_____________________ Новая зямля.
Вершы |
* * *
Закончыўся тыдзень русальны,
Бярозавы сьцішыўся гай.
У шолаху траў разьвітальным
мне чуецца подых «бывай…».
Мне мрояцца дзіўныя згадкі
Зусім нечаканых краёў:
У вобразах прывідна-вадкіх
Купаецца фауна сноў.
І сьмеху дзявочага рэха
Далей. І бліжэй да вады.
Вось плёскату сумнага ўцеха…
Вось нікнуць у рэчцы сьляды…
Што ў сэрцы маім застанецца?
Чаму так самотна яму?
Русалка прызыўна сьмяецца.
Ды толькі ня мне. А каму?
* * *
Спыніўся час.
Гадзіньнікі ідуць.
І воск астыў.
І сьвечка не згарае.
І мужыкі па-чорнаму
зноў п’юць –
Шчасьлівы той,
хто выпіць грошы мае.
Да хрыпаты,
да сталі ў галасах
Рашаюцца
сусьветныя праблемы.
А на зямлю
зноў падае раса,
і небасхіл
перамыкае клемы.
Каштоўны час.
Нашто яго лічыць?
Ідуць усе
гадзіньнікі у старасьць.
Далёка ТАМ
мы ўжо ня будзем жыць.
На гэта спадзявацца –
проста марнасьць.
Дык піце ж, мужыкі,
спыняйце час,
І гаварыце,
каб было цікава.
Такімі неба
хай запомніць вас,
Бо марна ўсё:
каханьне, грошы, слава…
* * *
Раніцай
расьцеш
у садзе.
Распускаеш галіны
і карэньне.
Марыш:
усё,
паўсюль,
заўсёды.
Вечарам
дрэмлеш
у полі.
Падаюць галіны,
сохнуць карані.
Разумееш:
нічога,
нідзе,
ніколі…
Новая Зямля
У космасе бяздонным
існаваньне
фізічнай абалонкі
ёсьць імгненьне,
якое пакідае
ці каханьне,
ці радасьць,
ці трывогу,
ці зьдзіўленьне…
У шчыльнасьці касьмічнай
нашы думкі
жывуць, як пчолы
ў сотах на вашчыне,
і час, што мае
уласьцівасьць гумкі,
іх вобраз лепіць
на планетнай гліне.
І кожнаму сваё
у гэтым сьвеце
пчаляр узважыць
цёплаю рукою.
І стане гліна —
толькі зорным сьмецьцем.
І стане думка
новаю Зямлёю.
* * *
Мы разьвітаемся
і застануцца толькі
словы,
што не знайшлі
шляхоў сваіх да вуснаў,
што ураган
узвышаных пачуцьцяў
перажылі
ў глухой затоцы сэрца,
што не змаглі
забыцца на умоўнасьць
звычайных сьцен
і той звычайнай столі,
што закрывае
сонца і нябёсы
і не дае
упасьці на зямлю
начному космасу.
А словы «я люблю»
павісьлі ў маўчаньні,
і разьвітаньне
холадам дыхнула…
|