12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Шапран

_____________________
Альтэрнатыўная гісторыя.
Анталогія сучаснага беларускага гістарычнага і літаратурнага анекдоту

Падчас знаёмства з расейскім прафесарам эстэтыкі і адначасова аўтарам трохтомнага выданьня «ХХ век в преданиях и анекдотах» Юрыем Боравым аўтар гэтых радкоў пацікавіўся, ці ведае Юрый Барысавіч хоць адзін беларускі літаратурны анекдот? Аднак паважаны прафесар апынуўся ў безвыходным становішчы. Між тым анекдоты – гэта тая самая вусная культура (форма інтэлігенцкага фальклору, згодна тлумачэньню, якое прапанаваў Ю.Бораў) і нацыянальная гісторыя, хай нярэдка і міфалагізаваная. Да таго ж анекдоты – каларыт і эпізоды эпохі. Бяз іх гістарычнае бытапісаньне любой нацыі ня можа быць поўным. Тым больш, што сёньняшняя гісторыя пішацца на нашых вачах, і бывае, што сутнасьць нейкай падзеі лепш можа растлумачыць які-небудзь анекдот, чым афі­цыйна-прапагандовае паведамленьне. Ён жа лепш за якую папяровую біяграфію можа і чалавека ахарактарызаваць. Праўда, даць веры ў такі анекдот бывае вельмі няпроста, нават калі аповяд ідзе ад першай асобы, якая да таго ж была сьведкам таго, пра што апавядаецца. Аднак, па тлумачэньні Ю.Борава (заўважым, што не паважаны прафесар, канешне, «адкрыў» гэты жанр, пачатак якога трэба шукаць яшчэ ў дапушкінскай эпосе, але менавіта Ю.Бораў, першым абсалютна сур’ёзна паставіўшыся да гістарычных анекдотаў, навукова класіфікаваў іх), дакладнасьць тут не абавязковая – яна можа быць толькі магчымай (ці наогул можа адсутнічаць – такія ўжо законы жанру). Тым ня менш, гістарычная каштоўнасьць такіх анекдотаў можа быць вельмі вялікай, бо гэта і ёсьць альтэрнатыўная гісторыя, аналізуючы якую ў будучым магчыма будзе вызначыць гістарычныя рэаліі, якія не былі зафіксаваныя ў дакументах. І, на наш погляд, было б вялікай памылкай, ігнараваць беларусам свае літаратурныя і гістарычныя анекдоты (маўляў, мы вышэй за гэты «нізкі» жанр!), тым больш, што яны насамрэч ёсьць. Прыйшоўшы аднойчы да такой высновы, мы пачалі мэтанакіравана зьбіраць іх. Першыя публікацыі зьявіліся спачатку ў «Белорусской деловой газете», пасьля на старонках «Комсомольской правды» в Белоруссии». Аднак паколькі артыкулы былі раскіданыя ня толькі па розных выданьнях, але і ў часе, аўтар палічыў мэтазгодным сабраць некаторыя з тых анекдотаў пад адным “дахам” (заўважым, што на гэтым наша праца ня скончаная – насамрэч гэта толькі сьціплы пачатак).
Абсалютна сур’ёзна і з вялікай пашанай да герояў публікацыі,
Сяргей ШАПРАН.
Жывы класік
Аднойчы падчас сустрэчы з настаўнікамі нехта з захапленьнем павітаў Івана Мележа:
— Як мы радыя бачыць жывога класіка!
Іван Паўлавіч адказаў:
— Амаль жывога.

За савецкія…
У той раз Андрэй Макаёнак прыехаў, здаецца, з Амерыкі. У кішэні ў яго за­ставалася некалькі даляраў. Увечары Макаёнак зайшоў у буфет, што знахо­дзіўся ў гасьцініцы «Мінск», і за даляр купіў бутэльку каньяку. Ужо на наступны дзень драматурга выклікаюць у ЦК і па-бацькоўску дакараюць: савецкі чалавек павінен купляць каньяк не за даляры, а за савецкія рублі!

У нас, беларусаў…
Празаік Франц Таўрын распавядаў, што амаль кожны раз пасьля таго, як галоўнага рэдактара «Нового мира» Аляксандра Твардоўскага (які, як вядома, сваім паходжаньнем меў да Беларусі самае непасрэднае дачыненьне) выклікалі на «апрацоўку» ў ЦК, Аляксандр Трыфанавіч, выходзячы, гаварыў:
— Как говорят у нас, белорусов, пережили лето горячее, переживем и говно собачее.

