12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юлія Сальнікава

_____________________
Уваходзіны




1 Сальнікава Ю. «У цёплых сотах жыцця» // Маладосць. 1999. № 8.
2 Ярац В. Дняпроўскі бакен: Вершы. – Мн., 1992. – С.105.
3 Ярац В. Вершы // Полымя. 1998. №10. С.99.


Уваходзіны
Эстэтычны ідэал у творчасьці Віктара Яраца

Пісаць пра паэзію складана. І справа тут не ў метадалагіч­ных праблемах, бо марксісцкі ідэалагізаваны падыход ці структуралісцкая герменеўтыка даюць сваім прыхільнікам поле дзеля аналізу, дастаткова шырокае і гнуткае ў зьмястоўным ці фармальным плане. Але наўрад ці магчыма ў празаічных радках крытычнага артыкулу сказаць болей за адзін мастацкі вобраз, які можа быць выражаны ў вершы адным словам. Да таго ж дасьледчыка пастаянна перасьледуе комплекс віны (ці наадварот, велічы?), калі ён спрабуе са сваіх пазіцыяў, свайго досьведу і ўстановак інтэрпрэтаваць, а значыць, навязваць іншым (сьвядома ці несьвядома) сваё асабістае бачаньне тых ці іншых паэтычных зьяваў.
Пісаць пра паэтычную творчасьць знаёмых паэтаў, якіх ведаеш асабіста, яшчэ больш складана. Акрамя вышэй названых прычынаў, тут падключаецца механізм псіхалагічнага ўплыву на крытыка з боку асобы мастака, які бачна ці нябачна прысутнічае побач і робіць немагчымым нейтральнае прачытаньне тэкстаў толькі з пазіцыяў мастацка-эстэтычнага аналізу.
Гомельскага паэта-земляка Віктара Яраца я ведаю яшчэ са сваіх студэнцкіх часоў. Сярод астатніх выкладчыкаў ён вылучаўся сваёй імклівасьцю ў рухах, думках, настроях. Студэнты філалагічнага факультэту адразу вызначылі ў ім адметную натуру творчага чалавека і не памыліліся. Акрамя таго, што лекцыі Віктара Уладзіміравіча хутчэй нагадвалі лірычныя маналогі, а не акадэмічныя развагі, ён рэгулярна арганізоўваў для нас сустрэчы са сваімі калегамі па творчым цэху альбо адпускаў з заняткаў наведаць гарадскія мастацкія выставы ці тэатральныя пастаноўкі.
На апошнім курсе я пад уражаньнем паэтычных зборнікаў улюбёнага выкладчыка паспрабала адлюстраваць свае эмацыйныя назіраньні1. І зразумела: пісаць пра паэзію і паэтаў лёгка, калі творчы сьвет адкрыты і празрысты, калі суб’ектыўныя высновы дасьледчыка ніякім чынам ня здолеюць згасіць ні кроплі таго сьвятла, якое выпраменьвае мастакоўскі талент. Кнігі “Уваходзіны”(1976), “Добрыца”(1989), “Дняпроўскі бакен”(1992) засьведчылі такія адметныя рысы Яраца-паэта, як шчырасьць, глыбокая эмацыйнасьць, жыцьцярадаснасьць, выразная пачуцьцёвасьць, незгасальны аптымiзм.

Чую, як крыклівая малеча
у гнязьдзе свой дзень распачынае,
а ў галінах нешта вецер шэпча,
толькі вушы лісьце падстаўляе...

Дзякую, што ёсьць яшчэ – ня зьніклі –
ластаўкі, як некалі на сьвеце.
Зноўку сонца як будзільнік цікае,
зноўку промні казачныя сьвецяць2 .

