12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзьмітры Плакс

_____________________
«Думаю, што я нашмат больш
нудны персанаж, чым Піпі»
Гутарка Аляксандры Макавік
з Дзьмітрыем Плаксам


Сёлета 10 красавіка аддзяленьне пасольства Швецыі ў Менску пры падтрымцы Шведскага інстытуту і сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі прэзентавала першы беларускі пераклад аповесьці Астрыд Лінд­грэн «Піпі Доўгаяпанчоха». На прэзентацыю беларускай Піпі прыехала з Стакгольму дачка знакамітай пісьменьніцы, Карын Нюман. Кіраўнік пасольства Швецыі Стэфан Эрыксан сказаў на імпрэзе: «Піпі самая любімая ге­раіня ў Швецыі — такая жыцьцярадасная дзяўчынка, што проста немагчыма не любіць яе!»
Выхад гэтай кнігі, якая ўпершыню пабачыла сьвет па-шведску ў 1945 го­дзе, быў доўгачаканай падзеяй для ўсіх, хто рыхтаваў беларускае выданьне, — перакладчыка Дзьмітрыя Плакса, рэдактара Юрася Бушлякова і дызайнера кнігі Генадзя Мацура. І беларускія чытачы вельмі прыхільна сустрэлі кнігу — нават тыя, хто быў зьбянтэжаны імем гераіні ў беларускім перакладзе, бо чакаў, што яна будзе звацца Пэпі, як у вядомым усім рускім перакладзе. Пра імя Піпі, цяжкасьці перакладу, дзіцячае ўспрыманьне літаратуры, падарожжы і імберцавыя сэрцы з перакладчыкам кнігі Дзьмітрыем Плаксам гутарыць аўтарка ідэі выдаць «Піпі Доўгуюпанчоху» па-беларуску Аляксандра Макавік.

— Навошта перакладаць «Піпі» на беларускую, калі тутэйшыя дзеці маюць магчымасьць прачытаць усе творы Астрыд Ліндгрэн па-руску, і нават у розных перакладах?
— А навошта ўвогуле перакладаць? Ці яшчэ дакладней — навошта патрэбныя розныя мовы? Можна вылучыць чатыры-пяць моваў, якія так ці інакш разумее большасьць насельніцтва Зямлі — кшталту кітайскай, ангельскай, расейскай ды іспанскай — і пісаць усё на іх і перакладаць паміж імі. Ці ўваскрасіць мару спадара Заменгофа і ўвесьці адзіную для ўсіх мову.
Але гэта будзе іншы сьвет. А пакуль мы жывём у тым сьвеце, у якім жывём. І цэнім тыя каштоўнасьці, якія цэнім. Сярод іх — шматкультурнасьць, шмат­граннасьць чалавечай супольнасьці. Мова ж — вельмі важны носьбіт культуры. Нашмат важнейшы, напрыклад, за этнічную прыналежнасьць. Таму і вызначэньне нацыі, народу праз культуру важнейшае, чым праз этнас. Груба кажучы, сёньняшнія грэкі вядуць адлік сваёй культуры ад часоў грэкаў старажытных. Але сёньняшнія грэкі — этнічна — гэта зусім іншы народ. Яны грэкі таму, што размаўляюць на мове, якая ёсьць прамой спадчыньніцай старажытнагрэцкай. Я, вядома, спрашчаю, але, думаю, што ня надта памыляюся. Бо для сёньняшніх жыхароў, скажам, Егіпту старая егіпецкая культура — толькі гісторыя. Думаю, што не ў апошнюю чаргу таму, што яны размаўляюць на іншай мове.
Ну і калі вярнуцца да перакладу. Новы пераклад — гэта новая кніжка. Спа­дзяюся, у нашым выпадку, ня самая горшая кніжка ў сьвеце. Някепская кніга, з майго гледзішча, робіць жыцьцё крышачку весялейшым. А хто ў здаровым розуме добраахвотна адмовіцца ад кроплі добрага настрою? Асабліва, калі тая кропля каштуе зусім нядорага ці бясплатна выдаецца ў бібліятэках? Да таго ж ня шкодная для здароўя і нікому іншаму не замінае жыць. Па-мойму — амаль ідэальна.
— Што такое Піпі ў Швецыі — абавязковае чытаньне на летніх вака­цыях? Узор феміністкі ў дзяцінстве? Брэнд і гонар Швецыі?