Шкада
Аляксандр Твардоўскі вельмі цікавіўся Беларусьсю і, у прыватнасьці, справамі беларускага Саюзу пісьменьнікаў. Прычым аднаго з беларускіх сучасных «класікаў», народнага пісьменьніка Беларусі, аўтар «Цёркіна» называў не інакш, як «сьвінапасам», і лёгка пасьмейваўся над Петрусём Броўкам, які быў у той час старшынёй СП:
— Няўжо няма на Беларусі разумнага габрэя, каб было каму кіраваць Саюзам пісьменьнікаў?! – пытаўся Твардоўскі ў Васіля Быкава.
— Габрэі ёсьць, — адказваў Быкаў. – І разумныя таксама, але ж не ў кіраўні­ках.
— Шкада, — заўважаў Аляксандр Трыфанавіч.

Настаўнік
Пятрусь Броўка, наведваючы землякоў у Пуцілкавічах, пачаў распытваць пра аднагодкаў: хто дзе, чым займаецца? Яму адказваюць: Хвядос на ферме працуе, Аўлас кароў пасьвіць, а Якуту настаўнікам зрабілі. Броўка зьдзіўлены:
— Як гэта Якута настаўнікам стаў?! Ён жа ўсяго адзін клас з калідорам скончыў!
— Дык ён на конезаводзе настаўнікам! — абсалютна сур’ёзна адказваюць Броўку землякі.

Памерці, але не чыхнуць
Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў распавядаў, як Алег Мікалаевіч Яфрэмаў, які кіраваў МХАТам, прыгадваў:
— Землякі твае, купалаўцы, гастралявалі тут пасьля вайны, я яшчэ студэнтам быў. Уразілі сьпектаклі, уразілі. Памятаю, што Ждановіч іграла Джульету. І вось у апошняй сцэне, ва ўсыпальні, калі яна ляжыць мёртвая, накрытая цюлем, артыстка раптам чыхнула! Цюль узьляцеў – рогат! Гэта ж непрафесіянальна! Яна павінна была памерці, але не чыхнуць!

«Ідэалагічная памылка»
У запісных кніжках Алеся Адамовіча: калі Ільічоў быў сакратаром ЦК КПБ, супрацоўнікі Інстытута літаратуры АН БССР Пшыркоў, Перкін ды іншыя, рыхтуючы для дакладу першага сакратара так званую «літаратурную частку», зрабілі «абавязковую» заўвагу аб «рэцыдывах нацдэмаўшчыны і іншай бесаўшчыны» ў пасьляваенны перыяд. Аднак ніякіх імёнаў не назвалі. Прачытаўшы «літчастку», Ільічоў спытаў:
— Хто пісаў?
— Такія-та.
Пасьля чаго ўзяў і ўпісаў прозьвішчы аўтараў дакладу. У выніку тыя гадоў дзесяць пасьля адмываліся ад «ідэалагічных памылак».

Паварот сюжэту
Васіль Быкаў распавядаў пра актыўных аратараў, якія яшчэ ў савецкія часы любілі па лініі бюро прапаганды літаратуры «хадзіць у масы». Так аднойчы група маскоўскіх пісьменьнікаў накіравалася ў Дом састарэлых. Выступілі – чыталі вершы і эпічныя ўрыўкі, прычым кожны ва ўступным слове не прамінуў распавесьці, як ён любіў бацькоў і клапаціўся аб іх.
Затым быў званы абед: чабрацовы чай, блінчыкі плаваюць у масьле… Пасьля абеду да задаволеных і льсьняных ад ежы інжынераў чалавечых душаў падышла бабуля і ціха папрасіла:
— Вы радзей да нас прыязджайце…
— Чаму?! – зьдзіўляюцца госьці.
— Пасьля вас нас цэлы тыдзень пярлоўкай кормяць.
Не да жартаў
Аднойчы паехаў Васіль Быкаў у Францыю. А там вырашылі: паколькі Быкаў – пісьменьнік савецкі, значыць – камуніст. І вось вязуць яго да кіраўніцтва Камуністычнай партыі Францыі і распавядаюць пра свае справы. Затым пытаюцца:
— Што будзе, калі мы пераможам?
Быкаў сходу адказвае:
— Па першым часе будзе цяжка, пасьля – нармальна.
— Тое ж самае гаварыў і ваш сакратар ЦК Капітонаў!..
Быкаў пасьля сьмяяўся: «Я сказаў, каб ад мяне адчапіліся, а яны – сур’ёзна!»

