12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Рублеўская

_____________________
Гурзуфскія ліліпуты, чэшскія ведзьмакі і беларуская "картошачка".
Па-дарожныя нататкі


ТАЎРАМАХІЯ З ВАЛІЗАЙ
— А, бульбашы! Давайце, плаціце, бульбашы, трасіце хутчэй кашалькамі! Ваш Бацька сказаў, што вы за ўсё плаціць будзеце!
Гандляр сувенірамі на агляднай пляцоўцы над бухтай Ласьпі прыветна ўсьміхаецца, абнадзеяны магчымасьцю збыць хоць нешта са сваіх вырабаў – вытачаных з крымскага ядлоўцу лыжачак, чарачак, часалак для сьпіны… І калі мы ўсё-ткі сыходзім, нічога не набыўшы – шчыра злуецца: “Ніякія вы не беларусы!”, і ягоная крыўда запаўняе ўсю напоеную сонцам прастору над лазуркавым морам, над квадрацікам закінутага дэльфінарыя, у якім мільгаюць рознакаляровыя купальнікі курортнікаў, над адхонамі скалы, шчодра ўсеянай стракатым сьмецьцем…

На ўзьбярэжнай у Гурзуфе – два ліліпуты, сямейная пара. Ужо немаладыя, з аднолькавымі сумнымі тварамі, жоўтымі і нейкімі застылымі, нібы з пап’е-машэ. Ліліпуты гандлююць фотаздымкамі з тутэйшымі пейзажамі – неверагодна яркімі, у акуратных рамках… Фотаздымкі выстаўленыя ля агароджы ваеннага санаторыя. Самі гандляры садзяцца па другі бок – можа, каб не зьмяншаць сваім звыродствам прыгажосьці тавару… У ліліпутаў ёсьць свой матацыкл, і час ад часу яны ганяюць на ім па вузкіх гарадскіх вулках – усё з гэтак жа нерухомымі тварамі і нетутэйшай тугой у вачах…

Музей Пушкіна – у доме, пабудаваным колішнім губернатарам Таўрыды Рышэлье. Нейкі час дом здымалі інтэлектуалы-арыстакраты Раеўскія, і менавіта ў іх гасьцяваў дваццацігадовы Пушкін. Знуджаная без наведнікаў экскурсаводка паўшэптам расказвае: Пушкін і зараз тут… Вярнуўся ва ўлюбёнае месца, як і абяцаў у запісах. Экстрасэнсы знайшлі ягоны дух у кіпарысе, што расьце ля музею – калісьці юны мулат глядзеў на маладое дрэўца праз вакно свайго пакою і пісаў вершы… Ідзе дождж, мы сядзім на верандзе музею з экскурсаводкай, і тая дзеліцца з намі патаемным, зразумелым толькі “людям с тонкокружевной душой”… І паказвае ў кроне кіпарысу, ужо старога, цёмнага, магутнага, два сілуэты – Пушкін абдымае паненку… Сапраўды, падобна… Бедны паэт! Ператварыцца ў дрэва! Добра, каб ён яшчэ спавядаў буддызм ці меў якую схільнасьць да сузіраньня… Ля апантанага кіпарысу турысты любяць пакідаць свае аўто.

Паўсюдна прадаюцца махровыя рушнікі з выявай ліста канаплі і бадзёрымі надпісамі “Принцесса Дури” – па тыпу вядомых назоваў ня вельмі якасных гатункаў індыйскай гарбаты: “Прынцэса Нуры”, “Прынцэса Гіта” і г.д. Карацей, выберы сваю прынцэсу…

У газетах – гвалт: наркаманія, дзіцячы алкагалізм… А чаго чакаць у курортных гарадах, дзе жыцьцё – толькі два месяцы ў годзе, ды якое жыцьцё: грыміць музыка, узрываюцца фейерверкі, прыгожыя сьпешчаныя курортнікі сыплюць грашыма – толькі падбірай… А потым – ціха… Шэрае халоднае мора… Катухі, якія так дорага каштавалі ў сезон, а зараз – проста катухі… Мясцовыя жыхары амаль не купаюцца ў моры.

