12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ала Сакалоўская

_____________________
Цяжка на зямлю сысьці прарокам...
Гутаркі з перакладчыкамі кнігі Р. Барадуліна "Ксты" на ангельскую мову

Кажуць, няма прарокаў у сваёй Айчыне. Але гэта да часу. Кожны народ мае свае постаці, якімі ён ганарыцца. Па іх вызначаюцца час, эпоха. Па іх народ, краіна пазнаюцца ў прасторы і часе.
У Беларусі сёньня такой асобай зьяўляецца народны паэт Рыгор Барадулін. Тысячы арыгінальных вершаў, паэмы, эсэ, пераклады з дзясяткаў моваў сьвету – такі плён жыцьця, творчасьці паэта. Як вядома, зборнік духоўнай лірыкі паэта “Ксты” сёлета быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Вершы-жамчужыны, раскіданыя па асобных выданьнях ці ніколі не пуб­лікаваныя, стварылі гэты зборнік-брыльянт, зборнік-дыямент.
Пра што гэтыя вершы?
Думкі пра дабро і зло, зямное і вечнае, прызначэньне чалавека на зямлі праходзяць праз усю творчасьць Рыгора Барадуліна. Але найбольш ярка, сканцэнтравана праз гэты зборнік. На любові да Бога, Радзімы, Мамы грунтуецца жыцьцё і паэзія Рыгора Барадуліна. Гэта кранае патаемныя струны душы кожнага чалавека.

“Не перажывеш нікога злосьцю,
Перамога чыніцца мілосьцю”.
“Хай жа зло цябе не пераможа.
Ты дабром яго перамажы”.
“На гэтым сьвеце жыву
Віною перад Богам і перад Мамаю”.

Любоў мудрай, незвычайнай жанчыны – мамы Куліны – дала Беларусі, сьвету непаўторнага паэта.
Рыгор Барадулін – паэт ад Бога. Кнігу “Ксты” прачытваюць ад першага да апошняга радка і тыя людзі, якія ніколі не чыталі паэзію. Некаторыя чытаюць яго вершы, як вершы-малітвы, вершы-споведзь, вершы-пакаяньне. У гэтым моц і сіла са­праўднай паэзіі, бо яна для ўсіх і заўсёды, яна ня мае прамінулага часу, яна – на ўскрайку Вечнасьці.
Зборнік “Ксты” стаў настольнаю кнігай сьвятароў. Вершы з яго цытуюцца ў казанях. Адзін з прыкладаў гэтаму Сьвята Божага Цела. Тысячы вернікаў, што прайшлі з працэсіяй па горадзе, пры алтары ля Чырвонага касьцёлу, на плошчы Незалежнасьці слухалі казань кс. Андрэя, якую ён пачаў радкамі верша паэта:

“Страх у сабе зьнябыць.
Бога ня трэба баяцца –
Бога трэба любіць.”

Шлях сапраўднага паэта ва ўсе часы быў няпросты.

“Талент – гэта праклён
Паласатага д’ябла...”
“Талент – гэта палон,
Не ўцякаюць з якога...”
“Талент – гэта амбон,
Дзе хацела б вініцца старасьць...”

Паэт мусіць быць прарокам, несьці людзям словы праўды і дабра, не спадзеючыся на іх ласку і ўдзячнасьць.

“Сам жа мусіш несьці свой крыж,
Узысьці на сваю Галгофу”.

І гэты цяжкі крыж паэзіі і крыж жыцьця паэт нясе з годнасьцю, адзін, па крыжовай дарозе, наканаванай лёсам.
Шчасьлівы той народ, тая краіна, якая мае такога паэта. Усё мінецца. Забудуцца імёны цароў, правадыроў, генеральных сакратароў, а паэзія застанецца. І пра наш час будуць гаварыць як пра час, калі пісаў свае вершы Рыгор Барадулін.
Ніжэй прапаную сваю гутарку з рэдактарамі перакладу кнігі “Ксты” на ангельскую мову – кандыдатам філалагічных навук, прафесарам Юрыем Стулавым, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Іванам Бурлыкам, прафесарам Джэймсам Торсанам (ЗША).