Тады ж, напрыканцы 90-х гадоў, планаваўся выхад чарговага зборніку “Беражанкі”, які абяцаў стаць прыкметнай падзеяй у паэтычным летапісе Гомельшчыны і Беларусі.
Маё ўспрыняцьце свайго сёньняшняга калегі па працы ва універсітэце Віктара Яраца мала чым адрозьніваецца ад студэнцкага: тыя ж дынамічнасьць, узьнёсласьць, імпэтнасьць і... ўсё чакае свайго выданьня рукапіс “Беражанак”. Аднак зьмены адбыліся, і тычацца яны найперш творчага сталеньня паэта. За апошнія некалькі гадоў пабачылі сьвет нізкі вершаў В.Яраца ў перыёдыцы (“Маладосць”, “Полымя”, “ЛіМ”, “Крыніца”, “Дзеяслоў” і г.д.), у якіх паэт “з праменьнямі ў вачах” выявіў свой сёньняшні эстэтычны ідэал, сваё ўяўленьне пра прыгажосьць і імкненьне да дасканалага.
...І непадзельны сьвет зямны і сьвет нябёс3 – бадай гэты радок з верша “Яшчэ...” магчыма назваць лейтматывам сучаснай паэзіі В.Яраца. Выразная скіраванасьць да філасофскіх развагаў, памяркоўнасьць ацэнак, касьмічныя вобразы пры іх шчыльнай зьнітаванасьці з зямным жыцьцём дазваляюць творцы выйсьці на новы ўзровень асэнсавання рэчаіснасьці, праз індывідуальнае ўспрыняцьце ўзьняцца да агульначалавечых каштоўнасьцяў.
На верасы, на сны грыбніцы
ігліца сыплецца ў цішы.
Тут лечаць дол свой мурашы,
тут вечнасьць з водарам жывіцы.

Што хоча мне сказаць вавёрка,
цікаўна глянуўшы з сасны?
Ці не аб тым, што жыць – ня горка,
хоць горкі часта плод лясны?1

Верш заварожвае суіснаваньнем вобразаў з розных, на першы погляд, сфераў і адпаведна паэтычных жанраў: мурашы, вавёрка з пейзажнай замалёўкі -- і тут жа філасофская лірыка з развагамі пра вечнасьць і сэнс жыцьця. У іншага творцы падобнае зьмяшэньне падалося б неапраўданым, штучным, фантасмагарычным. Верш жа В.Яраца дыхае гарманічнасьцю, бо абсалютна ўсе вобразы ў вершы – жывыя! Жывыя грыбніцы ў сваім сьне, жывая вавёрка з цікаўным поглядам, і нават вечнасьць жывіцца водарам жывіцы. Такое язычніцкае на­дзяленьне душой усіх акаляючых зьяваў рэчаіснасьці было характэрна і для ранейшага В.Яраца, але толькі ў творчасьці апошніх гадоў адухаўленьне набыло татальную ўсеахопнасьць. Пульсуючае жыцьцё акаляючага асяродку пранікае ў мастацкую тканіну вершаў, якія таксама ажываюць, дыхаюць гармоніяй і суладнасьцю.

Зямля плыла ў пялёстках, ад якіх
хмялелі салаўі, аблокі, сьцежкі.
І нераст зор, і нераст рыб рачных
былі працягам вечнасьці бязьмежнай2 .

Больш за дзьве з паловай тысячы гадоў таму назад старажытны мысьляр Платон сказаў, што прыгожае – складанае. У вершах Яраца прыгожае (гарманічнае) па-майстэрску ўвасабляецца, лёгка выяўляецца і валадарыць на некалькіх узроўнях.
Найперш гэта гарманічнае існаваньне ўсіх элементаў унутры самой прыроды. Прырода ў В.Яраца – гэта адзіны здаровы арганізм, часткі якога арганічна ўзаемададаюць адна адну, тым самым утвараючы цэласны малюнак прыгажосьці.

Ад крыку начнога гусей
зрываюцца сьпелыя сьлівы.
Кладзецца, гусьцее гусьцей
халодны туман маўклівы3 .

Гэта чуйнасьць творцы, які настроены на адну хвалю з прыродай, адчувае найтанчэйшыя рухі!
Гармонія ў стасунках “чалавек-прырода” – гэта яшчэ адзін узровень, на які выходзіць творца ў выяўленьні свайго эстэтычнага ідэалу. Чалавек – часьцінка прыроды – стаіць у адным шэрагу з мурашом, дрэвамі, аблокамі; у вершах практычна немагчыма адрозьніць, дзе апісваюцца чалавечыя пачуцьці, а дзе прыродныя зьявы.

