_____________________ Кактэбельская анамалія.
|
1.
Адпачываць не стамляешся: ні дома, ні ў дарозе, ні ў гасьцях.
Стамляешся не адпачываць: бяз сонца, без спакою, без свабоды.
Пра гэта думалася, калі вагонную бессань манатонна абрамляў стук колаў: как-тэбель, как-тэбель, как-тэбель…
З крымска-татарскага Кактэбель – край блакітных вяршыняў. Калі ж белым патрапляеш у ягоныя абдоймы, адкрываецца новая разгадка назвы: мясцовыя непрыхавана дзівяцца на ламанай расейскай – «Как ты бел!».
Старажытныя ж грэкі звалі гэтае месца Кімерыяй. Першая згадка пра Кактэбель дайшла з V стагоддзя да нашай эры, калі кімерыйцаў зьмянілі скіфы, а каланісты Старажытнай Грэцыі ўбачылі ў Кактэбельскай бухце закінутую скіфа-таўрскую гавань Афінеон. У VIII стагоддзі на ягонай тэрыторыі вырасла буйнае сярэднявечнае паселішча, марскі гандлёвы горад, які ў Х стагоддзі зруйнавалі печанегі.
Праз дзевяць стагоддзяў на гэтай выпаленай сонцам зямлі, дзе сплавіліся прастора і час, нарадзіўся «курортны» Кактэбель. Ягоным хросным бацькам стаў вядомы ў Еўропе акуліст Эдуард Юнге. З недалёкай Феадосіі ён завітаў у паселішча – і яно нагадала яму Гішпанію. Юнге пачаў скупляць у мясцовых мурзакаў (дробная татарская шляхта) зямлю побач з берагам. Хацеў адрадзіць вялікую гаспадарку, збудаваць запруду ў даліне Яланчыка, каб арашаць Кактэбельскую даліну…
Жонка Юнге, Кацярына Фёдараўна, сябравала з Тарасам Шаўчэнкам. У Пецярбурзе была Кабзаровай перакладчыцай, калі той з натуры маляваў партрэт амерыканскага акцёра Айра Олрыджа. Зазвычай тыя сустрэчы ўкраінца й амерыканца заканчваліся так: Шаўчэнка, колішні прыгонны, сьпяваў народныя песьні, а Олрыдж, у мінулым негр-раб, танчыў джыгу…
Паэту і мастаку Максіміліяну Валошыну, маці якога пасялілася ў Кактэбелі пасьля Юнге, мясцовы пейзаж «многімі гранямі нагадаў Грэцыю». Паэт прыехаў сюды гімназістам у 1893 годзе – і застаўся да сьмерці. Нават бальшавікі ня здолелі адабраць у яго два дамы і два флігелі. Хоць забіралі ягоных сяброў, знаёмых. Ды й яму самому даводзілася ня раз бачыць сваё прозьвішча ў «расстрэльных сьпісах». Іх паказваў Валошыну галоўны крымскі камунар Бэла Кун. «Можаш выкрэсьліць адно», – па-валадарску дазваляў ён паэту…
У сучасным Кактэбелі ёсьць вуліцы Леніна, Калініна, нават Дэсантнікаў. А вось Юнге – няма. Як і вуліцы Валошына. Апошні ў гады грамадзянскай вайны выратаваў шмат кактэбельцаў. Напачатку прасіў выкрэсьліваць з «расстрэльнага сьпісу» прозьвішчы сяброў і знаёмых, пакідаючы сваё («За першую зіму было расстраляна 98 тысячаў на 800 тысячаў усяго насельніцтва [Крыма], г. зн. праз восьмага»», – пісаў ён). А мясцовыя чабаны ўзбуджалі супраць паэта «рабоча-сялянскі суд» за нібыта зьнішчаных ягоным сабакам авечак. Ён жа на лодцы выпраўляўся парламенцёрам і спыняў бамбаваньне Кактэбелю французскім крэйсерам. А калі шасьцёра п’яных бальшавікоў – «кардонная варта» – абстралялі з вінтовак англійскія караблі, якія займалі заліў – і ў адказ пачалі ўціхамірваць Кактэбель цяжкімі снарадамі, Валошын сядзеў у сваёй майстэрні і… перакладаў Анры дэ Рэнье, яго «Палоннага прынца».
