12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзмітры Плакс

_____________________
Фрост.
Вершы


***

чорныя слупы працярушваюць пласты паветра што натапырваецца ў адказ неба нахіляецца над маленькімі чорнымі рыскамі

***

раніцай ішоў дождж і грыбы раслі так моцна так прагна прарываліся праз мох што на іх карычневых алеістых галовах заставаліся глыбокія шрамы ніткі травы вусы імхоў лопаліся з ціхім напружаным звонам і цяжкія ствалы дрэваў невідушча дыхалі слаба хістаючыся ў шэрай імжы

***

суніца цяжкай кропляй цягнецца да зямлі да зялёнай мяккай травы хоча прытуліцца прыціснуцца шчочкай зялёнае лязо рассекла твой палец тры бурбалкі сліны дапамогуць

***

ліпучыя ніткі робяць прастору мішэнню твар маршчынее сеткай прастора ўздыхае выдых

***

хваля зеляніны з чорнымі праваламі задыхаецца на падыходзе да шашы як каханне старога чые рукі дрыжаць ужо не ад жадання а так па звычцы чорная ластаўка на блакітным скамечаным фанціку пакідае ў роце салодкае прадчуванне таннага свята даступнага ўсім спрадвечнай прастэчай натуральны абмен

***

крык прамерзлай травы здранцвелы крок застылы ў нерашучасці рух белага усё ж такі крок

***

сонца б’е знізу з паверхні вады не чакаючы пакуль ты падрыхтуешся звузіўшы зрэнкі прыжмурышся прыкрыеш вочы пяціпальцым брыльком застаецца толькі сціснуць зубы і цярпець радуючыся гэтаму болю болю ад якога так добра на душы

***

чырвоныя рабіны моршчацца ад марозу шчакою старой утульна хаваюцца ў жоўтых кропчатых каўнерыках чорная пацірка вока сініца чырвоная ягада сняданак

***

шэпт чуваць за кіламетры вусны варушацца павольна выпускаючы пару слоў вертыкальна ў неба як патаемны сігнал неба празрыстае яго няма ёсць толькі адлегласць

***

Пара пласт блакітныя жылы ўздымі ў блакіт цеплыню праз чырвонае золата павек цераз раз рэз упоперак па-над у нутр гэтага чырвонагазнутрыблакітнагазвонку
пра зры мерз ста ла га жа ру