12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марцін Полак

_____________________
Мёртвы ў бункеры.
Апавяданьне пра майго бацьку



Пераклад
з нямецкай
Веры Дзядок.
Пераклад
зьдзейсьнены
ў межах
праграмаў
Інстытуту
імя Гётэ
ў Менску



Раньнім летам 2003 году мы з жонкай паехалі ў Паўднёвы Тыроль, да перавалу Брэнэр, каб адшукаць бункер, у якім 56 гадоў таму быў знойдзены мёртвым мой бацька. Ён быў расстраляны. Я хацеў больш даведацца пра абставіны сьмерці і пра прычыны, што прывялі яго ў Паўднёвы Тыроль. Я цягнуў з гэтымі росшукамі на працягу гадоў, магчыма, дзеля несьвядомага пачуцьця боязі сутыкнуцца ў пошуках сьлядоў на рэчы, якія б пераўзышлі мае і без таго дрэнныя чаканьні. Адно я ведаў з самага пачатку: яго гвалтоўная сьмерць была сконам жыцьця, у якім гвалт адыгрываў важную ролю.
Мы дамовіліся на сустрэчу ў Госэнзасы ў кавярні на рынкавай плошчы з адным чалавекам, які абяцаў дапамагчы у пошуках бункера. Петэр Казэрмастак, паралельна ён займаецца дасьледаваньнем італьянскіх умацавальных лініяў уздоўж мяжы каля Брэнэра, ён сам валодае адным з такіх адслужылых бункераў, з якога зрабіў мастацкую майстэрню для перформансаў і інсталяцыяў. Ад яго мы даведаліся, што на італьянскім баку Брэнэра ёсьць больш за 50 бункераў і казематаў, якія з 1936 да 1942 году былі пабудаваныя па загадзе Мусаліні як sbarramento di Brennero – заслона на Брэнэры, скіраваная супраць Германіі і Аўстрыі; у ваенным сэньсе гэтыя збудаваньні, відаць, не адыгрывалі ніякай ролі. Мясцовыя жыхары, якіх мы запытваліся, ведалі гісторыю пра нябожчыка ў бункеры; у свой час пра гэта шмат гаварылі, але дзе гэта было, ніхто ня мог згадаць. У гэтай мясцовасьці шмат бункераў, казалі яны, а гісторыя была так даўно. Нарэшце мы выпадкова натрапілі на немаладога мужчыну з круглым ружовым дзіцячым тварам, які змог даць нам правільную падказку. Ён жыве, як сказаў, недалёка ад таго бункера; ягоны бацька часта распавядаў пра тое, як знайшлі труп. Гэтая падзея ў свой час усхвалявала ўсю даліну, хаця адразу пасьля вайны людзі былі дастаткова спустошанымі. Спачатку ён не хацеў выдаваць месцазнаходжаньне бункеру; яго бацька, так ён тлумачыў, забараніў яму казаць пра гэтыя падзеі, бо праз гэта ён толькі апячэ сабе язык. Пры гэтых словах ён зрабіў злую усьмешку, як дзіця, якое знаходзіць задавальненьне ў тым, каб трымаць у няведаньні і трымценьні іншых, але Петэр Казэр не здаваўся, пакуль той ня выдаў бацькаву інфармацыю.