Ала Сакалоўская –
укладальнік і рэдактар кнігі “Ксты”.



Ала Сакалоўская: Перш чым гаварыць пра кнігу “Ксты” Рыгора Барадуліна, хацелася б пачуць, як Вы ацэньваеце наогул творчасьць паэта.
Юры Стулаў: Доўгія гады нацыянальнага прыгнёту, крывавыя войны, якія за­бралі мільёны людзей, разруха, зьнішчэньне нацыянальнай інтэлектуальнай эліты на працягу ўсяго дваццатага стагоддзя прывялі да таго, што, калі ў выніку распаду Савецкай імперыі Беларусь стала незалежнай, самасьвядомасьць народу аказалася не гатовай узяць на сябе задачу пабудовы сапраўды незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Самое абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь пракамуністычным Вярхоўным Саветам БССР было спробай выратаваньня наменклатурай свайго ўласнага існаваньня. На працягу апошніх пятнаццаці гадоў краіна складана і пакутліва імкнецца вызначыць свой шлях разьвіцьця, які па-ранейшаму няпэўны. Небакрай шчыльна закрыты хмарамі, і толькі зрэдку ў змроку можна разгледзець зоркі, па якіх можна арыентавацца на шляху ў будучыню.
Сярод гэтых зорак асаблівым сьвятлом гарыць зорка Барадуліна, які даўно стаў класікам новай беларускай літаратуры і маральным камертонам беларускага грамадства, што з вялікімі цяжкасьцямі пракладвае дарогу ў сусьветную са­дружнасьць.
А. С.: А ў чым, на Ваш погляд, непаўторнасьць паэзіі Рыгора Барадуліна?
Ю. С.: Паэзія Барадуліна унікальная, як і унікальны яго талент, які ідзе ад бясконцай любові да роднай зямлі, мамы, някідкай беларускай прыроды, чалавека-працаўніка, што шукае сваё месца ў Божым Сусьвеце. Разам з тым, маючы глыбокія карані ў стыхіі народнага духу, творчасьць паэта наскрозь пранізаная філасофскім роздумам пра ўзаемаадносіны Чалавека і Бога, сэнс жыцьця, сумненьні і спакусы, якія адольваюць чалавека, супярэчнасьць чалавечай душы, але, перш за ўсё, пра чалавечую годнасьць, аб праве “чалавекам звацца”.
У яго вершах трагічная адзінота (самота) па сутнасьці касьмічнага плану спалучаецца з непадробным гумарам, які ў імгненьне можа перарасьці ў зьедлівую сатыру, калі толькі гаворка заходзіць пра зьявы, што прыніжаюць чалавечую годнасьць, а грамадзянская пазіцыя заўсёды ўражвае сваёй дакладнасьцю і вызначанасьцю. Без сумненьня, імя Барадуліна належыць да шэрагу тых выдатных беларусаў, якія даказалі чалавецтву творчы патэнцыял маладой нацыі з тысячагадовай гісторыяй. Яго самабытная паэзія пераадольвае нацыянальныя межы, становячыся здабыткам сьвету, пра што сьведчаць шматлікія пераклады яго вершаў на мовы народаў сьвету.
А. С.: Зборнік паэтычнай лірыкі паэта быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Адным з патрабаваньняў Нобелеўскага камітэту зьяўляецца падача кнігі і на мове арыгіналу, і ў перакладзе на адну з еўрапейскіх моваў: ангельскую, нямецкую, французскую. Была выбрана ангельская мова. Вы – адзін з рэдактараў англамоўнага варыянту. Раскажыце об праблемах перакладу. Чаму быў зроблены пераклад менавіта на ангельскую мову?
Ю. С.: Зборнік паэзіі “Ксты” вылучаецца ў творчасьці Барадуліна. Намінуючы яго на самую прэстыжную міжнародную літаратурную прэмію, члены Аргкамітэту разумелі тыя складанасьці, з якімі сутыкнуцца перакладчыкі кнігі на ангельсую мову. Намі была выбрана ангельская, бо менавіта ў гэтай галіне беларускімі перакладчыкамі назапашаны найбольшы вопыт. Было прынятае рашэньне прыцягнуць да перакладу як вядомых, так і маладых таленавітых беларускіх перакладчыкаў, якія самі займаюцца паэтычнай творчасьцю, а рэдагаваньне прасіць выканаць сьпецыялістаў у галіне ангельскай мовы і літаратуры з Беларусі, Вялікабрытаніі і ЗША, у тым ліку вядомага амерыканскага літаратуразнаўцу праф. Джэймса Торсана. Пераклад быў выкананы ў рэкордныя для падобнай працы тэрміны, што было зьвязана з неабходнасьцю пасьпець падаць дакументы ў Нобелеўскі камітэт да 1 лютага 2006 году. У цэлым працу можна ацаніць як удалую. Натуральна, што ў перакладзе могуць знайсьціся некаторыя недакладнасьці, але гэта недакладнасьці піянераў, якія пракладваюць дарогу. Беларускаму перакладазнаўству ёсьць чым ганарыцца.