Вершы ж самога Валошына ў той час распаўсюджваліся ва ўлётках. І «белыя», і «чырвоныя» пры заняцьці Адэсы свае пракламацыі да народу пачыналі цытаваньнем ягоных радкоў…
Імя Валошына корміць Кактэбель і цяпер: «спрычыняючыся да культуры» (і пакідаючы грошы), курортнікі пасяляюцца непадалёк ад Дома паэта ды натхнёна топчуць сьцежкі, па якіх колісь хадзілі Брусаў і Белы, Цьвятаева і Эрэнбург, Верасаеў і Замяцін, Мандэльштам і Горкі, Грын і Булгакаў, – госьці Валошына (некаторыя з гэтых прозьвішчаў захаваліся на сьціплай мемарыяльнай шыльдзе на доме маці Валошына, які цяпер – у прыватнай маёмасьці). Гэта дзякуючы яму, Валошыну, Кактэбель стаў месцам прытулку (і адпачынку) культурнай эліты. З 1931 году тут пачалося будаўніцтва Дома творчасьці савецкіх пісьменьнікаў.
В Коктебеле, в Коктебеле
На лазурной колыбели
Весь цвет литературы СССР…
Ну что за славная земля
Вдоль залива Коктебля…
Сёньня мала хто ўжо й памятае гэтую песеньку Юлія Кіма…
Па спадчыне ў 90-х Дом творчасьці перайшоў да Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны. А пра Куна ды бальшавізацыю Крыма яшчэ нагадвае цэментны абеліск з наступным надпісам: «Здесь 5 мая 1920 г. проходила Коктебельская партийная конференция, созванная подпольным обкомом РКП (б), принявшая решение о развертывании повстанческого движения в тылу Врангеля». Той абеліск з адбітай зоркай, зарослы кустом вяза ды дзікай паўднёвай травой, адшукаць у закінутым парку, дзе пасьвяцца некалькі кактэбельскіх кароў, ужо амаль немагчыма…
2.
Эти пределы священны уж тем, что однажды под вечер
Пушкин на них поглядел с корабля по дороге в Гурзуф, –
напісаў Валошын пра Кактэбель. Пушкін жа аніводным пісьмовым словам не абазваўся пра гэтую мясцовасьць. Ня ў прыклад сотням іншых песьняроў Кімерыі. Сярод першых у новым часе быў наш Максім Багдановіч, пра якога ў Кактэбелі няма аніякіх згадак...
Ялта – паэтава сьмерць, Кактэбель і Стары Крым – ягонае адраджэньне, ягоныя «залатыя дні». З рэчаіснага сёньня нас мала што зьвязвае з Багдановічам. Нязьменнымі, што мог бачыць Максім, засталіся хіба што «Вянок», віленская Вострая брама, герб «Пагоня», слуцкія паясы з музею Івана Луцкевіча ды… караван Кактэбельскіх гор. Урэшце, усё, акром апошняга, пад пытаньнем: «Вянок» пажаўцеў (папера), паслабеў пераплёт, а ў перадруках зьмяніўся правапіс; Вострую браму шматкроць перафарбоўвалі; «Пагоня» станавілася дзяржаўнай і апазіцыйнай; пастарэлі Луцкевічавы экспанаты. А горы, што сапхнулі Кактэбель да мора, застаюцца нязьменнымі ажно ад землятрусу ў Юрскім перыядзе.
Як і раней – у 1915-м, калі Максім Багдановіч прыехаў у Кактэбель, – на іх мала расьліннасьці («на гарах зеляніны няма: цалкам аголеныя, паныла стаяць яны, і нават трава на іх не расьце», – згадваў паэт у сваіх нарысах «З летніх уражаньняў»). Колішнія вулканныя пыл і лава і праз мільёны гадоў не нараджаюць жыцьця. Кактэбельскія горы нязьменныя нават у сваёй зьменнасьці – як нязьменны ў вялікім часе хамелеон. Ранкам іх усходнія плечы ружова-блакітныя, днём – мутна-бірузовыя, вечарам – шэра-блакітныя, часткова фіялетавыя. А новым ранкам, – зноў ружова-блакітныя.