Дзень канстытуцыі Украіны. У гурзуфскім Доме культуры – бясплатны канцэрт. У зале – два дзясяткі гледачоў, на сцэне – хор ветэранаў. Сцэна пашарпаная, нават мікрафону няма. Выступоўцы ўсяляк намякаюць: можа, для каго гэта – і сьвята, “самостійность”, а для іх – адно падстава пасьпяваць ды пасумаваць пра “единый и неделимый”... Рэпертуар – “дружба народаў”: песьня украін­ская, песьня руская… Грузінскі танец, малдаўскі танец… Празрысты дзядок з бліскучай сківіцай з усіх сілаў падскоквае, так, што страшна за яго – і зрывае апладысменты за трывушчасьць.

Тэлевізар настроены на адну хвалю з міліцэйскай рацыяй, і мульцікі ды “жахалкі” час ад часу пачынаюць агучвацца міліцыянцкімі мацюкамі. Дзецям адразу сьмешна і цікава, потым пачынаюць адно злавацца. Дыялогі дзядзькоў рамантычнай прафесіі саступаюць у зьмястоўнасьці размове кураня і кацяняці з савецкага мульціка.

На ўзьбярэжнай Ялты натоўп сузірае чарговую забаву: паўголыя мужчына і кабета, цыркачы сярэдняга веку, займаюцца «самакатаваньнем»: мужык ходзіць босымі нагамі па лязе мяча, пасьля кладзецца на тое лязо сьпінай… Кабета, жылістая, смуглявая, бярэ гнуткую дзіду з вострым металёвым наканечнікам, упірае ў ямінку на горле — і навальваецца на дзіду так, што дрэўка згінаецца… На шыі застаецца страшны глыбокі сьлед ад вастрыя. Гэтаксама сьляды ад ляза на целе мужчыны. Хаця здаецца, што ягоная зусім не загарэлая, роўна-ружовая скура такая загрубелая, што не адчувае дотыкаў. Цыркачы вытвараюць усё ўшчыльную да гледачоў. Відаць пудра на тварах, шнары, напруга… Цыркач зладзіў сабе «ложак» з пабітага шкла, і перш чым скарыстацца ім, абыходзіць гледачоў з кардоннай скрынкаю: мы дзеля вашае забавы рызыкуем жыцьцём, шмат гадоў вучыліся сваім штукарствам – хто хоча глядзець далей, узнагароджвайце… Натоўп адразу радзее, мы таксама зьбянтэжана пасоўваемся далей… Толькі маленькі сын сяброўкі Антось, перш чым сысьці, кідае ў скрынку ўсю сваю маёмасьць – пяцьдзясят капеек.

Купальле… З сяброўкай Людай і нашымі дзецьмі лезем на гару над Гурзуфам па кветкі – на вяршыні любіць ладзіць пікнікі тутэйшая моладзь, расьце кустоўе… Рвем кветкі і ўвечары ў вяночках спускаемся на пляж паміж двума рэстаранамі… Курортнікі захоплена фатаграфуюць зьверху, як мы кідаем у марскія хвалі вянкі, як самі плывем за імі і зладжваем купальскі «марскі карагод»… Нашыя вольныя вянкі сплываюць у бок Турцыі.

Магілу Багдановіча на ялцінскіх старых могілках адшукалі лёгка – «нашы» намалявалі стрэлачкі, павесілі шыльды… А вось казалі нам, што і музей ёсьць… П’яныя парубкі ўпарта адсылаюць нас у музей Бірукова, які знаходзіцца каля кавярні «Курочка Ряба» (а якая розьніца? Таксама пісьменьнік!) Каля могілак праходзіць дзядзька ў сьпяцоўцы… Гарачыня, стома – але ён цікавіцца нашымі пошукамі і вядзе нас наверх, на вуліцу Максіма Багдановіча, дзе нечакана апынаемся ля будынку, на якім вісіць шыльда, што тут правёў свае апошнія дні Максім! Жоўтая двухпавярховая будыніна з верандай і калонамі… Хутчэй за ўсё, выглядае зусім ня так, як той дом, у якім жыў Страцім-лебедзь… На знак удзячнасьці мне хочацца распавесьці нашаму гіду нешта цікавае пра Максіма, але ад стомы і сьпёкі словы высыхаюць на вуснах.

