12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Натальля Пушкарова

_____________________
Нясьмелы дождж прайшоў...
Вершы

Накцюрн

Першы сьнег без цябе.
Срэбнай сон-павуцінай
Агарнула мой горад нечакана зіма.
Першы сон без цябе,
першы сум лебядзіны.
Першы крок ад цябе я зрабіла сама...

Лёгкай снежнай хадой
набліжаецца студзень,
Мае сьлёзы вісяць на карнізах тваіх...
Толькі сьнег, першы сьнег
ў сэрца падаць мне будзе
І сьляды засыпаць,
што нас помняць дваіх.


* * *

На ясенях пастэльных
Зьвілі гракі арэлі,
А потым на галінах
Каля майго вакна
Ліліся ў золак ціхі
Журліваю жалейкай
Сярэбраныя трэлі
Сівога салаўя.
Мне ж сьнілася альтанка
У жоўтым аксаміце,
Дзе грэліся на лаўцы
Два сумных вераб’і.
Я села побач з імі,
Спыталася:
— Што сьніце?
Яны мне адказалі:
— Сьпеў салаўіны сьнім...
І ў памяць адляцелі,
Як дзіўныя арэлі,
На ясенях пастэльных,
Каля майго вакна.
Ды я штоночы чую
Вясновую жалейку, —
Каханьня сьпеватрэлі
Сівога салаўя.


* * *

Ці то дождж прайшоў нясьмелы
І пакінуў крэйды пах.
Ці малюю фарбай белай,
Вось – аблокі на руках.

Я іду – ідуць і думкі.
Я бягу – яны бягуць.
Назьбірала думак – клункі,
Яны спаць мне не даюць.

Ці то дождж? Ці проста хмары?
У вакно скрозь сон гляджу.
Па вясёлцы-тратуары,
Крочаць людзі ўсьлед за марай,
Нібы кропелькі дажджу!

Варажба

Кахае – не кахае, кахае – не кахае,
Пялёсткі адлятаюць у розныя бакі.
Сьвітанкі дагараюць, мае гады зьбіраюць,
А я зьбіраю шчасьце на лузе ля ракі.

Рамонкі залатыя, як сонейкі малыя,
Глядзяць у маладыя нябёсы і маўчаць.
Карэньні сноў даўгія
заблудзяцца ў глыбінях.
І будзем слухаць мы — як зноў
песьні сноў гучаць.

Кахае – не кахае, хапае – не хапае
Мне словаў прабачэньня
для кветак лугавых.
Імгненьне і зьнікаюць.
Як хмаркі, адлятаюць.
Рукой ледзь-ледзь ківаюць.
І ўсё. Нябачна іх.