12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Таццяна Прышчэпава

_____________________
Ужо мінула лета. Вершы


* * *

Кубак разбіты.
Шчасця кавалкі.
Чай недапіты.

Чэрвень – у вокны,
Люты – у сэрца.
Крыўды валокны.

Белыя кудлы.
Светлыя мары.
Слёзы – лахудры.

Сумныя думкі.
Моцныя рукі.
Бітыя кубкі.


* * *

А. А. Р.
Не здолела адмовіць Вам,
Не здолела пачуцці cцерці.
Я ветру думкі перадам,
Што прытуліліся ля сэрца.
Няхай між сосен ён ляціць
І там схавае летуценні.
Мне ж – толькі вочы апусціць
І папрасіць маўчаць сумленне…

* * *

Прасцяг нябёсаў сініх –
Абедзенны абрус,
Аблокі ў макасінах
І ветру доўгі вус.

На сонечнай паляне –
Рамонкаў ліхтары,
У сотах – мёд духмяны,
Сваволяць камары.

Раскошны луг зялёны
Смяецца лебядой.
Ківаюць ціха клёны,
Кудлатай галавой.

Спякотаю сагрэты
Асенні дзіўны сон...
Ужо мінула лета:
Рыхтуйце парасон.

* * *

Зарослай сцяжынай у полі,
Іду, затаіўшы слязу.
Хачу толькі добрае долі –
Да сонца прашэнне нясу.

Не трэба мне золата, грошай,
Бо хопіць прастору нябёс,
Вясёлкі ў аблоках прыгожай,
Што дождж у далонях прынёс.

Прашу, бо прасіць – то ж не ўкрасці,
А што людзям трэба ў жыцці:
Надзеі на Бога і шчасце,
Ды сцежкаю поле прайсці.

* * *

Калі жнівень у рукі збярэ свае зорныя ліўні,
Калі лета прашэпча на золку туманным: “Бывай!”,
Кіну сумны пагляд я на мілы куток незабыўны,
І пакіну свой ціхі, ды ўсё ж такі велічны край.

Паімчыць у бясконцую даль хуткі бег электрычкі,
Пралятаюць за вокнамі вёскі, палі і лясы.
Вось гаротныя вербы абняліся, нібы сястрычкі,
Распусцілі да самае рэчкі свае валасы…

Я, як тая ракіта, смуткую ўсё ў гэтай дарозе,
І ніколькі не вабіць сталічных агнёў мільгатня:
Мне ўсё хочацца бачыць, як дзесьці стаіць на парозе,
Захінуўшыся ў хустку, любімая маці мая.

Хоць пакрытыя вочы яе мітуслівай трывогай,
Толькі ўсё ж упрыгожыць усмешкаю стомлены твар,
І, як зачараваная, пільна глядзіць на дарогу,
Ёй цяпер усё роўна – ці снег на двары, ці пажар –

Яна будзе стаяць і шчэ доўга не зрушыцца з месца.
Мне пад позіркам гэтым не страшна любая бяда.
Яна будзе стаяць, але – трэба – і вернецца ў сенцы
Апрануцца цяплей і прыкрынуць разок на ката.

Ён жа, хітры, ўцячэ… Асыпаецца лісце з бярозы,
І пад покрывам гэтым ужо засынае зямля.
А я ведаю: будзе стаяць на парозе,
Захінуўшыся ў хустку, любімая маці мая.

* * *

Мы ішлі, раскідаючы жоўтае лісце нагамі,
У паветры стаяў дзіўны водар ад леташніх траў.
А між сініх нябёсаў, шырока махнуўшы крыламі,
Сумны жораў апошні у вырай ізноў адлятаў.

І яму не хацелася гэтай далёкай дарогі,
Не хацелася хмары магутным крылом рассякаць.
Ён ляцеў і за нас гучна клёкатам дзякаваў Богу:
Ты, як жораў, на шчасце, ніколі не зможаш лятаць.

* * *
Вы – сёння, Вы – заўтра і ўчора,
Вы – шчасце маё і праклён.
Вы – ярка бліскучыя зоры,
Вы – кветка з вясковых палёў.

Вы – дождж і грымота маланак,
Вы – сонца над дахам маім,
Расою акроплены ранак
І cцяг невядомых краін.

Вы робіце мне падарункі
(ах, як за вакном намяло!),
Я – Вам узамен – пацалункі.
Вы тушыце ціха святло...


* * *
Вы мне саступілі месца,
Усміхнуліся ласкава…
Болем зашчыміла сэрца:
Не запросіце на каву.

У кіно не сходзім з Вамі–
Нашы скончаны сеансы.
Думкі мнуцца пад нагамі,
Бо няма каханню шанцаў.

Нашы стоены жаданні:
Вы на працу, я да хаты…
І –усмешка ў развітанні,
І –пярсцёнак… Вы – жанаты!


* * *
Адна маланка на дваіх:
Мая – паэма, твой – трыпціх.
Грымоты гучныя ўначы:
Маё “чакай”, тваё “маўчы”.
Дажджы над Мінскам – нам з табой:
Тваё “бывай”, маё “пастой”.
Адна маланка – лёсаў шмат:
Я – сад вясной, ты – снегапад.

Маланкі адзінокі плач:
Я – “Дзверы там”, а ты – “Прабач”.