Час ад часу можна сустрэць плакаты кшталту «Сохраним великий русский язык!». Патрыятычныя таварыствы стараюцца. Хаця ў Крыме няма з-за чаго ім пераймацца. Украінская мова пачынае тут гучаць, калі прыязджаюць курортнікі з Кіева, з Заходняй Украіны. На сьцяне будана ля ўезду ў пансіянат «Геолаг» малюнак: прыезджым працягвае хлеб-соль украінка-крымчанка ў нацыянальным строі — нафарбаваныя вусны, залаты зуб, п’яны позірк, міні-спадніца, а з-пад яе – крывыя ногі, якія быццам не трымаюць уладальніцу… «П’яная памятая піянерважатая»…Ці ня сябра вышэйзгаданага таварыства выказаўся наконт «хахлоў»?

Купляю ампулку эфірнага алею, прызначаную для пабагаценьня. Тэкст на кардонцы, да якой прымацаваная ампулка, прэзентуе чарадзейны сродак для прыцягваньня грошай. Трэба расьцерці кроплю алею між далоньмі і намазаць тым жа алеем грошы, якія зьбіраешся аддаць… І яны да цябе вернуцца з прыбыткам. Галоўная ўмова – грошы аддаваць лёгка, не шкадуючы.

Як толькі сьцямнее, на ўзьбярэжжы пачынаецца гандаль «мігалкамі» — рознакаляровыя лямпачкі-заколкі, значкі, бралкі, цацкі… Гандляры начэпліваюць гэтае багацьце на сябе – на валасы,на шыю, на адзежу, і зьзяюць-пераліваюцца злавеснымі чырвонымі, памаранчакавымі, сінімі агнямі, нібыта іншапланетнікі. Мая сяброўка прызнаецца, што ёй пры набліжэньні да такое зьявы так і хочацца сказаць «ку» і прысесьці (як у фільме «Кін-дза-дза» перад тытулаванымі іншапланетнікамі). А некаторыя гандляры «мігалкамі» заслугоўваюць нават «ку-ку».

Пячорны мужчынскі манастыр у Інкермане. Заснаваны сьвятым Кліментам, вучнем апостала Пятра. Сьвятога Клімента рымскі імператар саслаў сюды, у каменаломні, разам з іншымі першымі хрысьціянамі. Каменаломні тут жа, побач. У вялізнай яміне – штучнае вадасховішча лазуркавага колеру. Манастыр дзейнічае пасьля доўгага перапынку. І ніша, запоўненая чарапамі і косткамі манахаў, усё гэтак жа адкрытая паглядам цікаўнікаў, да якіх скіраваны надпіс: «Мы былі такімі, як вы, вы будзеце такімі, як мы». А ў апошняй зале пячорнае царквы – абразы новакананізаваных сьвятых: Мікалай ІІ, адмірал Ушакоў і г.д. Зразумела, прысутнічаюць там і княгіня Вольга, князь Уладзімір, Аляксандр Неўскі...

Калі выходзім з царквы, бачым нечы «рафік»… Жабрачка сярэдняга веку, стараючыся падлагодзіцца, тлумачыць: прывезьлі памерлую дзяўчынку, будуць адпяваць. Мы даем жабрачцы трохі грыўнаў, і застаецца непрыемнае пачуцьцё, што кабета будзе лічыць, быццам зарабіла ад нас грошы сваёй «цікавай навіной». А проста перад скалой з манастыром – чыгунка. Нас папярэджваюць: з-за акустычнага штукарства цягнікі выязджаюць сюды бязгучна. Таму лёгка загінуць.

