12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сьвятлана Раманава

_____________________
Веткаўская чайка.
Вершы

Было!

Люблю тое, у што веру,
а веру ў тое, што люблю.
Язэп Драздовіч.

А ці шчасьце было? Было!
Як дзіцятка ў райку расло!
Кветкі досьвіткам прачыналіся
і дню беламу адкрываліся…

А ці гора было? Было.
Калі чорным сьнегам мяло,
калі ў полі йшла, захлыналася,
калі мы з табой не спаткаліся.

А ці радасьць была? Была.
Рушніком вясёлка цьвіла.
Нехта песьціў мяне, бярог.
Уцякала зямля з-пад ног.

Ну а крылы былі? Былі.
Яны небам у снах плылі.
Фарбы высьнілі сто шляхоў,
трапяткую, як рунь, – любоў.

І дзівосы-цуды здараліся…
Аднадумцы разам зьбіраліся.
Фарбы з сэрца мастак праліў,
да паэта словы прыйшлі.

Колькі сонца было, сьвятла!
Я шукала сябе, знайшла.
Так хацелася новых дарог…
За руку вадзіў мяне Бог.


Трыялет

Ахвярую Феліксу Янушкевічу
Ракаў, ранак, Радзіма, ральля –
сэрца радасна крылы ўздымае.
Чуеш, мова да першавытокаў вяртае:
Ракаў, ранак, Радзіма, ральля.

Бачыш, мудры бог Сонца Ра
прывітаньне табе дасылае:
Ракаў, ранак, Радзіма, ральля –
сэрца радасна крылы ўздымае.


Веткаўская чайка

Ахвярую Ларысе Раманавай
Сястра мая па духу і крыві,
прасьветлена – прасьветлая у Ветцы.
Шляхамі неба па рудой зямлі
хадзіць табе нязмушана ўдаецца.

Свабоднай чайкай век табе лятаць
над Белай Русьсю – шчырым вольным сэрцам.
Сястра мая па духу і крыві –
прасьветлена – прасьветлая у Ветцы.

* * *

З гадамі
цела ўрастае ў зямлю,
а душа – у неба.


Раніцай, залітай сонцам…

Чародка чаек на вадзе,
бялявых, сьцішаных, нясьмелых, —
сьвятло няспраўджаных надзей
між дзён маўклівых і здранцьвелых.

Іду на працу. Красавік.
Траецкае прадмесьце Сьвіслач
купае ў сонечным сьвятле
і бласлаўляе сонцам чыстым.


Шлях

Ахвярую Уладзіміру Пракапцову
Мастак і вежа. І жыцьцё.
І вечны сьнег, бялюткі, першы.
І вечны пошук – адкрыцьцё
Радзімы духу – смагі сэрца.

Мастак і воля. І жыцьцё.
Мацнейшая за ўсё — ня зброя.
А веры крэпасьць – пачуцьцё
жывое, кволае такое.
Мастак і вечнасьць. І жыцьцё.
Раскрый свае, як можаш, крылы.
О, Божа, ты пачаў палёт,
дык блаславі ж на плён і шчырасьць.

Пакут – даволі. Быць хачу
шчасьлівым самым чалавекам.
О, споведзь-верш, цябе прашу,
о, фарбаў споведзь, — будзьце хлебам
для сьветлай чуйнае душы,
для духу моцнага людскога.
…Малітву шчырую вяршыць
свайму і роду, і народу.
Адна дарога.