_____________________ Знайсьці свой дзень.
Аповеды |
Крылы
Прачынаюся — бы выпускаю шасі. Адкідаю коўдру — як расшпільваю форменны сіні лётны кіцель. Спускаю ногі з ложку — і бачу як падаюць да борту трап. Першыя крокі па цьвёрдае паверхні няўклюдныя, немаўлячыя. Трохі хістае. Збоку падасца – пасьля сну, насамрэч – пасьля палёту. Так, я лётаю ў сьне. Раней – рэгулярна, цяпер – зрэдку.
Справа, вядома, ня ў колькасьці палётаў, а ў самім факце знаходжаньня не на зямлі. Ня ведаю, як для іншых, а для мяне палёт пачынаецца тады, калі толькі заплюшчваю вочы ў тую ноч. Гэтае адчуваньне, як глыток чыстага кіслароду, ад якога кружыцца галава і цела робіцца бязважкім.
Усё зьмяняецца. Зьнікаюць пахі, катэгорыі цьвёрдасьці, гарачыні, вільготнасьці. Замест іх зьяўляюцца колеры. Іх шмат, а асноўны, які задае гаму – сьветла-сьветла-блакітны. У жыцьці, на зямлі такую фарбу бачыў толькі аднойчы ў дзяцінстве. Гэта быў колер нямецкага фламастару ў наборы, які маці прэзентавала нам з братам напярэдадні нейкага чарговага пачатку верасьня. Дзіўна, але рыска, праведзеная тым цуда-алоўкам на шэрай паперы, была бляклай і незаўважнай. Гэтак і палёт: толькі сам ён дзіва і цуд, і іншы сьвет, а ранкам на зям-лі – толькі няпэўная згадка аб нечым невымоўным і сапраўдным. Як каменьчык, што блішчыць у вадзе, а пасьля, выцягнуты, на сонцы чэзьне і губляе прыгажосьць, гэтак і палёт, пасьля пасадкі – усяго захапленьне па інерцыі.
Сапраўды, раней мае палёты былі прыемнай завядзёнкай. Даводзілася выпрабоўваць крылы. Я лётаў. Ня дужа высока, не падымаючыся вышэй вершалінаў вялікіх паркавых дрэваў, што стаяць пад вакном. І ня хутка, можа, так як папяровы самалёцік, зроблены са школьнага лінаванага аркуша. Памятаю ўсё да дробязяў, да такіх драбніцаў, што дзіўлюся, як гэта цяпер не магу ўзьляцець проста з-за стала.
Перад тым, як адарвацца ад зямлі – два ці тры пругкія крокі, і цяжка, з заўважнымі высілкамі, як вялікая птушка, іду на пад’ём. Падымаюся вышэй і вышэй. Тулава паралельна зямлі — ніяк па-іншаму. Дасягнуўшы нейкай крытычнай вышыні, азіраю ўсё — там, унізе. Займае дых. Я птушка, якая баіцца вышыні...
Унізе родныя мясьціны. Усё знаёмае, ці, прынамсі, падаецца такім. Спакой. І пошук кропкі, на якую можна сьпікіраваць. Пачынаю плаўна, павольна падаць. Кадры майго фільму, нібы падаўжаюцца. Веру ў тэорыю Эйнштэйна, пэўна, як ўсе тыя, хто лётаў. Час, нібы мёд, бурштынавымі ніткамі выцягваецца ўздоўж парабалы майго піке. Спыняюся і, амаль як страказа, завісаю над зямлёй. Гэта вельмі важна, менавіта над зямлёй, прычым не ніжэй майго росту. Ніжэй прыцягненьне становіцца мацнейшым шматкроць, і ногі самі становяцца на глебу. Калі на гэтае забыцца, можа надарыцца незапланаваная пасадка. Яна ператворыць далейшы сон у жудаснае і амаль заўсёды марнае намаганьне ўзьняцца ізноў уверх. Няма нічога цяжэй такога працягу. Таму лепш не рызыкаваць. Трэба заставацца ў палёце як мага даўжэй.
Перажыўшы піке, ізноў мэтанакіравана лячу ўгару. Нейкі час рухаюся на адной вышыні над стрэхамі хатаў, антэнамі, садамі, кранаючы лісьце рукамі. Захапляюся пачуцьцём лёгкасьці і свабоды. Можна лятаць доўга, але і ў гэтае радасьці ёсьць свае абмежаваньні. Нельга ні на чым моцна засяроджвацца. Калі раптам падумаеш, што ліст, які толькі крануў рукой, пагрызены чарвяком, а чарвяк мае шэсьць параў ножак і бадзёра імі перабірае па галінцы, якая... І не пасьпееш дадумаць якая галінка — цябе выкідвае з рэчаіснасьці, нібы сапраўднага лётчыка з прытомнасьці ад вялікае перагрузкі. Той, хто дае магчымасьць лётаць, чамусьці не ўхваляе засяроджанасьці на дробязях – гэта закон. Я прымаю яго. І лепш прымаць, калі ня хочаш прачнуцца сярод ночы і, перакуліўшыся на другі бок, да раніцы сьніць усялякую лухту.
