12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ала Петрушкевіч

_____________________
Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш: жыццёвыя і творчыя перазовы


Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш – яркія постаці айчыннага пісьменства сярэдзіны ХХ стагоддзя. Між імі годна паўстае асоба Максіма Танка.
Згадаем вядомы фотаздымак з першай сустрэчы паэтычных важакоў заходнебеларускай літаратуры, як справядліва называлі ў 30-я гады Наталлю Арсенневу і Максіма Танка. Гэта адбылося 21 снежня 1937 года на вечарыне ў Вільні, што ладзіла Беларускае навуковае таварыства. Дакладную дату падае Максім Танк у дзённіку “Лісткі календара”. Часопіс “Беларускі летапіс” азваўся на тую падзею, змясціў фотаздымак. Гарадзенская паэтка Данута Бічэль у прадмове да лістоў Наталлі Арсенневай пісала: “Разглядвала фотку Наталлі Арсенневай і Максіма Танка, неяк інтымна прытуліўшыхся, як два галубкі, двое шчаслівых у сваёй духоўнай сяброўскасці, лучнасці… А містычна – з другога боку – я каля Максіма Танка бачыла Ларысу Геніюш. Не спытала і не ведаю, ці спрабавала напісаць Ларыса Наталлі ў ЗША, ці хоць калі яны сустрэліся…” [1, с. 64]. І хоць не магло быць побач з Арсенневай і Танкам у 1937 годзе Ларысы Геніюш, бо тады яна была найперш маці, што гадавала свайго маленькага сына, але менавіта тады, напрыканцы 1937 года, пачала пісаць, відавочна, пад уплывам беларускіх газетаў, пра што згадвала ў “Споведзі”: “Я крыху пісала, вершаў сваіх нікуды не пасылала, часам мужу” [2, с. 241]. І згадвае страфу з таго даўняга верша:

Калі першая зорка на неба загляне,
тады ўспомні, мілы, пра нас,
душа мая выйдзе к табе, на спатканне,
па небе, на зорку якраз [2, с. 241].

А ў тых перыёдыках вершы Н. Арсенневай з’яўляліся пастаянна. Так, відавочна, Л. Геніюш і пазнаёмілася з яе творчасцю. Друкавацца стане пазней, першыя вершы датуюцца 1939 годам, а надзвычай яркі дэбют адбудзецца ў берлінскай газеце “Раніца” ў 1940 годзе. Ім стане верш “Беларуска” – твор, што быў успрыняты рассыпанымі па чужых краях беларусамі вельмі прыхільна. Аўтарка адышла ад традыцыйнага адлюстравання вобліку маладой суайчынніцы як прыгожай, мілай, працавітай, пакорнай лёсу. Матыў развітання з каханым, якога чакаюць змагарныя дарогі, напоўнены не слёзным смуткам і нараканнем на нядолю, а жаданнем самой тварыць уласны лёс. Яе беларуска – моцная, гордая, годная быць гаспадыняй сваёй зямлі, здольная пастаяць за сябе і свой Край. І гэта вабіла, было новым і незвычайным:

Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму не будзе ў мяне на абліччы
і страху не будзе ў грудзёх [2, с. 26].