Мы дабраліся да ўказанага месца на вузкай вуліцы, што ішла паралельна аўтабану: яно знаходзілася ў полі бачаньня чыгуначнай станцыі на перавале Брэнэр. З аўтабану даносілася, то нарастаючы, то спадаючы, гудзеньне, узмоцненае адхонамі гары, што дзейнічалі як рупар. Каля дарогі была роўная паласа, забалочанае поле, за ім лес абрывіста ўзьбіраўся на схіл, піхты і лістоўніцы, паміж іміалешыны і бярозы. Праз некалькі крокаў мы зачапіліся за іржавы калючы дрот, схаваны між тоўстымі лістамі баршчэўніка і бадзяку, які выглядаў як частка пышнай расьліннасьці. Мы на правільным шляху, сказаў Петэр Казэр: дзе калючы дрот, там недалёка бункер. Мы абышлі высокую крапіву, цёмныя астравы ў сьветла-зялёнай траве, з кожным крокам мы адганялі хмары маленькіх камароў з гушчару. На супрацьлеглым схіле гары худы мужчына абкошваў шырокімі рухамі пакаты луг, ягонае загарэлае цела блішчэла ад поту. Ён зьняў сваю белую кашулю і паклаў з краю лугуздалёк яна выглядала як сабака. Пад соснамі на ўскрайку лесу стаяла бляшаная шыльда з выгаралым двухмоўным надпісам: “Proprieta militare. Accesso vietato. Вайсковае ўладаньне. Уваход забаронены”. Мы падыйшлі да нізкага зарослага каменнага муру, за ім была ніша ў скале, у якой зьзяў вертыкальны разлом: адкрытая на шчыліну брама, па-мастацку зробленая з шэра-зялёных плітаў шклотканіны, з выступамі і паглыбленьнямі, так што пры беглым позірку можна было прыняць яе за парослую скалу. Брама адчынілася на дзіва лёгка. Усё гэта мела ў сабе нешта ад уваходу ў старамодны атракцыён жахаў, толькі што тут мы стаялі на прыродзе, у падножжы густа зарослага схілу. Брама вяла ў маленькае памяшканьне, два на два метры, зарослыя мохам, вільготныя бетонныя сьцены, столь таксама са шклотканіны. У пярэдняй сьцяне былі дзьверы з пафарбаванага ў зялёны колер металу, умацаваныя тоўстымі кратамі-палкамі, на вышыні вачэй вочка, зробленае з жалезнай платы. Дзьверы былі зачыненыя, звараныя з рамай. Мы стаялі перад бункерам, у якім 4 красавіка 1947 году быў знойдзены труп майго бацькі.
Мы пахадзілі па лесе, шукаючы магчымы іншы ўваход. Большасьць вайсковых бункераў, тлумачыў Петэр Казэр, з прычынаў бясьпекі мелі два ўваходы. Зямля, пакатая, густа пакрытая іголкамі, была сьлізкая, мы хапаліся за нізкія галінкі, каб утрымацца. Цёмны выступ у лесе, за дзе­сяць метраў над уваходам, аказаўся часткай бункеру. Бетоннае кальцо, што ўздымалася з зямлі на вышыню трох далоняў, над ім заржавелая выпукласьць за кратамі шчылінаў для вачэй, з якіх на нас патыхнуў пах цьвілі. Назіральны пункт. З гэтага месца раней можна было праглядаць усю даліну аж да аўстрыйскага боку, цяпер высокія сосны засьцілі прагляд. Пазьней мы знайшлі ў кнізе пра абарончыя збудаваньні на Брэнэры план бункера, які быў пазначаны якЗбудаваньне 2, частка 2, бункер сярэдняга памеру, укамплектаваны двума кулямётамі і адным гранатамётам”. Другі ўваход мы не знайшлі, толькі стары заняпалы шлях, задзічэлы кустоўем і дрэвамі. Ад дарогі да ўваходу ў бункер было, можа быць, метраў трыццаць-сорак адвесна уніз па гары праз лес, пэўна, было няцяжка незаўважна сьцягнуць уніз нежывое цела. Напэўна, застрэлілі майго бацьку ўверсе на дарозе.