Гучны балет
Яўген Глебаў запрасіў Быкава на прэм’еру сваёй «Альпійскай балады». Калі балет скончыўся, Глебаў пацікавіўся, ці спадабалася Быкаву? І Васіль Уладзімі­равіч адказаў:
— Спадабалася. Толькі было вельмі гучна.

Кантата для ўрада
Яўген Глебаў распавядаў свайму сябру кінарэжысёру Уладзіміру Арлову, як прымалі аднойчы ў Палацы спорту яго «Ленінскую кантату»: «Шэсьць тысячаў чалавек, увесь урад у ложы. А ў мяне ў партытуры 8 літаўраў, 2 вялікія барабаны там-тамы, два хоры, два сімфанічныя аркестры – я-я-як грамыхнулі фортэ адразу! Усе напалохана прыціхлі, а Машэраў пытаецца:
— Яўген Аляксандравіч, чаму так аглушальна?
А я яму:
— Спрацаваў мой вопыт работы ў ТЮГу: калі гучна пачынае аркестр, дзеці адразу перастаюць шумець”.

Калі да абеду не пасьпеў …
Глебаў сачыняў наступным чынам: сімфонію за два месяцы, за паўгоду – балет, а пра стварэньне песень, пасьмейваючыся з калег-капуш, звычайна гаварыў:
— Калі не напісаў песьню да абеду, дык ужо і ня трэба яе вымучваць.

Як Глебаў патушыў “пажар”
Уладзімір Арлоў зноў жа прыгадваў: Віктараў, Марухін і Глебаў каля раялю ў вялікай зале перазапісу гуку кураць, спрачаючыся ўжо некалькі гадзінаў запар. Час ад часу падыходзіць пажарнік і ўсё больш рашуча забараняе курэньне. Урэшце рэшт абяцае нават выключыць сьвятло. Тады Віктараў – інвалід-франтавік! — грукнуў палкай і ўзлавана закрычаў:
— Я скончыў кансерваторыю! Я іграю на раялі! Я пішу сцэнарыі і здымаю фільмы! У мяне няма іншага жыцьця! Усё мае жыцьцё тут, на студыі! Дык што, я ня маю правоў…
Пажарнік, як і мае быць, быў няўмольны. І тады ўступіўся Яўген Глебаў. Спакойна патушыўшы цыгарэту, ён зьвярнуўся да Віктарава:
— Вось ты, Рычард, пералічыў шмат з таго, што можаш у жыцьці. А гэты чалавек можа толькі адно: забараняць курэньне. І ты хочаш пазбавіць яго гэтага! Гэта ўсё роўна, што ў цябе забраць магчымасьць іграць на раялі, пісаць сцэнарыі і здымаць кіно.
Усе засьмяяліся, напружаньне было зьнятае, цыгарэты патухлі. Праўда, ненадоўга.

Балеты прэзідэнта
На юбілей да Яўгена Глебава з букетам ад Лукашэнкі прыходзіць кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Іван Антановіч і дакладвае:
— Прэзідэнт цэніць Вас!
— І я яго цаню, — адказвае юбіляр.
— Прэзідэнт паважае Вас!
— І я яго паважаю.
— Прэзідэнт вельмі любіць Вашы балеты!
— І я яго балеты люблю, — рэхам адказвае Яўген Аляксандравіч.

Каленаўкленчаны
Дыктар Беларускага радыё і тэлебачаньня і адначасова вядучы тысячаў філарманічных канцэртаў Уладзімір Шаліхін, калі быў ужо на пенсіі, аднойчы быў уражаны бліскучай ігрой непаўторнай Стэфаніі Станюты і, жадаючы сказаць ёй «дзякуй», пайшоў за кулісы, дзе адразу ўпаў перад ёй на калені... «Аднак перастаяў, — успамінаў пасьля Уладзімір Аляксеевіч, — бо адчуваю: устаць не магу і пачынаю падаць. А яна хоча мяне падтрымаць, але ж я прашу: «Ня трэба, Вы ўпадзеце разам са мною!»
Пасьмяяўшыся пасьля разам са Стэфаніяй Міхайлаўнай, Шаліхін прыйшоў да высновы: у салідным узросьце трэба станавіцца не на адно калена, а на два.

