12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Шамецька

_____________________
Атаўскага неба палёт.
Вершы


* * *

Пасталелі дахі вышыні...
Я вярнуўся, каб цябе пабачыць,
горад мой, які, на жаль, я страціў
ў пошуках праўдзівай цішыні.
Зноў душа без права на змаганне
мітусіцца, моўчкі спадзяецца,
адчувае новае вяртанне
і шчаслівай нават падаецца.
Я стаю, – усё мне цешыць зрок
на праспекце у пачатку лета.
Трэба перайсці на іншы бок,
каб купіць апошнюю газету.
Не скажу, што зараз я адзін, –
мой няўдзячны лёс ідзе павольна.
Каб адчуць насычанасць хвілін,
проста так стаю, стаю спакойна.
Дзе зноў буду? Паглядзім пазней, –
верыць не жадаю ў спадзяванні...
Час ідзе – мне робіцца прасцей
цёмных вокнаў адчуваць дыханне.


* * *

Час вяртання яшчэ не прыйшоў,
я шукаю ад дня нараджэння
сэнс свайго на зямлі прызначэння,
і яго яшчэ я не знайшоў.
Ці знайду, – вельмі цяжка прадбачыць,
замірае на сэрцы спакоем
адчуванне: не стаў я героем
і свабоды прысутнасць не бачыў.
Прыгажосцю тваёй любавацца,
горад мой, я вярнуўся назад, –
буду ўдзячныя словы казаць
дрэвам сталым, што просяць застацца.


* * *

Ну вось і ўсё: закончыўся палёт, –
мой час прайшоў, Атава пахне домам.
На гэтым не спыняецца жыццё,
а я – ужо ляцець назад гатовы.
Дом – гэта тое, што заўжды чакае
раскіданых па вуліцах жыцця...
Усё часцей, як жыць, – не выбіраем
у адчуванні свята хараства.
Ляцім туды, дзе цёпла нам і ўтульна,
дзе сэрца марыць быць заўжды ў спакоі,
каб ведаць, што і сёння нас ратуе
цяпло вяртання прыляцець дадому.
Калі ж іх два – за гэта дзякуй Богу.
Зноў мару пра далёкую дарогу...


Шукаючы квадрат
З цыкла “Надпіс на здымку”

Была пара... Я адбіраў па слову,
каб запісаць у свой пацерты сшытак...
Мне ўсё жыццё здавалася умовай,
каб не рабіць у ім зашмат памылак.
Я чуў адно: каб быць суцэльным,
мне трэба знаць, як напісаць квадрат,
круг упісаць ў яго прамыя сцены,
як, гэта ўмеючы, рабіў мой брат.
Пайшоў у Луўр – адвечнасці парад,
каб паглядзець Малевіча квадрат.
Хадзіў і бачыў фараонаў твары,
Хрыстос распяты, грэчаскія дамы
былі са мной. Я бачыў іх бліжэй.
Танчоны торс даўнішняга мастацтва
быў не па мне між сённяшніх падзей...
Але ўсё змянілася раптоўна, –
я ўзбагацеў, нібы сівы магнат:
ў вялікай зале я знайшоў Джаконду,
шукаючы квадрат.


* * *

Будзь са мной, калі выпадзе час, –
сёння горад збірае на джаз...
Гэтым вечарам усё напачатку:
круглы месяц, нібы залатая пячатка,
патаемныя гукі жывога мастацтва
нас наблізяць напеўна да Вялікага Княства.
Ты са мной. Ноч раскрые канверт, –
там білет на вячэрні канцэрт...
Ўсё змяшалася неяк адразу:
гул машын, святлафоры на Оттаwа road,
музыканты без фракаў,
атаўскага неба палёт,
пачуццё неабсяжнасці часу.


* * *

Вецер. Атава. Хочацца верыць,
што неабсяжнасць цяжка памераць.
Час безумоўнасці з’явіцца ўранку,
зноў падтрымае птушка на ганку,
што не ляціць, бо нешта чакае...
У спадзяванні неба світае
і пры жаданні зноў выклікае
радасць пявучасці роднага краю...
Мне не патрэбна ехаць у Мінск –
сёння у Мінску сябе адчуваю.


Манрэаль

Не ходзяць цягнікі – хайвэі,
тут Манрэаль – амаль што Вільня.
Каб зноў адчуць, як вецер вее,
я выключаю свой мабільны.

Гатэлі, паркі, гандляры,
забыты порт на тым жа месцы,
французы... Неба ад зямлі
вышэй ў Мак-Гілаўскім прадмесці.

Хаджу не так, як па сцяжы,
і брук на слых кладзецца лёгка.
Касцёлы, шопы, калажы
і цені хуткія аблокаў...

Пабудзіць раніцай анёл:
“Вярнуцца ты яшчэ павінен...”
І еду, еду цягніком,
бо Манрэаль – другая Вільня.


* * *

У дзедавай хаце вяртаецца мова, –
тут час зноў знаходзіць таемныя словы,
хоць карткі старыя зжаўцелі, вядома.
Сюды б я заўсёды вяртацца хацеў
і еду у дзедаву хату – дадому, –
адкуль бы ні ехаў або не ляцеў.

Пытацца не варта, на мове якой
я вас зразумею на ростанях часу.
О продкі, мы разам адчуем спакой,
калі я нябёсы бяздонныя ўбачу –
сустрэньце пяшчотай і мудрасцю вашай –
вы бачылі болей за часам вякоў.

Падлога памыта і паліцца печ...
Усё, бы ў маленстве, мне хочацца мець.
Са здымкаў спакойныя твары глядзяць...
Гадзіннік стаіць, бо ніхто не заводзіць,
а час патаемна і цвёрда падводзіць
да думкі: тут нашыя продкі не спяць.


* * *

Прыйшла вясна.
Чарнее снег на полі,
сыходзіць лёд
з закованай ракі.
Зноў хутка зелень
вырвецца на волю,
і птушкі прыляцяць
на саракі.
Настрой святочны.
Сонца свеціць ясна.
І цеплыня да сэрца
ўсё мілей.
Жыццё, ў жаданні
поўнае падзей,
На хвалях вечара,
стварае неабсяжнасць
вясны...


* * *

Усё часцей хачу пабыць адзін,
паліць агонь на апусцелым полі,
дзе вецер лёгкі думкі мне прагоніць,
не злічыць лёс бязлітасных гадзін.

Усё часцей мне хочацца спазнаць
сэнс існавання у святле бязмежным,
закон сакральны неба разгадаць,
каб зразумець, каму мы ўсе належым.

Усё часцей хачу я аднаўлення –
больш у сабе, – хай будучыня скажа.
Не будзе нас, а вынікі стварэння
сам лёс пакіне для нашчадкаў нашых.

Палю агонь на апусцелым полі,
ламаю сучча і ў агонь кідаю,
а цеплыня ахвярна нагадае,
што час ідзе, ідзе пакуль паволі...