— Піпі — гэта нашае ўсё. У Швецыі пішуць кніжкі, артыкулы і навуковыя працы пра Піпі. У сеціве я аднойчы натрапіў на артыкул, дзе дэталёва разглядаўся магчымы прататып бацькі Піпі — капітана Эфраіма Доўгайпанчохі, а гадоў дзесяць-пятнаццаць таму ішла дыскусія на парламенцкім узроўні пра шкоднасьць «культу Піпі» для выхаваньня дзяцей. Але нават такія дыскусіі пра шкоднасьць культу сьведчаць пра тое, што гэты культ існуе. І тут, як той казаў, нічога не паробіш.
— Як зьмянілася шведскае грамадства за 63 гады ад моманту выхаду «Піпі Доўгайпанчохі» — мова, культура, сьветапогляд?
— Вельмі істотна зьмянілася. Швецыя пераўтварылася з беднай сельскагаспадарчай краіны на задворках Еўропы ў лідэра сусьветнае мадэрнасьці — бадай, на ўсіх магчымых кірунках, ад дэмакратыі да біяінжынерыі.
Працэс гэтага пераўтварэньня пачаўся трохі раней, але ў паваенны час Швецыя ўсё яшчэ была патрыярхальная і бедная краіна з маленькай лакальнай, перыферыйнай культурай і сялянскім сьветапоглядам.
Таму такі персанаж, як Піпі, безумоўна быў вельмі экзатычны. І моцна ўплываў на чытача — як незалежнасьцю мысьленьня, паводзінаў, разбурэньнем прынятых нормаў, так і сваім, так бы мовіць, жыцьцёвым вопытам — падарожжамі па сьвеце ў першую чаргу, бо паездка ў Паўднёвую Амерыку для сярэдняга шведа была ў той час раўназначная палёту на Марс.
Цяпер усё іначай, і шведы, калі не памыляюся, падарожнічаюць ці ня больш за ўсіх іншых у сьвеце. Я ўжо не кажу пра незалежнасьць мысьленьня і разбурэньне стэрэатыпаў, татальную зьмену сьветапогляду, самаацэнкі — дый «іншаацэнкі», дарэчы. Памятаеце, як у Маякоўскага пра «разных прочих шведов»? Ці можа вам сёньня да галавы прыйсьці такое вызначэньне Швецыі — як трэцяй, няважнай, нікчэмнай краіны? Ну вось. А між тым свой верш Маякоўскі напісаў, здаецца, годзе ў 1930-м — усяго толькі за пятнаццаць гадоў да выхаду «Піпі» ў сьвет Швецыя была сінонімам мядзьведжага кута.
Што ж да мовы, дык мова таксама зьмянілася, што якраз і лагічна, бо мова адлюстроўвае жыцьцё. Былі таксама і пэўныя рэформы, і гэта асобная і вялікая тэма, але ў якасьці прыкладу можна згадаць, што цяпер у школах да настаўніц не зьвяртаюцца ў трэцяй асобе, і нават зварот на «вы» сёньня амаль не ўжываецца ў шведскай мове, затое існуе багата запазычаньняў, і найперш, вядома, з ангельскай.
— Піпі — безумоўна, Астрыд Ліндгрэн. Пра гэта казала і яе дачка Карын Нюман, калі наведала Менск падчас прэзентацыі беларускага выданьня кнігі. А што сама Ліндгрэн дала літаратуры, сьвету і дзецям?
— Літаратуры, пэўна — прыклад. Бо, я думаю, усім літаратарам знаёмае гэта першаадкрывальніцкае пачуцьцё: «Ага, значыць, можна пісаць і так!» Так, прынамсі ў дзіцячай мастацкай літаратуры, здаецца, ніхто раней за Ліндгрэн не пісаў. І гэта яе ўнёсак.
Сьвету, хутчэй за ўсё, неўміручы бестсэлер (нават некалькі) і прыклад таго, як можна пабудаваць імперыю на літаратурным, мастацкім творы і пры гэтым захаваць твар, утрымацца ад надта жорсткай (а-ля Мікі Маўс) эксплуатацыі вобразу, не ператварыць сябе і свае творы ў бязглуздую грашовую машыну.
Дзецям — думаю, хутчэй не мадэль паводзінаў, як прынята лічыць, а проста (проста!) нейкую ўпэўненасьць у сабе, а таксама ўрок талерантнасьці, цярпімасьці да людзей, якія не падобныя да цябе і тваіх нормаў.
Ну і, вядома, усім нам — прыемнае і вясёлае чытаньне! Для мяне гэта ні з чым непараўнальная радасьць, я чалавек кнігі.
— Часта (і справядліва) кажуць пра тое, што пераклад — заўжды кампраміс. Якія былі ўласна вашы кампрамісы? Ці шмат творчых пакутаў давялося перажыць і якія знаходкі прыйшлося адкінуць?