Да Кактэбелю, «найбольш цікавага месца ў Крыме», у Багдановіча былі ў тую крымскую вандроўку Феадосія і Стары Крым. І міжволі зноў шукаецца нязьменнае… Ён прыехаў у Феадосію цягніком і на вакзале сустрэў «шустрых камісіянераў», якія «з усіх бакоў <...> выкрыкваюць назвы гасьціньніц». Гэта робіцца і цяпер на чыгуначных вакзалах Сімферопалю ці Еўпаторыі. І праз 90 гадоў тут «А восьмай гадзіне, калі сонца ўжо рыхтуецца пагрузіцца ў марское бяздоньне, паветра сьвяжэе <…> – пустэльная ўзьбярэжная пачынае напаўняцца <…> Усе лаўкі занятыя, на тратуары ўзьбярэжнай – суцэльная вераніца гульцоў, у вечаровым змроку насустрач плывуць чырванаватыя агеньчыкі папярос, зіхцяць вочы, нясуцца абрыўкі фраз; <…> зьбіліся ў купкі разьвінчанныя маладыя людзі…». Разьвінчаных не паменела і сёньня.
У тое лета 1915 году, калі Багдановіч наведаў ціхі Кактэбель, Валошын быў у Парыжы, а ў ягоным доме гасьцявалі Цьвятаева і Мандэльштам.
Амфітэатр Кактэбельскіх гор нагадаў Багдановічу марскога жыхара: «нібыта клешні гіганцкага краба, далёка ідуць два мысы – левы большы, правы меншы, – і на абодвух стромкімі зломамі ўздымаюцца грэбні скал».
У курортным спакоі пад пякучым сонцам левыя кактэбельскія горы падобныя да вярблюдаў – схаваліся ад сьпёкі, і над вадой відны толькі іх сагнутыя гарбы. У вечаровай смузе тыя горы ператвараюцца ў распранутых жанчын. Іх шасьцёра. Палеглі ў мора – толькі магутныя грудзі ўзвышаюцца да паніжэлага неба. Некаторыя з гор-жанчын цяжарныя. Гэта добра бачна з пляжу Кактэбельскай бухты. І тое ня мог не заўважыць і Максім Багдановіч, які прывёз у Кактэбель згадкі пра Клаву…
Бяз іх, без самога Багдановіча сёньняшні Кактэбель няпоўны, як няпоўны Поўны збор твораў Максіма без ягонага інтымнага дзёньніка, які стойвае той «курортны раман». Думаецца, што якраз у Кактэбелі пісаліся гэтыя Максімавы радкі:
Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда…
Інтымны дзёньнік Багдановіча (расчытана толькі 1/3 тэксту) распавядае пра характар аўтара, пра ягоныя погляды на жанчын, пра ўзаемаадносіны са згаданай ужо Клавай.
Ён сустрэў яе ў Старым Крыме, дзе спыніўся перад Кактэбелем – і пакінуў кароткі запіс: «…вечарам разгаварыўся з Клавай. Знаёмых у мяне не было, і я кожны вечар з ёй сядзеў, гутарыў…» Мы ня ведаем яе ўзросту, яе занятку. Акром таго, што была яна «в темно-синем платочке» ды тое, што «Клава на венецыянку з карціны М. А. Урубеля «Венецыя» падобная». І яшчэ мы бессаромна ведаем, што не для нас (пра тое нагадваюць частыя і незразумелыя скарачэньні) занатаваў Максім у сваім неапублікаваным дзёньніку – пра іх інтымную блізкасьць. І пра тое, што было пасьля яе:
«Я ня вытрымаў, устаў, да сябе пайшоў. Да трох гадзін ночы сядзеў, пісаў. На другі дзень не размаўляў, пішу. Ноч сяджу, пішу. На наступны дзень ізноў. Іду ў чацьвер абедаць – Клава кажа: “Чаму вы мяне пазьбягаеце?..” Сьлёзы нагарнуліся…».