Труп быў знойдзены ў нядзелю жонкай італьянскага чыгуначніка, што служыў на Брэнэры. Яна з мужам і сынам рабіла шпацыр у кірунку Albergo al lupo, карчмыУ брэнэрскага воўка”. Хлопчык адчуў сярод дрэваў нешта незвычайнае, магчыма, штучная брама ў скалу і тады была адчыненая. Ён палез праз глыбокі сьнег, каб разьведаць, а маці пайшла за ім. Чаму яна ўвайшла ў бункер, які ў той час яшчэ стаяў адкрыты, – з цікаўнасьці альбо праз тое, што нягледзячы на зімовы холад, у паветры ляжаў пах тленьня, – мы ня ведаем. Адразу за ўваходам яна натыкнулася на труп. Выкліканыя да месца знаходкі карабінеры адразу пастанавілі, што гэта было забойства: на целе знайшлі тры раны ад стрэлаў, два ў галаву і адзін у грудзі, труп відавочна ляжаў у бункеры доўгі час. Перад уваходам былі знойдзеныя некаторыя рэчы і паперы, якія, меркавалася, належалі нябожчыку, сярод іх аўсвайс фольксдойчэ, выпісаны на імя Франца Гайера, рабочага са славенскага гораду Кршко, па-нямецку Гуркенфэльд; грошай ці каштоўных рэчаў ён пры сабе ня меў. Ужо пры першым расьсьледаваньні ўзьніклі сумневы ў ягонай асобе. У яго была маленькая татуіроўка на ўнутраным баку левага перадплечча і шнары на тварывядомыя ў бючых студэнцкіх карпарацыях якрубцы”. Гэтым ён ня быў падобны да працоўнага. Запыты ў паліцэйскіх установах у Інсбруку далі вынік, што пасьведчаньне асобы было падробнае, мёртвы быў не рабочым з Гуркенфэльду, а аўстрыйцам доктарам Герхардам Бастам, штурмбанфюрэрам СС, народжаным 12 студзеня 1911 году ў Готшээ, Югаславія, які жыў у Амштэтэне ў Ніжняй Аўстрыі. Федэральнае ўпраўленьне паліцыі ў Лінцы расшуквала яго як вайсковага злачынцу, бо ён доўгі час узначальваў гестапа ў Лінцы. Мой бацька.

Пякарня і кандытарская Юліюса Эксэля на галоўнай плошчы Амштэтэна, якая ў 1943 годзе, паводле некаторых зьвестак, пастаўляла сьвежыя булачкі і марозіва ў турму арыштаваным нацыстам, зьяўляецца доказам жывучасьці местачковага сьвету. Яна перажыла хрысьціянскую саслоўную дзяржаву, Трэці рэйх і пасьляваенны час, яе прадукты па-за часам. І для мяне таксама кандытарская была сталым прыпынкам у Амштэтэне. Бабуля вадзіла мяне туды, і я павінен быў кожнага разу рабіць перад фраў Эксэль прыгожы паклон, за што яна выдавала мне порцыю марозіва з вяршкамі і вафлі. “У Эксэля”, як называла кандытарскую мая бабуля, хаця я заўсёды бачыў толькі старую спадарыню, – была першым прыпынкам на турнэ візітаў па дзелавым сьвеце Амштэтэна, якія я рабіў за руку з бабуляй. Гэта было ў канцы саракавыхпачатку пяцідзяесятых гадоў. Мяне вадзілі ад аднаго дому да другога, ад кандытарскай Эксэля да аптэкіДобры алень”, кіраванай братам Вольфа Мітэрдорфэра, і далей па розных крамах, наз­вы якіх я забыўся, каб паўсюль прадстаўляць знаёмым і сябрам бабуліспрэс колішнім нацыстам, як я потым даведаўся, – адным і тым жа сказам: “Гэта сын Герхарда”.