А. С.: Перакладаць беларускую паэзію беларусу на ангельскую мову... Ці не здаецца гэта выклікам перакладчыцкім традыцыям, якія ўжо склаліся, у тых адносінах, што гэтым усё ж такі павінны былі займацца носьбіты ангельскай мовы?
Іван Бурлыка: Дазволю не зусім пагадзіцца з тым тэзісам, што менавіта нось­біты ангельскай мовы заўсёды могуць прафесійна перакладаць на сваю родную мову беларускае слова. Асабліва прымаючы пад увагу тую акалічнасьць, што не існуе поўнага англа-беларускага і беларуска-ангельскага слоўніка, які б дапамог вырашыць праблему адэкватнасьці перакладу дыялектызмаў і неалагізмаў беларускай мовы. Аналіз перакладу шэрагу мастацкіх твораў беларускіх аўтараў ангельскімі калегамі дазваляе зрабіць не заўсёды станоўчыя высновы ў плане адэкватнасьці іх перакладу. І прычына гэтаму – іх неглыбокае веданьне ня роднай, а беларускай мовы. Менавіта адсутнасьць адчуваньня беларускай мовы і адсутнасьць добрага слоўніка прывяло да перакладу адным з ангельскіх перакладчыкаў слова капліца як Thesound of dripping... або шамаціць у страсе як muttering in terror... Менавіта таму стала ясна: і ў нашым выпадку якасны пераклад духоўнай паэзіі магчымы толькі ў выніку аб’яднаньня намаганьняў перакладчыкаў – носьбітаў як беларускай, так і ангельскіх моваў.
А. С.: І як гэта Вам удалося?
І. Б.: Па шчасьлівым супадзеньні акалічнасьцяў у Гарадзенскім дзяржаўным уні­версітэце імя Янкі Купалы ў гэтым годзе працуе цудоўны сьпецыяліст у галіне ангельскай мовы, паэт Сцюарт Рэкс, які ласкава пагадзіўся выступіць у якасьці рэдактара перакладаў, выкананых беларускімі калегамі. У пачатку выкананьня праекту яго крытычнай увазе былі прапанаваныя два магчымыя варыянты перакладу паэзіі Барадуліна: з захаваньнем рытму, рыфмы і іншых атрыбутаў беларускага верша, а таксама больш дакладны, але менш паэтычны пераклад.
А. С.: І які варыянт выбраў амерыканец?
І. Б.: Як і меркавалася, другі варыянт, які мог паўней паказаць унутранны сьвет, душэўны стан паэта, а таксама сапраўднае багацьце мовы Рыгора Барадуліна. Менавіта той варыянт, у якім адсутнічае мноства пустых службовых словаў, якія ўжываюцца дзеля захаваньня памеру беларускага верша і стварэньня ілюзіі ідэнтычнасьці дзьвюх моваў, што адносяцца да розных моўных групаў.
А. С.: А як Вы сам і Сцюарт ацэньваеце якасьць перакладаў, выкананых Вашымі беларускімі калегамі?
І. Б.: Перш за ўсё ўражвае, што за такі кароткі час перакладчыкі выканалі гэтакі вялікі аб’ём працы. Я ацэньваў якасьць перакладу кожнага верша з пункту погляду адэкватнасьці перадачы думкі паэта, а таксама паэтыкі ангельскага эквіваленту.
У большасьці выпадкаў патрабаваліся мае нязначныя праўкі, а ў многіх выпадках мае беларускія калегі з посьпехам адстойвалі свае варыянты перакладу. Асабліва гэта актуальна тады, калі трэба было перакласьці неалагізмы паэта, а таксама дыялектна арыентаваную лексіку.
А. С.: Вы, Іван Рыгоравіч, ня толькі адзін з рэдактараў англамоўнага варыянту зборніка “Ксты”, але і перакладчык большай часткі яго вершаў. Якая перадгісторыя Вашых адносінаў з перакладамі мастацкага слова?
І. Б.: Кар’еру сьпецыяліста ў галіне прафесійнага перакладу я пачаў як ната­рыяльны перакладчык і перакладчык сьпецыяльнай навуковай літаратуры амаль чвэрць стагоддзя таму. Праца з рознымі афіцыйнымі дакументамі і навуковымі тэкстамі прывучылі мяне да выключна скрупулёзных адносінаў да друкаванага слова. А пяць гадоў таму я пачаў супрацоўніцтва са штогоднікам “Год Беларускі” (Annus Albaruthenicus), які выдаецца пад рэдакцыяй вядомага польскага пісьменьніка беларускага паходжаньня Сакрата Яновіча. Літаратурная крытыка, проза і паэзія сталі чарговым напрамкам маёй перакладчыцкай дзейнасьці. Заўсёды буду памятаць зьлёгку іранічную заўвагу Сакрата да перакладу мастацкага слова на замежную мову, які ён вельмі трапна назваў “пацалункам праз аконнае шкло”. З першых радкоў перакладу прозы і паэзіі мне хацелася абвергнуць гэты тэзіс майстра беларускага слова. У дадзены момант, дарэчы, заканчваю пераклад на ангельскую мову зборніка яго цудоўных кароткіх апавяданьняў.
А. С.: Іван Рыгоравіч, як Вы ўспрынялі прапанову ўдзельнічаць у праекце па перакладзе на ангельскую мову дадзенага зборніка?
І. Б.: З вялікай удзячнасьцю і хваляваньнем. З удзячнасьцю, бо ня часта можна атрымаць такую пачэсную прапанову перакладаць творы такой глыбы беларускай паэзіі, як Рыгор Барадулін. А хваляваньне было зьвязанае з тым, што я прачытаў даволі шмат вершаў паэта і добра ўяўляў унікальнасьць і багацьце мовы яго паэзіі. Я ўсьведамляў, якой крапатлівай будзе праца па перакладзе духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна. Акрамя таго, вялікі аб’ём матэрыялу для перакладу і вельмі сьціслы тэрмін для выкананьня праекту маглі значыць толькі дадатковую адказнасьць і вялікую напружанасьць у працы. Але вялікае жаданьне ўнесьці свой уклад у такую важную справу перамагло, і паўтара месяца працы ўсяго калектыву перакладчыкаў выліліся ў выданьне гэтай непаўторнай кнігі паэта.