— Галоўны кампраміс — само прыняцьце кампрамісу, працы ў калектыве. Я гэта ня вельмі люблю, і спачатку мне было трохі цяжка пагадзіцца і з праўкамі рэдактара, і з вашымі парадамі. Думаю, я ўсім нямала крыві папсаваў…
Пакутаў было шмат, наколькі яны былі творчыя, я ня ведаю. Цяжка было перакладаць вершы і песенькі, знаходзіць адэкватныя выразы і ідыёмы, апісваць не знаёмыя сучаснаму беларускаму чытачу сітуацыі і зьявы так, каб ня трэба было рабіць тлумачэньняў. (Я ўвогуле супраць перакладчыцкіх заўвагаў і зносак, а ў дзіцячай кніжцы — асабліва.)
Але гэта ўсё — частка звычайнай працы перакладчыка. Адзінае, што ў «Піпі», магчыма, трохі больш гумарыстычных момантаў, заснаваных на гульні словаў, чым у іншых творах, якія мне пашчасьціла перакладаць. Піпі часам успрымае ўсё літаральна, і на гэтым будуецца парадаксальнасьць яе мысьленьня, адсюль паўстаюць сьмешныя сітуацыі. І калі выраз «глядзець каштуе грошай» перадаць было лёгка, а з гульнёй «сыпаць цукар-драбок, драбіць цукар-пясок» давялося трошкі папрацаваць, то дыялог у сцэне сустрэчы са зладзеямі я проста пера­пісаў. Бо там усё трымаецца на гульні словаў, якой няма ў беларускай мове. Па-шведску пытаньне «Колькі часу?» гучыць гэтак жа, як пытаньне «Што такое гадзіньнік?», і Піпі ад душы карыстаецца з гэтага факту. Але гэта немагчыма перадаць па-беларуску, таму я шукаў літаральнага адказу на пытаньне «Колькі часу?» і прыйшоў да таго, што цяпер і ёсьць у кніжцы: «Часу заўсёды зашмат або замала», бо гэта і маё адчуваньне часу — то яго няма куды падзець, то катастрафічна не хапае…
Давялося ўзважваць цэлы шэраг рэчаў, якія непасрэдна да літаратуры дачыненьня ня маюць. Напрыклад, ці карыстацца ўсімі гэтымі шведскімі «фру», «фрэкен» і да таго падобным? Як быць са зваротам да настаўніцы ў трэцяй асобе — традыцыяй, на якую Піпі не зважае, што важна для аповеду? Ці тлумачыць, што такое кроны і эрэ ці, можа, увогуле «перавесьці» грошы ў знаёмую чытачу «валюту»? Ці ведаюць беларусы танец «шотыс» і яблык гатунку «гравенштэйн», і ці мяняць гэта на, скажам, «крыжачок» і «антонаўку»?..
Як ні дзіўна, найменш сумневаў у мяне было наконт таго, што выклікала найбольш абурэньня, абмеркаваньняў і дзіўных рэакцый. Піпі ад пачатку была «Піпі». Так яе завуць. Ёй яна была заўсёды. Ёй, думаю, і застанецца.
А вось з аўтарскімі наватворамі, кшталту Вілы Кавардакулы і словам «шукратар» было ня так проста. Наватворы Ліндгрэн заўжды вельмі семантычна прадуманыя, выклікаюць адразу некалькі асацыяцыяў. І варыянтаў той жа назвы Піпінай вілы ў мяне было даволі шмат. Па-шведску слова Villekulla выклі­кае асацыяцыі з чымсьці, дзе ўсё «стаіць на вушах», — прычым неяк весела, здорава. «Віла Жвава-здорава»? «Віла Дагарынагамі»? «Віла Перакуліна»?.. У выніку я выбраў «Віла Кавардакула» — і, спадзяюся, не памыліўся.
Увогуле, праца са словамі забрала ў мяне шмат часу, я вельмі адказна стаўлюся да такіх рэчаў. Напрыклад, імберцавае печыва. Першае, звычайнае, беларускае слова, якое ўсплывае ў галаве пры перакладзе, — імбір, а прыметнік — імбірны. Гэта нават мне паставіў на від адзін калега, да меркаваньня якога я заўжды прыслухоўваюся. Але. Піпі фармуе з цеста сэрцы. (Форма сэрца для такога печыва — класічная, дарэчы.) І рабіце са мною, што хочаце, але «імберЦАвыя сэрЦЫ» гучыць лепш за «імбірныя»!
— Што ў перакладаным тэксьце кранула, насьмяшыла ці мо абурыла? Якія любімыя месцы ці нечаканыя ракурсы?
