12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Серабракоў

_____________________
Восень перформансу

альбо Пра крызіс жанру на прыкладзе аднаго фестывалю

Мiжнародны фестываль, на якi прыехалi артысты з розных краiнаў сьвету абавязкова павiнен стаць цэнтрам увагi хаця б на некаторы час ня толькi цiкаўнай публiкі, але i сродкаў масавай iнфармацыi. Фестываль перформансаў NAVINKI, што адбыўся летась у Менску, ушанавала увагай беларускае тэлебачаньне, мясцовыя газеты i салiдныя часопiсы. Праўда, гледачоў было ненашмат больш, чым самiх выступоўцаў... Так, на сёньня мастацтва перформансу перайшло з разраду сенсацыяў у факт звычайны – радок на тэатральнай афішы, абвестку на вулічным слупе. Народжаны ў бурлівыя 50-я і 60-я гады, перформанс праходзіў эвалюцыю разам з усім еўрапейскім мастацкім авангардам. Цяпер гэты жанр мастацтва цалкам заканамерна акадэмізаваўся, існуюць тэарэтыкі, перформансам займаюцца мас­тацтвазнаўцы, студэнты абараняюць дыпломы, навукоўцы пішуць дысертацыі.
Менскі фестываль перформансу NAVINKI на сёньня застаўся апошняй буйнамаштабнай падзеяй у галіне актуальнага мастацтва ва ўсёй Усходняй Еўропе, свайго роду рэлік­тавым прытулкам для былых рэвалюцыянераў духу. Ёсьць яшчэ і сусьветная сетка фестываляў перформансу IAPAO/Internatio­nal Associa­tion of Performance Art Organizers, куды быў уключаны і фестываль NAVINKI. Гэтым разам нават звычайна традыцыйна накіраваная дзяржаўная прэса і тэлебачаньне Беларусі зьвярнула ўвагу на фестываль. Журналіст “Вечернего Минска” пачаў свой артыкул з падрабязнага тлумачэньня чытачам таго, што ён сам толькі што адкрыў, тэлерэпартаж на БТ таксама быў ня дужа пазбаўлены пачуцьця сенсацыйнасьці кшталту “па вуліцах слана вадзілі...” Крыху сьвятла паспрабаваў праліць на старонках “АRCHE” Ільля Сьвірын, сам перформер і асьпірант Інстытуту літаратуры, і ягоны допіс можна палічыць першым беларускім лемантаром сучаснага мастацтва. Не сакрэт, што сьпецыялісты па “сучасным мастацтве” часта займаюцца стварэньнем акадэмічных рэпутацыяў невядомым артыстам – так, на ўсялякі выпадак. У гісторыі мастацтва ХХ стагодзьдзя шмат пры­кладаў, калі невядомыя пры жыцьці мас­такі раптоўна рабіліся знакамітымі і вель­мі прэстыжнымі. Ствараць, аднак, сэнсавы шэраг кшталту 1) Ёко Оно займалася перформансамі 2) беларускі мастак N* займаецца перформансамі і г. д. нагадвае показку пра бландынку і пісьменьні­ка: “Вы працуеце над кнігай? Якое су­падзеньне, а я якраз у гэтыя дні так­са­ма чытаю кнігу!” Паколькi Iльля Сьвi­рын узяў на сябе менавіта гэтую – асьвет­нiцкую – задачу, дазволiм сабе апусьцiць неабходнае ўводнае iнфар­маваньне чытачоў, якiя з тых цi iн­шых прычынаў не пасьпелi яшчэ азнаёмiцца з дэфiнiцыяй «перформансу» i роляй артыста-перфарматара ў сучасным мастацтве.
Час, якi прайшоў з моманту першага фестывалю перформансаў «Навiнкi», а тым больш з перыяду, калi перформанс стаў зьявай на­столькi звычайнай для сусьветнай поп-культуры, што на яго перасталi зьвяртаць увагу нават журна­лiсты, а на унiверсiтэцкiх кафедрах пачалi абараняцца дысертацыi па тэме перформансаў i хэпэнiнгаў, дазваляе абмежавацца выключна канстатацыяй фактаў i падсумаваньнем вынiкаў назiрань­няў на адным асобна ўзятым фестывалі.ма, вартасным быў бы сьвежы погляд, успрыманьне не абцяжаранае акадэмічным астыгматызмам, які дазваляе бачыць новыя строі голага караля і чорнага ката ў чорным пакоі, што не зьяўляецца на сёньня чымсьці заганным – постмадэрнізм урачыста абвясьціў зьнікненьне розьніцы паміж азначаючым і азначаным, такім чынам усёдазволенасьць “anything go!” набывае злавесны выгляд імператыву.
