12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Скокі сьмерці.
Гатычны раман

Сьвет добры. Сьвет мяне паўторыць.
Ну а ня сьвет – дык Беларусь.
Мне досыць.
Ул. Караткевіч.

Яны круціліся ў вар’яцкім карагодзе вакол ратушы ўжо дзясятую гадзіну. Неба зрабілася чырвоным, як распаленае жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасьць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад сьмерцю апошняга прычасьця, не хацелі пакідаць зямлю...
— Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..
Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы сьвіст. У моманты прасьвятленьня ўсьведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і сьветлы, як трысьнёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са сьпічастым каптуром; зьлева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я… І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама сьмерць… А хіба ня так? Нехта паспрабаў вырваць Анэту з людскога кола… Голас Богуша гучаў зусім побач:
—Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!
Не, ня ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі… Імчаць, імчаць па коле… Але яна ня можа… Ня можа больш… Упасьці… Стаць зямлёй… Пылам пад чужымі нагамі…
На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.
—Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!
Пошасьць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціньнем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцьвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, ня мелі чым прывязаць душу да цела... Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб вырасьлі пакрытыя поўсьцю воі, ці пра тое, што ў падзямельлях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месьцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасьцю пачаўся шал... Карагод сьмерці.
Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.
— Прасьвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача… Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе… Можа, паслаць варту – спыніць іх?
— Бескарысна,— Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны. —Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі сьвятога Гюі. У Эльзасе – скокі сьвятога Віта. У Кёльне шаленцы зьвярталіся да сьвятога Ёгана… Тутэйшыя, ліцьвіны, заклікаюць сьвятога Юр’я… Я называю гэта скокамі сьмерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасьць забірае больш за палову жыхароў места.
Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое сьмельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету — яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў зьбітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі сьмяротны танец, ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў ціхі хрып:
— Ю-у-у-ры-ы…
— Божы праклён…— пакорліва прашаптаў біскуп. Бернацоні скептычна паціснуў плячыма.
— Хто кажа — праклён, хто – наадварот… — лекар прымружыў чорныя жорсткія вочы, углядаючыся ў рух на пляцы. – Дзьвесьце гадоў таму маленькі пастух з Клоэ пачуў голас з неба і павёў тысячы дзяцей у крыжовы паход, адваёўваць Сьвятую зямлю… Яны гэтаксама скакалі і крычалі, прарокавалі і круціліся да зьнямогі. А папа іх блаславіў, як абранцаў Божых.
— Дзеці – бязьвінныя істоты,— важка прамовіў біскуп. – Яны бліжэй да анёлаў, чымся мы, грэшнікі… Сьвяты Дух часьцей гаворыць праз іх.
Бернацоні паківаў галавой і прамовіў з перабольшанай ветлівасьцю:
— Праўда, мне нехта расказваў, тых блаславёных вашым папам дзетак генуэзскія купцы пагрузілі на караблі і завезьлі на турэцкія рынкі рабоў.
Біскуп зразумеў прыхаваную насьмешку, але змаўчаў. Адкрыта пярэчыць Гервасію Бернацоні не наважыўся б ніхто: усе ведалі, што пры Вялікім князі ён больш чым лекар – таемны дарадца. Зьявіўся пры двары яшчэ тады, калі князь зьвязаўся з ерэтыкамі-гусітамі і нават пляменьніка па­слаў па чэшскую карону… Тады й панаехала розных – мніхаў-раскольнікаў, худых, як бізун, з фанатычна палаючымі вачыма, вучоных шарлатанаў са зьмяінымі ўсьмешкамі… Прага ўяўлялася біскупу вялікім Бабілонам. Бернацоні шмат гадоў жыў у тым вяртэпе, і чым займаўся, добраму хрысь­ціяніну лепш ня ведаць. Лекар сапраўды ён выдатны. І тлумач дзіўны, мабыць, нават на мове латафагаў гаворыць…
«Вось толькі на мове анёлаў табе, браце, не гаварыць», — помсьліва падумаў біскуп.
— І ўвогуле, чаго вы так пераймаецеся? – працягваў Гервасі.— Я разумею, у гэтай краіне такое ўпершыню… Вы ня ведаеце, што гаварыць новай пастве… Але каб ня скокі, было б горай. Пошасьць і шаленства – справядлівае пакараньне за гардыню. І своечасовае.
Біскуп з жахам зірнуў на смуглявы, у прыцемку бронзавы, твар лекара. Бернацоні холадна ўсьміхнуўся.
— Толькі не кажыце, сьвяты айцец, што ня ведалі пра невымерную гардыню гэтага гораду — стацца ліцьвінскай Генуей… Вялікі князь думае, як захаваць сваю дзяржаву, як прымірыцца з братам, як адбіць татараў і русічаў — яму не да выбрыкаў «вольнага места». Успомніце, як Вашая правялебнасьць паводзілася мінулым днём, калі добрыя месьцічы сабраліся пад гэтым вакном ды пачалі гарлаць сваё «Ганьба!» ды патрабаваць веча! Да таго ж, прыхільнікаў папы ў горадзе няшмат... Ці ня вы мяне прасілі неяк утаймаваць гарлапанаў?
Біскупа перасмыкнула.
— Я зусім не ўяўляў, што гэта станецца так... Гэта... больш падобна на жахлівае чараўніцтва.
Бернацоні раздражнёна запярэчыў:
— Калі б гэтыя людзі ўжо ня мелі ў сабе душэўнай хваробы, ім не пашкодзіла б нішто... І я, няварты, імчаў бы зараз з вамі да Вялікага князя з вялікай ганьбай...
— Але ў коле апынулася і некалькі нашых вояў!
Бернацоні холадна ўсьміхнуўся.
— Што ж, небаракам не пашанцавала... Але калі чалавек апынаецца ў нядобры час у нядобрым месцы, хіба й у гэтым няма праявы Божае волі? Гасподзь разьбярэ на Судзе, хто праведны, хто грэшны. І Ён сам выбірае інструменты, якімі выконваецца Ягоная воля. Так што не дратуйце сваё сумленьне, Ваша правялебнасьць, гэта было неабходна. Падайце знак, каб паставілі вакол пляца варту, абвясьціце скокі Божым праклёнам і чакайце.
Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола… Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіньнікі ў ратушы – Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіньнік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіньнікаў было гарадской радзе – войны бясконцыя... Толькі адбілі русічаў – татары... Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны... Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коньнікам...
А ў Бернацоні гадзіньнікі, як у каралеўскіх палацах – падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі… І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузьні хохлікаў. Калісьці біскуп ня супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць… Ня вымяняў і на ве­лізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасьць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіньнікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.
Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.
Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У вод­блісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляцу, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сьведчаньне доктарскага званьня, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.
— І колькі гэта будзе доўжыцца?—з роспаччу прамовіў біскуп.
— Пакуль яны ўсе не памруць,— спакойна адказаў Гервасі.

— Анэта! Ачніся! Анэ-та!
Я страсянула галавой, пазбаўляючыся шматкоў жаху. Зноў задрамала на працы. Ну не прывыкла я ўставаць а пятай раніцы, спадарове. І зноў гэты сон! Хаця рэальнасьць была таксама непрыветнай. Кнігі, якімі я гандлявала, стракацелі вакол, нібыта экзатычныя птушкі… Якія там птушкі – ня ўсе з іх маглі прыпадобніцца нават да чучала, на якое паляўнічыя ловяць даверлівых крылатых ахвяраў…
— Анэта! Сьпіш, як на лекцыі! Вось дык сустрэча! А я думаю, чаго даўно тваіх артыкулаў ня бачна. У бізнэс падалася!
Аркадзь, колішні аднакурсьнік, гладкі і вясёлы, як новы парцалянавы гляк, усьміхаўся на ўсе зубы. Не люблю, калі знаёмыя бачаць мяне за новым заняткам. Была журналістка – стала гандлярка… Наймічка…
І тут стракатае царства кірмашу на хвілю для мяне абязгучылася, быццам я нырнула пад ваду. Прычынай таму быў спадарожнік Аркадзя, сінявокі брунет у чорным швэдары, на погляд некаторых (а калісьці і мяне), досыць сімпатычны.
— Прывітаньне, Ганна.
— Прывітаньне, Юрась.
Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова ільдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Сьнежнай Каралевы.
А Юрась здорава зьмяніўся… У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усьмешлівыя, сурова сьціснутыя. На шчацэ зьявілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся – а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераносьсем. Недагледжаны нейкі… Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя... Але на руцэ блішчыць заручальны пярсьцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам – сьмешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць… Студэнцкае вясельле, так бы мовіць. Ідыётка… Не, каб прыняць заляцаньні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёньня такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.
— Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,— Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся. — Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасьля магнітафоны з Нямеччыны… Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.
— А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я. Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы. Аркадзь шчыра зарагатаў.
— Цяпер нічога вазіць ня трэба! Таму што нерухомасьцю займаюся. Не-ру-хо-мась-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!
Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:
— Ну ня замак, ня замак… Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?
Яшчэ б не памятаць! Пасьля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь зьзяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасьцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:
—Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!
— Вядома, гістарычны, — задаволена згадзіўся былы аднакурсьнік.— Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?
— Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я. – Сама з імі сустракалася. Зацятыя...
Аркадзь толькі паціснуў плячыма.
— Знайшла сілу – «краязнаўцы»… Вялікіх падзей з той вежай не зьвязана, партызаны ў ёй штабу ня ладзілі… А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляваньне ды рыбалку з усяго сьвету людзі езьдзяць. А ты, Анэта, дарэчы, ня думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш... З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у пасольства перакладчыцай!
У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша… Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі… Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазьбежна мы адродзім усю краіну…»
Ага, адраджаем… Забясьпечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай…
Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сьціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».
— Дзякуй, Аркадзь, за прапанову… Але…
Аркадзь не пакрыўдзіўся.
— Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка… І ты тэлефончык скажы, а то зьнікнеш у сваёй звычайнай манеры – моўчкі і бясьсьледна, як Сьнягурка.
Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і… гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы – вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.
— А ты, Юрась, таксама гандлюеш? – як мага больш абыякава спыталася я.
— Я рэстаўратар, — ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы. Мне не ўдалося схаваць зьдзіўленьня.
— Ты ж на журфаку вучыўся!
— На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам ня ведаеш, — Юрась усьміхнуўся ранейшай юнацкай усьмешкай.— Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі – я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось...
— Ён проста занадта сьціплы, — дакорліва сказаў Аркадзь. — Юрась у нас – знаны сьпецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак… А ці не пасьпяшацца нам, сябра? Спозьнімся… Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!
Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесьвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.
Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад сьвету халоднымі кратамі даж­джоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я – таксама рудая, як восень... І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці… Што я зрабіла са сваім жыцьцём? Вось – зьявіўся чалавек, які – маё першае каханьне, і нічога асаблівага ў душы… Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях – але разьбітае вакно выклікала б болей эмоцыяў.
Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасьць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасьвецкай выхаванасьцю ды начытанасьцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька — мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую литаратуру і як найвялікшыя рэліквіі зьбірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганьне беларускага народу з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытаньне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.
На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасьцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы трохкутны капялюш васемнаццатага стагоддзя, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з расьлінным узорам — птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.
— Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі... Бачыш, тут яна мацавалася. І расьпяцьце садралі, барбары… Толькі абрамленьне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазьней!
Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.
— Аднавіць можна! Якая прыгажосьць!
Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…
Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…
— А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!
Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэньня.
— Ганна! Я думала, ты сьціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусьніца! Косы, бач, запляла, а сама…
Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сьляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленьняў вандроўнікаў! Я залілася сьлязьмі ад зьнявагі. І тады Юрась цьвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазьней аказалася, што гэта былі ня проста словы, а план помсты і ўратаваньня майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта зьнерваваная.... Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, ня ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас расьпісалі. Увечары мой нечаканы муж зьявіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэньня, якія мая крыўдзі­целька, высахлая да сьвісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…
Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртаньне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасьля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасьці нявесты. Сваёй маці я нават ня стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вясельле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна… Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасьціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя сьвечкі... Шчасьлівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуваньне шчасьця. А яшчэ — воля! Незалежнасьць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есьці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.
І не спаслала Неба нам ані каханьня, ані цярплівасьці…
Ды й завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар ба­віўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі за­ставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сьметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесьці будзільнік, які тахкаў, быццам трэсьлі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіньнікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму... Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму – уцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзіньніка ледзь ня якарны ланцуг, які зьвешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль зьбіраліся ўцякаць зьняволеныя карузьлікі. А я хадзіла па літаб’яднаньнях ды тэатрах, а пад’есьці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»… Восеньскія дажджы закрэсьлівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак… А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жаданьня, ні сэнсу. Пасьля чарговай сваркі – Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу – я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод… Калі мы разышліся, на падваконьніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.
Пад канец году былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыя­кавасьць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя сьпевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў ня трэба…» Яшчэ на ілбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «I love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцьця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію... А па вяртаньні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленьні.
А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.
Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі ня будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.
— І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала?—голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.
— Ды пакуль нічога…
— Ня дзіўна, — Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касьцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму ня выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.
Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданьне зьнікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..
Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляваньні і дзелавым тонам спытала-сьцьвердзіла:
— Скралі?
— Ня ведаю…
— Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.
Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» щ мяне ўзьнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не зьбіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесьці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрым гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сьценах у сьвеце не існуе.
На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для 15 стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзьве паловы – цёмную і сьветлую....
Дарэчы, трэба зьняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сьніць парыжскія кавярні.
І жыцьцё трэба зьмяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты ня смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія зьнерухомеюць на імгненьне, дазваляючы кубку разьбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разьбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёньня яны гарбаты не пілі.
Я належу да апошніх.
Не было майго шлюбу, не было журналісцкай працы, не было «гандлёвай кропкі» з кнігамі…
«Мяне няма», як сьцьвярджае адзін філосаф.
Чаму ж тады мне так дрэнна?
Таму, спадарыня, што табе трыццаць гадоў. Што ты ўсё жыцьцё кідаеш тое, што варта ратаваць. Таму што можна пачаць з унітазаў, а скончыць вежай чатырнаццатага стагоддзя. А можна пачаць з вежы, а скончыць…
Няхай маім першым крокам з ракавінкі, у якой я замкнулася ад непрыветнага сьвету, будзе гэты тэлефонны званок… Я набрала нумар, напісаны на візітоўцы з залатым гербам з выявай вежы.
— А хто пытаецца Аркадзя Мартынавіча?
Голас дзелавы, ані жывой ноты. Напэўна, патрапіла на сакратара. Я назвалася. Потым давялося тлумачыць, па якой справе тэлефаную… І пра тое, што сустрэла Аркадзя Мартынавіча выпадкова, першы раз за дзесяць гадоў. І што ёсьць сьведка размовы, наш аднакурсьнік Юрый Дамагурскі. Паступова я пачынала раздражняцца. Бач, якая служба бясьпекі ў Баркуна пільная! І ўрэшце рэшт — Аркадзь Мартынавіч падысьці ня можа! Але я не пасьпела абурыцца, як прагучала тлумачэньне.
– Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.
Як… памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла!
Мой суразмоўца пагардліва засьмяяўся:
— Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек – няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.
Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.
«Он выбыл первым из круга нашего. Поэтому в молчанье мы выпьем за него». Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. «Маленькія трагедыі», «Баляваньне ў час пошасьці».
Гудкі тэлефоннай трубкі змусілі мяне ачомацца. Пасьля належных філасофскіх разважаньняў я – такая ўжо эгаістычная чалавечая прырода – вярнулася да сваіх праблемаў. А я ўжо настроілася, што буду мець грашовую працу... Добра хаця, за кватэру наперад за год заплочана. Канец жніўня, а праз чатыры месяцы…
Адрынуць дурную ганарлівасьць, забыцца на крыўду і вярнуцца ў журналістыку? Гэта ўсё роўна што ў дрыгву... У дзяржаўнае выданьне больш не пайду. Палітыкай займацца таксама не хачу. Хіба ў якую-небудзь забаўляльную газетку, дзе можна схавацца за псеўданімам, і аніхто з былых знаёмых, і тым больш чытачоў не атаясаміць мяне з колішняй скандальнай журналісткай Ганнай Барэцкай… Буду шчасьлівіць беларускага чытача зьвесткамі, які чарговы лімузін купіў расейскі папсовы «зайчык»-пераростак Кіркораў... Можа, гэта і ёсьць мой сапраўдны ўзровень? Мой апошні каханак, мастак-марыніст, гэтак і лічыць. Якая там «скандальная журналістка»! Не перабольшвай сваё значэньне, даражэнькая. На сапраўдны скандал ты здольная гэтак жа, як варона да грымотаў. А можа, падацца куды-небудзь перакладчыцай? Выкладаць нямецкую або польскую не вазьмуся, а вось турыстаў вазіць...
Я ўявіла сябе з нейкай турыстычнай групай у якасьці гіда... Бабулькі з перманентам, стамлёныя жыцьцём бізнэс-мамы з дзецьмі-падлеткамі, бесьперастанныя ўспышкі фотаапаратаў, а дзе тут памяняць валюту, а колькі можна праз мытню правесьці сьпіртнога... І мяне перасмыкнула.
Абставіны патрабавалі не гарбаты з шыпшынай, а моцнай кавы. А пасьля кавы мяне пацягнула да пісьмовага стала. Я вывернула яго шуфляды. Рукапісаў, як восеньскага лісьця… Інтэрв’ю, артыкулы, вершы… Усё ў накідах, усё – нікому ня трэба... Як і восеньскае лісьце.

У цьмяным сьвятле золку пляц вакол ратушы нагадваў поле пасьля бойкі. Дым слаўся над брукам, на якім ляжалі нерухомыя целы. Бернацоні асьцярожна пераступаў праз іх, з халоднай цікавасьцю ўглядаючыся ў твары, аднолькава скрыўленыя пакутлівай грымасай – вочы вырачаныя, нібыта ад жаху, зубы выскаленыя ў апошняй усьмешцы. Сьмерць добра павесялілася гэтай ноччу. Што ж, рана ці позна яна забярэ ўсіх, шкадаваньне недарэчы. Раптам пачуўся нягучны стогн – і на тле мёртвай цішы гэта было гучней за ўдар звону. Бернацоні рэзка павярнуўся. Скрозь дым бачылася — нехта сядзеў, абняўшы рукамі калені і трохі пагойдваючыся. Гервасі наблізіўся. Дзяўчына... Лекар бачыў яе сярод танцуючых. Прыгожая, як радавітая венецыянка. Сукенка з дарагога чорнага шоўку ператварылася ў лахманы, белыя карункі нагадвалі брудную пену на паверхні генуэзскага заліву. Залацістыя косы распляліся, вочы абведзеныя цёмнымі кругамі нечалавечае стомы… Але самі вочы разумныя, тужлівыя. Раптам дзяўчына зірнула на Гервасія, і ён, звыклы да людскога болю, нечакана для сябе скалануўся.
Як яна выжыла? Гэта неверагодна… Апошнія восем гадзінаў хуткасьць карагоду была такая шалёная, што ня вытрымала б сэрца нават у дужага воя. А гэтае кволае дзяўчо…
— Што з намі здарылася?
Голас — як шамаценьне сухой травы. Але – яна ня толькі выжыла, яна пры розуме!
Бернацоні нахіліўся да дзяўчыны.
— Як цябе завуць?
— Анэта… Анэта Ляскевічанка.
— Хіба ты ня таньчыла разам з усімі?
Дзяўчына абхапіла галаву тонкімі рукамі, памаўчала.
— Я была ў карагодзе… Я думала, што памру… І не хацела паміраць. Мяне цягнулі… Я падала… А потым – вырвалася.
— Што вярнула цябе да сьвядомасьці?
Анэта апусьціла галаву, залатыя валасы ўпалі на калені.
— Ня памятаю… Мне трэба да Богуша… Багуслава Радчыца… Ён мой жаніх…— зусім ціха прамовіла дзяўчына, і Бернацоні зразумеў, што яна можа страціць прытомнасьць. Як добра, што варта нікога сюды не пускае. А пошасьць у хуткім часе забярэ ўсіх, хто яшчэ можа задаць пытаньні.
Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і... сусьветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе сьмерці, вытрымае і досьледы, якія даўно трэба было зьдзейсьніць.
Бернацоні ўладна загадаў:
— Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.
І ў пацьверджаньне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памару­дзіўшы, прыўзьняла край сукні… Так, хадзіць гэтая дзяўчына ня зможа яшчэ з месяц... Але калекай не застанецца. Выдатна…
— Я дапамагу табе.
Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто ня бачыў, як ён зайшоў у вежу.

Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сьцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)… Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменьніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званьне пісьменьніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва… Вечная нязьдзейсьненасьць ды незьнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца… Званок у дзьверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.
Зірнула праз дзьвярное вочка… На пляцоўцы стаяў Юрась.
За нейкі ашмётак хвілі я пасьпела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.
Юрась, у адрозьненьне ад мяне, не падумаў пра зьнешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі… звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?
— Можна зайсьці?
Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог… І ў мяне зьявілася адчуваньне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыцьцё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»
Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам пры­гладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш зьбянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага нязьдзейсьненага Вялікага Каханьня.
— Прабач, што патурбаваў… Ды яшчэ так рана… Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.
— Ты… пра сьмерць Аркадзя? Жах… А ад чаго ён памёр?
Юрась пільна зірнуў на мяне.
— А табе хіба ніхто не сказаў?
— Не… Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?
Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.
— Яго забілі.
— Што?!!—той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.
— Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’езьдзе, — цярпліва патлумачыў гэты Юрась. — Застрэлілі.
Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі сьвет распаўзаўся, як сатлелы сувой.
— Чакай, я ж яму ўчора званіла… Гаварыла з сакратаром…
Дамагурскі нявесела засьмяяўся.
— Які сакратар… З табой размаўляў сьледчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасьці сьведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе...
Я зразумела, што Юрасёў візіт ня мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў – пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасьць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзьніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:
— Ня ведаў, што ты аматар змрочнасьцяў сярэднявечча. Адкуль?
— Са Старавежску. Калі зьбірала матэрыял для артыкулу, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся…
Юрась ледзь ня ўскочыў з крэсла.
— Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкулу і прыйшоў!
Я спахмурнела.
— Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае ня згадваць.
Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваймі абуральна сінімі вачыма.
— Я не пытаўся б, калі б ня думаў, што сьмерць Аркадзя была зьвязаная са Старавежскам і яго ратушай.
Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:
— Мой багаты сябрук вельмі сур’ёзна да сваёй вежы ставіўся. А пачалося з таго, што дзед Аркадзя, былы партыйны дзяяч, пакінуў у спадчыну ўнуку дом у Лошыцы, і там на гарышчы Аркадзь знайшоў паўразваленую скрынку. Гэта аказаўся вельмі стары гадзіньнік, з бронзавай скульптурай – сьмерць адсякае галаву цару. Гадзіньнік Аркадзеў дзед вывез перад вайной са Старавежску, дзе быў старшынёй камбеду. Відаць, спадабалася “ідэйная” скульптура. Напачатку наш аднакурсьнік не зьвярнуў увагі на знаходку, яго нашмат больш зацікавілі дзедавы калекцыі срэбных лыжак ды нямецкай парцаляны ў стылі «кіч»... Але я патлумачыў спадчыньніку, колькі каштуе гадзіньнік пятнаццатага стагоддзя, «рарык», як кажуць антыквары... Тут на дзясяткі тысячащ даляраў лік ідзе. А калі яшчэ механізм цэлы – дык і да сотні тысячаў можа «дагнаць». Вось тады Аркадзь зацікавіўся. Даведаўся, што гадзіньнік знайшлі ў лёхах старавежскай ратушы, разам яшчэ з адзінаццацьцю такімі ж. А тыя адзінаццаць нейкі паручнік вывез у Польшчу... Тут пачаў Аркадзь і сваім радаводам цікавіцца. Відаць, нацярпеўся ў дзяцінстве, расказваў мне, як яго, сына кухаркі (гэта пасьля яна загадчыцай сталоўкі зрабілася) дражнілі «булкаедам» ды прасілі «звары харчо». Баркуны, маўляў, старавежская арыстакратыя, апошні з роду мусіць аднавіць сваю княскую годнасьць... Зацяўся не на жарт. Хаця дзед ягоны не дарэмна старшынёй бядняцкага камітэту быў – галота. Але Аркадзь, па-мойму, шчыра верыў, што і ратуша калісьці належала Баркунам, і гадзіньнікі ў лёхах, і сам Старавежск... Зьбіраў дакументы пра гэтыя гадзіньнікі... Шукаў, дзе яны зараз... Выкупіць хацеў.
— Хіба ён быў такі багаты? –засумнявалася я.
— Ды мне самому дзіўна...—сказаў Юрась. – У мяне ўражаньне, што ён апошняе гатовы быў аддаць. Два гадзіньнікі адсачыў, выкупіў за шалёныя грошы... Потым выйшаў на сьлед нашчадкаў таго паручніка, зьбіраўся ў Варшаву... Крэдыты браў, акцыі распрадаў нейкія... Ды не пасьпеў паехаць.
— Ты лічыш, усё гэта мае дачыненьне да ягонай сьмерці?
Мой былы выпадковы муж трохі памаўчаў, а пасьля замест адказу зазначыў:
— А я ўяўляў, Анэта, ці заплятаеш ты яшчэ косы. Аказалася – так. І яны такія ж залацістыя. Цудоўна.
Я раззлавалася: гаварыў бы проста — «рудыя». А то – «залацістыя»... А каса ў трыццаць гадоў – можа, таму, што кабета перастала думаць пра сваю зьнешнасьць. Услых я прамовіла, зразумела, іншае.
— Яшчэ пару гадоў таму ў мяне была кароткая стрыжка, і я фарбавалася ў чорны колер. А ты па-ранейшаму ня здольны выказвацца проста і лагічна.
Юрась вінавата ўсьміхнуўся.
— Прабач… Я ня ведаю, якая тут сувязь, але апошні час Аркадзь гаварыў і думаў толькі пра гадзіньнікі са Старавежску. Маўляў, яны «жывая легенда». Калі, вядома, так можна сказаць пра механізмы.
— І мне распавядалі легенду, — успомніла я. – Быццам у ратушы калісьці замуравалі сьмерць разам з гадзіньнікамі.
Юрась задумліва працягваў:
— Аркадзь марыў праславіць сваю вежу на ўвесь сьвет… А для гэтага патрэбны быў яркі міф. Разумееш, калі б Брэм Стокер не сачыніў гісторыі пра Дракулу, не было б плыні турыстаў у Румынію. Але для міфа патрэбныя рэальныя падзеі і постаці, як для стварэньня Дракулы спатрэбіўся ваявода Улад Цэпеш, які прыбіваў няўгодным шапкі да галоў цьвікамі. Беларуская гісторыя багатая і на асобы, і на падзеі... Але іх стагоддзямі затоптвалі ў пыл забыцьця і вучоная набрыдзь, і свае манкурты. Паспрабуй, зьбяры з аскалёпкаў... Я ўпэўнены – Аркадзь здолеў нешта знайсьці. Або быў на шляху да разгадкі. Неаднойчы паўтараў мне, што надыдзе час – дзякуючы вежы і яе гадзіньнікам ён мільёнамі засыплецца. Наш з табой, Анэта, аднакурсьнік ня быў надта інтэлектуальным чалавекам. Ня быў ён і добрым. Я ж ведаю – з кліентаў, якіх пасылаў да мяне, браў пяцьсот даляраў, а мне ўлучаў пяцьдзясят. Але я ня веру, што ён мог забіваць нават за сваё будучае княства і... я быў побач, калі яго застрэлілі.
А я і ня ведала, што ён можа выглядаць такім сур’ёзным… Хаця й тады быў зацяты. Так, час усіх пазначае сваёй кіпцюрыстай цяжкой лапай... Я зноў утаропілася на шнары на Юрасёвым ілбе, на шчацэ. А калі Юрась пацягнуўся, каб паставіць кубак, і рукаў швэдара ссунуўся, аказалася, што такія шнары на ягонай руцэ ад запясьця да локця. Ад ляза, ці што? Я чула, наркаманы рэжуць вены падчас ломкі… Але ня твар жа!
Былы муж, нібыта пачуў мае думкі, правёў даланёй па зраненай шчацэ:
— І ўсё-ткі, Анэта, прабач за настырнасьць, я хацеў бы даведацца гісторыю твайго знакамітага артыкулу. А то мне адны чуткі дасталіся.
Я ўздыхнула.
— Хваліцца асабліва няма чым. У Старавежск я прыехала ў камандзі­роўку па лісьце чытача, таго самага Пятра Піліпавіча Калейкі, які мне гравюры падараваў. Раённае начальства пералавіла мяне на папярэдняй станцыі, запрасілі з аўтобусу ў машыну, усю дарогу пільнавалі, каб у мяне не было кантактаў з мясцовымі «дысідэнтамі»… Начытвалі на дыктафон нудныя справаздачы… Я была неспрактыкаванай дзеўчынёхай, але пэўная ўпартасьць мне ўласьціва...
— Вельмі пэўная, — не стрымаўся ад каментару былы муж. Я сярдзіта зірнула на яго і працягвала.
— Ну дык вось… Я ўсё роўна прарвалася «ў народ», і абураныя краязнаўцы мне нагаварылі… Гарадскую ратушу на той час занесьлі ў сьпіс гістарычных каштоўнасьцяў. Дзяржава давала на аднаўленьне вялікія сродкі. А мясцовае кіраўніцтва ў злосьці: раён заняпалы, школкі гібеюць без рамонту, у калгасах зарплаты няма чым выдаваць... А тут у нейкія разваліны ўбіваць жывую капейку! Начальства можна зразумець… Карацей, знаходзілі тым грашам лепшае прымяненьне.
— І ты пра гэта напісала сумленна і дасьціпна, так?
— Напісала… — уздыхнула я. — Са сваім дурным энтузіязмам, і з непахіснай верай, што ратую сьвет…
— І што? Мясцоваму начальству «нагарэла»?
— Ага… Чакай… Гэта я пасьля ўсьвядоміла, што падобныя нахабствы без самавітай падтрымкі не ўчыняюцца. Раптам выклікае мяне наша рэдактарка Клара Сьцяпанаўна і на ўвесь свой «трубны глас» абвяшчае, што я – ганьба для журналістыкі. Неправераныя факты, надуманая сенсацыя… І з-за мяне газеце даводзіцца кленчыць перад адміністрацыяй Старавежска.
— Чаму? – зьдзівіўся Юрась. – Ратуша сапраўды развальвалася!
— Ага… — паныла пацьвердзіла я. – Толькі яе тэрмінова перавялі ў разрад помнікаў мясцовай значнасьці. Сказалі – памылілася папярэдняя камісія, пераацаніла тую вежу… Так што гарадское кіраўніцтва цяпер мела ўладу даваць або не даваць сродкі на аднаўленьне ня надта патрэбных гораду руінаў.
Юрась толькі галавой пакруціў:
— Нішто сабе…
А заручальны пярсьцёнак на яго руцэ ня новенькі… Падрапаны... Я паныла ўсыпала ў сваю астылую гарбату яшчэ дзьве лыжкі цукру, нібыта спадзявалася падсаладзіць успаміны.
— Пакаяльны артыкул, які ад мяне вымагалі, я ўсё-ткі не напісала. Ну, падрабязнасьці ня буду… Агульнарэдакцыйны сход, абураныя лісты чытачоў… Звольнілі мяне з паскуднай фармулёўкай. І што цікава – яшчэ нядаўна ў некалькіх выданьнях былі са мною вельмі мілыя і пераманьвалі на працу, а тут перасталі пазнаваць… Так гэта сталася мне агідна, што я дала сабе слова – з журналістыкай пакончана. Калі нельга сумленна… Калі няма справядлівасьці… Дык не хачу ў гэтым быць.
Цені ад фіранкі, зробленай мною з карункавага покрыва ад рытуальнага ўбору крышнаітаў (знаходка сэканд-хэндаўская), варухнуліся на сьцяне, быццам нейкі буда дакорліва паківаў галавой. Юрась паставіў кубак на стол і сьцішана ўздыхнуў, быццам баяўся пабудзіць цяжка хворага. І загаварыў гэтак мякка-асьцярожліва.
— Можа быць, ты ўсё-ткі пасьпяшалася рабіць такія… незваротныя высновы? Паўсюль ёсьць сумленныя людзі… Можна было паспрабаваць пазмагацца, пайсьці ў недзяржаўныя выданьні... Нават калі б ты зьвярнулася да мяне – я абавязкова нешта прыдумаў бы. Не паверу, што ўсе адмовілі ў дапамозе.
Я раздражнёна зірнула на госьця. Пасьпеў ператварыцца ў зануду.
— Значыць, я кепскі журналіст. І правільна зрабіла, што кінула не сваю справу.
Юрась зноў неяк дзіўна ўздыхнуў.
— Ну, добра, давай вернемся да Старавежску. Артыкул твой я памятаю. А вось – што туды не ўвайшло? Успомні, можа, нешта, зьвязанае з той вежай, падалося дзіўным?
Дзіўным! Ды там усё было дзіўным! Я, нібыта наяве, убачыла сьцяну вежы – аблезлая пабелка, у выбоінах іржава-чырвоная цэгла – як брудны бінт, адарваны ад раны. Абгрызены часам верх будынку – два вострыя зубцы, між імі – вялізны прагал… У чорных вачніцах вокнаў — гольле дрэваў, што вырасьлі ўнутры, на адкрытым небу падмурку… Быццам вязьні цягнуць рукі. Як на карце Таро з Вялікіх Арканаў – вежа, у якую ўдарыла маланка. Пакараньне за гардыню.
— Ну, напрыклад, на сьценах не было ніякіх надпісаў, — прагаварыла я. — На закінутых будынках якіх толькі крамзоляў не сустрэнеш, ад «Саша плюс Маша» да рокерскай сімволікі. А тут – нічога! Ні звонку, ні ўнутры… І сьмецьця таксама не было. Нават пабітых бутэлек…
—Чаму ж так? – зацікавіўся Юрась.
— Баяцца той вежы. Абыходзяць, як магілу вісельніка. Нават мяне адгаворвалі ўнутр заходзіць.
— І чым тлумачылі?
— Рэха старых забабонаў. Памятаеш легенду, як сьмерць у ратушы замкнулі? Дык нібыта і цяпер сьмерць там. Хто ў вежы пабудзе – гамон… Ці звар’яцее, ці памрэ ў хуткім часе. Так што згодна старой легендзе – я ўжо на парозе таго сьвету, і за клямку ўзялася, – пажартавала я.
Але Юрась застаўся сур’ёзным, нават занадта.
— Праз мае рукі праходзіць шмат старых рэчаў. Вакол некаторых таксама – таямнічыя гісторыі. Але я пераканаўся, што ў кожнай такой нібыта бязглузьдзіцы – рэальная аснова. — Юрась трохі адкінуўся на сьпінку крэсла, так што пыльны сонечны прамень сьлізгануў па ягоных валасах – аднак сівее мой госьць! – і працягваў. — Пару гадоў таму прынесьлі мне куфэрачак на рэстаўрацыю. З чырвонага дрэва, італьянская праца 16 стагоддзя… Шашалем паедзены, расколаты – з мінулай вайны валяўся на гарышчы. Валяўся, бо славу меў, быццам няшчасьці прыносіць. То за князем Пацам нейкая сьвякруха з дапамогай яго ад непажаданай нявесткі пазбавілася, то жонка здрадніка-мужа пакарала… Цяперашні ўладальнік маёмасьць продкаў на гарышчы знайшоў і над забабонамі пасьмяяўся. Маўляў, для будучай ягонай жонкі, аматаркі антыкварыяту, лепшага падарунка няма. А я стаў рэстаўраваць, і пад накрыўкай знайшоў хітрае прыстасаваньне. Калі націснуць адразу на дзьве кветкі ў разьбе накрыўкі, з адной з іх на імгненьне высоўваецца шып… Маленькі, незаўважны… Але ўсё яшчэ востры. Можна здагадацца, што калісьці на ім была атрута. У сярэднявечнай Італіі такія сьмяротныя забаўкі былі справай звычайнай.
Пылінкі танцавалі ў промні апошняга восеньскага сонца, і ніякае маўчаньне не магло адняць весялосьці ў гэтых вечных мізэрных танцораў. Юрась нібыта вагаўся перад тым, як сказаць нешта важнае. Ну, пачынай жа…
— Паслухай… Калі табе патрэбная праца… Ці не згадзілася б ты вярнуцца да тэмы ратушы? Аркадзева жонка, Ліля, вядома, зараз у горы… Але цьвёрда абвясьціла, што ўсе планы забітага мужа спраўдзіць. І першае – выдасьць кніжку пра гісторыю старавежскай ратушы.
— Аркадзя яшчэ не пахавалі – а яна пра гэта думае? – абурылася я.
— Не дзівіся, Анэта, — усьміхнуўся аднымі вуснамі Юрась. —У іх, «крутых», такі сьвет… Без сантыментаў. Дык вось, Ліля прапаноўвае табе дзьве тысячы даляраў за падрыхтоўку тэксту.
Ён што, трызьніць? Юрась, зразумеўшы мой недавер, сьпяшаючыся, патлумачыў:
— Толькі не падумай, што гэта падман. Проста яна хоча, каб усё было зроблена да сарака дзён па сьмерці Аркадзя, каб атрымаўся гэткі падарунак нябожчыку… На вокладцы Баркуноў герб, унутры – Баркуноў партрэт. Ну і ў тэксьце – аб памерлым, ягоны клопат пра гістарычныя помнікі. Каб атрымалася невялікая кніжачка. Удава зьбіраецца раздаваць яе гасьцям на саракавінах. І Аркадзю – ушанаваньне, і, магчыма, спонсары знойдуцца дзеля будаўніцтва. Калі ты згодная – заўтра пад’едзем па аванс. У нас з табой усяго месяц на працу.
— «У нас»?—удакладніла я ня вельмі ветла.
— Мяне Ліля просіць гадзіньнікі адрэстаўраваць,— патлумачыў мой былы муж.— Каб для тваёй кніжачкі сфатаграфаваць іх ва ўсёй красе. Ну і табе дапамагу...
— Паслухай, даражэнькі… Колькі цябе ведаю, ты заўсёды ўцягваў мяне ў авантуры, якія заканчваліся для мяне кепска.
Юрась сядзеў моўчкі, гледзячы ў пусты кубак. І выглядаў вельмі ня­шчасным. Раптам ён ціха спытаў:
— Анэта, чаму ты болей ня выйшла замуж?
Ну вось, пачаліся сентыментальныя размовы, якіх мне меней за ўсё хацелася. Я ўклала ў адказ як мага болей сарказму:
— Не хвалюйся, не з-за цябе.
Ён ізноў панурыўся, нібыта мой адказ быў яму непрыемны. А на што ён разьлічваў? Што я ўвесь гэты час па ім плачу? Вось маё апошняе Няспраўджанае Каханьне, мастак-марыніст (уяўляеце, жыць на Беларусі – і маляваць выключна мора!), абдрапаў маё даверлівае сэрца грунтоўна… А гэты – за дзьвярыма душы. А за прапанову дзякуй… Дзьве тысячы даляраў – гэта год пражыць…
Я правяла Юрася да дзьвярэй, радуючыся, што ўдалося ня выйсьці за рамкі дзелавога візіту. Раптам мой былы муж нязграбна ўпаў перада мной на калені, ды яшчэ – ілбом у падлогу. Аж грукнула. Я адскочыла назад. А Юрась глуха прагаварыў, не падымаючы галавы:
— Прабач мне, Ганна. Я даўно мусіў гэта зрабіць. Столькі думаў – не наважваўся. Вось так – на калені… Вінаваты перад табой… Позна зразумеў, што ў шлюб – не гуляюцца. Каб ня я – у цябе б жыцьцё іначай склалася.
Я ня жартам раззлавалася. Дарэчы, і падлога нямытая, што зараз ён убачыць на сваіх нагавіцах.
— А ну, кінь выдурвацца! Можна падумаць, ты мяне спакусіў ды вы­гнаў, а я сьлязьмі залівалася, сыходзіць не хацела. Калі памятаеш, я першая дзьвярыма бразнула. І між іншым, не шкадую. А гледзячы на такія фокусы, дык проста радуюся, што гэткі… цуд даводзіцца цярпець нейкай іншай.
Юрась моўчкі падняўся (на каленях засталіся выразныя плямы бруду, сьведчаньне маёй негаспадарлівасьці), цырымонна пакланіўся, усё гэтак жа апусьціўшы вочы, і сышоў. Цікава, як ён патлумачыць жонцы, дзе гэта поўзаў на каленях? Але я не зьбіралася распытваць яго пра сямейныя справы. Вось так – без сантыментаў — з гэтым дзіваком можна.

Анэта стаяла на падлозе, выкладзенай белымі і чорнымі мармуровымі плітамі… Нібыта фігура ў шахматах, і зараз волатава рука працягнецца, каб пераставіць яе на іншую клетку…
А хіба ня так на самой справе?
Анэта ня памятала, колькі яна жыве ў гэтай вежы. Месяц? Два? Год? Усё жыцьцё? Нібыта нікога на сьвеце больш няма, акрамя насельнікаў ратушы – Бернацоні, яго сакратара, нізенькага, амаль карузьліка, чарнявага Энрыка, прыслугі Марцэлі ды яе самой, Анэты... А тое, што было раней – сон…
Не, Богуш ня сон… Сінія вочы, што глядзелі з такой любасьцю, іх злучаныя рукі і словы блаславеньня, прамоўленыя бацькам…
Анэта ведала, што і бацька, і… Багуслаў памерлі. Пошасьць… Чорная Сьмерць… Пан Гервасі абяцае, што ня дасьць прыйсьці сюды Чорнай Сьмерці. У пакой кожны дзень прыносяць абярэмі сьвежага ядлоўцу... Вохкія сьвечкі напаўняюць пакой цяжкім водарам. Пан Гервасі кожны дзень ходзіць у горад, выконвае загад Вялікага князя — лекуе тых, каго можна лекаваць, тлумачыць, як змагацца з пошасьцю. І не баіцца захварэць. Ня дзіва – Анэта бачыла, на якія цуды ён здатны… Жалеза ў ягоных руках гнецца, нібыта васковае… Сьвечка запальваецца без агню. На чыстым пергаменьце зьяўляюцца літары, напісаныя чырвонай фарбай. Раней Анэта падумала б – вядзьмак і заклікала б да Прасьвятой Дзевы і апякункі сваёй, Сьвятой Ганны, каб выбавіцца ад нячыстае сілы. Але вунь яны, выявы Прасьвятой Дзевы, і Сьвятой Ганны, і Архангела Міхаіла, барацьбіта з нечысьцю, і самога Госпада нашага… І пан Гервасі беспакаранна глядзіць у іх цёмныя вочы, і нават хрысьціцца. І крыж носіць, у якім часьцінка Жыватворнага Крыжа Гасподняга… Але ж толькі сьвяты затворнік можа спадзявацца на анёльскую дапамогу, каб рабіць цуды… Варта паглядзець на лекаравы калігі з даўжэзнымі, як буслава дзюба, насамі, набітымі дзеля захаваньня формы мохам, расшытыя перлінамі і каштоўнымі камянямі, на жупан з княскага ядвабу з дыяментавымі гузікамі – якая тут адсланёнасьць ад сьвецкіх звабаў! Праўда, княскі лекар кажа, што яго цуды – зусім ня цуды, а навуковыя досьведы. Але Анэце ўсё роўна страшна і тужліва, нібыта яна трапіла ў ваўчынае логвішча і мусіць прывыкаць да ваўчынага духу. Чаму ён трымае тут яе? Чаго хоча? Гвалту? Дачку шляхціца ў Вялікім Княстве Літоўскім ня можа беспакарана згвалціць нават князь, а ня тое што бязродны іншаземны лекар… Ды нічога падобнага на пажадлівасьць не мільгае ў вузкіх чорных вачах Бернацоні. Толькі цікаўнасьць… Як да дзівоснага зьвярка. Ён часта размаўляе з ёю. Загадвае рабіць незразумелыя рэчы. Напрыклад, кладзе на стол два маленькія шарыкі – белы мармуровы і чорны з нефрыту. Кажа ўзяць белы... Анэта выконвае – яна не наважваецца аслухацца. «Паглядзі ўважліва, ты памылілася, ён чорны»,— сурова гаворыць пан Гервасі і пільна глядзіць у вочы Анэце. Так пільна, што ў той злёгку кружыцца галава, і нават пачынае здавацца, што шарык, які яна трымае, сапраўды чорны. Вось Богуш пасьмяяўся б над ёй… «Я ўзяла белы»,— нясьмела кажа Анэта. «Не, чорны… Пакладзі яго і вазьмі белы…»,— упарціцца лекар. Але Анэце ня сьмешна ад бязглуздай дзіцячай гульні. У роце – прысмак медзі. «Прабачце, але ў маёй руцэ белы шарык… А там – чорны…»,— шэпча. Словы вымаўляюцца цяжка, нібыта ілжэ. Пан Гервасі раздражнёна ўстае, нешта мармыча на незнаёмай мове… Але дзяўчына адчувае, што ён злуецца не на яе, а на сябе. Назаўтра ўсё паўторыцца… Навошта? Як добра было б сысьці дадому… Але вокны і дзьверы іхняга дому, напэўна, забітыя, і пазначаныя белым крыжам. Дом, куды заходзіла Чорная Сьмерць.
Яна паўсюль... Пошасьць... Паветра вакол вежы атручанае. Ёдкі дым паўзе ў вокны, прабіраецца скрозь шчыліны ў сьвінцовых рамах, у якія ўстаўленая падфарбаваная ў чырвань і лазурак слюда. Можа, у адным з гэтых вогнішчаў згарэлі целы любых Анэце людзей. Гарлаюць вароны. Людскі крык і плач чуваць усё радзей. Толькі б’е звон на званіцы, і тахкаюць гадзіньнікі лекара. Вось яны, стаяць па кутах пакоя. Ростам з Анэту, на кожным, нібыта нетутэйшы твар, бліскучы масянжовы круг, падзелены на дваццаць чатыры часткі. Па ім павольна, здаецца, марудней за рост травы, рухаецца стрэлка… Унутры – круцяцца дзіўныя колцы, зубчастыя, страшнаватыя, быццам зьменшаныя прылады для катаваньняў. Але гадзіньнікі вельмі розныя. Вось на тым званар-карузьлік кожную гадзіну б’е бронзавым малатком у маленькі звон… На тым – рухаюцца ў круглым вакенцы мядзяныя зоры, Месяц і Сонца з абыякавымі, раскосымі, нібыта ў татарскіх ханаў, тварамі. А на тым – Сьмерць з касой пазначае кожную гадзіну ўдарам сваёй страшнай зброі аб пакорліва нахіленую галаву Цара Ірада – пра тое, што гэта пракляты біблейскі цар, сьведчаць выявы мёртвых немаўлятак ля ног забойцы.
Анэта аглядае пакой, да якога зараз звузіўся яе сьвет, нібыта бачыць у першы раз і спадзяецца заўважыць нешта новае. Па чатырох кутах ля столі – расфарбаваныя галовы блазнаў… На знак таго, што ў гэтай зале можна бесклапотна весяліцца. Яшчэ нядаўна тут зьбіраліся на бяседы паны радцы, сярод якіх – і бацька Анэты, сядалі на гэтыя чорныя цяжкія лавы, што зараз састаўленыя ўздоўж сьценаў, за магутны стол, які, вядома ж, ня быў пусты… (Стол па загадзе лекара вынесьлі – але як гэта ўдалося? Хіба на часткі расьпілавалі?)
А над дзьвярыма – барэльеф Белай Ружы. Знак маўчаньня. Тое, што было тут прамоўлена, ня мусіла пераказвацца за межамі пакою. Sub rosa dictum. Сказана пад ружай.
Анэта павольна – ногі яшчэ баляць — падыходзіць да гадзіньніка, на якім – Сьвятое Сямейства. Калі гадзіньнік адлічвае час, анёлкі над Прасьвятой Дзевай пачынаюць рухацца. Дзяўчына працягвае руку, каб дакрануцца да аднаго з анёлкаў, усьмешлівага, кучаравенькага…
— Я прасіў не чапаць мае гадзіньнікі, — суровы голас лекара змусіў дзяўчыну здрыгануцца, сьціснуцца, як ад хрышчэнскай сьцюжы. Бернацоні наблізіўся бязгучна, як воўк. – Ніколі не падыходзь да іх без майго дазволу.
— Даруйце... — Анэта адступіла ў бок ложка. Лекар працягнуў руку да гадзіньніка, нешта скрануў... І анёлак паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, бронзавы малаточак ударыў у бронзавы шчыт... Бом-м-м... Келіх з венецыянскага шкла на стале задрыжэў, засьпяваў таненька і адчайна, нібыта паміраючая мятлушка.
— Што ты адчуваеш, калі гучаць мае гадзіньнікі?
Дзяўчына падняла на свайго апекуна ясныя сінія вочы.
— Тугу...
Бернацоні паблажліва ўсьміхнуўся. Ён хадзіў ад гадзіньніка да гадзіньніка, нешта папраўляў у іх, беражліва і амаль закахана, як у шлюбным убраньні нявесты. І гаварыў, гаварыў са сваім дзіўным акцэнтам, часам пераходзячы на незнаёмыя мовы. Апошнім часам такія размовы здараліся ўсё часьцей... Нібы ад страшэннай адзіноты чалавек дзеліцца набалелым з немаўлём, якое не зразумее сказанага, але ўсё-ткі – слухач.
— Гук – гэта моц, якой чалавек яшчэ мусіць авалодаць... Піфагор казаў пра музыку сфер, якая кіруе сусьветам… Ён чуў, як рухаюцца зоры! Вы лічыце, Ерыхонскія трубы – выдумка? Трубы, ад гуку якіх рассыпаліся сьцены... Аднавокі маўр у Перуджы, які гандляваў шклянымі пацеркамі, шаўковымі паясамі і амулетамі са скуры Левіяфана, распавядаў пра разваліны Ерыхона… Ён бачыў камяні двух яго сьценаў – зьнешняя ўпала вонкі, другая – унутр… Так не бывае ні ад землятрусу, ні ад нападу. У Падуі я чуў, як крычыць ламія, галодны дух, які высмоктвае кроў і душу... Ад яе крыку вар’яцеюць. Нават у мяне пацямнела ўваччу, і падалося, што ў маім жыцьці ніколі больш ня будзе радасьці. Правядзі пергаментам па нешаляванай дошцы... І ад ціхага шкрогату скаланешся, быццам цябе драпаюць кіпцюры лемпарда, і рот напоўніцца сьлінай, як ад лімону... Ты ведаеш, што такое лімон, сіньярыта? Адкуль... У яго смак нясьпелага агрэсту. А колерам ён нагадвае сонца Фларэнцыі... Мія кара Фларэнца...
Бернацоні тужліва зірнуў у вакно, за якім згушчалася вечаровая цемра.
— Насамрэч чалавек вельмі лёгка губляе розум. У мінулым годзе я ўбачыў на полі шмат спарыньні. Вашыя сяляне не адкідаюць хворыя каласы... Ім патрэбнае кожнае зерне. А спарыньня выклікае відзежы і шал... З яе рабілі адвары гуны перад тым, як ісьці ў бойку. Я сказаў князю – будзе пошасьць і шаленства сярод тваіх людзей... «Злая корча». Ён пасьмяяўся. Мне было дзесяць, калі я залез на самую высокую званіцу... Ударыў звон – а я якраз стаяў наверсе... Каб звон упаў, то я апынуўся б у ім, як хрушч у чарцы. Сьвет закруціўся вакол мяне, дона... І сьцізорык, які выпаў з маёй кішэні на каменныя пліты, пачаў дрыжэць і зьвінець, і паволі паварочвацца... І я, малы недарослы невук, прыдатны толькі на тое, каб таўчы зёлкі для майго сіньёра аптэкара, назаўсёды зразумеў, што ёсьць сілы, якіх мы не ўсьведамляем, але авалодаўшы якімі, можам рабіць цуды.
— Пан лекар, а вы маглі спыніць наш карагод?
Бернацоні ўздрыгнуў і паглядзеў на дзяўчыну з недаверлівым зьдзіўленьнем, быццам пытаньне прагучэла з вуснаў статуі.
— Не, я ня маю моцы абрынуць чалавека ў цемру ці выцягнуць з цемры на сьвятло. Гэта – Божая воля. Але многія апынаюцца ў паўзмроку, на няпэўнай мяжы між сьвятлом і цемрай. Вось тады...
Лекар абарваў сказанае і пасуровеў.
— Ты яшчэ слабая, дона... Ідзі ў свой пакой і кладзіся ў ложак. Я пры­шлю да цябе Марцэлю з адварам.
Стукат гадзіньнікаў пагрозна гучнеў, нібыта набліжалася карэта Сьмерці, запрэжаная дванаццацьцю жалезнымі коньмі...

