_____________________ Агонь і вада.
Вершы |
Жонцы сваёй прысьвячаю...
Камнем кіньце ў мяне...
Галінку квітнеючай сьлівы
зламаў.
(з японскай паэзіі)
А каму яшчэ –
мог у далонях несьці
кветку, як птушку?
І неба сваё
табе аддаю. Бяры
назаўсёды.
Бачыш, нават ён –
ружовы гладыёлус,
табе зайздросьціць.
Ты – водар віна.
Я – водар кавы. Разам –
смак пацалунку.
Вяргіні прынёс...
З думкай, што вартых цябе –
кветак ня бачыў.
Пад парасонам
схавацца ад усіх... І
цалаваць цябе.
І ў сорак шэсьць
з радасьцю згадваю ноч –
першую з тысяч.
Замружым вочы...
Кінемся у абдымкі...
Пра ўсё забудзем...
Як птушка з небам
зьвязаны нашы душы
нябачнай ніткай.
Піў цябе ўсю ноч,
а раніцай ізноў –
ненатоленасьць.
Дзе нашы душы
вандруюць ноччу, скажы?
Рука ў руцэ.
Чуйныя пальцы
твае – шукаю, лаўлю...
моўчкі цалую.
Пра што б ні думаў
да цябе вяртаюся –
зачараваны.
Заместа кветкі
ліст вільготна-залаты
прынёс дамоў.
Сіняе мора...
Жоўты пясок...Твой сьмех...
О, мары, мары!
Перад сьвітаньнем
ты ўсьміхнулася ў сьне –
амаль шчасьліва.
Голас твой, водар...
Засталіся ў пакоі...
Дакранаюся.
Гляджу на цябе
не нагляджуся: ні ў дзень,
ні ноччу ў снах.
Агонь і вада,
слова, літара, неба...
Ты – кніга мая!
Кароткая ноч...
Твая рука мае сны
аберагае.
За цыгарэту
доўгую споведзь маю
выслухаў бомж.
Веру – ёсьць словы
каханьня мацнейшыя...
Табе прашапчу.
Каму, як ня ім –
гарадскім птахам, ведаць
смак адзіноты.
Горка, мне горка...
Ты сьпяваць перастала,
пад ногі глядзіш.
Як тое пёрка
дзіўнай птушкі – нясу
цябе ў далонях.
Ведай, ты мая –
сьляза апошняя, сон...
Зьнікну ў табе.травень-кастрычнік 2004
|