэтага дабіваліся. Бо нават калі не было грошай, нават калі не было дзяцей, мы не здаваліся. Гары, за шчаслівы канец трэба змагацца. Ён сам ніколі не зваліцца з неба.
– Табе здаецца, што я не змагаўся за свой шчаслівы канец? Што ўва мне няма гэтага духу змагання? Што я не такі, як тата?
Мяне цікавіла, што яна думае. Калісьці даўно, як я быў малады і дзёрзкі, мне здавалася, бацькі нічога не ведаюць пра жыццё па-за сваім дагледжаным садам і залішне цёплай гасцёўняй. Цяпер мне так больш не здавалася.
– Па-мойму, Гары, у табе вельмі моцны дух змагання. Але часам ты сам сябе пабіваеш. Ты не можаш быць такім самым, як твой бацька, – ты жывеш у іншым свеце. Лічы, у іншым стагоддзі. Табе даводзіцца ваяваць на іншых франтах, не чакаючы, што за гэта дадуць медаль. Аднаму гадаваць дзіця – думаеш, твой бацька так змог бы? Я люблю яго больш за жыццё, але гэта было б яму не пад сілу. Ты павінен быць моцным па-іншаму. Інакшым “крутым хлопцам”.
Я паклаў медаль назад у скрыначку. Зазвінеў тэлефон.
Мама хуценька зірнула на гадзіннік і зноў на мяне. Яе вочы напоўніліся слязьмі. Трохі па чацвёртай раніцы. Гэта мог быць толькі дзядзька Джэк са шпіталю.
Мы абое зразумелі.
Мы стаялі, моцна абняўшыся, а тэлефон у холе ўсё звінеў. Усё звінеў і звінеў.
– Мы мусілі быць з ім, – сказала мама (яна будзе яшчэ столькі разоў паўтараць гэтыя словы ў наступныя дні, і тыдні, і гады). – Мы мусілі быць з ім.
“Вось ён, шчаслівы канец”, – горка падумаў я. Усё жыццё пражыць з адным чалавекам, а потым, калі ён сыдзе раней за цябе, застацца як без рук без ног.
Прынамсі, маё пакаленне – пакаленне тых, хто хернёй маецца, валіць на хер і дасылае ўсіх на хер, – абміне гэтая ампутацыя. Калі ў нас не будзе ніякага шчаслівага канца.
Я зняў слухаўку. Дзядзька Джэк сказаў, што тата памёр.

Нараніцы я падняўся да Пэта, як толькі пачуў, што ягоныя ножкі затупалі па падлозе да скрыні з цацкамі. Бацькі заўсёды трымалі яе для Пэта ў другой спачывальні, дзе ён заўсёды спаў, калі заставаўся ў іх, у спачывальні, што калісьці была маёй.
Трымаючы ў кожнай руцэ па фігурцы з “Зорных войнаў”, Пэт падняў прыпухлыя ад сну вочы ад скрыні з цацкамі на мяне. Я ўзяў яго на рукі, пацалаваў гэты мілы пяшчотны тварык, апусціўся на ложак і пасадзіў яго сабе на калені.
– Пэт, дзядуля ўначы памёр.
Ён міргаў сваімі сінімі вачыма, гледзячы на мяне.
– Дзядуля доўга хварэў. Цяпер ён больш не пакутуе, – гаварыў я. – Ён знайшоў супакой. Можна было б гэтаму парадавацца. Яму больш не баліць. Ён ужо ніколі не адчуе болю.
– А дзе ён?
Я разгубіўся.
– Э-э-э, ягонае цела ў шпіталі. Потым яго пахаваюць.
Я ўсвядоміў, што нічога не ведаю пра бюракратычную працэдуру, звязаную са смерцю. Калі ягонае цела забяруць са шпіталю? Дзе яго будуць трымаць да пахавання? І хто, хто яны, тыя, хто гэтым займаецца?
– Нам зараз тужліва, – працягваў я. – Але прыйдзе час, калі мы будзем удзячныя, што дзядуля жыў. Мы зразумеем, як нам пашанцавала: мне – бо ён быў маім татам, табе – бо ён быў тваім дзядулем. Нам абодвум вельмі пашанцавала. Толькі сёння радасці ад гэтага мы не адчуем. Яшчэ зарана.
Пэт стрымана, па-дзелавому хітнуў галавой.
– Ён у шпіталі?
– Яго цела ў шпіталі. А дух сышоў.
– А што такое дух?
– Тая жарынка жыцця, што рабіла дзядулю такім, які ён быў.
– А куды ён сышоў?
Я перавёў дыханне.
– Некаторыя думаюць, што дух сыходзіць у нябёсы і жыве вечна. Іншыя думаюць, што ён проста знікае, і чалавек спіць вечным сном.
– А ты ў што верыш?
– Я думаю, дух застаецца жыць. Не ведаю, у нябёсах ці дзе яшчэ, у іншым месцы, пра якое я нічога не ведаю. Але ён не памірае. Ён застаецца жыць. Нават калі адно ў сэрцах тых, каго мы любім.
– І я таксама ў гэта веру, – сказаў мой сын.

Парэзаны верх MGF рыпеў, як парваны ветразь у шторм. Я марудна ехаў па галоўнай вуліцы мястэчка, дзе я вырас, і не пазнаваў яе.
На месцы знаёмых крамаў і маленькіх кавярняў паўсюль былі агенцтвы нерухомасці або аддзяленні вялікіх гандлёвых сетак. Не дзіва, што ангельцы пачалі гэтак апантана размахваць сцягам святога Георгія – каб нагадаць самім сабе, што ў нас не менш глыбокія, непаўторныя карані, чым у ірландцаў і шатландцаў. Маё роднае мястэчка. Але магло быць якое заўгодна.
З таго, што я бачыў, я анічога не пазнаваў, ажно пакуль не адшукаў дзядзьку Джэка ў закутку старога паба “Чырвоны леў”. Гэта, бадай, адзіны лапік, які ахоўваецца негалоснай пастановай аб абароне помнікаў старасветчыны. Дзядзька Джэк у клубах тытунёвага дыму, прыкрыўшы ў прыгаршчы цыгарку, піў мінералку пад дубовымі бэлькамі і мядзянымі аздобамі ад конскай збруі.
– Спачуваю, Гары.
– Дзякуй, дзядзька Джэк.
– Хочаш цыгарэту? Ці адразу да справы?
– Лепш адразу да справы.
Дзядзька Джэк быў са мною, калі я займаўся бюракратыяй смерці. Ад бяссоннай ночы, ад шоку, што майго бацькі больш няма на свеце, я ўсё яшчэ быў сам не ў сабе. Але мне рабілася нашмат лягчэй ад таго, што побач вуглаваты, з вечнай цыгаркай у зубах дзядзька Джэк.
Мы селі ў MGF і паехалі ў шпіталь, забраць у адміністрацыі нішчымны пакуначак з бацькавымі рэчамі.
Ягоны партманет з фатаграфіяй унука, ягоныя акуляры, ягоныя ўстаўныя зубы.
Вось і ўсё, што ад яго засталося. Мне перадалі пакунак без усялякіх сантыментаў ды спачуванняў. З чаго ім шкадаваць яго? Ці мяне? Яны ніколі не ведалі майго бацьку. Мы пайшлі далей па ланцугу.
З нейкіх няўцямных бюракратычных прычынаў нам давялося атрымліваць пасведчанне аб смерці ў маленькім гарадку, дзе я ніколі не быў. Праўда, ён са сваімі Burger King1, Body Shop2 і агенцтвамі нерухомасці здаваўся да вусцішы знаёмым.
У вялікай працэсіі жыцця і смерці мы апынуліся за маладой парай, якая рэгістравала немаўля, і перад старой жанчынай, якая рэгістравала смерць мужа. І я падумаў: чаму Найджэл Бэці наракае, што мужчыны паміраюць раней? Гэта ўдача – не з’яўляцца ў гэтай установе, не быць асуджаным на жыццё насамоце.
Урэшце мы вярнуліся ў маё роднае мястэчка і пайшлі ў пахавальнае бюро. Як і паб, яно ніколі на маёй памяці не змянялася. Набрацца да Божай моцы і сабрацца да Абрама на піва – вось яны, дзве вялікія канстанты галоўнай вуліцы ў ангельскім гарадку.
У вітрыне на фоне чорнага шоўку змрочна стаялі белыя помнікі. Калі я быў малым, ён заўсёды здаваўся зачыненым, гэты бутык жалобы. Выглядаў ён зачыненым і сёння. У дзяцінстве, толькі-толькі спасцігнуўшы, што я не буду жыць вечна, я хуценька прамінаў гэтае месца. Сёння я сюды зайшоў. І нічога страшнага. Дзядзька Джэк злёгку паклаў руку мне на плячо, і я спакойна абмяркоўваў з дырэктарам пахавальнага бюро арганізацыю хаўтураў, нібы кожны дзень гэтым займаўся. Маючы на руках пасведчанне аб смерці, здавалася цалкам натуральным размаўляць з урачыста-сумным старым у чорным пра пахаванне майго бацькі. Адзіны сапраўды іррэальны момант узнік тады, калі дырэктар пахавальнага бюро з ледзь не вінаватым выглядам працягнуў мне глянцавы буклет. Я мусіў выбраць труну для бацькі.
Буклет як буклет – густоўныя здымкі, прыгожае афармленне, – і дырэктар тактоўна паказаў мне ўвесь асартымент: ад самых танных і простых, хваёвых, да самай шыкоўнай мадэлі – вялізнай труны з цвёрдай драўніны, абабітай шаўкавістым чырвоным матэрыялам, аздобленай унушальнымі латуннымі ручкамі.
Маім першым парываннем было выбраць самую дарагую: патрасем кішэнню, для майго продка нічога не шкада. Але тады я адчуў, што дамавіна класу “люкс” – бадай, трохі залішне выкшталцона для таты – яму ж спачываць у ёй цэлую вечнасць.
Павагаўшыся трохі, я сказаў дырэктару, што мы возьмем наступную пасля самай дарагой труны. Апынуўшыся з дзядзькам Джэкам на вуліцы, я задаволена зразумеў, што не памыліўся з выбарам.
– Твайго продка ў той шыкоўнай дамавіне паралюш бы хапіў, – пасміхнуўся дзядзька Джэк.
– У самай дарагой? Так, мне падалося, гэта ўжо занадта.
– Залочаныя ручкі, абабіўка з чырвонага аксаміту, – фыркнуў дзядзька Джэк. – Французскі бардэль, а не труна!
– Яшчэ скажыце, ён бы перавярнуўся ў дамавіне, – засмяяўся я. – Ведаю, што б ён сказаў: “Ды хто я, па-твойму, такі? Напалеон, ёрш тваю медзь?”
Я чуў ягоны голас.
Я ніколі больш не пачую ягоны голас.
Я заўжды буду чуць яго.


35.