Гэтыя словы выклікалі захапленьне, якое нават дзіця малодшага школьнага ўзросту ўспрымала як відавочна падробнае: мяне гладзілі па галаве, па шчаках, многія жанчыны нават спрабавалі мяне цалаваць, што было мне гідкім, да таго ж гэтыя ўскрыкі, калі я ўжо падрос, “як падобны ён да бацькі!” і так далей, пры гэтым у жанчын, у тым ліку ў бабулі, ад чульлівасьці зьяўляліся сьлёзы ў вачах. Я цярпліва гэта ўсё пераносіў, бо пасьля непажаданых пяшчотаў часьцей за ўсё мяне вабіла ядомая ўзнагародая быў пражэрлівым дзіцем і мяне было лёгка падкупіць. Потым яны пачыналі напаўголасу над маёй галавой гаварыць пра Герхарда, якім зухаватым, шанаваным, прыстойным ён быў і як абыйшоўся з ім лёс. Гэта мяне мала цікавіла, бо з імем Герхард я нічога ня зьвязваў. Я ня думаю, што ў той час мне паказвалі фотаздымак бацькі, ня кажучы пра тое, каб хто-небудзь мне растлумачыў, чаму ў мяне быў бацька ў Лінцы, які жыў, быў жанаты з маёй маці і абыходзіўся са мной як са сваім біялагічным сынам, і другі ў Амштэтэне, які, вынікала, быў мёртвы. Да дванаццаці ці трынаццаці гадоў ніхто не палічыў патрэбным распавесьці мне пра гэтыя заблытаныя сямейныя стасункі. Ні мая маці ў Лінцы, ні бабуля ў Амштэтэне, ні хто-небудзь іншы. Я і сам тады ніколі не ламаў галаву над гэтымі загадкавымі стасункамі, я проста прыняў іх, як яны былі, і баста. Ясна, што у нейкі час я даведаўся, як выглядалі справы, што мой сапраўдны бацька памёр, што яго звалі Герхард Баст, што ён быў родам з Амштэтэна, дзе жылі любімыя дзядуля з бабуляй, якія былі толькі ў мяне аднаго, мае старэйшыя брат і сястра ў Лінцы іх ня мелі. Я думаю, мне было чатырнаццаць, калі маці ў асьцярожных словах мне намякнула, чым мой бацька займаўся ў вайну: СС, гестапа, гэта ўжо само па сабе было шокам, ад якога я, праўда, хутка адыйшоў, дэталі яна мне не распавядала.
Калі цябе хтосьці будзе пытацца, што рабіў твой бацька, кажы, што ён быў дарадцам ураду, навучала мяне мая бабуля. Я даведаўся ад яе не нашмат больш. Але гэта была ня толькі яе віна, я мог бы яе запытацца. Я гэтага не зрабіў.
У нас не задавалі пытаньняў, у гэтым была праблема.
Калі бабуля вадзіла мяне, як маленькага лорда Фантлероя, па Амштэтэне, каб з гонарам паказваць і сюсюкаць, мяне гэта абцяжарвала; з іншага боку, я атрымліваў задавальненьне ад увагі дарослага сьвету і порцыяў марозіва з вяршкамі, якія падчас нашых візітаў несумненна выпадалі мнеа напрыканы марцыпанавая бульба. Яна кожны раз была апагеем, які вянчаў наш паход па маленькім горадзе, аднак яна была ня ў Эксэля, а ў іншай кандытарскай, у Гарна, дзе мяне больш нікому не прадстаўлялі, там я быў, так бы мовіць, інкогніта. Пра амштэтэнскія бульбіны з марцыпану, абваляныя ў парашку какао шарыкі, звонку слой марцыпану, з насечкамі, каб яны выглядалі як сапраўдныя смажаныя бульбіны, потым бісквіт, а ўсярэдзіне тлусты цёмны крэм, – я яшчэ і сёньня згадваю з настальгіяй. Бабуля, якая песьціла мяне бяз меры, дасылала любімаму ўнуку бульбіны з марцыпану нават у інтэрнат.
Што датычылася яе самой, яна была неверагодна эканомнай. Калі мы ішлі ў карчму, што здаралася рэдка, яна заказвала мне шніцэль, а сабе пусты суп з ялавічыны, і больш нічога. Яна была без прэтэнзіяў, але яе было ня так лёгка задаволіць. Я яшчэ памятаю, як няёмка мне было, што яна кожнага разу адсылала суп назад, бо ён быў ці халодны, ці перасолены, ці яшчэ чаму-небудзь неспажывальны. Гэта немагчыма есьці, казала яна строга, і афіцыянт бяз спрэчак забіраў талеркубабуля была ўладарнай жанчынай, і яе паўсюль паважалі.