Як Шаліхін забыўся прозьвішча прэзідэнта
У той раз Уладзімір Аляксеевіч вёў урадавы канцэрт, на якім прысутнічаў таксама і прэзідэнт. І вось па ходу Шаліхін павінен быў зрабіць аб’яву, што ў зале прысутнічае кіраўнік дзяржавы. Вядучы добра пастаўленым голасам гаворыць: «У зале прысутнічае прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч...» – і тут павісае цяжкая паўза... Шаліхін пасьля прыгадваў: «Я проста забыўся яго прозьвішча! Пакуль жа ўспамінаў, перадумаў шмат чаго: усё, гэта твой апошні канцэрт! Табе ж ніхто не падкажа!.. Я і раней пару разоў забываўся на прозьвішчы салістаў, але тады нехта мне дапамагаў. А зараз стаю, як голы, і думаю: навошта ты сказаў «Аляксандр»?! Ну сказаў бы толькі «прэзідэнт Рэспублікі Беларусь» і ўсё! А паўза вісіць! І раптам падумаў: госпадзі, у яго ж такое знаёмае прозьвішча! І якраз тады яно і ўсплыло...
Пасьля ўжо сябры гаварылі Шаліхіну, што ім, наадварот, падалося, што ён сьпецыяльна вытрымліваў паўзу, каб на прозьвішчы прэзідэнта сканцэнтраваць асаблівую ўвагу. Аднак Уладзімір Аляксеевіч шчыра прызнаўся: «Проста я марудна ўспамінаў».

Як Шаліхін фатаграфаваўся разам з прэзідэнтам
У адзін з прыездаў у Менск вядомага опернага сьпевака Дзьмітрыя Хварастоўскага запрасілі за кулісы. Разам з ім пайшоў і Шаліхін, які пасьля распавядаў: «Мы пайшлі і нават пілі разам з Лукашэнкам каньяк. Прэзідэнт пытаўся ў Хварастоўскага:
— Вы былі ў Краснаярску?
— Так.
— А Лебедзя ведаеце?
— О! Яшчэ як!
Пасьля Лукашэнка раптам сказаў, што сёньня, нарэшце, зразумеў, што піяніст таксама нешта значыць...
Затым прэзідэнцкі фатограф зьняў усіх трох. Уладзімір Аляксеевіч доўга спрабаваў здабыць той фотаздымак – патэлефанаваў саветніку па культуры, аднак, пачуў у адказ: «Гэта да фатографа». Тэлефануе, і фатограф адказвае:
— Ня маю права даваць ніякія фотаздымкі!
— Мне патрэбны толькі Хварастоўскі і я!
— Ня маю права. Тым больш, што вы стаіце там з кілішкамі.
— Ну тады адрэжце нам рукі!!!
Патэлефанаваўшы кіраўніку прэзідэнцкай адміністрацыі, Шаліхін дазнаўся, што зьвяртацца трэба ўсё-такі да дарадцы па культуры. Зьвярнуўся і атрымаў адказ: «Пішыце ў сакратарыят прэзідэнта!» Напісаў. Адказу няма. Шаліхін зноў тэлефануе: «Як дрэнна працуе сакратарыят – ужо тры тыдні прайшло!..», аднак дарадца кажа: «Дык Ваш ліст да мяне і пераслалі! Навошта Вам гэты фотаздымак?..»
Здаецца, Уладзімір Аляксеевіч так і не атрымаў таго фотаздымку – нават без Лукашэнкі і без рук.

Нечаканы эфект
Цікава авалодваў беларускай мовай Георгі Вылчаў. Напрыклад, Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін навучалі балгарскага паэта і перакладчыка такой беларускай песьні:
Ой, жаль, не памалу
Любiў дзеўчыну змалу,
Любiў дзеўчыну змалу,
Любiў ды ня ўзяў.
Ой, жаль, жаль.