У Балаклаве нам паказваюць уваход у базу ваенных падводных лодак. Амаль незаўважны чорны квадрат у бетоннай сьцяне, які доўжыцца пад вадой. Цяпер, кажуць, база пустая… Насупраць, на гары, відаць рэшткі Генуэзскай крэпасьці – нагадваюць Наваградскі замак. Вось у гэтай крэпасьці – сапраўды пустэча… Вецер часу выдзьмуў адтуль апошнюю памяць. А там, пад вадой балаклаўскага заліву, вузкага, што ф’ёрд, пад масіўнымі скаламі, немаведама што хаваецца.

Эске-Кермен, хрысьціянскі сярэднявечны горад на горным плато, назаўсёды страціў сваё імя. Цяперашняя назва — гэта з татарскага «старая крэпасьць». А горад быў магутны, багаты… У каменных вуліцах выбітыя каляіны ад колаў і — пасярэ­дзіне – ад капытоў коней. Каменныя яміны, у якіх рабілі віно ці захоўвалі зерне… Калодзеж глыбінёй семдзесят метраў – на выпадак аблогі… Магутныя ўмацаваньні… Вежы для варты… Тут жылі свае філосафы і паэты, свае патрыёты, якія аддавалі жыцьці дзеля абароны роднага гораду… Назвы якога цяпер не памятае ніхто.

Гаспадар кватэры, якую мы здымаем, стары капітан, угневаны на нас. Ня цэнім мы цудоўнае жыцьцё ў нашае Беларусі. Пажылі б на пенсію ў 40 даляраў… Ці ёсьць розьніца, як называўся калісьці твой горад і твой народ, калі табе плацяць пенсію ў 40 даляраў?

2004 г.