– Качар з качкаю здымаюць нумар у гатэлі, – казаў Эман. – Найлепшы гатэль у Кілкарні. Наперадзе – шалёны ўік-энд на дваіх. Але – не, вы толькі паслухайце – яны падымаюцца ў свой нумар і бачаць, што забылі прэзерватывы. “Тае бяды, – кажа качар. – Зараз скажу абслузе, каб прынеслі”. Тэлефануе ў абслугу. Урэшце з’яўляецца хлопчык з прэзерватывамі:
– Жадаеце, каб я іх Вам уносіў у рахунак, сэр? – пытаецца ён у качара.
– У нос і ў рахунак? Я што, падобны на якога вычварэнца?
Эман зняў мікрафон са стойкі ў поўнай цішыні. Смех накладуць потым.
– Шкада мне гэтага качара, – сказаў Эман, праходзячы па больш ярка асветленай, чым заўсёды, сцэне, перад заўважна больш прывабнай, чым звычайна, публікай. – Бо ў Кілкарні няма сапраўднага полавага выхавання. Бацька сказаў мне, што мужчына кладзецца зверху, а жанчына – знізу. І праз увесь свой першы сур’ёзны раман мы з маёй дзяўчынай спалі ў двухярусным ложку. Бачыце, там, адкуль я родам, секс – штука спадчынная: калі яго не было ў мамы з татам, хутчэй за ўсё, у цябе таксама не будзе.
Эман паставіў мікрафон назад на стойку і ўсміхнуўся юпітэрам.
– На шчасце, з мяне выйшаў добры каханак – але толькі дзякуючы таму, што я шмат трэніруюся самастойна. Дзякуй вам – і дабранач.
Публіка шалёна запляскала, а Эман падляцеў да кулісы. Там прыгожая дзяўчына з вялікім нататнікам і ў навушніках падала яму пляшку піва. Раптам ён пахіснуўся, як трацячы прытомнасць, упаў на адное калена і, не выпускаючы з рук піва, павярнуўся і званітаваў у вядро з пяском – сапраўднае, а не бутафорскае.
– Стоп, стоп, – крыкнуў рэжысёр.
Я падбег, нахіліўся над Эманам, абняў ягоныя дрыготкія плечы. Побач са мной, шырока раскрыўшы занепакоеныя вочы, стаяла непазнавальная ў вопратцы Мем.
– Не бойся, Эман. Гэта ўсяго толькі рэклама піва, – вымавіў я.
– Я не зляканы, – слабым голасам адказаў ён. – Я уўзрушаны.

Я быў не ўзрушаны. Я быў зляканы. Страшэнна зляканы. Мой бацька – бацькава цела – у пахавальным бюро. І зараз я яго пабачу. Дырэктар між іншага сказаў, што можна пабачыць цела – апошні раз паглядзець на дарагога чалавека, што спачывае ў супакоі, ціха вымавіў ён, поўны гонару, што ягоная ўстанова прапаноўвае такую паслугу – без дадатковай аплаты. Гэтая сустрэча, гэтая апошняя сустрэча з бацькам разраслася ў маёй свядомасці да немагчымых памераў.
Што я адчую, убачыўшы таго, хто даў мне жыццё, у труне? Зламаюся? Ці змагу вытрываць гэтае відовішча: мой усемагутны абаронца чакае спаткання з магілай? Мне міжволі здавалася, што я не суладаю з сабою, раскалюся, распадуся на дробныя асклепкі, што чыясьці рука сатрэ пражытыя гады і я зноў расплачуся, як дзіця.
Калі я пабачу яго ў труне, грубая праўда: ён мёртвы – станецца неабвержнай і несумненнай. Ці змагу я прыняць яе? Вось што я хацеў ведаць. Я ўжо зразумеў, што нараджэнне дзіцяці не робіць цябе па-сапраўднаму дарослым. Няўжо, каб адчуць сябе сталым, трэба пахаваць бацьку?
У закутку “Чырвонага ільва” мяне чакаў дзядзька Джэк. Мама, калі я спытаўся, ці хоча яна пайсці са мною, павяла галавой і адвярнулася. Я яе разумеў. Але мне было неабходна ведаць, ці змагу я жыць з усведамленнем, што застаўся адзін.
Вядома, не адзін. У мяне ёсць мама, якая цяпер спіць з уключаным на ўсю ноч святлом у спачывальні – не можа прызвычаіцца, што першы раз у жыцці засталася адна. Ёсць Пэт, які скача, як мячык у пінг-понгу, паміж радасцю, што зноў бачыць Джыну, і задушліваю тугою, што павісла ў нашым доме. І ёсць Сід – недзе далёка, на іншым краі горада, яна дзеліць жыццёвыя нягоды і радасці з іншым мужчынам.
Аднак цяпер, калі бацька сышоў, нейкай часцінкай душы я застаўся адзін – назаўжды.
Нават калі ў нас з ім не ўсё ішло гладка, я з ім увесь час пачуваўся як за каменнаю гарою, ён быў маім абаронцам, маім самым надзейным хаўруснікам. Нават калі мы грызліся і сварыліся, нават калі я расчароўваў ці падводзіў яго, я заўсёды цвёрда ведаў: ён усё дзеля мяне зробіць. Цяпер гэтага больш не будзе.
Дзядзька Джэк забычкаваў самакрутку і дапіў мінералку. Мы дайшлі да пахавальнага бюро, амаль ні слова не кажучы. Але калі мы ступілі ўнутр і маленькі званочак абвясціў пра наш прыход, дзядзька Джэк паклаў руку мне на плячо. Яму не надта хацелася пабачыць цела брата. Ён рабіў гэта дзеля мяне.
Дырэктар чакаў нас. Ён паказаў шлях у перадпакой, нечым падобны на гардэроб. З абодвух бакоў памяшканне падзялялі мо’ на паўтузіна асобных закуткоў цяжкія завесы. Я ўцягнуў паветра і затрымаў дыханне, калі дырэктар адсунуў невялікую завесу, за якой у труне ляжаў мой бацька.
Толькі гэта быў не мой бацька. Ужо не. На ягоным твары – больш з-пад усяго трошкі пасунутага вечка не відаць – застыў выраз, якога я ніколі не бачыў пры жыцці. Ён не спачываў у супакоі, не выглядаў так, нібы заснуў, не пацвярджаў ніводнае з суцяшальных клішэ, прыдуманых смерцю. Бацькаў твар быў пусты. Ён не меў ужо ніякага дачынення да ягонага “я”, з яго разам з болем і знямогай сцёрся ўсялякі адбітак ягонай асобы. Гэта як пагрукацца ў дзверы – і ўбачыць, што там нікога няма. Нават больш: мы нібыта ўвогуле прыйшлі не туды. Тая жарынка, што рабіла бацьку тым, кім ён быў, знікла. Я з абсалютнай пэўнасцю ведаў: ягоная душа адляцела. Я прыйшоў, шукаючы бацьку. Я хацеў пабачыцца з ім апошні раз. Але тут мне яго не знайсці.
Мне захацелася ўбачыць Пэта. Захацелася абняць свайго сына, сказаць яму: усё, ува што мы абодва так імкнуліся верыць, – праўда.

36.

Я звычайна заставаўся ў доме, далей ад вакна, і глядзеў з-за жалюзі, як па вуліцы паўзла, вышукваючы вольны лапік, каб прыпаркавацца, серабрыстая “Аўдзі”. Але сёння я выйшаў з дзвярэй, заўважыўшы ўжо знаёмую машыну са знаёмай раскладкай фігураў.
На заднім сядзенні – бялявая галоўка Пэта, ён разглядае нейкую новую забаўку, што атрымаў у падарунак. На пярэднім сядзенні – Джына: павярнулася, размаўляе з малым. А на месцы кіроўцы – гэты неверагодны Рычард, мужчына, што “паўразышоўся” з жонкай, спакойны й упэўнены за стырном, нібы развозіць па горадзе Джыну і Пэта для яго – самы натуральны парадак рэчаў.
Я ніколі з ім не размаўляў. Я нават ніколі не бачыў, каб ён вылез з машыны, калі прывозіў Пэта. Цёмнавалосы, мажны, у акулярах – бізнесмэн, што ходзіць у трэнажорную залу. Прывабны – у стылі Кларка Кента1. Акурат перад домам было трошачкі вольнага месца, і я глядзеў, як ён прафесійна заднім ходам прыпаркаваў сваю “Аўдзі”, ублюдак.
Звычайна Джына стукала ў дзверы, казала мне “дабрыдзень” і хуценька цалавала на развітанне Пэта. Перадача адбывалася з мінімальным захаваннем этыкету – гэта той максімум, на які нам ставала сілаў. Аднак мы ўсё ж стараліся. Не дзеля сябе, а дзеля сына. Але сёння я чакаў іх каля веснічак. Джына не здзівілася.
– Добры дзень, Гары.
– Дабрыдзень.
– Глядзі, што ў мяне ёсць! – пахваліўся Пэт, размахваючы новай цацкай – пагрозлівага выгляду пластмасавым касманаўтам з неверагодных памераў лазернай стрэльбай, – і паляцеў паўз мяне ў дом.
– Спачуваю, што твой тата памёр, – сказала Джына праз веснічкі.
– Дзякуй.
– Мне шчыра вельмі яго шкада. Найдабрэйшы чалавек, якога я толькі ведала.
– Ён быў ад цябе без памяці.
– А я – ад яго.
– Дзякуй за цацку для Пэта.
– Рычард купіў у Hamley’s1.
– Добры стары Рычард.
Яна стрэліла ў мяне вачыма.
– Ну, я пайду.
– А я думаў, ты супраць, каб Пэт гуляўся са зброяй.
Джына страсянула галавой і каротка засмяялася – тым смяшком, што азначаў: гэта зусім не смешна.
– Калі табе напраўду цікава, я лічу, у свеце хапае гвалту і без таго, каб прышчапляць дзецям думку, што зброя – гэта папросту лёгкая забава. Ясна? Але ж Пэт хацеў стрэльбу.
– Джына, я яго не аддам.
– Гэта вырашаць адвакатам. І мы не павінны…
– Я перайначыў ўсё жыццё, каб даглядаць сына. Я пайшоў працаваць на няпоўную стаўку. Я навучыўся арганізоўваць наш побыт, навучыўся таму, пра што раней нават і не задумляўся. Карміць яго, апранаць яго, класці спаць. Адказваць на ягоныя пытанні, быць побач, калі яму сумна ці страшна.
– Усё тое, што я гадамі рабіла збольшага адна.
– І я акурат пра гэта. Я навучыўся гадаваць дзіця – так, як яго гадавала ты. І раптам ты вяртаешся і кажаш: усё скончана.
– Ты добра даглядаў Пэта, Гары. Што ты хочаш? Медаль?
– Мне не трэба медаля. Я рабіў толькі тое, што мусіў рабіць. Ведаю: у гэтым няма нічога асаблівага. Але, Джына, ты зашмат ад мяне хочаш. Я навучыўся быць Пэту сапраўдным бацькам – давялося навучыцца. А цяпер ты хочаш, каб я паводзіўся так, нібы нічога гэтага не было. Я так не магу. Як гэта зрабіць? Скажы мне: як?
– У чым праблема? – спытаўся Рычард, выходзячы з “Аўдзі”.
Ага, значыць, у яго ўсё ж ёсць ногі.
– Рычард, вярніся ў машыну, – загадала Джына.
– Так, Рычард, вярніся ў машыну, – паўтарыў я.
І ён вярнуўся ў машыну, лыпаючы вачыма з-пад акуляраў.
– Вырашыце ўрэшце, чаго вы напраўду хочаце, Джына. Усе вы.
– Не зразумела.
– Я абедзвюма рукамі за тое, каб мужчыны прымалі на сябе адказнасць за дзяцей. Я абедзвюма рукамі за тое, каб мужчыны ўдзельнічалі ў выхаванні. Але ж нельга рабіць “як хачу, так і кручу”. Нельга ж разлічваць, што мы будзем выконваць бацькоўскія абавязкі, а потым адыдзем убок, калі вам захочацца, нібыта мы такія ж, як нашыя таты, нібыта гадаваць дзяцей – сапраўды жаночая справа. Памятай пра гэта, калі наступны раз сустрэнешся са сваім адвакатам.
– А ты, Гары, памятай яшчэ адно.
– Што?
– Я таксама яго люблю.