Першае, што я зрабіла, калі прачнулася – паглядзела ў вакно. Гэта каб хутчэй забыцца пра свае цьмяныя і блытаныя сны ў гатычным стылі. Але дробны восеньскі дождж – ня самы лепшы пейзаж дзеля паляпшэньня настрою.
У доме Аркадзевай удавы пра паскудны дождж і абрыдлыя лужыны на вуліцах забывалася адразу. Здаецца, гэты стыль называецца ампір... Як у песьні Грабеншчыкова: “И золото на голубом”… Любяць жа нашыя багацеі гуляць у радавую арыстакратыю. На гэтым урачыстым фоне Ліля Баркун у чорнай сукенцы, шчыльна па фігуры, выглядала як віцэ-міс прыгажосьці... Дагледжаная і пакрыўджаная, што не галоўная міс. Цёмнае бліскучае «карэ» валасоў, тонкія бровы ганарліва выгінаюцца, вусны дакладна абмаляваныя, і ніжняя губа ледзь заўважна наперад – прыкмета ўладарнае натуры... І ніводзін афіцыянт не наважыўся б падаць такой пані нават трохі астылую каву... У твар не ліне, але даб’ецца, каб нядбайны застаўся беспрацоўным.
Твар са звыкла нейтральным выразам... Дакладна такой яна была ўчора на пахаваньні. Хіба пад вачыма напухла... Я, праўда, стаяла далёка, за сьпінамі натоўпу, але чула, як жанчыны шапталіся, асуджаючы ўдаву, што ня плача, не галосіць. Цікава, як яны з Аркадзем пазнаёміліся? У іх было рамантычнае каханьне?
— Трэба, каб вы напісалі за тры тыдні, — голас магнаткі дрыжэў, як у звычайнай кабеты ў горы. Усё-ткі каханьне было, вырашыла я. – Вось аванс...
Маладзён у элегантным шэрым касьцюме з жалобнай стужачкай на рукаве падаў мне канверт. Удава адвярнулася да стала, на якім у чорнай рамцы стаяў партрэт памерлага, прагаварыла:
— На сорак дзён зьбяруцца ўсе, успомніць Аркадзя... Ваш тэкст у друкарню трэба здаць праз месяц.
— Я пастараюся...
Ліля працягвала, гледзячы на партрэт.
— Усё павінна быць так, як хацеў Аркадзь. Прыгожая гісторыя пра вежу. Муж верыў, што яго продак быў рыцарам і бараніў ратушу ад ворагаў. І пра гэта каб згадвалася... Пра гадзіньнікі... Столькі грошай на тыя гадзіньнікі ляснулася! А я яшчэ сварылася...— удава сутаргава ўсхліпнула – мне падалося, што зараз яна заплача, і чужое гора выплюхнецца перада мной, як гарачая кава з упушчанага кубка, абварыць, пазначыць чарнатой... І ні ў якім разе нельга адкаснуцца, захіліцца. Але Лілія Пятроўна перамагла сябе і загаварыла зусім па-дзелавому.
— Гадзіньнікі ў пакоі на другім паверсе. Іх фотаздымкі павінны быць у кнізе... Юрый, вы, як сьпецыяліст, усё і раскажыце пра іх шаноўнай Ганьне. Алекс, праводзь.
...Яны стаялі ля сьценаў пакоя з бела-залатымі шпалерамі, нібыта старыя, параненыя рыцары, што вярнуліся з крыжовага паходу і патрапілі на каралеўскі баль, дзе іх ніхто ня памятае, у іхнія подзьвігі ня верыць, і іх іржавыя латы і пасечаныя цёмныя твары аніяк не стасуюцца з бліскучым прыдворным сьветам. Гадзіньнікі...
Але гэта ўсё яшчэ былі пагрозныя рыцары часу... Іхняе маўчаньне здавалася поўным дакору. І... я іх ужо калісьці бачыла. Гэтыя грувасткія скрынкі з металу і дрэва, з дзівоснымі фігуркамі...
— Чаму яны такія вялікія?
— Вялікія? – Юрась, у сваім старым чорным швэдары гэткі ж недарэчны тут, як і «рыцары часу», засьмяяўся. На шчасьце, ён зноў нагадваў нармальнага чалавека, у меру цікаўнага і іранічнага, і ў ногі кідацца мне не зьбіраўся. – Гэта на погляд сучаснага чалавека – вялікія... А на час свайго стварэньня яны былі — як ноўтбук у параўнаньні з колішняй ЭВМ, што займала цэлы пакой. Тады ж механічныя гадзіньнікі толькі пачыналі ўваходзіць у моду. Зазвычай карысталіся клепсідрамі, вадзянымі гадзіньнікамі, або гнамонамі – сонечнымі... Былі нават пераносныя сонечныя, маленькія, з яблык. Пясочныя таксама меліся. Іх насілі прывязанымі стужкай да нагі трохі ніжэй калена. Напэўна, гэта быў асаблівы шык. Вогненныя гадзіньнікі ўжываліся...
— Гэта як? – не зразумела я.
— Сьвечкі з нанесенымі на іх дзяленьнямі, — патлумачыў Юрась. —Нават у князя Вітаўта ў пакоях гарэла такая сьвечка – велізарная, на цэлыя суткі... І калі згарала адно дзяленьне – гэта значыць, прайшла га­дзіна — слуга абвяшчаў пра гэта на ўвесь палац...
Я падышла да гадзіньніка, падобнага да маленькага гатычнага храма. На цыферблаце з жоўтага металу – дваццаць чатыры дзяленьні, гатычныя літары замест лічбаў...
— Ой, усяго адна стрэлка засталася... — пашкадавала я. Мой былы муж усьміхнуўся.
— Хіба не заўважыла – у іх усіх адна стрэлка.. Гадзіньнікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў – навошта? Ну а простым месьцічам ці сялянам – якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень... Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі зьяўляцца вежавыя гадзіньнікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя – гэта была падзея.... А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.
–А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?
Юрась схіліўся ля бакавой сьценкі аднаго з гадзіньнікаў, на якім сьмешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постацьцю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх шнарах, пры першым поглядзе амаль не заўважных.
— Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіньнік. Я яго рэстаўраваў. Зірні...
На чорным дрэве – выпалены надпіс: BERNACCONI.
— На астатніх гадзіньніках – тое самае, — патлумачыў Юрась. — Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіньнікі з вежы.
— Кляйно майстра? – я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і ня мог узьняць свой малаток...
— Хутчэй, прозьвішча ўладальніка, — азваўся Юрась. — Гадзіньнікі – розных майстроў. Гэты, са сьмерцю і каралём – з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са сьвятым сямействам, другі з грыфонам – з Нюрнбергу. Хто такі Бернацоні – я ня ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіньнікі, а вывезьці ня змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.
Я асьцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіньнікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі – нібыта пера­хварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчасьлівы быў той час?
— Вось тут зьвесткі пра кожны экспанат, — акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.
«Чорны Ганс»... Гадзіньнік са шпіньдзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм – скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры сьвінцовыя на вяроўцы з авечых кішак...»
— Што?... — адарвалася я ад папераў. — Чаму з авечых кішак?
— Таму што звычайныя вяроўкі расьцягваліся. А гэтыя – сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука – таксама трывалая, найчасьцей яе майстры ўжывалі.
«Сьвятое Сямейства... Гадзіньнік механічны... Невядомы майстра, Нюрн­берг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота...»
Раптам за дзьвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усьмешлівым самавітым панам у элегантным касьцюме. Усьмешка пана была вытрымана-спачувальная... Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна – чарнявы, каржакаваты, як старасьвецкая шафа з пукатымі дзьверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытаньні... І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіньнікаў. Але было позна.
— Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!
— У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандравіч,— нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»...
— А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцьця... —расчаравана працягнуў госьць, нібыта зьбіраўся быць нашым сватам. — Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.
Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку… Віталь Янчын ніколі не адрозьніваўся далікатнасьцю. Затое ніхто й ня думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце. Ён усіх – на «ты», і да яго – «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты, і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасьля надрукаваньня гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза… Яго фірма закупіла для музею калекцыю карцінаў. Я падчас уручэньня моўчкі абуралася – набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсьліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў зьявілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі... Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.
— Ганначка стане пісаць пра Аркадзя, так, Ліля? Цудоўны выбар! Гэтая дзяўчынка напіша, як мае быць! —каб не патрэба захоўваць жалобны выраз твару, жыцьцярадаснасьць струменілася б з Віталя, як вада з рэшата. —А ты, Юраська, значыць, усё па-ранейшаму пакутуеш? Вось жа «пашанцавала» табе, беднаму…
Віталь зьвяртаўся да майго мужа, як да цяжка хворага, змоўніцкім шэптам. Юрась зьбялеў і, апусьціўшы вочы, сказаў нечакана цьвёрда:
— Гэта мая справа, Віталь Аляксандравіч.
Я са зьдзіўленьнем пераводзіла вочы з аднаго на другога, спрабуючы здагадацца, пра што гаворка.
— Ну, ну, не крыўдуй… Ты малайчына. Выпаў крыж – нясі… Ведама…
Апошняе прагучала трохі фальшыва. Я нічога не распытвала пра асабістае жыцьцё майго былога мужа, а тут, відаць, мелася нейкая таямніца. Але мне не атрымалася на гэтым засяродзіцца. Удава абвяла рукой вакол.
— Вось яны, гадзіньнікі з вежы.
Віталь пацокаў языком.
— Ай-яй, даўніна якая… Антыкварыят! Хаця ў калекцыі Пятра Апанасавіча ёсьць некалькі вельмі падобных. Ды вось хоць бы нядаўна з Польшчы прывёз цэлы фургон гадзіньнікаў – і вялікіх, як гэтыя. І малых... Нават цыферблат ад вежавых...
Юрась шапнуў мне:
— Гэта ён пра Калыванава... Прэс-сакратаром у яго працуе.
Нішто сабе прыладкаваўся! Калыванаў – расейскі магнат, меў тут сумесныя прадпрыемствы. Удава дужа зацікавілася пачутым:
— Аркадзь марыў, каб сабраць усе дванаццаць гадзіньнікаў!
Наш былы выкладчык спачувальна паківаў галавой.
— Пётр Апанасавіч твайго мужа вельмі паважаў. Не сумняюся, што, калі ў яго калекцыі выявяцца патрэбныя экземпляры – падорыць. Шырокай душы чалавек...
Лілія Пятроўна перарывіста ўздыхнула.
— Як было б цудоўна – сабраць усе дванаццаць, паставіць у вежы, і каб яны ішлі... Аркадзь мне тысячу разоў пра гэта казаў, а я не прыслухоўвалася...
Голас яе перарваўся. Госьць спачувальна дакрануўся да яе пляча.
— Ня плач, Ліля... Паспрабуем арганізаваць... — і дастаў сотавы. Пасьля нядоўгіх перамоваў радасна паведаміў:
— Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіньнікаў старых у яго сотні з дзьве. І маленькія, і большыя за гэтыя... Калі ня знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!
Юрась запярэчыў:
— Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.
— Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжа­ка. — У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамоньце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіньнікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!
Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою.
— Ня ведаю... Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш... Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі...
— Ну вось і бярыся неадкладна! — уладарна загаварыў Віталь. — Фігуры – Бог з імі, пасьля дапрацуеш. Галоўнае – каб цікалі. Якіх дэталяў не хапае – ты толькі намалюй, за суткі зробяць. Пяць тысячаў баксаў гарантую, калі атрымаецца. Вось што... Гэтыя скрынкі ўсё адно трэба ставіць у вежу... Напачатку завязем іх у майстэрню, і Юрась разьбярэцца, што да чаго, складзе «чароўную дванаццатку». Ён жа – майстар-цуда! І Ганначку з сабой возьмем – будзе там пісаць, фатаграфаваць... Усе архіўныя дакументы, якія трэба, даставім. А на саракавіны ўрачыста адчынім у ратушы музей імя Аркадзя Баркуна. Я праязджаў учора, зірнуў — там ужо ўсё амаль расчысьцілі, трэба толькі вокны зашкліць. Пятро Апанасавіч прафінансуе. Дый мы ўсе скінемся. Усе ж пад Богам ходзім... У Калыванава пару гадоў таму таксама нейкі гад страляў. Ня любяць у вялікім бізнэсе сумленных людзей... Вось пра што пісаць трэба было, — гэта Віталь дакорліва кінуў мне на разьвітаньне.
Мы ехалі ў звычайным гарадскім тралейбусе, і раскоша Баркунова дома здавалася мне прысьнёнай. За вокнамі імчаліся агні начнога гораду, быццам згубныя балотныя агеньчыкі. Уяўляю, якімі нечувана прыгожымі здаюцца гэтыя падсьвечаныя фасады дамоў на сталічным прасьпекце якой-небудзь дзяўчынцы з Аляхновіч, дзе ўзімку трэба вучыцца ў школе, не здымаючы футра, а ўвечары гэтая дзяўчынка стаіць разам з усімі месьці­чамі на чыгуначнай станцыі і выглядае, калі прывязуць цыстэрну саляркі, якая хоць на нейкі час верне цяпло ў кватэры... А міма, не спыняючыся, пралятаюць цягнікі далёкага накірунку, вокны якіх гараць нетутэйшымі прыветнымі агнямі... Як цікава было б гэтай дзяўчынцы, якой магла б быць я, ехаць у гэтым тралейбусе вось тут, на задняй пляцоўцы, і разглядаць залітыя сьвятлом дамы...
Але я развучылася радавацца таму, што жыву ў вялікім горадзе. Юрась зацята маўчаў, абапершыся локцямі на парэнчы і ўглядаючыся ў зьбягаючую назад бліскучую чорную стужку мокрага асфальту. Чорны швэдар на локці зацыраваны... Няўжо так мала зарабляе сваёй рэстаўрацыяй, што на куртку сабе не агорае? Я ведала, што Юрасёў бацька памёр. Але ж нібыта і рэстаўратары такога палёту не жабруюць... Напэўна, проста ня сочыць за сабой. Так, немагчыма паверыць, што калісьці між мною і гэтым мужчынам былі нейкія... іскры цікаўнасьці.
Паўпусты тралейбус пагрукваў, нібыта развальваўся. Я на хвілю ўяві­ла, што так можа выглядаць сучасны Харонаў транспарт. Вось прыпыніў­ся, каб прыняць у сябе новыя памерлыя душы...
Раптам Юрась азірнуўся і ўвесь напружыўся, і нібыта між намі ўпала нейкая сьцяна. Ён пільна глядзеў на дваіх, што ўвайшлі ў сярэднія дзьверы і ўсаджваліся на адно з абабітых карычневым, скрэмзаным шматлікімі непаўналетнімі пасажырамі дэрмацінам, сядзеньне. Высокая худая дзяўчына ў чорным скураным плашчы і капелюшы і хлопец у джынсоўцы. Неахайныя пасмы валасоў амаль закрывалі яго твар. Пара была дзіўная. Ня п’яныя, але рухаліся неяк нязграбна, нібыта толькі што, пасьля доўгага блуканьня, выйшлі з цемры сутарэньняў на сьляпучае сьвятло. Юрась ірвануўся да іх, нават нічога мне не патлумачыўшы. Я бачыла, як ён схіліўся над дзяўчынай, нешта ціха ёй сказаў, пасьля пацягнуў за руку да дзьвярэй. Я здагадалася, што хутчэй за ўсё прысутнічаю пры сямейнай разборцы, і з прыкрасьцю адвярнулася.
— Адкасьніся... – голас дзяўчыны быў гучны, але нейкі санлівы.
— Стэла, дадому! Уставай!
Бач, які ўладарны! Я зноў кінула пагляд у іх бок... Юрась падвёў дзяўчыну да дзьвярэй. Дзіўна, але хлопец, з якім тая зайшла ў тралейбус, нават галавы не павярнуў. І тут Юрасёва кабета паглядзела на мяне... Божа, якая прыгажосьць! Эльфійская князёўна... Твар бледны, як парцаляна, і худы, з тонкімі рысамі, вочы вялізныя, бліскуча-цёмныя... І чорныя прамыя пасмы валасоў зьвісаюць з-пад капелюша, нібыта не выпадкова, а нейкі мастак доўга падбіраў, як іх укласьці, каб падкрэсьліць незвычайную, нейкую трагічную і хваравітую гожасьць уладальніцы. Я глядзела на ўсе вочы, забыўшыся на прыстойнасьць. Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ўсьміхнулася – горкай, імгненнай усьмешкай, і выйшла ў ноч і восень, у суправаджэньні ўнуранага, напружанага Юрася, які, дарэчы, нават і не зірнуў у мой бок...
Я ніколі не зайздросьціла дзяўчатам, якія былі прыгажэй за мяне. Зайздрасьці не было і цяпер. Але... нейкая туга. Так, дзеля гэткай жанчыны можна сьцярпець усё... І дараваць здраду, і цярпліва дабівацца каханьня. А мне застаецца гэты паўпусты тралейбус, мокры асфальт, што ляціць за вокнамі, быццам чорная рака, і ўсе лістапады, па якіх я буду блукаць – сама, сама, сама...