Залаты для паэтаў час, калі і пасьля знаёмства з богам Эрасам застаюцца звароты на «вы»!
Клава лекавала ягоную душу. Доктарам цела быў Стары Крым, які не расьпешчаны урбаністычнымі вандроўкамі Багдановіч назваў «гарадком». На той час – сьціплае мястэчка. А некалі – Салкат, сталіца крымска-татарскага ханства! Са 100-тысячным насельніцтвам, з багатымі мячэцямі і палацам Батыя. Аднак у XV стагоддзі сталіцай ханства стаў Бахчысарай, і Старому Крыму засталіся парэшткі манетнага двара, старадаўняга вадаправоду і ханскія магілы. І сталакцітавыя пячоры ў гарах. І самі горы.
З двух бакоў закрыты імі, насычаны паветрам стэпу й лесу, цяплом і марской вільгацьцю (напрамкі да мора з 15 кіламетраў), Стары Крым быў «раем» для сухотнікаў. Максім мог прайсьціся па галоўнай Екацярынінскай вуліцы, купляў у лаўцы Аванэсава авечы сыр «брынзу», гамак, на якім цэлымі днямі пралежваў у садзе пад чарэшняй. Вечарамі любіў піць каву за столікам пасярод тратуара, глядзець на лянівых курортнікаў, затым – на наіўную рэкламу на дзьвярах «кафейні»: «Ох, как хорош толченый кофе».
«А ноччу, вяртаючыся па апусьцелых вуліцах дадому, пачуеш за садовай агароджай узбуджаныя галасы, жаночы сьмех, на асьветленай тэрасе ўбачыш здалёк некалькі фігур, – і, як заўсёды, добры сум хлыне ў душу…»
І думкі зноў запалоніць Клава…
Верагодна, Клава была з Максімам падчас ягонай вандроўкі са Старога Крыму ў Кактэбель.
У сучасным Крыме гэтую «дзікую» дарогу ў 20 кіламетраў да Кактэбелю называюць «тропою Грина». Аляксандр Грын быў пасяліўся ў Старым Крыме ў 1931 годзе і разоў з два пехам прайшоў па ёй – на гасьціны да Валошына. «До сегодняшних дней дошли волнующие записи Александра Степановича об этих его походах», – прызнаецца ў шчырым захвіцэньні немаладога ўзросту жанчына-экскурсавод. Пра тое, што 16 гадоў да таго сюдой прайшоў-праехаў найвялікі з усяго літаратурнага замежжа сябар украінскай літаратуры і «зводны» пляменьнік Максіма Горкага Максім Багдановіч, яна яшчэ ня ведае. Пасьля ейнай талерантнай згоды пераназваць «Тропу Грина» ў «Сьцяжыну Багдановіча» я абяцаю даслаць ёй Максімавы запісы пра тую мясцовасьць: «Сонца ўстае; яго барвовы дыск, на які вачам не балюча глядзець, сьвятлее… Нешырокая дарога ўецца па ўскраінах гор, зарослых усемагчымым кустоўем і дубняком. Зрэдку раптоўна сярод зеляніны вынырне голая скала з шэрага вапняку, з падоўжнай лагчынай… унізе пад нагамі скаты, прорвы… стромкія бяздоньні, пры выглядзе якіх дамам становіцца жудасна…»
Калі Клава ў той ранак паехала ў Кактэбель з ім – ёй не было страшна…
3.
Найбольшая кактэбельская славутасьць – Карадаг. Ён прыціскае паселішча справа. Гэта ў ягоным вулканным кратэры Бог разьмяшаў адмысловае цеста ды са смакам вылепіў тыя каменныя горы-жанчыны, якія голымі палеглі ў заліве зьлева. Здаецца, Карадаг – як непаваротлівы брантазаўр (на аграмаднай сьпіне якога – скалы-патырчакі) ад сьпёкі хоча схавацца ў мора…
На адной з вяршыняў Карадагскага запаведніку сёньня іржавеюць дзьве вежы. З іхняй дапамогай вывучалі тэмпературу зорак, хоць яшчэ не навучыліся дакладна спрагназаваць тэмпературу на бліжэйшыя дні вакол гэтай крымскай гары.