Сплыла весялосьць за лугі.
Барвянасьцю сьвецяць каліны.
Віры – як бяссоніц кругі.
Бары – зеляніны ўспаміны .

Нягледзячы на тое, што ў вершах В.Яраца практычна адсутнічаюць чалавечыя вобразы, паэт адухаўляе ўсе малюнкі.

...І недзе там, у дзедавай паветцы,
ад сну прачнецца ў трэшчынах вясло1 .

Надзвычайная зьнітаванасьць, узаемапранікальнасьць і паразуменьне паміж прыродай і чалавекам настолькі адчувальныя ў вершах, што зусім губляе сваю неабходнасьць маралізатарства адносна вызначэньня «месца чалавека ў прыродзе». Паэту няма патрэбы дэкламаваць прапісныя ісьціны, бо ён сам жыве па законах прыгажосьці, робіць відавочнымі перавагі такога існаваньня і выяўляе тым самым духоўнае апі­рышча чалавека ў сучасным сьвеце.
Разам з тым творца не стварае ідэальны сьвет беспамылковага функцыянаваньня жывой сістэмы, не ігнаруе тыя праблемы, якія ставіць чалавек перад прыродай, парушаючы яе здольнасьць самарэгулявацца.

...Тут не жадаюць гаварыць багата
пра вецер той
з паўднёвай стараны.
Патрэбна жыць. Вось і жывуць яны –
кляні ці не кляні прыблудны атам –
зямляне-землякі, спазнаўшы страты .

У адрозьненьне ад сваіх раньніх вершаў, В.Ярац не папракае чалавека за катастрофы, якімі чалавецтва здраджвае прыродзе. Паэт канстатуе безабароннасьць жывога перад наступам новых ідэяў, якімі чалавек імкнецца зрабіць больш камфортным уласнае існаваньне. Застаючыся верным ідэі цэласнасьці і гармоніі, творца ў адзін шэраг ставіць праблемы рознага кшталту: і экалагічныя, і сацыяльныя, і культурныя. Насамрэч усялякае парушэньне балансу (незалежна ці ўнутры грамадства, ці паміж чалавекам і прыродай) прыводзяць да адзінага выніку – усеагульнага спусташэньня, дысанансу, разладу. Забыцьцё роднай мовы, урбанізацыя вёскі дае ўнутраныя і зьнешнія канфлікты, якія, здавалася б, праяўляюцца толькі на сацыяльным узроўні, а насамрэч уплываюць на разьвіцьцё ўсёй жывой сістэмы.

Дзе ж падземных рэчак глыбіня,
подых неўміручасьці спрадвечнае –
той, што зоркам ночы, промням дня,
нібы хворым, позіркі вылечвае?

Над вядром стаю, маўчу над ім –
кім – людзьмі ці сьпёкай – абакрадзены
тут, дзе ранак лісьцем маладым
прычашчаў зямлю дзядоў і прадзедаў?

І тым ня менш, вершы прасякнуты любоўю да людзей. Некаторыя з іх (“Маці і дрэвы”, “Палескі дзед”, “Вёска”) -- гэта паэтычныя помнікі надзвычайнаму апты­мізму, жыцьцялюбству, трываласьці, якія грунтуюцца на захаваньні непарыўных сувязяў са сьветам.

Даўно за дзедам каркаюць
вароны,
крычыць груган: – Ты не
жылец, слабак!

А ён куляе чарку самагону
і моўчкі смаліць самакрутку
ўсмак1.