Пра пачатак сталай творчасці паэтка будзе згадваць як пра свядома прынятае, вельмі важнае, лёсавызначальнае рашэнне: “Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усё дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсць тут у няволі браты мае, цёмныя, нават не ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца” [2, с. 254].
Як адзначае літаратуразнаўца А. М. Пяткевіч, у яе “літаратурнай дзейнасці, па сутнасці, не было вучнёўскага перыяду, які праходзяць звычайна маладыя паэты. Гэтаму садзейнічалі нялёгкія выпрабаванні, якія рана выпалі на яе долю, душэўная развітасць, самастойнасць” [3, с. 176]. Тое ж можна сказаць і пра яркі дэбют Наталлі Арсенневай, і, бадай што, з тых жа прычынаў у яе таксама не было вучнёўскага перыяду. Хоць першаштуршком да яе творчасці сталі прычыны зусім іншага, асабістага плану: яе светлая закаханасць у выкладчыка літаратуры Максіма Гарэцкага, імкненне звярнуць ягоную ўвагу. Праз многа гадоў паэтка згадае пра гэта: “Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Я доўга не адважылася гаварыць аб тым, што і я пішу, Гарэцкаму. Зрэшты, якая б з гэтага была б карысць? Гарэцкі… і расійскія вершы! І я маўчала і вучылася, і чытала” [4, с. 468]. Авалодала мовай настолькі дасканала, што з поспехам выканала ролю Агаты ў Купалавай “Паўлінцы”. “Заахвочаная ўдачаю, я спрабавала пісаць па-беларуску вершы. І як ні дзіўна, у мяне адразу пайшло вельмі гладка” [4, с. 469].
А сустрэцца ім, ужо вядомым беларускім паэткам, усё ж давялося. У няпростым часе, у чэрвені 1944 года, калі Ларыса прыязджала з Прагі ў Мінск. Прыпынялася на кватэры менавіта Кушаляў, пра што расказала ў сваёй “Споведзі”. Асабліва значнай падаецца ацэнка паэткай асобы Францішка Кушаля, на якога шмат бруду выліта. І не толькі ворагамі беларушчыны. Ларыса Геніюш пісала: “Мала ў жыцці сустракала я так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі” [2, с. 301]. Пра саму гаспадыню згадвала таксама з глыбокай павагай, адзначаючы яе ахвярнасць: “Яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым” [2, с. 302].
Адкінуўшы гэтыя ўдакладненні, гэтак жа містычна ўслед за Данутай Бічэль уявім іх побач, маладых і надзвычай прыгожых: Наталлю Арсенневу, Максіма Танка, Ларысу Геніюш. У 30-я гады светлая прыязнасць звязвала Максіма Танка з Наталляй Арсенневай, у 60-70-я з Ларысай Геніюш. І не проста прыязнасць на словах, а ахвярнае імкненне дапамагчы. Наталлі Арсенневай у 1939 годзе, калі яна з сынамі – сям’я ворага народа, апынулася без сродкаў для існавання, менавіта Максім Танк дапамог уладкавацца на працу ў вілейскую раёнку “Сялянская газета”. А пасля арышту, як мог, ратаваў паэтку, падаючы свой голас разам з Янкам Купалам у яе абарону. Нашы літаратуразнаўцы ў сваіх артыкулах пра паэтку прычыну яе вяртання з Казахстанскай ссылкі наіўна шукаюць у гэтым. Калі б тая злачынная ўлада прыслухоўвалася да такіх зваротаў, то ніхто з творцаў у ГУЛАГу не застаўся б. І пасля вяртання з ссылкі Наталля Арсеннева звярнулася таксама да яго, смелага і чалавечнага Максіма Танка, які ізноў дапамог і з працай, і з жыллём. З удзячнасцю згадвала паэтка: “Ён, не ў прыклад іншым, быў мне нават напісаў ліст у Казахстан, не пабаяўся…” [4, с. 483].
Апальная “зэльвенская непаслушніца” (так яе назваў літаратуразнаўца Ян Чыквін) Ларыса Геніюш мела ад Максіма Танка вялікую маральную падтрымку, сустракаючыся і лістуючыся з ім пасля вяртання з лагероў. У многім дзякуючы ягоным намаганням пабачылі свет дзве яе кнігі таго часу “Невадам з Нёмана” і “На чабары настоена”. Клопат Максіма Танка пра абедзвюх паэтак сведчыць не толькі пра ягоную чалавечнасць, але і пра разуменне, якога высокага ўзроўню талентам былі пазначаныя гэтыя творцы.
Яны былі вельмі розныя. І вельмі падобныя. Гараджанка Наталля ўзгадоўвалася ў сям’і рускага вайскоўца. Але вельмі любіла прыроду, лес. Ларыса – у маёнтку-хутары, дзе прырода натуральна ўваходзіла ў жыццё з самага маленства. Былі зачарованы беларускімі казкамі-песнямі, якія ў жыццё Ларысы ўвайшлі з нараджэння, а Наталля ўпершыню адчула іх прыгажосць у часе вяртання сям’і ў Вільню з Яраслаўля. Абедзве ў дзяцінстве, раннім юнацтве зведалі пакуты бежанства часоў Першай сусветнай вайны. І гэткае ж пакутнае вяртанне на зруйнаваныя, страчаныя сядзібы.
Абедзве выйшлі замуж за шчырых беларускіх патрыётаў. Шкада, што не захавалася шлюбнага фотаздымка Кушаляў. Ды і ці магло быць вяселле ў збяднелай сям’і Арсенневых такім, як у дачкі пана Міклашэвіча, што было б зафатаграфавана, як у Ларысы і Янкі Геніюшаў. Мне ўяўляецца, што шлюб Наталля брала ў той мілай белай сукенцы, у якой бачым яе на фотаздымку першага выпуску Віленскай беларускай гімназіі. Былі шчаслівымі ў шлюбе, наколькі наогул можна быць жанчыне шчаслівай. І ў мацярынстве. І не абышоў іх самы страшны боль – страта дзяцей. Кушалі пахавалі свайго першынца Яраслава ў Менску, а Ларыса ў вязніцы і ў лагерох нічога не ведала пра свайго пакінутага хлопчыка, з якім разлучана была на доўгія гады. Не ведала нават, ці жывы. Пакінутага ў вельмі няпростым падлеткавым, юнацкім узросце, калі хлопчык асабліва патрабуе падтрымкі і апекі родных. У часе рэдкіх сустрэчаў з мужам “стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час” [3, с. 375]. І тут жа дадае, тлумачыць: “Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі не гутарыць аб ім” . З годнасцю трывала ўсё, а вытрываць боль з-за сына не магла: “Доля сына свідравала мозг, паласавала нервы” [3, с. 363]. Вярнулася, знайшла свайго Юрку. Але ўжо зусім не таго светлага хлопчыка, маленькага патрыёта, што меў гонар цярпець за Беларусь, а скалечанага нялюдскім лёсам чалавека, праз якога столькі болю давядзецца вытрымаць ягоным бацькам. Каб пачуць ад яго надзвычай горкую праўду пра тое, што давялося перажыць.
Відавочна, невыпадковыя тыя шматлікія вобразныя перазовы, што сустракаем у вершах паэтак. Найперш прыгадаем матыў пад сінім небам, што даў назву першай паэтычнай кнізе Наталлі Арсенневай, праз які паэтка імкнулася пазначыць шлях-палёт думкі, пачуцця да красы незямной, прывіднай:

пад сінім небам усё іначай –
здаецца сьветлым, як сны, жыцьцё,
такім нязнаным, дзіўным, узьлётным,
жыцьцём-натхненьнем бязь сьлёз, турбот [5, с. 7].

Праз гэты матыў выказвае паэтка самае запаветнае, жаданае, як і Ларыса Геніюш у вершы “Блукаю сёння па родным Краі…”, дзе, аднак, мары лірычнай гераіні скіраваны ў іншым напрамку, да сціплай прыгажосці радзіннага Краю:

Пад тваім небам, чыстым і сінім,
быць канапелькай,
быць тваім гордым, вечным ўспамінам,
мая зямелька [2, с. 69].

Але той эстэцкі кірунак заходнебеларускай паэзіі, узначальвала які якраз Наталля Арсеннева, (цалкам згаджаемся з пазнакай А.М. Пяткевіча, неабходна “ўкласці ў дадзенае вызначэнне самы высокі пазітыўны змест” [3, с. 62]) меў не меншую вартасць у плане патрыятычнага выхавання, бо якраз і раскрываў усю тую прыхаваную, стоеную адметнасць красы нашага краю, што так прываблівала аматараў прыгожага пісьменства. “Лірыка Н. Арсенневай кранала чытача эмацыянальна-эстэтычным інструментарыем і выхоўвала беларускасць з большай энергетычнай сілай” [3, с. 63]. З не меншай, чым хай нават вельмі таленавітыя патрыятычныя дэкларацыі.
Уплыў фальклору, матывы і вобразы народна-песеннай паэзіі ўваходзяць у творчасць паэтак амаль з самага пачатку, зразумела, у рознай ступені. Што да Ларысы Геніюш, то, як слушна сцвярджае Данута Бічэль, “асновай яе паэзіі была народная песня, па якой яна ткала, як перабіранкі, квяцістыя, далікатныя, мудрыя, самабытныя, смелыя метафары” [7, с. 234]. Невыпадкова менавіта фальклорны матыў прадзіва, ткацтва – адзін з галоўных у яе паэзіі. Так, яна старанна і акуратна праз вобразнае слова ткала нітку і жыцця, асэнсоўваючы ягоныя павароты, страты, ведаючы, што ўсё адбываецца па волі вышэйшай, і майстравала канву сваёй паэзіі. Бо сама яна з роду ткалляў. І ў прамым сэнсе гэтага слова таксама. Згадаем цудоўны фотаздымак, зроблены ў Гудзеўскім музеі, на якім Ларыса Антонаўна прадзе на калаўротку тонкую нітку. Кабета паважанага веку, але якая ж прыгожая! Строгага фасону, акуратная сукенка, хораша завязаная квяцістая хустка, пярсцёнак на руцэ. І светлая, нават нейкая загадкавая ўсмешка на твары, быццам углядаецца яна ў часы далёкай маладосці. Або і сапраўды чаруе, перабіраючы нітку часу. І робіць гэта так спраўна і лёгка, што праца ператвараецца ў сапраўдную творчасць:

Пальцам няцяжка нітачку віць,
долю з праменных валокнаў,
нітачка ўецца, песня ляціць,
зоры калыша звонку [2, с. 178].

Гэта радкі з паэмы “Куфар”, у якой матыў ткацтва, прадзіва – стварэння сапраўдных мастацкіх цудаў, наогул, скразны ў творчасці паэткі, прагучаў асабліва шырока, магутна. А ў зачыне паэмы нават час той даўні пазначаны галоўнай прыкметай – гэтай жаночай працай:

Быў час ў маім Краі
сягоння туманны,
аднесены хваляй,
час прадзены, тканы [2, с. 175].

У спадчыне Наталлі Арсенневай гэты матыў таксама не абыдзены. У вершы “Ткалля” са зборніка “Сягоння” створаны вобраз гераіні, вясковай дзяўчыны на выданні. Яе настрой насуперак вайне мажорны, бо жыццё мацней за смерць, знішчэнне. Добра засвоенае ад маці майстэрства радуе юнаю ткаллю, а жыццесцвярджальная сіла даўняй традыцыі надае ёй упэўненасці:

Нат ня буду задумляцца,
ці пашле той кон сватоў, –
запяю і буду ткаці,
як вучыла дзеўку маці,
у дванаццаць у нітоў! [5, с. 106]

Абедзве пакінулі вершы, навеяныя светлым пачуццём мацярынства. Блізкія да спрадвечнай песні беларускіх матуляў калыханкі. 1922-24 гады. Юная Н.Арсеннева ў хуткім часе па заканчэнні Віленскай беларускай гімназіі разам з сям’ёй апынулася ў Слоніме, дзе мела найгалоўны жаночы клопат – гадавала дзіцятка. “У невялікім пакойчыку на ўскраіне Слоніма, над спавітаю ў сцюдзёныя туманы Шчараю, я спяваю ўжо калыханку свайму першаму дзіцяці, чарнавокаму Яраславу” [4, с. 209], – успамінала паэтка праз вялізную адлегласць ад таго і ў прасторы, і ў часе.
Вершаў тады нарадзілася няшмат. Усяго пад чатырма творамі з выбранага “Між берагамі” пазначана – Слонім. Адзін з іх – светлая матуліна песня, калыханка. Спеўны фальклорны матыў-паўтор «люлі-люлі», гукапісны малюнак, адшліфаваны рытмічны лад побач з пачуццём вялікай мацярынскай любасці і пяшчоты робяць гэты верш надзвычай меладычным. Далікатнасць, пяшчота і цеплыня аўтарскай інтанацыі, што падкрэсліваецца словамі з памяншальна-ласкальным адценнем, пераплятаюцца з надзвычай яркай, узнёслай, казкавай вобразнасцю, калі вобраз маці ўздымаецца да вобліку добрай феі, якая суцяшае, чаруе, творыць незвычайны цуд.
Здаецца, бачу яе, маладую матулю Наталлю, што схілілася над калыскай сына.

Восеняй на ўскраіне Слоніма
ў якімсьці дамку драўляным
спявала матуля песню
свайму сыночку каханаму:
«Ноч рассыпала зораў агні,
Ў сінім небе яны патанулі.
Вее сон над прасторам зямлі.
Люлі, люлі, сыночак мой, люлі».

Гэтак хораша чаравала,
на галоўку вяночак сплятала
з самых светлых, пяшчотных слоў,
з пажаданнем шчаслівых сноў:
«З гэтых зорных чырвоных агнёў
я спляту прамяністы вяночак.
Над галоўкай павешу тваёй,
люлі-ж, люлі, засьні, мой сыночак».