Белы анёл біўся ў вітражнае вакно, адчайна прасіўся ў пакой. Напэўна, гэта была проста птушка, скрозь сьлюдзяныя падфарбаваныя пласьцінкі можна было разгледзець толькі, што белая. Але ў тым паўсьне, у якім жыла Анэта, чаму б не зьявіцца анёлу? Вокны адчыняць забаранялася. Але анёлам адмаўляць нельга. І нават птушкам – бо гэта стварэньні Божыя. Шыбы з цяжкасьцю паддаліся... Над галавою Анэты імкліва праляцела нешта сьветлае... Дзяўчына не разгледзела крылатага госьця, бо ад струменю сьвежага паветра, што ўварваўся з вуліцы, галава закружылася так, нібыта вярнуўся шалёны карагод. Анэта мімаволі падалася наперад, ухапілася за падваконьне, каб ня ўпасьці... Горад ляжаў перад ёю, нібыта скалечаны вой. Чорнае гольле дрэў (няўжо такая позьняя восень?)... Дым ад вогнішчаў... Зусім няма людзей... А яшчэ нядаўна на гэтай плошчы віраваў стракаты натоўп. Які крык падымаўся, калі на плошчы зьбіралася капа – сойм, каб вырашыць нешта важнае. Вароны тады не наважваліся і блізка падлятаць да горада. А ў звычайныя дні тут можна было пачуць самую розную гаворку, і выбраць сабе ў шматлікіх лаўках з вясёлымі навязьлівымі гандлярамі каралі з чэшскага шкла або персіянскую хустку, пералівістую, як вясёлка. Старыя бурчэлі – маладая паненка добрага роду бегае па горадзе адна. Але гарэзе Анэце, адзінай дачцы пана Варавы Ляскевіча, дазвалялася больш, чым яе сябрынькам. Татусь звык размаўляць з ёю як з роўнай, і Богуш ня стаў бы замыкаць сваю «белагаловую» ад гасьцей, як пан войт. Праўда, войтава жонка, чарнабровая маскавіцянка Марыя, сама хавалася, калі ў дом прыходзілі мужчыны. Войт Марка Доўмель, бацькаў добры сябра, апраўдваўся – у такіх звычаях вырасла. Варта было паглядзець на пачварныя ўборы тае Марыі, што рабілі яе падобнай да вялізнай падушкі – ні шыі не відаць, ні стану – каб зразумець, што за звычаі ў ейнай Масковіі. Войцісе ж такое апрануць, як тутэйшыя шляхцянкі носяць – грэх.
Анэта любіла выбіраць сабе ўборы... Яны з Богушам зараз хадзілі б па гэтай плошчы разам, і яна купляла б сабе падарункі да вясельля. Тонкі ядваб, зялёны, як першае бярозавае лісьце... Гафтаваныя перлінамі чаравічкі, у якіх гэтак вольна бегаць-сьлізгаць па нацертай воскам да вадзянога бляску падлозе... Рукавічкі са срэбнага дзівоснага футра... Богуш ні ў чым ёй не адмаўляў. Навошта даражыцца, калі заўтра ці нават сёньня на горад могуць напасьці крымчакі, ці шведы, ці маскоўцы, і зьнікне кароткая радасьць... Богуш заўсёды біўся ў першых шэрагах, яе слаўны рыцар... І ейная зялёная стужка была ў яго на шлеме. Іх каханьне і нарадзілася ў бойцы... Богуша і Анэту сасваталі яшчэ малымі. Але дзяўчына зусім не была ў захапленьні ад задзірастага хлапчука з непакорлівымі цёмнымі віхрамі...
Ён паехаў у Кракаўскі універсітэт, вярнуўся... У стракатых штанах і дзюбастых чаравіках са званочкамі на насах. З плоймай лацінскіх выказваньняў, якія ўстаўляў да месца і не. На бацькавы ўгаворы Анэта капрызіла: «Не хачу замуж за гэтага боўдзілу! З яго ж усе сьмяюцца!»
Пад сьцены Старавежску прыйшлі татары. Да Вялікага князя паслалі па дапамогу. Але пакуль княскае войска падыдзе, даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы. Богуша прынесьлі ў ратушу, дзе зладзілі лазарэт, калі напад быў ужо адбіты. Вялікі князь так і не прыслаў войска ў непакор­лівы горад, што не прымаў ягонага войта і заключаў гандлёвыя дамовы з ягонымі ворагамі. Ганец вярнуўся са словамі «Каму служыцьме, у таго і дапамогі прасіцьме».
А Старавежск не служыў нікому.
Паважныя воі расказвалі пра геройствы маладога Радчыца і шкадавалі, што такі добры ваяр памрэ. Анэта нахілілася над параненым... Ён быў зусім бледны, валасы прыліплі да скрываўленага ілба. Раптам веі задрыжэлі, бліснула сінь вачэй... Ён пазнаў яе. І... паспрабаваў усьміхнуцца. Каб падбадзёрыць сваю палахлівую дзяўчынку. «Ня плач, Анэта, а то жабы ў пакоі разьвядуцца». Яна хутчэй адгадала, чым пачула, яго ўлюбёную дражнілку.
І ўспамін пра тую ўсьмешку на зьбялелых ад болю вуснах дасюль прымушае сэрца сьціскацца...
Тады ён выжыў… Было кароткае шчасьце. Анэта ведала – Богуш абраў бы лепей сьмерць ад варожага мяча, чым ад хваробы… Але пані Сьмерць дыспутаў ня ладзіць.
Няма болей Багуслава Радчыца...
Сьцелецца над брукаванкай горкі дым, карычневая лістота ўжо не шасьціць, прыбітая дажджамі да зямлі. Толькі дзіўныя застрашлівыя постаці вартаўнікоў па краі плошчы. Захутаныя ў цёмныя плашчы, што напінаюцца зброяй, твары да вачэй абвязаныя белымі палотнамі – як у сарацынаў...
—Анэ-эта-а! – зноў мсьціцца далёкі голас Богуша...
Цёмныя постаці ўнізе зварухнуліся, зрушыліся...
Моцныя рукі адштурхнулі дзяўчыну ад вакна.
— Дурное дзяўчо! Пошасьць прыходзіць з паветрам!
Бернацоні злосна зачыніў шыбы, нібыта за імі стаілася сама сьмерць. Шоргат крылаў прымусіў яго азірнуцца. Белы голуб сеў на плячо лекара. Анэта са зьдзіўленьнем убачыла, што суровы твар італьянца прасьвятлеў ад радасьці. Бернацоні схапіў птушку, нешта адвязаў ад яе лапкі, няўважна падкінуў птушку ўверх, і тая, спалохана пакружляўшы, села на адзін з гадзіньнікаў... Анэта здагадалася, што голуб прынёс чаканыя весткі. Можа, ад самога Вялікага князя. Відаць, бедная птушка зблудзіла ў сьмярдзючым дыме і не даляцела да адмысловага акенца на гарышчы. Але ўсё-ткі шкада, што прыляцеў не анёл.
Раптам Бернацоні раздражнёна ўскрыкнуў:
— Маледэтта! Я мушу гібець тут аж да пачатку посту! Ну які ёлуп увёў у вушы Яго Вялікасьці, што гэтае панішчанае, няшчаснае мястэчка мае волю да супраціву! Ды тут яшчэ сто гадоў ня будзе моцы нават зладзіць начную варту! А, гэта, відаць, Яго правялебнасьць, шаноўны біскуп, па­стараўся...
Анэта скаланулася. Чужынец казаў пра яе горад, пра яе ўлюбёны, вольны Старавежск.
— Наш горад аджыве! – дачка радцы не магла змаўчаць. – І пошасьць была. І пскавічы нас палілі, і крымскі хан... Старавежск можна параніць. Але нельга забіць.
Бернацоні прымружыў вочы, нібыта дзяўчына знаходзілася ад яго далёка-далёка.
— Вось як, бамбіна... Ты любіш свой горад? Магчыма, ты любіш яго нават так, што можаш за яго памерці?
Анэта з выклікам паглядзела ў цёмныя вочы лекара.
— Многія больш вартыя за мяне аддавалі жыцьцё за гэты горад.
У вачах італьянца не заўважалася насьмешкі.
— Так, дона, так... Велічыня чалавека суразьмерная таму, за што ён здольны памерці. Гэта можа быць усяго толькі ягоны дом, з нажытымі ім дабром і дзецьмі, з улюбёнай ружовашчокай матронай, а можа быць – ягоны народ... Яго вера... Яго Гасподзь... Калі ж нехта больш за ўсё на сьвеце даражыцца сабою – ён такі малы, што вочы Неба абмінаюць яго, як нявартую парушынку... У цябе вялікая душа, дона.
Лекар адышоўся і працягваў разважаць, нібы спрачаючыся сам з сабою.
— А вось усё чалавецтва... Якое ёсьць, якое будзе. Стракатае, забыў­лівае, асуджанае зьнішчаць самое сябе, як скарпіён у коле вугольляў... Ці варта паміраць за чалавецтва? Хіба можна ашчасьлівіць яго – усё? А, дона?
Анэта спалохана паціснула плячыма – у такія хвілі Бернацоні нагадваў ёй вар’ята...
— Ня ведаеш? Вось і я ня ведаю... Калі для адных гэта будзе шчасьцем, для другіх – жахам... Няхай ашчасьліўленых станецца больш... Але, магчыма, тыя, хто застаўся ў абдзеленай меншасьці, больш вартыя? Адзіна вартыя? – лекар падышоў да гадзіньніка з фігуркай сьмерці, што адсякае галаву каралю, дакрануўся да застылага ў жаху бронзавага ўладара, які ўкленчыў перад страшнай госьцяй. — Калі я толькі яшчэ вучыўся лекаваць, і замест залатога ланцуга на маёй шыі заўсёды матлялася хустачка чарговай прыгожанькай сіньёры, што засумавала ў высакародным замужжы, — вох, які я быў блазьнюк! — я засвоіў, што часам, каб выратаваць чалавека, трэба адняць ад яго цела невылечна хворую частку. Гэта балюча, і чалавек застанецца калекам... Але ён будзе жыць. Здараецца, варта пазбавіцца добрага, разумнага, памяркоўнага караля, каб яго народ змог паўстаць супраць ворагаў. Пральецца шмат крыві, але краіна ажыве. А калі дзеля шчасьця краіны належыць ахвяраваць адным горадам... Гэта праўдзіва? А, дона?
Анэта разумела, што ад яе не чакаюць адказу. Разважаць пра такія складаныя рэчы з дзяўчынай... Але яна адказала.
— Гэта бязбожна!
— Вось як? – Бернацоні быў угневаны. – Не табе судзіць. Мая любая Італія ляжала ў руінах, таму што кожны горад хацеў быць асобным каралеўствам, і ўсе ваявалі з усімі.
Але Анэта крыкнула, нібыта глыток сьвежага паветра вярнуў ёй былыя сілы, аж галуб спалохана ўзьляцеў пад скляпеністую столь.
— У нашым горадзе жылі шчасьлівыя людзі! Мы нікога не чапалі. Толькі бараніліся. Гасподзь выпрабоўвае нас, але ня дасьць зьнікнуць! Я не хачу болей слухаць вашыя гадзіньнікі! Я хачу выйсьці з вежы! Можа быць, нехта з маёй сям’і жывы...
Так, яна больш ня сядзе сярод яго гадзіньнікаў, ад голасу якіх то млосна, то непрыстойна весела, нібыта ад чары віна... А лекар пытаецца пра яе адчуваньні і нешта падлажвае ў хітрых механізмах... Дае выпіць адвар... І зноў заводзіць гадзіньнікі.
— Ніхто, акрамя сьмерці, не чакае цябе, — лекар гаварыў вельмі спакойна, — Ты застанешся тут, пакуль не прыедзе новы войт, прысланы князем. Тады я перадам цябе пад ягоную ўладу. А зараз – час піць адвар...
У пакой, нібыта падслухоўвала пад дзярыма, увайшла рыкуньня, ключніца Марцэля, высокая немаладая кабета з тварам, нібыта выразаным з дрэва, з глыбока запалымі вачыма, падала дзяўчыне кубак з чырвонага венецыянскага шкла. Чырвоны колер мусіў дадаваць сілы зёлкам.
— Не!
Бернацоні толькі прыўзьняў бровы.
— Той, хто адмаўляецца лячыцца – грашыць, бо лекара стварыў Бог. Пі!
— Ня буду! Ад вашых напояў я нібыта ў воблаку...
— Ты што, думаеш, я цябе атручваю? – усьміхнуўся лекар. – Гля­дзі... — ён адпіў з кубка. – Бачыш? Гэта ўсяго толькі зёлкі. Ну!
Марцэля паднесла кубак проста да вуснаў Анэты, зірнула ненавісна... Адкуль гэтая нянавісьць? Дзяўчына адчула: ня вып’е — увальюць у рот... Як вар’ятцы... Прысмак чорнай арабіны... Зьвязвае ў роце...
— Правядзі сіньярыту ў яе пакой.
Анэта павольна рушыла ў маленькі пакойчык, хутчэй – нішу, завешаную цяжкім сінім палатном, якая межавала з гасьцёўняй. Усьлед даляцеў вясёлы голас лекара:
— Ты яшчэ не з усімі маймі гадзіньнікамі пагутарыла, донна!
— Не хачу-у-у!

l l l
— Не хачу-у-у!
Эльфійская каралеўна па імені Стэла адчайна, як спалоханае дзіця, тузанула Юрася за рукаў.
— Ты нікуды не паедзеш!
Я сядзела ў машыне Віталя Аляксандравіча, якая мусіла адвезьці нас у Калыванаўскія ўладаньні, да старавежскіх таямніцаў, і рабіла выгляд, быццам мяне больш за ўсё на сьвеце цікавіць шэрая цагляная сьцяна за вакном. Чаго кабета ўсхадзілася? Можа, да мяне раўнуе? Каб яна ведала, наколькі беспадстаўна. Юрась між тым пакорліва выйшаў з салону. Нешта ня памятаю, каб ён гэтак жа слухаўся маіх капрызаў. Я зірнула. Яны стаялі наводдаль, абодва ў чорным, як дзьве пацямнелыя ад часу статуэткі на засланым залацістым абрусам стале. Юрась нешта гаварыў, супакойваў, гладзіў жонку па бліскучых, як чорны шоўк, валасах, а Стэла ўсё гэтак жа адчайна чаплялася за яго. Нарэшце спадар рэстаўратар палез у кішэні сваёй паношанай курткі, дастаў грошы... Стэла прагна схапіла іх, палічыла... І зноў нешта адчайна загаварыла. Юрась адмоўна пакруціў галавою. Раптам жанчына замахнулася на яго, Юрась перахапіў яе тонкую руку, здавалася б, занадта далікатную нават для таго, каб рваць кветкі... Мінакі пачалі зацікаўлена азірацца. Я разгублена назірала за брыдкай дзеяй.
— А нічога не паробіш,— меланхалічна пракаментаваў Віталь, які ся­дзеў наперадзе, побач з шафёрам, маўклівым маладым чалавекам у скуранцы, з чорнымі прылізанымі валасамі і вузенькімі вусікамі на манер акцёраў нямога кіно. – З такімі хоць па-добраму, хоць па-злому – вынік адзін...
Кіроўца нясьпешна азірнуўся, ацаніў сітуацыю – відаць, паедзем ня хутка, узьдзеў навушнікі плэера і загайдаўся ў толькі яму чутным бадзёрым рытме. Маўляў, мая справа маленькая, разьбірайцеся, паны, самі.
А Юрась раптам прыціснуў да сябе Стэлу, якая ірвалася з яго рук, і моцна пацалаваў... Яна прыціхла, абхапіла яго тонкімі рукамі... Потым Юрась крыкнуў у бок машыны:
— Пачакайце мяне хвілінаў дваццаць!
І павёў некуды сваю нервовую прыгажуню.
— І навошта гэта яму? – шчыра азваўся Віталь. І распавёў мне гісторыю Юрасёвага шлюбу.
...Мой былы муж не любіў журналістыку, затое цягнуўся да мастакоў­скага сьвету, як грэшнік да крыжа. Вось у адной вясёлай майстэрні, сярод недамаляваных карцінаў і старажытнай керамікі Юрась і напаткаў сваю Стэлу. Таленавітую і дзіўную. Будучы рэстаўратар – ён вучыўся на другім курсе вучэльні – не сьпяшаўся сыходзіць з майстэрні, якая і належала чароўнай Стэле – бацька, вядомы мастак, паспрыяў. Настрой гаспадыні між тым сапсаваўся. З ейных цёмных самотных вачэй без дай прычыны палі­ліся паэтычныя сьлёзы... Астатняя публіка неяк вельмі хуценька разьбеглася... Мусіць, ведалі, які «цырк» пачнецца. І Юрась атрымаў задавальненьня напоўніцу. Наркаманка са стажам у час «ломкі». Калі Юрась зразумеў, што за лекі вытанчаная Стэла зьбіраецца ўпароць сабе ў вену, учыніў «мудра» — выхапіў шпрыц ды выкінуў праз вакно. Мастачка паспрабавала адпра­віцца ўсьлед за сваім «ратункам»... Юрась з апошніх сілаў утрымліваў яе на падваконьні, а прыгажуня несамавіта лаялася... Ды яшчэ трапіўся ёй пад руку мастыхін – вострая металёвая лапатка, якой счышчаюць фарбу з халста... Вось так і ўпрыгожыліся твар і рукі майго былога мужа шнарамі.
Дзесьці пад раніцу дзяўчына апрытомнела... І што першае зрабіў Юрась, парэзаны вострым лязом, як пасьля бойкі з тузінам адмарозкаў? Правільна, прапанаваў выйсьці за яго замуж. Ясна, чаму: зьбіраўся стаць выратавальнікам. Але нават гэты легкадумны рамантык не ўяўляў, з чым сутыкнецца.
Ён пераспрабаваў усё. Звычайных дактароў і гіпнатызёраў, вазіў да сьвятароў, аднойчы ўгаварыў пажыць разам у скіце дзесьці ў Карэліі... Але вера мелася толькі ў ім. Зьвярнуўся аднойчы і да былога выкладчыка. Віталь якраз ладзіў чарговую рэкламную кампанію свайго гаспадара – хосьпіс ды наркалагічны цэнтр.
— Ніхто ёй не дапамог і не дапаможа, — зазначыў мой суразмоўца. – А бяз «дозы» загнецца… Вось Юрась і зарабляе на «дурноту».
— Ён купляе жонцы наркотыкі?!! – жахнулася я. Віталь меланхалічна паціснуў плячыма.
— Калі ня выбрацца з балота, застаецца квакаць. А шкада хлопца! Сьветлая галава, хаця з дзівацтвамі. У палітыку палез, калі гэта было яшчэ модна. За адным апазіцыянерам партфель насіў... Пасьля пасварыўся... Каб яму добрага дарадчыка, ды кіраўніка – абапіраючыся на такіх людзей, адказных, палкіх – шмат можна дасягнуць. Але ж вось – згас чалавек, звузіў­ся... Я такіх лёсаў шмат бачыў.
Ад пачутага мне зрабілася ніякавата. Ніколі ня мела блізкіх стасункаў з наркаманамі. Ведала, што ў Менску яны зьбіраліся ў кавярні «Пінгвін», цяпер пераробленай у безаблічную рэстарацыю з марскім назовам. А мой сябра паэт вадзіў мяне па маленькіх кавярнях… Я запомніла з неахайнай купкі заўсёднікаў «Пінгвіна» дзяўчыну з нібыта размытымі дажджом рысамі твару, у якой хіпоўскую павязку на галаве ўпрыгожвалі рыбацкія мармышкі. Вочы ў дзяўчыны з мармышкамі былі сьветлыя, і здавалася, з нейкай празрыстай плёнкай… Сябра грэбліва патлумачыў: «наркаманка». Але да Стэлы грэбліва ставіцца я не магла.
Юрась моўчкі сеў у машыну. У яго быў такі твар, што ў мяне скаланулася сэрца. Як ён яе кахае… А чаму не? Хворых і няшчасных, ад каго адны клопаты, часам кахаюць куды глыбей і адданей, чым здаровых ды ўдалых.
Кіроўца ўсё гэтак жа моўчкі зьняў навушнікі і завёў машыну. Я так і не зразумела, чуў нашы размовы гэты прылізаны хлопец, або не? Ідэальная прыслуга.

Калыванаўская сядзіба, як я і чакала, была абкружаная высозным бетонным плотам. Сосны палахліва спыніліся перад ім раўнюткім шэрагам. Можа, гэта рэшта «савецкага» выхаваньня, але да такіх платоў у мяне трывалая агіда... А калі бачу, як перада мной бязгучна разьязджаюцца жалезныя вароты, ахоплівае дурны дзікі страх – нібыта штурхаюць у турэмную камеру...
Восеньскі дзень кароткі, яго твар ужо цямнеў ад стомы. Але пейзаж за жалезнымі варотамі быў падсьвечаны нізкімі – нібыта для гномаў – круглымі ліхтарамі, і бачыўся выразна і адначасова прывідна. Рэшткі старой брамы... Дзьве мармуровыя багіні па абодва бакі дарогі вартуюць прысаду; адна трымае ў руцэ аліўкавую галінку, другая – меч. Але час адняў у велічных каменных постацяў антычны бляск. У адной багіні не хапала рукі, у другой адбіты нос... Здавалася, што па гэтых абшарпаных, патрэсканых статуях абавязкова поўзаюць смаўжы...
Я не магла пазнаць, што за дрэвы сашчапілі ў прыцемку над дарогай свае пазбаўленыя лісьця густыя галіны — нібыта ведзьміныя валасы, выпрастаныя ветрам і залітыя сьвятлом поўні. Але гэтым волатам, відаць, была не адна сотня гадоў. Фары машыны высьвечвалі каржакаватыя сівыя ствалы. Мы ехалі зусім павольна, і мяне ўразіла цішыня вакол... Нішто сабе маёнтак! Раптам паказаўся яшчэ шэраг статуй. На п’едэсталах узвышаліся постаці, падобныя да рымскіх імператараў. Гэтыя скульптуры яшчэ больш пацярпелі ад часу. На некаторых пастаментах засталіся толькі ногі невядомых герояў... Дарога вільнула ўбок, і я нарэшце ўбачыла рэзідэнцыю пана Калыванава. Не падобна да жытла алігарха. Двухпавярховы дом з чатырма калонамі, з вострым дахам і вежамі па кутах. Зусім ня цацачная падробка, на якія я нагледзелася. Гэты будынак паглядаў на нас нібыта з-пад старасьвецкага капелюха – гэткі састарэлы, але ўсё яшчэ ганарысты шляхцюк...
— Людвісарава, — шапнуў мне Юрась.
Вось яно што... Маёнтак славутых магнатаў... А я лічыла, што ён зруйнаваны. Праўда, непадалёк у прыцемку бялелі самотныя калоны, нібыта разгубленыя тым, што больш ня трэба падтрымліваць цяжар даху... Відаць, новыя гаспадары аднавілі толькі частку палаца.
Але ўнутры дома нічога не нагадвала пра старасьвеччыну. Пунсовыя дываны, белыя сьцены, а на іх — яркія і стракатыя, нібыта спадніцы аперэтачнай Сільвы, пастэлі ў металёвых рамках. Ды яшчэ мёртвае зыркае сьвятло лямпачак, падобных да вачэй робата.
— Ну, вось і дома! – Віталь Янчын шырока разводзіў рукамі, нібыта ўсё бачанае належала яму. Двое мужчынаў у аднолькавых швэдарах колеру кавы з малаком і з аднолькавымі квадратнымі сківіцамі і пляскатымі баксёрскімі насамі ветліва ўсьміхаліся. Той, што быў вышэй, з кароткімі рудымі валасамі, паказаў рукой налева.
— Вось па тым калідоры вашыя пакоі. Вячэра а восьмай, гаспадар абяцаў прыехаць, так што пазнаёміцеся.
Голас яго нагадваў трамбон, на якім звар’яцелы музыка спрабаваў сыграць партыю флейты. Такім голасам добра крычаць «Выходзіць па аднаму! Рукі за галаву!» Другі мужчына, каржакаваты і чарнявы, гэтак жа ветліва дадаў:
— Уладкоўвайцеся, і што трэба для працы – адразу нам кажыце. Дамовіліся? Я – Анатоль. А гэта – Ігар.
У пакоі меліся кандыцыянер і кампутар. Але мне было так трывожна, што замест таго, каб раскласьці прывезеныя рэчы, падпарадкаваць сабе чужую прастору, я проста села на канапу, пакрытую белай атласнай коўдрай, і так і праседзела амаль гадзіну, перабіраючы ў думках падзеі апошняга часу, нібыта пацеркі з чорных перлінаў... І я амаль жадала, каб нітка, што зьвязвала іх, парвалася, і нешта назаўсёды згубілася ў бездані забыцьця. Але нітка часу рвецца толькі разам з жыцьцём.
Другі паверх выглядаў зусім іначай, чым першы. Відаць, наверсе былі панскія пакоі, а ўнізе – для «абслугі». У панскіх стаяла антыкварная мэбля, на сьценах – дываны, на іх – зброя... А ў сталовай — абедзенны стол з матавага цёмнага металу, і нават без абруса. Адны сурвэткі, зьвязаныя з тонкіх ільняных нітак. У металёвай паверхні люстраваліся лямпачкі, і здавалася, што посуд зараз паплыве. А на мне замест вячэрняй сукенкі – стары швэдар... Добра, што і Юрась выглядае гэткім жа «бедным сваяком». Затое, у адрозьненьне ад мяне, пра гэта зусім ня думае.
— Гэта праўда, Ганна, што вы можаце прачытаць за гадзіну пяцьсот старонак тэксту?
Голас Пятра Калыванава быў гэткі ж рэзкі, востры, як аблічча. Расейскі магнат нагадваў мне, як ні дзіўна, Скарамуша – драўляную ляльку з італьянскага вулічнага тэатра: нос і падбароддзе – як шчыпцы, чорныя вочы маленькія, але жудасна пранізьлівыя, валасы зачасаныя назад – толькі стракатага раздвоенага каўпака не хапае. На экране тэлевізару магнат выглядаў больш мажным, прыемна паўнаватым, скрадвалася вуглаватая, небясьпечная вастрыня. Вакол гэтага чалавека нешта адчувалася... Сказаць – «сіла» – неяк па-джэдаеўску... Сказаць «харызма» – па-газетнаму... Цяжка было ўявіць, што з ім можна спрачацца. Аднак ён нечакана шмат ведае пра мяне...
— Магу чытаць і хутка... Але насамрэч мне падабаецца цешыцца з тэксту. Калі тэкст, вядома, гэтага варты.
Мой адказ ня быў надта ветлівы ад таго, што я страшэнна бянтэжылася.
— Вы валодаеце польскай і нямецкай, — працягваў гаспадар нібыта чытаць маё дасье. — І ў вас своеасаблівы талент сьледчага. Мне расказвалі, як вас пакінулі без нагляду на паўгадзінкі ў кабінеце судовага архіву, а пасьля вы напісалі артыкул, цытуючы напамяць дзясяткі дакументаў з таго кабінету. Гаспадара якога, дарэчы, пасьля гэтага звольнілі. Журналіс­ты непераборлівыя ў сродках, га?
Калыванаў па-змоўніцку падміргнуў мне.
— У мяне было ўсяго дваццаць хвілінаў, — буркнула я. – А справа тычылася вывезеных з мясцовай царквы каштоўнасьцяў, якія ў розныя эпохі па чарзе прыўлашчвала начальства. Я не люблю, калі бароняць чыноўных злодзеяў.
Калыванаў раптам шчыра засьмяяўся, але ягоны сьмех падтрымаў толькі Віталь Янчын. Потым магнат пачаў сьвідраваць позіркам Юрася.
— Гэта вы адладзілі музычны куфэрак жонкі Саксаганава? Быў пару месяцаў у іх у гасьцях, хваліліся... Мілая такая штучка. Лялечны тэатрык у мініяцюры. Складана было рамантаваць?
Юрась пасьміхнуўся.
— «Складана!» Ды там ніводнай цэлай дэталі не засталося. Фігуркі рухаюцца на некалькіх ярусах, сьпектакль разыгрываюць, а дэталі медныя, усе рассыпаліся. Паўгода важдаўся.
— Добрая праца! – сур’ёзна пахваліў Калыванаў. – Саксаганскі за куфэрак дваццаць кавалкаў аддаў, і ніхто адладжваць ня браўся. Нават у Швейцарыі. Я заўсёды казаў, што славянскія самародкі ўсіх замежных сьвяцілаў у лапці абуюць. Колькі талентаў хоць бы за гэтым сталом! – Калыванаў агледзеў прысутных. – Вось гэты паважаны чалавек, Зьміцер Патапавіч – прафесар фізікі. А таксама знаўца любой найтонкай электронікі. Без дапамогі Зьміцера Патапавіча гэты дом даўно б заняпаў....
Сівы старэча ў акулярах з круглымі і тоўстымі, нібы два ледзякі, лінзамі ветліва кіўнуў мне з другога канца стала.
— А той прыемны малады чалавек у белым пінжаку – сьпецыяліст, так бы мовіць, па мазгах, — працягваў гаспадар прадстаўляць гасьцей. «Сьпецыяліст па мазгах», сапраўды вельмі прыемны бялявы хлопец, які сядзеў насупраць, прыветна памахаў рукой.
— Завіце мяне Макс.
— Ужо прабачце, пераняў я на Захадзе звычку ўвесь час карыстацца паслугамі псіхолага, — ветліва патлумачыў Калыванаў. – Справа Макса – папярэджваць канфлікты, выслухоўваць скаргі, сачыць за здароўем насельнікаў гэтага дому… Ну, Віталя Янчына ўсе ведаюць, — магнат павярнуўся да нашага былога выкладчыка, які сядзеў зьлева ад яго. — Аргані­затар геніяльны...
Янчын трохі няшчыра ўсьміхнуўся – вядома, я таксама б пакрыўдзілася: ані слова пра творчыя здольнасьці.
— А таленты гэтых маладых людзей я нікому ня раіў бы выпрабоўваць на справе, — Калыванаў паказаў на ахоўнікаў, што выстраіліся ля сьцяны ганаровай вартай, нібыта хваліўся чарговай калекцыяй.
Магнат пачакаў, пакуль афіцыянт (ці як ён там у панскіх дамах называецца, можа, як пры каралеўскім двары, падчашы?) разалье па келіхах напоі, і падняў свой келіх уверх.
— За вашыя посьпехі! Заўтра раніцой – зноў да гадзіньнікаў, сябры. Прымусьце іх загаварыць. У вас для гэтага ёсьць усё – талент, час, грошы... Прафесар распавёў мне, што ўзьніклі складанасьці з рамонтам, нейкія там старажытныя сакрэты, але я веру, што вы справіцеся. На саракавінах па маім сябры гадзіньнікі мусяць працаваць дакладна так, як у пятнаццатым стагоддзі! Дакладна так!
Здаецца, нічога дзіўнага не было сказана. Толькі я заўважыла, як прафесар скрывіў вусны – зьедліва так, нядобра скрывіў. І мне стала зноў трывожна. Я зірнула на Юрася і сустрэла ягоны спакойны пагляд. Чаму я ўсхадзілася? Даюць добрую працу – рабі. Што я, пра тыя гадзіньнікі не напішу, пра вежу? А пра Аркадзя, беднага, дык проста грэх не напісаць. Але пастукваньні посуду аб металёвы стол не спрыялі майму спакою, а хутчэй нагадвалі непрыемнае – напрыклад, як зубны ўрач перабірае ў маленькай бліскучай місачцы інструменты. Мне чамусьці падумалася, што свае дзьве тысячы мне давядзецца адпрацаваць напоўніцу.