Чэшскае падарожжа пані Людмілы і паненкі Веранікі.
1. У нашым аўтобусе – амаль усе з Самары, у асноўным – падлеткі і іх настаўніцы. Крыклівыя, дробныя, вузкавокія. “Я – напалову мардоўка”, — сумна прызнаецца губастая дзяўчына. “Ды й я таксама”, — уздыхае іншая.
2. Побач з мардоўкамі, дэманстратыўна гучна, хлопец-“русак”, прычоска а ля Пугачоў, разважае пра чысьціню нацыі, пра тое, што чыста рускіх амаль не засталося. А вось ён – у многіх пакаленьнях чысты! Прашу зачыніць фортку … “А я не хачу!” – чысты-чысты сіні славянскі позірк.
3. Праязжаем мытню. “Ой, гляньце, беларускі сьцяг… Яго ж зьмянілі, ён цяпер іншы! Чаму тут – стары?” – абураецца адна з самарскіх настаўніц, паказваючы на польскі штандар.
4. Нарэшце бачым сонечную Варшаву. Мінулы раз трапілі ў яе залевай. Пан Кшыштаф – экскурсавод. Хударлявы, чарнявы, прыгорблены, падобны да рабіна. Варшава для яго – сьвятое. Здаецца, нават каменьні сьценаў і помнікаў для яго – жывыя істоты, ён кранае іх, нібы чакае адказу і баіцца ўчыніць балюча.
5. Помнік юным змагарам антыфашысцкага падпольля. Дзіўна каратканогае стварэньне ў вялізных нямецкіх шлеме і ботах, з аўтаматам, упрыгожана чырвона-белымі стужкамі… Дзяўчына. Юныя змагары выводзілі варшавян з гета сутарэньнямі, разносілі пад бамбёжкамі лісты… Сёньня да гэтага помніка любіць прыходзіць моладзь. Лічыцца – помнік усім маладым змагарам за дэмакратыю.
6. “А ці ёсьць у вас хрысьціянскія храмы?” – з націскам пытаецца ў пражскай экскурсаводкі самарская настаўніца. Хрысьціянства для самарскіх –праваслаўная царква. “Гэта ж касьцёл! “ – і такая падазронасьць у голасе.
7. На ранішніх палях Чэхіі – зайцы і цецерукі. Сотнямі!
8. Праязджаем гарадок, дзе была савецкая вайсковая частка. Гарадок – узор вырашэньня жыльлёвай праблемы. Савецкія зьехалі, і шэрыя шматпавярховікі саўковага тыпу засялілі месьцічы.
9. У чэхаў армія – прафесійная. Радавы атрымлівае тысячу еўра ў месяц.
10. Над камунізмам усё яшчэ зьдзекуюцца, ён усё яшчэ пужае. На рокерскіх плакатах – Ленін з навушнікамі. Музей камунізму распавядае пра аксамітную рэвалюцыю… Музей у адным будынку з шыкоўным гатэлем і казіно.
11. На палях часам незразумелыя штыкетнікі – плантацыі хмелю. Чэшскія школьнікі замест бульбы езьдзяць на ўборку хмелю. На адным полі штыкетнік ляжыць, акуратна павалены. “Нагадвае Кулікоўскае поле!”, – кажа адна з самарскіх.
12. Чэхі памятаюць, як іх школьнікі і студэнты распачалі “аксамітную рэвалюцыю”. Таму бяруць у свае навучальныя ўтановы моладзь, якая ў сваіх краінах пацярпела за дэмакратыю.
13. “Позор, поліція ворует” – “Увага, паліцыя назірае”, “Жівот ужасный” – “жыцьцё цудоўнае”. Котку падзываюць “Тц-тц-тц”. Губа – пыса…
14. Прага віруе фанатамі, што зьехаліся на футбольны турнір. Усе – у майках, з шалікамі колераў каманд… Ізраільцяне, шатландцы, немцы, іспанцы, італьянцы… Беларусаў, ясна, няма. Кожная кампанія шуміць, раве, хлебча піва – але нікога не чапае. Толькі расейцы чапляюцца да нашай кампаніі – перадражніваюць экскурсаводку: “Зірніце направа – які цудоўны будынак, называецца “Макдональдс”… А за нашую каманду хто будзе хварэць?”
