12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Плотка

_____________________
Шлю паштоўку арыштанту.
Вершы


Водарам

Водарам,
А не кветкай
Застацца добра ў вяках!

Гонарам
Чужым дзеткам
Дрэўкам, што ганьбіць сцяг

Гоманам
Па-над лёсам
Сваім і чужым, бо ты -

Колерам
Занябёсным,
Не першым і не другім

Талерам
Неразменным,
Якога ў кішэні няма

Возерам
Неабсяжным,
Бязводным, дзе плыць дарма

Берагам
Запаведным,
Які не ўбачыш у снах

…Водарам,
А не кветкай
Застацца добра ў вяках!


…назаўтра была зіма

Ці ўсё мы сказаць паспелі?
…назаўтра была зіма…
Хісталі жыцця арэлі
…хісталі кагось дарма…

Хісталі жыцця дарогі
Шырока, на ўсе бакі
Маўкліва ведалі ногі
Што трэба ісці напрасткі

Паснулі Купала і Колас
Над светам сапе вайна
Гукайма ж вясну ўголас!
…назаўтра была зіма…


1937

шлю паштоўку арыштанту
пішу шэптам і з пашанай
штандар шэры над кляштарам
шлю паштоўку арыштанту

шлю паштоўку арыштанту
на паштамце шалясценне
аркушоў і шапаценне
шлю паштоўку арыштанту

шлю паштоўку арыштанту
шэльмы шэльмаў шкваркай лашчаць
штольні душаў нібы пашчы
шлю паштоўку арыштанту

шлю паштоўку арыштанту
плошчы нашы нібы прошчы
шчокі нам на шчасце хвошчуць
шлю паштоўку арыштанту


Калоны

пешшу
ісці
дадому

несці
свой крыж самому

лепшым
гасцям
садому

вершы
наўсцяж
калонаў


Даруй мне, мама

Даруй мне, мама, што не стаў інжынерам
Даруй мне, мама, што не стаў афіцэрам
Бо інжынераў і афіцэраў
Тут да халеры заўжды

Як хаваюць паэтаў – не чутна стрэлаў
Як хаваюць паэтаў – не чутна гімнаў
І толькі ціха, з зямлёю побач
Пачуеш – звіняць званы…


Вецер і вярба

Ці кахаў ён яе? Вядома – кахаў!
Гэта ведалі ўсе. Не было гэта простым
Вецер лісце-далоні яе калыхаў
Вярба пела яму, усцілаючы ростань


Келіх віна

Келіх віна, салата, брынза:
Сам на сам сёння,
Danke schön!
Мая вайна апошняй гільзай
чарговы выпусціць патрон

І на паклон я крочу моўчкі
Бы ў палон да думкі той,
Што пляц свой самі робім творчым.
Jedem das Seine…
Зранку – бой!


Муза

Ты ніхто
І я ніхто
Так камфортна
Быць на роўных

Ты ніхто
І я ніхто
Хопіць песень
Памяркоўных

Мая муза п’е штоночы
Твар у твар вочы ў вочы
Так прыемна быць на роўных
...ты ніхто і я ніхто

Ты ніхто
І я ніхто
Жнівень. Ранак
Шклянка піва

Ты ніхто
І я ніхто
П’яны ганак
Будзь шчаслівай

След бензіну на асфальце
Дайце волі, курвы, дайце!
Так прыемна быць на роўных
...ты ніхто і я ніхто

...Мая муза п’е штоночы
...Твар у твар вочы ў вочы
...Мая муза п’е штоночы
... ты ніхто і я ніхто....


Наша альтанка

А ты даруй нам, дзед Васіль,
Не ўсё мы, пэўна, зразумелі
Жаўцее восень. Еду. Стыль
Жыцця майго, нібы арэлі

А ты даруй нам, дзед Рыгор,
Мы ў гэтай восені шукаем
І рай і вырай. За бугор
Таксама нехта адлятае

Даруй, дзед Фёдар, што сышлі
Зямлі так мала зналі пальцы.
Ды дрэвы песняй прараслі
Шумяць у нашае альтанцы

Паранойя.BY

лiнiя
высакавольтная
уздоуж iдзе
моўчкi еду я

лiнiя
мой цягнiк нясе
хто я ёсць?
i цi гэта я?

лiнiя
па далонях прэч
кожны дзень
маю рацыю

лiнiя
метамфетамiн
модны дзэн
канспiрацыя

лiнiя
гарызонтам ёсць
твой канал
тэлевiзiя

лiнiя
i вакол вачэй
марны час
межы лiнii

лiнiя
ты заусёды сам
кожны дзень
маеш рацыю

лiнiя
метамфетамiн
модны дзэн
канспiрацыя