Войска Вялікага Князя ўязджала ў горад нясьпешна, без асаблівай урачыстасьці. Мо з сотню чалавек моўчкі назіралі за шыхтам, стоячы ля дамоў, вокны якіх былі забітыя накрыж. Яркія ўборы прыхадняў нібыта ганьбілі жалобную цёмную вопратку гараджанаў. На цнатліва белай паверхні першага сьнегу заставаліся чорныя сьляды, і здавалася, што чужынцы нясуць за сабой гэтую чарнату, вядуць яе ў апусьцелы горад, чые вуліцы былі яшчэ нечапана белымі. Чуваць было толькі, як стукаюць па бруку падковы коней ды пабразгвае вупраж. Ды яшчэ – вар’яцкае «Хе-хе-хе» княскага блазна Карэйвы, хударлявага, пачварна сагнутага ў крук – блазан і на кані сядзеў не па-людску, а амаль лежачы, у адмысловым сядле, падобным да залачоных ночваў. Усё княства ведала, што Карэйва пасьмейваецца ўвесьчасна, нібы жаба квакае. Сагнула Карэйву пасьля таго, як пабыў у лёхах замка аднаго з магнатаў, ды не як госьць. За што небараку гэтак катавалі, ніхто ня ведае. Розум востры, наколькі можа быць вострым ва ўбогага вар’ята, і блазан умеў пацешыць сваіх гаспадароў. Але, можа, менавіта гэтае пахехекваньне ўрэшце надакучыла Вялікаму Князю, які падарыў былога ўлюбёнца пану Лаўрыну Рожы – новаму войту Старавежску. Вось і ён, Рожа, у срэбным жупане, у гарнастаях і дыяментах. Аблічча шырокае, спрэс у шнарах. Прабіўся да высокай пасады нялёгка, не з багацеяў. Ад простага воя шлях прайшоў. Княскі хорт, гатовы перагрызьці горла за гаспадара нават сьвятому. Побач – ягоны верны хорт, соцкі Баркун, падобны да мядзьведзя. Гэты ня меў літасьці, напэўна, нават да ўласнае калыскі.
Чужынцы ехалі праз горад. Некаторыя старавежцы шапталі скрозь сьціснутыя зубы праклёны... Ляцяць каршукі на падлу... Іншыя – іх было больш – паглядалі з надзеяй. Хіба горай будзе? А раптам – да лепшага новая ўлада? Самім усё роўна не акрыяць.
Перад уездам на пляц з ратушай, там, дзе пачыналася варта, выстаўленая Гервасіем Бернацоні, гасьцей чакалі. Ацалелыя ад пошасьці і скокаў сьмерці радавітыя гараджане жадалі перамоваў. Лаўрын абвёў вачыма тых, хто перагарадзіў яму шлях: тузіны тры... Няшмат вас, панове. Погляд звыкла вылучыў тых, хто заслугоўваў увагі. Малады шляхціц з чорным віхорам, які выбіўся з-пад шапкі з дыяментавым «гузам», глядзіць дзёрзка, непакорліва; таўсматы пан з доўгімі сівымі вусамі і прыжмуранымі, нібы ад нянавісьці, вачыма. І руку ўпёр у бок, а другая на дзяржальне шаблі...
— Вітаем у нашым горадзе пасланцаў Вялікага Князя!
Бач, гаспадары аб’явіліся! Лаўрын грозна нахмурыўся.
— Я ваш новы войт. Увечары я вас выслухаю. А зараз – сыдзіце з дарогі.
Вочы маладога шляхціца гарэлі сінім халодным полымем, нібыта зоры ў мароз.
— Наш горад яшчэ жывы! І ягонае магдэборгскае права не адмененае! Ёсьць сем чалавек з гарадской рады. Вось – бурмістр, пан Варава Ляскевіч.
Сівавусы ганарыста кіўнуў галавой.
— Ляскевічы заўсёды абіраліся ў раду. Яе ж абірала капа, веча... А рада абірала войта. І не іначай.
Шляхта за сьпіной сівавусага ўхвальна загула.
Лаўрын пасьміхнуўся ў вусы. Бач, вадзіцца ўздумалі... Але заядацца не выпадала. Рожа быў стары ваяка, пры княскім двары за трыццаць гадоў нагледзеўся ўсялякага... Уменьне весьці перамовы ня менш важна, чым жалезная пальчатка на руцэ, якой трымаеш цяжкі меч. Рожа нясьпешна зьлез з каня – хай бачаць, што ён ня вораг. Але прыніжацца таксама нельга – стопчуць адразу.
— Хіба ў Старавежску гэтак прынята вітаць гасьцей? – цяпер голас новага войта гучаў мякка, як поступ коткі, што падбіраецца да птаха. – Вялікі Князь хоча дапамагчы вашаму гораду ў бядзе. У яго няма інакшых мэтаў.
Хрыплы сьмех блазна Карэйвы парушыў урачыстасьць словаў.
— Хе-хе-хе! Схіліце хвост ды пад мост, ягамосьці! Важныя ў вас госьці! Паздароў, Божа, паноў, што няма ні коней, ні кароў, адныя мігдалы нябёсныя, дый тыя зямлёй пахнуць. А мы вам пернікаў прывезьлі. Смачныя, княскія! Хе-хе-хе!
Новы войт злосна зірнуў на блазна – што з дурня возьмеш.
— Мне загадана ягонай мосьцю ўсяляк ратаваць і адбудоўваць горад, спрыяць, каб ён зноў насяляўся і гандляваў, і прымнажаў славу княства.
— І пастаўляў князю вояў для патрэбных толькі яму звадак! – выкрыкнуў сінявокі рыцар. – І аддаваў на княскі суд, хто князю ня ўгодзіць! У халопы месьцічаў запішаце.
— Магдэборгскае права ў нас ніхто не забярэ! – крыкнуў стары шляхціц.
– А навошта князь свайго біскупа прысылаў? — азваўся яшчэ адзін. — Мы не папісты! Гэта толькі князь можа веры мяняць, як вужака – скуру. Ганьба!
Рожа нават брывом не зварухнуў на дзёрзкасьць. Яшчэ ня час. Між тым дзесьці ў канцы вуліцы пачуліся радасныя выкрыкі. Лаўрын задаволена пасьміхнуўся, нават не азіраючыся, ведаў: гараджане ўбачылі абоз, які ехаў за войскам – калёсы, гружаныя мяхамі з зернем, бочкамі з медавухай... Цяпер горад адданы князю. І фанабэрыстыя шляхцюкі, якіх абышла сваёй увагай нават сьмерць, застануцца пры сваіх крыўдах і без усялякае моцы. Такія ёсьцека ў кожным горадзе, які належыць князю. Гэта нават добра – вось яны, гарладзёры, крычаць, пустасловяць, а велікадушны ўладар ім даруе ад магутнасьці і справядлівасьці сваёй. І просты нямудры чалавек ведае: бяда, калі гэтыя задзіракі да ўлады дабяруцца. І яшчэ больш любіць магутнага справядлівага князя. І заўсёды ёсьць каго зьвінаваціць у нястачах і бедах дзяржавы. Услых Лаўрын прамовіў, аднак, іншае.
— Мы – адзін народ, пане-браце. Слова гонару – я буду бараніць вольнасьць Старавежску гэтак жа, як вы, панове.
— Хе-хе-хе! – зноў зайшоўся хрыплым сьмехам кручок-Карэйва, і рэхам прагучэла карканьне варон, што кружылі над пляцам, быццам чорныя багі сьмерці пяшчотных сьняжынак, якія апускаліся на горад.
Не, сапраўды, ад гэтага дурня варта пазбавіцца...
— Кожнае каліўца волі дарагое ліцьвінскаму сэрцу, — сурова прамовіў сівавусы. – Таму без супраціву ня вытапчацца ніводнае. Чаму дасланы князем лекар Бернацоні не пускае нас да ратушы?
— Італіец – вядзьмак! – выкрыкнуў нехта са старавежцаў. — Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!
Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.
— Мы ня можам зьвінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў ня маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя сьмерцю, куды шмат хто не насьмеліўся б занесьці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратаваньня ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну... Магчыма, гэта мая дачка Анэта.
Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў.
— Адкуль такія зьвесткі?
— Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў вакне ратушы.
Сінявокі шляхціц ступіў наперад.
— Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!
Рожа прымірэнча падняў далоні.
— Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут зьясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсьць яна ўвогуле... Вядома, гвалт над паненкай – ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты – адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.
— Мы пойдзем з вамі ў ратушу! – гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не сьпяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несьвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.
— На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы сьвятога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп ня зладзіць чын вы­гнаньня шатана, пакуль ня пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада, — Вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланьнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.
— Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, таньчыць, як лялечкі на вяровачках...— пранізьлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусьцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы сьмяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са сьвітай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сьцяг незалежнага горада – са срэбным коньнікам на барвова-белым полі.
— Хе-хе-хе! – вар’яцкі сьмех блазна слаўся над пляцам разам са сьмярдзючым дымам ад вогнішчаў. Чорныя сьляды разразалі напалам бялюткае покрыва першага сьнегу.
— Анэ-эта! – адчайна крычаў малады шляхцюк, ірвучыся праз ахову да ратушы. – Анэ-эта!