Пэт сядзеў на падлозе ў сваім пакоі, вываліўшы побач з сабою поўную скрыню цацак.
– Ну як, мілы, добра павесяліўся? З мамай і Рычардам? – да смешнага бадзёра спытаў я, нібы вядучы тэлегульні, калі на кон выстаўлены ну вельмі вялікі прыз. Але я цвёрда вырашыў зрабіць так, каб Пэт нармальна пачуваўся ў гэтай новай сітуацыі. Я не хацеў, каб ён адчуваў, што здраджвае мне, калі ходзіць куды-небудзь павесяліцца з мамай і ейным каханкам. Аднак я і не хацеў, каб ён надта ж весяліўся.
– Нармальна, – адказаў Пэт. – Рычард з мамай трохі паскандалілі.
Цудоўна.
– А чаму, мілы?
– У мяне лёды капнулі на сядзенне ягонай ідыёцкай тачкі. Ён лічыць, я не павінен есці ў машыне “Магнум”.
– Але ж табе падабаецца Рычард?
– Ну, так нішто сабе.
Мяне працяла шкадаванне да гэтага чалавека, з якім мы нават не знаёмыя. Не надта моцнае. Лёгкае. Але ўсё роўна. Ён абраў сабе ролю, якую ніяк немагчыма выканаць. Калі ён паспрабуе быць Пэту бацькам, у яго пэўна нічога не атрымаецца. Калі вырашыць быць проста сябрам, і гэта будзе ў нейкім сэнсе паразай. Але Рычард хоць мае выбар.
А хто спытаў Пэта, ці ён хоча есці “Магнум” на заднім сядзенні серабрыстай “Аўдзі”?

Сід працавала ў адным з навамодных азіяцкіх рэстаранаў, што пачалі з’яўляцца па ўсім горадзе, – у іх падаюць і тайскія рыбныя палачкі, і японскую локшыну “соба”, і халодныя в’етнамскія наліснікі, нібы ўсе яны – з адной краіны, нібы ўвесь азіяцкі кантынент ператварылі ў адну велізарную кухню для Захаду. Рэстаран быў ярка асветлены, белы, паўсюль – паліраванае дрэва і бліскучы хром, як у мастацкай галерэі ці ў кабінеце стаматолага.
Стоячы на вуліцы, я глядзеў, як Сід ставіць дзве гарачыя талеркі – над імі клубілася пара – відаць, малайскіх каралеўскіх крэветак кары перад маладымі жанчынамі, што дзякавалі ёй усмешкамі.
Як і на ўсіх іншых афіцыянтках, на Сід быў накрухмалены хвартушок, чорныя штаны і белая блузка. Валасы каротка, амаль па-хлапечы, падстрыжаныя – я такой яе ніколі не бачыў. Яна змяніла карэ, як у гераіняў Ф. Скота Фіцджэральда, на стрыжку “пад бітлоў”, усяго адзін раз зайшоўшы ў цырульню. Я ведаў: калі жанчына абразае валасы, гэта азначае нешта важнае. Але не мог згадаць, што дакладна.
Сід пайшла ўглыб рэстарана, сказаўшы маладому мурыну за стойкай штосьці такое, ад чаго ён засмяяўся, і знікла на кухні. Я ўладкаваўся бліжэй да ўваходу і стаў чакаць, калі яна з’явіцца.
Было па трэцяй дня, у рэстаране – амаль пуста. Апроч мяне і дзвюх маладых жанчын, занятых сваімі багата прыпраўленымі крэветкамі, адзіныя іншыя наведнікі – тры добра наетыя бізнесмэны за столікам, застаўленым пустымі пляшкамі з-пад японскага піва “Асахі”. Маладзенькая афіцыянтка паклала мне на столік меню. І тут грукнулі дзверы кухні – вярнулася Сід.
Яна адной рукой высока несла спод з яшчэ трыма пляшкамі “Асахі”. Сід выставіла іх перад бізнесоўцамі, не заўважаючы мяне, не зважаючы на іх п’яныя юрлівыя позіркі, не звяртаючы ні на каго з нас увагі.
– Калі ты вызваляешся? – спытаў адзін з іх.
– Вы, мабыць, хацелі спытацца “як”? – адказала Сід, пад выбух рогату павярнулася і нарэшце ўбачыла мяне. Павольна падышла да майго століка.
– Што жадаеш?
– Правесці з табой усё астатняе жыццё.
– У меню гэтага няма. Мо’ локшыны?
– Добра. Ёсць у вас такая вялікая?…
– Удон? Так, вядома. У булёне з крэветкамі, з рыбай, з груздамі, з усялякім іншым смакоццем.
– Папраўдзе, я не галодны. Але ж хіба гэта не супадзенне? Так нечакана цябе сустрэць…
– Вядома, Гары. Адкуль ты даведаўся, дзе я працую?
– Я не ведаў. Гэта сорак другі рэстаран, што я абышоў за апошнія колькі дзён.
– Ты праўда звар’яцеў.
– Звар’яцеў на табе.
– Не, проста звар’яцеў. Як бацька?
– Заўтра пахаванне.
– Божа… Спачуваю. Як Пэт?
Я ўздыхнуў.
– Яны вельмі адно другога любілі. Ты ж ведаеш. Для яго гэта вялікая страта. Але ж неяк… ён трымаецца. Як і мама. Мне стане лягчэй, калі з пахаваннем усё будзе скончана.
– Пасля пахавання можа чакаць самае горшае. Бо ўсе вяртаюцца па хатах, і жыццё пачынаецца наноў. Для ўсіх, толькі не для цябе. Я магу табе неяк дапамагчы?
– Так.
– Чым?
– Дазволь правесці цябе дадому.

– Не хадзі больш за мною. Гэта мусіць спыніцца, – казала Сід, калі мы йшлі маўклівымі белымі вуліцамі Нотынг Хілу. – Гэта мусіць спыніцца.
– Мне падабаецца твая прычоска.
Сід прыкрыла далонню грыўку.
– Так і для цябе нядобра, і для мяне нядобра, – прамовіла яна.
– Ну, не ведаю. Па-мойму, зусім і не кепска.
– Ты разумееш, пра што я.
– Я хачу, каб мы былі адна сям’я.
– А мне думалася, табе не даспадобы такія сем’і – дзе поўна чужых дзяцей, былых мужоў ды жонак. Мне думалася, ты хочаш прасцейшага жыцця.
– Я не хачу прасцейшага. Я хачу жыць з табой. І Пегі. І Пэтам. І можа, з нашым уласным дзіцём.
– Што гэта будзе за сям’я? Тваё дзіця і маё дзіця будуць біцца з нашым дзіцём? Ды ты не вытрываеш, Гары. Ты ўзвыеш ад тугі. Цябе хопіць… не ведаю, на колькі цябе хопіць.
– Я б ніколі не ўзвыў, калі б жыў з табою. Паслухай, у таты на руцэ была наколка – адна фраза пад выявай доўгіх, тонкіх кордаў марской пяхоты: “Разам мы пераможам”. Мне здаецца, гэта пра нас.
– Ты хочаш зрабіць наколку?
– Не.
– Пайсці ў войска?
– Я хачу сказаць, што калі мы будзем разам, тады ўсё складзецца добра. Не ведаю, што гэта будзе за сям’я, бо раней такіх ніколі не было. Але пэўна ведаю: яна будзе лепшай, чым усялякая іншая сям’я, дзе мы не разам. Проста падумай над тым, што я кажу, добра?
– Абавязкова, Гары. Сёння ж абмяркую за вячэрай з мужам.
Мы стаялі перад старым белым домам, сорак гадоў таму нарэзаным на асобныя кватэры.
– Вось і ўсё, Гары.
Раптам з дзвярэй выскачыў Джым – загіпсаваную руку падтрымлівала павязка – і загарлаў: “Адчапіся, ублюдак, ад маёй жонкі!” Ён плаўна крутануўся вакол сябе – і заехаў мне ў зубы матацыклетным ботам.
Я з разбітым скрываўленым ротам адляцеў назад. Ногі падкасіліся, задрыжалі, і я імгненна скеміў дзве рэчы.
Джым нешта петрыць у баявых мастацтвах. І ён зноў упаў з матацыкла.
Я саскочыў з бачкоў для смецця і прыняў стойку. Джым наступаў, але тут паміж намі ўзнікла Сід, схапіла яго за перавязаную руку, і ён заскавытаў ад болю.
– Не чапай яго! Не чапай! – крычала на яго Сід.
– Рука, мая рука, ё… тваю маць! – заходзіўся Джым. Аднак ён паслухаўся, калі Сід пацягнула яго да дзвярэй. Павярнуўся да мяне і прарычаў:
– Калі яшчэ раз пабачу тваю пысу, застанешся без зубоў.
– Мне не ўпершыню.
Я не стаў тлумачыць, што калі мне было пяць, мяне з самых сяброўскіх памкненняў кульнуў тварам на зямлю сабака. Уражанне было б не тое.
Джым вярнуўся ў дом, прытрымліваючы загіпсаваную руку.
Напэўна, яны жылі на першым паверсе, бо я чуў штосьці вельмі падобнае да плачу Пегі. Сід павярнулася і паглядзела на мяне.
– Калі ласка, Гары, пакінь мяне.
– Падумай пра тое, што я казаў, – прамармытаў я праз распухлыя скрываўленыя вусны. – Калі ласка, падумай над маёй прапановай.
Яна адмоўна павяла галавой, і – ведаю, гэта глупства, але я адчуў, што сапраўды пачынаю ёй падабацца.
Ты не здаешся, так? – сказала Сід.
– Навучыўся ад бацькі.
А тады яна зачыніла дзверы вялікага белага дому і вярнулася да сябе, да свайго жыцця.


37.