15. На Карлавым мосьце. Страшэнная залева. Вецер ірве парасоны. Вельмі цяжка засяродзіць увагу на чорных скульптурах. Запамінаецца толькі мутная, вельмі хуткая плынь Влтавы, з вадападамі і вірамі. Адразу верыцца ў нядаўнюю паводку. Хаця калегі-журналісты па свеце проста раздзьмулі яе да катастрафічнай падзеі.
16. Выстава Сальвадора Далі. Вядома, імкнемся паглядзець. Аблом: копіі.
17. Музей Альфонса Мухі. Мадэрн, арт-нуво… Абаяльнасьць дэкадансу. Сара Бернар ва ўсіх відах. Карціны Мухі – на паштоўках і куфэрках, майках і кубках. Ягоная ж рэклама кавы і шакаладу… Дзеткі-анёльчыкі з кудзеркамі і маленькімі ружовымі вуснамі… Танклявыя, вычварна-прыгожыя, нібы архідэі, жанчыны… І гэтак жа, як архідэі, схільныя да пяшчотнага паразітаваньня. Нічога не набываю – не магу пазбавіцца думкі, што для сучасьнікаў гэта быў гэткі ж пошлы кіч, як для нас рэклама ёгурта.
18. Перад музеем Франца Кафкі – фантан: дзьве канструкцыі-фігуры, састаўленыя з пазелянелай металёвай лускі, нібы кафкава Жамярына, выпускаюць з фаласаў струмені. Фаласы, дастаткова натуралістычна зробленыя, рухаюцца. І разьняволеныя замежніцы ўвесь час мацаюць іх, мяняючы накірунак струменю. Дзіця адной з цікаўніц стаіць побач і нешта зьдзіўлена лапоча. Зразумела, пра што, паколькі паўтараецца: ”Піся, піся…”
19. Са зьдзіўленьнем бачым, што ў Чэхіі ледзь не на кожным камяні – выява бел-чырвона-белага сьцяжка. Аказалася – гэтак пазначаюцца гістарычныя помнікі.
20. Беларуская амбасада знаходзіцца побач з заапаркам. Нешматлікія беларусы нашага аўтобусу, пачуўшы гэта, пачынаюць рагатаць. Экскурсаводка крыўдзіцца: чаму гэткая весялосьць: што яна ня так сказала?
21. Ля аўтастанцыі – размаляваныя скульптуры для прыкрасы саду: стракатыя шэрагі гномаў, дзічкоў, сабачак, коцікаў, ведзьмачак, жабак і г.д, нібыта цацачнае войска зьбіраецца на вайну. Падабаюцца буслы: як жывыя, на металічнай лапцы… Сімвал Айчыны, разумееш. Прыцэньваюся… Прадаўцы – в’етнамцы. Адразу бусел траціць роднасьць і прывабную натуральнасьць.
22. Карлавы Вары – торт сьметанковы… Але дождж змывае з яго лялечнасьць і чапурыстасьць. Менавіта сюды прыехаў лячыць свой страўнік Янка Купала. Пусьцілі — пад прыглядам “прававернага” Жылуновіча-Цішкі Гартнага. Пакуль Купалу не пускалі, дык Гартны пісаў ва ўрад: ці нельга паслаць дэлегацыю з яго аднаго, Жылуновіча? Не паслалі… Купала ў Чэхіі збольшага маўчаў, адно, як пісалі журналісты, журботныя вочы выдавалі пакуту паэта, што жыве ў таталітарным грамадстве. А Жылуновіч папёр у Прагу, прамаўляць перад грамадскасьцю. “Чулі мы шмат каго з беларускіх літаратараў, але ніхто нас так не насьмяшыў, ніхто не зрабіў такога прыкрага ўражаньня, як Цішка Гартны”, — дружна адазваліся газеты на тыя рэвалюцыйныя выступленьні.
23. Рэстарацыя “Элефант”, у якой Шцірліц сустракаўся з жонкай. Па тутэйшых мерках – звычайная установа. Навязьліва гучыць у вушах адпаведная мелодыя: “Отсюда к родному до-о-му…” А для дачкі — ніякіх асацыяцыяў, ніякіх настальгій.
24. Руская прысутнасьць у Карлавых Варах – паўсюль. Самы шыкоўны гатэль належыць Газпрому. Толькі на адным невялічкім гатэлі, у гарах, заўважаем сярод іншых беларускі сьцяг. Цікава, хто ў нас можа – адкрыта! – стаць саўладальнікам карлаварскага гатэлю, няхай і маленечкага?