Шанцавала, праўда, некалькі разоў пасьля падобных крыўдных правалаў ізноў вяртацца ў неба. Тады я быў невыказна рады. Быў самы лепшы, сумленны, прымаў усе правілы. Галоўнае з якіх: Ня ўсё пада мной, але я па-над усім.. Вось праўда. Трэба ляцець так, каб не зварухнуць шатаў старой ліпы, як прамень сонца прайсьці скрозь іх і ўвабраць у сябе цёплы малахітавы сок. Ня трэба змагацца з ветрам, трэба зрабіцца такім, каб ён дзьмуў праз цябе і не зьбіваў з накірунку. Будзь складнікам, часьцінкай навакольля: Ты ў сьвеце, Сьвет у табе. Адчуўшы гэтае заўважаеш, што сам пачаў пераўтварацца ў нябеснаблакітную смугу, лягчэйшую за собскі подых, той самы, які аддзяляе яву ад сну, той адзіны непадкантрольны, але ўжо моцны ўздых, што напаўняе лёгкія чалавека, гатовага прачнуцца ў новы дзень.
Аэрапорт прыняў. Пасадка прайшла як мае быць. Я на паласе. Задаволена іду ў ванны пакой. За вокнамі — тыя ж дрэвы, дахі, толькі від зьнізу. Адзначаю, што так і не агледзеў тую высокую бярозу з варонінымі гнёздамі ў двары крамы. Трэба наступным разам. Не забудуся, абавязкова наведаю, толькі б ня скончыліся вызначаныя мне лётныя гадзіны, а то перавядуць у наземны персанал — як тады класьціся спаць?..
Дзень N
Усё стала зразумела напэўна тады, калі ён выйшаў з “Цэнтральнага” добра абліўшыся кефірам, які тлустымі струменямі павольна сьцякаў па чорнай замшы курткі. А можа нават і хвіліны на дзьве раней, калі ён яшчэ толькі вырашыў выліць на сябе на тры чвэрці недапіты кефір. Як да гэтага ён не дапяў раней?..
Павольна і страшэнна задаволена ён дэфіляваў па вуліцы. Дзьмуў халодны вільготны вецер, сьвяціла сонца, блішчэў мокры ходнік. Людзі глядзелі на яго з непрыхаванай цікавасьцю. Але гэта не назаляла, бо глядзелі яны і раней, толькі зараз гэта мела дакладнае тлумачэньне і таму не дзівіла.
Наогул, нечакана стала неяк прыемна і ўтульна. Зьявілася жалезная ўпэўненасьць, што сёньняшні дзень добры. Добры настолькі, што з Верхняга гораду зьехала ахутаная калючым дротам вайсковая камендатура, і самі па сабе засыпаліся брудныя траншэі бясконцых будоўляў. На працу з абеду хацелася ісьці бясконца. Пераступаць лужыны і ручаіны, чакаць зялёнага сьвятла ля пераходаў і, як мага павольней, ісьці, ісьці... Ісьціна недзе побач. Пабач яе!
Як ішоў Калумб па сваёй зямлі пасьля доўгага плаваньня, дыхаючы напоўніцу і не зважаючы на тое, што нязвыкла кружыцца галава, і ногі вязнуць у вільготным пяску. Ну ён хай ішоў і ня так, як Калумб, але дакладна так, як першы, хто ішоў за ім.
Глядзеў вачыма галкі на жоўтае лісьце, якое вісела на дрэвах разам з раньнім кастрычніцкім сьнегам, і адчуваў холадам у далонях вышыню і хісткасьць тонкай галінкі, што дрыжэла пад птушынымі лапкамі.
І вяртаўся на ходнік, каб пераступіць чарговую шэрую лужыну і зноў удыхнуць рэзкага халоднага паветра-ветру.
У кожным кроку па зямлі ён рабіў яшчэ безьліч крокаў у сьвядомасьці, па той дарозе, што ішла ў другім вымярэньні, якое ня можна абмежаваць ніякімі адлегласьцямі, але трэба прайсьці. Прычым, менавіта сёньня, калі ўсё гэтак невымоўна празрыста, што наскрозь бачныя будынкі, чорныя салоны службовых аўтамабіляў, і адчуваецца ледзяны смак кроплі, што яшчэ толькі зьбіраецца, разьвітаўшыся з ледзяшом на схоне даху, сарвацца ўніз...
Дакладна такім усё было ў снах, калі абмежаваны часам, ён хутка праглядаў іх, не спыняючыся на падрабязнасьцях праз боязь раптам прачнуцца і не даведацца, што далей зробіць ён сам. У чыёй асобе нарэшце спыніць хаду і ператворыцца ў маўклівую дэкарацыю на шляху нейкага іншага вандроўніка, які таксама калісьці зразумее, што знайшоў свой дзень.