Аднак Вылчаў кожны раз сьпяваў: «Ой, жал, жал не памалу».
«Такім чынам атрымліваўся цікавы эфект, — сьмяяўся пасьля Рыгор Барадулін, – песьня атрымлівала зусім новае прачытаньне дзякуючы такой вось гульні словаў».

Ухіліст Барадулін
Дзядзька Рыгор ніяк не хацеў уступаць у Камуністычную партыю Савецкага Саюзу. Як яго ні агітавалі! Угаворвалі на самым высокім узроўні... Ужо напярэдадні свайго 50-годдзя Барадулін вырашыў адказаць няпэўна:
— Вось калі пяцьдзясят будзе, тады і падумаю.
Аднак як дзень нараджэньня прайшоў, юбіляр зноў знайшоў, як адмовіцца:
— Неяк няёмка ў пяцьдзясят гадоў уступаць – гэта ж дыскрэдытуе самую партыю!

Сакрэтныя рыфмы
У савецкія часы перад тым, як паехаць за мяжу, пісьменьнікаў звычайна інструктавалі. І вось зьбіраецца Барадулін на блокаўскую канферэнцыю ў Італію, а яму даюць прачытаць паперу, у якой напісана, што вораг маскіруецца пад выглядам ліфцёраў, таксістаў і г.д. Дзядзька Рыгор нават чытаць ня стаў. Яму гавораць:
— Адзін наш паехаў за мяжу, дык у яго сумачку зрэзалі!
— Ён там застаўся? – пытаецца Барадулін.
— Не. А раптам Вы застанецеся?
— Каму я там трэба?!
— А чаму Вы гэта не чытаеце?
— Я гэтае несусьвецьце раней чытаў.
— Не прачытаеце – не падпішам Вашыя дакументы.
У выніку Барадулін ужо ў каторы раз прачытаў пра маскіруючыхся ліфцёраў і таксістаў. Прачытаў, яму кажуць:
— Падпішыце, што азнаёмлены з правіламі паводзінаў за мяжой, — і пасьля паўзы: — А раптам усё-такі застанецеся?
— Хто карміць мяне будзе?
— А калі сакрэты выдадзіце?
— Якія сакрэты?! Рыфмы?!
У другі ж раз, напярэдадні вандроўкі ў Балгарыю, у Барадуліна зноў запыталі:
— Ці ёсьць у Вас доступ?
— Да чаго? Да рыфмаў?
— А калі сур’ёзна?..

Дом Напалеона
На адрас ушацкага музею прыйшоў ліст з Францыі: тамтэйшы гісторык пытаецца, ці захаваўся ва Ушачах дом, у якім начаваў Напалеон у ноч з 22-га на 23 ліпеня 1812 году? Канешне, ні дому, дзе адпачываў французскі імператар, ні наогул якой-небудзь старой забудовы ва Ушачах не засталося: што ня зьнішчыла вайна, парушылі раённыя будаўнікі. І калі да Барадуліна з Хельсінкі патэлефанаваў Васіль Быкаў, і той распавёў сябру, якія клопаты турбуюць дырэктара ўшацкага музею, Быкаў лаканічна параіў: дом, дзе начаваў Напалеон, пабудаваць, не марудзячы!

Творчы рост
Рыгор Барадулін тэлефануе Васілю Быкаву ў Нямеччыну наконт яго новай кнігі. Віншуе з Калядамі, перадае паклоны і прывітаньні ад усіх – нават ад свайго ката Мірона. Ужо напрыканцы кароткай размовы Быкаў раптам гаворыць:
— Чытаў у «Белорусской деловой», як вы з Караткевічам куплялі навагоднія елкі. А яшчэ чытаў, як ты ў інтэрв’ю раіш, як трэба пахмяляцца. І дасюль памятаеш! Ты ўжо друкуешся ў разьдзеле «кулінарыя». Расьцеш!