І Максіміліян, і Максім, як і сучасныя турысты, маглі любавацца Карадагам з баркасу, калі выбіраліся агледзець гару з мора, – і бачылі Жабін пляж (да жаб былі падобныя скалы), Сердалікавую бухту (дзе здабывалі камень-сердалік), Цясьніну зьмей (тры доўгія аграмадзіны – раўчукі карадагскай лавы – спаўзьлі ў Кактэбельскі заліў ды застылі навечна), і, урэшце, славутыя Залатыя вароты (вылепленыя нябеснай рукой з усё той жа вогненнай лавы). Паміж невялікімі пляжамі – пракаветныя пячоры й гроты – як пракапаныя ў пекла калодзежы.
Спустись в базальтовые гроты,
Вглядись в провалы и пустоты,
Похожие на вход в Аид… –
такія змрочныя пачуцьці выклікаў Карадаг у Валошына. Іхняя аргументаванасьць становіцца відавочнай, калі экскурсавод паказвае карадагскі Чортаў палец і ягоны вялізны адбітак на скале перад Вялікім гротам.
Ва ўражаньнях жа беларускага паэта – больш апельсінава-памаранчавага сонца. «Купаемся, цялёпкаемся ў моры, выходзім на бераг, каб пагрэцца на сонейку ды паляжаць на пясочку, а потым зноў у ваду», – запісаў Багдановіч у сваіх нататках. А непадалёк, на другой частцы пляжа, купаліся дзяўчаты і жанчыны. «Купаліся, па дачнай прастаце, без касьцюмаў».
Тут, на моры, маглі наведваць маладую галаву і іншыя адкрыцьці. Напрыклад, пра першую ў сьвеце прафесію… Прафесію партніхі, мадэльера. Фігавы ліст на Еве – узор першай вопраткі. Пра тое ня мог не падумаць у Кактэбелі Максім, пра тое нельга забыцца ў “райскім” Кактэбелі пачатку ХХІ стагоддзя, які ахвотна замяніў фігавыя лісты сучаснымі стрынгамі. Часта толькі імі – аднымі эканомнымі стрынгамі – закрываюцца дзяўчаты і жанчыны ад кактэбельскага сонца і мужчынаў. А крыху ніжэй ад кактэбельскага пляжу, каля мысу Хамелеон, зьбіраюцца тыя, хто не прызнаюць фігавую мудрасьць – нудысты. Нуды яны на «дзікім» пляжы таксама ня ведаюць.
У савецкім жа Кактэбелі за курортнымі норавамі сачылі больш пільна: «інжынерам чалавечых душ» будзе забаронена хадзіць па пляжы ў плаўках. Неслухам нават не прадавалі віно… Аднак на тое яны і творцы, каб абыходзіць забароны. Тут, у Кактэбелі, гарэзны Караткевіч зьбіваў спанталыку і няветлівых гандлярак, і – што найцяжэй – сваю жонку: пойдзе ў мора ў плаўках, а вяртаецца… на добрым падпітку! І – не ад салёнай вады. Да плавак кемлівы паэт (тут – найперш паэт!) прышываў кішэньку – і ўжо аніхто ня мог аспрэчыць, што гэта – ня шорты. А ў кішэньку клаў жалезны рубель – і не размокне, і можна абмяняць на дастатковую вінную порцыю…
Многочисленны и разны
Коктебельские соблазны…
Гэтае курортнае адкрыцьцё адным з першых беларускіх пісьменьнікаў занатуе Багдановіч. Накупаўшыся, у тое апошняе шчасьлівае лета 1915 году ён найме баркас і накіруецца да вулкану. Па дарозе яго суправаджалі дэльфіны. «Верагодна, яны таксама зьдзяйсьняюць экскурсію… Падскокваюць, ледзь ня танчаць», – дзівіцца Максім. Каля Сердалікавай пячоры ён будзе купацца з імі, а затым працягне вандроўку на баркасе да знакамітых «Залатых варотаў».