— Ня тое каб сур’ёзна абурыла, але зьвярнула на сябе ўвагу стаўленьне да замежнікаў — такая агульная экзотыка, зьвязаная са словам «негр» ці там «кітаец». Гэта, вядома, прыкмета часу, бо сёньня я не магу сабе ўявіць шведскай казкі, дзе адзіная магчымая роля для белага чалавека — быць каралём над чарнаскурымі абарыгенамі.
Дарэчы, пра экзатызмы. Мне падабаецца цалкам сюррэалістычная сцэнка, дзе Піпі расказвае пра кітайца Хай Шана. Хоць Піпі паказвае сябе ня вельмі добрай у дачыненьні да незнаёмай дзяўчынкі, але тут ёсьць цікавы падтэкст. Піпі зьдзекуецца з нормаў, з таго, як павінны выглядаць людзі, мужчыны, таты — з блакітнымі вачыма, ня тоўстыя і не худыя, не задоўгія і не закароткія, у чорных капелюшах і чорных чаравіках… На фоне такога высьмейваньня расказ пра Хай Шана з яго вушамі і ластаўчынымі гнёздамі на сьняданак — проста гімн мультыкультуралізму. Усё гэта разам з дастаткова тыповай дзіцячай «страшылкай» пра Пэтэра, які дагаладаўся да сьмерці («Можна сказаць, нічога страшнага ня здарылася!»), і сямнаццаць лысых, што прайшлі міма плячо ў плячо, стварае асаблівую атмасферу — казачную, жывую, літаратурную.
— Вядомая шведская літаратуразнаўца Ула Лундквіст, якая прыязджала на прэзентацыю кнігі пра Піпі ў Менск, сказала, што вывучаючы дзіцячую літаратуру ажно пяцьдзесят гадоў, ведае напэўна: Ліндгрэн нагэтулькі папулярная ва ўсім сьвеце, бо яна папросту найлепшая. Пры тым шведы маюць, відаць, найбагацейшую дзіцячую літаратуру ў сьвеце. Хто ідзе ўсьлед за Ліндгрэн? Каго трэба чытаць і перакладаць?
— Ого, ну й пытаньне… Ня ведаю, тут, пэўна слова «ўсьлед» ня самае дакладнае… Але побач з Ліндгрэн (плячо ў плячо?) сапраўды ідзе маса цікавых пісьменьнікаў і паэтаў. Уласна мне было б цікава паспрабаваць перакласьці Ленарта Хельсінга, паэта, якога ледзь ня «зьелі» ў свой час (шасьцідзясятыя гады мінулага стагоддзя) за дзіцячую кніжку пра Пекара Бенгтсана, якая заканчваецца прыкладна так:

Пекар Бенгтсан — у труне,
Пагарэў на бохане.
Вось ляжыць ён, пахаваны ў буханцы.

Гэта вельмі цікавы і красамоўны прыклад таго, як дзеці і дарослыя цалкам па-рознаму ўспрымаюць тэксты. Дарослыя баяліся, што дзеці будуць плакаць, прачытаўшы пра няшчаснага пекара, а дзеці, вядома, сьмяюцца.
— Гэта ваш першы досьвед перакладу дзіцячай літаратуры — як наважыліся? Было лёгка ці не? Як стасавалася гэтая праца (ці мо супярэчыла) з ранейшым літаратурным і перакладчыцкім досьведам?
— Наважыўся здуру вельмі лёгка і проста. Падалося, што тэкст гэты я ведаю добра — дзіцячая кніжка, напісаная простай, даступнай мовай, што тут такога? Ну а праца, як ужо казаў, сталася, вядома, вельмі цяжкай. Не таму, што яна супярэчыла ранейшаму досведу, зусім не. А таму што, перакладаючы для дзяцей і трымаючы ў галаве вядомую і згаданую тут асаблівасьць успрыманьня дзецьмі слова, вельмі цяжка было ісьці на тыя самыя кампрамісы. Бо, зразумела, пераклад яшчэ і кампраміс у тым сэнсе, што нешта даводзіцца з тэксту вы­крэсьліваць, нешта перапісваць, і тут ёсьць вялікая рызыка — а ну як выкрэсьліш тое, што табе падаецца другасным, а дзеткам важным?
— Ці зьмяніла праца над перакладам кнігі пра Піпі вашае жыцьцё? Ці гатуеце імберцавае печыва? Ці сталі страляць з пісталету? Як наконт ранішняй гімнастыкі?
— Здаецца, не. Прынамсі сакваяжу з грашыма дакладна няма. Імберцавае печыва я ня вельмі шаную. Як і пісталеты, і ўвогуле зброю… З ранішняй гімнастыкай, асабліва з кулькамі — поўны завал… Думаю, што я нашмат больш нудны персанаж, чым Піпі.