25. Дастаеўскі неаднойчы прайграваўся ў Карлсбадзе да ніткі. Гэта быў горад яго вар’яцтва і пакутаў. Прыбягаў да маладой жонкі, былой стэнаграфісткі, зрываў з яе пальцаў пярсьцёнкі — і бег адыгрывацца. Яна спрабавала труціцца. У іх памерла тут дзіця… Сёньня Карлсбадская рулетка таксама круціцца. Але Дастаеўскія сюды ня езьдзяць. Найбольш – Андрэі Макарэвічы і Ірыны Алегравы, як з гонарам паведаміў экскурсавод.
26. Шылер любіў гуляць тут у гарах, зьбіраў, здаецца, грыбы… Цікава, у рамантыкаў-арыстакратаў гэта лічылася высакародным заняткам? Прынамсі, экскурсаводка, спакушаючы нас купляць сюды пуцёўкі, расказвае, што адпачываючыя сушаць грыбы ў нумарах гатэлю. Сёньня схілы гары ўпрыгожаны шыльдамі з вершамі.
27. Жаночая крыніца мінеральнай вады – “Русалка”. Вып’еш – займееш палкага палюбоўніка. Наводдаль — мужчынская крыніца, ня памятаю, як называецца. Калі мужчына верны каханай – зможа патрымаць пад струменем руку. Адзін з самарцаў, які падарожнічае з дзеўкай, правярае на сабе: але зараз жа руку прымае. Вадзіца гарачанькая! “Гэта мужчынская крыніца таму, што мы, жанчыны, вытрымаем усё,”— філасофскі каментуе пані Магдалена, наш экскурсавод і выкладчыца моў па асноўнай прафесіі.
28. І ў Карлавых Варах, і ў Празе – крамы “Банкрут”: па сьмешных цэнах – кітайскае дзярмо. Пазнаецца рэпертуар беларускіх рынкаў.
29. Замак Жлебы. Застаўся дзяржаве толькі таму, што ўладальнік супрацоўнічаў з фашыстамі. Тым, хто апраўдаўся – замкі вярнулі.
30. Гавел, былы прэзідэнт – драматург — дысідэнт – уладальнік канцэртнай залы ў цэнтры Прагі… І ўвогуле шмат якіх будынкаў і вытворчасьцяў. Клан Гавелаў — з самых багатых у Чэхіі.
31. Ідзем ад музея Кафкі. Вуліца да Чортавай Вінярні. Можа прайсьці толькі адзін чалавек. Сьветлафор кіруе рухам… З кавярні іншага выйсьця няма.
32. Дзень Усіх сьвятых. Качэн над Лабай. Там-сям пераапранутыя ў вядзьмарак і ведзьмакоў, ансамбль, падобны да “Старога Ольсы”, спрабуе разварушыць пуб­ліку… Але публіка – спрэс замежнікі. Японцы ветліва пляскаюць у ладкі. Якая тут традыцыя… Нават піва, якое ў гэтую ноч мусіць прадавацца бясплатна, каштуе… Не дачакаліся традыцыйнага спальваньня ведзьмы – сышлі… Нават не купілі венік, з тых, што прадаваліся побач з півам.
33. Карчма Вядзьмаркі. Літаратурная кавярня – ну як прамінуць! У меню на абпаленых агнём скрутках – біфштэкс з сабакі Баскервілей, мяса тапельца, пачастунак вупра і г.д. Паўцёмна, поўна дзіўнага рыштунку – зёлкі, здохлы кот на падушцы… Мы выпілі піва і пачалі чытаць вершы.
34. У Карлавых Варах – будынак культурна-спартыўнага цэнтру, спадчына савецкага часу. Месьцічы завуць яго бункерам… Пачвара, сапраўды, жахлівая. Тырчыць пасярод пейзажу, як іржавая цыстэрна пасярод клумбы маргарытак.
35. Ложкі ў замку Жлебы – зусім маленькія. Людзі таго часу баяліся спаць лежачы – душа ад цела адляціць. Падкладалі гару падушак, каб амаль сядзець. Ну і дамскія прычоскі таго вымагалі – іх рабілі на паўгода. Ніхто ня мыўся. Толькі ўжывалі парфуму.
36. У кабінеце ўладальніка замка – кнігі! Вялізныя, метровыя атласы 19 стагоддзя па геаграфіі, біялогіі, гісторыі… І маленькія томікі бібліятэчкі паэзіі. Адзін з апошніх графаў любіў пераапранацца ў старажытнае адзеньне. І слуг таксама прымушаў. Блукаў па вежах замка з мячом, як прывід… Незразуметы рамантык. Як наш Пане Каханку.