Аднак «Залатыя вароты» яго ня ўразяць: «Гэта – усяго толькі аграмадная скала, што ўзвышаецца сярод мора недалёка ад берага. Пасярэдзіне ўнізе яна наскрозь прамыта морам».
Аднак кожны, хто праедзе ў «Залатыя вароты», застаецца на ўсё жыцьцё зачараваным Кімерыяй-Кактэбелем.
І Крымам.
І адчуе яго сваім…
4.
Цяперашні Кактэбель не палюбіў бы ні Валошын, ні Багдановіч. Правільней – не палюбілі б тое, што зрабілі з Кактэбелем: чалавечы муравейнік, сьмецьце, сьмярдзючыя машыны, дзікія песьні з нястомных дынамікаў – і ўдзень, і ноччу.
Шчэ нэ вмэрла Украина,
Если мы гуляем так…
– крычыць з кафэ і кафэшак Верка Сярдзючка, перафразуючы нацыянальны гімн краіны. Калі б тое пачулі Пятлюра ці Бандэра – адразу б адрэзалі «сьпявачцы» тое, што найперш перашкаджае мужчыну пачувацца жанчынай…
Кактэбель, колішняя паўднёвая сталіца паэзіі, нечакана стаў сталіцай джазу. Ужо двойчы тут прайшоў міжнародны фестываль «Джаз Кактэбель». Ягоны заснавальнік расійскі тэлевізійшчык Дзьмітрый Кісялёў не без самаўпэўненасьці сьцьвярджае: «Калі б жыў Валошын, ён бы прыйшоў да гэтай музыкі – свабоднай знутры, якая нясе свабоду тым, хто яе слухае». І як сімвал фестывалю: выява галавы Валошына, у хмару валасоў запляліся ноты – як восы…
А ў гасьцінным дворыку Валошынскага дома – нейкі сход-семінар пад назвай «Украіна як арт-праект», і нехта акцёрскім голасам страсна даводзіць на расейскай: «Цяпер трэба эстэтыку аб’ядноўваць з палітыкай». Аб’яднаць тое не змаглі ні Валошын, вершы якога цытавалі «белыя» і «чырвоныя», ні Багдановіч, хрэстаматыйную «Пагоню» якога пасьля дзяржаўнай забароны нацыянальнага сімвалу настаўніцы ня ведаюць, як падаваць…
Россия, ты Крым
словно лист уронила…
– можна пачуць тут вершаваныя адкрыцьці «руска-крымскіх» паэтаў… Калі і насамрэч Расія «уронила» ліст-Крым на мора – чаго ж ён так моцна, не зважаючы на вузкі Перакоп, адлівы і вятры, трымаецца за цела Украіны?
Крым больш падобны да сэрца – сэрца поўдня Еўропы, якое пампуе, не стамляючыся, кроў сотняў нацыяў і народнасьцяў. Тысячагоддзямі б’ецца яно ў грудной поласьці Чорнага мора – пад стэпавай душою Украіны. І ў цяперашнім ягоным пашпарце – украінская прапіска.
…У тое лета 1915 году, калі Максім Багдановіч наведаў ціхі Кактэбель, расіянін-кімерыец Максіміліян Валошын у парыжскай кавярні бліз вакзалу Монпарнас гаварыў пра паэзію, а ўкраінец Сымон Пятлюра ў Маскве перачытваў дасланы яму Багдановічам рукапіс артыкулу пра Тараса Шаўчэнку (…Шаўчэнку, з якім сябравала жонка заснавальніка новага Кактэбелю).
А самому Максіму ў той пасьляабедны час сьніліся цяжарныя жанчыны ў фігавым убраньні, мора васількоў і ўзыход памаранчавага сонца.
Памаранчавае сонца засьвеціць над Украінай праз дзевяноста гадоў.
Максімавы васількі як зразалі, так і зразацьмуць – то сярпы, то камбайны.
Беларусь-парадзіха – у стагоддзевым чаканьні… Ліпень 2004, студзень 2005.
|