І плыла над вячорнім Слонімам
песня-мара матулі Наталлі,
што нізала рукой нястомнаю
з незвычайных пэрлаў каралі:
«Тыя пэрлы-сьлязінкі зьбяру,
паніжу з іх пацёркаў шнурочак
і на шыйку завешу тваю.
Люлі-ж, люлі, засьні, мой сыночак.
Будзе зь імі малы засынаць,
ручкай пацеркі-сьлёзы кранаць».

Ніхто не ведаў тады, што яе любы сыночак загіне ў смутную для Беларусі гадзіну на самым парозе сваёй будучыні. І магілкі па ім не застанецца. Як жа зразумелы і кранальны той матулін боль: «Не ведаю, ці ёсць на свеце гайстрэйшы боль, чымся хаваць сваё дзіця? Думаю, што няма. Бо мінула ад таго чэрвеньскага дня ўжо блізу чвэрць стагоддзя, а боль гэты жыве ўва мне, недзе глыбока, і сёння» [4, с. 209].
Вершы Л. Геніюш “Зорка”, “Сын і матуля”, набліжаныя да калыханкі, хораша гучаць у выкананні ансамбля “Белы сон” з Беластоку. Ласкава прамоўлена просьба маладой матулі пра спакойны сон для свайго сыночка:

Засвяці мне, зоранька,
засвяці ясней,
хай сынок мой скоранька
на руках засне! [2, с. 42].

І пра шчаслівую долю для дзіцяці, што абышла ягонага бацьку-змагара: “Ты ж хоць сыну, зоранька, // засвяці ясней!”
Абедзве прайшлі праз ГУЛАГ. Наталля Арсеннева пакінула ўспаміны “З Казахстанскай ссылкі”, Ларыса Геніюш і тады ў нялюдскіх умовах не пакідала пісаць вершы. Тры раздзелы ў “Споведзі”: “Гегенна”, “Лагер”, “Абезь” – гэта яе сведчанне не толькі пра здзек з самога паняцця чалавечнасць, але і пра нязломнасць духу, пра вялікую сілу веры, якая давала магчымасць выстаяць.
Абедзве зведалі чужыну, таму гэты вобраз стаў адным з асноўных у вершах перыяду эміграцыі. Наталля Арсеннева адлюстравала стан душы выгнанцаў праз дасканалы вобраз – між берагамі, што даў назву галоўнай кнізе яе жыцця. У зачынным вершы, дзе ў цэнтры рух бясконцай жыццёвай плыні, паўстае вобраз асобы мужнай, што прайшла праз нялёгкія выпрабаванні:

А я б яшчэ плыла,
няхай між берагамі
каменьне, і віры, і дна глыбінны жвір…
Ці раз параненая імі да крыві
не паддалася ўсё-ж, ня пала я ў змаганьні [5, с. 3].

Часцей паэткі перадавалі стан душы выгнанніка праз карціны прыроды. Так, у вершы Ларысы Геніюш “Чужына” змрочны малюнак позняй восені навявае смутныя думкі пра долю чалавека далёка ад Радзімы:

Так часта ў чужым ды няветлівым краі
аб ціхія сэрцы бяздомных людзей
сумней, як той вецер аб дрэвы, зайграе,
злая доля ударыць, зазвоніць сумней [2, с. 29].

Захапленне красой прыроды, асабліва рухомымі, зменнымі карцінамі вячэрняй, начной пары ўпершыню ў айчынным пісьменстве шырока адлюстраваў нашаніўскі класік Максім Багдановіч. Паэткі былі вялікімі прыхільніцамі ягонай творчасці. Нагадаем, што назва першай кнігі Ларысы Геніюш “Ад родных ніў” падказана радком з вядомага верша “Слуцкія ткачыхі”. Што да Наталлі Арсенневай, то існуе мноства прыкладаў паэтычнага наследавання творчасці Максіма Багдановіча. Паэткі прынес­лі сваё адметнае бачанне ў карціну згасання белага дня, святла. Згадаем верш Ларысы Геніюш “Вячэрняя містэрыя”, узнёслы, малітоўны лад якога адпавядае настрою надзвычайнай сцішанасці, урачыстасці:

Золатам тканаю рызаю
пакрылася неба без хмар.
Пацеркі зораў нанізаных
вечар кладзе на алтар [2, с. 26].