Да канца кастрычніка 1944 году нямецкім падразьдзяленьням пры дапамозе аператыўных групаў і аддзелаў войскаў СС удалося падавіць славацкае паўстаньне, але паўстанцы не капітулявалі, а працягвалі партызанскую вайну ў гарах. 16 студзеня 1945 году члены зондэркаманды 7а з падтрымкай роты Білербэка шукалі партызанаў і схаваных габрэяў у населеных пунктах у горным раёне Донавалы, на поўдзень ад Ружамберака. Горныя вёскі ляжалі ў сьнезе. На хутары Булы ў доме Караліны Булавай, у роўнай з зямлёй, збудаванай з неапрацаваных камянёў хаціне, знайшлі семярых габрэяў. Іх разам з Каралінай Булавай спалілі жыўцом у хаце. У хаце Францішкі Булавай, якую аднавяскоўцы называлі Рэгінай, таксама перахоўваліся габрэі. Іх расстралялі. Гэтую хату таксама спалілі. Гэтак жа немцы зрабілі з вёскай Полянка, дзе яны ў Францішка Булы знайшлі некалькіх габрэяў, якіх расстралялі разам з Лінай Булавай, жонкай Булы. Усяго ў гэты дзень быў закатаваны 21 чалавек.
Калі я прыехаў ў Донавалы, я шукаў на могілках, што знаходзіліся пры дарозе, магілы Караліны і Ліны Булавых. Я ішоў па шэрагах выкутых з жалеза крыжоў і надмагільляў, на многіх былі імёны Була ці Булава і да іх набожныя выразы кшталтам “Nech je im zem slovenska l’ahka!” (“Няхай ім будзе мяккай славацкая зямля!”). Магілы дзьвюх мужных горных сялянак я не знайшоў. Скручаны стары мужчына нёс у жоўтай пластыкавай палівачцы ваду да сьвежага магільнага грудка, кутом вока я бычыў, што на драўляным крыжы было напісана прозьвішча Булава. У старой частцы могілак ляжалі іржавыя крыжы ў высокай траве, час і дажджы змылі з шыльдаў імёны.
Я сеў на ўслон пры могілках і дастаў пратакол, які я знайшоў у архіве ў Банска Быстрыцы. Ён быў складзены 18 студзеня 1945 году ў Донавалах у прысутнасьці старшыні абшчыны Антона Лонгаўэра, мясцовага сьвятара Войцэха Камбалы, дырэктара пачатковай школы Рудольфа Сундэрдзіка і простага жыхара Донавалаў на імя Людвік Мяртуш, каб устанавіць асобы людзей, забітых два дні таму. Неспрактыкаваныя аглядальнікі трупаў запратакаліравалі ўсе відочныя прыкметы жудасна зьнявечаных чалавечых парэшткаў, якія ляжалі перад імі ў сьвежым студзеньскім сьнезе.
Колярава, рост каля 145-150 см, цёмнаскурая, чырвоная кашуля, гаворыцца ў дакуменце, каля 35 гадоў, рэлігія ізраэліцкая. Пры ёй не было ніякіх асабістых дакументаў. Яе сын і муж таксама былі сярод забітых, сына расстралялі ў піжаме, як паведамляе пратакол. Асоба мужа Коляравай магла быць устаноўленая толькі з пэўнай імавернасьцю, настолькі абвугленым быў труп. Габрэйка Юлія Заірынгерава з Браціславы ў момант сьмерці была апранутая ў сукенку колеру кавы і такога ж колеру жакет. Яна была застрэленая ў хаце Францішка Булы. Імя некаторых памерлых ня мог назваць ніхто з жыхароў вёскі. Было двое мужчынаў, адзін ростам каля 170 см, другі, на целе якога былі лахманамі рэшткі чорнага строю, трошкі большы, потым дзяўчына, каля 150 см, і жанчына з паліто і ботамі на нагах, больш пра іх не было чаго напісаць.