За мілю ад бацькоўскага дому на пагорку стаяла маленькая царква.
Хлапчуком, блукаючы светлымі летнімі начыма там, дзе не належыцца, я часам прабіраўся на царкоўныя могілкі, каб выпіць сідру, закашляцца ад дыму цыгарэтаў Number 6 і паглядзець скрозь прыцэл сябравай пнеўматычнай стрэльбы 22-га калібру.
Насамрэч мы не былі такімі смелымі, як удавалі. Найменшы гук – шапаценне ветру ў дрэвах, шоргат лісця на халодным камені ці надмагіллі, рыпенне векавой драўлянай бэлькі ў царкве – і мы з сябрам джгалі, як зайцы, у жаху ад таго, што перад намі зараз паўстануць мёртвыя. А зараз тут пахаваюць майго бацьку.
Я прачнуўся ад скрыгату ровару, на якім хлопчык развозіць газеты. У шчыліну паштовай скрыні паляцела Mirror. З кухні пачуўся нягучны трэск радыё. На імгненне – паміж сном і яваю – мне падалося, што сёння звычайны дзень.
Але пасля сняданку мы – мой сын і я – апрануліся ў змрочныя жалобныя строі. Нам абодвум было нязручна ў чорных гальштуках і белых кашулях. Мы сядзелі на падлозе майго старога дзіцячага пакою і пачак за пачкам перабіралі фатаграфіі, шукаючы суцяшэння ў адбітках майго бацькі, а ягонага дзядулі.
Час адкручваўся назад. Вось яркія каляровыя здымкі таты з Пэтам: малы разгортвае калядныя падарункі, едзе на “Званочку” – яшчэ са стабілізатарамі, вось Пэт – да неверагоднасці бялявы паўзунок, немаўля, прыснулае на руках у дзеда – той усміхаецца да самых вушэй.
Шмат фотаздымкаў, пабляклых ад часу: тата, мама, Джына і я ў дзень майго вяселля; мы з бацькам абняўшыся стаім у садзе за домам: я, падлетак, самазадаволена лыблюся, бацька, як заўжды, падцягнуты, мускулісты ў свае пяцьдзесят з гакам, ён ганарыцца сваім садам, ганарыцца мною. І яшчэ даўнейшыя здымкі: я, бязмозглы адзінаццацігадовы хлапчук, з яшчэ маладымі бацькамі, на групавым фота з вяселля кагосьці з маіх стрыечнікаў.
І – да самага пачатку, куды толькі сягала памяць і яшчэ далей: чорна-белы здымак, на ім стрыжанае пад машынку дзіця – я – з бацькам ды коні на раўніне Сэйлсберы; іншы чорна-белы здымак: тата, смеючыся, падняў мяне на рукі на нейкім пясчаным пляжы, адкрытым усім вятрам; шэраватыя здымкі: тата ў вайсковай форме, бацькі ў дзень свайго вяселля.
Няма ягоных дзіцячых фотаздымкаў. Я ведаў: гэта папросту таму, што бацькавай сям’і бракавала грошай на фотаапарат. Але мне здавалася, што жыццё насамрэч пачалося толькі тады, калі мае бацькі стварылі сваю сям’ю.
Пачалі прысылаць кветкі. Мы з Пэтам падышлі да вакна ў пакоі бацькоў і глядзелі, як кветачнік вымае іх са свайго фургончыка. Неўзабаве загорнутыя ў цэлафан букеты запоўнілі ўвесь газон перад домам, і я згадаў прынцэсу Дыяну і мора кветак, што білася аб чорную агароджу каралеўскіх палацаў. Для кветачніка гэта была звычайная праца, першая на сёння дастаўка, але ён выглядаў глыбока расчуленым.
– Шкада, што я не ведаў гэтага чалавека, – сказаў ён маме, і я разумеў: ён гаворыць шчыра.

Калі труну даставілі ў царкву, мы засмяяліся. Гэта быў смех адчаю, смех – плаціна для слёз, што, калі прарвуцца, ніколі не спыняцца. Але ўсё ж смех.
Мы – мама, сын і я – ішлі за труной у старую царкву, але перад уваходам чатыры насільцы чамусьці спыніліся. Мама, хоць мы з Пэтам абдымалі яе з абодвух бакоў, рушыла далей, не падымаючы вачэй ад зямлі. Спынілася яна толькі тады, калі моцна стукнулася галавою аб край труны мужа.
Яна хістаючыся зрабіла некалькі крокаў назад, трымаючыся рукой за лоб. Паглядзела, ці няма на пальцах крыві, а тады зірнула на мяне – і мы ўголас засмяяліся. Мы абое чулі ягоны голас, гэты стары голас з лонданскім вымаўленнем, стомлены і поўны любові: “Ды што ж ты робіш, жонка?”
Мы зайшлі ў прахалоду царквы – як ступілі ў сон. Сон, у якім усе, каго я калі-небудзь ведаў: сваякі, сябры сям’і, суседзі, цяперашнія і былыя, мужчыны ў гальштуках Каралеўскай марской пяхоты – апошні раз сабраліся разам, так што не ахапіць вокам. Некаторыя, пабачыўшы труну з целам бацькі, пачыналі плакаць.
Мы ўтрох сядзелі ў першым шэрагу. Калісьці “мы ўтрох” азначала “мама, тата і я”. Цяпер – мама, сын і я. Яны, апусціўшы галовы, сузіралі каменныя пліты. Ад смеху не засталося і следу. А я глядзеў на вікара – ён чытаў з прарока Ісаі: “Перакуюць мячы на лемяшы, а дзіды – на садовыя нажніцы: народ ды не ўздыме меч на народ”.
У казані вікар гаварыў пра добрага салдата, які стаўся мірным чалавекам, пра ваяра, які навучыўся быць любячым мужам, клапатлівым бацькам, добрым суседам. Я бачыў: вікар грунтоўна падрыхтаваў сваю прамову, пагутарыў з мамай, з маімі дзядзькамі, з суседкай цётухнай Этэль, якая насамрэч мне не цётка. Але вікар ніколі не сустракаўся з бацькам, таму перадаць, якім быў ён і ягонае жыццё, ніяк не мог.
У мяне зашчыміла сэрца, усім цяжарам наваліўся боль страты, толькі калі ў скляпеннях поўнай людзей царквы загучала старая песня, якую абрала мама.
Больш за царкоўныя спевы, казань, добразычлівыя банальнасці, твары людзей, якіх пры жыцці ведаў бацька, мяне праняла гэтая старая песня. Голас Сінатры, вельмі малады, вельмі чысты, без налёту фанабэрыі і цынізму пазнейшых гадоў. Ён уздымаўся і лунаў у маленькай царкве.
Мама не зварухнулася, але я адчуваў, як яна яшчэ мацней абхапіла Пэта, нібыта баялася, што яе знясе ў нейкае іншае месца і час, у самотную будучыню, дзе яна зможа засынаць, толькі запаліўшы святло ў спачывальні, ці ў страчанае, незваротнае мінулае.

Someday
When I’m awfully low,
When the world is cold,
I will feel a glow
Just thinking of you,
And the way you look tonight.

Я чуў бацькаў голас: ён наракаў, што ягоная жонка абрала гэтую песню, у ім было здзіўленне перад гэтай жанчынай, з якой ён правёў усё жыццё, але якая так і не перастала ўражваць яго.
– Толькі не ранняга Сінатру, жонка! Не гэтую сентыментальшчыну для экзальтаваных дзяўчат-падлеткаў, што ён запісваў для “Каламбіі”! Калі табе ўжо так трэба Сінатру, дык ўзяла б што-небудзь з альбомаў “Капітолію”, з пяцідзесятых: ‘One For My Baby’, ‘Angel Eyes’, ‘In the Wee Small Hours of the Morning’ – з выдатных салунных песняў. Але ж не ранняга! І што ты маеш супраць Дына Мартына? Мне асабіста заўсёды больш падабаўся стары Дына.
Гэта праўда. Бацькавым улюбёнцам быў Дын Мартын. Сінатра, хоць і вельмі яму падабаўся, але ўсё роўна заставаўся для майго продка залішне легкаважным рамантыкам. Бацька аддаваў перавагу таму цвёрдаму стрыжню, што адчуваўся ў Дына. Аднак музыку, вядома, выбіраў не бацька. А мама. Песня раскрывала не тое, якім ён сам сябе бачыў. А тое, якім яна яго бачыла, ведала, кахала.

But you’re lovely!
With your smile so warm
And your cheek so soft
There is nothing for me
But to love you
Just the way you look tonight.

Далакопы вынеслі бацькаву труну з царквы – ціха, ціха – і прайшлі з ёю праз клады да толькі што вырытай магілы пасярод няроўнага поля помнікаў. Мы, як у тумане ад пахавальнага абраду, рушылі за імі.
Свежавыкапаная яма – у канцы доўгага шэрагу магілаў. Праз колькі часу, калі ў царкве адбудзецца яшчэ шмат пахаванняў, цяжка будзе знайсці месца спачыну бацькі, бо яно апынецца пасярод лесу помнікаў, зробіцца адным сярод мноства іншых. Але не зараз. Не сёння. Сёння мой бацька – навенькі ў месцы адвечнага супакою. Сёння знайсці ягоную магілу лёгка.
Вось ягоны помнік – белы, новы, у верхняй палове бліскучымі чорнымі літарамі выразаная эпітафія. Вольнае месца пакінутае для яшчэ аднаго надпісу – для ягонай жонкі, маёй маці, Пэтавай бабулі.
“Патрык Уільям Роберт Сільвер, кавалер медаля “За выбітныя заслугі” – імя з тых часінаў, калі ў звычайных сем’ях дзецям давалі столькі імёнаў, колькі яны маглі запомніць, колькі маглі вынесці. Ніжэй – даты нара­джэння і смерці і словы: “Любаму мужу, бацьку, дзядулю”.
Вікар казаў: “Попел да попелу, прах да праху, прыйдзіце, улюбёныя дзеці Бацькі Майго, прыміце царства, вам падрыхтаванае ад пачатку свету”. Але я чуў толькі абрывак старой песні, песні, што просіць кагосьці ніколі, ніколі не змяняцца.
Мы стаялі каля края незасыпанай магілы, паперадзе вялікага натоўпу жалобна апранутых людзей. Некаторых з іх я не ведаў. Некаторых ведаў усё жыццё. Аднак знаёмыя твары змяніліся: я памятаў смяшлівых дзядзькаў і сімпатычных цётачак, якімі яны былі шмат гадоў таму, у добрыя старыя часы новых машынаў, яркіх сукенак і летняга адпачынку на моры, калі падрасталі ці ўжо выраслі іх дзеці.
Цяпер гэтыя знаёмыя твары пастарэлі – я ніколі не думаў пабачыць іх такімі. Тая ўпэўненасць у сабе, што адчувалася ў іх трыццаці-саракагадовых, з цягам часу кудысці зляцела. Яны прыйшлі паглядзець, як пахаваюць майго бацьку – першага з іх пакалення. І, напэўна, іх уласная смерць нечакана падалася ім надзвычай рэальнай. Яны плакалі па ім – і таксама па сабе.
Удалечыні я бачыў палеткі, дзе я гойсаў маленькім хлопчыкам, цёмна-карычневыя пасярод зімы, правільнай прастакутнай формы, бы футбольныя палі, аточаныя тонкімі голымі дрэвамі.
Ці і цяпер гуляюць на гэтых шматках зямлі дзеці? Чамусьці ў гэта цяжка паверыць. А я памятаў кожны пералівісты бруй, кожную брудную канаву, кожную застаялую сажалку ў густым гаёчку і ўсіх фермераў, што ганялі нас, падшыванцаў, гарадскіх дзяцей, якія жылі ў прыгарадзе.
Тут не было ані знаку шматпавярховых спаруд і гандлёвых цэнтраў, якія месціліся зусім непадалёк. Тут з усіх бакоў былі відаць толькі палі. Тут сапраўды адчуваеш сябе як на прыродзе.
Таму бацька і з’ехаў з гораду. Палі, дзе я гуляўся ў маленстве, былі бацькавай марай. Зараз яго пасярод іх пахаваюць.
Шмат хто навокал плакаў – гучней, не стрымліваючыся, не ў стане стрымаць боль. Я падняў вочы і ўбачыў слёзы на вачах тых, каго любіў. Татавых братоў. Суседзяў. Мамы і сына.
Аднак я стаяў і сухімі вачыма глядзеў, як бацькаву труну апускаюць у свежавыкапаную магілу, адной рукой моцна абдымаючы маму – а яна абдымала заплаканага ўнука, – другой сціскаючы ў кулаку глыбока ў кішэні чорнага гарнітура бацькаў срэбны медаль – так, нібы ніколі не выпушчу.


