12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Саковіч

_____________________
Куды ляцім?
Вершы

Разьвітальны наказ

Як прыйдзе раптам непазьбежны час,
Час разьвітаньня з блізкімі, сябрамі,
Скажу ім ціха я: «Люблю ўсіх вас,
А вінаваты, грэшны перад вамі.

Застаўся перад кожным я ў даўгу,
Хоць шчодрыя былі мае намеры,
Ды разьлічыцца з вамі не магу –
Мне ўжо ТУДЫ прыадчынілі дзьверы.

Вам словы добрыя ня ўсе сказаў,
Якія шчырымі былі, ад сэрца...
На дне душы іх недзе я схаваў,
І ўжо не адшукаць тых слоў, здаецца.

Вы будзьце лепшымі, скажу, чым я,
Перад людзьмі і Богам не грашыце...»
Ды споведзь перарве душа мая
І выдыхне апошняе:
— Жывіце!


Вясновы экспромт


Калі дарожны надакучыць тлум,
Спыніце бег няўрымсьлівы машыны:
Да вас праб’ецца скрозь бязладны шум
«Марзянка» Бога – пошчак салаўіны.


Груганы


Пражыў нямала я, ды што з таго,
Калі да шчасьця не дажыў свайго.
Чаму жар-птушку так і не злавіў –
Нават пяра—і тое не здабыў!
А можа пашанцуе раптам зноў:
Жар-птушка вернецца
з маіх юнацкіх сноў?

З надзеяй азірнуся я.
Адны
Сядзяць наўкол, чакаюць...
груганы.


Крыжы

Крыжы свае на могілкі прыносім,
І тут, закончыўшы грахоўны шлях,
Мы шчыра ў Бога прабачэньня просім,
А душы нашы стогнуць на крыжах.


На разломе

Зямля дрыжыць, Зямлі баліць.
Разлад нябачаны ў прыродзе,
Бо ў згодзе з ёй ня ўмеем жыць.
Няўжо Зямля нас спапяліць,
Каб лепшых потым нарадзіць?
...Ідзе разлом тысячагоддзяў...


Перад іконай Маці Божай

Як сустрэнуся позіркам з Ёй,
Адчуваю свой лёс я сірочы,
Бо ніхто пасьля маці маёй
Не глядзеў мне з такой дабрынёй
І самотным прароцтвам у вочы.


Куды ляцім?

Сьпяшаемся, ляцім туды, сюды...
Ці ж мае гэта нейкае значэньне,
Калі, урэшце, ва ўсіх нас заўжды
Адзін, агульны – ТОЙ –
пункт прызначэньня...