Пані Млынарава, маці вядомага доктара з Прэшава, была апранутая па сьмерці ў зялёныя доўгія панчохі, яе таксама расстралялі ў хаце Францішка Булы, гэтак жа як безыменнага мужчыну з каштанавымі валасамі прыкладна 35 гадоў і сівую жанчыну, чый узрост сьведкі ацанілі ў 50 гадоў. Па зьвестках жыхароў вёскі, у хаце Булы хаваліся бабуля і сямейная пара з двума сынамі. Усе забітыя былі габрэйскай веры, за выключэньнем дзьвюх сялянак, якія, аднак, не ляжалі ў сьнезе перад перапужанымі жыхарамі вёскі, паколькі іх асобы былі ўстаноўленыя. З дзевятнаццаці габрэйскіх ахвяраў былі ідэнтыфікаваныя толькі трынаццаць, потым мёртвых перавезьлі на поле селяніна з Полянкі, якое мясцовыя жыхары называлі Палянай лесьніка, і там пахавалі ў агульнай магіле.
Я пайшоў назад да сваёй машыны. Была нядзеля, Донавалы былі як вымерлыя, над блізкім схілам гары шырокімі коламі кружлялі з наракальнымі крыкамі два канюкі. У зеляніне зімовых лясоў тут і там мігцелі, як жоўтыя факелы, жаўранкі.

У канцы студзеняпачатку лютага 1945 зондэркаманду 7а перанакіравалі ў Жыліна, па-нямецку Зільляйн, на паўночны ўсход ад Ружамберака. Перш чым каманда пакінула Ружамберак, цягам некалькіх акцыяў былі ліквідаваныя зьняволеныя турмы, разьмешчанай у старым замку. Усё было тое самаеу Расіі, у Польшчы, у Славакіі: перад адступленьнем забівалі зьняволеных, зондэркаманда пакідала пасьля сябе спаленую зямлю і масавыя пахаваньні. 20 студзеня 22 зьняволеных, схопленых паўстанцаў і партызанаў, сярод іх дзьвюх маладых жанчын, прывезьлі з Ружамберака ў вёску Ліскава за чатыры кіламетры ад яго і расстралялі там пры зарослым лесам пагорку з назвай Мэдзіградкі. 26 студзеня ў лесе паблізу вясковага прадмесьця Лікаўка былі расстраляныя адзінаццаць зьняволеных, трупы былі знойдзеныя мясцовымі жыхарамі і пахаваныя на вясковых могілках. 2 лютага, большая частка каманды была ўжо ў Жыліне, іншых чатырнаццаць зьняволеных завезьлі ў вёску Лучкі, што знаходзілася на паўднёвым усходзе ад Ружамберака, і забілі стрэламі ў патыліцу ў лясочку, вядомым пад назвай Шыарэ. У самім Ружамбераку таксама адбываліся расстрэлы.
У маі 1945 годуЧырвоная армія ўжо вызваліла горад на ВагуЖылінау двары старога замку было зробленае жудаснае адкрыцьцё. Адступаючы ў сьпешцы, немцы пакінулі масу сьмецьця. Адзін з афіцэраў загадаў раскапаць яму, каб выдаліць сьмецьце. Адкапаўшы трохі, натрапілі на часткі вопраткі, абутку, посуд, заплечнікі і іншыя рэчы, а пад гэтым слоемна апранутыя трупы, якія былі пакладзеныя ў яму ў два слаі, галовы аднаго слоя пры нагах другога, каб эканоміць месца; на жаргоне зондэркамандаў гэта называласятэхнікай сардынаў”. Усе нябожчыкі ляжалі тварамі ўніз. Усяго было знойдзена 22 трупы, сярод іх чатырнаццаць жаночых і восем мужчынскіх. Доктар пастанавіў, што ўсе былі забітыя стрэлам у патыліцу; мяркуючы па ступені гніеньня, яны павінны былі праляжаць у яме пару месяцаў. Напэўна, яны былі расстраляныя ў сьнежні 1944 ці студзені 1945 у сутарэньнях замку, якія служылі турмой, і дзе на сьценах былі знойдзеныя сьляды крыві і дзіркі ад куляў. Узрост забітыя мелі, паводле ацэнак, ад сямнаццаці да пяцідзесяці гадоў. Усе мужчыны былі бясспрэчна габрэйскага паходжаньня, пра жанчын гэта можна было сказаць імаверна паводле іх выгляду. Вопратка забітых была добрай якасьці, з чаго было вырашана, што яны належалі да сярэдняга класу; асабістых дакументаў знойдзена не было, толькі такія асабістыя рэчы, як зубныя шчоткі, тэрмас, прыборы для галеньня, тытунь і так далей. Для магчымай ідэнтыфікацыі камісія запісала тыповыя прыкметы пра кожны труп, такія, як будова цела, колер валасоў, шнары, і ад вопраткі былі аддзелены маленькія ўзоры тканін, якія паклалі ў папяровыя пакецікі і пранумаравалі. Пакецікі і апісаньне мёртвых былі перададзеныя ў мясцовае аддзяленьне паліцыі. Кожны труп пазначылі нумарам пакеціка са зьвесткамі, каб можна было зрабіць эксгумацыю пасьля магчымай ідэнтыфікацыі роднымі. Пасьля гэтага ахвяраў пахавалі ў прысутнасьці рускага каменданта гораду маёра Шмялькова і рабіна родам з Польшчы Ізраэля Ляйхтэра на габрэйскіх могілках у Рыбарполі, прадмесьці Ружамберака, у дзьвюх масавых магілах. Пасьля таго як рота дала тры залпы над магіламі, рабін прачытаў псалом.