l l l
— Анэ-эта!
У дзьверы настойліва стукалі. Я падхапілася з ложка. Сэрца шалёна білася. Спатрэбілася некалькі хвілінаў, каб прыпомніць, што я знаходжуся ў маёнтку Пятра Калыванава, а за дзьвярыма гучыць голас Юрася.
— Анэта, уставай! Праз пяць хвілінаў сьняданак!
Мог бы і раней мяне пабудзіць... Добра, што я даўно ўжо не марную час на касьметыку. Запляла касу, улезла ў джынсы і швэдар... І, замест таго, каб ірвануцца да сьвецкага жыцьця, павольна падышла да вакна... Унізе чарнелі дрэвы старога парку. Ноччу першы сьнег прыцерушыў зямлю, і гольле скрыжоўвалася на белым фоне, як саржавелая зброя. Але ў гэтым адчувалася ня злосьць, а нейкая безнадзейнасьць, нібыта самі драўляныя воі ведалі, што іх бітва даўно ня мае сэнсу, і пераможцаў ня будзе. Ды аднойчы дадзенае слова гонару змушала іх зноў і зноў сыходзіцца ў змаганьні.
Калісьці гэта быў вельмі прыгожы парк. Сьцяжынкі між роўна падстрыжаных кустоў утваралі ромбы і віньеткі, і лёгка было ўявіць, як па іх рухаюцца-плывуць пані і паненкі ў доўгіх сукнях, падобных да перавернутых чарак з каляровага шкла. Дзіва, што новым гаспадарам хапіла густу не вынішчаць старыя прысады. Дарэчы, наўрад ці ўзрадаваліся б былыя гаспадары, інсургенты і патрыёты, што ў іхніх сьценах атабарыўся расеяц, ды яшчэ, здаецца, замяшаны ў брудныя палітычныя справы... Калыванаў якраз і зьехаў займацца палітыкай, губернатарам нацэліўся стаць.
Гадзіньнікі стаялі ў памяшканьні цокальнага паверху, аніяк не падобным да музейнае залы. Хутчэй да велізарнай лабараторыі. Прынамсі, незразумелай мне апаратуры тут мелася багата. У другім канцы пакоя, дзе цямнелі вялікія, нібыта гаражныя, дзьверы, збліснуў лакавы бок старога аўтамабіля… Ах так, Віталь казаў пра майстэрню па рамонце антыкварнай тэхнікі… Аркадзевы гадзіньнікі я пазнала адразу – яны стаялі ля сьцяны і нагадвалі цяпер ня рыцараў, а палонных. Прафесар Зьміцер Патапавіч ледзь ня носам тыцкаўся ў кожны з іх, аглядаючы. Астатніх гадзіньнікаў было дзясяткі тры... Адны падобныя да маленькіх храмаў, другія – простыя і змрочныя, як труны, трэція – нібыта дзіцячыя забаўкі. Юрась так і кінуўся да іх, нібыта да аднойдзеных сардэчных сяброў. Я заўсёды зайздросьціла тым, хто займаецца сваёй улюбёнай справай, хаця й сама калісьці была сярод такіх шчасьліўцаў. Цяпер – толькі назіраць... Вось Юрась пяшчотна дакранаецца да старога дрэва... Вось ён нешта заўважыў на бакавой сьценцы, і пагляд зрабіўся, як лязо. Прыгаворвае скрозь зубы... Упэўнена адчыняе дзьверцы механізма, асьцярожна кратае нешта ўнутры... Прысутныя, уся «досьледная каманда» на чале з Янчыным, моўчкі назіралі за ягонымі рухамі, нібыта родзічы хворага чакалі прысуду цуда-лекара. Нават прафесійна-іранічны «псіх» Макс пасур’ёзьнеў. Нарэшце Юрась павярнуўся да нас. Твар ягоны зьзяў, як ва ўдалага рыбара.
— Можам павіншавацца! Гадзіньнікі з вежы – усе тут! Вось гэты, з караблём... Гэты, з крыжам і ружамі... І той, чорны, з рыцарам... Калыванаў усе ў Польшчы за адным разам купіў, так? Я каталог аўкцыёну бачыў. Не пасьпеў Аркадзь паўдзельнічаць… Наконт гадзіньніка з месяцам я ня ўпэўнены, надта ж пашкоджаны, але хутчэй за ўсё – і ён належаў таемнаму Бернацоні...
Ахоўнікі, знаёмыя нам ужо Ігар і Анатоль кінуліся паводле Юрасёвых указаньняў перастаўляць патрэбныя экспанаты. Лішнія гадзіньнікі беражліва і пасьпешна, як паважаных, але надакучлівых гасьцей, адпраўлялі за дзьверы. Урэшце ў пакоі іх засталося дванаццаць... Віталь Янчын абняў былога вучня.
— Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў!
Юрась асьцярожна вызваліўся з абдоймаў.
— Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.
— А нам любога ня трэба! – Янчын захіхікаў, але абарваў сьмех і амаль строга дадаў.
— Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасьць, так бы мовіць, агульны накірунак.
Зьміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.
— Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось... Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу – усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сьняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіньнікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.
Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзіньніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласьць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ... Нешта пакруціў унутры гадзіньніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон… Гук быў нечакана пранізьлівы, непрыемны, аж зубы занылі… Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ… Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.
— Вось так, — прафесар пераможна абвёў усіх паглядам, нібыта давёў складаную тэарэму.
— Ну і што? — сярдзіта прагаварыў Янчын.
Прафесар зьдзекліва зірнуў на Віталя скрозь свае лінзы.
— Для вас, можа, і нічога дзіўнага, а вось для навукоўца – надзвычай. Вось што пра гэтыя гадзіньнікі гаворыцца ў адным старажытным дакуменьце... – Прафесар дастаў з кішэні зашмальцаваны, складзены ўчацьвёра аркушык, падобны да ліста ад колішняй каханай, які носяць пры сабе і перачытваюць, настальгуючы. Зьміцер Патапавіч разгарнуў ліст і зачытаў: «І які б сасуд, шкляны, або парцалянавы, ні паставіць у іх кола, ён будзе разьбіты іх голасам».
— Ну, гэта казкі... – пракаментаваў Юрась. Прафесар, аднак, не зазлаваў, толькі ўсьмешка зрабілася пагардлівай.
— Запэўніваю вас, што гэта абсалютна магчыма. Я бачу ў гэтых меха­нізмах мноства прыстасаваньняў для рэгуляцыі вышыні гука, утварэньня рознага віду вібрацыяў. Гэта ўсё роўна як аркестр з невядомых нам інструментаў. Вялікія сьпевакі маглі голасам шклянку разьбіць... Шаляпін, Каруза... Вось такая наша задача – каб гадзіньнікі і сёньня маглі разьбіваць шкло.
Янчын шумна ўзрадваўся.
— І праўда, якая рэклама! Турысты валам папруць, каб паглядзець на такі фокус!
— А дапаможа нам спадар Юрась, які адладзіць старажытныя механіз­мы, і шаноўная Ганна, — бялявы псіхіятр адвесіў мне галантны паклон. — За гэтыя дні мне ўдалося здабыць тое-сёе па гісторыі Старавежска і асобе Бернацоні. Ды яшчэ Лілія Пятроўна перадала дакументы і кнігі, якія зьбіраў яе муж. Мы папросім вас, Ганна, як мага хутчэй прагледзець паперы і вылучыць усё, што тычыцца незвычайных падзей у Старавежску і вакол га­дзіньнікаў. І – пачынайце пісаць свой тэкст. Ігар праводзіць вас у кабінет.
Чарнявы ахоўнік ветліва паказаў на дзьверы ў другім канцы майстэрні. На парозе я азірнулася. Юрась стаяў на каленях перад гадзіньнікам з драўляным грыфонам, разглядаючы яго нутро... Я ўспомніла, як былы муж ня так даўно стаяў на каленях перада мной…
Пакой, які мусіў часова стацца маім кабінетам, быў шыкоўны. Кампутар з выхадам у сусьветнае сеціва, паліцы, застаўленыя энцыклапедыямі і даведачнай літаратурай на любы густ, на стале – таксама папяровая гара. Што значыць – вялікія грошы! Пры адным паглядзе на стос ксеракопіяў і рукапісаў у мяне затахкала сэрца, нібыта я дагнала сарваны ветрам капялюш. Людвісараўскі летапіс у польскім перакладзе! Арыгінал ужо два стагоддзі лічыўся зьніклым, і нават ягоны пераклад, зроблены напрыканцы 18 стагоддзя варшаўскім археографам, які жадаў, каб каштоўны гістарычны дакумент належаў выключна польскай гісторыі, быў рэдкасьцю. Прынамсі, старавежскія краязнаўцы расказвалі мне пра кнігу, дзе напісана пра іхні горад шмат цудаў, як пра міф.
Пра Старавежск у летапісе сапраўды згадвалася часта. Праўда, складаўся гэты летапіс ужо ў 16 стагоддзі, і тое, што было раней, перадавалася па чутках. Першая згадка тычылася таго, што ў 1423 годзе на горад абрынулася «Божая кара», і палова месьцічаў вымерла ад пошасьці. Я ўспомніла гравюру, што вісела ў мяне дома. Што ж, у гэты час подобнае адбывалася па ўсёй Еўропе... Старавежск так і не акрыяў пасьля бяды. Хаця перад Вялікай Пошасьцю супернічаў з самымі магутнымі гарадамі сьвету і фактычна ўяўляў з сябе дзяржаву ў дзяржаве – быў час, калі кроілася карта кантыненту, больш магутныя ўладары падміналі пад сябе маленькія вольныя княствы, і наадварот, князі, якія адчулі моц, аддзяляліся ад сюзерэнаў, утвараліся ліліпуцкія каралеўствы і новыя імперыі... Шанец даваўся кожнаму.
Старавежск гістарычна, відаць, быў асуджаны стаць часткай вялікай дзяржавы. Але ж месьцічы, якія жылі ў багатым вольным горадзе, напэўна, пра гэта ня ведалі, і наўрад паверылі б, каб хто пачаў ім тлумачыць. Цікава, што вольнасьць і моц Старавежска палягалі не на ганарлівасьці ўдзельнага князя, які бярэцца «ў рожкі» з больш магутнымі. Горад уяўляў з сябе нешта падобнае да арыстакратычнай рэспублікі — самая плённая для гандлёвага места ўлада. Але з сярэдзіны 15 стагоддзя пачаў пераходзіць з рук у рукі ўлюбёнцаў Вялікага князя. Ну а ў Рэчы Паспалітай, а пасьля — Расейскай імперыі гісторыкі амаль перастаюць згадваць пра заняпалае мястэчка і ягоную былую славу.
Знайшлася і легенда пра ратушу.
Прыйшла ў горад Сьмерць. А каб ніхто яе не пазнаў, прыняла аблічча прыгожай дзяўчыны з валасамі, як золата. І ўсе, хто бачыў яе, беглі за ёй «няістава» і паміралі, і вялікі «лупеж», здабычу залатавалосая сьмерць сабрала ў Старавежску. І толькі апоўначы заходзіла яна адпачыць у вежу. Роўна на адну хвіліну, пакуль б’е звон на царкоўнай званіцы. Тады па­ставілі ў вежу дванаццаць «дзыгароў», гадзіньнікаў, якія маглі гучаць, як царкоўны звон. І, як толькі сьмерць у чарговы раз зайшла на адпачынак, «з апостальскім блаславеньнем» пачалі яны званіць адзін за другім, і са сьмерцю «шаленства вялікае ўчынілася», і ня ведала яна, калі праміне апоўнач, і не магла выйсьці, пакуль гадзіньнікі б’юць. Уваход у вежу з малітваю і асьвячэньнем замуравалі.
Легенду гэтую чула я і раней, хаця з меншымі падрабязнасьцямі. Нейкім пракаветным жахам веяла ад яе... Былі тут некаторыя дэталі, што не стасаваліся з адцягненым палётам народнай фантазіі. Залатыя валасы сьмерці, «дзыгары», якія існавалі, як высьветлілася, цалкам рэальна... Ня варта забывацца, што ратуша – гэта сімвал волі, магдэборгскага права... Менскую ратушу зьнесьлі па асабістым загадзе расейскага цара Мікалая І менавіта для таго, каб не нагадвала гараджанам пра былыя вольнасьці і незалежнасьць...
Рэальна існаваў і Баркуноў славуты продак, соцкі Баркун. Ён прыехаў у Старавежск разам з войтам са сьмешным прозьвішчам Рожа, якога пры­значыў кіраваць горадам вялікі князь. Было гэта адразу пасьля Вялікай Пошасьці. Я хуценька пачала накідваць для артыкулу Аркадзеў радавод, не шкадуючы рамантычных адценьняў. Дадавала і зьвесткі з Аркадзевай біяграфіі, клапатліва раздрукаванай у некалькіх асобніках – мецэнат і фінансавы геній. Што ж, сьвятая справа – сказаць добрае слова пра нябожчыка. Трэба ж такому здарыцца: толькі сустрэліся праз адзінаццаць гадоў – і некралог пішу. Бедны Аркадзь. Юрася падтрымліваў, мне дапамогу абяцаў. Дый так, лічы, дапамог, хоць вось у такіх трагічных абставінах – столькі грошай зараблю, жыву на ўсім гатовым у нечувана шыкоўных умовах... Я ўспомніла, колькі разоў Аркадзь, калі быў старастам нашага курсу, дапамагаў мне хаваць «сачкаваньне» з лекцыяў, як частаваў мяне на кожным перапынку булачкамі – пакуль я не зьвязалася з Юрасём... І ў маім тэксьце зьявіўся яшчэ адзін вытанчаны эпітэт пра высакароднага мецэната.
А вось наступная папка змусіла мяне ўздрыгнуць. Гэта быў перакла­дзены на сучасную нямецкую мову стос пратаколаў Пражскай інквізіцыі 1437 году. Судовая справа Гервасі Луіджы Бернацоні, абвінавачанага шматлікімі сьведкамі ў вядзьмарстве. Уладальнік гадзіньнікаў!
Я ніколі раней падобных дакументаў не чытала. Нават у гістарычных раманах кшталту «Тыля Уленшпігеля» «садысцкія» старонкі прагортвала. Што ж, праца ёсьць праца... Але ўжо праз дваццаць хвілінаў я ледзь не самлела. Паказаньні сьведкаў нагадалі блёкат. Хаця падсудны нікога не назваў сваім сьмяротным ворагам – гэта быў адзіны спосаб адвесьці чыесьці паказаньні, — але жывёльная нянавісьць, магчыма, спароджаная страхам, лучылася з кожнага слова. Ня дзіва – сьведкі, відаць, шчыра верылі, што няшчасны лекар можа адным паглядам аддаваць чалавека ва ўладу нячыстага. Нават на суд яго прывялі з чорнай павязкай на вачах.
«Мы, суддзі і радцы, уважаючы вынікі працэсу, які вядзецца супраць цябе, Гервасі Бернацоні, лекарскага званьня, фларэнціец, які жыве ў Празе, прыйшлі да высновы, што маецца дастаткова доказаў таго, што ты займаўся валхваваньнем і чараўніцтвам, і супраціўнымі Богу чарамі, з дапамогай вядзьмарскіх машынаў змушаў людзей слугаваць сабе і Д’яблу і быў верным наступцам ерэсіярха Яна Гуса, праклятага Сьвятой Царквою. Мы маем таксама сьведчаньні, што пятнаццаць год таму ты, Гервасі Бернацоні, быў абвінавачаны ў валхваваньні і вядзьмарстве сьвятой інквізіцыяй горада Фларэнцыі, але ўцёк ад расьсьледваньня і справядлівага суда. Таму ўладай, дадзенай нам Госпадам, пастанаўляем, каб аддаць цябе допыту пад катаваньнем. Мы абвяшчаем і пастанаўляем, што ты мусіш быць катаваны сёньня ж, у тры гадзіны папоўдні».
Пратаколы фіксавалі ўсё з вар’яцкай падрабязнасьцю. Гэтак жа, як будзе рабіцца на нашай зямлі праз пяцьсот гадоў. Перад допытам падсуднаму тры дні давалі толькі сьвятую ваду з кропляй воску ад грамнічнай сьвечкі. Потым распранулі і агледзелі яго цела ў пошуку знакаў д’ябла, якія на­дзялялі ведзьмакоў моцай вытрываць катаваньні. Мніхам падаліся падазронымі некалькі плямак на плячах, і іх адразу праверылі распаленым жалезам. Лекар адчуў боль, і падазрэньні наконт плямак былі прызнаныя беспадстаўнымі. Потым падсуднага пагалілі – лічылася, што праз валасы д’ябал таксама падтрымлівае сувязь з ахвярамі. Каб пазбавіцца валасоў да самых каранёў, галаву аблілі сьпіртам і падпалілі. Потым паклалі пад пахі і на сьпіну падсуднага кавалачкі серы і таксама падпалілі. Потым кат зьвязаў яму рукі за сьпіной вяроўкай і падвесіў яго за тую вяроўку да столі... Гэта у славянаў называлася «дыба». А паколькі на ўсе ўгаворы лекар «няістава ўпарціўся», каты прывязалі да яго ног чыгунныя грузы і пакінулі вісець на выкручаных руках да вечара... Але, мабыць, досыць... Пытаньні кшталту «Ці прызнаеш ты, Гервасі Бернацоні, што ў трэцюю ноч пасьля Вялікадня праляцеў у вялікім чорным гаршку над домам шаноўнага купца пана Гамулкі, і ад таго ў пані Гамулкавай пачаліся заўчасныя роды, і нарадзіла яна чарнявае д’ябалятка, падобнае да цябе» перамяжаліся цытатамі з Бібліі («чыя душа схіляецца да магаў і валхвоў, і з імі блудзіць, супраць таго хачу я ўзьняць меч свой і нізрынуць са статку народа свайго»). А таксама дэталямі пра вывернутыя суставы, струменьчыкі крыві з-пад пазногцяў раструшчаных пальцаў і стогны катаванага. Ад якога, аднак, не дабіліся ні слова прызнаньня віны. Як несумненная праява д’ябальскага ўплыву было адзначана, што катаваны не крычаў і ня плакаў, толькі «стагнаў, падобна зьверу».
Гэты Бернацоні быў, відаць, магутнай асобай. Пра Яна Гуса, свайго колішняга патрона, ды Гераніма Пражскага, спаленага вучня Гуса, паўтараў – «Яны былі Божыя людзі». Уяўляю, як лютавалі каты. Звычайныя, перапалоханыя людцы, якія шчыра верылі, гэтак жа, як іх пасьлядоўнікі наступных стагоддзяў, што робяць сьвятую справу і адзінаборнічаюць не са спакутаваным зьняможаным вязьнем, а з магутным таемным ворагам. У камеру да Бернацоні манахі заходзілі абавязкова па некалькі чалавек, прычым сьпінай уперад, мелі пры сабе соль, асьвечаную ў вербную ня­дзелю, і штохвілі хрысьціліся і чыталі малітвы.
Бернацоні спалілі толькі праз год ад пачатку працэсу. Ён так і не раскаяўся.
Я прагартала свае выпіскі. Самае цікавае для мяне тычылася паказаньняў сакратара Бернацоні, нейкага Энрыке, які, «паглядзеўшы на прылады для ўразумленьня», цалкам прызнаў і сваю віну, і свайго гаспадара, і нагаварыў столькі, што вогнішча мусіла распаліцца ад аднаго Божага гневу. Асабліва пра «д’ябальскія машыны, якія пан па-блюзьнерску прыпадобніў апосталам», і якія «званілі голасам д’ябальскім», і пан вазіў іх за сабою паўсюль, а потым згубіў па волі Божай у далёкім барбарскім горадзе.
Напэўна, гэта і былі старавежскія гадзіньнікі. Энрыке сьцьвярджаў, што гаспадар-вядзьмак нікога да тых машынаў не дапускаў, наладжваў іх сам. Ставіў у кола, «апосталамі называючы», і такім чынам утвараў «уваход у чысьцец», і адтуль вылятала нячыстая сіла, якая крышыла ўсё навокал. У тыя моманты пан загадваў усім, хто быў у доме, закладваць у вушы васковыя шарыкі. Але ўсё роўна «туга на душы» змушала ліць сьлёзы раскайваньня. Бернацоні некалькі разоў загадваў свайму сакратару садзіцца між гадзіньнікаў, але той кожны раз губляў прытомнасьць ад іх «д’ябальскага звону».
Сакратара прыгаварылі толькі да пажыцьцёвага заключэньня. Па сьвятах ён мусіў «хадзіць у тыя дамы, дзе грашыў, і бічаваць сябе», а таксама бічаваць сябе перад уваходам у кожны храм, і насіць на адзежы нашытыя «шафранавыя крыжы» на знак свайго ведзьмакоўскага мінулага.
Я ня надта верыла ў злавесную сілу лекаравай механічнай калекцыі. Яшчэ нядаўна на вуліцах Еўропы мінакоў ахоплівала масавая істэрыя ад відовішча страшнай прылады – парасону, або жанчыны ў нагавіцах. Ну а паравоз або аўтамабіль увогуле маглі напалохаць да сьмерці. Лекар проста апярэджваў свой час. Вядома, фокус з сасудамі, якія самі па сабе разьлятаюцца на кавалкі, мог напалохаць каго заўгодна. Хаця ці так ужо гэта неверагодна? Мая сяброўка, самавітая сямейная кабета (у адрозьненьне ад мяне), жонка ваеннага і маці дваіх сыночкаў-мацакоў, расказвала, як яе малодшанькі любіў у дзяцінстве барабаніць. Стукаў аднойчы палачкай па стале, на якім красавалася ваза, купленая гаспадарамі падчас службы ў Чэхіі, стукаў, стукаў... А ваза раптам і разьляцеліся на драбнюткія кавалачкі – як рассыпалася! «Рэзананс...», — тлумачыла сяброўка, падрослы сынок якой барабаніць ужо ў самадзейным рок-гурце.
Я адсунула паперы і зьняможана апусьціла галаву на стол. Чаму людзі такія лютыя адно да аднаго... Як мне цяпер пазбавіцца ад жахлівых кар­цінаў, што разьдзіраюць уяўленьне? Відовішчы сярэднявечнай інквізіцыі зьмяняліся сюжэтамі з сутарэньняў НКВД. Ян Гус, Геранім Пражскі... Беларускія паэты Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка... Пяцьсот гадоў – і ўсё тое ж: ахвяра курчыцца ў невыноснай пакуце, каты нязмушана абедаюць у суседнім пакоі... Нават катаваньні не зьмяні­ліся. Божа, будзь літасьцівы да майго розуму... Мне здавалася, падыму галаву – а нада мной, як на малюнку Гойі, грувасьцяцца пачвары мінулага...
— Ну што, Ганначка, начыталіся?
Псіхолаг Макс стаяў проста за маёй сьпіной і белазуба ўсьміхаўся. Вось ёлуп, павінен жа разумець згодна сваёй прафесіі, што нельга гэтак да людзей падкрадацца, бы кадук апоўдні... Макс, аднак, згасіў мой гнеў тым, што паставіў перада мной кубак кавы і спакусны бутэрброд. Я раптам адчула, што страшэнна галодная – гадзінаў пяць, мусіць, прамінула!
— Сілкуйцеся... Я ведаю, дакументы ня з простых. Дазвольце, прысяду?
Шэрыя вочы псіхолага глядзелі вельмі сур’ёзна і даверліва.
— Цікава, якія сны вам сьняцца? Напэўна, часта бачыцца мора?
— Чаму вы так вырашылі? – зьдзівілася я, адпіваючы каву, зусім някепс­ка звараную.
— Мора – сімвал ініцыяцыі асобы, жаданьне прыняць сябе такім, якім ёсьць, даведацца пра сябе ўсё, і боязь гэтага. Мне здаецца, у вас яшчэ шмат ад падлетка, Ганна. Пошукі месца ў жыцьці...
Напэўна, гэта былі крыўдныя словы, але Макс прамаўляў так шчыра, мякка... Я толькі буркнула:
— Апошнім часам не запамінаю сваіх сноў. Помню толькі, што сьніцца вежа. Але калі вы зараз пачнеце мне тлумачыць, што, паводле Фрэйда вежа — фалічны сімвал, то...
Макс бесклапотна засьмяяўся. Цікава, ён маладзей за мяне ці равесьнік? Прынамсі, Юрась выглядаў старэй за яго гадоў на пяць.
Я патроху супакойвалася. Матава-ружовыя сьцены, са столі струменіць роўнае зыркае сьвятло, ціхенька гудзе кампутар, на інтэрнэтаўскім сайце б’ецца сьмешнае маленькае сэрцайка нейкай рэкламы... «Цісьні сюды!» Ад сярэднявечча – далей не прыдумаеш. Нават ня верылася, што гэтыя сьцены захоўвалі памяць аб трох стагоддзях. Я распавяла Максу аб вычытаным і яшчэ раз адчула ягонае нявыказанае зьдзіўленьне – чаму гэта я пры сваіх уменьнях сяджу бяз працы. Відаць, ён усё-ткі някепскі псіхолаг, калі не выказвае сваё зьдзіўленьне ўслых. Толькі з павагай пракаментаваў.
— Сёньня вам павінны прысьніцца горы. Сімвал жыцьцёвага посьпеху.
Цікава, напэўна, жыць са сьпецыялістам па псіхалогіі. У іх сем’ях бываюць сваркі ці не?

Юрась абдымаў гадзіньнік з караблём… Выглядала гэта сьмешнавата, нібыта ён зьбіраўся з ім таньчыць. Насамрэч, вядома, Юрась спрабаваў замацаваць унутры нейкую дэтальку... Відаць, гэта ўдалося, бо калі ён адыйшоўся, гадзіньнік раптам ажыў... Жоўты пляскаты металічны карабель на ім зварухнуўся, загайдаўся, і пачуўся звон... Пранізьлівы, журботны... Непрыемны голас у гэтых гадзіньнікаў. Ня дзіва, што ў іх нядобрая слава. Але на тварах прафесара і Макса было напісанае замілаваньне, нібыта яны слухалі салаўіны сьпеў.
Рэстаўратар стамлёна правёў рукой па твары.
— Ну вось і ўсё... Адкуль можна патэлефанаваць? Мне тэрмінова...
Макс паслужліва прапанаваў свой сотавы, і Юрась ледзь ня подбегам рушыў за дзьверы. Я зразумела, каму ён будзе званіць... І, гледзячы ў прыгорбленую сьпіну рэстаўратара, што зьнікала за дзьвярыма, нарэшце прызналася самой сабе, прызналася тужліва, з раскайваньнем, чаму так лёгка згадзілася сюды паехаць.
І яшчэ раз згадала пра гэта ўвечары, калі былы муж запрасіў мяне на шпацыр. Вядома, яму спатрэбіўся «доктар Ватсан», каб выказаць свае гіпотэзы.
— Ня думаю, што міліцыя разгадае, хто забіў Аркадзя. Бачыш – я нібыта галоўны сьведка, а мяне ні разу больш ня выклікалі… Зьехаць сюды дазволілі. Ясна, што за забойствам Аркадзя – вялізныя грошы. Я ня веру, што гэта — Калыванаў, гэта было б занадта проста. Дорыць калекцыю Лілі, дый Аркадзь перад ім саломай слаўся, — разважаў Юрась. А цяжкі туман, якому не хапала халоднае моцы стаць шэраньню, плыў у прыцемку над кустамі, заблытваўся ў голым гольлі дрэваў, і нібыта сачыў за намі тысячамі сівых вачэй. Прынамсі, мне ўвесь час хацелася азірнуцца. А можа, тут ёсьць прывіды? Цікава, што за людзі хадзілі некалькі сотняў гадоў таму па гэтых дарожках, і ці былі яны шчасьлівей за нас?
— Гадзіньнікі, вядома, незвычайныя, — працягваў думку мой былы муж, нібыта сам сябе пераконваў. — Але хіба настолькі, каб дзеля іх забіваць? А што ў Калыванава аказаліся ўсе астатнія гадзіньнікі з вежы, мяне не зьдзівіла – яго пасланец тады закупіў усе лоты, выстаўленыя ў Варшаве, ад куфэрка да фамільных партрэтаў. Нават частку сапраўднага вежавага гадзіньніка – цыферблат у два чалавечыя росты! Новы маёнтак ля Закапанэ абстаўляе «пад старажытнасьць», але з мясцовым каларытам. Чарговы магнацкі закуп. Да таго ж, Аркадзь мусіў разумець, што сам усе гадзіньнікі выкупіць ня здолее. Дарма, што яны без каштоўных аздобаў, але лік – на мільёны ідзе.
— А ці не падазрона, што да гадзіньнікаў запрасілі не абы-каго, а прафесара? – заўважыла я, змушаючы сябе не глядзець на Юрасёў твар, падсьвечаны нізкімі ліхтарамі. У такой падсьветцы выразна бачыліся шнары, паходжаньне якіх я цяпер ведала.
— Які там прафесар! – уздыхнуў былы муж. — Я пытаўся ў Янчына... Сапраўды, калісьці дзед быў «сьвяцілам», але даўно «зьехаў з розуму» і лекцыяў не чытае. Здаецца, нешта падобнае да вечнага рухавіка вынаходзіў. У тонкасьцях розных там працэсараў ці эквалайзераў разьбіраецца, як павук у павуце, жыве тут «з падачы» Янчына ўжо колькі гадоў, у перапынках між «дурдомамі». Зладзіў Калыванаву адмысловую сігналізацыю... Праўда, здаецца, у механіцы я лепей за прафесара разьбіраюся...
Я не схавала іроніі.
— У акадэмікі цэліш?
Юрась не пакрыўдзіўся.
— Я проста адчуваю старажытныя рэчы... Нібыта бачу, як іх рабіў стары майстра. А гэтыя гадзіньнікі не аднаго ўладальніка памянялі. Іх спрабавалі рэстаўраваць, пазамянялі дэталі... Карпусы перарабілі. Усё роўна што пазлы рассыпалі. Тут інтуіцыя патрэбная, каб аднавіць, як было.
Мы ішлі па прывідных прысадах у тумане, падзеленым ліхтарамі на сьветлыя і цёмныя плямы, і размаўлялі, як і калісьці. Гэткая сустрэча даўніх, патрапаных жыцьцём сяброў, якая ні да чаго не абавязвае, не становіцца ні працягам, ні ўтварэньнем новых адносінаў, а проста – прыемная настальгія, усё роўна як пагартаць запылены альбом з фотаздымкамі...
— Яна некалькі разоў была амаль вызваленая! – гэта Юрась расказваў пра Стэлу – пачаў сам, я, вядома, не пыталася. Відаць было, што ён увогуле пра свае праблемы ня звык размаўляць. Таму я проста моўчкі слухала, апусьціўшы вочы і баючыся спудзіць гэтак патрэбны яму момант шчырасьці.
— Я ня ведаю, адкуль яна брала тое дзярмо... Наркотыкі... Клялася, што – усё, больш ніколі... І сачыў я за ёй, нават замыкаў... А прыйду пасьля працы – у яе ўжо вочы блішчаць гэткім вадзяністым, ненатуральным бляскам, і зрэнкі – з макавінку... А яна такая даверлівая, такая таленавітая... Вось – пакінуў яе адну, цяпер не магу... Хвалююся... Можа, варта было б паспрабаваць яе сюды прывезьці? І грошы тэрмінова трэба – дамовіўся з адным лекарам, пакладзе яе на месяц у сваю клініку, нейкі новы апарат вынайшаў для ачышчэньня крыві... Як усё далёка... Мае мары, глабальныя клопаты – пра лёс Беларусі, матчыну мову, ратаваньне гістарычнай праўды... Госпадзе, а я ж гатовы быў жыцьцё аддаць за такія сьмешныя і непатрэбныя большасьці рэчы, як мова – нібыта праз маю сьмерць людзі пачалі б разумець, што яна прыўкрасная і адзіная... Або каб крыж Еўфрасіньні Полацкай вярнуўся на Беларусь – сапраўдны, а не адноўлены... Нібыта не вядома, што ён дзесьці ў сховішчах Расіі... А цяпер мяне хвалюе толькі адно – што я адказваю за чыюсьці бедную хворую душу, і не магу яе ўратаваць... Можа, маё «прыватнае» існаваньне і правільнае? Чаго б я быў варты, калі б вёў да волі свой народ і забываўся, што мая любая жанчына застаецца рабыняй? Тым больш расчараваўся я ў палітычных гульнях, пабачыўшы зблізку... Прыгожыя лозунгі не гарантуюць сумленьня. А калі я ратаваў старую рэч, вяртаў яе з часткай нашай гісторыі – гэта быў мой унёсак... Але занадта часта я адчуваю сябе здрайцам...
Калі мы наблізіліся да маёнтку, які ў прыцемку здаваўся пагрозьліва змрочным, нібыта патрывожаны ад векавога сну зачараваны волат, Юрась раптам пацалаваў маю руку.
— Дзякуй...
— За што? – прашаптала я.
— За тое, што слухала. За тваё ўважлівае маўчаньне – яно часам больш дарагое, чым пустыя словы шкадобы і парады. За тое, што пасьля ўсяго, што я з табою зрабіў, ты яшчэ не ненавідзіш мяне...
І пайшоў у свой часовы пакой, няшчасны, трывожны, чужы... Госпадзе, ён усё яшчэ дакарае сябе за нашу юначую гульню ў шлюб... А я?..