Літаратурны герой Янка Брыль
Уладзімір Караткевіч пакінуў і такі запіс пра Янку Брыля. Прыкладна ў 1946 годзе 15-гадовы Караткевіч пісаў трагедыю з крыжацкіх часоў (як пажартаваў Уладзімір Сямёнавіч, «раман з жыцьця мамантаў»). І трэба было прыдумаць прозьвішча аднаго з герояў. А прозьвішчы пачынаючаму пісьменьніку даваліся дужа цяжка. Як раптам па радыё, ці яшчэ як, Караткевіч пачуў імя, якое падалося яму прыдатным – так і зьявіўся літаратурны герой Янка Брыль. Уладзімір Сямёнавіч пасьля кляўся, што не прачытаў у той час першай кнігі Івана Антонавіча. Тым больш, што Караткевічаў Брыль зусім ня быў падобны на сапраўд­нага Брыля – нават быў, здаецца, удаўцом.
Распавядаючы гэтую анекдатычную гісторыю, Караткевіч пісаў: «Трэба бу­дзе неяк дабрацца да гэтага забытага ў Оршы опуса ды спалiць яго… […] (А то зганьбiш i сябе, i, галоўнае, сябра. Уявiце сабе трагiчнага героя, напiсанага кiмсьцi з мяне або, нават, з маiм прозьвiшчам. Жах!)»

Замест венецыянскага прызу
Кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў не заўсёды меў магчымасьць асабіста прадстаўляць свае карціны на кінафестывалях за мяжой.
— Аднойчы я ў Венецыю не патрапіў, — распавядаў Ігар Міхайлавіч. – Мне паведамілі, што мае дакументы спазьніліся, а насамрэч... Ну, лафа ж зьезьдзіць у Венецыю, тым больш – за дзяржаўныя сродкі! Таму нехта спрытны з Дзяржкіно СССР паехаў замест мяне. Я ж у гэты час ляжаў дома з прышчэпкай ад халеры, паколькі ў апошні момант прыйшло паведамленьне, быццам у Венецыі халера і трэба зрабіць прышчэпку. Прыбягаю ў санэпідэмстанцыю:
— Венецыя! Трэба ехаць!
Мне робяць прышчэпку і пасьля гавораць:
— Паўтары тыдні пачакаем – трэба паглядзець, як прывілася першая прышчэпка. Затым зробім другую.
— Рабіце адразу дзьве! – прашу.
— Будзе балюча.
— Зато Венецыю пабачу!
Я нават чорны касьцюм набыў, і «бабачку» мае жанчыны мне зрабілі. І вось усе паехалі, я ж у гэты час ляжаў дома, каленкі ад болю падцягнутыя да падбародку...
Пасьля, памятаю, бягу неяк на кінастудыю, льле дождж, я выцягваю з паштовай скрыні газету і толькі сеў у тралейбус, як адразу прачытаў, што мой «Іван Макаравіч» атрымаў у Венецыі прыз! І адбылося гэта без мяне...
Але неаднойчы дабралюбаўскія дакументы «не пасьпявалі» своечасова. Таму рэжысёр неяк пацікавіўся ў Маскве:
— Чаму так: карціна мая атрымлівае прэмію, я – яе аўтар, аднак я – тут, а фільм – там?!
І пачуў у адказ:
— Будзьце ўпэўнены, Ігар Міхайлавіч, што Вашую карціну прадстаўлялі вельмі дастойныя людзі.
— Ахвотна веру, — толькі й засталося што пагадзіцца Дабралюбаву.

Караткевіч і касманаўты
У 1985 годзе ў Оршы праходзіў семінар творчай моладзі, на якім сярод іншых выступалі партыйныя і савецкія работнікі, якія перасьцерагалі маладых літаратараў ад ідэалагічных і палітычных памылак. І вось падчас семінару зусім яшчэ тады малады пісьменьнік Уладзімір Арлоў заўважыў, што ў сваім выступе сакратар гаркаму партыі ні слова не сказаў пра Уладзіміра Караткевіча, хоць Оршу, у першую чаргу, праславілі не дасягненьні ў сацыялістычным спаборніцтве, а канкрэтны чалавек – апостал беларускай культуры Уладзімір Караткевіч. І таму Арлоў прапануе назваць імем Караткевіча вуліцу, на якой той жыў. Партсакратар адрэагаваў імгненна: ідэалагічна гэта будзе няправільна, таму што вуліца тая носіць імя касманаўтаў.
— Як, адразу ўсіх касманаўтаў?! – пацікавіўся Арлоў.
— Так, усіх адразу.
— Яны што, усе нарадзіліся ў Оршы ці жылі тут? – не здаваўся літаратар.
Аднак яго апанент таксама быў надзелены пачуцьцём гумару:
— Яны над Оршай праляталі...
Тым ня менш, вуліца імя Уладзіміра Караткевіча ў Оршы ў хуткім часе ўсё ж зьявілася, а потым былі адкрытыя помнік пісьменьніку і яго музей.