37. У гарах Карлавых Вараў знаходзім закінутую вілу “Ліберці” – “Воля”. Усе вілы побач з пышнымі назовамі – “Лаура”, “Дон Жуан”, “Моцарт” і т.п. – праць­вітаюць, а свабода – гібее.
38. Яшчэ вышэй – праваслаўная царква Пятра і Паўла. У вакне – вітраж з выявай маёй сьвятой апякункі Людмілы Чэшскай. Яе задушыла нявестка – каб не выхоўвала ўнука, будучага караля Чэхіі Вацлава, у хрысьціянскім духу. Вітраж незвычайна прыгожы, узьнёслы. Але абразкі сьвятой Людмілы ў храме не прадаюцца. Жанчына ў іконнай лаўцы незадаволеная роспытамі. І ў брашурцы пра царкву ёсьць усе асноўныя абразы і вітражы – акрым сьвятой Людмілы. Чаму? Дарэчы, у касьцёле сьвятога Віта таксама вітраж са сьвятой Людмілай работы Альфонса Мухі…
39. Старанова сінагога… На гарышчы, па паданьні, ляжыць Голем. Якога стваральнік Бен Бецалель пазбавіў жыцьця… На гарышча ніхто не заходзіць. Нават падчас нядаўняга рамонту. Адзін рабін зайшоў – і вярнуўся сівы і звар’яцелы. Вузкія вулачкі, цёмныя сьцены… У былым гета сапраўды страшна.
40. Прэзідэнцкі палац. Экскурсіі, гоман, сьмех, дзеці бегаюць… Адна з самарскіх пытаецца, як жа прэзідэнт працуе? Ці не перашкаджаюць яму наведнікі? Экскурсаводка сьмяецца. Дэмакратыя – урад мусіць быць даступны.
41. У саборы Сьвятога Віта турыстам абавязкова расказваюць пра скарбы, што там захоўваюцца за дзьвярыма, у якіх сем замкоў, ключы ад якіх раздадзеныя сямі розным людзям…А я думаю, наколькі мусіў прыгнятаць простага сярэднявечнага чалавека гэты гіганцкі храм… Ня менш за егіпецкія піраміды.
42. Ад’езд са станцыі метро Флора. Дарэмна шукаем аўтобусу. Пасьля дарэмна чакаем, што нас будуць шукаць. Тэлефоны не працуюць – раскурочаныя дакладна як у нас, чэхі робяць выгляд, што не разумеюць просьбы пазычыць мабільнік. Вечарэе… Паліцыя сьвяткуе першае мая. Паліцыянт адчыняе нам дзьверы ўчастка ў пантофлях, трэніках і кашулі наросхрыст. Адмахваецца ад ”рускай пані”. У пошуках паркінгу знаходзім толькі габрэйскія могілкі. Цудам трапляем у метро, істэрычна размаўляючы з работнікам бюро інфармацыі, даведваемся, што ёсьць станцыя амаль з такой жа назвай – Флорэнс. Але і там аўтобуса не знаходзім. Паліцыя адфутбольвае нас з адной установы да другой… Вось тут ужо бяз сьмеху ўспамінаем пра заапарк і родную амбасаду… Урэшце нас знаходзіць адзін з беларускіх шафёраў, і кіраўнік экскурсійнай групы, які застаўся чакаць згубленых, з цяжкасьцю хаваючы агіду, адпраўляе нас на бліжэйшым цягніку ў Менск. Прывітаньне ад Хэлоўіну.
43. У Брэсьце дзьве гадзіны мяняюць колы нашага чэшскага цягніка. Да беларускіх каляінаў еўрапейскія колы не прыстасаваныя.
44. Наш багаж – два пакеты з майкамі “Кафка” і трыма бутэлькамі чэшскага піва. Апошняга можна правозіць ня больш за літр на дарослага, таму адну бутэльку выпіваем – зьняць стрэс. Пішу ў дэкларацыі: дзевяць даляраў. Рыхтуюся расказаць нашу жахлівую гісторыю – але нікога з памежнікаў гэта не цікавіць. А ў абед у вагон з гвалтам, праз шлагбаум у выглядзе рудога чэха-правадніка, прарываюцца кабеты з крыкамі: “Дранікі! Картошачка! Гарачанькая, з укропам!”
Прывітаньне, Радзіма!
27.04-02.05.2006