38.

– Свет змяняецца, – казаў Найджэл Бэці. – Цяпер ужо не тое, што ў сямідзесятыя. Гэта не “Крамер супраць Крамера”1. У справах аб пражыванні закон усё ж аддае перавагу маці – і так будзе заўсёды. Але расце разуменне, што не ўсе хрэновыя бацькі – мужчыны.
– Мне кепска робіцца, як падумаю, што мой сын будзе гадавацца побач з кімсьці іншым, – гаварыў я, больш самому сабе, чым адвакату. – Мне кепска робіцца, як падумаю, што ён будзе жыць у адным доме з чалавекам, якога ён зусім не цікавіць. Якога цікавіць толькі ягоная маці.
– Гэтага не будзе. Што б яна ні казала – яна вас абодвух кінула. І ты добра даеш рады ўвесь час, што сын знаходзіцца пад тваёй апекай. Што б яна там ні казала свайму адвакату.
– Паверыць не магу, што яна хоча мяне выставіць нядбайным бацькам. Калі б яна паводзілася сумленна – я б хоць мог яе паважаць. Але ад гэтага… ад гэтага ў мяне кроў кіпіць, разумееш, Найджэл?
– Разумею.
Я больш не звяртаўся да адваката “м-р Бэці”. Мы перайшлі на “ты”. Ён падзяліўся са мной уласнай гісторыяй.
Сем гадоў таму ён ажаніўся з францужанкай. Пазнаёміўся з ёю, калі яна працавала ў юрыдычнай фірме ў Лондане. Яны зажылі тут, і праз год пасля вяселля ў іх нарадзіліся дочкі-блізняткі. Але два гады таму сям’я распалася, і ягонай жонцы – ягонай былой жонцы – захацелася вярнуцца ў Францыю. І са згоды апеляцыйнага суда яна атрымала дазвол забраць дачок з Ангельшчыны. З таго часу Найджэл Бэці іх не бачыў.
– У выніку мае дзеці страцілі бацьку і, бясспрэчна, узненавідзелі маці, – сказаў ён. – А ўсё праз нейкага дзёўбанага ідыёта суддзю, які думае, што з двух бацькоў трэба ўлічваць толькі інтарэсы маці. І я не выключэнне. Процьма бацькоў страчвае сувязь з дзецьмі. Бо жанчыны, з якімі яны былі пабраліся, хочуць іх пакараць.
Я ўсяляк выяўляў спачуванне. Быў позні вечар, па пустым офісе Найджэла у Вест Эндзе сноўдаліся прыбіральшчыцы. Ён сядзеў на стале і ўзіраўся ў паток машынаў, што застыў на Гановер Сквер.
Маім дзецям, безумоўна, было б лепей пры дваіх бацьках. Аднак каб знайсці адказ на невырашальную задачу: як ім захаваць і маму, і тату, спатрэбіліся б пэўныя кампрамісы. А справы аб пражыванні – гэта не пошук кампрамісу. У іх не ўлічваецца, што лепш для дзіцяці. Мусіць улічвацца, але не ўлічваецца. У іх непазбежна галоўнае – чаго хоча маці.
Ён зняў акуляры і пацёр вочы.
– Закон спрабуе зрабіць справы аб пражыванні не такімі балючымі, але ўрэшце ўсё абавязкова сканчаецца перамогай аднаго з бацькоў і паразай другога. Звычайна прайграе мужчына. Але – вось што змянілася за апошнія дваццаць гадоў – не заўсёды. Мы можам выйграць гэтую справу. Мы заслугоўваем таго, каб яе выйграць.
– Але ж яна яго любіць.
– Што?
– Джына любіць Пэта. Я ведаю: яна яго любіць.
Найджэл пачаў перакладаць паперы на стале. Яму было за мяне амаль няёмка.
– Я не ўпэўнены, што гэта мае дачыненне да справы, – адказаў ён.

Я назіраў за імі з акна. Джына выйшла з машыны і адчыніла Пэту заднія дзверы – ён казаў, што Рычард паставіў “дзіцячы” замок. Тады, прысеўшы, каб зраўняцца ростам з Пэтам, яна абняла яго, прытуліўшы ягоную бялявую галоўку да сваёй шыі, імкнучыся запыніць гэтыя апошнія некалькі імгненняў з сынам, перад тым як аддаць яго мне.
Джына заставалася каля дзвярэй машыны: мы не маглі больш размаўляць, але яна чакала, пакуль не пабачыць мяне, перш чым зноў сесці ў машыну. Я глядзеў, як Пэт бяжыць па сцежцы да нашага дому, як ззяюць ягоныя вочы, і ўсведамляў: ён заслугоўвае любові ці не больш за ўсіх дзяцей на свеце.

Пэт гуляўся са сваімі цацкамі на падлозе.
– Пэт…
– Што?
– Ты ведаеш, што ў нас з мамай цяпер не надта добрыя адносіны?
– Вы не размаўляеце.
– Таму што ў нас з ёю выйшла сварка.
Ён моўчкі ляпаў Люка Скайуокера аб борт Millennium Falcon. Я прыстроіўся на падлозе побач. Ён працягваў ляпаць Люка.
– Мы абое вельмі цябе любім, ты ж ведаеш, праўда?
Ён нічога не адказаў.
– Пэт…
– Мабыць.
– І мы абое хочам жыць з табою. Дзе б табе больш хацелася жыць? Са мной?
– Ага.
– Ці з мамай?
– Ага.
– Але і са мной, і з мамай – гэта немагчыма. Ты ж разумееш, праўда? Мы не можам жыць разам. Больш не можам.
Ён пацягнуўся да мяне, я прыхінуў і абняў яго.
– Цяжкая задачка, так, любы?
– Цяжкая.
– Але праз гэта мы з мамай і сварымся. Я хачу, каб ты жыў тут. І мама хоча, каб ты жыў з ёю. І Рычардам.
– А як жа мае рэчы?
– Што-што?
– Усе мае рэчы. Яны тут. Калі я пераеду туды – што будзе з маімі рэчамі?
– Мілы, гэта не праблема. Іх можна перавезці. Не турбуйся. Галоўнае – дзе будзеш жыць ты. Я хачу, каб ты застаўся са мной.
Ён падняў на мяне вочы. Джыніны вочы.
– Чаму?
– Бо так лепш для цябе, – адказаў я, і не паспелі зляцець з языка словы, як я ўсумніўся, ці гэта праўда.
За апошнія паўгода, калі я адзін гадаваў Пэта, я змяніўся. Шоў Эмана было для мяне проста спосабам сплачваць жыллёвы крэдыт, а не шляхам самасцвярджэння. Праца перастала быць цэнтрам сусвету. Цэнтрам сусвету стаўся мой хлопчык.
Калі я адчуваў гонар, ці страх, ці задзіўленасць, ці іншыя эмоцыі, якія нагадвалі: я жывы, то не таму, што нешта здарылася ў студыі, а таму, што Пэт навучыўся завязваць снуркі, ці таму, што з яго здзекаваліся ў школе, ці таму, што ён сказаў або зрабіў штосьці такое, ад чаго мяне проста перапаўняла любоўю, штосьці такое, што нагадвала: мой сын – найпрыгажэйшы ў свеце хлопчык. Калі ён сыдзе, я адчую, што ўсё страціў.
Я папросту хачу таго, што найлепш для цябе, – вымавіў я і ўпершыню задумаўся, ці я сапраўды хачу таго, што найлепш для яго, або таго, што найлепш для мяне.

– Мы з татам бачылі яе ў “Паладыюме”, калі ёй было ўсяго васямнаццаць, – сказала мама. – Яе называлі “дзяўчына з Тайгер Бэй”1.
Яе сінія вочы шырока раскрыліся ад хвалявання – і чаму я ніколі раней не заўважаў, якія яны сінія? У паўзмроку Альберт Холу маміныя вочы блішчалі, як сапфіры ў вітрыне “Тыфані”.
Бацькі пераважна праводзілі вечары дома. Але недзе раз на паўгода выбіраліся на канцэрт ці ў тэатр – на Тоні Бенета ў Альберт Хол, на новую пастаноўку “Аклахомы” ці на “Хлопцаў і лялек” у Вест Эндзе. І сёння я павёў маму ў Альбэрт Хол. На ейную ўлюбёную спявачку ўсіх часоў – дзяўчыну з Тайгер Бэй.
– Шэрлі Бэйсі!2 – вырвалася ў мамы.
Калі я быў яшчэ замалы, каб супраціўляцца, мяне колькі разоў цягалі на канцэрты Шэрлі Бэйсі. Аднак калі я рос, яе публіка і блізка не была такой стракатай, як тая, што мы ўбачылі ў Альберт Холе цяпер.
Неверагодна прыгожыя юнакі ў цюбецейках, з павышчыканымі бровамі займалі месцы побач з флегматычнымі немаладымі парамі з прылеглых да Лондана графстваў (мужчыны ў блэйзерах трымаюцца афіцыйна, як у загарадным клубе, у жанчын – тыя дзіўна застылыя прычоскі а-ля Мэгі Тэчар, якімі фарсуніць мамінае пакаленне, выходзячы ў свет).
– Мне і да галавы не прыходзіла, што старэнькай Шэрлі так захапляюцца геі, – заўважыў я. – Напэўна, лагічна: хлопчыкаў прываблівае гэтае спалучэнне: гламур шоў-бізнесу і асабістая трагедыя. Шэрлі – наша Джудзі Гарланд3.
– Геі? – здзівілася мама. – Якія геі?
Я паказаў на маладых людзей у “Версачэ” і “Прада”, якія відавочна вылучаліся на фоне воўны і поліэстэру жыхароў прыгарадаў.
– Ды з усіх бакоў, мама.
Нібыта ён толькі і чакаў маёй рэплікі, хлопец, што сядзеў побач з мамай, тыпу фотамадэлі, папросту занадта прыгожы, каб быць гетэрасэксуалам, падняўся і радасна завішчаў, калі аркестар зайграў уступныя акорды ‘Diamonds are Forever’:
– Мы цябе любім, Шэрлі! Ты цуд!
– Ну, ён не гей, – абсалютна сур’ёзна прашаптала мне на вуха мама.
Я засмяяўся, прыгарнуў яе і пацалаваў у шчаку. Яна пасунулася наперад – на версе сцэнічных сходаў з’явілася Шэрлі Бэйсі: вечаровая сукенка блішчыць, як увешаная елачнымі гірляндамі, рукі манерна ўскінутыя ў паветра.
– Мама, як табе гэта ўдаецца?
– Што ўдаецца?
– Як ты знаходзіш сілы жыць далей, страціўшы тату? Вы з ім усё жыццё былі разам. Не ўяўляю, як гэта – спрабаваць запоўніць такую бездань.
– Вядома, ад гэтага не акрыяеш. Ад гэтага немагчыма акрыяць. Мне на хапае яго. Мне самотна. Часам страшна. Я па-ранейшаму сплю з запаленым святлом.
Яна паглядзела на мяне. Шэрлі Бэйсі прайшлася ўздоўж рампы. Грымяць апладысменты, на сцэну ляцяць букеты. Так, сапраўды наша Джудзі Гарланд.
– Але трэба навучыцца адпускаць, – працягвала мама. – Гэта частка…
– Чаго, мама?
– Частка таго, што значыць любіць. Па-сапраўднаму любіць. Калі любіш кагосьці, то не проста бачыш у ім працяг сябе. Любіш не за тое, што табе гэта дае.
Мама зноў павярнулася да сцэны. Я заўважыў, як у цемры Альберт Холу ў ейных сініх вачах блішчалі слёзы.
– Любіць значыць ведаць, калі адпусціць, – сказала яна мне.