З 22 знойдзеных ахвяраў ніхто ня быў ідэнтыфікаваны, з чаго вынікае, што іх блізкія і сябры таксама пайшлі з жыцьця.

У Жыліне зондэркаманда 7а стаяла прыкладна чатыры тыдні. У гэты час майго бацьку засьпела вестка пра тое, што яго ўзнагародзілі Крыжам вайсковых заслугаў першага класу з мячамі, а ў пачатку сакавіка яго частку накіравалі ў Сеніцу, у тое самае месца, у якім сем месяцаў таму частка пачала аперацыю ў Славакіі. Чырвоная армія нястрымна набліжалася, на поўначы на перавале Дукла, на ўсходзе праз Карпаты; партызаны таксама ўзмацнілі сваю дзейнасьць. Нямецкія падраздзяленьні і іх славацкія саюзьнікі пачалі падрыхтоўку да ўцёкаў. У нейкі з дзён сакавіка 1945 году зондэркаманда адступала з Сеніцы ў кірунку Брна, дзе была распушчана. Частка людзей была адпраўленая ў Прагу, іншая частка ў Зальцбург, на падтрымку таго авеянага легендаміАльпійскага ўмацаваньня”, якое насамрэч існавала толькі ў фантазіі Гітлера і ягоных апошніх прысьпешнікаў. Мой бацька паехаў у Лінц: атрымаў ён адпаведны загад ці выпісаў яго сабе сам, – гэтага я ня змог устанавіць на падставе дакументаў, якія меў.
Расстрэлы, эксгумацыі, пратаколы з дэталіраванымі апісаньнямі трупаў, якія былі паднятыя з масавых пахаваньняў ці знойдзеныя непахаванымі, у старым замку ў Ружамбераку, пры гары Мэдзіградкі, у лясочку Шыарэ пры Лучках, на паляне лесьніка пры Донавалах; пералічэньне і сістэматызацыя сьмяротных ранаў, апісаньне знойдзеных пры мёртвых прадметаў вопраткі, паказанні сьведкаў, якія ў многіх выпадках зьяўляліся і забойцаміусе гэтыя арыгінальныя дакументы, рапарты, пратаколы допытаў і тлумачэньні да дакументаў, якія я насіў пры сабе і перачытваў зноў і зноў, стваралі ў маім уяўленьні размытыя вобразы, нібыта зарана выцягнутыя з праяўніка здымкі, на якіх пазнавальныя толькі абрысы, што астатняе пакідаюць фантазіі. У той час як я ў пошуках блукаў сярод зарослых магілаў на могілках у Донавалах, то тут, то там адхіляючы кусты расьлінаў, мне прыйшло дагалавы, што так выглядала ўся мая працая спрабаваў разгадаць нешта, што назаўсёды застанецца фрагментарным. У той момант я зразумеў, што ніколі ня будзе магчымым знайсьці адказ на пытаньне, якое мучыла мяне: як так магло адбыцца, што менавіта мой бацькасілай сваіх паўнамоцтваўдаваў распараджэньні аб гэтых злачынствах, магчыма, нават сам ужываў зброю. Бацька, штурмбанфюрэр, пра якога адзін з ягоных людзей праз некалькі дзесяцігоддзяў сьведчыў, што ён заўсёды паводзіў сябе гуманна. Гуманна. Што значыла гэта на мове злачынцаў?