Разам ці асобна?
Падчас вайсковых збораў рэдакцыя дывізіённай газеты, кіраваў якой Уладзімір Арлоў, павінна была атрымаць сьпірт. Прапаршчык, які даставіў яго, заявіў: «Мы вам для абслугоўваньня друкарскай машыны ў сапраўднасьці павінны 5 літраў. Калі вы падпішацеся ў ведамасьці за пяць, дам вам два літры. Не падпішацеся – ня будзе ні кроплі!» Стаяў такі моцны мароз, што зуб на зуб не трапляў, і каманда Арлова была гатовая напісаць усё, што заўгодна, — нават і 50 літраў!.. Атрымаўшы такім чынам 2 жаданыя ўсёй душой літры і адразу выпіўшы іх, газетчыкі ляглі спаць. Аднак уначы са штабу прыехаў палкоўнік, які паспрабаваў падняць падначаленых Арлова дзеля таго, каб пачаць рыхтаваць пазачарговы газетны нумар. Але паколькі тыя знаходзіліся ў расслабленым стане, адзін з «запасьнікоў» паслаў палкоўніка куды далей і зачыніў за ім дзьверы на кручок.
Раніцой Арлова выклікалі да генерала, які камандаваў манеўрамі. На стале перад ім ляжаў рапарт начнога візіцёра, у якім было літаральна наступнае: «У адказ на загад выдаваць газету, капітан запасу такі-та паслаў мяне на...» – гэта было напісана ў адно слова. Генерал, тупаючы нагамі і размахваючы паперай, грозна запытаўся:
— Што Вы, Арлоў, як рэдактар, скажаце на гэта?
І пісьменьнік, зазірнуўшы ў рапарт, адказаў:
— «На ...» трэба пісаць асобна.
Трэба думаць, пачуцьцё гумару (ці нешта накшталт да таго) ў генерала ўсё ж было, бо скандальная гісторыя ня мела ніякага працягу.

30 секундаў дзеля аўтографаў
Аднойчы на сустрэчу Васіля Сёмухі і Уладзіміра Арлова з брэсцкімі чытачамі завітаў (зразумела, абсалютна выпадкова) і намесьнік мэра Берасьця, які ўсяляк замінаў адказваць на пытаньні, а напрыканцы запатрабаваў (верагодна, надзвычайна цэнячы пісьменьніцкі час), каб, раздаючы аўтографы, госьці ніякіх пажаданьняў не пісалі, а толькі расьпісваліся. «Даю вам трыццаць секундаў!» – адрэзаў чыноўнік. Аднак паколькі госьці адносіліся да свайго каштоўнага часу больш марнатраўна, на наступную сустрэчу прыйшла ўжо нейкая адказная дама, якая, як толькі ў чытачоў узьнікалі пытаньні, ускоквала і рабіла аб’яву:
— Нашыя госьці галодныя! Іх чакае абед!
— На абед Вы таксама пакінеце нам трыццаць секундаў? – пацікавіліся «галодныя» госьці, але толькі пасьля таго, як адказалі на ўсе пытаньні залы.

Алібі
Падчас прэзентацыі кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» да Уладзіміра Арлова падышоў чытач, які папрасіў падпісаць кнігу для яго жонкі. Гэта, маўляў, будзе адначасова і алібі, што ён быў ня дзе-небудзь, а на сустрэчы з Арловым, і да таго ж кніга стане падарункам жонцы. І Арлоў, падпісваючы кнігу, пажадаў невядомай яму жанчыне сярод іншага і незалежнасьці (разумеючы, безумоўна, незалежнасьць Беларусі). Аднак гэта абсалютна не задаволіла чытача – увесь час ён хадзіў кругамі, а калі публіка разышлася, выказаў незадаволенасьць гэтай дзьвюхсэнсоўнасьцю: «Мая жонка, — зрабіў ён заяву, — замужняя жанчына. І таму павінна быць залежнай ад мужа!»
Тым ня менш, Арлоў па-ранейшаму зычыць сваім чытачам незалежнасьці. У тым ліку і замужнім жанчынам.