39.

– Ты з глузду з’ехаў, – абураўся Найджэл Бэці. – Збіраешся з уласнай волі аддаць сваё дзіця? Перадаць яго сваёй былой жонцы, між тым як мы маглі б, бляха-муха, перамагчы? Яна будзе ў захапленні – можаш не сумнявацца.
– Я раблю гэта не дзеля яе, а дзеля яго.
– Ведаеш, колькі мужчынаў хацелі б быць на тваім месцы? Ведаеш, Гары, колькі я бачу ў гэтым офісе мужчынаў – дарослых мужчынаў, якія плачуць, як дзеці? Якія б аддалі ўсё, што маюць, каб захаваць сваіх дзяцей? Ды яны яйцы б далі сабе адрэзаць! А ты проста адступаешся ад яго.
– Не, я не адступаюся. Я не здаюся. Але я ведаю, як ён любіць бываць з Джынай, хоць і спрабуе не паказваць, бо думае, што я гэта ўспрыму як здраду. І альбо ў іх зноў складуцца нармальныя адносіны, альбо яна ператворыцца ў тую, з кім ён сустракаецца па выходных. Я бачу: гэта ўжо адбываецца.
– І хто ў гэтым вінаваты?
– Разумею, Найджэл, ты расчараваны. Аднак жа я думаю пра свайго хлопчыка – толькі й усяго.
– Па-твойму, яна думала пра яго, калі сыходзіла? Думала пра яго ў таксі на Хітраў?
– Не ведаю. Толькі я лічу, што дзіцяці патрэбныя абое бацькоў. Нават дзіцяці, у якога бацькі ў разводзе. Асабліва дзіцяці, у якога бацькі ў разводзе. І я раблю дзеля гэтага, што магу.
– А гэты мужык, з якім яна жыве? Рычард? Ты ж нічога пра яго не ведаеш. І ты згодны аддаць яму свайго сына?
– Я нікому не аддаю Пэта. Ён мой сын і заўсёды будзе маім сынам. Я ягоны бацька і заўсёды буду ягоным бацькам. Але, трэба спадзявацца, у Джыны не зусім паганы густ на мужчынаў.
– Як на мяне, яна знаходзіць сабе адных дзёўбаных ідыётаў. Ты ведаеш, чым гэта абернецца, так? Ты ператворышся ў чарговага выходнага тату – які сядзіць у нядзелю ў “Піцца-Экспрэс” і спрабуе прыдумаць, што ж гэта сказаць незнаёмцу, які быў калісь тваім сынам.
– У нас з Пэтам так ніколі не будзе.
– Не заракайся.
– Не магу сказаць, што я гэтага хацеў. Але як ты не разумееш? Мы зноў і зноў паскудзім на хер сваё жыццё, а расплачваюцца заўсёды дзеці. Мы сыходзім да іншых жанчын, вечна пачынаем усё наноў, вечна думаем, што маем яшчэ адзін шанец наладзіць жыццё, а плацяць за гэта дзеці з разбітых сем’яў. У майго сына, тваіх дачок, у мільёнаў іншых застаюцца раны на ўсё жыццё. Гэта мусіць спыніцца, – я бездапаможна сцепануў плячыма. Я разумеў: Бэці мною абураны. – Не ведаю, Найджэл. Я проста імкнуся быць добрым бацькам.
– Адмаўляючыся ад сына.
– Гэта сама мала, што я магу зрабіць.

– Дамовімся так, – казаў я Пэту, – ты можаш пакінуць у нашым доме столькі рэчаў, колькі хочаш. Твой пакой заўсёды будзе тваім. Ніхто больш ніколі да яго не дакранецца. Ты можаш вярнуцца, як толькі захочаш. На дзень, на ноч, назаўсёды.
– Назаўсёды? – перапытаў Пэт, ведучы побач са мною свой “Званочак”. Галасок ледзь чуваць.
– Ты будзеш жыць з мамай. Але ніхто не будзе прымушаць цябе там жыць. І мы абое будзем цябе гадаваць. Мы абое жадаем табе шчасця.
– Вы больш не сварыцеся?
– Мы спрабуем памірыцца. Бо мы абое вельмі цябе любім і абое хочам, каб табе было як найлепш. Не абяцаю, што мы ніколі больш не пасварымся. Але мы пастараемся, добра?
– Вы зноў адно другога кахаеце?
– Не, мілы. Той час прайшоў. Але мы абое любім цябе.
– А дзе я буду спаць у маміным доме?
– Яна рыхтуе для цябе новы пакой. Там табе будзе файна: можаш заставіць цацкамі з “Зорных войнаў” усю падлогу, можаш уключаць хіп-хоп, каб усе суседзі ашалелі.
– І нікому нельга будзе кранаць мой стары пакой?
– Нікому.
– Нават табе?
– Нават мне.
Мы былі ў парку. Перад намі цягнулася асфальтаваная сцяжынка вакол возера. Тут Пэт любіў катацца на “Званочку”, стартуючы з такой хуткасцю, што лебедзі, заўважыўшы яго, уздымаліся над вадою. Але сёння Пэт не збіраўся сядаць на ровар.
– Але мне падабаецца тое, што цяпер, – вымавіў ён, і ў мяне сцялася сэрца. – Мне падабаецца так, як ёсць.
– І мне таксама. Мне прыемна рабіць табе зранку сняданак. Прыемна бачыць, як удзень ты на падлозе гуляешся сваімі цацкамі. Мне падабаецца, калі мы замаўляем дамоў піццу або што-небудзь з кітайскага рэстаранчыка і глядзім разам на канапе фільм. Падабаецца хадзіць разам з табою ў парк. Мне ўсё гэта падабаецца.
– І мне. Мне таксама.
– У нас усё гэта будзе, як і раней, лады? Ніхто нам не перашкодзіць. Нішто гэтага не спыніць. Пакуль ты не станеш зусім дарослым хлопчыкам, які захоча хаўрусавацца з сябрамі і пакіне старэчу тату аднаго.
– Гэтага не будзе ніколі.
– Але ты добра паспрабуй. То бок, паспрабуй жыць у мамы. Бо яна вельмі цябе любіць, і я ведаю: ты яе таксама. Гэта вельмі добра. Я радуюся. Радуюся, што вы любіце адно другога. І хоць мне сумна, што ты сыходзіш, але ж гэта не канец. Ты заўсёды можаш вярнуцца, калі захочаш. Таму паспрабуй быць шчаслівым з мамай, лады?
– Лады.
– І ведаеш што, Пэт?
– Што?
– Я ганаруся, што ў мяне такі сын.
Ён выпусціў ровар, і мы абняліся, ён прыціснуўся да мяне тварам, перапаўняючы мяне, здаецца, самай сваёй сутнасцю. Я ўбіраў яго ўсімі сваімі пачуццямі – непаслухмяную капу бялявых валасоў, да немагчымасці далікатную скуру, гэты Пэтаў пах пылу і цукру. Мой прыгожы хлопчык, падумаў я, адчуваючы на вуснах нешта салёнае – нашыя з ім слёзы.
Я хацеў сказаць больш, але не мог знайсці словаў. Гэта не ідэальны варыянт, хацелася сказаць мне. І ніколі не будзе ідэальным. Я не такі ёлупень, каб гэтага не разумець. Аднак, улічваючы, як павярнуліся абставіны, гэта, мабыць, найлепшы варыянт з магчымых. Не дасканалы. Бо адзінае дасканалае, што было ў мяне ў жыцці, гэта ты.
Мой прыгожы хлопчык.
Мой прыгожы хлопчык.
Мой прыгожы хлопчык.

Джына павяла Пэта ў ягоную новую спачывальню, а я застаўся стаяць пасярод іх кватэры са скрынкай цацак з “Зорных войнаў” у руках, адчуваючы сябе пакінутым, як ніколі ў жыцці.
– Давайце дапамагу, – прапанаваў Рычард.
Я перадаў яму скрынку, ён паставіў яе на стол.
Мы няёмка ўсміхнуліся адзін другому. Ён быў не такі, як я чакаў: больш сціплы, мякчэйшы, не такі самаўпэўнены бізнесовец, якім ён мне ўяўляўся.
– Для Джыны сёння надзвычай важны дзень, – заўважыў Рычард.
– Для ўсіх для нас.
– Так-так, – хуценька паправіўся ён. – Але Джына, Вы ж ведаеце, яна – Шалі. Дом, сям’я – гэта для яе асноўнае.
– Так.
Рычард быў не такі, як я чакаў. Але гэта, вядома, не значыць, што ў яго не зусім сечкаю галава напханая.
– А Пэт, якога ён знаку?
– “Калі ласка, прыбяры ў мяне ў пакоі”.
З новай спачывальні Пэта выйшла Джына. Усміхнулася мне.
– Дзякуй, што дапамог яму пераехаць.
– Няма за што.
– І дзякуй табе за ўсё, – сказала яна, і я на імгненне пазнаў тую Джыну, што калісьці мяне кахала. – Я ведаю, як ты яго любіш.
– Любіць значыць ведаць, калі адпусціць.