Фестываль перформансаў NAVINKI летась прымаў гасьцей з розных краінаў, таму цікава было паглядзець і параўнаць тое, што разумеюць пад перформансам беларускія мастакі і госьці. Нягледзячы на глабалізацыю ў мастацтве, на тое, што авангарднае мастацтва па сутнасьці пазбаўленае нацыянальных і увогуле адметных рысаў, зьвернутае да шырокай пуб­лікі, размаўляе на мове натоўпу і г. д., можна было амаль адразу пазнаць “хто ёсьць хто” і адкуль. Артысты, якія выступалі ў Му­зеі сучаснага мастацтва, былі рознага ўзрозню і не былі зьвязаныя ані­якімі тэматычнымі задачамі. Проста выступалі. Па­чатак фестывалю пазначаны непрыемным для арганізатараў недарэчным інцыдэнтам: выгнаньнем з кола выбраных мастака і перформера Зьміцера Вішнёва, якога Віктар Пятроў, не пажадаў бачыць сярод запрошаных выступоўцаў. Год таму Вішнёў апынуўся ў такой самай сітуацыі і ў помсту Пятрову заехаў у залу музею, седзячы ў труне, якая сімвалізавала, на ягоную думку, сьмерць мастацтва і пятроўскіх перформансаў у прыватнасьці. На гэты раз труны пад рукой не аказалася і Вішнёў здабыў недзе “Малую Зямлю” калісьці папулярнага баталіста Л.І Брэжнева на ідыш, каб падарыць Пятрову, але атрымаў па шыі за пяць хвілінаў да пачатку прэс-канферэнцыі, што, нажаль не было задакументавана журналістамі, бо нашая тэлевізія крыху спазьнілася. Вішнёў прыйшоў яшчэ і пасьля пачатку канферэнцыі, але стаць цэнтрам увагі ўсё ж не атрымалася, бо асабліва ахвочых да сенсацыяў акрабатаў пяра не знайшлося, ды й скандал атрымаўся дробны.
Тэлевізія паказала перформанс Віктара Пятрова: сярэдняга росту паўнаваты мужчына гадоў сарака працяў чорны швэдар вязальнымі дротамі, патаньчыў пад “Рамштайн”, наліў мінеральную ваду на паркет, пахадзіў па ёй у шкарпэтках, пасьля зьняў швэдар і з голым жыватом паля­жаў на падлозе пад музыку Баха, павярнуў пражэктар сьвятлом да сто­лі і сыпаў нейкую муку. Мука зіхаце­ла ў промнях вялікага ліхтара. На гэ­тым усё.
Пашчасьціла і госьцю з Квебеку – Рышару Мартэлю, ягоны перформанс “God is American” таксама прамільгнуў у вечаровых навінах. Пісь­меньнік і арганізатар мастацкіх акцыяў, тэарэтык і практык перформансу, удзельнік фестываляў перформансаў больш чым у 30 краінах, з апісаньнямі і фотаздымкамі некаторых са 160 перформансаў можна было азнаёміцца на невялічкай экспазіцыі, дэманстраваў свае глыбокія пачуцьці да паўднёвага суседа Канады – ЗША. Для жыхара Квебеку глабалізацыя – праблема істотная ён лічыць, што “Канада” гэта штучнае утварэньне, амерыканцы – усе, хто спажывае забаўляльную прадукцыю RMF-FM i MTV. Пад гукі нечага дужа падобнага на The Residents актор выканаў рухі рукамі, апранутымі ў каляровыя пальчаткі, у кожнай руцэ па каляровай пластыкавай рыдлёвачцы, пазначыў чатыры вуглы залы каляровай клейкай стужкай, за кожную “мяжу” паставіў па шклянцы з мінеральнай вадой, намаляваў на твары губной памадай тоўстыя прагныя губы і лёг на падлозе, сімвалізуючы смагу; падняўся, кідаў тэнісны мячык у шклянкі, калі ўдалося патрапіць, заслужыў апладысменты публікі. Песьня “God is American – Nein! Der Gott ist deutch!” служыла сваеасаблівым ключом да звышзадачы аўтара: штучнасьць, цацачнасьць і адначасова агрэсіўная татальнасьць сучаснай масавай культуры імперыялістычнага глабалізму. “Вячорка”, аднак абазвала дзею “перформансам з раскінутымі рукамі”, а па БТ назвалі перформанс “антыфашыс­тоўскім”.
На стэндзе, які прадстаўлаў дзейнасьць квебекскага перфомера ў якась­ці эпіграфу былі прыведзеныя словы Джардана Бруна: “Дурныя лю­дзі вераць у розныя забабоны і рытуалы...”, пасьля выступленьня Рышара Мартэля склалася ўражаньне, што ягоная пазіцыя мастака заключаецца не ў дэмістыфікацыі сьвету забабонаў, але ў магічным разбурэньні чужой злой магіі, поп-індустрыяль­най імперыі, з дапамогай сваёй магіі блазенскага мастацтва. Ня важна, што нямногія разумеюць, у чым справа, між тым перформансы ўвогуле можна падзяліць і на тыя, што маюць прыхаваную рытуальную аснову і тыя, што ня маюць, загадзя рытуальныя і антырытуальныя. Таксама перформансы можна падзяліць на дзеяньні з музыкай і бяз музыкі.
