12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Усевалад Сьцебурака

_____________________
Перасьцярога ад забыцьця.
Кнігапіс


Антанін Баяя. Зваўчэньне.
Раманэта пра ваўкоў, людзей і знакі.
Пераклад з чэшскай М. Мартысевіч,
Мн., Логвінаў І., - 2006. – 230 с.



Гэты твор чэшскага пісьменьніка Антаніна Баяі быў уганараваны прэстыжнай літаратурнай прэміяй Mag­nesia Litera як найлепшая празаічная кніга Чэхіі 2003 году. Баяя ўпершыню перакладаецца на беларускую мову, хаця вядомасьць і прызнаньне да аўтара прыйшлі пасьля раманаў “Мовіць срэбра” (1982) і “Дуэлі” (1988). Гэта новая чэшская літаратура, хаця Баяя не належыць да маладых пісьменьнікаў, бо нарадзіўся ў 1942 годзе, а скончыўшы сельскагаспадарчы інстытут у Брне доўга працаваў па сьпецыяльнасьці і толькі ў 1990 годзе пачаў стала займацца журналістыкай. Пэўны час працаваў рэдактарам “Радыё Свабода”.
У цэнтры “Зваўчэньня” дзьве сям’і – ваўкоў і людзей. Але ваўкіБаяі – гэта ня звыклыя ваўкі Джэка Лондана, яны такія, як і мы, яны існуюць ня ў іншай прасторы, а цесна зьнітаваныя з намі. Адпаведна ўся кніга падзеленая на разьдзелы: “Людзі” і “Ваўкі”, і з кожным такім разьдзелам усё больш губляеш адчуваньне звыклай рэчаіснасьці, дзе людзі і жывёлы існуюць у адрозных сусьветах. Іх лёсы падобныя і перакрыжоўваюцца ў самых нечаканых кропках. Не разумееш, ці то ў ваўках Баяі столькі чалавечага, ці ў людзях столькі драпежнага, жывёльнага?.. У “Зваўчэньні” ёсьць нешта займальнае, прывабнае, містычнае… Апошняе ёсьць дакладна, бо ў гэтай кнізе і людзі, і ваўкі аднолькава загадкавыя, пароўну надзеленыя розумам, здольнасьцю кахаць і ненавідзець. Адносіны і двухногіх і чатырохногіх істотаў паказаныя тонка і часам нават правакацыйна-празрыста – узьнікае ўражаньне, што аўтар і сам трошкі воўк...
І ўсё ж гэта ні фантастыка, ні фэнтэзі і ні нататкі натураліста гэта выдатны твор пра жыцьцё і псіхалогію разумных істотаў, якія аднолькава здольныя як на самыя шчырыя і высокія пачуцьці, так і на здрады і помсту.
Нельга пакінуць без увагі адну акалічнасьць “Зваўчэньне” – гэта ўсё ж пераклад. Вядома, перакладчык, асабліва перакладчык прозы – раб аўтара, які павінен як мага больш дакладна перадаць усе, нават самыя невідочныя, адценьні аўтарскага слова. Гэта надзвычай складана. У такой працы цяжка ўнікнуць недакладнасьцяў і памылак. На жаль, дробныя моўныя хібы і несупадзеньні сустрэнуцца і ў гэтым перакладзе, кшталту таго, як на старонцы 75 кот Стрый нейкім чынам здолеў пацёрціся сваім ілбом аб уласнае вуха...
Тым, хто возьме кнігу і разгорне, наўрад ці захочацца пакінуць яе непрачытанай, а па прачытаньні рукі самі паставяць твор на паліцу хатняе кніжніцы, магчыма, побач з Кундэрам.


