12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Пісьмянкоў

_____________________
Ня сьпіць мая бяссоньніца.
Вершы

Мастак

Гегель, Гогаль і Ван Гог…
Леанід Мартынаў.

Ён халтуру як абразу
Успрымаць ніяк ня мог.
Можа ў ім памерлі разам
Гегель,
Гогаль
І Ван Гог.
Дый ці быў ён тут шчасьлівы,
Калі побач з намі жыў,
З дыялектыкай наіву
У разгубленай душы?
Мы, бывала, чарку бралі
І сядзелі аж да трох.
З намі моўчкі піравалі
Гегель,
Гогаль
І Ван Гог.
Ты яго ня знойдзеш зорку –
Ён ступіў за Той парог.
Зараз з ім вядуць гаворку
Гегель,
Гогаль
І Ван Гог.



Прадчуваньне

Адно спадзяваньне — на сьнег.
Яго зачакаліся ў Менску,
А ён супыніў свой разьбег,
І ціха прылёг ля Смаленску.

Глухія маркотныя дні
Нам трэба, як грып, перанесьці…
…Марозна лістота зьвініць
На бруку ў Траецкім прадмесьці.

Жыву спадзяваньнем на сьнег.



Сумнае прызнаньне

Гусьцее
Змрок,
Чуйнее
Ціш,
Цішэе
Крок,
Цяжэе
Крыж.



Дотык

Вясна.Чаромха. Весьніцы.
Зямля з-пад ног сплыла:
Далонь маёй равесьніцы
Мне сэрца апякла.

Чаромха зноў нявесьціцца.
Нявесьцяцца сады.
Сьвякроўка ўжо равесьніца,
І я — немалады.

Ня сьпіць мая бяссоньніца,
І думкі з ёй ня сьпяць…
І дотык той мне помніцца,
І весьніцы рыпяць.



Памяць

Ліставейнай замяцьцю
Зноў усьлед за памяцьцю
Да цябе іду.

Гарадамі, сёламі,
Дзе сябе вясёлага
Болей не знайду.

Вось ужо і Чэрыкаў…
Памяць невычэрпная,
Прыпыні хаду:

З кожнаю былінкаю
Да саміх Бялынкавіч
Гаману вяду.

Сьветла мне пад месяцам
Між Дняпром і Бесяддзю.



Папараць-кветка

Белым бярозам
На сьцюжы калець.
Разам з Купалам
Хварэць на ангіну…
Крохкую
Папараць-кветку на шкле
Ранак марозны
На шчасьце пакінуў.
Колькі мяцеліц
Пасьля адгуло,
Колькі з марозамі
Крозаў растала!
…Срэбнае шкло
ўсе Каляды цьвіло –
папараць-кветка
з яго не зьнікала.


Просьба

Што ты, лёс, галёкаеш?
Не прасі падаць.
Пенсія – далёкая,
Сьмерці – не відаць.

Не ўздыхнеш з палёгкаю –
Хісткія масткі:
Позна нам у лёкаі,
Рана ў жабракі…