Я яго не заўважыў. Я выехаў на сваёй MGF на галоўную дарогу – і раптам чорнае таксі рэзка прыняло ўправа, каб не заехаць у мяне. Пачуўся пах паленай гумы, кіроўца засігналіў – яго твар перакрывіла ад гневу. Людзі паварочвалі галовы, каб паглядзець на ідыёта на спартыўнай машыне з парваным верхам.
Спыніўшыся каля бардзюра, я сядзеў і спрабаваў аддыхацца, неяк суладаць з сэрцам, а паўз мяне праязджалі машыны. Рукі трэсліся. Я ўхапіўся за стырно, так што збялелі костачкі. Калатун пачаў сунімацца.
Я паціху, надзвычай асцярожна, паехаў дадому, бо ведаў: думкі мае – на нейкай іншай дарозе, яны збягаюць да чорна-белай фатаграфіі бацькі з сынам у альбоме, да абрыўка старой песні пра незнаёмца ў раі.
– Ну, тата, – уголас вымавіў я, бо мне было трэба, вельмі трэба пагаварыць з бацькам, ведаць, што ён думае. – Ці слушна я зрабіў?


40.

Мы пачулі званы раней, чым убачылі царкву.
Вялізны чорны “Даймлер” збочыў налева, на Фарынгтан Роўд, і мы пад радасны перазвон пакацілі ўздоўж вузкага доўгага канала да ракі. Званы звінелі ў гонар Марці і Шован.
Яшчэ адзін паварот налева, на маленькую плошчу ў Клеркенвеле, – і царква быццам запоўніла сабою ўсё бяскрайняе блакітнае неба. Марці на заднім сядзенні лімузіна так і сяк круціўся ў сваім фраку, касавурыўся на гасцей, якім на ўваходзе раздавалі бутаньеркі.
– Аб’ехаць некалькі колаў? Каб прымусіць іх трохі пачакаць? – спытаў Марці.
– Так робіць нявеста, Марці. А не ты.
– А ты пэўна не забыўся…?
Я працягнуў два залатыя пярсцёнкі.
Ён задаволена хітнуў галавой.
Заставалася толькі адно – зрабіць тое, дзеля чаго мы сюды і пры­ехалі.
Мы выйшлі з “Даймлера”. Званы білі так гучна, што ні пра што больш немагчыма было думаць. Марці то зашпільваў, то расшпільваў фрак, падымаючыся па крутых каменных прыступках царквы. Мы ўсміхаліся, хіталі галовамі знаёмым і нават незнаёмым людзям. На паўдарозе Марці на нешта наступіў, спатыкнуўся, і мне давялося злавіць яго за руку.
Марці падняў пластмасавага чалавечка ростам у дзевяць цаляў. Ён фарсуніў у светла-бэзавым смокінгу, штанах у серабрыстыя бліскаўкі і белай атласнай кашулі. Альбо на ім шырокі пояс пад фрак, альбо ў яго моцна забінтаваны жывот. Ён згубіў адзін белы туфлік.
– Гэта яшчэ, бля, што такое? – здзівіўся Марці. – Ліберэйс1?
– Не, не Ліберэйс, а Дыска-Кен, – я забраў яго ў Марці.
Па праходзе між лаўкамі ляцела маленькая дзяўчынка. За ёю праз вітражы ліліся патокі святла. Яна прытрымлівала капялюш такога самага колеру, што і ейная жоўтая святочная сукенка.
– Пегі, – вырвалася ў мяне.
– Дыска-Кен, – яна ўзяла ляльку. – Я яго абшукалася.
З’явілася Сід. Яна паглядзела на мяне з-пад палёў вялізнага чорнага капелюша. Ён быў ёй трохі завялікі. Можа, яна купіла яго да таго, як абрэзала валасы.
– Я буду чакаць унутры, – сказаў Марці. – На алтары.
– Перад алтаром, – паправіў я.
– Я сам ведаю, дзе мне быць.
– Лаўцу з аўцу, – усміхнулася яму Сід.
Мы правялі яго вачыма і доўга глядзелі адно на другога.
Не чакаў цябе тут пабачыць, – вымавіў я.
– Мяне запрасіла нявеста.
– А, вядома. Ты вельмі падабаешся Шован. Ну… як маешся?
– Файна, файна. Сапраўды файна. А як Пэт?
– Ён цяпер жыве ў Джыны. Здаецца, у іх усё наладжваецца. Хутка яго пабачыш.
– Пэт будзе на вяселлі? – спытала Пегі.
– Ён за пажа.
– Выдатна, – сказала яна і зноў нырнула ўглыб царквы.
– Яму там добра? – спытала Сід, і я ведаў: ёй гэта сапраўды важна. Мне хацелася яе абняць.
– Ёсць сякія-такія цяжкасці прыціркі характараў з Рычардам. Ён трохі не як усе. Яму не падабаецца, калі Пэт б’е яго па галаве светлавым клінком. Я ўвесь час кажу: “Не, Пэт, не: калі б’еш – дык бі ў вока”.
Яна павяла галавой і ўсміхнулася.
– І дзе б ты быў без сваіх вечных жарцікаў?
– Не ўяўляю.
– Але ты бачышся з ім?
– Увесь час. Кожныя выходныя і раз пасярод тыдня. Мы яшчэ не дамовіліся наконт вакацыяў.
– Ты, мусіць, сумуеш без яго.
– Мне здаецца, што ён па-ранейшаму са мной. Не ведаю, як гэта патлумачыць. Хоць яго няма, я паўсюль адчуваю яго. Там, дзе ён быў, цяпер велізарная пустата. Я адчуваю ягоную адсутнасць гэтак жа моцна, як і прысутнасць.
– Нават калі іх няма побач, усё роўна ім належыць тваё сэрца. Гэта і ёсць бацькоўства.
– Напэўна. З Джымам усё добра?
– Я не ведаю. У нас нічога не выйшла. Дарэмна было нават спраба­ваць.
– Ты спрабавала дзеля Пегі.
Прынамсі, я спадзяваўся, што яна спрабавала дзеля Пегі. Мне хацелася верыць, што прычына ў дачцэ, а не ў тым, што Сід дасюль кахала яго, як раней.
– Дзеля Пегі варта было паспрабаваць, – запэўніў я.
– Ты так думаеш?
– Без сумневу.
Сід паказала на “Даймлер”, які павольна праязджаў паўз царкву. На заднім сядзенні – жанчына ў белым і расхваляваны немалады мужчына. Машына знікла за рогам.
– Трэба ісці ў царкву.
– Так, потым пабачымся. Можам разам з’есці валаван.
– Бывай, Гары.
Я глядзеў, як яна пайшла на сваё месца сярод гасцей нявесты, прытрым­ліваючы край капелюша, нібы ён вось-вось зляціць.
Раптам мяне пацягнуў за рукаў Пэт. Апрануты ў матроскі касцюмчык, ён выглядаў па-марацку франтавата. Я паклаў руку яму на плячо. Па прыступках царквы падымаліся Джына з Рычардам.
– Я ж табе казаў: так блізка ад царквы мы не прыпаркуемся, – злаваўся ён.
– Але ж мы прыпаркаваліся. Ці я чагосьці не зразумела?
Заўважыўшы мяне, яны перасталі сварыцца, моўчкі ўзялі свае бутаньеркі і пайшлі ў царкву.
Я ўсміхнуўся Пэту.
– Добры касцюмчык. Як табе ў ім?
– Драпаецца.
– Ну, але выглядаеш ты класна.
– Не люблю касцюмаў. Як у школе.
– Так, бадай што твая праўда. На выходныя сустракаемся, як дамаўляліся?
Пэт згодна хітнуў галавой.
– А што будзем рабіць?
Ён на хвілінку задумаўся.
– Што-небудзь файнае.
– Ага. На выходныя – што-небудзь файнае. А зараз трэба рабіць справу, так?
– Ага, мы ж пажы.
– Гэта ты паж. А я шафер. Пайшлі на вяселле?
Ён сцепануў плячыма і ўсміхнуўся.
Мой прыгожы хлопчык.
Мы зайшлі ў царкву. Там пахла лілеямі, было прахалодна і цёмна, калі не лічыць промняў залацістага святла, што пранікалі праз спічастыя вокны. На жанчынах – выкшталцоныя капелюшы. Пэт пабег паперадзе мяне, стукаючы абцасамі новых туфляў аб каменныя пліты.
Я глядзеў, як ён бяжыць да алтара, дзе нас чакаў Марці, і раптам мне сцяла сэрца ад чагосьці вельмі радаснага і разам з тым вельмі сумнага.
Не ведаю. Здавалася, Пэт ужо сам сабе галава.

Вікар быў высокі, малады, нервовы, з тых добрай душы джэнтльменаў з цэнтральных графстваў, якіх англіканская царква накіроўвае ў шматпавярховыя гарадскія кварталы. У яго падскокваў Адамаў яблык, як ён казаў пра дзень Страшнага суда, калі раскрыюцца таямніцы ўсіх сэрцаў.
Ён глядзеў на Марці, свярдзёліў яго поглядам, так задаваў пытанні, нібы сапраўды чакаў шчырых адказаў: “Ці ты абяцаеш любіць яе, суцяшаць яе, шанаваць і берагчы яе ў хваробе і здароўі і, адкінуўшы ўсіх іншых, быць верным ёй, пакуль смерць не падзеліць вас?”
Я падумаў пра Марці, з ягоным доўгім хвастом выпадковых сувязей, што непазбежна сканчаліся скандаламі ў нядзельных газетах, як толькі жанчыны, якіх ён хуценька перапіхнуў і гэтак жа хуценька адпіхнуў, разумелі, што пераспаць з ім не азначае зрабіць першы крок да кар’еры ў тэлеіндустрыі.
Я глядзеў на Шован – яна стаяла поруч з бацькам, на схаваным пад белымі карункамі бледным ірландскім твары не праступала хвалявання – і, хоць гэта не да часу і не да месца, не мог пазбавіцца ад думкі пра яе слабасць да жанатых мужчынаў і спрытнюгаў хлопцаў, што прыкоўваюцца кайданкамі да дрэў. Але сёння здавалася, усё гэта не мае ніякага значэння. Ні пакрыўджаныя былыя каханкі, якія пляткарылі пра Марці, ні ўсе жанчыны, якія ўрэшце адсунулі Шован на несуцяшальнае другое месца. Усё гэта цяпер у мінулым.
Сёння яны абое, здавалася, прасвятліліся, ачысціліся абяцаннямі кахання і любові, прынесенымі зарокамі, хоць я дакладна ведаў: Марці аніякага ўяўлення не мае, што значыць “зарок” і як яго прыносіць. Мяне перапаўнялі самыя пяшчотныя пачуцці да іх абоіх.
Я не знаходзіў у душы ані каліва цынізму. Бо і я сам гэтага хацеў. Толькі гэтага і хацеў. Любіць і пялегаваць.
Я павярнуўся, цішком агледзеў прысутных. Сід уважліва пазірала на вікара з-пад палёў капелюша. Макаўку Пегі я ледзь угледзеў. Пэт злавіў мой позірк і ўсміхнуўся, а я чарговы раз падумаў, які ён цудоўны хлопчык. Падміргнуўшы яму, я зноў павярнуўся да вікара. Ён казаў пра тое, каб Марці і Шован захоўвалі непарушнае каханне і згоду.
Калі вікар задаваў пытанні, я мусіў запытаць самога сябе. Ці змагу я сапраўды прынесці нешта добрае ў жыццё Пегі? Ці насамрэч змагу даць рады з выхаваннем гэтага дзеўчыняці, пэўна ведаючы, што паміж намі не будзе той крэўнай повязі, якая ўсё аблягчае? Ці той я мужчына, якому хопіць сілаў расціць дзіця іншага? А Сід? Ці зможам мы ўтрымацца разам больш за звычайныя пяць-шэсць-сем гадоў? Ці зможам любіць і пялегаваць, пакуль смерць не падзеліць нас? Або адзін з нас – хутчэй за ўсё я – пачне хернёй маяцца, дашле ўсіх на хер і зваліць на хер? Ці сапраўды я веру, што нашае каханне такое вялікае і моцнае, што выжыве ў гнюсным сучасным свеце? Так ці не? Так ці не? Так ці не?
– Так, – уголас сказаў я, і Марці першы раз за ўвесь час паглядзеў не мяне, як на поўнага ідыёта.