Кшыштаф Касажэцкі.
Кампанія 1660 году ў Літве.
Пераклад з польскай мовы,
Arche 6 / 2006



Кшыштаф Касажэцкі – польскі дасьледчык вайсковае гісторыі Новага часу, у тым ліку і гісторыі ВКЛ XVII-XVIII cтст. У 2005 годзе выйшла яго кніга “Kampania roku 1660 na Litwe”, прысьвечаная падзеям вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654- 1667 гг. — вядомага і ўслаўленага Генрыкам Сянкевічам “Патопу”. Вайны, якая стала працягам барацьбы Рэчы Паспалітай з казацка-сялянскімі аддзеламі гетмана Багдана Хмяльніцкага ў 1648-51 гадах.
Падзеі 1654-1667 гг. сталі найбуйнейшым вайсковым канфліктам стагоддзя, у якім расейскае самадзяржаўе разам з украінскай казацкай старшынай спрабавала ў чарговы раз дасягнуць сваіх захопніцкіх мэтаў пераважна за кошт беларускіх земляў ВКЛ.
Адметнасьць кампаніі 1660-га году ў гэтай вайне палягае ў тым, што пасьля заключэньня Рэччу Паспалітай Аліўскага міру са Швецыяй вясной 1660 г. ад­дзелы РП вызваліліся і былі кінутыя супраць рускіх войск. З лета 1660 г. вайна ўступіла ў сваю апошнюю стадыю і стала набываць характар усенароднай і вызваленчай. часу, гэтак і канкрэтныя баявыя дзеяньні на тэрыторыі, ахопленай вайной. Аўтар асобна спыняецца на пэўных фактах з гісторыі гэтага вайсковага канфлікту (паўстаньне Івана Нячая, абароне Старога Быхава і інш.), якія сп. Касажэцкі чамусьці называе малавядомымі. Хаця гэтыя падзеі ў агульных рысах вядомыя нават сумленным школь­нікам (1990-х гг. дык дакладна). Дарэчы, пра саму «кампанію» Генадзь Сагановіч выдаў у 1995 г. сваё дасьледваньне “Невядомая вайна”.
Наколькі тэзы польскага дасьледчыка вартыя ўвагі, зацікаўленыя асобы змогуць праверыць толькі асіліўшы каля 320 старонак саліднае гістарычнае кнігі, якая займае большую частку шостага нумару “Arche”. Безумоўна, пераважная бальшыня інфармацыі будзе новай асабліва праз сваю падрабязнасьць і грунтоўнасьць. Пры гэтым пад час азнаямленьня з “Кампаніяй 1660 г.” не аднаразова ўзьнікае адчуваньне, што па-ранейшаму для поль­скай гістарычнае навукі ніякай Беларусі не існуе. Кшыштаф Касажэцкі нават у прадмове да беларускага выданьня гаворыць пра існаваньне нейкай “вялікай літоўскай экспансіі”, і пра літоўскіх ваяроў, якія “яшчэ ў ХІІІ ст. занялі беларускія землі, разьмешчаныя на Дзьвіне і на захад ад Бярэзіны”. На старонках дасьледваньня “ліцьвіны” блытаюцца з “літоўцамі”, адзіная Польшча застаецца на сваім непарушным месцы. Але “Кампанію 1660 году на Літве” варта чытаць, бо ў сучаснае афіцыйнае беларускае гістарычнае навуцы месца дасьледваньням нашых канфліктаў з Расіяй наогул няма. Добра, што польскім суседзям на гэта ня трэба дазволу зьверху.


Міхась Казлоўскі.
Галасы разбуджаных птушак.
Мн., Логвінаў І., – 2006. – 334 с.