Але ў яшчэ большай ступені выяўляецца гэты матыў у імпрэсіяністычнай паэзіі Наталлі Арсенневай, дзе пералівы фарбаў згасання малююцца праз далікатнае судакрананне з чалавечымі настроямі ў шматлікіх вершах: “Светлы дзень дагарае…”, “Ціха плыў месяц…”, “Увечары”, “Перад ночай”, “Вячорны абразок”, “Вячорнаю парою” і інш. Першы з згаданых твораў літаратуразнаўца Люба Тарасюк называе “дзівоснай з-паміж вясняных настрояў элегіяй…, дзе сам першы радок, эмацыянальны ключ верша, варты таго, каб застацца ў паэтычнай класіцы” [8, с. 249]. У колеравай палітры дамінуе тое ж золата, што і ў вершы Ларысы Геніюш:

Сьветлы дзень дагараець над сумнай зямлёю…
Ліпаў лісьцейка хварбай гарыць залатою,
сад пажоўклы цямнее, маўчыць [5, с. 7].

Абедзве былі моцнымі, шмат цяжка фізічна працавалі. Літаральна да апошніх гадоў жыцця. Ларыса Антонаўна працавала на агародзе, на кветніках, сама рамантавала і бяліла старую хату Генюшоў, насіла ваду, даглядала хворага і да таго ж вельмі далікатнага Івана Пятровіча. А Наталлі Арсенневай давялося пакінуць сталае месца ў Нью-Ёрку, дзе ўжо прыжылася, каб выгадаваць унукаў, дзяцей сына Уладзіміра, што рана страцілі маці. Хлопчыку было восем гадоў, а дзяўчынцы ўсяго чатыры. А пасля давялося дапамагаць і хворым сватам, бацькам нявесткі.
Абедзве сталі беларускімі паэткамі ў многім насуперак таму асяроддзю, у якім узгадоўваліся. Ларыса – шляхецкаму, спаланізаванаму, Наталля – рускаму, рускамоўнаму.
І ўрэшце, абедзве доўгі час былі паэткамі забароненымі ў Беларусі. І гэта недарэчнасць, бо якраз у той час, за які ім прыпісваліся неіснуючыя правіны, “на пачатку 40-х, калі вымушана прымоўклі прызнаныя беларускія песняры, калі перастала гучаць беларуская паэтычная араторыя, жаночая партыя гэтымі дзвюма паэткамі была выканая бездакорна. Як з гледзішча прафесійнага, так і з ідэалагічнага – акупантам не было прысвечана ні аднаго слова, ніводнай фаль­шывай ноты” [9, с. 11].
Іх творчасць была з захапленнем успрынята чытачамі напрыканцы 80-х гадоў, калі пачалося іх актыўнае вяртанне ў айчынную літаратуру. Сёння пра іх можна даведацца нямала. Але нічога – са школьнай праграмы.
Гэтыя дзве вялікія беларускія паэткі містычна сустрэліся ў жніўні 2010 года ў мястэчку Зэльва, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Над яе магілай узнёсла прагучала малітва “Магутны Божа” на верш Наталлі Арсенневай.

Л і т а р а т у р а:

1. Бічэль, Д. “Уваскрэсення светлая радасць”. Лісты Наталлі Арсенневай да Ларысы Геніюш / Д. Бічэль // Наша Вера. – 2007. – №2. – С. 64–67.
2. Геніюш, Л. Выбраныя творы /Л. Геніюш. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. – 616 с.
3. Пяткевіч, А. Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А. Пяткевіч. – Мінск: Бел. кнігазбор, 2006. – 240 с.
4. Арсеннева, Н. Выбраныя творы / Н. Арсеннева. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. – 592 с.
5. Арсеннева, Н. Між берагамі. Выбар паэзіі. Н.Арсеннева. – Нью-Ёрк, 1979. – 350 с.
6. Арсеннева, Н. З майго жыццяпісу // На суд гісторыі. Успаміны. Дыялогі. Н. Арсеннева. – Мінск:, 1994. – С. 209.
7. Бічэль, Д. Мост святога Францішка: успаміны / Д.Бічэль. – Мінск: Медысонт, 2010. – 290 с.
8. Тарасюк, Л. Пад небам паэзіі: Творчасць Наталлі Арсенневай 20-30-х гг. / Л. Тарасюк. – Полымя. – 1996. – № 6. – С. 247–257.
9. Скобла, М. Чайка з лётам арліным / М. Скобла // Геніюш, Л. Выбраныя творы / Л. Геніюш. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. – С. 5-22.