Я пазвінеў срэбнай лыжачкай па келіху з шампанскім і падняўся, каб сказаць сваю прамову.
Сваякі, сябры, калегі, задаволеныя добрым абедам і гатовыя слухаць жарцікі ды ад смеху класціся, – усе ўзнялі на мяне вочы. Я ўнурыўся вачыма ў свае паперкі.
Гэта збольшага жарты, накрэмзаныя Эманам на адвароце паштовак. Цяпер яны здаваліся абсалютна бескарыснымі.
Я ўдыхнуў глыбей і пачаў.
– Нехта з вялікіх мысляроў сказаў: “Плывеш па жыцці, спусцелы дазвання, і вось яно раптам. Завецца – каханне”, – я зрабіў тэатральную паўзу. – Платон? Вітгенштэйн? Дэкарт? Не, Нэнсі Сінатра. І яна мае рацыю, старэнькая Нэнсі. Жыццё здаецца такім пустым, такім панылым без таго, што завецца “каханне”. А напраўду, калі падумаць, дык нават і горш.
Ніхто не разумеў, што за хрэнь я вярзу. Бадай, я і сам не разумеў. Пацёр скроні, у якіх пульсавала кроў. Адчуў, што вусны перасохлі. Глынуў вады, але гэта не дапамагло.
– Горш, нашмат горш, – прамармытаў я, спрабуючы згадаць, што ж я хачу сказаць. Нешта пра тое, як важна, каб Марці і Шован заўсёды памяталі, што яны адчуваюць сёння. Каб ніколі не забываліся.
Я зірнуў праз поўную людзей залу на Сід, спадзеючыся знайсці ў яе падтрымку, але яна глядзела на рэшткі свайго дэсерту. Пегі з Пэтам бегалі пасярод сталоў. Нехта кашлянуў. Заплакала немаўля. Госці трацілі цярплівасць. Нехта падняўся і пайшоў шукаць прыбіральню. Я хуценька паглядзеў у свае паперкі.
– Чакайце, у мяне тут ёсць тое, што вам спадабаецца. Вось: каханне пачынаецца, калі пасярод вуліцы падаеш у чыесці адбымкі, і сканчаецца, калі падымаеш таго, хто ўпаў пасярод вуліцы.
Некалькі ўпітых у дыміну дзядзькоў зарагаталі.
– Ці яшчэ: нявопытная маладая пара прыходзіць да доктара, каб той паказаў ім полавы акт.
Хіхікнула п’яненькая цётухна.
– Доктар кахаецца з нявестай, а пасля звяртаецца да жаніха: “Ну што, ці ёсць у Вас пытанні?” Той адказвае: “Так. Як часта мне яе да Вас прыводзіць?”.
Пачуўся смех. Эман ганарліва ўсміхнуўся. Але ягоныя паштоўкі пасыпа­ліся з маіх дрыготкіх рук. Гэтая “рыба” мне больш не патрэбная. Я не магу з яе скарыстацца.
– Аднак напраўду я хацеў сказаць, што спадзяюся – ведаю – Марці і Шован будуць памятаць: жыццё без кахання – зусім не жыццё. Так сказала Нэнсі Сінатра. І калі знойдзеш каханне, ніколі нельга яго ўпускаць. Так сказаў я.
Я ўзняў тост за Марці і Шован. Сід зірнула на мяне і зноў схавалася пад капелюшом.
– Шаноўнае спадарства, мадам і мсье, хлопчыкі і дзяўчынкі! Калі ласка, напоўніце келіхі і вып’ем за гэтую цудоўную пару.
Эман абняў мяне, калі я сышоў са сцэны.
– Выдатна, – пахваліў ён. – Але наступным разам падкінь пару жарцікаў, як жаніх трахаў авечак.

Толькі калі пачалася музыка, я зразумеў, што ніколі не бачыў, як яна тан­чыць.
Я не ўяўляў, ці яна танчыць бліскуча, як ейная цёзка, ці ну зусім ніяк, але ўсё адно міла.
Не ведаў, ці яна грацыёзна круціцца і плыве па паркеце, ці проста не кранаецца з месца, няемка робячы дробныя паўпрытопы і не ведаючы, куды падзець рукі. Я не ведаў, танчыць яна як Сід Шарыс ці як Сід Джэймс. Але ведаў: мне ўсё роўна.
У мяне аднолькава сцялася б сэрца і ад таго, што Сід танчыць кепска, і ад таго, што яна танчыць цудоўна. Мне проста хацелася танцаваць з ёю.
Ды-джэй паставіў Wake Me Up Before You Go-Go, і гэты стары дыск напоўніў танцзалу нейкай блазнаватай эйфарыяй.
Марці з Шован выплясвалі рызыкоўны джытэрбаг. Твар жаніха наліўся крывёю, калі ён паспрабаваў узняць на рукі нявесту. Эман стаяў як стропаны ды раскідваў рукамі, нібы насцябаўся на Ібіцы, а не чары набраўся ў Клеркенвеле. Вакол яго звівалася Мем, надзімала губы, з непрыстойным выглядам круціла клубамі – іншых танцаў яна не ведала.
Джына смяялася разам з Пэтам і пляскала ў ладкі, бо ён паказваў танец, які толькі што прыдумаў: той складаўся з дзіўных падскокаў з поўным пераваротам вакол сябе. Рычард павольна танцаваў з сяброўкай нявесты. Мама вальсавала з вікарам.
А Салі, заўважна ў цяжку, пераміналася з нагі на нагу – іронія ў тым, што ад гэтай музыкі, наадварот, старыя меліся адчуць сябе маладымі.
А Глен, заплюшчыўшы вочы, махаў рукамі, нібы тырчаў і шызеў недзе пасярод бруду ў Вудстаку. І неспадзявана для мяне на гэтым вяселлі запанавала поўная гармонія. Бо Глен танчыў, акурат як Эман.
Аднак я не бачыў Сід і Пегі.

Калі Марці апусціў Шован на зямлю, каб перадыхнуць, я крануў яе за руку і паспрабаваў перакрычаць Джорджа Майкла:
– Шован, дзе Сід?
– Яны з Пегі мусілі з’ехаць раней, каб паспець на самалёт. Яны вяртаюцца ў Амерыку.
– Надоўга?
– Назаўжды. Хіба яна табе не казала?

Я кінуў MGF на ўзбочыне магістралі недзе на захад ад зялёнай плямы прыгараднага Остэрлі Парку. Праз пару дзён я паспрабаваў знайсці гэтае месца па “Лондане ад А да Я”, але яно было надта далёка за горадам. Я кінуў яе нібыта на канцы свету. Ці мо’ на пачатку.
Адно было зразумела: на машыне я не паспею. Транспарт па дарозе на Хітраў не рухаўся. Кожныя некалькі секундаў над маёй галавой з гулам вырываўся ў неба чарговы рэактыўны самалёт, вялізны, як акіянскі лайнер. Бескарысна. MGF мне больш не дапаможа.
Я вылез з машыны – і тут дапяў, што я не ведаю, якой авіякампаніяй яны ляцяць. “Верджын Атлантык” – на трэцім тэрмінале, а “Брытыш Эйрвэйз” – на чацвёртым. І туды, і сюды мне не паспець. Што выбраць? Рычарда Брэнсана1 ці “ўлюбёныя авіялініі ва ўсім свеце”2?
Я пабег уздоўж магістралі. У блакітнае неба нада мною з грукатам узляталі самалёты. У паветры разляталіся фалды майго фрака.

Урэшце аказалася, што няма розніцы, якім рэйсам яны ляцяць. На той час, як я дабег да залы вылетаў, усе дзённыя самалёты на Амерыку ўжо адляцелі.
Людская плынь спадала. Тыя, хто ляцеў, былі ў паветры. Тыя, хто право­дзіў, – па дарозе дамоў. Моцна ўспатнелы ў сваім фраку, я апусціў галаву перад выхадам да міжнародных рэйсаў і глыбока ўздыхнуў. Я спазніўся.
І раптам на падлозе я пабачыў яго, маленькага светла-бэзавага чалавечка. Дыска-Кен. Я падняў нябогу. У яго перапэцкаліся серабрыстыя нагавіцы. І згубіўся астатні туфлік.
Перада мною з’явіліся Сід і Пегі. У іх у руках былі пасадачныя квіткі, каля ног – валізы. Абедзве дасюль апранутыя ў святочныя сукенкі.
– Выдатная прамова, – сказала Сід.
– Можа, лепей было б зрабіць яе трохі больш традыцыйнай? Можа, варта было… э-э-э… пра жаніха і авечак?
– Не. Так добра атрымалася.
– Вы спазніліся на самалёт.
– Мы яго прапусцілі.
Я павёў галавой, не ў стане даць веры.
– Гэта ты…
– Так, здаецца, і праўда я, – адказала Сід.
Пегі ўзяла ў мяне Дыска-Кена і падняла вочы на Сід, нібы пыталася: а што далей?

Надвячоркам у горад павольна вярталася чорнае таксі. Сід глядзела з акенца на першы хмарачос уздоўж Вествэю, пра нешта глыбока задумаўшыся. Пегі спала ў мяне на руках.
Часам гэтае дзіця выглядала такім дарослым, такім спакойным і ўпэў­неным. Але ў мяне на каленях, злёгку прытуліўшыся галоўкай да маіх грудзей, яна здавалася лягчэйшай за пушынку. Нібы немаўля, нібы наперадзе ў яе – усё жыццё, жыццё, якое яшчэ чакае, каб яму надалі абрысы.
Пегі паварушылася ў сне, пачуўшы недзе на бясконцых вуліцах заходняга Лондана званочак прадаўца лёдаў. Больш за ўсе птушыныя спевы, больш за набраклыя пупышкі гэты звон абвяшчаў, што халодныя, цёмныя дні нарэшце на зыходзе. Хутка прыйдзе вясна, бо недзе на вуліцы звініць дзінь-дон.
З задняга сядзення таксі я не мог угледзець, па якой жа з гэтых ціхіх прыгарадных вулачак, што разбягаліся ва ўсе бакі, едзе дзінь-дон. Але рэха ягоных званочкаў агукалася ў маёй галаве згадкай пра дзяцінства ці мрояй пра вясельныя званы.