А. С.: Адным з рэдактараў англамоўнага варыянту зборніка “Ксты” быў Джэймс Торсан – прафесар універсітэту штата Нью-Мексіка (ЗША), стыпендыят праграмы імя сенатара Фулбрайта. Паважаны прафесар Торсан, якія пуцявіны прывялі Вас да паэзіі Рыгора Барадуліна?
Джэймс Торсан: Для мяне вялікі гонар удзельнічаць у падрыхтоўцы ангельскага перакладу зборніка вершаў Рыгора Барадуліна “Ксты”.
У гэтым навучальным годзе я працую па абмене ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ў рамках праграмы імя сенатара Фулбрайта. Калі Уільям Фулбрайт пачаў праграму, якая сёньня носіць яго імя, ён спадзяваўся, што яна будзе садзейнічаць узаемаразуменьню паміж народамі. Я ўпэўнены, што маё знаходжаньне ў Беларусі служыць гэтай мэце. Я ўдзячны прафесару Юрыю Стулаву, які запрасіў мяне ўдзельнічаць у гэтым праекце. Спачатку я вагаўся: я ня ведаю беларускай мовы, я не паэт. Калі я быў маладым чалавекам, я спрабаваў пісаць вершы, але зразумеў, што гэта ня мой канёк, і выбраў прафесію літаратуразнаўцы. Я вучоны, выкладаю англа-амерыканскую паэзію, але яшчэ я люблю паэзію, і таму я пагадзіўся рэдагаваць пераклад вершаў з пункту погляду іх гучаньня для нось­бітаў ангельскай мовы.
А. С.: Што істотнае, галоўнае для Вас у творчасьці Рыгора Барадуліна і як гэта выявілася ў перакладзе?
Д. Т.: Па-першае, ён сябруе з многімі паэтамі, пра што сьведчаць яго вершы, прысьвечаныя паэтам. Многія яго вершы напісаны як лісты да сяброў.
У яго паэзіі нават у перакладзе відаць яго любоў да роднай беларускай мовы. Нельга ўявіць паэта, які б не любіў сваю мову, але ў яго гэта выражаная ў найвышэйшай ступені. Гэтая любоў спалучаецца ў яго з любоўю да Беларусі, роднага агменю і вёскі ў раньнія гады, да свайго народу. Чытаючы вершы Рыгора Бараду­ліна, нават гарадскі жыхар ХХІ стагоддзя можа адчуць смак вясковага жыцьця. Вершы выклікаюць у памяці вобразы лясоў, травы (хай і неўсьвядомленае перагуканьне з Уітменам), ручаёў, бэзу, бярозаў, пары года яго радзімы. У многіх вершах прыцягвае ўвагу вобраз зерня. Вершы, прысьвечаныя чарнобыльскай катастрофе, выразна перадаюць боль паэта за тую бяду, пакуты, якія яна прынесла на родную зямлю.
А. С.: Паэзія Рыгора Барадуліна і амерыканская паэзія. Ці можна правесьці нейкія паралелі?
Д. Т.: У многім чытаньне гэтых вершаў, якія ствараліся Барадуліным на працягу больш за трыццаць пяць гадоў, нагадвала мне чытаньне кнігі “Лісьце травы” аднаго з маіх самых любімых амерыканскіх паэтаў ХХ стагоддзя Уолта Уітмена, якую паэт пісаў, рэдагуючы і дапаўняючы новымі вершамі трыццаць пяць гадоў. У мяне ўзьнікла падобнае пачуцьцё, хоць у Уітмена вельмі доўгія радкі і ён перадаваў сваё бачаньне Амерыкі, Барадулін жа кантралюе свой радок, у яго ён кароткі. Розьніца яшчэ і ў тым, што мы маем надзею ўбачыць яшчэ шмат вершаў Барадуліна, у той час як новых вершаў Уітмена ўжо ніколі не будзе.