Кніга, без перабольшваньня, можа быць названая галоўнай працай мала­дзечненскага літаратуразнаўцы, біблія­філа і нястомнага зьбіральніка гісторыі Віленскага краю Міхася Казлоўскага. Доўгі час яго асобныя артыкулы друкаваліся ў беларускай перыёдыцы, у тым ліку ў часопісе “Куфэрак Віленшчыны”, рэдактарам і выдаўцом якога ўжо 6 гадоў бязьзьменна ён сам і зьяўляецца. “Галасы разбуджаных птушак” – гэта плён шматгадовых пошукаў і назапашваньня найцікавейшых фактаў з культурнага і грамадскага жыцьця колішняй Віленшчыны і яе славутых, хаця найчасьцей забытых сыноў і дачок. Складзеная з асобных артыкулаў, кніга, між тым дае магчымасьць уявіць выразную агульную карціну і дазваляе пазнаёміцца з тым лепшым, што мы мелі, але ня здолелі належна ацаніць і заўважыць у час. Несумненная вартасьць кнігі ў тым, што напісаная яна ня толькі на падставе зьбіраньня ўжо вядомай інфармацыі, але найбольш праз выкарыстаньне архіўных матэрыялаў і асабістыя кантакты аўтара з удзельнікамі і сьведкамі падзеяў, што сталі аб’ектамі вывучэньня.
Першыя артыкулы ў кнізе прысьвечаныя навучальным установам краю, установам кшталту Вялейскай настаў­ніцкай семінарыі і Маладзечненскай ганд­лёвай школы, што працавалі пад час ІІ Сусьветнай вайны, Радашковіцкай беларускай гімназіі, у якіх выкладалі і са сьценаў якіх выйшлі дзясяткі сапраўдных беларусаў.
Вялікая ўвага ў кнізе сп. Казлоўскага надаецца персаналіям беларускіх навукоўцаў, пісьменьнікаў, мастакоў і грамадскіх дзеячоў, якія фактам нараджэньня ці сваёй дзейнасьцю былі зьвязаныя з Віленскім краем: гэта Мікалай Грышкевіч і а. Уладзіслаў Чарняўскі, Пётра Бітэль і Антон Карніцкі, а. Віктар Шутовіч і Адольф Клімовіч, Барыс Кіт і Генадзь Каханоўскі. І гэта толькі частка з тых асобаў, жыцьцяпісы якіх па драбніцах сабраў руплівы дасьледчык. Адзначым, што большасьць інфармацыі разам падаецца ўпершыню і таму зацікавіць нават найбольш дасьведчаных чытачоў. Пры ўсім гэтым кніга не пакідае ўражаньня сухога энцыклапедычнага выданьня.
“Галасы разбуджаных птушак” – ушанаваньне памяці і перасьцярога ад забыцьця.


Аляксандр Надсан.
Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938),
Мн., бібліятэка часопіса
“Беларускі гістарычны агляд”, 2006. – 160 с.



Кніга а. Аляксандра Надсана прысьвечаная гісторыі стварэньня і дзейнасьці кляштару беларускіх айцоў марыянаў (ордэна, створанага ў другой палове XVII ст. у Польшчы і адноўленага ў пачатку ХХ ст.) у Друі – невялікім мястэчку на самым паўночным захадзе Беларусі на Заходняй Дзьвіне, на мяжы з Латвіяй. Аўтар падрабязна разглядае асаблівасьці палітычнай і рэлігійнай сітуацыі на Заходняй Беларусі паміж І і ІІ Сусьветнымі войнамі і адметнасьці палітыкі Ватыкану на гэтых землях.
Дасьледваньне пабудаванае на грунтоўных архіўных матэрыялах з фондаў Бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лондане і істотна дадае новых старонак у ранейшыя матэрыялы па азначанай тэме. У кнізе сабраныя цікавыя зьвесткі аб унутрыцаркоўных стасунках і ўзаемаадносінах сьвятарства розных нацыянальнасьцяў і палітычных сімпатыяў, аб няпростых лёсах беларускіх рэлігійных дзеячоў: а. Германовіча, а. Хамёнка, а. Цікоты, а. Абрантовіча і іншых сьвятароў, якія самаахвярна адстойвалі нацыянальныя правы беларусаў у царкоўным жыцьці. Аб гэтым сьведчыць і сама наз­ва кнігі, для якой узятыя словы айца Язэпа Германовіча “Pro patria aliena” – “для чужой Бацькаўшчыны”. Выраз сьцісла і дакладна характарызуе трагічны лёс друйскіх марыянаў, якія сутыкнуліся з неадольнымі цяжкасьцямі на сваім шляху і фактычна былі высланыя па-за межы Беларусі ў Поль­шчу ды Далёкі Усход, дзе мусілі працягваць служэньне, адарваныя ад Радзі­- мы.
Аўтар разглядае прычыны, якія ўрэш­це, ня гледзячы на ўсе высілкі, не дазволілі друйскаму кляштару айцоў марыянаў стаць сапраўдным паўнавартасным цэнтрам беларускага духоўнага жыцьця для каталікоў рымскага абраду і зрабіць важкага ўнёску ў справу адраджэньня Грэка-Каталіцкай царквы на Беларусі.
Праблемы, закранутыя а. Надсанам у гэтай кнізе, безумоўна пададуцца балюча актуальнымі і для нашай сучаснай рэлігійнай сітуацыі, бо за беларускую мову ў доме Божым хрысьціянскім вернікам за рэдкімі выключэньнямі і зараз прыходзіцца змагацца.