— Ты звар’яцеў, лекар! – Лаўрын Рожа злосна расхаджваў па пакоі з белай ружай над уваходам. – Гэта, магчыма, у тваёй Фларэнцыі паненку можна прывалачы за валасы на свой ложак. Але ў нашай дзяржаве за гэта караюць горлам!
Бернацоні сядзеў у крэсьле з высокай драўлянай сьпінкай, скрыжаваўшы на грудзях рукі, зьнізаныя каштоўнымі пярсьцёнкамі, і спакойна пазіраў на новага войта.
— Я не зрабіў гэтай дзяўчыне нічога кепскага. Наадварот – выратаваў жыцьцё. Але яна была ў шалёным карагодзе, яе розум пашкоджаны. Магчыма, яна дасюль апантаная.
— Дык нашто яна табе?— выкрыкнуў Рожа, спыніўшыся проста перад італьянцам. – Зараз жа адышлі яе прэч, у кляштар!
Ад крыку Рожы, здавалася, усхадзілася нават вада ў шклянцы на стале. Але Бернацоні і брывом не зварухнуў.
— Гаспадар даў мне даручэньне... Ведаеш, якое... Прывесьці гэты горад да пакоры. Любым спосабам! Любым! Разумееш, Рожа? Дзеля вялікай мэты, якую раскрыў перада мною Вялікі князь, можна пераступіць шмат. І я буду служыць яму, што б для гэтага ні спатрэбілася. Я бачыў сваю любую Італію, якая ляжыць на скрыжаваньні сьвету, разьбітая на дробныя аскалёпкі пыхай яе князёў. Кожны горад імкнецца да вольнасьці, кожны князёк хоча стаць каралём... А ворагі прыходзяць і нішчаць краіну па частачках, не сустракаючы супраціву. Больш за тое – заўсёды знахо­дзяць памагатых у суседніх гарадах... Дзічэюць розумы, чарсьцьвеюць сэрцы... У Італіі пакуль няма вялікага чалавека, які аб’яднаў бы яе, зьмясіў, як цеста, у адзін кавалак, з якога атрымаецца хлеб – няхай сьпечаны на крыві і сьлязах. Вам, ліцьвінам, пашанцавала.
— А пры чым тут Ляскевічава дзеўка? – Рожа наблізіўся да лекара ўшчыльную, перайшоў на даверлівы шэпт.—Ну паслухай... Мы адзін аднаго ня першы год ведаем. Табе што, гэтак раптам закарцела жаночай плоці?
Бернацоні халодна засьмяяўся.
—Я даўно ўжо зацугляў свайго Амура, і юр ніколі не заглушыць ува мне голасу розуму. Проста гэтая кволая, хворая дзяўчына валодае моцай, якую я ня мог знайсьці і ў дужых мужчынах. Яна дапамагае мне... у маіх досьледах.
— Адладжваць твае чортавы гадзіньнікі? – крыва пасьміхнуўся Рожа. – Я чуў, што для спраў цемры патрабуецца чыстая душа цнатліўкі. Ніколі не разумеў, чаму князь паблажлівы да чараўнікоў.
Бернацоні рэзка ўзьняўся.
— Я не чараўнік, Рожа. Я табе ўжо колькі гаварыў. Я – хрысьціянін, проста Бог даў мне болей клёку і ведаў, чым табе. І на дзяўчыне я вы­прабоўваю адвар, які, можа, выратуе аднойчы і твой розум ад шаленства. Мае гадзіньнікі ахвяраў не выбіраюць, як не выбірае паводка. Таму не пашкодзіць мець ад іх... супрацьяддзе.
Твар Рожы перакрывіла застарэлая нянавісьць, але войт стрымаўся.
— Добра. Князь загадаў мне быць з табой у лучнасьці і слухацца тваіх парадаў. Я абвяшчу, што дзяўчыны ў вежы няма. А ты паклапаціся, каб мае словы сталіся праўдай. Мяне ня тычыцца, як ты гэта зробіш. Тут глыбокія лёхі, у камінах можна распаліць вялікі агонь. Калі цела пасячы...
Бернацоні бліснуў вачыма.
— Я не хачу забіваць яе!
Рожа сьціснуў сківіцы.
— А я больш за ўсё хацеў бы паднесьці паходню да твайго вогнішча, вядзьмак, бо з-за цябе рызыкую сваім вечным выратаваньнем. Тое, што ты зрабіў гэтаму гораду, ня можа быць іншым, як справай цемры. І толькі дзеля свайго князя я трываю... Але маё цярпеньне ня вечнае. Дзяўчыны ў вежы – няма! Ты зразумеў?
Сказаў, нібыта абрынуў магільную пліту – і выйшаў.
...Анэту пабудзіў нечы зьдзеклівы сьмех проста над вухам. Яна расплюшчыла вочы і ўскрыкнула: над ёй схіліўся нечы звыродлівы твар. Запалыя шчокі, пакрытыя цёмнай шчэцьцю, рот, ашчэраны ў дзікай усьмешцы, глыбокія вочы... Але не насьмешныя, а хутчэй тужлівыя...
— Хе-хе-хе...
Анэта ўскочыла, прыкрываючыся коўдрай.
— Хто вы?
Мужчына ў дзіўнай стракатай адзежы адышоўся ад ложку, але застаўся з нізка схіленай сьпіной, сагнутай абаранкам.
— Прывітаньне, дзяўчына, якая танчыла са сьмерцю... Хе-хе-хе... А ты сьмелая, белагаловая...
— Хіба можа чагосьці баяцца той, хто таньчыў са сьмерцю? – Анэта ганарыста зірнула на госьця. – Але хто вы?
Прыхадзень, усё гэтак жа не разгінаючыся, галава амаль ля каленяў, дзіўнай падскокваючай хадой прайшоўся ўправа, улева, пазіраючы на дзяўчыну.
— Хто я? Адказаць на гэтае пытаньне ня так проста, паненка. Кожны з нас у гэтым сьвеце мае шмат лічынаў. Бачыла, як на карнавале: зараз ты – кароль, праз імгненьне – блазан, а пасьля – сама сьмерць... І твая лічына падае ў куфар разам з пунсовай спадніцай акрабаткі і бізуном дзеля зьмірэньня плоці... Я – ніхто, мая панна, і таму я магу быць усім. Хе-хе-хе...
Анэта глядзела на худы твар госьця, на якім, нібыта хвалі, мяняўся выраз. Што ён – плача? Сьмяецца? Гневаецца? Што азначае ягонае прыйсьце? Нягледзячы на ганарыстыя словы, страх мімаволі запаўзаў у сэрца, варушыўся вострай ільдзінкай...
— Цябе прыслаў пан Бернацоні?
— Бернацоні? – насьмешна перапытаў незнаёмец. – Не, мая даражэнькая. Твой гаспадар толькі думае, што яго вядзьмарства ўсёўладнае... Але й за ім ёсьць незаўважныя вочы і вушы. Як за кожным, хто мае хоць маленькую – але ўладу. Цяпер ад мяне засталося мала, паненка. Я – сьмех, вочы і вушы ўладароў. Але што ўладары – без мяне? Хе-хе-хе!
Анэта гнеўна зірнула на прыхадня.
— Пан Бернацоні не гаспадар мне. Я – вольная шляхцянка!
— Хіба? – іранічна прагаварыў госьць. — І ты можаш ісьці, куды хочаш? Баюся, што цябе няма больш, чым мяне, ясная паненка.
Вусны дзяўчыны здрыгануліся, нібыта яна стрымлівала плач.
— Калі прыедзе новы войт, я папрашу ў яго абароны!
— Хе-хе-хе! Новы войт ужо прыехаў. Думаю, ён наўрад ці дапаможа табе. Хіба ты ня служыш разам з ведзьмаком-лекарам ягонаму цёмнаму гаспадару? Іншаму князю?
Вочы госьця спадылба пільна ўглядаліся ў вочы дзяўчыны. Тая з годнасьцю сустрэла ягоны пагляд.
— Я ніколі ня буду служыць цемры. Хутчэй памру.
— Што ж, магчыма, табе давядзецца адказаць за свае словы, паненка... Магчыма...
Нешта падобнае да шкадаваньня мільганула ў цёмных вачах мужчыны, ён адвярнуўся... Сьпіна ягоная ўсё гэтак жа была сагнутая ў крук, і Анэта зразумела, што ён і ня можа яе выпрастаць. Дзяўчыне падалося, што незнаёмец зараз зьнікне гэтак жа таямніча, як і зьявіўся. І яна назаўсёды застанецца ў гэтым пакоі са схаваным дошкамі вакном, ва ўладзе страшнага лекара. Анэта адкінула пострах і схапіла прыхадня за кашчавую руку.
— Паслухайце... Малю вас імем Госпада нашага, Ісуса Хрыста... Дапамажыце мне выйсьці адсюль. Я магла б адправіцца ў кляштар... Усё роўна мае блізкія памерлі. Я буду маліцца за вас усё жыцьцё!
Раптам за дзьвярыма пачуліся крокі. Нехта набліжаўся да дзьвярэй пакою, у якім была замкнутая Анэта. Нечакана сагнуты ў крук незнаёмец спрытна падскочыў, як каціны цар Варгун, прыладкаваўся на невялікім выступе над скляпеністымі дзьвярыма, нібыта пачварная скульптура, і прыклаў да тонкіх вуснаў палец на знак маўчаньня. Анэта лягла на ложак і заплюшчыла вочы. У дзьвярах павярнуўся ключ... Марцэля прынесла сьняданак. Анэта не зварухнулася, пакуль тая ставіла на стол прынесенае. Імгненьні, пакуль рыкуньня чагосьці чакала – магчыма, хацела ўпэўніцца, што дзяўчына сьпіць, – падаліся вечнасьцю... Нарэшце Марцэля нешта прасіпела скрозь зубы і выйшла. Зноў бразнуў замок. Незнаёмец лёгка саскочыў на падлогу, абапершыся аб яе рукамі, нібыта сапраўды каціны цар.
— Хе-хе-хе... Ну і кабета... Яна падобная да Марэны... Яе варта, як пудзіла Марэны-сьмертухны, утапіць у першай лужыне за вёскай. А ты, паненка, падобная да Ядзеркі... Чула – ёсьць такія марскія каралеўны, з залатымі валасамі, ідуць – перад імі коціцца дыяментавая раса. Мая дзяўчына таксама была падобная да Ядзеркі. І таксама замест расы былі сьлёзы.
— Ляскевічы ня плачуць! – прамовіла Анэта. Але прыхадзень працягваў, як ня чуючы.
— Калісьці мая сьпіна не была сагнутая ў кола, паненка. І мяне кахала самая лепшая дзяўчына ў сьвеце. Але ў яе мелася сямёра братоў. А спадчына на ўсіх – адна! Па законе сястры вылучаецца чацьвёртая частка спадчыны ў пасаг, незалежна ад таго, колькі братоў. Уяўляеш, як пабяднелі б яны? Агата мусіла заставацца старой дзеўкай... Але каб ня здрада пахолка – мы зьехалі б, і нас абвянчалі б, і... Хе-хе-хе! Маю сьпіну ламалі цэлы год, паненка... Цэлы год я штохвілі маліў аб сьмерці. Цяпер магу сказаць, што і я таньчыў з кашчавай. Чаму яна выпусьціла маю руку? Ня ведаю... Але мне ўсё яшчэ часам здаецца, што я скачу ў яе карагодзе.
— Ты дапаможаш мне? – з надзеяй спытала Анэта.
Дзіўны госьць толькі ашчэрыўся ў вар’яцкай усьмешцы.
— Як можна дапамагчы таму, хто так блізка пазнаёміўся са сьмерцю? Ты просіш волі... А ты ведаеш, што такое воля? Сабака, які ліжа сьляды свайго гаспадара, лічыць сябе вольным... І пакусае кожнага, хто вызваліць яго ад гаспадаровай палкі... Дзе твая воля, паненка? Цябе няма.
Госьць дастаў нейкую прыладу, спрытна павярнуў у замку і – высьліз­нуў з пакою. Анэта глядзела на зноў зачыненыя дзьверы, і роспач сьціскала яе ў сваіх халодных абдоймах.
— Адпусьціце мяне! Адчыніце!
Анэта стукала ў дзьверы, ня чуючы ўласнага крыку.
— Я хачу дадому!

l l l
—Я хачу дадому!
Пранізьлівы жаночы крык змусіў мяне падскочыць на ложку.
Нейкі час я здранцьвела сядзела, прыслухоўваючыся да шуму ў калідоры. Нарэшце падышла да дзьвярэй, асьцярожна прыадчыніла... Прыгажуня з чорнымі валасамі, раскіданымі, нібыта ў іх жыў ветрык, раздражнёна тузала Юрася за рукаў швэдара. Твар мужчыны ня быў ані ўгневаны, ані раззлаваны... Проста сумны і безнадзейны, як водбліск ліхтара ў восеньскай лужыне.
— Ну што ты маўчыш, як стод!
Ён усё-ткі прывёз сюды жонку...
Я зачыніла дзьверы і прытулілася да іх. Што я мушу рабіць? Выйсьці, мірыць, суцяшаць? Ніколі ня лезу ў чужыя справы. Але Юрася было так шкада...
— Пані, я магу вам дапамагчы? – голас Макса гучэў і жыцьцярадасна, і спачувальна, і даверліва... Я з палёгкай уздыхнула. Няхай прафесіяналы займаюцца сваёй справай. А я магу зноў застацца ў сваёй ракавінцы.
Але падчас сьняданку аніхто не сказаў бы, што з кабетай вытанчанай прыгажосьці нешта ня так. Кармілі нас цяпер не ў шыкоўнай гаспадар­скай гасьцёўні, а ў пакоі для абслугі на першым паверсе, за шэрымі пластыкавымі столікамі. Я апынулася побач са Стэлай і Юрасём. Гаворка за сталом лунала, як матылёк. Стэла ветліва ўсьміхалася, дасьціпна падавала рэплікі... Яна была бездакорнай... Напачатку я мімаволі кідала пагляд на доўгія рукавы ейнай чорнай сукенкі, элегантна-артыстычнай, і з жахам уяўляла на белай, далікатнай скуры сьляды ўколаў... Але хутка я на гэтыя асацыяцыі забылася. Ёсьць людзі, якіх мне лёгка прызнаць больш значнымі за сябе. Яны, не заўважаючы, ператвараюць прастору ў мільёны таненькіх павуцінак, што сыходзяцца на іх. Талент, якім я не валодаю. А Стэла – валодала напоўніцу. Калі яна глядзела на мяне, у яе вачах не было й ценю злосьці або паблажлівасьці... Можа, хіба трохі адчуджанасьці. Я гадала, ці ведае яна, што Юрась калісьці называўся маім мужам...
А пасьля я ішла калідорам і пачула, як нехта весела сьмяецца. Перад адным з эркерных вокнаў мелася невялікая круглая гасьцёўня, нібыта альтанка – шырокая канапа, часопісны столік, пальмы. Добрае месца для спатканьняў... Юрась і Стэла стаялі на канапе на каленях, Юрась быў распрануты да пояса, а жонка старанна малявала на яго целе складаны тонкі ўзор. Рэстаўратар перашкаджаў, намагаючыся пацалаваць руку, што трымала пэндзлік. Бесклапотны сьмех нібыта ахутваў пару празрыстым павуціньнем пяшчоты. Я застыла, схаваная прыцемкам калідору, і маё сэрца нечакана для мяне разьбівалася на маленькія аскалёпкі, нібыта тонкі лёд, па якім цяжка крочыць мінак. Няўжо я такая зайздросная да чужога шчасьця? Тым больш ведаю, наколькі яно ў гэтых людзей крохкае і хвіліннае, як жыцьцё заблукалай у хату сьняжынкі.

Ты марыш пра шчасьце, якога здабыць не ўдалося?
Упалі гады на зямлю, як пустое калосьсе...
І што засталося? Паперы ня вартыя вершы?
І вечная прага быць першым. І вера: «Я першы...»