Праявай гармоніі ў вершах Яраца становіцца і суіснаваньне гораду і чалавека. У нашай літаратуры дастаткова выразна прасочваецца тэма супрацьстаяньня паміж выхадцамі з вёскі і горадам -- як варожым, бяздушным арганізмам. Нават у творчасьці “ўрбанізаваных” пісьменьнікаў горад рэдка выступае станоўчым вобразам, хутчэй служыць нейтральным фонам дзеля разгортваньня падзеяў. Лірыка В. Яраца сьведчыць, што горад адкрыўся нарэшце чалавеку, выявіў сваю душу, ажыў пад пільным вокам творчага ўзіраньня. Але бадай самым галоўным зьяўляецца тое, што горад перастаў канфліктаваць з прыродай, стаў спрыяць чалавеку ня толькі ў яго матэрыяльных, але і ў духоўных пошуках, уліўся ў адзіны рытм жыцьця.

Дысьпетчараў бяссонных пераклічкі
над цішынёй начнога гарадка
і зычны грукат гулкай электрычкі,
і пад мастом ледзь чутная рака –
усё ў адно зьлівалася гучаньне,
плыло над нематой дамоў і дрэў,
як музыка без смутку і адчаю...

Філасофская плынь выразна прасочваецца ў вершах В.Яраца, якія выяўляюць гармонію паміж зьявамі зямнога і касьмічнага парадку. І зноў жа суладдзе рознаўзроўневых зьяваў настолькі відавочнае, што ствараецца ўражаньне, што калісьці сусьвет дамовіўся ўнутры сябе, вызначыў спрадвечныя законы суіснаваньня, якія яшчэ да зьяўленьня чалавека ўпарадкавалі і гарманізавалі жыцьцё ўсяго існага.

Прадвесьня вецер – сінявы маленьне –
кранецца вецьця яблыкаў і хвой –
павольна абуджаецца карэньне,
пачуўшы неба ў глыбіні жывой3.

Пераасэнсоўваючы законы гармоніі ў прыродзе і сусьвеце, паэт не прапануе новых рэцэптаў чалавеку, а зноў зьвяртаецца да вобразнага паралелізму, суадносіць прыгажосьць жывога і чалавечыя стасункі.

Навошта ж даўнія дакоры,
туга – абложная смуга,
калі душа з душой гавораць,
як аганькі на берагах?

Выкарыстаньне сімвалаў роднага краю дазваляе паэту пазьбягаць надакучлівасьці ў сваіх філасофскіх высновах. Пра гэта сьведчаць паэмы В.Яраца, праз ліра-эпіку якіх дасягаецца аптымальнае раскрыцьцё творцы.
Паэма “На крохкай крызе” нагадвае нізку вершаў, аб’яднаных скразнымі вобразамі крыгі, сну і вады. Пры захаваньні цэласнасьці ўсяго твора праз асобныя вершы аўтару ўдаецца раскрыць розныя тэмы, сімвалічна адлюстраваць асабістую гісторыю, а праз яе – і пакручасты лёс свайго народу.

Між берагоў славяншчыны начных
мой сон на крызе плынь ракі гайдала.
І вечнасьць перажоўвала памалу,
зьядала моўчкі кожны міг і ўздых1.

Праз рэтрасьпекцыі і архетыповыя вобразы (дзеля гэтага выкарыстоўваюцца сімвалы сну і вады як праваднікі і носьбіты калектыўнай памяці) паэт вандруе ад эпохі прашчураў, якія “змывалі кроў з павязак тут ня раз – / стралы і кулі лютавала джала2, да сучаснасьці, дзе “...пустой бутэлькай нехта на гары/ махае па-вар’яцку з хрыплым матам3. Шматзначнасьць, якой валодаюць вобразы-сімвалы, дапамагае творцу выходзіць на розную ступень абагульненьняў. Так, у вершы “Галасы дзядоў” крыга служыць для абазначэньня часу: “Кругляла крыга – і сівелі скроні/ Кругляла крыга – і нідзе людзей”4; а ў вершы “Праз ноч нявер’я” крыга ўвасабляе лёс Радзімы:

Здалося ў сьне маім: то крыгай
дрогкай, крохкай,
якой праз ноч плыву, праз боль людскі,
Айчыны сьветлы зруб
яшчэ без даху, крокваў
нясе пад ветрам плынь.
У акіян які?5

Асэнсаваньню пройдзенага шляху прысьвечаная і паэма “Там, дзе сівізна нябёс”. Аўтарскае “я” знаходзіцца ў атачэньні знаёмых вобразаў з краю “прадзедаўскіх крыніц”. Форма паэмы дазволіла паэту зьвесьці ў адну мастацкую тка­ніну храналагічна вывераныя падзеі са свайго жыцьця, а таксама даць абразкі-імпрэсіі, вымаляваныя цягам часу ўласным досьведам і назіраньнямі.