Кім я хачу стаць пасьля сьмерці
альбо Сачыненьне на адвечную тэму
Паміраючы, упэўніся,
што жыцьцё скончанае.
Учора хадзіў па квартэры і паліваў з распырсквалкі, якой карыстаюцца хатнія гаспадыні пры прасаваньні, свой пакой. Было занадта суха.
Так робяць. Ня ўсе, але тыя, хто лічыць гэта неабходным. Можна так рабіць ці не — я не зьбіраўся думаць над гэтым пытаньнем усур’ёз, тым больш, што дзень быў нядрэнны і ўвечары не хацелася распачынаць скандал, даводзячы самому сабе сваю рацыю.
Разам паліў і кветкі. Хоць апошні раз рабіў гэта зусім нядаўна. Зямля ў гаршках была невільготная. Ня тое, каб я вёў сталыя назіраньні за расьлінамі, але з таго часу, як яны зьявіліся ў хаце (рознымі шляхамі), мушу не даваць ім стаць гербарыем. Узгадваю пра неабходнасьць клапаціцца пра іх найчасьцей тады, калі чую гутаркі пра нягегласьць мужчынаў у вядзеньні хатняе працы. Узгадваю і пачынаю паліваць. Вось стаіць “дрэва міру”, яно падгрэбла пад сябе каранямі ўсю зямлю і стаіць зараз нібы хатка Бабы Ягі, адно, што не варочаецца. А можа і варочаецца, толькі непрыкметна. А, можа, і прыкметна — папраўдзе, я ня надта сачу за ім.
Вышэй за кветкі, што стаяць на шафе, – абраз Спаса. Гэта той, хто сочыць за мной. Ён ведае, што я баюся паміраць, і таму, паліўшы кветкі, на кухню правяраць ці перакрыты газ, пасьля – ці зачыненыя ўваходныя дзьверы.
Таксама туга закручваю краны. Гэта не ад страху сьмерці, хутчэй ад нежаданьня мець клопат з суседзямі зьнізу. Апошняя пільнасьць у адносінах да кранаў дае падставы ўсумніцца наконт высноваў пра боязь замагільнага сьвету. Можна аднесьці ўсе мае вечаровыя клопаты на рахунак гаспадарскай звычкі. Сапраўды, такую рэвізію перад сном праводжу з дзяцінства, гадоў з дзесяці. Але гэта марны самападман. Я, вядома, баюся і не хачу паміраць.
Што мы будзем там рабіць? Каб ведаць гэта, шмат хто аддаў бы ня тое што грошы, але і рэшту жыцьця. Прынамсі, мне так падаецца. Яшчэ падаецца, што ўяўляю тамтэйшы лёс іншых, бо прасьцей разважаць не пра сябе.
Мая матуля, якая заўсёды ў хаце нешта прыбірае і парадкуе, падмятае і мые, трапіўшы на той сьвет будзе хадзіць і падбіраць белае бязважкае пер’е, што губляюць, лётаючы па справах, анёлы. Пух трэба зьбіраць, з яго робяць аблокі, хмары і навальнічныя хмарыны. Бяз іх ня можа існаваць неба. Аблачыны закрываюць ад нашых нахабна-цікаўных вачэй тонкі сьвет.
Дзед, які ўсё жыцьце поркаўся з жалезінамі, балтамі, машынным маслам і іншай бруднай субстанцыяй і пры гэтым, як сапраўдны пралетар, ня верыў ні ў якіх анёлаў, там таксама пабачыць іх. Ён і там будзе займацца звыклай працай. Напрыклад, змазваць дзьвярныя завесы, якія рыпяць ад стварэньня сьвету. Праца гэтая бясконцая, бо брамаў там безьліч. Кожны ідзе туды сваім шляхам і праходзіць, хто трыумфальнай аркай, а хто нізенькай садовай брамкай.
Чамусьці ня ведаю, які занятак будзе бацьку. Можа таму, што я не ўяўляю яго адарваным ад зямлі. Што ж тата будзе рабіць там, дзе яе няма? Ці, можа, яна ёсьць, толькі не такая, як тут?.. Ці будзе ён сядзець пасьля працы на нагрэтым за дзень камені і назіраць, як заходзіць сонца над нашым лецішчам, калі камарыкі таўкуць мак і ружавее знаёмы далягляд?
Пра брата наогул змаўчу. Ён усё ж маладзейшы і найперш, пэўна, я задаволю цікаўнасьць і даведаюся пра сваю справу. Толькі ня надта хочацца даведацца пра ўсё ў хуткім часе, лепш – калі-небудзь пасьля... А пакуль дапісваю радок і іду закрываць краны. Каб не цякла вада, каб нічога не зьмянялася.
|