А. С.: Якія вершы гэтага зборніка асабліва кранулі Вас?
Д. Т.: Творчасьць паэта прасякнутая глыбока рэлігійнымі пачуцьцямі. Але хачу адзначыць, што яна не зьяўляецца вузка канфесійнай. Мяне асабліва кранулі вершы, прысьвечаныя Папу Яну Паўлу ІІ, якія напісаныя як пры жыцьці пантыфіка, так і пасьля яго канчыны. Таксама ўражвае значная колькасьць вершаў, заснаваных на цытатах з Бібліі.
А. С.: Арыгінал і пераклад. Як, на Ваш погляд, стасуюцца гэтыя дзьве катэгорыі?
Д. Т.: Прафесар Іван Бурлыка працытаваў словы Сакрата Яновіча, што чытаньне верша ў перакладзе падобна да пацалунку праз шкло. Хоць гэты дасьціпны вобраз праблемаў перакладу паэзіі гаворыць пра многае, трэба, аднак, зазначыць, што часам жарсьць пацалунку можна адчуць па абодва бакі шкла. Верш “Дажджу зялёнаму хочацца ліцца...” ярка нагадаў мне некаторыя вершы Роберта Фроста, які жыў у сельскай мясцовасьці, дзе расло шмат бяроз. Калі я вандрую па Беларусі, мяне заўсёды ўражваюць бярозы, і гэты верш выклікае масу асацыяцыяў, як гэта заўсёды адбываецца ў выпадку з вялікай паэзіяй.
А. С.: Ці адчуваеце Вы, як рэдактар, чытач, што пераклад зроблены ня нось­бітамі ангельскай мовы?
Д. Т.: У рэдкіх выпадках так. Але вельмі шмат бліскучых перакладаў. Яшчэ можна адзначыць няроўнасьць перакладу нават у аднаго перакладчыка. І гэта натуральна.
А. С.: Ці змаглі б перакладчыкі, носьбіты мовы, перадаць тыя канкрэтныя беларускія рэаліі, якіх так многа ў вершах Рыгора Барадуліна?
Д. Т.: У лепшым выпадку, як выключэньне, так, але гэта ў лепшым выпадку. Амерыканскі паэт італьянскага паходжаньня Джон Ч’ярдзі пераклаў Дантэ на амерыканскую мову. І гэты пераклад атрымаўся вельмі супярэчлівым. Многія сьпецыялісты па літаратуры Сярэднявечча кажуць, што перакладчык вельмі амерыканізаваў тэкст Дантэ. І гэта вечныя праблемы з перакладам.
А. С.: Што больш важна пры перакладзе – перадаць рыфмы, рытмы, зьмест, формы? Я разумею, што ідэальна, калі ёсьць усё.
Д. Т.: Вельмі цяжкае пытаньне. Я маю вопыт з югаслаўскімі перакладамі. Адна з праблемаў, як паэтычныя ідыёмы суадносяцца ў розных мовах. Перакладчык заўсёды разьдзіраецца паміж тым, што перадаць. На мой погляд, лягчэй перадаць вобразнасьць. Што да іншых тэхнічных прыёмаў, то гэта складаней. У 2006 г. для англамоўнага чытача большае значэньне мае рытм, чым рыфма. У гістарычным плане рыфма была важнейшай.
А. С.: А перакладчыкам вершаў зборніка “Ксты” што ўдалося перадаць?
Д. Т.: Тут ёсьць і рытм, і рыфма, і вобразнасьць. У ангельскай паэзіі ХХVІІ стагоддзя быў вельмі папулярны акраверш. Гэта звычайна былі духоўныя вершы. І ў зборніку “Ксты” і аўтар, і перакладчык прадэманстравалі віртуознае валоданьне гэтай формай. Я маю на ўвазе верш “Жаўранак каханьня”, які таксама зьяўляецца высокадухоўным.