Што было б, калі? Таксама і гэта самае бессэнсоўнае з усіх пытаньняў не дае мне спакою вось ужо шмат гадоў, з таго часу, як я паволі пачаў працу над гэтай кнігай, потым перапыніў, каб ізноў ўзяцца за яе. Што было б, каб? Каб мой прадзед, той Паўль Баст, які ў сярэдзіне 19 стагоддзя пераехаў з Рэйнланда ў Туфэр (Лашко), замест таго, каб узяць за жонку немку, узяў бы славенку? Калі б сямя славенізавалася, што ў гэтых краях часта адбывалася? Ці сапраўды ўсё пачалося ў гэтым маленькім кавалку Туфера у Ніжняй Штырыі, дзе супольнае жыцьцё немцаў і славенцаў вельмі рана было атручана ваяўнічым нацыяналізмам? Ці пазьней адбылося нешта, што прымусіла ўсю сямю пайсьці тым шляхам, прасякнутым нянавісьцю і гвалтам, які ў біяграфіі майго бацькі дасягнуў апагею?
Я знайшоў фатаграфію некаторых расстраляных, якіх жыхары вёскі Ліскава ў студзені 1945 году знайшлі пры гары Мэдзіградкі і пахавалі на мясцовых могілках. Я ішоў па выставе ў музеі Славацкага нацыянальнага паўстаньня ў Банска Быстрыцы. Я быў адзіным наведвальнікам, супрацоўнікі музею, які пад сваім дахам мае і архіў, адкрылі выставу адзіна для мяне. Наглядальнік ішоў за мной на некаторай адлегласьці, каб уключаць для мяне сьвятло ў кожным памяшканьні. На выставе былі паказаныя павялічаныя дакументы і фотаздымкі, уніформа, прадметы ўзбраеньня паўстанцаў і немцаў і перадусім зброя, ад самаробных пісталетаў і ручных гранатаў да кулямётаў і лёгкіх гарматаў. У вітрыне нумар 37 я ўбачыў сярод частак уніформы, старых пісталетаў і іншага ваяўнічага начыньня фотаздымак, пазначаны нумарам 18. Паводле подпісу да фотаздымку збоку вітрыны, ён паказвае людзей, якія былі расстраляныя ў студзені 1945 году чальцамі зондэркаманды 7а пры гары Мэдзіградкі.
На фотаздымку паказаныя галовы і верхнія часткі целаў некалькіх трупаў, дакладную лічбу нельга сказаць, паколькі яны часткова ляжаць адзін на адным. Галовывыпадкова ці паводле задумкіраскладзеныя ў форме зоркі. У цэнтры гэтага дзікага нацюрморту бачны твар прыгожай маладой дзяўчыны з цёмнымі валасамі; можна было б падумаць, што яна спакойна сьпіць, настолькі расслабленым здаваўся выраз яе твару, калі б іншы труп не ляжаў упоперак яе грудзей, з шырока разяўленым у немым крыку тварам. Па гэтым трупе нельга зразумець, мужчына гэта ці жанчына. На адлегласьці далоні ад галавы цёмнавалосай прыгажуні ляжыць галава іншага нябожчыка нявызначанага полу, абедзьве галавы дакранаюцца адна да адной амаль як галовы дваіх закаханых, якія ляжаць у траве і глядзяць у аблокі. Гэты труп, які паказвае зубы ў страшэннай грымасе, здаецца, наколькі можна бачыць, аголены, у той час як маладая жанчына і цела, што ляжыць на ёй, апранутыя ў сукенкі.
Упершыню я бачыў ахвяраў свайго бацькі і людзей, якім ён аддаваў загады; яны мелі твары, зьнявечаныя і прыгожыя.