12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Усевалад Сьцебурака

_____________________
На грані фолу.
Вершы

* * *

Я ня мару – ня той узрост,
не баюся – ня тая цемра.
Падымаюся ў поўны рост –
не пабачыць пакоры хеўра.

Хай паўсюль цікуюць віжы —
не маўчу і трымаю слова,
бо за мною мае крыжы
і мая ўкрыжаваная мова.

Не за славай стаю ў чарзе,
не прысьпешваю рух падзеяў,
толькі праўда й тады жыве,
калі болей няма надзеяў.

Толькі б тут на зямлі датрываць,
а пасьля адпрашуся ў Бога –
буду й мёртвы ў шыхце стаяць
не слабей за сябе жывога.

* * *

С.С.
Адкуль такія доўгія шляхі
вядуць да тых, каго б сустрэць спачатку?..
Як зараз цяжка ставіць крыж-пячатку...
Адкуль такія доўгія шляхі?
І як разрахавацца за грахі,
калі лёс кінуў выкліку пальчатку?
Адкуль такія доўгія шляхі
вядуць да тых, каго б сустрэць спачатку?..

* * *

Я страціў шчасьце звацца тваім,
гонар наш будаваць сусьвет,
адну радасьць несьці дваім,
ды ня права – глядзець табе ўсьлед!

Ды ня права – цябе чакаць
без надзеі сустрэцца зноў,
твае вочы ў натоўпе шукаць
покуль ў жылах пульсуе кроў.

* * *

Я не падобны да цябе,
але мы побач.
Нас не зьядналі
ні абставіны, ні пробашч.
І так было,
і зараз ёсьць,
і далей будзе.
Ты – трошкі я.
Я – крышку ты.
Мы разам – людзі.
Табе ня сумна без мяне,
і мне нядрэнна.
Наўкол усё – суцэльны цырк,
зямля – арэна.
Мне добра там,
дзе я з табой,
там, дзе мы разам,
хоць па жыцьці плывеш ты кролем,
а я – брасам.
Ды ўсё міне,
як і раней
вякі мінулі.
Абы адчуць тваю далонь –
і пофіг кулі.

* * *

спаніэлю Эміліі
Я ня ведаю колькі планет
і ня розьню гатункаў табакі –
проста я паглядаю на сьвет
вачыма майго сабакі.

Мне ня вельмі цікавы балет,
не палохаюць вашыя жахі –
мне бліжэйшы жывёльны сьвет
і сяброўства майго сабакі.

У нас ёсць з ім агульны сакрэт,
толькі нам зразумелыя знакі –
я глыбей адчуваю сьвет
мокрым носам майго сабакі.

У шэсьць лапаў ідзем сьлед у сьлед
і шчасьлівыя, і небаракі –
у чорна-белы – мой собскі сьвет,
у каляровы – майго сабакі.

* * *

Ня горшы час, ня горшы лёс,
і ёсьць свабода ў межах гета.
Кладзецца на рабро манета,
і сьлёз тваіх шкада да сьлёз.

Тут разумееш уcур’ёз,
як цяжка жыць без пісталета,
дзе ўсё, што не табу, дык вета,
ці коратка, ці на вырост.

А Той, хто некалі ўваскрос,
больш не адказвае за гэта.
Імкліва высыхае Лета –
мінулага даўжэе плёс.

А мы шыхтом ідзем наўпрост,
і так прайшлі амаль паўсьвета.
І не наблізілася мэта,
і ззаду шлях быльлём зарос…

* * *

Калі большая сьвету палова
за плячыма ў кагосьці іншага,
калі, што не стварай нанова,
у старым усё ж большая ісьціна,
калі робіш любыя памылкі
на ўзроўні прафесіянала,
і ня гледзячы на спасылкі,
сэнс ня розьніцца ні на мала,
калі пошукі – самамэта,
калі шлях замыкае кола,
я сваё 26-ае лета
дажываю на грані фола.

Лічылка да сямі

«Пішы прапала» –
З такімі песьнямі
Адзін з нас двух
Дажыве да пенсіі.
Бо кожны трэці —
Хранічны п’яніца, –
Бог толькі ведае, ці ўбачыць раніцу.
Чацьвёрты кожны загінуў недзе,
А кожны пяты вучыўся ў Педзе.
А кожны шосты здае суседзяў.
А кожны сёмы пасе мядзьведзяў…

Дарэмна думаць, што шлях твой собскі,
Ты – кожны з іх у адной асобе!

* * *

Навучылі кахаць –
не сказалі чамусь, як балюча.
Загадалі ісьці –
не сказалі, як блытаць сьляды.
Нарадзілі чакаць –
з доўгай памяцьцю неўміручай.
Наказалі жыць шчасна,
забыўшы схаваць ад бяды.

На маіх раздарожжах
нагамі ня зьмерана далеч.
Пыл аселіц зьядае
няўпэўненых крокаў сьляды.
І на сэрцы лязом
кожны дзень занатоўвае памяць.
Я лічу…
Мяне лічаць
за сьведку падзеяў гады.