А. С.: Як Вы ацэньваеце выхад зборніка “Ксты”?
Джэймс Торсан: Я ўдзячны за магчымасьць зрабіць свой невялікі ўклад у гэты найвыдатнейшы праект. Мне вельмі спадабалася гэтая праца, хоць час быў вельмі абмежаваны. Я шмат даведаўся ня толькі пра паэзію Барадуліна, але і пра Беларусь. Я палюбіў гэтую краіну і яе народ у большай ступені дзякуючы чытаньню яго вершаў. Я бачу, адчуваю, што гэта Вялікія Вершы Вялікага Паэта. Мяне за­прасілі ў Пенсільванію прачытаць серыю лекцыяў пра Беларусь. Самай важнай часткай іх будзе творчасьць Рыгора Барадуліна.

Іван Бурлыка: Мяне ўражвае багацьце мовы паэзіі Рыгора Барадуліна, унікальнасьць ужываньня розных фігураў мовы. А самае галоўнае – духоўная глыбіня вершаў зборніка “Ксты”. Чытаў канчатковыя варыянты перакладаў і ўсё больш і больш разумеў, чаму ініцыятары праекту выбралі менавіта кнігу Рыгора Барадуліна для намінацыі на Нобелеўскую прэмію.

Юры Стулаў: Незалежна ад рашэньня Нобелеўскага камітэту, ужо сёньня можна сказаць, што беларуская літаратура заявіла пра сябе ў поўны голас у кантэксьце разьвіцьця сусьветнага літаратурнага працэсу. Яна паказала сьвету найбуйнейшага сучаснага паэта, і ўсім нам выпала шчасьце быць яго сучасьнікамі.