Як Арлова ўзялі «с поличным»
На 50-годдзе Уладзіміру Арлову былыя калегі з выдавецтва «Мастацкая літаратура» падаравалі 50-даляравую «банкноту» павялічанага памеру, з якой замест прэзідэнта ЗША на сьвет радасна пазіраў сам юбіляр. Тут жа значыліся дата нараджэньня літаратара і стаяў яго ўласнаручны подпіс – замест подпісу дырэктара Нацыянальнага банку ЗША.
Сястра Арлова, пабачыўшы «банкноту», папрасіла зрабіць копію і для яе. Праходзячы каля аднаго з пунктаў ксеракапіраваньня ў раёне чыгуначнага вакзалу, Уладзімір раптам успомніў просьбу любімай сястры і папрасіў юную і сімпатычную супрацоўніцу зрабіць тры копіі. Аднак, сказаўшы: «Хвіліначку пачакайце», тая некуды зьнікла. Калі ж вярнулася, была не адна, а разам з міліцыянтамі, якія запрасілі пісьменьніка ў службовае памяшканьне.
«Сядайце, — прапанавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў затрыманаму, ня гледзячы на бурныя пратэсты апошняга. – У нас шмат часу. Давайце пагутарым, што гэта такое і хто даў Вам гэтую купюру?..» Напэўна, ахоўнікам парадку не было чаго рабіць, і яны вырашылі ідэнтыфікаваць Арлова з чалавекам, які паглядаў з 50-даляравай «купюры». Таму пісьменьніку давялося паказаць пашпарт – дзеля параўнаньня з фотаздымкам…
Аднак «беседа» яўна зацягнулася, пра што Арлоў неаднойчы і намякаў. (Да слова, падчас размовы ён спрабаваў пераканаць, што за сваю 50-даляравую «банкноту» ня зможа нічога набыць нават у Шклоўскім раёне, што маладых міліцыянтаў чамусьці вельмі весяліла.) Пакуль не зьявіўся афіцэр, які ня толькі загадаў дараваць затрыманаму волю, але сказаў пільнай супрацоўніцы пункту ксеракапіраваньня, што яна абсалютна законна мае права зрабіць столькі копіяў гэтай «банкноты», колькі яе гаспадар пажадае.

…у кожны інтэлігенты дом
Кінарэжысёр Уладзімір Аляксандравіч Арлоў пасьля выхаду сваіх дзьвюх кніжак палюбіў пакідаць такі дароўны надпіс (маючы на ўвазе пісьменьніка Уладзіміра Аляксеевіча Арлова): «Кнігі Уладзіміраў Арловых – у кожны інтэ­лігентны дом!»

Здрадлівае шчасьце
Уладзімір Някляеў прыгадваў:
— Атрымаўшы прэмію Ленінскага камсамолу, паехаў я ў Італію. Спыніўшыся ў гатэлі, жыў разам з адной расцудоўнай дзяўчынай-італьянкай, якая была ці дачкой, ці пляменьніцай гаспадара фабрыкі венецыянскага шкла. І вось аднойчы прачынаюся нараніцы, выходжу на балкон, від проста чароўны – сонца ўзыходзіць! Стаю і думаю: «Вось яно, шчасьце!» Калі ж вяртаюся ў пакой, дзяўчына мая раптам гаворыць, што ад мяне пахне… дзярмом. Толькі тады я зразумеў, што, калі быў на балконе, няўзнак уступіў у птушыны памёт. І падумаў, што калі наіўна лічыш, быццам дасягнуў абсалютнага шчасьця, у гэты момант заўсёды ёсьць шанец уступіць у дзярмо.

Уся справа ў жонцы
…Прыгадаўшы аднойчы адну вясёлую гісторыю 70-х гадоў мінулага стагоддзя, Уладзімір Някляеў уздыхнуў:
— Толькі друкаваць яе нельга... Адбылася гэта гісторыя на кватэры аднаго чалавека. Не магу назваць яго прозьвішча, паколькі гэты чалавек, дзякуй Богу, яшчэ жывы. Але самае істотнае – і гэта ўжо вялікая праблема – дасюль жывая яго жонка…