А потым я стаяла на пляцы Старавежску, перад адноўленай ратушай, нібыта з дысьнееўскага мульціка – белая, бліскучая, з новенькімі пластыкавымі вокнамі і чырвонай металачарапіцай, і Пётр Піліпавіч Калейка, былы настаўнік гісторыі, крычаў на мяне, зрываючы голас:
— Як вам ня сорамна! Вы – і на баку тых, хто нявечыць адзінае, што засталося ад нашай гісторыі! Былое начальства хаця не руйнавала, гібеў паціху будынак у чаканьні лепшых часоў. А Баркун ваш загадаў нават падмурак разабраць і наноў, з нейкай сінтэтыкі скласьці. А тут кожны каменьчык – каштоўнасьць! А можа, вам гэта падабаецца, як боўдзілам з райвыканкаму? «Прыгожанька»?
Калейка тыцнуў кавенькай у напрамку вежы, туды, дзе над дзьвярыма красаваўся ўсімі фарбамі Баркуноў герб.
— Ганьба! Ды за такое забіць мала! І з музея ваш гаспадар усё забраў – за капейкі... Крамы для турыстаў будуюць, рэстараны... Апошнюю капліцу ўчора зьнесьлі. Планіроўку пляца незваротна парушылі. Дзе могілкі мо тысячу гадоў – падземны гараж... Падлеткі чарапамі ў футбол гуляюць. Людзі гінулі, каб гэты горад абараніць! А ён сам пад ногі кладзецца. Баркуны, Калыванавы... Гэтай навалачы адно трэба – грошы зарабіць. Баркуноў у гэтым горадзе ніхто добрым словам не згадае. Дзед гэтага вашага багацея Аркадзя пасьпеў яшчэ да вайны ворагаў народу навыкрываць. Дырэктар школы, сумленьнік, беларус шчыры, з-за яго ў Сібіры згінуў. А цяпер унучок сваіх дабротаў Старавежску дадаў, хай Бог яму на тым сьвеце даруе. Не хачу з вамі больш размаўляць! Самі шукайце зьвестак для ілжывых артыкулаў.
І пакульгаў у сваім доўгім шэрым паліто, у капелюшы з абвіслымі брыламі, расьсякаючы вільготнае паветра, нібыта патрапаны ў бурах, але ўсё яшчэ ваяўнічы карабель...
— Мы проста робім сваю працу,— пераконваў мяне і сябе прыгнечаны Юрась, пакуль мы вярталіся назад у маёнтак. – Аркадзь, вядома, учыніў сапраўднае барбарства. Калі б я ведаў, умяшаўся б... А я ўпёрся ў свае справы. Ведаю, не апраўданьне... Але... я ж як у акварыуме жыву, прапускаю праз сябе ўсё тую ж ваду, у якой меней і меней кіслароду. Аркадзь запэўніваў, што будоўлю выдатныя замежныя сьпецыялісты вядуць. Я веру, ён лічыў, што робіцца як найлепей.
Я моўчкі глядзела, як за вакном машыны мільгаюць голыя дрэвы, нібыта пакараныя грэшнікі. А я ж думала, што за сьвятую справу ўзялася... Што Аркадзь сапраўды гораду дапамог... Як жа цяпер быць? Артыкул перапісваць? Ад працы адмовіцца? Ну... можа, ня так усё страшна, як дзед на плошчы крычаў? Усё-ткі... турыстычны бізнэс... Пабагацее мястэчка... Я сама сабой пагарджала за баязьлівыя думкі й спробу схавацца ад патрэбы прымаць непрыемныя рашэньні. Адвыкла я ад такога максімалізму. Вось Калейка і ягоныя аднадумцы – захавалі былую зацятасьць... А можа, да сьмерці Аркадзя і датычныя тыя, хто лічыў ягонае абыходжаньне з гісторыяй злачынствам?
— Чытаў я адзін беларускі дэтэктыў, у якім забіваюць вучонага за тое, што меў намер напісаць кнігу з выкрыцьцём народнай беларускай міфалогіі, — змрочна азваўся на маю гіпотэзу Юрась. — Але ў жыцьці забіваюць з-за таго, што скраў бутэльку гарэлкі, падрапаў аўто, не пазычыў грошы... А вось з-за разбуранай вежы ці зьнішчанага кургана – нават пысу не наб’юць.
А ў былым уладаньні Людвісараў Стэла, такая чужародная ў чорным строі на фоне лагодна-ружовых сьценаў калідору, зусім не падобная на тую вытанчаную кабету, з якой я размаўляла за сьняданкам, і на гарэзную мастачку з гасьцёўні перад эркерным вакном, чагосьці лаялася на Янчына. І Віталь, пачырванеўшы, спрабаваў схавацца за дзьвярыма свайго пакою.
— Ты ж быў яго сябруком! Ты ведаеш, што мне трэба!
І Юрась зноў кінуўся супакойваць, угаворваць, пакутваць... А я зноў глядзела ў вакно, на голыя дрэвы і кволы сьнег, і хацелася неадкладна зьехаць. Схавацца, адасобіцца, каб нічога ня бачыць і ня чуць... Што я тут раблю? Навошта сюды прыехала?
Ды дзеля грошай, даражэнькая... Прызнайся нарэшце самой сабе, што проста прадалася. Месяц працы – за цэлы год бесклапотнага існаваньня...
— Не чапайце мяне! Пусьціце!
Голас Стэлы зрываўся, як струны скрыпкі, якая цэлы век праляжала ў нейкіх лёхах.
Вар’ятоўня! Але ж я нічога не зьмяню... Хутчэй зрабіць тое, што ад мяне патрабуецца... Тысяча даляраў на дне валізы, мой аванс – чым не падстава для цярплівасьці?
Але цярплівасьці мне заўсёды бракавала...
І нараніцу я ўзялася за паперы, як рупная гаспадыня за пустазельле – толькі шамацелі... Баркунова біяграфія ўзьнікала на дысплеі кампутара, як палац з мармуровымі калонамі. Я супакойвала сваё сумленьне тым, што нічога не напісала пра «выдатную рэстаўрацыю»... Што ж, колькі людзей лічылі сябе сумленнымі толькі таму, што прамаўчалі, не далучыліся да агульнага гарланьня ўхвалаў. Вось толькі час іхняга маўчаньня не пачуў.
Затым радок за радком высноўвалася стракатая гісторыя Старавежску з ягонымі легендамі... А вось што тычыцца калекцыі гадзіньнікаў, тут зразумела не да канца...
Я ўявіла тую эпоху. Позьняе сярэднявечча. На самым парозе Адра­джэньня... Пошасьць, спусташыўшы амаль усю Еўропу, пазбавіла чалавека страху сьмерці, якім была напоўнена сьвядомасьць ранейшых пакаленьняў. Нядаўна я была на рыцарскім фэсьце, моладзь узнаўляла старажытныя танцы... Сярод іх «танец сьмерці». Прыгожы. Павольны... Адзін за адным танцоры выходзяць з кола... Павінна ўяўляцца, што жывыя ў гэтым танцы чаргуюцца з мерцьвякамі... Але чароўныя дамы і рыцары ў пашытых з парцьераў касьцюмах, з мабільнымі тэлефонамі ў кішэнях задаволена ўсьміхаліся, відаць, ня надта ўдумваючыся ў застрашлівы сэнс танцавальных фігураў. А між тым калісьці гэтыя скокі былі абавязковым і нялёгкім рытуалам. Чалавек прывучаўся жыць са сваёй сьмерцю. Адчуваць побач з сабой агіднага мерцьвяка, у якога ў любое імгненьне пера­творыцца сам. «Кожны вучыцца танцаваць гэты танец. Непазьбежны для мужчынаў і жанчын гэты лёс. Сьмерць не шкадуе ні вялікіх, ні малых», — са змрочнай іроніяй пісаў сярэднявечны тэолаг Герсан. Ён налічыў дваццаць пяць асобаў у гэтым танцы... Кароль, блазан, мніх, высакародная дама, купец, рыцар, шкаляр, лекар, біскуп, самадайка...
— Проста мы вельмі мала ведаем пра псіхічныя захворваньні, — патлумачыў мне Макс, які заявіўся ў мой кабінет з нязьменным кубкам кавы. – Я перакананы – яны заразныя... Як грып. Яшчэ прыхільніцы Вакха бегалі па вуліцах Афінаў і Рыма ў сьвятарным шале, яны маглі разадраць на кавалкі мінака... Гэтак і абышліся з Арфеем, дарэчы.
— Міфічным сьпеваком?
— Ну чаму ж міфічным... — Макс даверліва паклаў сваю руку на маю. — У кожнага міфа – рэальная падбіўка.
Што ён, заляцацца да мяне ўздумаў? Я без асаблівай далікатнасьці прыбрала руку. Макс не паказаў крыўды, нават трохі адсунуўся і нязмушана працягваў:
— Арфей быў рэальнай асобай, пасьлядоўнікам культу Апалона, паганскім сьвятаром... Культы Апалона і Вакха-Дыяніса не тое што варагавалі, але былі двумя процілегласьцямі. Апаланічнае натхненьне —дыянісійскі шал... Прасьветлены сакральны роздум – і інстынктыўная жарсьць... У сярэднявеччы эпідэміі псіхічных захворваньняў ахоплівалі ня тое што тысячы – сотні тысяч людзей, цэлыя гарады. У 1374 годзе ў італьянскім горадзе Аквісграна скакалі ўсе: і старыя, і дзеці, і цяжарныя жанчыны. Тыя, хто таньчыў, мелі аднолькавыя відзежы – напрыклад, сьвятых, або раскрытае, як сіняя брама, неба... Зьяўлялася агіда да чырвонага колеру, да вострых прадметаў... Гэтая манія распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, дайшла да Кёльна, Страсбурга, Меца... Тыя, хто выжыў у скоках, ішлі да магілы сьвятога Віта, па ацаленьне... А манія падарожжаў! У 1212 годзе маленькі пастушок з Вандому абвесьціў, што да яго зьявіўся Бог. Малеча зьвёў за сабой у крыжовы паход 30 тысячаў дарослых мужчынаў! А манія прароцтва сярод дзяцей! Уяўляеце – стрыгункі па восем-дзевяць гадоў сотнямі прарокуюць і прамаўляюць такія паэтычныя і ўзьнёслыя словы, што даступныя рэдкаму філосафу. А эпідэмія флагелянтаў – натоўп, які крочыць па вуліцах і зьбівае сябе бізунамі! Дзень, два, месяц! А паляваньне на ведзьмаў – яно ж ня проста так узьнікла. Тысячы жанчын вар’яцелі на тым, што адчувалі зносіны з нячыстай сілай. І ў падмурку ўсяго – страх... Страх сьмерці...
— Усё, хопіць... — я нават кубак адставіла. – Добра, што мы не ў сярэднявеччы жывем.
— Вы так думаеце? – Макс весела прыжмурыў шэрыя вочы. – Чалавек не зьмяніўся ад таго часу, як адкусіў ад вядомага яблыка. Што з ім адбывалася – тое і адбываецца, толькі ў іншым выглядзе. Хіба не нагадваюць сярэднявечныя эпідэміі харэі паводзіны натоўпу дзе-небудзь на рокерскім фестывалі? А ўспомніце канцэрты «Бітлзаў», або якой «Аббы»... Ці па­літычныя мітынгі... Уключыце сёньня тэлевізар – і перад вамі вынікі масавых псіхозаў.
— І, магчыма, іх прычыны, — падала я рэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла. — Прабачце, я стамілася...
Юрась і прафесар стаялі перад гадзіньнікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак... Такі вялікі ў параўнаньні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасьці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула зьмяя...
— Боммм...
Мужчыны пераможна заўсьміхаліся, я нават пазайздросьціла, што ня маю дачыненьня да іх перамогі.
Макс абняў за плечы дасьледчыкаў.
— Самы час паведаміць — Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць – за кожны адрамантаваны гадзіньнік вам прэмія па пяцьсот даляраў!
— Дзякую... — ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсьмешцы.
— Прывітаньне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім – будучыня! Каб вы ведалі...
— Прафесар, мы ж дамаўляліся... — дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.
Гадзіньнік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў...
— Усяго чатыры гадзіньнікі засталіся няспраўныя! – радаваўся Макс. — Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі... І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць... Не сумнявайцеся – ня горш будуць!
Але Юрась сумна ўздыхнуў.
— Нешта «затармазіў» я з рамонтам...
— А што здарылася? – захваляваўся Макс.
— У майго маладога калегі цікавая тэорыя, — крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.
— Ну якая там тэорыя... – прамовіў Юрась. – Проста я зразумеў, што кожны гадзіньнік біў як бы на сваёй ноце, яны – як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаваньні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзіньніках. Калі б мне ведаць, у якой пасьлядоўнасьці яны стаялі, – я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх...
Макс захваляваўся.
— Зараз я распараджуся, каб прывезьлі яшчэ якія дакументы... Усё, што можна, што тычыцца гадзіньнікаў таго часу...
І зьбег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.
Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чарнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай... Цікава, чаму яна сёньня так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла... «дозу»?
Я абвяла вачыма пакой – што тут было пры колішніх гаспадарах? Памяшканьне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, вакенцы – маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш... Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасьля зьняволеньня звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сьцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесьні, буцьвеньня, застарэлага жаху і тугі? Захворваньні душы заразныя... Можа быць, і Юрась...? Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.
— Паслухай, гадзіньнікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноў­ваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэньня надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіньнікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесьці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.
Юрась уздрыгнуў і адвёў позірк ад фігуркі Евы, што таксама, як і Адам, была цнатліва захутаная ў расфарбаваныя зялёным вінаградныя лісты.
— А гэта вельмі падобна на праўду! Ты малайчына, Анэта. Сапраўды, на гадзіньніках столькі рознай сімволікі...
Я прыгледзелася да чарнавалосай драўлянай фігуркі.
— Паслухай, а чаму ў руках Евы – кубак са зьмяёй? Можа, гэта мусіць нешта азначаць?
Юрась задумаўся.
— Зьмяя – зразумела, з біблейскай легенды... А кубак – можа, пацір, сімвал страчанай чысьціні? Або жаночага пачатку?
Я з жалем пабачыла, што вочы майго былога мужа яшчэ ня страцілі сусьветнай тугі, таму загаварыла амаль насьмешна.
— Ты ж захапляўся старажытнай міфалогіяй... Ну, напруж мазгі – кубак са зьмяёй... Нешта з алхіміі? Знак золата? Іртуці?
Юрась страсянуў галавой.
— Чакай... Неяк жа я рэстаўраваў абраз... Там было такое... Ну так, кубак са зьмяёй – сімвал апостала Іаана! Ты разумееш – апостал Ян! А ты ж казала – Бернацоні называў гадзіньнікі імёнамі апосталаў!
Я ўзрушылася, атрымаўшы нечаканае пацьвярджэньне свайго інтэлектуальнага бляску.
— А так было ў традыцыі. Кожны звон храма меў сваё імя, атрыманае ад сьвятара падчас абраду асьвячэньня. У пачатку 18 стагоддзя ў менскі марыінскі касьцёл з Каралеўца прывезьлі звон, які меў нават імя і прозьвішча — Ян Салагуб, такі вялізны, што не маглі ўсьцягнуць на вежу. З яго адлілі два званы, адзін назвалі Якуб — у гонар біскупа Якуба Дадэркі. А ў касьцёле сьвятога Роха на Залатой горцы меліся званы Леанард, Стэфан і Браніслава...
— Адкуль ты ведаеш? – зьдзівіўся Юрась.
— Ды пісала неяк артыкул пра рэстаўрацыю старога гораду... А ў мяне ж памяць «стэнаграфічная»...
Юрась падышоў бліжэй да гадзіньніка, прыгледзеўся да паціру ў руках Евы.
— Значыць, імя гэтага гадзіньніка — Ян... Трэба тэрмінова знайсьці які міфалагічны слоўнік, паглядзець сімвалы іншых апосталаў...
Слоўнік мы знайшлі на паліцы ў маім часовым «кабінеце», нават старонкі былі яшчэ склееныя – ня мелася ў гэтым доме тых, хто хацеў бы даведацца, што такое Гадэс або Ураборас. Дапамагала і кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якую мы з Юрасём ведалі ледзь не на памяць. Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вя­лікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасьці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных зьвестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна... «Врете, он и низок не так, как вы...»
Карабель са скрыжаванымі мачтамі аказаўся знакам апостала Тадэвуша.
А вось пакуль мы здагадаліся, што на гадзіньніку са Сьвятым Сямействам сімвалам апостала зьяўляецца піла, што прыхінулася ля Сьвятога Іосіфа як знак ягонай цясьлярскай справы – давялося добра памучыцца... Добра, што піла была пазалочанай і надта выразна зроблена для другараднай дэталі. Калі нашыя здагадкі дакладныя, гэты гадзіньнік называўся Якуб Алфееў.
Пад нагамі Сьмерці, якая адсякала галаву цару Іраду, былі пазалочаныя выявы трох нажоў – адзін пад двума; яны сімвалізавалі апостала Баўтрамея.
Месяц і сонца плылі па бляшаным шчыце, яго падзяляла напалам высокая дзіда, унізе якой быў трохкутнік... Мы вырашылі, што ён падобны да плотніцкага вугольніка і разам з дзідай паказвае на апостала Фаму, Тамаша, які не паверыў у Божае Уваскрэсеньне, пакуль ня сунуў пальцы ў ягоную рану.
Крыж, абвіты ружамі і абкружаны анёлкамі, мы доўга не маглі вытлумачыць. Пакуль не атаясамілі два кругі ўнізе з боханамі хлеба. Крыж і два боханы паказвалі на апостала Піліпа.
Затое выявы трох ракавінак пад нагамі Чорнага Рыцара кідаліся ў вочы адразу: дзіўнае спалучэньне, пры чым да Рыцара ракавінкі? Праўда, пасьля мне прыйшло ў галаву, што сярэднявечны чалавек бачыў бы тут логіку: рыцар – пілігрым Крыжовага Паходу, такіх пазнавалі па ракавінках, прымацаваных да капелюша... А ў апостальскай сімволіцы тры ракавінкі азначалі Якуба Зеведзеева.
Каб зразумець сімволіку званара, ня трэба было лезьці ў энцыклапедыі. Звон, у які мусіў біць маленькі званар, быў упрыгожаны знакам “Х”. Касы крыж, сімвал Андрэя Першазванага.
Грыфон вартаваў тры кашалькі, якія мы адразу палічылі за бутоны кветак. Прывітаньне ад апостала Мацея, які, як вядома, быў мытарам...
Льва я вытлумачыла як знак евангеліста Марка, але Юрась запэўніў мяне, што Марк ня быў сярод дванаццаці апосталаў... Драўляны леў, пагрозна ўзьняўшы рэшткі шырокай лапы, вартаваў кнігу і рыбу, сімвалы апостала Сымона....
Скульптура анёла з трубой была вельмі пашкоджаная. З цяжкасьцю разумелася, што два незразумелыя кручкі, што віселі на колцы на фоне пазалочанага воблака – гэта рэшткі ад двух ключоў апостала Пятра.
Нарэшце застаўся апошні гадзіньнік. Можна было і не аглядаць яго. Выразаная з дрэва кашчавая фігура ў расе, з нізка нахіленай галавой і скрыжаванымі на грудзях рукамі, стаяла на рассыпаных манетах... Юда-Здраднік.
— Уладальнік не хацеў, каб сімвалы адразу чыталіся,— зазначыў Юрась. – Галоўныя аздобы – зусім іншыя... Але мы малайцы! Аркадзь быў бы шчасьлівы! Хаця... Я веру, што зараз ён бачыць нас і радуецца.
Мой былы муж нават стаў падобны да ранейшага юнака, у вачах за­скакалі гарэзьлівыя агеньчыкі. Ён чынна пакланіўся гадзіньніку:
— Вітаем вас, пане Якуб! Даруйце, што дасюль ня змог даць рады вашае гаспадарцы... Але ваша цэвачнае колца, якое самым падступным чынам трэснула напалам, заўтра ж будзе верна і старанна служыць вам. Гэта абяцаю я, пан Юрый Дамагурскі, майстар гадзіньнікавы, і ўсялякай антыкварнай справы знаўца…
А далей, пад мой рогат, падышоў да наступнага экспанату:
— О, вельмішаноўны Ян, дазвольце заўважыць, што пані Ева, якой вы даверылі пачэсную справу трымаць ваш сьвяты сымболь, пацір з мудрай зьмяёю, самым непрыстойным чынам згубіла палову аднаго з вінаградных лістоў, што хаваюць ад пажадлівых вачэй ейную спакусную, хаця й выразаную з дрэва, плоць… Вядома, асоба гэткага паважнага ўзросту, як вельмішаноўная пані, наўрад учыніла гэтак па легкадумнасьці, хутчэй на цноты шаноўнай пані сягнуў нейкі зламысьнік, безэцнік і блудзяга. Але не турбуйцеся, шаноўны пан Яне, я, антыкварыятных спраў майстра, самым далікатным чынам і ня бавячыся прыкрыю цудоўныя калені пані Евы адрапараваным вінаградным лістом…
Я радасна ўключылася ў гульню, але дзьверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Макс.
— Прыемна чуць ваш сьмех, сябры! Зрабілі чарговае адкрыцьцё, праўда?
Я была ўжо гатовая падзяліцца «апостальскімі зьвесткамі», але Юрась чамусьці пасьпяшаўся сьцьвердзіць:
— Нешта вымалёўваецца, але мы пакуль не гатовыя выказацца канкрэтна. Трэба дадумаць, сфармуляваць…
Я разгубілася. Ну што ж, калі Юрась пакуль гаварыць ня хоча, відаць, варта памаўчаць і мне… Макс быў сапраўдным прафесіяналам – ягоная ўсьмешка нястраціла шчырасьці. Хіба цень раздражненьня мільганула ў вачах.
— Што ж, працуйце… Будзем чакаць. Пётр Апанасавіч вернецца праз два тыдні, яму і раскажаце… Тады і Ліля Пятроўна прыедзе – палюбавацца на калекцыю.
Калі я ішла ў свой пакой, убачыла ў канцы калідора, перад вакном, постаць у чорным… Стэла нешта хутка малявала на аркушы паперы, замацаваным на маленькім эцюдніку. Я ціха наблізілася… Гэта быў малюнак пастэльлю. Прысады, што нагадвалі сівых вядзьмарак з ускудлачанымі валасамі, шэраг мармуровых калонаў, што падпіралі неба… Незвычайныя колеравыя спалучэньні, адметны густ… Рука мастачкі вадзіла па паперы каляровай крэйдай упэўнена і рэзка, нібыта сьцірала нейкую павуціну, што схавала іншы, цудоўны і прыўкрасны, сьвет… Я незаўважанай паціху сышла ў пакой. Пачула яшчэ за сьпіной ціхі пяшчотны голас Юрася, які зьвяртаўся не да мяне:
— Ну як ты, Зорачка?
Правільна, Стэла перакладаецца як «зорка»… У мяне нават рэўнасьці больш не было. Нельга ж раўнаваць да зоркі! Тым больш калі ты сама – шкельца, здольнае толькі люстраваць…
Але вытанчаныя параўнаньні мне ў галаву не прыйшлі, калі я ўвечары зайшла ў пакой з невялікім басейнам – трэба ж было скарыстацца з шыкоўнасьцяў дому, — і ўбачыла Стэлу на падлозе ля душа, у самым куце. Юрасёва «зорка» сядзела, закінуўшы галаву, і яе дробна трэсла... Вочы страшна запалі, на твары блішчэлі кроплі поту, нібыта яна толькі што ўцякала ад уласнай сьмерці... Я разгубілася:
— Стэла! Вам нядобра? Паклікаць Юрася?
Вочы жанчыны спыніліся на мне, але мяне яна ня бачыла.
— Аркаша! Дай мне гэта! Аркаша! Ну хоць адну! Сволач, я ж ведаю, што ты хочаш! Але сьпярша – дозу... Ну хоць адну! Юрась адпрацуе... Ён у нас добры…
Гэты хрыплы голас было немагчыма слухаць. Я патрэсла Стэлу за худое плячо:
— Я не Аркаша... Я – Ганна Барэцкая. Памятаеце мяне? Пастарайцеся ўстаць... Я правяду вас да вашага пакою.
Стэла апусьціла галаву, нібыта паламаная лялька, здавалася, побач упалі нябачныя ніткі, за якія вадзіў яе злосны лялькавод. Прасьцей за ўсё было паклікаць ахоўнікаў або Юрася... Але мне не хацелася, каб гэтую жанчыну ўбачылі ў такім прыніжэньні. Магчыма, ёй было ўсё роўна... Але я не хацела з гэтым зьмірыцца. Кінула на нейкі пуфік прыхоплены з сабой пухнаты ружовы рушнік і пакет з гумавымі пантофлямі і нязграбна падхапіла Юрасёву жонку пад пахі... Якой яна была худзенькай і лёгкай, нібыта лясная птушка...
Больш за ўсё я баялася, што яна пачне адбівацца і крычаць. Але Стэла паслухмяна ішла, і нават спрабавала гэта рабіць без маёй дапамогі. Юрася ў пакоі не было. Гадзіньнікі рамантуе... Я ўсадзіла Стэлу на канапу... А што цяпер? Я чытала пра паводзіны наркаманаў... Стэла, відаць, адчула маю боязь і падняла вочы – я з палёгкай убачыла, што сьвядомасьць хоць трохі вярнулася да яе.
— Дзякую... Вы ня бойцеся... Зараз – гэта не найгоршае...
Я патроху пачала адыходзіць да дзьвярэй – магчыма, мне яшчэ ўдасца паплаваць у басейне да вячэры...
— Чым вам яшчэ дапамагчы?
— Мне мог дапамагчы толькі адзін чалавек... Калі было зусім дрэнна – ён зьяўляўся, нібыта адчуваў... Яго больш няма... Хаця часам мне самой хацелася забіць яго…
Голас Стэлы гучаў гэтак санліва, быццам вось-вось перарвецца. Але мне раптам зрабілася горача ад здагадкі:
— Вы пра Аркадзя Баркуна? Гэта яго вы клікалі?
Стэла паспрабавала прыгладзіць рукой растрапаныя валасы, але непаслухмяныя пальцы толькі зблытвалі чорныя пасмачкі.
— Так, Аркадзь Баркун... Добразычлівы такі сябар... Багаты... Душэўны... – голас Стэлы гучаў горкай іроніяй.—А Юрась зусім не разьбіраецца ў лю­дзях, яго толькі лянівы не падмане. Хто-хто, а вы ж павінны гэта ведаць, Ганна... Дурань ён, Юрась... З самай горшай разнавіднасьці – старанных дурняў. Вось і прыліпае да яго ўсялякая навалач. Хаця мне грэх асуджаць – на маім шляху навалачы траплялася яшчэ больш... Мне было шаснаццаць, а бацькаваму сябруку, вядомаму мастаку – за сорак... Ён прапанаваў дапамагчы «адчыніць браму натхненьня». І зрабіў мне першы ўкол з «натх­неньнем»... А потым пацягнуў у ложак. А я доўга яшчэ верыла, што гэтак раблюся вялікай мастачкай! Але вы мяне шкадаваць ня ўздумайце – вам недасяжныя тыя вяршыні і тыя глыбіні, якія адкрыліся мне! Я нізавошта не адмовілася б ад гэтага спазнаньня! – на твары Стэлы раптам загарэлася хворая чырвань, вочы фанатычна заблішчэлі, голас узвысіўся. — Ведаеце, я – Ева, якая дарэмна працягвае надкусаны яблык спалоханаму Адаму... Як на карціне Сьвятаслава Рэрыха... Вы любіце Рэрыха-малодшага, дарэчы? Я дык люблю больш, чым старэйшага, Мікалая, той у сваіх карцінах хаваў веды за абрысамі гор і аблокаў. А Сьвятаслаў выказваецца адкрыта, няхай наіўна, дзесьці – мовай кічу. Але яго пасланьні ўцямныя і канкрэтныя! Ня трэба баяцца адкусіць ад яблыка! Ня трэба баяцца волі!
Раптам твар Стэлы стаў шэры, як мокры гіпс. Яна млява махнула рукой у бок дзьвярэй.
— Ідзіце... Зараз пачнецца ня вельмі эстэтычнае відовішча...
З мяне было досыць. Я бегма рушыла ў падвал, дзе ля гадзіньніка з таемным імем Піліп завіхаліся Юрась і пан прафесар. Рэстаўратар толькі зірнуў на мяне, на мой зьбянтэжаны твар, і адразу пабег да сваёй «зорачкі».
Я ўстрывожана гадала, ці ведаў Юрась, хто даваў Стэле наркотыкі? Ён жа казаў мне, што ня ведае. Але калі яна трызьніла пры мне, напэўна ж, здаралася і пры мужы. Для чаго Баркун гэта рабіў? Няўжо быў гэтым... Як яго... Дылерам? Дыгерам? Не падобна... Са спачуваньня? Але ж ён зьяўляўся ў тыя моманты, калі Стэла, паводле словаў Юрася, была амаль гатовая «завязаць»… Хутчэй, проста хацеў мацней прылучыць да сябе даверлівага сябрука. Юрась браўся за любую працу, каб зарабіць грошы дзеля ратаваньня жонкі... Ну вылечылася б Стэла, зажылі б яны больш-менш шчасьліва, нарадзілі дзіця, і Юрась пасылаў бы да пана Хута ўсялякія сумніўныя заказы і сумніўных кліентаў... Падобна, што Баркун яшчэ і пэўную плату з прыгажуні браў... Так бы мовіць, «натурай». Я ўспомніла круглае, аптымістычнае Аркадзева аблічча, яго чырвоныя, тлустыя вусны, і мне зрабілася нядобра... Нібыта адчыніла ўлюбёны куфэрак з упрыгожваньнямі, а там – пачварны павук. А калі Юрась гэта ведаў, ці ня мог ён сам пакараць сябра? Служыў у арміі, значыць, страляць навучыўся... Ці заплаціў за нечы стрэл?..
Невыносна так думаць... Я накінула на сябе куртку і, забыўшыся на вячэру, пабегла з дому, патлумачыўшы чарняваму ахоўніку Ігару, што стамілася і хачу прагуляцца. Дзіўнаваты пагляд Ігара ў мой бок вытлумачыўся, калі я выскачыла за паслужліва расчыненыя перада мной дзьверы. Халодны дождж, аздоблены шматкамі паміраючага сьнегу, абняў мяне, здавалася, са шчырай радасьцю – відаць, і не спадзяваўся, што нейкая істота ў такую шарую гадзіну захоча падзяліцца з ім сваім цяплом. Зараз жа са мной зьвёў знаёмства і вецер – магчыма, ён лічыў гэта пацалункамі, але атрымаліся сапраўдныя поўхі, ад якіх мае шчокі зьнямелі. Я падняла каўнер сваёй куртачкі і хуткім крокам пайшла між белых плямаў ліхтароў, абы далей, абы ніхто ня бачыў...
Чамусьці я зварочвала на сьцяжынкі, па якіх мы з Юрасём не хадзілі – нібыта не хацела сустракацца з ягонымі сьлядамі... Вярэдзіла раздражненьне – ну навошта ён зноў зьявіўся ў маім жыцьці! Дапамагчы захацеў... Правільна Стэла сказала – старанны дурань... Хутчэй, хутчэй скончыць сваю працу – і выбірацца адсюль! Засталося ўсяго нічога – сфатаграфаваць гадзіньнікі, расставіўшы па крузе. А быў у іх нейкі сакрэт ці не, і які – ну каму справа праз пяцьсот гадоў! Я ўжо ня тая дзяўчынка, што гатовая была адразу ж ехаць у глухую вёску, спрачацца, угаворваць, дашуквацца – бо там мог захавацца ліст расстралянага паэта... Цяпер я працую на людзей, якім нашая гісторыя – толькі дыванок пад дзьвярыма рэсьпектабельнай фірмы... Калісьці я з пенай на вуснах даказвала, што ніколі не напішу таго, што ня думаю, што ў мяне ёсьць прынцыпы і духоўныя каштоўнасьці... А вось зараз напісала дваццаць старонак пра тое, якім высакародным мецэнатам быў чалавек, які зруйнаваў старажытную вежу і даваў наркотыкі жонцы сябра... А Юрась? Наколькі зьмяніўся ён? На што ён здольны сёньня? Вось яшчэ нядаўна я думала пра яго з жалем, з нейкім хваляваньнем, а варта было западозрыць у злачынстве – і я ўнутрана аддзяліла сябе ад яго, здрадзіла яму... Не кахала я нікога ў жыцьці, і мусіць, гэтага і не адбудзецца. Не валодаю я такім талентам... Каб – «і ложа, і пошасьць адны на дваіх»...
У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэньне, я пайшла да гэтых сьведкаў былой славы маёнтка... За калонамі сьвятлела нешта, падобнае да маленькага храму. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае – з дахам! Самотны ліхтар асьвятляў яе прывідным, сьляпым сьвятлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сьценаў ёсьць – між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь ня ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі – абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесьці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...
—Бомммм!...
Што гэта? Гук даносіўся з боку дому. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіньнікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіньнікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сьцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не паімчышся туды, яно зьнікне, ужо зьнікае, і ўсё астатняе жыцьцё станецца пустым, як мёртвы вулей...
Гадзіньнікі змоўклі... Але з дому пачуўся жудасны крык – ці чалавека, ці зьвера... Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак... Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасьць, пакуль яны сьціхлі... Я асьцярожна рушыла ў бок дому... І якраз пасьпела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зьміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у сьвятле ліхтара бліснулі яго акуляры... Джып зьехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня... Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага га­дзіньніка...
З дзьвярэй майго пакою выходзіць тонкая постаць, захутаная ў чорны шаўковы халацік з чырвонымі драконамі. Стэла шукала мяне? Што здарылася?
— Проста мне стала страшна... – ціха патлумачыла мастачка, прытрымліваючы на грудзях крысо халата. — Гэты жахлівы звон... Юрась некуды пабег...
Стэла выглядала напружанай. Зрэнкі яе вачэй былі так павялічаныя, што вочы здаваліся чорнымі. Старажытныя рымлянкі сьпецыяльна для гэтага капалі сабе ў вочы аканіт, сок шалею, або красаўкі. Напэўна, лічылі, што гэта дадае ім таямнічасьці. У мяне ж – пакідала адчуваньне хворасьці.
— Ну дык заходзьце да мяне, — запрасіла я. Але ў канцы калідору пачуўся голас Юрася.
— Стэла! Ну чаму ты выйшла з пакою?
Мастачка раздражнёна скрывілася, але пакорліва пайшла да мужа.
Што яго зараз чакае – істэрыка або... чарговы сеанс бодзі-арту? Каб трохі перавесьці думкі на іншы лад, я зьбегала ў вестыбюль, да шкляных шафаў, набітых ілюстраванымі часопісамі. Хапанула стос з самага верху... Самы час пачаць знаёміцца з бульварнай, чыста жаночай, прэсай. Ляжала ў ложку, гартала стракатыя, бліскучыя старонкі... Мяне настолькі ня тычыўся сьвет, які з іх паўставаў – касьметыка, панчохі, практыкаваньні для фігуры – што нават вярталася іронія... Раптам я замёрла: дзесьці я бачыла гэтую мадэльку з нагамі даўжэй за восеньскі вечар, абцягнутымі панчохамі ў чорную сетачку, у гарэзнай спадніцы ня больш за ліст гарлачыка, у капялюшыку і паласатым мужчынскім гальштуку на голае цела... Ды гэта ж Ліля! Баркунова ўдава! Вось табе маеш... Баркун жаніўся на мадэльцы... Ну, прынамсі, падобна, што ён не памыліўся так, як Юрась.
Хаця хто сказаў, што каханьне, няхай з прымешкам горычы і безна­дзейнасьці, гэта памылка?

(Працяг будзе)