Гудзеў гудок, нібы вітаў на золку
працяг турбот між радасьцей і бед,
і хлапчука, што ў ранішнім
пасёлку
кастрычніцкай парой
прыйшоў на сьвет6.

Маючы ў душы трываласьць, выхаваную прыгажосьцю родных мясьцінаў, пошукам і знаходжаньнем эстэтычнага ідэалу ў чалавеку, прыродзе, сусьвеце, паэт сам выступае носьбітам спрадвечнага сэнсу быцьця, чаго так бракуе сучаснаму дысгарманічнаму чалавеку.

Прыхінуся да ціхіх аблокаў
разам з вязам і стромкай сасной –
і пачую:
далёка-далёка
сьпее гром – вышыні неспакой1.

У гэтых радках канцэнтравана выражаны спосаб мысьленьня творцы, асабліпачуцьцёвага ўспрыняцьця і вера ў будучыню, якая ствараецца агульнымі намаганьнямі ўсяго існага. Адсюль зразумелы і незвычайны для сёньняшняга часу аптымізм паэта.

...І хмурнець ня хочацца, калі
і арэшнік сьветлымі лісткамі
лёгка, як арэшак на гальлі,
тут з душы цяжкі скідае камень.

Навісь шэрых дзён, туга бяссоньня
растаюць, нібыта ледзяшы.
Хмарка, што ляжала на душы,
воблакам становіцца ад промняў.

Бадзёраму настрою спрыяе і каляровая гама вершаў, насычаных чырвоным колерам лісьця, вогнішчаў і калінаў; сіньню васількоў і нябёсаў; смарагдам руні; срэбрам бяросты; золатам смалы і сонца. Адпаведна ўлюбёнай парой года для паэта выступае шматкаляровае лета, расплаўленае на “чырвані-медзі шырокіх дубовых лістоў4. А пасярод гэтага крочыць-плыве сам творца, гатовы шчодра дзяліцца сваімі запалам, душэўнай маладосьцю і любоўю. Нездарма дамінуючымі ў творчасьці В.Яраца зьяўляюцца вобразы, якія сімвалізуюць лёгкасьць, імкненьне да вышыні, палёт, унутраную разьняволенасьць і спакой (гэта аблокі, нябёсы, гнёзды ў кронах, птушкі, дрэвы).

Зноў маладых садоў мяцеліца,
здаецца, з ног саб’е сьвятлом.
Ізноў у добрае паверыцца
пад кожным дрэвам і акном.

Існуе такое меркаваньне, што ў сацыякультурным плане эстэтычнае і прыгожае канфліктуюць паміж сабой. Так, у часы, калі пануе прыгажосьць, няма неабходнасьці эстэтызаваць тыя ці іншыя зьявы. Пра гэта, у прыватнасьці, разважаў расейскі Мікалай Бярдзяеў, апісваючы эпоху эстэтычнага песімізму: “Няма прагрэсіўнага ўзрастаньня прыгажосьці ў гісторыі культуры, але ёсьць абвастрэньне эстэтычнай сьвядомасьці і эстэтычнай пачуцьцёвасьці... Эстэтызм уласьцівы ня столькі эпохам творчай прыгажосьці, колькі эпохам непрыгожым”6. Ідучы за думкай мысьляра, трэба прызнаць, што з кожным годам прыгажосьці ў нашым жыцьці будзе ўсё менш, а спроб замяніць яе тэарэтычнымі развагамі пра прыгожае – усё больш. Творчасьць Віктара Яраца ў гэтым сэнсе зьяўляецца шчасьлівым выключэньнем і дае спадзеў на сталую прысутнасьць гармоніі і нястомныя пошукі эстэтычнага ідэа­лу ў айчыннай літаратуры.