Японская мастачка Сакiко Ямаока паўстала перад публiкай на подыуме з завязаннымi вачыма i без усялякай музыкi. У поўнай цiшынi, не прамовiў­шы анi гуку, японка прадэманстравала скрайнюю ступень засяроджанасьцi i энергетычнай канцэнтрацыi. Мова цела не патрабавала перакладу, але i не засталася ўражаньня адназначнага прачытаньня. Артыстка проста рухалася, а з невялiчкiх кiшэняў i складак сукенкi сыпалiся пацеркi, квасолiны, шарыкi, невялiчкiя цацкi i цукеркi… Захопленая публiка прыхапiла сабе на памяць фрагменты рэквiзiту… Сукенка ўрэшце ўпала, артыстка спраўдзіла спадзяваньні тых гледачоў, якія ўспрымалі канвульсіі японкі на подыуме, як крыху зацягнутую прэлюдыю да распрананьня, што таксама, зрэшты не пазбаўлена пэўнай сакральна-рытуальнай сутнасьці. Мастачка між тым выканала цалкам сама­стойны мастацкі акт, дзеяньне, якое кожны вольны інтэрпрэтаваць, як заўгодна, ад метафары мастацтва, да будыйскага вучэньня пра ачышчэньне ад зла. Ну, і, безумоўна «не кідайце перлінаў перад сьвіньнямі»
Перформанс Iнары Вiрмакоскi з Фінляндыі таксама прайшоў у поўнай цішы. Магія штодзённага, звычайныя рэчы, малако і… кроў. Мастачка надрэзала палец і капнула крыві ў малако. Пасьля перформансу засталіся прадметы, пазбаўленыя свайго сэнсу, звычайныя рэчы.
Мексіканка Ларэна Мендэз у перформансе «Мамба» станчыла сапраўдную мамбу з вачыма, закрытымі папяровай маскай. Музыкальнай частцы папярэднічала «афіцыйная», дзе на некалькіх мовах, у тым ліку і беларускай(!) распавядалася гісторыя Ігара Стравінскага, які прыехаў і Мексіку, каб паслухаць вядомага мясцовага музыканта. «Мне таксама падабаецца вашая музыка», – адказаў мексіканец. Па словах самой артысткі перформанс меў мэтай пратэст супраць фармалізму ў мексіканскай акадэміі мастацтва. Такім чынам, перформанс можа быць як за нешта так і супраць нечага.
Польскія паны-артысты Петэр Гайда i Гардыян Пец ужо ня першы раз прыязжаюць падзівіць і пацешыць публіку сваімі прадстаўленьнямі. Здаецца, колькі гадоў таму Яны езьдзілі на крэслах па паркеце, пасьля, адвярнуўшыся да сьцяны пачалі слухаць мясцовыя мікрахвалі. Гэтым разам у музеі сучаснага мастацтва, зноў з завязаннымі вачыма перформеры сядзелі насупраць адзін аднаго, пасьля счапіліся рукамі і ў мёртвым зачапленьні ўсталі з-за стала і пайшлі ў залу. Калі і можна тут угледзець нейкі вышэйшы сэнс і пратэст, то хіба толькі супраць нашай звычкі шукаць сэнс і мараль ува ўсім, супраць зьнявечанага адукацыяй мозгу, «фабрыкі сэнсу»… Усё проста. Усе ведаюць, як пісаць дадаісцкія вершы, але ня ўсе гэта робяць. Праўда, кажуць, што перформанс мае ў сабе як істотны і неабходны элемент – зьдзек над публікай, але гэта ўжо занадта.
Перформанс Аляксандра Сарны меў выразны палітычны падтэкст і нават тэкст і кантэкст. Спачатку быў тэкст, надпіс на аркушы паперкі: «В начале было слово», пасьля – палітыя мінералкай газеты «Belarus today» «СБ», «Наша Ніва» і яшчэ нешта, здаецца «Белорусская газета» былі скамечаныя і падфутболеныя. Усё пад пінкфлойдаўскія we don`t need no education. Тлумачэньне, якое прагучала для журналістаў «так робіць улада з беларускай прэсай» не пакінула ў дзеяньнях перформера ані ка­ліўца мастацкасьці. Палітычная акцыя? А што, дазвольце спытаць, звычайныя людзі робяць з учарашнімі газетамі? За апошнія дзесяцігодзьдзі ў сьвеце адбыўся крызіс сродкаў масавай інфармацыі, і як жанру, і як асновы дэмакратычнага жыцьця. Здаецца, было б больш дарэчы выкарыстаць у якасьці фанаграмы ро­лінгаўскі трэк who wants yesterday’s papers?
Такім чынам, само мастацтва перформансу, нягледзячы на сваю неактуальнасьць, працягвае разьвівацца ў Беларусі нейкімі непрадказальнымі тэмпамі. Магчыма, справа ў тым, што перформанс не патрабуе асаблівага рэквізіту і асаблівых высілкаў з боку выканаўцаў. А магчыма – справа і ў чымсьці іншым...